30.07.2016

Дэнамінацыя 2016 г. Частка 1

У Беларусі чарговы раз памянялі грошы. Для мяне ліпеньская дэнамінацыя 2016 г. стала трэцяй зменай грошай, для маіх дзяцей - першай. Другі раз у гісторыі незалежнай Беларусі зніклі жарты пра беларускіх мільянераў. Першы быў у 2000 г.
На мой сціплы погляд чарговая змена грошай пры спецыфічным развіцці эканомікі і інфляцыі не мела сэнсу. Дакладна не ведаю колькі стабільнай валюты пайшло на новыя беларускія грошы, але, калі верыць інфармацыі, што на выраб талераў і грошай (якія планавалі ўвесці, але не ўвялі ў 90-х) у Еўропе пайшло 25 млн дол., то кошт новых беларускіх грошай можа вымярацца мільёнамі долараў ці еўра. Спадзяюся, што памыляюся.
Крыху гісторыі. У 1992 г з'явіліся першыя беларускія грошы. Ад зайца на аднарублёвай купюры пайшла народная назва беларускага рубля, якая пераходзіла на новыя версіі гэтай грашовай адзінкі. Спачатку «заяц» каштаваў 10 руб як савецкі «чырвонец». Гэта значыць, калі касір кажа: «З вас дзесяць рублёў», даеш ёй аднарублёвага «зайца» ці 2 банкноты па 50 капеек.
У 1994 зрэзалі віртуальны нуль: «заяц» стаў рублём не толькі па наміналу, але і па факту. Інфляцыя ляцела далей. Пра зайцоў ужо было неактуальна, і у кашальках хадзілі білеты на сто тысяч, адзін мільён і пяць мільёнаў рублёў.
2000 г. Ізноў мяняюць грошы з разлікам 1:1000. Але інфляцыя хутка вывела з кашалькоў купюры 1, 3 і 5 руб. Долей пратрымаліся білеты на 10, 20 руб. Потым пала пяцідзясятка. Цяпер грошы, якія планавалі ўвесці ў 2009 г., замяняюць старыя з разлікам 1:10000. Гэта значыць 100 руб старымі = 1 кап новымі, а 10 тыс старых руб= 1 новы руб.
Наконт капеек зазначу, што яны знікалі як плацежныя сродкі намінальна пасля ліквідацыі «вавёрак» (50-капеечная банкнота), але фактычна заставаліся як віртуальны працяг сотай часткі рубля. Аднойчы мне давялося дапамагаць у валанцёрскім праекце, часткова звязаным з арэндай памяшкання. Арэндадаўца лічыў плату па сваёй спецыфічнай формуле, якую трэба было перадаць у рублях у гадзіну. І я напісаў «столькі руб», «столькі кап». Адказныя асобы здзівіліся, але дакументальна ўсё пракаціла.
Таксама нельга сказаць, што цяперашнія манеты – першыя ў гісторыі незалежнай РБ. Доўгі час існуюць памятныя і юбілейныя манеты, якія з'яўляюцца плацежным сродкам. Але праблема ў тым, што іх можна набыць толькі ў спецыялізаваных пунктах Нацбанка за значна большыя грошы, чым яны каштуюць па наміналу. Таму імі цікавяцца выключна калекцыянеры. Можа хто і дзе расплаціўся у касе 20-рублёвай манетай, якую набыў за, маўляў, 50 тыс руб, калі не хапіла на гарэлку, але нічога такога не чуў.
Нарэшце, у галовах беларусаў ужо прайшла пэўная дэнамінацыя з разлікам 1:1000, на ўзроўні ўспрымання грошай з нулямі. Нярэдка можна пачуць: «У вашай маршрутцы каштуе праезд 12 рублёў?» (замест 12 тыс) ці «пры савецкай уладзе я зарабляў 120 тысяч у месяц».
Цяпер я выключаю гісторыка і ўключаю наглядача. Далей буду пісаць пра тое, што я назіраў перад дэнамінацыяй і ў першы месяц з'яўлення новых грошай у г. Мінску. Гэтаму прысвечана першая частка. Пазней, бліжэй да канца года, апублікую больш познія, доўгатэрміновыя назіранні. А больш пра гісторыю беларускіх грошай можна даведацца на сайтах belbonistika.com i nbrb.by.
***
Перад дэнамінацыяй
Напэўна, дэнамінацыя прыйшла ў жыццё мінчан вясной, калі магазіны і кіёскі пачалі выстаўляць цэннікі ў старых і новых рублях. Ніякіх новых рублёў на руках яшчэ не было, а калі і былі, то да 1 ліпеня грошамі не з'яўляліся. Я чамусьці думаў, што закон аб дэнамінацыі адменяць ці адтэрмінуюць да больш стабільнага часу, але падрыхтоўка да змены грошай вялася паўсюль.
Цэны ў новых грошах на маё ўяўленне здаваліся да дэнамінацыі больш нізкімі. Чай па 45000 рублёў за пачак здаваўся даражэй за тую ж цану новымі грошамі – 4 руб. 50 кап. Зразумела, я не вёўся на свае ўражанні і купляў галавой, а не сэрцам. Крыху нагадвала савецкія цэны, але я добра памятаў, што пры Саветах яны былі значна ніжэй і на 4,50 я мог б купіць чаю на перапродаж, калі б займаўся спекуляцыяй. Але гэта ўжо лірыка.
Падрыхтоўка да дэнамінацыі ішла і ў мяне дома. Ужо некаторы час я вучу старэйшага сына Даніка карыстацца грошамі і зарабляць кішэнныя грошы праз выкананне пэўных маіх даручэнняў. Напэўна, самы вялікі плюс ад скасавання нулёў як раз у тым, што шасцігадоваму хлопцу лягчэй рабіць разлікі у межах 100 рублёў, чым лічыць дзясяткі тысяч і мільёны. Але да дэнамінацыі, як і пасля яе я мусіў доўга, цярпліва і бесстаронна тлумачыць Даніку, як працуе эканоміка Беларусі, навошта робяць столькі трактароў, як тата зарабляе грошы і куды ідуць яго падаткі і, што пра суадносіны паміж старымі і новымі грошамі.
