26.06.2017

Могілкі Масюкоўшчына. Час спыніўся ля чыгункі

Калі я планаваў наведаць могілкі былой вёскі Масюкоўшчына, якія знаходзяцца на тэрыторыі Мінска, то па карце яны здаваліся недалёк ад могілак Крупцы на пр. Пераможцаў. Часткова гэта так, бо гэтыя могілкі знаходзяцца не вельмі далёка ад чыгуначнай станцыі Масюкоўшчына. Але адлегласць паміж імі - некалькі кіламетраў. Таму даследаванне абодвух некропаляў давялося правесці паасобку.

Яшчэ адна рэмарка. Трэба адрозніваць вясковыя могілкі Масюкоўшчына ад мемарыяльных могілак з такой жа назвай ля 2-й дзіцячай бальніцы. Пра Масюкоўшчынскі мемарыял я апублікую некаторы матэрыял як час дазволіць, а зараз будзе невялікая фотасесія вясковых могілак Масюкоўшчына з маімі аўтарскімі заўвагамі.

Крыж на даляглядзе паміж машынамі - гэта мяжа за якой пачынаецца прыватны сектар - былая вёска Масюкоўшчына.
Галоўны ўваход на могілкі
Карта могілак
Напаміны адміністрацыі наведавальнікам. Каб тут пахавацца (прабачце, пахаваць каго-небудзь, трэба звярнуцца да адміністрацыі на Кальварыйскіх могілках ў 7-10 км адсюль)
Гэта я зашоў з бакавога ўваходу і пачаў здымаць мясцовасць.

Від на суседнюю вуліцу за плотам




Самае распаўсюджанае прозвішча - Ярашэвіч. Характэрна для вясковых могілак: многія носяць адно прозвішча.
Від на чыгунку і суседні гандлёвы цэнтр. Пакуль я працаваў, у маладзечанскім напрамку і назад праехала як мінімум 2 пасажырскіх цягніка. Не вельмі далёк ад могілак станцыя Лябяжы, за якой знаходзіцца паўночна-заходняя мяжа Мінска.

Пайшлі пахаванні дарэвалюцыйнага часу.

І ранняга савецкага часу.


З таго боку не толькі від на горад, але і дадатковы шырокі ўваход на могілкі.
Аранжавы аркуш паперы - гэта "лісты шчасця" з патрабаваннем прывесці магілу ў парадак. Падрабязней пра такія - тут.
На гэтых могілках - каля дзесяці свежых пахаванняў (2010-х гг.) Адно з самых новых - дзесьці жнівень 2016 г.







Незвычайная форма помніка
Спуск у бок чыгункі.
Яшчэ адзін напамін.


Нідзе больш такіх помнікаў не сустракаў.


Яшчэ адна цікаўнасць - пахаванне з тумбай. У савецкі час было распаўсюджана, а зараз рэдкасць. Увогуле пры ўсёй нерэлігійнасці беларусаў ХХІ ст. у паўсядзённым жыцці, яны хаваюць памерлых пад крыжамі амаль заўсёды. Таму цяпер сустрэць тумбу на могілках - рэдкасць.

Можна заўважыць як шчыльна стаяць агароджы магіл у цэнтры ўзгорка, на якім знаходзіцца значная частка могілак. Мушу прызнацца, што мне прыйшлося двойчы пералазіць агароджы, каб выбрацца з цэнтральнай часткі могілак бо нармальнага прахода проста не было.

Пахаванне з зоркай. Тут некалькі такіх вайсковых пахаванняў.
Яшчэ дарэвалюцыйны помнік
Павалены помнік

Калі прыглядзецца, помнік зроблены з чырвонай цэглы, пакрытай вапнай ці чымсьці яшчэ.
А гэта ўжо побач з галоўным уваходам. Тут ужо больш цывілізавана.

Здымкі зроблены 23.05.2017 г. Аўтар А. Берастоўскі.

11.06.2017

Алегу больш не наліваць! Апавяданне.

