Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд, у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней.
Студзень і люты апраўдалі свае назвы
Пачатак студзеня быў сцюдзены і снежны. Амаль штодзень даводзілася чысціць уваход у пад'езд і месца вакол машыны. А 8 студзеня Беларусь накрыў спадар Улі, наступствы якога разбіралі яшчэ некалькі тыдняў.
Неаднаразова слупок тэрмометра апускаўся да моцных маразоў: у ноч на 12.01 на метэастанцыі "Палеская" -25,2 °С, у ноч на 14.01 каля Оршы было -29,7 °С, у ноч на 18.01 у Клічаве -29,3 °С, ноч на 2.02. дала новы рэкорд на "Палескай": -31,1°С,а яшчэ ў адным месцы на поўдні краіны было -30°С, у ноч на 10.02. Клічаў даў -29.6 °С.
Іней на сценах спускаў у метро Мінска даў магчымасць цікаўным рабіць такія часовыя малюнкі. Гэты быў 29.01 на станцыі "Плошча Перамогі". Бачыў падобныя і ў іншых месцах.Аднак часам вярталася адліга і нават плюсавая тэмпература на паўднёвым захадзе РБ, а потым рэзка знікала: так 12-13 лютага была адліга, а 14-га у другой палове дня зноў рэзка пачало халадаць і ноччу ў асобных паўночных раёнах краіны было -20 °С. У ноч на 23.02 панавала плюсавая тэмпература з максімумам да +6.3 С на паўднёвым захадзе Беларусі. Пачалася яшчэ адна адліга. А з ёй і падтапленне часткі населенных пунктаў на поўдні РБ. Але 25 лютага ў цэнтральную Беларусь і Мінск вярнуліся снегапады і мінусавая тэмпература.
Капеж 27 лютага нагадвае, што вясна блізка.А ў канцы месяца зноў пацяплела і 27 вярнулася плюсавое надвор’е. Апошнія 2 дні зімы было цёпла як вясной (напр, да +8 °С у Мінску 28.02).
Ад маразоў ламаліся сістэмы падачы цяпла ў памяшканні. Так аварыя цеплатрасы ў Мінску 19.01 пакінула захад сталіцы без цяпла да 21 студзеня. І падобнае здаралася ў іншых гарадах краіны.
20-21 студзеня Мінск накрываў ледзяны смог, які здзьмуў вецер 22.01. 21.01 паветра ў Мінску было так забруджана смогам, што адпаведныя службы прасілі мінчан па магчымасці не праветрываць памяшканні і не выходзіць з дому.
27.01 ішоў ледзяны дождж ад цыклону "Леоні" і тэмпература была "каля 0". Некалькі тысяч беларусаў атрымалі траўмы на галалёдзе. 27-28.01 ў некаторых раёнах Гомельшчыны былі адменены заняткі ў школах, бо дзяцей немагчыма было давезці аўтобусамі. А ў маёй машыны ледзяны дождж прымарозіў тармазную калодку, што прывяло не толькі да доўгіх спробаў вызваліць аўто, але і да таго, што пазней акумулятар аўтамабіля сеў на магістральным скрыжаванні, і я доўга мёрз, пакуль дачакаўся дапамогі.
2 лютага больш за 62% школьнікаў Беларусі не хадзілі ў школу па прычыне надзвычайных маразоў, хоць заняткі адмянялі толькі ў некаторых раёнах краіны. Дарэчы, мае сыны не скарысталіся гэтай магчымасцю ні падчас "Улі", ні 2.02.
Снег на дарогах расчышчалі паступова і часам паркоўкі ўздоўж другасных дарог доўга заставаліся заваленымі снегам. Я стараўся расчышчаць не толькі каля сваёй машыны, але і іншыя заваленыя снегам машынамесцы, але такіх энтузіястаў было мала. Цікава, што Беларусь робіць шмат снегауборачнай тэхнікі, але чамусьці яе не хапала, каб аператыўна чысціць дарогі і паркоўкі. Часам падчышчанае шуфелем месца паркоўкі зноў засыпала снегам, а то і трактар ЖКГ скідваў туды снег падчас чысткі дарогі.
Вясна была загадкавай
Сакавік пачаўся цёплым надвор’ем без анамальна высокіх і надта нізкіх тэмператур, але пабіў рэкорды па адсутнасці ападкаў. Першыя 15 дзён было цёпла ўдзень (з мноствам абнаўленняў рэкордаў мінулых гадоў назірання на дзясятыя долі градусаў) і "каля нуля" ўначы (бо было малавоблачна і без ападкаў. У сярэдзіне месяца пачаліся лясныя пажары.
20 сакавіка ў Мінск прыйшлі дажджы з невялікім снегам. З 21.03 было без ападкаў. Некалькі дзён быў нязначны мароз уначы, але ўдзень сонечна з камфортным цяплом. 27 сакавіка таксама убачыў невялікі дождж ва Уздзенскім раёне. 31-га лёгкі дождж быў і ў Мінску.
Красавік пачаўся цёплым і сонечным, але 4-га ўжо ішлі дажджы ў розных частках Міншчыны. 6-га апоўдні ў Мінск прыйшоў холад, а ў некаторых рэгіёнах краіны быў мокры снег ці снежная крупа. 7 красавіка часта ішоў дождж. У ноч на 9-е тэмпература ў Мінску апусцілася да -1°С, а 9-га ўжо лёталі снежныя "мушкі" і снежная крупа. 11 таксама мокры снег, а ў некаторых частках на ўсходзе Беларусі нават часовы снежны пакроў.
У ноч на 14 красавіка тэмпература ў Бабруйску дасягнула -3,2°С. Удзень 14.04 наадварот было вельмі цёпла (да 17°С у Мінску), а ўначы зноў "каля нуля".
16 красавіка ў Беларусь вярнуўся холад з дажджом і начнымі замаразкамі. 18.04. зноў цёплы і сонечны дзень. У ноч на 22.04 у Клічаве -4°С. 23-га моцны вецер з паваленымі дрэвамі, сарванымі дахамі і 2 пацярпелымі.
Паведамленне пра снег 26 красавіка ў ТГ-канале газеты "Звязда" (скрыншот)
26 красавіка прыйшлі дажджы, снег і моцны халодны вецер. У Мінску снег ішоў амаль незаўважна, а ў некаторых частках Беларусі нават пакрыў зямлю. Такое надвор'е было да канца месяца.
Май прыйшоў з рэзкім пацяпленнем. 1 мая было крыху цяплей, чым у красавіку, а 2.05 тэмпература паднялася за 20 градусаў. У асобных раёнах дайшло да +25°С. 3.05. у Ганцавічах рэкорд: 26.8°С. 4.05 у некаторых месцах поўдня краіны 28.4°С.
5 мая ў Лельчыцах было 29.8°С, у гэты дзень па краіне прайшла навальніца. 6 мая рэкорд быў 30.6°С у Лельчыцах.
7 мая перапад тэмператур паміж паўночным захадам і паўднёвым усходам склаў да 17 градусаў па Цэльсію. З вечара 7 мая пачаліся дажджы. 8.05 дайшло да падтаплення асобных участкаў дарог Мінска.
12 мая на некоторы час вярнулася цяпло (да 20°С у Мінску), а вечарам ізноў пачаліся дажджы. 13 мая было ўжо холадна і даждліва (да 12°С у Мінску); 14 зноў цёпла і сонечна (да 17°С у Мінску і да 20.7°С на метэастанцыі "Палеская"), а раніцай 15.05 на "Палескай" было -2°С на 2 см ад зямлі.
17 мая спякота перавышала 26°С у асобных раёнах, а 18-га прыйшлі навальніцы, у некаторых месцах на Міншчыне нават выпаў буйны град. 19.05 Касцюковічы 30.2°С. 21.05 у некаторых гарадах на ўсходзе Беларусі дайшло да 31°С.
Апошні тыдзень мая быў хутчэй цёплым, чым халодным. 27.05 быў моцны вецер, які валіў дрэвы і пашкодзіў шэраг аўтамабіляў і пабудоў. Добра, што абышлося без ахвяраў і пацярпелых.
У большасці гарадоў Беларусі май перавысіў норму ападкаў (у Мінску на 210%, пабіўшы рэкорд 1984 г.).
Пост будзе абнаўляцца. Калі не пазначана інакш, фотаграфіі і скрыншоты рабіў А. Берастоўскі.




Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.