За тыдзень да дэнамінацыі пачала з'яўляцца інфармацыя пра магчымыя перабоі з электроннымі плацежнымі сістэмамі. Спачатку на інфармацыйных парталах, потым у СМС-паведамленнях ад мабільных аператараў і банкаў. Таму загадзя зрабіў усе плацяжы якія звычайна рабіў у пачатку месяца. А запас наяўных грошай вырашыў зрабіць ужо бліжэй да дня Х.
29 чэрвеня вечарам вырашыў зняць наяўныя ў банкамаце Беларусбанка на пр. Незалежнасці 155/1, ля м. Усход. Чарга ў банкамат была прыкладна 5-7 чалавек. Я прастаяў 5 хвілін і ў банкамаце скончыліся наяўныя ледзь не перад маім носам. Кінуўся ў бліжэйшы філіял банка на вул. Каліноўскага 82/2 –  там ўжо скончыўся працоўны дзень, а банкамат не працаваў. Вярнуўся на папярэднюю «кропку». Ля старога банкамата ізноў чарга яшчэ даўжэйшая за першую. Нейкая жанчына перад банкаматам у голас «бласлаўляла» дзяржаву і яе ўрад, які, на яе думку, быў вінаваты, што ў банкамаце не было наяўнасці. Часу стаяць не было: мусіў ехаць на другі канец горада. Познім вечарам таго дня інтэрнэт-банкінг працаваў добра.
30 чэрвеня позняй раніцай гуляў з сынамі. Без праблем і чаргі знялі патрэбную суму у банкамаце на вул. Кедышкі ля міні-рынка «Верас».
Першыя новыя грошы
1 ліпеня мусіў наведаць стаматолага на вул. Чорнага 31. Пры сабе меў запас старых грошай, бо ведаў, што тэрмінала там не будзе. Па закону подласці маіх грошай не хапіла: трэба было даплаціць 5 руб новымі ці 50000 старымі. І я пайшоў шукаць банкаматы.
У магазіне «Рублёўскі» непадалёк ад стаматалогіі быў «чужы» банкамат (іншага банка). Банкамат прыняў маю карту, паказаў расклад новых грошай ад 5 руб і далей. Выбіраю 5 руб. У адказ надпіс «наяўных грошай няма». Іду шукаць шчасця далей.
Ля плошчы Калініна знайшоў «родны» банкамат. Выбіраю 10 руб. Выдае дзве новыя пяцёркі, дызайнам крыху падобныя на еўра. За мной прыладзіўся мужчына каля 60.
– Што, новыя грошы ёсць? – пытаецца.
У адказ паказваю пяцёрку.
– Як еўра, – кажа мужчына. – Калі б гэта еўра было!
– Было б файна, – адказваю. І мы абодва смяёмся.
Нясу трафей у стаматалогію, дзе як сумленны чалавек пакінуў свой чэк на касе (бо пакідаць гадзіннік у заклад не рашыўся). Касірка таксама ўзрадавалася новым грошам і стала іх паказваць аднаму з супрацоўнікаў. Дарэчы, мне выпаў гонар стаць іх першым кліентам, якому выбілі чэк у новых рублях, але зніжку на гэты конт не далі.
Дома паказаў дзецям другую пяцёрку. Таксама была радасць. Вечарам паказаў яе знаёмаму, 25-гадоваму хлопцу, з якім меў пэўную сумесную справу. Рэакцыяй было задуменнае здзіўленне. Значыць, яшчэ адзін плюс дэнамінацыі – магчымасць падняць настрой чалавеку.
У першы дзень дэнамінацыі USSD-запыт не працаваў да вечара. У 20.30 праверыў баланс тэлефонаў і адной банкаўскай карткі: ужо працавала і ў новых грошах. Пры гэтым капейкі перадаваліся як сотая частка рубля, напрыклад, 4,41 руб.
Першыя пару дзён мы з жонкай імкнуліся дзе магчыма плаціць карткай, а не наяўнымі. Але ні разу не сутыкнуліся з праблемай тэрміналаў. Пасля гэтага мы пачалі аддаваць старую наяўнасць, якую назапасілі на дзень Х.
4 ліпеня ў жыццё нашай сям'і ўвайшлі капейкі. Я атрымоўваў плату за адзін стары заказ і мне заплацілі выключна новымі грошамі з банка. 3 руб. 80 капеек атрымаў адпаведна манетамі, прычым большую частку па 5 капеек. Мае дзеці ўжо добра ведалі, што такое манеты, бо ў нас скапіліся польскія, украінскія і румынскія грошы з часоў, калі мы з жонкай не мелі дзяцей і маглі сабе дазволіць ездзіць на адпачынак за мяжу. Новыя капейкі сталі дадатковай забавай. Але з гэтага моманту да прыкладна 20-х дзён месяца новыя грошы амаль не бывалі ў нашых руках як здача ў магазіне. Часам давалі новыя рублі і капейкі, але пераважна здачу давалі старымі грошамі. Новыя грошы можна было атрымаць у банкамаце ці ў банку, але наяўнасці хапала і старымі.
Напэўна, найбольшы стрэс ад новых грошай атрымалі старыя. Памятаю як 21 ліпеня у чарзе магазіна «Суседзі» на Каліноўскага 66а перад намі з хлебам-пляцёнкай стаяла жанчына, якой на выгляд было далёка за 70 і нервова круціла двухрублёвую манету. Перад ёй хлопец, год 25 дастаў свае манеты з кашалька. Не вытрымаўшы жанчына кажа яму:
-- Баюся я тыя грошы даваць.
-- Як у вашым дзяцінстве мабыць – усміхнуўся хлопец.
У адказ жанчына штосьці казала пра грошы хрушчоўскай эпохі. Праз пару хвілін касірка па-добраму дапамагла ёй разлічыцца. Было бачна,што для жанчыны звычайны паход у магазін быў сапраўдным стрэсам.
Новыя грошы перадалі чарговы рэверанс ад інфляцыі, бо раней максімальнай банкнотай была 200000 руб (=20 новых руб), а замена грошай прывяла да з'яўлення новых банкнот з больш высокім наміналам: да 500 руб, што фактычна адрадзіла хаджэнне 5-мільённых купюр як ў 2000 г. Але зазначу, што вышэй за 100 новых руб (1 млн руб старымі), грошы ў руках пакуль не трымаў.

