Показаны сообщения с ярлыком Удакладненні. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Удакладненні. Показать все сообщения

31.08.2026

Блогеры супраць пратэсту

 31 жніўня лічыцца днём блога, бо лічбы 3108 нагадваюць слова blog. Я даўно планаваў напісаць пра блогераў, якія ў 2020 г. праявілі сябе як апаненты пратэсту, і доўга вывучаў гэту тэму, але акрамя апрацоўкі вялікай колькасці матэрыялаў праблема і ў неабходнасці адэкватнага апісання тэмы. Таму пост можна разглядаць як анонс разгорнутага паведамлення.

Пакуль толькі адзначу, што іх некарэктна называць прарасійскімі (бо гэта толькі частка групы, хоць і значная) праўладнымі (бо часам крытыкуюць уладу) і чырвона-зялёнымі (бо гэты тэрмін адносіцца таксама да блогераў з фанатаў ФК "Лакаматыў" і левых экаактывістаў). Назва "апаненты пратэсту" лепш аб'ядноўвае рух, які падняўся ў 2021 і распаўся цягам наступнага года.

27.07.2026

Радыё Беларусі новае і вельмі старое

 У 2015 г. я накідаў свае крыху сумбурныя ўспаміны пра правадное і бесправадное радыё, якія вырашыў праз 10 год дашліфаваць. Праз пэўны час мне стала зразумела, што дадатковыя матэрыялы патрабуюць новы асобны пост, які аб'яднае зусім новыя тэндэнцыі і даўно забытае мінулае.

Радыё мабільных прыкладанняў

Большасць сучасных беларускіх радыёстанцый актыўна працуе з мабільнымі прыкладаннямі, але я вылучыў некалькі такіх "нішавых", якія практычна ці поўнасцю прывязаны да прыкладанняў для смартфона. Іх не заўсёды магчыма паслухаць на FM-хвалях, але няцяжка знайсці ў інтэрнэце.

3 варыянты лагатыпу "Міжнароднага радыё Беларусь", даступныя ў інтэрнэце

Міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае праз 2 мабільныя прыкладанне і анлайн (radiobelarus.by). Прычым анлайн дае 3 варыянты: 1) для Літвы і Латвіі; 2) для Польшчы і 3) спадарожнікавае вяшчанне на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай мовах. 

1) Адно з двух асноўных прыкладанняў пазначана на рускай мове як "інфармацыйна-аналітычны канал" і накіравана (з 2026 г.) у асноўным на рускамоўную аўдыторыю Літвы і Латвіі. Значная частка эфіру — разважанні эмігрантаў з Літвы і Латвіі, якія пражываюць у Беларусі па прычыне крымінальнага пераследу на Радзіме, а таксама беларускіх журналістаў і запрошаных у студыю палітолагаў на тэму пэўных праблем у Літве і Латвіі. Гэтыя разважанні практычна поўнасцю паўтараюць тэзісы расійскіх праўладных медыя: крытыка падтрымкі украінскіх "нацыстаў" балтыйскімі "нацыстамі", СССР карміла Прыбалтыку і пры Сталіне было лепш, чым цяпер, Беларусь і Расія развіваюцца, а Еўропа ў крызісе, ЗША — сапраўдны гаспадар Прыбалтыкі. Пры ўсёй спрэчнасці і аднабаковасці такой журналістыкі думкак, у яе ёсць адзін бяспрэчны плюс: такія перадачы часам дапамагаюць падсвяціць рэальныя праблемы краін Балтыі, ад канфліктаў мясцовых адміністрацый з грамадзянамі да не самых паспяховых палітычных рашэнняў.

Прынцыповым адрозненнем эфіру радыё "Беларусь" для Балтыйскага рёгіёну ад расійскіх медыя "рускага свету" можна заўважыць элементы абароны нацыянальнага і культурнага сувярэнітэту. Адна з беларускіх вядучых падкрэсліла: "беларусы і рускія не адзін народ, а брацкія народы", латышскія эмігранты гаворылі пра ідэю незалежнасці сваіх краін ад палітыкі ЕС. У эфір выходзяць пазітыўныя праграмы пра дзейнасць беларускіх каталікоў, што нехарактэрна, напрыклад, для беларускіх прыхільнікаў "рускага свету".