Ігар зайшоў у пакой свайго старэйшага брата Алега, які штосьці дзелавіта набіраў на камп'ютары.
– Алежак, дзе мой перфік? – запытаўся Ігар.
– Хвілінку, браток, зараз дапішу і пагамонім, – прамармытаў Алег, – а пакуль мяне не чапаць і не кантаваць.
– Во які дзелавар! – усміхнуўся брат
– Па-ча-кай! – крыху раздражнена адказаў Алег.
Ігару быў вельмі патрэбны перфаратар, і ён сеў на канапу па-ча-каць. Праз пару хвілін брат скончыў працу і разгарнуся да яго на камп'ютарным стуле:
– Ну што?
– Дзе мой перфік?
Алег задумаўся і адказаў:
– Здаецца, я яго пакінуў у гаражы. Так, у гаражы.
– Нічога, калі яго свіснуць адтуль?!
– Браце, прабач, іду за перфам. Адна нага тут, другая...
– ...У магіле, калі не прынясеш інструмент.
Алег выйшаў, а Ігар падышоў да камп'ютара. На экране была старонка сайта папулярнай псіхалогіі, мадэратарам якога быў Алег. Хвіліну таму Алег ад імя рэдакцыі сайта напісаў новае паведамленне: «Учора пабачыла свет другая кніга выбітнога беларускага псіхолага Алега Вясёлкіна "Будзь!". Прэзентацыя выдання адбудзецца...»
Ігар адышоў да акна і паглядзеў як яго брат таропка падышоў да гаража. Яшчэ год таму Алег са сваім дыпломам псіхолага напрасіўся працаваць да малодшага брата на рамонт кватэр і адначасова вечарамі пісаў свае опусы. Пасля таго як выдаў першую кнігу, вырашыў, што фізічная праца больш яму не падыходзіць. Кінуў Ігара аднаго круціцца на аб'екце ў самы разгар працы. Цяпер сядзіць за камп'ютарам і ездзіць на сімпозіумы ды сустрэчы. З аднаго боку Ігар быў рад, што брат раскруціў справу, якую любіў усё жыццё. З другога, штосьці змянілася ў Алега не ў той бок, а што – Ігар не мог зразумець.
Алег выйшаў з перфаратарам з гаража.
– Добра, што не ўкралі, – падумаў Ігар. А потым чамусьці праляцела думка:
– Алегу больш не наліваць!

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

07.06.2017

Фестываль піва, трагедыя на Нямізе і развітанне з 90-мі.

Ізноў пішу пра падзеі, непасрэдным сведкам якіх я не быў. Але гаворка не столькі пра трагедыю 30 мая 1999 г. Справа ў тым, што гэта падзея была адным з маркераў змены пакаленняў беларусаў. Таму мае ўспаміны, часам дзівацкія, пра ўсё, што мае да яе дачыненне – гэта яшчэ адзін унёсак у вывучэнне гісторыі ў рамках праекта «Каб не забыць».

Фестываль піва
У 1990-х мяне цікавіла піва, але я на штогадовы фестываль піва не патрапіў: і часу вольнага не хапала, і ад сваёй строгай бабулі атрымаў бы па поўнай за такое. У 1994 г., калі гэты фестываль праходзіў летам, сярод актывістаў гэтага фестывалю адзначыліся і члены незразумелай шырокім масам Партыі аматараў піва. Незразумелай, бо за жартаўлівай назвай стаяла сур'ёзная палітычная праграма. Гэта партыя была далёка не піўным лобі. Я тады яшчэ вучыўся ў школе і памятаю, як сярод маіх аднакласнікаў хадзілі жарты пра неабходнасць заснавання Партыі аматараў гарэлкі. Але на май 1999 г. Партыя аматараў піва ўжо больш як год самараспусцілася.
А вось фестываль застаўся. Як элемент спадчыны Беларусі 1990-х гг. Крыху хуліганскай, стыхійнай. І магчыма таму даволі каларытнай. Пасля інцыдэнту 30 мая 1999 г. я больш ніколі не чуў каб гэты фестываль праходзіў на Нямізе. Аднак вясёлыя святкаванні на Нямізе праходзілі яшчэ не раз. Напрыклад, падчас Чэмпіянату 2014 г. піва ледзь не ракой лілося недалёка ад месца мінулай трагедыі і нікому, здаецца, справы не было да былой трагедыі. І зараз каля афіцыйнага манумента нярэдка стаяць юнакі ці дзяўчаты, якія чакаюць сваіх сяброў. Звычайна стаяць спіной да мемарыяла і ён для іх не столькі напамін аб трагічным мінулым сколкі проста зручнае месца сустрэчы.

Навіна
На раніцу 31 мая 1999 г. я амаль скончыў другі курс гістарычнага факультэта БДПУ. Пачыналася летняя сесія. На пары не трэба рана ўставаць. Праз ранішні сон чую:
– На Нямізе адвяваюць душу ад цела...