 Рубель 1992 г.
 Купюра 1999 г.
 Грошы 2009 года, уведзеныя ў 2016 г.
 Аб'ява на рынку "Верас": у сувязі з дэнамінацыяй тэрмінал не працуе.
 Шпаргалка на спецыфікацыі "Еўраопта": у першыя дні дамалёўвалі дадатковыя нулі, каб не блытацца ў новых цэнах.
 Новыя білеты на наземны транспарт. Злева той, што прадаюць вадзіцелі, на ім новая цэна праштампавана, справа той, што прадаюць у касах Мінска.
 Касавыя апараты "Еўраопта" працуюць са старымі цэнамі, а тэрміналы для картак - з новымі.
 Я больш не мільянер.
Чарга ў магазіне "Феронія" ("Отличный") на пр. Незалежнасці (Усход-1) 10 ліпеня 2016 г. На касе яшчэ вучацца лічыць грошы.

Новыя цэны
Чарнушка пачухаў патыліцу: тры рублі, грошы такія пакласці...
Іван Мележ. Людзі на балоце
У пачатку месяца купляў дзецям ласунак у «Макдональдсе» ля м. Кастрычніцкая.
– З вас 94 тысячы або 9 рублёў 40 капеек, – бойка казала дзяўчына на касе.
Гэта быў рэдкі выпадак яснасці думак у першыя дні дэнамінацыі. Я доўга назіраў, як у магазінах стаялі марудныя чэргі. Касіры глядзелі ў чорна-белыя ксеракопіі шпаргалак параўнання старых і новых грошай, выбівалі чэкі ў новых цэнах, потым на калькулятарах дамалёўвалі нулі і называлі суму ў старых цэнах. Часам касір мог называць цэны ў старых грошах для аднаго пакупніка і ў новых для другога. Але пераважна беларусы думалі катэгорыямі старых грошай. Некаторыя касавыя апараты, напрыклад, інтэрнэт-дастаўкі «Еўраопта», аптэкі «Бераліна» на Незалежнасці 143/1 па-ранейшаму працуюць ў старых цэнах.
Доўгі час праведзены за тлумачэннем старэйшаму сыну грошай дапамог мне больш-менш не блытацца з грошамі, я ўзяў за правіла абмяркоўваць з ім усе цэны выключна ў новых грошах і нават пералічваць старыя грошы прамаўляючы іх услых на новы лад: «2 рублі, 4 рублі» замест «20 тысяч, 40 тысяч». Але не асабліва дапамагло. Часам усё роўна «тупіў» з цэнамі і грошамі, добра што без наступстваў для сямейнага бюджэту. Аднойчы атрымаўшы здачу старымі і новымі грошамі 5 хвілін стаяў і пералічваў іх ізноў і ізноў, пакуль не ўцяміў, што ўсё мне далі правільна. Другі раз палічыў, што пэўная дзіцячая цацка каштуе 2500 старымі (25 капеек новымі) з-за надпісу «2,5» на цэнніку. Насамрэч, яна каштавала 25 тыс BYR (2 р, 50 к BYN).
Сваім заказчыкам я звычайна называю цэны ў старых і новых грошах, але з некаторымі агенцтвамі, з якімі я супрацоўнічаю праз каштарысы ў Excel, мы будзем жыць катэгорыямі старых грошай да канца года, калі старыя грошы перастануць быць плацежным сродкам.
Здаецца, прыкладна пасля 20 ліпеня прадаўцы магазінаў, аптэк, кавярняў і кіёскаў пачалі часцей і часцей называць цэны новымі грошамі і дадаваць пры неабходнасці стары варыянт.
Найбольш смешны момант з новымі цэнамі адбыўся са мной 21 ліпеня раніцай. У садзе, куды  ходзіць мой старэйшы сын, выдалі мне чарговы квіток да аплаты дзіцячага харчавання. На квітку была сума 50900 руб. Як звычайна, адразу пайшоў у бліжэйшы інфакіёск заплаціць карткай па рахунку і ўбачыў што гэта сума выстаўлена новымі грошамі. Зразумела, гэта было памылкай. Я заплаціў 5 руб 9 кап., як трэба і вярнуўся ў сад. Патлумачыў выхавальніцы пра памылку, на што атрымаў адказ, што новы бухгалтар і аванс спецыфічна налічыў, а пакрысе і жартаўлівую прапанову заплаціць гэту суму поўнасцю і набыць дзіцячы сад. Пасмяяліся і разышліся. Дарэчы заўважыў, што на віртуальнай клавіятуры інфакіёскаў з'явілася кропка, каб аддзяляць рублі ад капеек. Можа яна была і раней, але не звяртаў увагі. Падобная кропка з'явілася і на экранах валютных абменнікаў, дзе кошт валюты ў беларускіх рублях па-ранейшаму перадаваўся 5-значнымі лічбамі, але пасля першай стаяла кропка.