Мова эфіру у гэтым прыкладанні — руская, калі не браць да ўвагі асобных песень на беларускай. У эфіры 17.09.2026 мне сустракаўся адзіны выпадак выкарыстання беларускай мовы, але удзельнік ток-шоў, які гаворыў на ёй каля хвіліны, выкарыстоўваў яе з пагардай у дачыненні да тых, каго ён назваў змагарамі, пры гэтым скончыўшы на рускай: "а у нас (у Беларусі — А. Б.) нормальный белорусский язык".

Другі значны сегмент кантэнту для літоўцаў і латышоў: папулярызацыя беларускай культуры, агляд магчымых перавагаў сацыяльна-эканамічнай мадэлі, формы палітычнага ладу, тэрытарыяльнага падзелу. Верагодна, такім чынам ідзе заахвочванне турызму ў Беларусь. Таксама выходзяць навіны з Беларусі, якія не адрозніваюцца ад навінаў для ўнутранай аўдыторыі (напрыклад, значны акцэнт на штодзённую дзейнасць топ-чыноўнікаў, на бітву за ураджай і г.д).

Далей можна вылучыць тэму штодзённых лайфхакаў для жыхароў Літвы і Латвіі і забаўляльнага кантэнту: пераважна балтыйскай эстрады мінулых гадоў. Музыка можа быць і з беларускай эстрады. Ёсць і рэклама для беларускай аўдыторыі, у тым ліку сацыяльная.

2) Яшчэ адно прыкладанне з назвай і кантэнтам на польскай мове і тлумачэннем на рускай "свабоднае слова для Польшчы". Пераважна там выступаюць беларускія вядучыя з добра пастаўленай польскай мовай (я толькі раз заўважыў памылку ў словах прамоўцы), часам польскія дзеячы, якія пражываюць у Беларусі і знаходзяцца ў апазіцыі да польскай улады. Частка эфіру ідзе на карысць папулярызацыі кніг беларускіх аўтараў, гісторыі беларускай культуры, раскруткі песень беларускіх выканаўцаў. Сярод іншага гэта ўключае чытанне твораў спачатку на беларускай, потым на польскай мовах. Ёсць міні-урокі польскай мовы. Таксама доля беларускамоўнай эстрады тут адчувальна больш, чым на дзясятках рускамоўных станцый для карыстальнікаў у РБ.  

З другога боку, нямала эфірнага часу выдзелена пад ток-шоў, дзе крытыкуецца Еўрасаюз, дзеянні польскіх палітыкаў, узгадваюцца злачынствы украінскіх нацыяналістаў супраць палякаў падчас Другой сустветнай вайны. Пры гэтым пра Расію і Беларусь гаворыцца толькі пазітыўна, але даволі асцярожна, з пазбяганнем спрэчных момантаў, што гучыць кантрастам з рускамоўным кантэнтам для Літвы і Латвіі, апісаным вышэй.

Польскае вяшчанне даступна не толькі ў мабільным прыкладанні і на сайце радыёстанцыі. Яго можна лавіць і на FM-хвалях у некаторых гарадах заходніх рэгіёнаў Беларусі.

Многае з эфіру міжнароднага радыё "Беларусь" паўтараецца, бо каманда супрацоўнікаў і колькасць запрошаных спецыялістаў абмежаваны бюджэтам, таму адзін і той жа матэрыял можна пачуць і ўдзень, і ўвечар, а адказы гасцёў пэўных праграм можна пачуць як выказванне эспертнай ацэнкі ў іншых праграмах, прычым галасы іншых удзельнікаў прыглушаюцца тэхнічна, і здаецца, што эксперт выказваецца спецыяльна для гэтай іншай праграмы.

3) Эфір спадарожнікавага вяшчання, таксама даступны анлайн на сайце станцыі, дзеліцца на пэўныя прамежкі часу, прысвечаныя вяшчанню на адпаведнай мове. Вяшчанне на рускай мове дублюе інфармацыю з рускамоўнага прыкладання для Прыбалтыкі. Вяшчанне на беларускай часцей зводзіцца да навінаў і культурна-асветніцкіх перадач. На замежных мовах ідзе пераклад навінаў і шэраг культурна-асветніцкіх перадач для заахвочвання турызму. Пераклад на мовы свету, як я магу судзіць па англійскай і французскай версіях, даволі якасны, але інфармацыя перадаецца слова ў слова па тэксту, іншымі словамі, вядучыя проста выразна чытаюць тэкст. Гэтым іншамоўны эфір адрозніваецца ад вяшчання на польскай, дзе жывыя людзі хоць неяк імправізуюць і памыляюцца. І колькасць эфіру не роўная для усіх моў: больш за ўсё англійскай, потым ідзе нямецкая, а іспанская, французская, кітайская і арабская гучаць усяго па 20 хвілін.