Старажытны малюнак вядомай бітвы на Нямізе. Крыніца: jivebelarus.net

Адразу ў галаве ўзнік вядомы малюнак пра бітву на Нямізе 1067 г. Але паступова прачынаюся і чую што гэтыя радкі сапраўды чытаюць па радыё пад жалобную музыку. Ад дзеда, які гатаваў мне сняданак, дазнаюся, што на Нямізе падчас фестывалю піва мноства маладых людзей пабеглі ў метро, каб уратавацца ад раптоўнага ліўня і дзясяткі былі затаптаны натоўпам, калі падалі на прыступках. Высокія жаночыя абцасы сталі прычынай многіх смярцей: адны падалі, а другія беглі па ім ці самі падалі на першых. Практычна ўвесь спуск у метро быў завалены чалавечымі целамі.
Увогуле Беларусь – даволі ціхае месца. Мінск – не выключэнне. Калі раней ці пазней гінулі людзі ў колькасці больш за пяць чалавек, гэта выклікала нейкае адчуванне шоку ў многіх людзей, каго я сустракаў. Але звычайна такі шок не цягнецца доўга. Максімум месяц. Зразумела, я не кажу пра тых людзей, у каго такія трагедыі забіраюць жыццё блізкіх, і пра тых, хто кожны дзень мае справу з надзвычайнымі сітуацыямі.
У той дзень я ўважліва сачыў за навінамі. Калі даведаўся пра смерць мноства юнакоў і дзяўчат, а таксама 2-х міліцыянераў, то вырашыў даведацца ці не пацярпела ад гэтага мая аднакурсніца Каця, якая мне падабалася (але, дзякуй Богу, адмовілася са мной сустракацца) і мой знаёмы міліцыянер Саша, з якім мы разам хадзілі на курсы пры БДУ ў сярэдзіне 90-х. Праз некалькі дзён я даведаўся, што з імі ўсё добра.

Першыя і далейшыя водгукі трагедыі.
Трэба зазначыць, што смерць 53 чалавек для Мінска, дзе ўжо тады жыло каля 2 млн чал. і дзе кожны дзень, згодна некаторым статыстычным дадзеным, хаваюць у сярэднім па 50 чал., гэта не падзея, якую нельга не заўважыць. Я думаў ці будуць хаваць каго-небудзь па суседству. І, калі мяне не падводзіць памяць, 1 чэрвеня, у дзень, калі хавалі раздушаных на Нямізе юнакоў і дзяўчат, я чуў жалобны марш дзесьці не зусім блізка, але і не вельмі далёка ад дому, на першым Усходзе. Праўда гэта маглі хаваць якога-небудзь адстаўнога вайскоўца, бо на гэты момант пахаванні з музыкай ужо былі рэдкасцю. (Дарэчы, пачуў гэты марш ізноў толькі ў 2016 г.)

Крыніца: https://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=21567

У дзень, калі горад хаваў ахвяр трагедыі на Нямізе, адна мая знаёмая расіянка, якая тады жыла ў Мінску, казала, што сустрэла ў доме, куды яна ішла, працэсію. Хавалі дзвюх маладых дзяўчат у шлюбнай вопратцы (згодна традыцыі так звычайна ў Беларусі хаваюць дзяўчат ці жанчын, якія ніколі не выходзілі замуж). Яны былі сяброўкамі, якія пайшлі на фестываль і былі раздушаны натоўпам. Над адной з іх галасіла яе блізкая сяброўка, якая на сваё шчасце раздумалася ісці з імі:
– Чаму я не загінула замест цябе!
Каб суцешыць блізкіх і сяброў гэтых дзяўчат, мая знаёмая крыху пагаварыла з імі пра надзею на ўваскрасенне да зямнога жыцця, якую мела сама.
Больш дакладных выпадкаў згадаць не магу. Пазней, ужо ранняй восенню таго ж года, я гутарыў з падпіўшым мужчынам, якому было візуальна год пад трыццаць. Ён спрабаваў уразіць мяне тым, што ён быццам круты злачынец, які пабываў у шматлікіх выпрабаваннях. Мы гаварылі каля паўгадзіны. Неяк размова выйшла на трагедыю на Нямізе і ён кінуў як бы між іншым:
– Я там быў.
У той час у мяне не было жадання разабрацца ў сітуацыі больш, чым я ведаў з газет і тэлебачання. Акрамя таго, я разумеў, што мой суразмоўца проста хлусіць пад алкаголем. Таму тэму развіваць не стаў. А ён і не спрабаваў.
Падчас той жа самай летняй сесіі 1999 г. адзін з маіх аднакурснікаў, малады камуніст і аматар прагульваць пары на карысць злоўжывання алкаголем у суседнім з вну рэстаранам «Зодчие», якога звалі, калі не памыляюся, Валера, стаяў перад экзаменацыйным кабінетам з забінтаванай рукой на перавязі. Пытаюся:
– Што з табой?
– Быў на Нямізе, – адказвае ні то сумна, ні то з нейкай кпінай.
– Спачуваю, – кажу ў адказ і іду з першай пяцёркай, каб хутчэй «адстраляцца».
Мы з ім у гэты момант былі ў розных групах і здавалі розным выкладчыкам, але калі я «адстраляўся» і выйшаў, я даведаўся, што пад бінтам у Валеры быў дэвайс, на які на адлегласці можна было дыктаваць падказкі. Яго сябрукі прапанавалі перадаць у мікрафон іх «рацыі» сваё прывітанне Валеры, які ўжо сядзеў у кабінеце. Я перадаў і пажадаў яму сумленна здаць экзамен. Праўда Валера нічога не пачуў: жалезныя дзверы кабінета не прапусцілі сігналы «рацыі». Як ён што здаў – не ведаю, але пэўны, што на Нямізе яго «стопудова» не было.
Яшчэ адзін мой аднакурснік, балака і жартаўнік Алег Мацур, казаў пазней, што чуў, быццам адна дзяўчына з нашай вну усё ж была сярод сотні параненых.
Увогуле трагедыя на Нямізе не выклікала смешачкі ў большасці маіх аднакурснікаў. Але чамусьці ўзгадваецца жарт студэнтаў-гісторыкаў нашай вну: «На Нямізе піва льецца ракой, малоцяць вобламі харлужнымі». Не памятаю, ці ўзнік ён да трагедыі або пасля яе. Ва ўсялякім разе, гэта было кпінай наконт фестывалю піва, а не смерці людзей...