Капейкі
Вера-вера-верабейка, Ну, шчасліўчык, слоў няма! Гэта ж цэлую капейку. Ні за вошта атрымаў!
З дзіцячай песні
Яшчэ адным выклікам для кашалькоў і людзей сталі новыя капейкі. Многія кашалькі проста беларусаў проста не маюць аддзялення пад манеты. Але нават калі такія аддзяленні ёсць, ўсё роўна шукаць патрэбныя манеты бывае цяжэй, чым банкноты. Звычайна, я складаю свае банкноты ў парадку ад большай да меншай. І такім чынам заўжды хутка разлічваюся. А капейкі прыходзіцца выцягваць двума пальцамі, перабіраючы кожную з аддзялення, дзе яны ляжаць хаатычна. Але вялікай праблемы ў гэтым не бачу, бо пакуль манеты ў маім кашальку не затрымліваюцца ў вялікай колькасці: часцей за ўсё здачу даюць старымі дробнымі купюрамі.
Бліжэй да канца месяца кур'еры «Еўраопта» пачалі хадзіць з мяшэчкамі з новымі манетамі, у адрозненне ад 18 стагоддзя гэта былі пластыкавыя банкаўскія празрыстыя мяшэчкі перавязаныя рызінкамі. Але даставаць адтуль грошы яшчэ весялей, чым з кашалькоў.
Больш сур'ёзнай праблемай з'яўляецца тое, што расце колькасць малых дзяцей, якія глытаюць новыя капейкі і ствараюць праблему і для бацькоў і для хірургаў. Але думаю, што з цягам часу бацькі навучацца хаваць такія грошы ад дзяцей.
На шчасце!
У пачатку месяца назіраў такую сцэну ў магазіне «Отличный» («Феронія) на Незалежнасці 123. Нейкі малады чалавек з выглядам байкера, які ўжо разлічыўся з касай, пачуў, што там ёсць новы рубель і папрасіў яго даць у абмен на 10000 старымі.
– Трымайце. Ён у мяне тут адзіны. – адказала касірка. – Даю вам на шчасце!
З гэтага часу пачаў заўважаць параваныя старыя старублёўкі (экв. новай 1 капейкі), якія валяліся на дарозе як смецце. Нехта нават выкінуў 2 такіх білета у біятуалет. Мабыць, таксама на шчасце. Не ведаю, ці адрадзіўся звычай кідаць манеткі ў фантаны, вечны агонь на пл. Перамогі, рэкі горада ці тыя ж біятуалеты. Але часу прайшло пакуль мала. Не ўсю знятую ў канцы чэрвеня старую наяўнасць яшчэ рэалізавалі беларусы.
Была магчымасць паназіраць за празрыстымі скрынямі для ахвяраванняў, якія раскіданы па ўсім горадзе на карысць Праваслаўнай царквы, інвалідаў і нават жывёл у заапарку. Ніколі не бачыў новых грошай ні манетамі ні купюрамі. Заўсёды гэта былі старыя грошы, пераважна старублёўкі, рэдка да 10000 (1 новы рубель). У царкоўную скрыню на станцыі метро Усход нехта нават кінуў старыя 50 руб., якія ўжо доўгі час перасталі быць плацежным сродкам.
Цікава, што вакол новых грошай з'яўляюцца канспіралагічныя тэорыі. Адзін з кур'ераў інтэрнэт-дастаўкі ўсур'ёз лічыў, што ўвядзенне манет – гэта падрыхтоўчы этап да ўвядзення расійскага рубля. Мабыць ёсць і тыя, хто знойдзе на новых грошах масонскія сімвалы і кабалістычныя лічбы. Час пакажа.

Гл. таксама: Грошы як свята

20.07.2016

Могілкі Цна Таямнічы ўзгорак. Частка 2

Гл. частку 1
Працягваем разгляд фотаздымкаў могілак зніклай вёскі Цна. Пры неабходнасці, з тлумачэннямі.





 Амаль зніклае пахаванне






 Ад чалавека засталося толькі імя. Нават невядома хлопчык гэта быў ці дзяўчынка.
 Яшчэ адно дарэвалюцыйнае пахаванне

 Гэты чалавек загінуў ў 1941 г. падчас вайны. Але мне дакладна невядома ці мела вайна дачыненне да яго смерці.



 І гэта пахаванне вельмі старое.




 Некалькі невядомых магіл з адным і тым жа надпісам: "вечная памяць"




















 Дзіцячая магіла



 На дрэве побач з помнікамі - камерцыйная аб'ява рытуальных паслуг. Такую сустракаў яшчэ на адным дрэве тут. На іншых могілках горада камерцыйных аб'яў побач з магіламі не сустракаў.










 Побач з уважодам самыя дагледжаныя і дарагія пахаванні.



 Уласна ўваход і план могілак
 Вул. Залёналужская, ўздоўж якой цягнуцца могілкі.
Від на могілкі з Зялёналужскай побач з лугам.

Здымкі Андрэя Берастоўскага. Зроблены 18.07.2016

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...