07.01.2022

2000-я гады: час лічбавых тэхналогій, грамадства спажывання і маёй маладосці

 

У мінулым годзе я зрабіў невялікі агляд 2010-х у Беларусі. А цяпер час "збіраць каменні" часоў 2000-х і іх  ролі ў свеце, у Беларусі і ў маім жыцці.

У Беларусі і за яе межамі


2000-я сталі часам уваходжання лічбавых тэхналогій у паўсядзённае жыццё ва ўсім свеце. Была створана аперацыйная сістэма Windows XP, якая абслугоўвалася кампаніяй Microsoft амаль да нядаўняга часу. Зручнасць "вінды" і наяўнасць пошукавых сістэм стварала ўсё больш цікаўнасць да віртуальнага свету, усё больш сем'яў куплялі камп'ютар і самыя розныя аб'яднанні людзей пацягнуліся ў Сеціва. Спачатку людзі абменьваліся думкамі на чатах адмысловых сайтаў, праз e-mail i ICQ, а з 2006 года з'явіліся сацыяльныя сеткі Аднакласнікі і Укантакце, якія сталі моцнымі канкурэнтамі ў рунеце і байнеце Твітэру і Фейсбуку.

Але інфармацыю людзі па-ранейшаму "спажывалі" пераважна з тэлебачання і газет, ва ўсялякім выпадку ў Беларусі. Таксама ў гэты перыяд было адчуванне нейкага панавання расійскіх СМІ ў РБ, пэўны пералом адбыўся ўжо ў наступнае дзясяцігоддзе, калі вырасла постсавецкае пакаленне. У прынцыпе, тады Расія выглядала цывілізацыяй ў параўнанні з нашай Сінявокай: і больш развітая эканамічна і тэхналагічна і больш павагі да правоў чалавека. У 2010-я падчас лібералізацыі грамадскага жыцця ў РБ і закручвання гаек у РФ больш цывілізаванай некаторым расіянам здавалася менавіта Беларусь...


У гэты час на былой савецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, сфарміравалася грамадства спажывання: тавараў стала шмат, і ў людзей з'явіліся грошы, каб іх купіць. Праўда, ў Сінявокай гэтыя грошы пакутавалі ад гіперінфляцыі. Цікава, што пасля дэнамінацыі 2000 года, планавалі ўвесці новыя грошы ў 2009 г., але віток інфляцыі прымусіў адкласці іх увядзенне да 2016 г. У гэты ж час пайшло масавае распаўсюдженне зарплатных картак і мабільных тэлефонаў, якія яшчэ зрабілі свой унёсак у будучыню.

Гэта быў час знікненняў і пачынанняў. У 2004 г. зачынілі такія паспяховыя прыватныя вну як ЕГУ і БКІК, а ў 2005 г. заклалі Парк высокіх тэхналогій, які зрабіў РБ "Ай-Ці краінай", і ў 2006 пабудавалі новы комплекс Нацыянальнай бібліятэкі і пачалі даўгабуд Усіхсвяцкай царквы.

У 2006 г. з'явілася тэндэнцыя прысвячаць кожны год у Беларусі пэўнай тэме. 2006 г. стаў годам мацярынства, 2007 - год дзіцяці, 2008 - год здароўя, 2009 - год роднай зямлі, 2010 - год якасці, 2011 - год прадпрымальнасці, 2012 - год кнігі, 2013 - год беражлівасці, 2014 - год гасціннасці, 2015 - год моладзі, 2016 - год культуры, 2017 - год навукі, 2018-20 - год малой радзімы тры гады запар, 2021 - год народнага адзінства, 2022 - год гістарычнай памяці і 2023 - год міру і стварэння. 

Яшчэ гэта быў час трох прэзідэнцкіх выбарчых кампаній (2001, 2006 і 2010) і першай спробы правесці дзень народнага адзінства ў 2007 г. А ў 2009 РБ перажыла спачатку нашэсце зялёных сумак, а потым свіны грып.