Стыхійны мемарыял
Увесь чэрвень быў для мяне гарачым месяцам у плане сесіі. А ў ліпені праходзіў трохдзённы рэлігійны злёт, які мае аднавернікі праводзілі ў горадзе штогод. Цікава, што гэта быў апошні такі злёт да 2011 г., які адбыўся без абмежаванняў і ўмяшальніцтва гарадскіх уладаў. Таму 1999 г. быў для мяне і маіх аднадумцаў апошнім годам рэлігійнай адлігі да 2010-х гг. Але вернемся да Нямігі.
Я і мой малодшы брат Дзіма, блізкія сябрукі ўсё жыццё, пасля заканчэння мерапрыемства і навядзення парадку на месцы яго правядзення, стадыёне «Тарпеда», вырашылі пагуляць у горадзе. Паколькі Дзіма ў Мінску не жыў і быў у некаторым сэнсе маім госцем, я павеў яго глядзець стыхійны мемарыял на Нямізе, што было па той жа лініі метро.
Мемарыял уяўляў сабой размаляваныя сцены ад спуску ў метро амаль да ўвахода у вестыбюль станцыі. Людзей, якія б як і мы разглядалі сцены, не было. Толькі заходзілі і выходзілі пасажыры. На сценах акрамя надпісаў па-руску і па-беларуску былі наклеены фотаграфіі некаторых з маладых людзей, жыццё якіх абарвалася на гэтым месцы, выразкі з газет, іконы. На падлозе і прыступках стаялі лампадкі і ляжалі кветкі.
На мармуровых сценах фламастарамі і маркерамі былі напісаны словы болю, бацькоў і сяброў загінуўшых. На штукатурцы столі уваходу ў падземны пераход застаўся след рукі аднаго з пацярпелых. Гэты след быў неяк па-мастацку апрацаваны і пазначаны. На сцяне злева, калі спускацца ў метро, там, дзе канчаюцца прыступкі, хтосьці напісаў цытату з Евангелля ад Яна пра надзею на Бога, дакладна не памятаю якую. На гэту цытату ў адказ нехта напісаў «А я не веру!». На што яшчэ нехта скончыў дыскусію «Дзяцей забіў не Бог, а мы». Быў і невялікі верш, ў якім у ахвяр Нямігі прасілі прабачэння і які завяршаўся словамі «Что испугались глупого дождя».

Крыніца: https://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=21567

Не памятаю ці быў я там яшчэ раз, але гэты мемарыял не пражыў доўга. Дарагія мармуровыя дошкі на сценах замянілі новымі ці адмылі. Штукатурку зафарбавалі, фотаграфіі і кветкі выкінулі. А ў 2002 г. побач з уваходам усталявалі афіцыйны мемарыял дзе на невялікай стэле напісалі імёны кожнай ахвяры.