Лагатып радыё "Перамога", даступны тут.

У 2023 г. было запушчана анлайн радыё "Перамога" (radiopobeda.by) (у 2025 г. яму дадалі частату ў FM-дыяпазоне 96.2,  летам 2026 г. станцыя не працавала на гэтай хвалі некаторы час, увосень зноў там лавілася). Гэта далёка не першы праект прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне (ВАВ). Акрамя песень часоў ВАВ або прысвечаных тэме гэтай вайны, там круцяць: 1) інтэрв'ю з ветэранамі, вершы пра вайну, апісанне гісторыі некаторых песень пра ВАВ і архіўныя навіны з франтоў мая 1945 г., што безумоўна файна ў плане гістарычнай адукацыі; 2) песні савецкіх часоў; 3) сучасныя беларускія песні. Таму гэта радыё не толькі пра падзеі ваеннага ліхалецця. У значнай ступені штодзённы эфір "Перамогі" запаўняе паўтарэнне адных і тых жа запісаных матэрыялаў. Песні на беларускай мове сустракаюцца, але рэдка. У 2026 г. стаў заўважаць у эфіры камерцыйную і сацыяльную рэкламу. Часам гучаць віншаванні з бягучым дзяржаўным святам, напрыклад, днём народнага адзінства. Таксама час ад часу гучаць выказванні А.Р. Лукашэнкі на тэму ВАВ, што можа быць звязана як з даччынай прыналежнасцю гэтай станцыі і "Жаночага радыё" (пра яго далей) "Альфа-радыё", так і "духам часу".

Таксама радыё "Перамога" унікальна тым, што яно ціха вяшчала на працягу некалькіх месяцаў 2025 г. з адмысловай дызайнерскай скрыні на першым паверху ГЦ "1-ы Нацыянальны" і некаторых іншых бізнес-цэнтраў. Іншых выпадкаў з дызайнерскімі скрынямі, дзе прыёмнік перадае пэўную хвалю ў рэкламных мэтах, я пакуль не сустракаў. У 2026 г. гэтыя "боксы" ўжо не ставілі.

"Бокс" з трансляцыяй радыё "Перамога" ў ГЦ "1-ы Нацыянальны" летам 2025 г.


Афіцыйны лагатып Жаночага радыё, даступны ў інтэрнэце.

У 2026 г. было створана яшчэ адно нішавае радыё: Жаночае радыё (ladyfm.by). Паўнавартасны запуск станцыі адбыўся 8:00 8 сакавіка 2026 г. у якасці прывязкі да Міжнароднага жаночага дню і Года беларускай жанчыны, але ўжо 3-7 сакавіка ў эфір сайта давалі папулярную музыку. І пасля запуску эфір пераважна складаецца з папулярнай музыкі, часам паміж песнямі гучаць цытаты А.Р. Лукашэнкі пра жанчын у якасці рубрыкі "З першых вуснаў" і іншыя матывацыйныя выказванні. У маштабе 10-мінутных інтэрвалаў з перапынкам на музыку гучаць цягам ад паўгадзіны да 2-х гадзін іншыя размоўныя рубрыкі на жаночыя тэмы ("Без абцасаў", "Паэзія ў лічбе" "Двое на ПП"), многія з якіх запісваюцца загадзя.

Запіс праграм загадзя стварыў забаўную сітуацыю: у сумесным з "Альфа-радыё" ток-шоу "Сапраўднае жыццё", якое было ў эфіры "Жаночага радыё" 8 мая 2026 г. 11:00-11:30, то бок на пярэдадне Дня Перамогі, вядучыя абмяркоўвалі надыходзячае свята 1 мая. Пры гэтым 9 мая 2026 г. нічога пра Дзень Перамогі на "Жаночым радыё" не нагадвала, акрамя абавязковай на ўсіх тэле- і радыёстанцыях хвіліны маўчання ў 12:00. 

З часу ўзнікнення гэтай радыёстанцыі я пакуль не не чуў там: 1) рэкламу, 2) віншаванняў з бягучымі падзеямі, 3) выпускаў навін і прагнозаў надвор'я, 4) песен і перадач на беларускай мове. І напэўна, з усіх пералічаных варыянтаў гэта самае вясёлае радыё.

Зусім старое радыё

У гэтым годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы давялося крыху папрацаваць з брашурай праграмы перадач Беларускага радыё за люты 1934 г. Публікую фотаграфіі адтуль і пракаментую найбольш цікавыя для гісторыі моманты.

У каталозе "Нацыяналкі" брашура пазначана наступным чынам:
Увага! Гаворыць Мінск — Мінск: Усебеларускі радыёкамітэт пры СНК БССР, 1934 — 75 с. 
УДК: 654.191.(476-25)

Расклад лекцый для камуністычных функцыянераў праз радыёперадачы, пры гэтым Сталін на с.5 ужо узгадваецца як правадыр, хоць яшчэ не мае абсалютнай улады у СССР.

Праграма святкавання 23 лютага. Дарэчы, тут 2 цікавыя факты ў радку пра 10 лютага: 1) Мінск  называўся Менскам да 29 ліпеня 1939 г.; 2) нейкія арганізацыі рабочых мелі шэфства над пэўнымі часткамі Чырвонай арміі.

Правапіс 1930-х гг. суправаджаўся нехарактэрным для беларускай мовы "оканнем" у словах "метэОрОлОгічны" "бОльшэвік" "сОвецкі". Як бачым з анонсаў, асноўны эфір ішоў на беларускай мове, асобныя перадачы выходзілі на іншых мовах, напрыклад, на яўрэйскай (відавочна, ідыш) і рускай, што бачна на с.11.

Таксама гучала латышская мова (с.16), польская мова (с.17) і нават эсперанта (с.17). А праграма завяршалася не толькі "Інтэрнацыяналам" і боем маскоўскіх курантаў, але і анонсам перадач на наступны дзень.

Для дзяцей зрабілі рэмейк вядомага рамана Ганчарова "Абломаў" пад назвай "Ільюша Абломаў" (1-ы радок с.30). Выхад партыйнай радыёнарады вырашылі вылучыць чорным (с.31), як і пасляабедзенны канцэрт (с.30).

Цікава, што на с. 37 у адзін і той жа час па эфіру даецца музыка, а па вузлу радыёсувязі -- перадача для прыцоўных Мінскага раёна.

На с.37-38 узгадваецца практыка развучвання чырвонармейскіх песен і кансультацыі самадзейным гурткам да надыходзячага свята 23 лютага. На с 38 таксама узгадваецца перадача на літоўскай мове.

На с. 41 узгадваецца радыёфільм "Мядзвежы роў".

Згодна с. 46 вячэрні канцэрт 14 лютага перарываўся на перадачу пра цукеркі і мяса...

С. 52 завочную партвучобу не вылучаюць чорным у параўнанні з вячэрнім канцэртам.

С. 58 частка рэпертуару  чамусьці даецца рускай мовай, хоць да гэтага і пра рускамоўныя перадачы пісалі менавіта беларускай.

С. 70 Хлопчык Боб у дзіцячай перадачы відавочна б раззлаваў сённяшніх ура-патрыётаў, якія сцвярджаюць, што хацелі б вярнуць усё як у СССР. Праўда невядома ці гэта Боб ад назвы расліны, ці скарачэнне ад Роберт (што ў тагачасным духу інтэрнацыяналізма было нармальна), ці проста мянушка, але дакладна не Губка Боб, мультперсанаж, які з'явіўся ў 1999 г.

Рэклама на апошнім развароце.

І зваротная сувязь, а таксама цана брашуры, заклееная супрацоўнікамі Нацыяналкі.

Увогуле згодна гэтай брашуры гэта быў час, калі на радыё было менш музыкі, чым зараз, куды больш беларускай мовы пры арганізацыі перадач на яўрэйскай (ідыш), польскай, латышскай, літоўскай, рускай і эперанта. Ужо тады спрабавалі раздзяляць перадачы на розныя варыянты вяшчання (эфір і вузел). Ну, і да эпохі тэлебачання заставаліся 2 гады (у свеце) і больш за 20 (у Беларусі).

Калі не пазначана інакш, фотаздымкі зрабіў А. Берастоўскі

05.06.2026

Равучыя 2020я (2021-2026)

 

У гісторыі ХХ ст перыяд 20-х гадоў увайшоў у англамоўную гісторыяграфію як "равучыя дваццатыя" (the Roaring Twenties). У некаторым сэнсе першая палова 2020-х гг. стала "равучай" для Беларусі.

Паўваеннае становішча

"Описывай не мудрствуя лукаво. Всё то, чему свидетель в жизни будешь: Войну и мир, управу государей, Угодников святые чудеса, Пророчества и знаменья небесны..."

А. Пушкин. Борис Годунов

2021 г. пачаўся затухаючым працягам паслявыбарчых пратэстаў, адначасова з усплёскам варыянтаў кавіда, эканамаічнымі санкцыямі, якія спараджалі часовы дэфіцыт самых розных прадметаў гандлю, эміграцыяй соцен тысяч грамадзян, сярод якіх было шмат багатых прадпрымальнікаў і рэдкіх спецыялістаў, спробамі мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі прарывацца на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі праз беларускую мяжу і арыштам удзельнікаў акцый пратэсту 2020 г. У 2022 г. сітуацыя пагоршылася узброенным процістаяннем Расіі з Украінай, у тым ліку з уводам войск РФ з тэрыторыі Беларусі. З 2023 г. сітуацыя паступова стала змягчацца: была вызвалена частка людзей прызнаных за мяжой палітзняволенымі

Даволі цяжка пісаць аб падобнай сітуацыі нейтральнай мовай, быццам апісваючы шахматную партыю. Але найбольш нейтральным і аб'ектыўным азначэннем яе было б неаб'яўленае паўваеннае становішча. Магчыма гісторыкі будучага часу са мной пагадзяцца.

У 2021 г. былі забаронены і прызнаны экстрэмісцкімі большасць недзяржаўных СМІ, сярод якіх самы буйны інфармацыйны партал TUT.BY, дзейнасць якога была спынена 25 мая 2021 г., а сам партал і яго прадукцыя прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў 2022 г. Пры гэтым да 2026 г. дзейнічаў сервіс электроннай пошты з гэтай назвай на воблачным сэрверы. Іншыя выданні, забароненыя і прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі, працягнулі дзейнасць за мяжой, напрыклад: «Наша Ніва», «Рэгіянальная газета», «Новы час», «Першы рэгіён» «CityDog». Аднак працягнуў дзейнасць партал Onliner.by, які перастаў асвятляць палітычныя падзеі, а таксама з 2022 г. пачаў дзейнічаць яшчэ адзін буйны незалежны партал tochka.by, які дазваляе сабе стрыманую крытыку асобных палітычных пытанняў і асвятленне іх нейтральна.

За 2020-26 г. па некаторых звестак не менш за 8500 грамадзян РБ былі асуджаны па крымінальных артыкулах па абвінавачванні ў экстрэмізме, таксама каля 20 тыс выпадкаў абвінавачванняў у распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў ці падпіску на іх. Пры гэтым па стане на 2026 г. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў РБ налічваў 9000 аб'ектаў. 9 чалавек з асуджаных за экстрэмізм памерлі ў месцах зняволення у 2021-25 гг. Ячшэ 3 чалавекі з гэтай катэгорыі скончылі жыццё самагубствам. Каля 167 чалавек былі памілаваны ў 2024-26 гг. у рамках перамоў з ЗША, многія з іх былі высланы за мяжу. Таксама былі вызвалены некалькіх украінцаў, затрыманых па абвінавачанню ў тэрырыстычнай дзейнасці супраць РБ і РФ. Яшчэ некаторая частка грамадзян Беларусі з гэтай групы асуджаных былі памілаваны ў розны час і працягваюць жыць у краіне на свабодзе.

У 2023 г. не прайшлі перарэгістрацыю 12 палітычных партый: партыя БНФ (Беларускі народны фронт), кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ (КХП-БНФ), аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП). (БСДГ), Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская аграрная партыя. 

У 2025 г. перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый скончылася адмовай у рэгістрацыі 3 грэка-каталіцкіх парафій Брэсцкай вобласці і пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» ў Мінску. 

26 верасня 2022 г. быў зачынены Чырвоны касцёл ў Мінску. Афіцыйна прычына зачынення звязана з рэканструкцыяй пасля пажару. Аднак сама рэканструкцыя пачалася толькі ў 2025 г.

Пры гэтым прагнозы аб масавай забароне неапратэстанцкіх цэркваў у сувязі з перарэгістрацыяй не апраўдаліся. 16-17 мая 2026 г. з нагоды наведвання вядомым пратэстанцкім прапаведнікам Фрэнклінам Грэмам Беларусі на мінскай «Чыжоўка-Арэне» быў дазволены «Фестываль надзеі», які наведалі каля 10 тысяч неапратэстантаў, пераважна баптыстаў і пяцідзясятнікаў. Пры гэтым беларускія дзяржаўныя СМІ шырока асвятлялі перамовы Грэма, як сябра прэзідэнта ЗША Д. Трампа з А. Лукашэнкай, але пастараліся максімальна "ігнорыць" сам фестываль, як "шэраг мерапрыемстваў".

Паўваеннае становішча таксама выразілася ў забароне мець і карыстацца дронамі фізічным асобам з верасня 2023 г. і зняцці з рэгістрацыі больш за 2000 разнапланавых грамадскіх арганізацый з 2020 г. ад структур, звязаных з папулярызацыяй беларускай мовы («Мова Нанова», «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны») да шэрагу экалагічных ініцыятыў і нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Частка гэтых арганізацый прызнана экстрэмісцкімі.

Пры гэтым з сацыяльных сетак забаранілі толькі LiveJournal (лістапад 2023 г.).

Процістаянне з суседнімі Польшчай, Літвой і Латвіяй  па шэрагу пытанняў, сярод якіх хвалі мігрантаў у ЕС з 2021 г. палітычныя рознагалоссі, блакіроўкі мяжы з боку ЕС для людзей і тавараў з РБ, спарадзіла хвалю нянавісці для палякаў і прыбалтаў, што прывяло не толькі да пэўных дзеянняў з боку прадстаўнікоў улады, але і да ініцыятыў ад беларускіх прыхільнікаў "рускага свету", напрыклад, знішчэння лацінкі ў тапаніміцы, спробы змагацца з тымі, хто святкуе Хэлоўін і Дзень святога Валянціна (гэтыя святы забаронена адзначаць у дзяржструктурах і сістэме адукацыі, але дазволена ў прыватных дамах ці на закрытых вечарынках).

У ТГ-канале прыхільніцы "рускага свету" Вольгі Бондаравай апублікавана адабрэнне інфармацыі аб магчымым знішчэнні польскага пахавання пад Гроднам у 2022 г. Паведамленні пра знішчэнні польскіх некропаляў на тэрыторыі Беларусі былі яшчэ, але я не правяраў іх. Але дакладна ведаю пра згортванне многіх праграм і курсаў вывучэння польскай мовы.

У эканоміцы "стан аблогі" праявіўся ва ўсплёсках часовага дэфіцыту і спробах рэгулявання цэн і відаў дзейнасці.

У першай палове 2022 г. у сувязі з санкцыямі ўзніклі праблемы з набыццём белай паперы для прынтараў

Нават з'явіліся прыватныя аб'явы "куплю паперу"...

Некаторы час у 2022 г. былі праблемы з фарбамі для упаковак TetraPak і паліцы ў крамах "пабялелі".

У кастрычніку 2022 г. у продажу ў Мінску пачалі знікаць курыныя яйкі па прычыне вывазу ў Расію, але гэта не цягнулася доўга.



Таксама ў канцы 2022 г. у сувязі з праблемай з пастаўкамі сыравіны Беларусь пакінуў «МакДональдс», і ў 2023 г. яго замяніў брэнд «Мак бай».

У 2024-26 гг. былі унесены заканадаўчыя змены, звязаныя з рэарганізацыяй малога бізнесу. Многім індывідуальным прадпрымальнікам стала немагчыма працаваць далей у такім статусе, і стаў выбар паміж рэарганізацыяй свайго бізнесу у форму кампаніі і закрыццём бізнесу. Да гэтага трэба дадаць, што распаўсюджанне сетак магазінаў, інтэрнэт-крам з дастаўкай і анлайн маркетплейсаў «Азон» і «Вайлдберыз» таксама скарацілі колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Нарэшце, рэгуляванне цэн на пэўныя тавары і паслугі стала спробай стрымаць інфляцыю, але гэта, ў сваю чаргу спарадзіла рост цэн на іншыя тавары. Напрыклад, на ўсіх АЗС паліва прадаецца прыкладна па адной цане, але іншыя тавары могуць каштаваць значна больш, чым у спецыялізаваных магазінах.