20 лютага 2002 г. на Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці зборная па хакеі Беларусі перамагла зборную Швецыі. Гэта ўспрымалася многімі беларусамі тады як нацыянальная перамога. Памятаю, што я тады не глядзеў гэту гульню,а  наступным ранкам мяне павіншаваў з перамогай мой аднакурснік па БДПУ і вельмі здзівіўся, што я не глядзеў матч. Скрыншот ТГ-канала Backtobelarus.

Крыху вышэй я пісаў пра панаванне расійскай забаўляльнай культуры, але ў пачатку 2000-х на беларускую мову быў агучаны мульцік "Марсупілані" і ён меў сваю фан-зону сярод беларускіх гледачоў.

Таксама ў скончылася эпоха амерыканскіх серыялаў на ТБ, бо ў Расіі наладзілі вытворчасць сваіх. Самым папулярным серыялам 2000-х, верагодна, стаў фільм "Салдаты".


А 25 чэрвеня 2002 года на месцы 1-га канала расійскага ТБ з'явіўся беларускі тэлеканал АНТ (Агульнанацыянальнае тэлебачанне) які пад лозунгам "Не вместо, а вместе" стаў паступова выцясняць расійскі інфармацыйны кантэнт беларускім. У той жа час з'явіліся і іншыя тэлеканалы "імпартазамяшчэння", напрыклад НТБ-Беларусь. Скрыншот ТГ-канала Backtobelarus.

avtocar.su

У 2004 г. былі ўведзены ў карыстанне сучасныя аўтамабільныя нумары Беларусі з дзяленнем на 7 рэгіёнаў (1- Брэсцкая вобласць, 2 -- Віцебская вобл., 3 -- Гомельская вобл., 4 -- Гродненская вобл., 5 -- Мінская вобл., 6 -- Магілёўская вобл., 7 -- Мінск) У 2007 г. да гэтай класіфікацыі дадалі 0 рэгіён для машын Мінабароны, Пагранічнага камітэту і Ўнутраных войскаў МУС.

12 жніўня 2004 г. пачаў працаваць беларускі дамен Вікіпедыі, а 27 сакавіка 2007 года яго раздзялілі на два: Вікіпедыя ("наркамаўкай") і Вікіпэдыя ("тарашкевіцай"). Цяпер у першай больш за 200 тыс артыкулаў, а ў другой 77 тыс.

Такі папулярны цяпер аксэсуар як вільготныя сурвэткі "раскруціўся не па-дзіцячы" у былым СССР менавіта з 2008 г., хоць распрацавалі гэты прадукт яшчэ ў 1970-х і першыя такія сурвэткі з'явіліся ў 90-я. Спачатку не ўсе ведалі пра стыкер-накрыўку зверху і некаторыя адразалі бакавы край і потым па меры падсыхання сурвэтак змочвалі іх вадой. Фота А. Берастоўскага

І нарэшцэ як раз у 2002 г., амаль 20 год таму Беларусь адмовілася ад 5-бальнай сістэмы адзнак на карысць больш дакладнай 10-бальнай.

Таксама пачатак 2000-х стаў часам адыходу ад класічнай снежнай зімы. У лютым 2002 г. я нават быў сведкам навальніцы ў Мінску.

У маім жыцці

Для мяне 2000-я пачаліся стратамі. У 2001 г. памерла мая цёця, а ў 2003 г. бабуля (пра іх я пісаў пад тэгам Піянзіны). У 2002 г. скончылася маё навучанне ў БДПУ і пачалося жыццё настаўніка

(фота з майго сямейнага архіва)

А ў 2004 г. я ажаніўся на прыгожай дзяўчыне, з якой мы разам ідзем па жыцці ўжо амаль 18 год і гадуем двух цудоўных хлопцаў. Таксама з жонкай мы паспелі пабываць у розных раёнах Крыма і ў далёкім замежжы да таго як ў 2009 г. сталі бацькамі. Стаць мужам і бацькам лёгка, захаваць сям'ю цяжка. Кім бы я ні быў у жыцці для іншых людзей, пэўна, галоўным здабыткам таго часу для мяне стала тое, што атрымалася застацца мужам для каханай жанчыны і татам для сваіх сыноў...

Усе ілюстрацыі і фотаздымкі, калі не пазначана інакш, узятыя з выкладзенных ў інтэрнэце ў свабодны доступ матэрыялаў.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...