 Афіцыйны мемарыял
Уваход на станцыю метро Няміга, дзе адбылася трагедыя 1999 г. Сакавік 2017 г. Фотаграфіі А. Берастоўскага.

Спробы разабрацца і кампенсацыі
Акрамя афіцыйнага расследавання з боку дзяржавы былі і спробы розных грамадскіх аб'яднанняў расследаваць прычыны трагедыі. У выніку рознапланавых намаганняў разабрацца ў сутнасці падзеі былі напісаны артыкулы і мінімум адна кніга, зняты фільмы, але ніхто не быў асуджаны на турэмнае пакаранне. Сем'і пацярпелых і забітых атрымалі грашовую кампенсацыю. У пэўных выпадках пахаванне праводзілі муніцыпальныя чыноўнікі. Гэта быў, дарэчы, адзін з рэдкіх выпадкаў, калі просты народ хавалі на элітных Усходніх (Маскоўскіх) могілках. Пазней у 2011 г ахвяр тэракта ў метро на Усходніх могілках ужо не хавалі.
Калі вярнуцца да тэмы кампенсацый, то адна дзяўчына цяпер інвалід з абмежаванымі здольнасцямі розуму і яе маці мусіць працаваць няпоўны рабочы дзень каб даглядаць яе і плаціць па рахункам, бо грошай, якія плаціць дзяржава на дачку, не хапае на жыццё. Але гэта вядомая пост-савецкая рэалія: спачатку пацярпелым плацяць вялікую суму адным плацяжом, потым штомесяц плацяць звычайную інвалідную пенсію ў эквіваленце 50-100 дол. ЗША.

Крыху канспіралогіі
У сувязі з трагедыяй існавалі розныя тэорыі змовы. Вінавацілі міліцыянераў, якія не прапусцілі натоўп, што ратаваўся ад дажджу, на праезную частку пр. Машэрава (цяпер – пр. Пераможцаў). Праўда часткова міліцыя несла адказнасць за смерць людзей разам з арганізатарамі мерапрыемства, бо варыянтаў стыхійнай эвакуацыі прадугледжана не было.
Была і думка, што смерць мноства маладых людзей – гэта пакаранне ад Бога, бо нядзеля 30 мая 1999 г. прыйшлася на свята Сёмухі (Тройцы). Але людзям уласціва вінаваціць Бога ва ўласных праблемах. Да таго ж, у Бібліі няма ні дакладна сфармуліраванай ідэі Тройцы, ні вучэння аб тым, што Бог адмыслова наводзіць на людзей катастрофы за іх учынкі. Цікава, што тагачасны лідар Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт у сваім выступленні наконт гэтай сумнай падзеі разглядаў смерць юнакоў і дзяўчат як трагедыю, а не кару з неба...
Праз некаторы час пасля гэтай мінскай Хадынкі мне давялося пачуць настолькі незвычайную версію трагедыі ад адной старой жанчыны, што маю яе надрукаваць, хоць і абсалютна не веру ёй. Кабета казала:
– Мне казалі, што так было. Запрасілі туды маладых амерыканскія секты, а потым, калі тыя пабеглі ў метро, секты пусцілі газ. І калі пусцілі газ, музыка зайграла мацней...

Замест эпілога

Канцэрт на Нямізе. Не ўсе з яго вярнуліся дамоў. Крыніца здымка: https://vk.com/club18261100?z=photo-18261100_280333665%2Falbum-18261100_111732637

1999 год быў годам, калі стыхійная Беларусь 90-х саступіла месца Беларусі арганізаванай і рэгламентаванай. Больш стыхійных мемарыялаў у Мінску я амаль не сустракаў. Калі ў 2011 г. у метро зноў загінулі людзі, на месцы трагедыі былі толькі кветкі і лампадкі. Сцены ўжо ніхто не псаваў.
Цікава і што ў 1999 г. спынілі сваё існаванне амаль усе палітычныя партыі 1990-х гг. Зразумела, з'явіліся і новыя. Але гэта быў яшчэ адзін індыкатар таго, як мянялася жыццё.
У некаторым сэнсе канец 1990-х і пачатак 2000-х можна параўнаць з лясным пажарам. Ён знішчае старое, але на яго месцы ўзнікае новае і яно таксама часткова носіць стыхійны характар. Як раз строгія 2000-я далі Беларусі 2 рэчы, якія цяпер паступова мяняюць краіну назаўжды: мабільную сувязь і Інтэрнэт...

***
2.07.2020 я зняў кароткі ролік пра помнік у Мінску, звязаны з трагэдыяй на Нямізе:


Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...