Памажы сабе сам

У 2020-х эканоміка Беларусі адзначылася яшчэ адной тэндэнцыяй: усё больш ролі сталі адыгрываць высокія тэхналогіі, якія сталі замяняць сабой людзей.

Касы самаабслугоўвання ў многіх магазінах...

... і іншыя падобныя тэрміналы, якія прадаюць і каву, і яшчэ шмат чаго.

У нейкай ступені актыўны прыход Яндэкса на беларускі рынак таксама ўнёс свае карэктывы ў эканамічныя рэаліі, перш за ўсё ў форме службы дастаўкі і таксі.

Год імя...

У 2021 г. другое жыццё атрымала традыцыя прысвячаць год нейкай падзеі, праблеме ці групе людзей.

2021 - год народнага адзінства (у гэтым жа годзе было ўведзена амаль новае аднайменнае свята).

2022 - год гістарычнай памяці 


2023 - год міру і стварэння (малюнак знойдены у інтэрнэце). Цікава, што планавалі аб'явіць яго годам рускай мовы, на што беларускія апазіцыянеры за мяжой аб'явілі яго годам беларускай мовы. Аднак год рускай мовы "змясцілі" на узровень краін СНД, а ў Беларусі замест паднялі больш нейтральную тэму, пасля чаго спрэчкі вакол тэмы моў з прывязкай да году амаль ніхто не вёў.


2024 - год якасці, у які быў распрацаваны адмысловы беларускі знак якасці (крыніца ілюстрацыі: stravita.by).

2025 - год добраўпарадкавання (5-годкі якасці) (ілюстрацыя з rasna.kamenec.edu.by). У гэты год у многіх гарадах вяліся няспынныя рамонтныя работы як тут на мінскай вул. Русіянава:

Але пры ўсёй нязручнасці перамяшкання па перакапаных гарадах у гэтых работах было і добрае: у 2021 г. у самых розных гарадах Беларусі разбураліся масты і ламаліся сістэмы водазабеспячэння, таму, напрыклад, рамонт маста паміж пл. Незалежнасці і вул. Маскоўскай, які зімой 2025 стварыў транспартны калапс у цэнтры Мінска, быў меншым злом у параўнанні з падзеннем маста праз Нямігу раней.

2026 - год беларускай жанчыны. Пад гэту справу запусцілі Жаночае радыё, якое пачалаося трансляцыяй папулярнай музыкі анлайн і паступова набывае рысы класічнага радыё.

Акрамя гэтага некаторыя гады былі прысвечаны пэўным гістарычным юбілеям: 2024 - год 30-годдзя прэзідэнцтва і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 2025 г. стаў годам 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

КосмасНаш, безбар'ернае асяроддзе і Videobel.by

З безумоўна пазітыўнага можна адначыць наступныя моманты.

23 сакавіка 2024 г. Марына Васілеўская паляцела ў космас у рамках сумеснай расійска-беларускай экспедыцыі. Строга кажучы, яна была не столькі касманаўт, колькі касмічны турыст, але ў Беларусі гэта сталі разглядаць як значны крок у развіцці нацыянальнай касманаўтыкі.

Мой малодшы сын сачыў за яе адлётам у прамым эфіры :)

У 2020-я стала больш безбар'ернага асяроддзя ў розных гарадах Беларусі. Напрыклад, у 2023 г. шмат дзе сталі з'яўляцца надпісы шрыфтам Брайля для людзей з праблемамі зроку, як на перылах у мінскім ЦУМе. 

Таксама ў дваццатыя дзяржаўныя СМІ пачалі актыўней ўлівацца ў бум сацсетак і месенджараў. Акрамя публікацыі спасылак на артыкулы і відэа са сваіх выданняў СМІ сталі і часцей рэагаваць на пэўныя публікацыі ў саміх сацстеках, як у плане абвяржэння нейкай крытычнай інфармацыі, так і перапосту папулярнага кантэнту. Цікавасць да такіх інстументаў прывяла і да спробы стварыць беларускі мультымедыйны партал videobel.by. Яго спрабавалі прэзентаваць як аналаг YouTube, але на цяперашні час ён з'яўляецца проста месцам, дзе захоўваюцца відэа вядучых дзяржаўных тэлеканалаў. Адсутнасць у мяне тэлеканалаў, і магчымасць прагляду стрымаў і запісаў з гэтых тэлеканалаў са смартфона ў руце, робіць гэты сэрвіс для мяне (мяркую і не толькі) карысным.

Дух часу або рознае...

* Гульні СНД і выстава «Біблія ў Беларусі» сталі нейкім "мініацюрным успамінам былой славы" 2010-х гг. Ва ўсялякім разе, так мне падаецца.

* Надвор'е ў 2020-я гады працягвае звяртаць на сябе ўвагу.

* У 2021-25 гг. беларусы шматразова хадзілі на выбарчыя ўчасткі: рэферэндум 2022 г., выбары ў парламент і мясцовыя саветы ў 2024 г. і выбары прэзідэнта ў 2025 г. На фота: збор подпісаў у Мінску за пераабранне Лукашэнкі з лозунгам "Трэба!", які раскручвалі падчас гэтых выбараў.

* Спроба забараніць рэкламу ў паштовых скрынях



Жыхары розных дамоў Мінска забараняюць класці рэкламу ў свае паштовыя скрыні. 2024 г.

* Фотаграфіі з "духам часу": 

Таксі «Яндэкс Go» і ўсплёск патрыятызму (сцягі і лозунгі паўсюль, дзе толькі бачна).

Таксі ад "Вайлдберыз", рамонт дарог дзе толькі магчыма і рэклама казіно на кожным кутку.


* Кантроль малочнай прадукцыі праз кью-ар код

З 2025 г. каб прабіць на касе самаабслугоўвання ў магазіне "малочку" трэба сканаваць менавіта кью-ар код, а не штрых-код. Прычым звязана гэта з кантролем якасці прадуктаў, але не распаўсюджваецца на безлактозныя малочныя тавары.

* Беларуская пятніца

Спробы папулярызацыі беларускіх тавараў, паслуг і нацыянальнай мовы. Што тычыцца апошняга, то неабходнасць у гэтым узмацняецца, бо арганізацыі, якія папулярызавалі мову, сталі забаронены ў палітычным віхуры, мясцовыя беларускамоўныя радыёстанцыі ціха памерлі цягам другой паловы 2010-х, пачатку 2020-х, а таксама шмат носьбітаў беларускай мовы пажылога ўзросту памерлі.

* У 2021-26 гг. у розных гарадах РБ ратоўна здараліся перабоі з вадазабяспячэннем.

Такія машыны з пітной вадой прыязжалі ў месцы, дзе адбываліся такія перабоі. Фота хутчэй ілюстратыўнае, бо не бачыў тут чаргі за вадой. Дарэчы, гэтыя збоі, калі яны прыйшлі ў наш дом, пабудзілі мяне трымаць дома калі 10 літраў бутуляванай вады на такі выпадак, і гэта ўжо апраўдвала сябе :)

* Перыядычна краіны ЕС блакіравалі доступ для экспарту з тэрыторыі Беларусі з нагоды міграцыйнага крызісу, прадастаўлення беларускіх тэрыторыі і рэсурсаў на карысць Расіі ў баявых дзеяннях супраць Украіны, затрымання грамадзян ЕС і праблемы кантрабанды цыгарэт ў Еўропу.

Падобныя паведамленні, як гэта ад "БелТА" 22.05.2024, сталі нярэдкімі.

* У 2026 г. скончылася эпоха таксафонаў

Пераход на станцыі метро Маскоўская напамінае, як на гэтай сцяне яшчэ віселі таксафоны. (май 2026 г.).

* 4 лютага 2026 г. увялі новы графічны знак беларускага рубля. З 2005 г. выкарыстоўвалі абазначэнне Br, але ім амаль не карысталіся, пасля дэнамінацыі 2016 г. увялі абазначэнне BYN, і некаторыя беларусы (пераважна студэнцкая моладзь) сталі называць іх "бунамі", а расіяне, пераехаўшыя ў Беларусь, "бінамі", але гэтыя мянушкі былі рэдкімі. Ці прыжывецца новы знак рубля, пакажа толькі час, але яго пачалі выкарыстоўваць на цэнніках у магазінах.

* Ну, і паколькі мая традыцыя аглядаў дзясяцігадовых адрэзкаў патрабуе крыху сказаць пра сябе, напішу, што галоўнай зменай у маім жыцці за гэтыя 5 год сталі "правы" і машына :).

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць