30.03.2026

Вуліцы (не) ў гонар чалавека

 У рамках мінскай урбаністыкі вырашыў зрабіць пост пра некалькі вуліц ды іншых элементаў дарожнай сеткі, якія названы не ў гонар чалавека, хоць і здаецца наадварот.

Казіміраўская і Лідская вуліцы (а таксама крыху парка Уга Чавеса)

Невялікая па працягласці Казіміраўская вуліца ў мінскім жылым раёне Каменная Горка названа не ў гонар нейкага Казіміра, а ў памяць вёскі Казіміраўка, якую паглянула беларуская сталіца. Зразумела, што сама вёска відавочна названа ў імя чалавека :)

Як бачым на першым фота, забудова вуліцы сучасная, шматпавярховая і пачынаецца крыху далей ад яе скрыжавання з вуліцамі Матусевіча і Кунцаўшчына.

Сярод адметнасцяў Казіміраўскай можна назваць гімназію №43 (пазначаную на картах Яндэкс як СШ № 2 г. Мінска)...

... і мясцовы шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр.

За кадрамі засталіся спартыўны цэнтр "Мандарын", што знаходзіцца за гэтым цэнтрам па другі бок ад Нёманскай вуліцы і паркінг ля скрыжавання Казіміраўскай і Каменагорскай вуліц.


Парк Уга Часвеса крыху не ў тэму паста, але ён аддзяляе Казіміраўскую ад Лідскай (на даляглядзе) і 
Цікавы элемент парку -- Алея герояў, дзе на стэндах тлумачацца ў гонар якіх герояў Вялікай Айчыннай вайны названы пэўныя вуліцы і праспекты Фрунзенскага раёна горада.

Цяпер крыху накідаў Лідскай вуліцы. Мяркую, што ўсе мае чытачы разумеюць, што вуліца названа ў гонар г. Ліда на захадзе Беларусі. А сам горад Ліда названы ў гонар нейкай дзяўчыны? Найбольш верагодна, што не. Самая папулярная версія: старажытны горад мае балцкую назву ад слоў laidas (склізкі, гладкі) або lydas (поле на месцы высечанага лесу). Ёсць версія пра паходжанне ад гоцкага слова lied (песня). Урэшце, некаторыя даследчыкі выступаюць за версію з жаночым імём, напрыклад, хрысціянскім імём адной з дачок князя Гедыміна.

Вышынкі жылой забудовы Лідскай вуліцы. Цікавае аздабленне дахаў.

У дамах-слупках таксама цікавае размяшчэнне балконаў: справа ад фасада, пачынаючы ад 7 ці 8 паверха ўгару.
Магазін "Марцін" адносіцца да вуліцы Калеснікава, ад скрыжавання з якой пачынаецца Лідская, а белы слупок з цёмнымі палоскамі -- гэта першы дом Лідскай вуліцы: дом № 2.

Паколькі я не праводзіў на Лідскай плённай урбаністычнай фотасэсіі, то за кадрам засталася як мінімум адна мясцовая славутасць: праваслаўны храм Мікалая Японскага. Дарэчы, сам гэты храм у вочы не кідаецца як элемент царкоўнай архітэктуры, і выглядае хутчэй як невялікі рэстаранчык з двускатным дахам.

Здымкі А. Берастоўскага 10-11.02.2026

Каралінскія тапонімы

Каралінская вуліца і Каралінскі праезд у Маскоўскім раёне Мінска названы ў гонар фальварка Каралін (другая назва фальварка і вёскі -- Брылевічы -- замацавалася з жылым раёнам і могілкамі). У сваю чаргу зніклы фальварак быў названы жаночым імём.


Крыху сучаснай жылой тыпавой урбаністыкі на цотным баку Каралінскай вуліцы. На даляглядзе будуецца яшчэ адзін дом-слупок.

На няцотным баку можна заўважыць храмавы комплекс: царква Кірыла і Марыі Раданежскіх і царква Сергія Раданежскага.

А за скрыжаваннем гэтай вуліцы і безыменным праездам можна пабачыць дзелавую і бытавую інфраструктуру няцотнага боку Каралінскай, дзе знаходзяцца СШ № 9, паліклініка № 39 і нават KFC.

Каралінскі праезд даў крыху больш фотаздымкаў, але ўсе будынкі, што ідуць уздоўж самога праезду, адносяцца да суседніх вуліц.

Дом правасуддзя (вул. Сямашкі 33). Месца, дзе знаходзяцца суды трох сталічных раёнаў: Кастрычніцкага, Ленінскага і Партызанскага. Парадокс у тым, што сам будынак знаходзіцца ў Маскоўскім раёне горада.

Гэты інтэрнат адносіцца да маладой Студэнцкай вёскі і вуліцы Сямашкі.

Так сціпла ў пачатку вясны выглядае Студэнцкі парк, які аддзяляе Каралінскі праезд ад аднайменнай вуліцы. За голымі дрэвамі можна разглядзець раку Лошыцу.

У бок скрыжавання Каралінскага праезду з вуліцай Чурлёніса.

За гэтым уездам на паркінг хаваюцца дамы 1 і 5, якія адносяцца да Каралінскага праезду адрасам і звязаны з падрыхтоўкай юных фігурыстаў. Вежападобныя архітэктурныя формы адносяцца да інтэрнатаў Студэнцкай вёскі з адрасамі па вул. Чурлёніса і пр. Дзяржынскага.

Від у бок скрыжавання праезду з вул. Сямашкі. На левым баку інтэрнат медуніверсітэта. А прама па курсу -- вясна наступае ператварае снег у вясёлыя ручайкі.

Здымкі А. Берастоўскага 05.03.2026

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць