29.11.2023

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 3

 У гэтым годзе давялося наведаць яшчэ некалькі гарадоў і аграгарадкоў у розных частках Беларусі. Як і ў частках 1 і 2, я не заўсёды меў досыць часу разгледзіць горад ці сяло з розных бакоў. Таму кожны раз маёй мэтай было заўважыць нейкую адметнасць ці асаблівасць гэтых мясцін у параўнанні з Мінскам ці іншымі буйнымі гарадамі Сінявокай.

Калінкавічы

Гэта горад сярэдніх памераў (насельніцтва 37 тыс. чал.) па суседству з Мазыром на Гомельшчыне. Мне давялося пабываць там 22-25 чэрвеня 2023 г. 


З Мінска туды ідзе хуткасны цягнік 3 гадзіны. Можна дабрацца маршруткамі і звычайным цягніком.

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а горад - прыгожага чыгуначнага вакзала. Акрамя фантанаў, адметнасцю гэтага вакзала з'яўляецца...

... помнік паравозу, на які дазволена залазіць дзецям :)

Яшчэ адной адметнасцю з'яўляецца шматфункцыянальны будынак па вул. Свярдлова, 4.



Тут і навукова-тэхнічная бібліятэка беларускай чыгункі з рэдкай для Калінкавіч шыльдай на беларускай мове, і кафе "Пунсовыя паруса"... Ды і архітэктурна будынак вылучаецца сярод навакольнай сядзібнай забудовы, нават ліхтары ля яго фігурныя.

А далей па Свярдлова ўбок цэнтра горада ліхтары ўяўляюць сабой камбінацыю слупоў з ХХ ст і сучаснай тэхнікі.

Яшчэ адна адметнасць вул. Свярдлова -- дом, дзе жыў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Кандратовіч Васіль Арцёмавіч

Горад уяўляе сабой спалучэнне сядзібнай і шматкватэрнай забудовы, што ёсць класіка для беларускіх гарадоў з насельніцтвам менш за 100 тыс жыхароў. Від з пад'езда 5-павярховага дома па вул. Дзяржынскага. Мясцовыя жыхары казалі, што тут ёсць і дамы на 9 паверхаў.

Вуліца 50 год Кастрычніка -- гэта вуліца кантрастаў: прыгожыя фігурныя ліхтары на фоне сценкі з абдзёртай фарбай, а на даляглядзе бачны сучасны гандлёвы цэнтр.

Зялёныя драўляныя канструкцыі для вулічнага гандлю вылучаюцца на агульным ружовым фоне каменнай забудовы вул. 50 год Кастрычніка.

Наступнае, на што я звярнуў увагу, гэта дарогі:

У дварах бываюць з разметкай для паркоўкі нават, калі сама дарога не вельмі добрая.

Вось такая ў дварах недалёк ад вул. 50 год Кастрычніка. Дарэчы бачна латачнае фарбаванне графіці як у Мінску. Таксама кінулася ў вочы арнаментальнае аздабленне невялікай тэхнічнай забудовы, што вельмі пахвальна.

А недалёк ад месца папярэдняга фота ёсць трывалы дароржны знак. Жыццё яго нахіліла, але ён трымаецца.

Добра арганізаваны пешаходны пераход праз тую ж самую вуліцу. Ёсць элементы бесперашкоднасці (пандус і парокўка для інвалідаў), але светлафор ускладняе карыстанне пандусам.


Пешаходныя дарожкі на вул. Свярдлова паміж вул. 50 год Кастрычніка і Дзяржынскага бітыя і латаныя, але ў Мінску шмат такіх жа дваровых.

У Калінкавічах аўтобусы пафарбаваны ў зялёны колер, што было некалі стандартам ў Мінску, але паступова мінскія аўтобусы перайшліі на жоўтую афарбоўку, а ў правінцыяльных гарадах так і засталіся зялёнымі.

На рагу Свярдлова-Дзяржынскага ля аўтобуснага прыпаынку зроблены нейкі варыянт спуску, што вельмі добра для калясачнікаў.

У тым жа месцы пешаходны светлафор рэгулюуееца кнопкай, аб чым сведчыць рэдкі для горада надпіс на беларускай мове.

А вось дарогі ў прыватным сектары пераважна грунтавыя, што не вельмі добра для часу моцных дажджоў


Аўтобусныя прыпынкі аформлены выключна на рускай мове і аблеплены аб'явамі, але маецца тэхнічны прарыў: кью-ар код з выхадам на расклад руху.

Мясцовая дзяржаўная стаматалогія займае толькі адзін паверх, але працуе штодзень і мае прыгожа аформлены ўваход. Мяркую, што прыватных стаматалогій у Калінкавічах таксама хапае. 


Яшчэ адна адметнасць горада -- дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Акрамя безбар'ернага ўвахода і, мяркую, добрага тэхнічанага аснашчэння ўнутры, там быў батут, але толькі для навучэнцаў гэтай школы.

Апошняе, што прыцягнула маю ўвагу ў Калінкавічах -- гэта некалькі загадак прыватнага сектара. Вось тут: навошта відэаназіранне ў такой старой хаце? Падобным чынам, мяне зацікавіла прызначэнне старога і, імаверна, закінутага будынка па вул. Войкава, 5. Нажаль, на маёй прыладзе не захавалася яго фота, але выглядала як школа вясковага тыпу, хоць гэта мог быць і магазін ці што-небудзь яшчэ....

Зала Царства Сведкаў Іеговы на завулку Кастрычніцкім, д. 5 можа быць цікава вось чым. У Калінкавічах Сведкі Іеговы дзейнічаюць як мінімум з 1972 г., паводле інфармацыі ад мясцовага верніка, а іх абшчына была зарэгістравана ў ліку першых адначасова з мінскай і гомельскай у 1994 г. Зала Царства таксама з'яўляееца рэдкім аб'ектам свайго кшталту, бо далёка не ў кожным горадзе, дзе ёсць некалькі дзясяткаў ці сотняў Сведкаў Іеговы, ёсць і Зала Царства. Нарэшце, гэты будынак у 2023 г. стаў месцам трансляцыі праграмы рэгіянальнага кангрэса прадстаўнікоў гэтай канфесіі ўпершыню ў яе гісторыі ў Беларусі.

Дзяржынск

Мае візіты ў Дзяржынск былі куды больш сціплымі за Калінкавічы: 2 эпізоды дзелавых паездак па адной гадзіне кожны ва ўсходнюю частку горада. Нават не меў магчымасці наведаць свайго сябра, які пастаянна пражывае там. Таму адзначу, што не толькі ўся Адэса вельмі вяліка, але і Дзяржынск значна больш і адметней за тое, што я адзначыў на фотаздымках. Па памерах і насельніцтву гэты райцэнтр Мінскай вобласці крыху саступае Калінкавічам :)


Паводле дадзеных майго сябра, гэты вадаём ля мікрараёна Крыніцы раней уяўляў сабой забалочаную мясцовасць, але мясцовыя ўлады заняліся яго добраўпарадкаваннем, нават зрабілі нешта падобнае на пляж. 

9-павярховыя дамы па Мінскай вуліцы за гандлёвым цэнтрам "Дарыда Мол" упрыгожаны мураламі. Распаўсюджаная штука для гарадоў Мінскай вобласці, але чамусьці не сустракаў гэтага ў Калінкавічах. У Дзяржынску сустракаюцца муралы на лясныя тэмы, як тут зубрыная сям'я на фоне дрэў :)

Знак горада на скрыжаванні Мінскай, 1-й Ленінскай і Фаміных. Дарэчы, прама і направа адсюль па 1-й Ленінскай  за "Еўраоптам" будзе адна з мясцовых славутасцяў: Брасцкія могілкі савецкіх ваяроў і партызан, але я туды не патрапіў.

Злева па Мінскай вул. можна разглядзець яшчэ адзін "лясны" мурал з мядзведзем :)


Далей па Мінскай адміністратыўныя будынкі чарагуюцца з сядзібнай забудовай.

Асаблівую цікаўнасць у мяне выклікала афармленне аўтобусных прыпынкаў. Не сакрэт, што ў невялікіх гарадах Беларусі многае з дарожна-транспартных пазначэнняў афармляецца на рускай мове. Вышэй апісаны прыклад калінкавіцкіх аўтобусных прыпынкаў -- добры таму сведка. На гэтым фоне афармленне нават назвы аўтобуснага прыпынку на беларускай мове -- гэта хоць нейкі крок з боку гарадской адміністрацыі ўбок моўнага раўнапраўя.

Дом у некалькі паверхаў з двусхільным, а не плоскім дахам, таксама можна лічыць пэўнай адметнасцю.

Дзяржынск -- горад архітэктурных кантрастаў: сядзібная забудова, якая хаваецца па-партызанску за зеленню на фоне шматкватэрных дамоў.

Гэта не рэклама "Беларусбанка" :). Хоць у Дзяржынску гэта не адзіны банк на ўвесь горад (ёсць, напрыклад, "Белгазпрамбанк"), але менавіта "Беларусбанк" бывае лепш за ўсё прадстаўлены ў невялікіх гарадах і нават можа мець свае адмыслова пабудаваныя будынкі.

Яшчэ адзін трэнд невялікіх гарадоў: ціхі наступ вядомых сетак магазінаў Беларусі і Расіі: "Санта", Еўраопт" або "Капеечка", як тут. Таксама звяртаю ўвагу на плаўны пераход тратуара (ці нават абочыны!) ў праезную частку дарогі.


Мінская 4а -- прыклад шматфункцыянальнасці адміністратыўных будынкаў невялікіх гарадоў. Тут і ЗАГС Дзяржынскага раёна, і Дзяржынскі сельсавет, і раённая інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя.

Побач з уваходам у ЗАГС знаходзяцца некалькі элементаў фотазоны. Адзін з іх лаўка з двума сардэчкамі і надпісам "Койданава". Дарэчы, гістарычная назва гэтага горада, якую ён носіў да 1932 г. захавалася не толькі на гэтай лаўцы. Адна з дзвюх чыгуначных станцый горада (ля вул. Чкалава) названа "Дзяржынск", а другая (ля вул. Фаміных) -- "Койданава".

На ўсялякі выпадак адзначу, што гэты ўзгорак па-за горадам, там, дзе вуліца Амельянюка пераходзіць у трасу Н-8375, гэта НЕ Дзяржынская гара. Гара Дзяржынская (самая высокая кропка 345 м над узроўнем мора) знаходзіцца бліжэй да Мінска на поўнач ад самога Дзяржынска. А тут галоўная ўвага на тое, як хутка невялікі горад пераходзіць у поле, у параўнанне з вялікім, які абрастае прыгарадамі.

Будынак суда Дзяржынскага раёна (вул. Фаміных 24А) выглядае па-сучаснаму пасля рамонту некалькі год таму.


Апошняе, што прыцягнула маю ўвагу ў Дзяржынску -- гэта забаўная станцыя тэхабслугоўвання ў раёне вуліцы Фаміных. Не толькі рарытэтнае савецкае аўто, якое рэдка можна сустрэць нават у невялікіх гарадах, але і аб'ява аб магчымасці запісу на шынамантаж праз сайт, зробленая фарбамі ці маркерам у стылі савецкай сценгазеты :)

Прыкладна ў той жа час, калі я апошні раз у пачатку жніўня 2023 г. прыязжаў у Дзяржынск, там падчас будаўніцтва кацельні для мясцовай бальніцы знайшлі зніклы некропаль, які можа быць як каталіцкімі могілкамі, так і могілкамі пры кальвінісцкім зборы. Але гэта ўжо іншая гісторыя  Койданава-Дзяржынска :)

Аграгарадок Слабада пад Смалявічамі

Гэта нешта сярэдняе паміж вёскай і пасёлкам. Можна нават сказаць, што гэта хутчэй гарадок, чым сяло. Побач са Слабадой, дзе жыве прыкладна 3 тыс. чалавек, -- шаша, якая звязвае Мінск з Масквой; недалёк і паварот да Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", пасёлка Сокал беларускай сталіцы і кітайскага Вялікага камяня. Таксама і Курган славы зусім недалёк ад аграгарадка. Я меў магчымасць пабываць у Слабадзе толькі раз у сярэдзіне верасня гэтага года, але больш доўгі час меў справу з рознымі слабажанамі, таму пакуль магу больш распавесці пра людзей, чым пра месца, але, спадзяюся пабываць у Слабадзе яшчэ :)

Слабажане крыху больш культурныя, ветлівыя і стрыманыя за мінчан. Аднак гэта стрыманасць пераходзіць у некаторую замкнёнасць характару, індывідуалізм. Калі 20 лютага 2023 г. каля аграгарадка адбылася буйная аўтакатастрофа, якая забрала жыццё 14 чалавек, што нават у нацыянальным маштабе з'яўляецца падзеяй (самая маштабная аўтакатастрофа з 1991 г.), слабажане рэагавалі на яе стрымана, нават часам абыякава. Магчыма, гэта больш тычыцца характару вяскоўцаў увогуле, чым жыхароў пэўнай мясцовасці... Таксама цікава, што слабажане гавораць "пайсці ў Слабаду" ў тым жа сэнсе, як гарадскія жыхары кажуць "паехаць у горад", маючы на ўвазе "накіравацца далёка ад дому".

Паварот з маскоўскай шашы на Слабаду

Вось такія муралы з нацыянальным арнаментам ёсць на Цэнтральнай вуліцы

На вуліцы Машэрава ў цэнтры аграгарадка жылыя дамы могуць дасягаць 9 паверхаў, а паркоўка каля іх разлічана на мноства машын, як у сучасным гарадскім квартале.

Ракурс у супрацьлеглы бок дзелавога цэнтра аграгарадка паказвае від на мясцовы рынак і Пакроўскую царкву.

Звычайна я публікую ў такіх пастах свае фота, нават неідэальныя. Але сёння раблю выключэнне. Азярыцкаслабадская школа (з 1980-х па вул. Машэрава 7, на фота яе выгляд у канцы 2000-х) з'яўляецца бадай адным з самых унікальных аб'ектаў гісторыі аграгарадка. Афіцыйна ёй 125 год, бо школа адлічвае сваю гісторыю з 1898 г., але яшчэ ў 1892 г. у Азярыцкай Слабадзе была школа граматы на 8 чалавек паводле дадзеных самой школы. Таксама гэта школа мае вельмі цесныя кантакты з Праваслаўнай царквой і афіцыйную праграму супрацоўніцтва з ёй. Нягледзячы на тое, што толькі БПЦ мае доступ да супрацоўніцтва са свецкай адукацыяй, большасць устаноў адукацыі абмяжоўваецца толькі запрашэннем святароў з лекцыямі або экскурсіямі па праваслаўным аб'ектам і трымаецца прынцыпаў свецкасці і пазаканфесіянальнасці адукацыі. А мясцовая школа вядзе праграму шырокага супрацоўнцтва з БПЦ. Спадзяюся, што гэта не робіць ніякіх праблем да дзяцей з сем'яў іншых канфесій і атэістаў. Крыніца фота.

Адна з самых кароткіх вуліц гарадка, дзе частка дамоў пустуе, гэта Аршанская на мяжы з трасай на Маскву.

Тэхнічны праезд паміж вуліцамі Аршанскай і Падлеснай пазначаны знакам "Уступі дарогу". Усё норм, нават пахвальна, але памер знака, як паказвае мой таварыш, выклікае ўсмешку сваёй мініяцюрнасцю.

Магчымы працяг :)

Гл. таксама: Азярэцкі музей

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...