20.03.2023

Сведкі Іеговы: 100 год на беларускай зямлі

30 сакавіка 1923 г. у г. Домачава цяперашняй Брэсцкай вобласці РБ (тады тэрыторыя Польшчы) сабраліся 20 чалавек, каб адзначыць разам Вячэру Гасподню (1). Верагодна, што не ўсе з іх былі Міжнароднымі даследчыкамі Бібліі (як да 1931 г. называліся Сведкі Іеговы), як і верагодна тое, што да гэтага года на тэрыторыі Беларусі жылі паслядоўнікі гэтага вучэння. Але ў пэўным сэнсе 30.03.1923 стала свайго кшталту пачаткам дзейнасці Сведкаў Іеговы ў Беларусі. У гэтым паведамленні я паспрабую зрабіць кароткі агляд 100-гадовай гісторыі гэтай канфесіі на беларускай зямлі.

Пад Польшчай

У 1924 г. у Домачава на Вячэры былі 27 чалавек (2). Колькасць Даследчыкаў Бібліі, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пад кантролем Польшчы, паступова расло і 27 студзеня 1927 г. у Кобрыне была зафіксавана сустрэча, на якой 600 чалавек слухалі выступленне Вацлава Нарадовіча (3). Павятовы стараста, які апісаў гэту падзею, лічыў Даследчкаў агітатарамі атэізма і камунізма (магчыма з прычыны крытыкі каталіцызма, якая была характэрна для прапаведніцкай дзейнасці Сведкаў Іеговы ў 1-й палове ХХ ст.). 7 ліпеня 1929 г. у вёсцы Дзякі (цяпер Раднікі Ваўкавыскага раёна) быў праведзены кангрэс. На пачатку 1930-х гг. вучэнне Сведкаў Іеговы распаўсюдзілася па Баранавіцкім, Лідскім і Стаўпецкім паветах Польшчы.

Прыкладна на 1930-я гг. прыходзіцца пачатак пераследвання польскіх (і беларускіх) Сведкаў Іеговы. Увогуле Польшча да Другой сусветнай вайны не была дэмакратычнай дзяржавай, хутчэй за ўсё сучасныя палітолагі назвалі б яе тагачасны рэжым гібрыдным або аўтарытарным. Гэта закранала не толькі пытанні палітычнай свабоды, але і рэлігійнай. На тэрыторыі Польшчы з'явіліся санацыйныя або канцэнтрацыйныя лагеры для палітычных і рэлігійных дысідэнтаў. Асабліва вядомы з іх -- канцлагер у Бязрозе, або Бяроза-Картузскі лагер.

Канцлагер у Бярозе

У кнізе Аляксандры Бочэк «Мы ішлі вузкім шляхам», прысвечанай апісаннню жыцця сям'і Сведкаў Іеговы Яна і Ірэны Отрэмбскіх на гэты конт запісана:

«У 1934 г. у Бярозе Картускай на ўзбярэжжы Ясёлды і Прыпяці быў створаны знакаміты канцлагер для палітвязняў па ўзоры нацысцкіх лагераў. Умовы ў лагеры былі надзвычай цяжкія, бо работы вяліся ў забалочаным раёне Палесся. Больш за тое, наглядчыкі білі зняволеных і катавалі іх. Былі нават выпадкі калецтва і смерці зняволеных. Адміністрацыйныя ўлады без судовых пастаноў вырашылі размясціць туды людзей, якіх падазраюць у і прыналежнасці да сект і вярбоўцы ў іх, а таксама тых, хто адмовіўся ад ваеннай службы з-за хрысціянскага сумлення. Туды былі кінуты і Сведкі Іеговы, якіх памылкова абвінавацілі ў камуністычнай дзейнасці. Улады меркавалі, што гэтым самым яны зламаюць непапулярных Даследчыкаў Бібліі. Нягледзячы на жудасныя ўмовы лагера, ніхто з Даследчыкаў не адрокся ад сваёй веры. Паўсюдна яны ахвотна расказвалі іншым пра сваю надзею на Божае Валадарства Ісуса Хрыста. Яны лічылі пакуты за Хрыста вялікім прывілеем.

Нейкі паліцэйскі, які перавозіў у гэты лагер Сведкаў Іеговы, сказаў, што адзін Сведка распавядаў яму пра Божае Валадарства аж ад Сілезіі да Бярозы (каля 700 км). Паліцэскі ледзь не паверыў сабе і амаль адмовіўся ад таго, каб прывесці зняволенага ў гэты санацыйны лагер. Аднак страх перад пакараннем за невыкананне загаду ўзяў верх. Сведку Іеговы трэба было перадаць уладам лагера. Цікава, што гэты Сведка Іеговы мог уцячы, бо меў магчымасць зрабіць гэта. Але ён гэтага не зрабіў, бо хацеў пераймаць прыклад Ісуса Хрыста, які сказаў сваім вучням: «калі яны пераследавалі Мяне, яны будуць пераследваць і вас» (Яна 15:20). Паліцэйскі пачаў вывучаць Пісанне, у выніку чаго ён стаў Сведкам Іеговы разам з усёй сваёй сям'ёй, і пасля вайны ў гэтым горадзе ўзнік моцны сход.» (4).

Нягледзячы на гэта ў 1935 г. да Сведкаў Іеговы належылі 132 чалавекі ў Кобрынскім, Брэсцкім і Драгічынскім павеце Польшчы (5).

У 1936 г. у Польшчы быў забаронены часопіс Сведкаў Іеговы «Залаты век» (цяпер «Прачніцеся!»), а ў 1938 забаронена ўся дзейнасць Сведкаў Іеговы. Наступны год стаў часам, калі Заходняя Беларусь стала часткай СССР.

Падчас Другой сустветнай вайны

Фармальна ў СССР была свабода сумлення. Фактычна ў сталінскія часы рэлігійная дзейнасць нярэдка разглядалася як антыдзяржаўная і пераследвалася ў крымінальным парадку. Звесткі пра тое як Сведкі Іеговы перажылі першую хвалю сталінскіх рэпрэсій 1939-1941 гг., нацысцкую акупацыю Беларусі і аднаўленне сталінскіх рэпрэсій ў 1944 г. даволі сціплыя але ёсць.

Сайт даследчыка Л. Маракова паведамляе пра лёс аднаго чалавека: «Хілюта Венядзікт Пятровіч (1893, в. Старынцы Гродзенскага пав., цяпер Падляшскае ваяв., Польшча — ?), селянін-аднаасобнік, член секты „Сведкі Іеговы“. З бел. сялянскай сям’і. Быў жанаты, меў траіх дзяцей. Арыштаваны 24 кастрычніка 1940 года ў сваёй хаце. Асуджаны 14 чэрвеня 1941 года асобай нарадай НКУС за „антысавецкую агітацыю“ да 8 гадоў ППК. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму. Зноў арыштаваны 16 снежня 1957 года і асуджаны (разам з некаторымі іншымі членамі секты) па тым жа артыкуле. Далейшы лёс невядомы. Па першай справе (№ П-11942 захоўваецца з фотаздымкам у архіве УКДБ Гродзенскай вобл.) рэабілітаваны 13.7.1989, па другой 24.6.1960. Кр.: 5810. С. 402.» (6)


Мемарыяльная дошка Людвігу Брумеру.

3 снежня 1941 года ў г. Бабруйск быў растраляны 21-гадовы Людвіг Брумер, салдат Вермахта, які быў Сведкам Іеговы. Гэты мужчына хацеў пазбегнуць смяротнага пакарання за адмову ўдзельнічаць у вайсковай службе і спрабаваў служыць у медыцынскім аддзяленні нямецкай арміі, але праз некаторы час яго сумленне не дазволіла яму ўдзельнічаць у баявых дзеяннях і ён быў пакараны рашэннем ваенна-палявога суда. У родным горадзе Брумера, Гайдэльбергу, яму прысвечана мемарыяльная дошка, як ахвяры нацызму.

У лютым 1945 г. з вучэннем Сведкаў Іеговы пазнаёміліся Валянціна Гарноўская (1924-2001), якая пачала дзяліцца тым, што даведалася і неўзабаве была накіравана за гэта ў канцлагер у іншай частцы СССР. Пазней яна ахрысцілася як Сведка Іеговы (7). 

Аперацыя «Поўнач» і ратацыя Сведкаў у БССР

19 лютага 1951 г. міністр дзяржаўнай бяспекі СССР Абакумаў падрыхтаваў службовую нататку Сталіну аб падрыхтоўкі аперацыі па высяленню Сведкаў Іеговы з заходніх рэгіёнаў Савецкага саюза, у тым ліку і з БССР - 394 чалавекі (153 сям'і) і паведамляе, што згода сакратара ЦК КПб Беларусі Паталічава на гэта ўжо атрымана (8). Аперацыя па высяленню Сведкаў Іеговы ў Сібір увайшла ў гісторыю пад назвай «Аперацыя «Поўнач»» і была праведзена 8-9 красавіка 1951 г.

Пасля правядзення гэтай аперацыі, у выніку якой з БССР дэпартавалі каля 400 Сведкаў Іеговы і членаў іх сем'яў, у пачатку 1950-х у Беларусь вярнуліся некалькі чалавек, якія сталі Сведкамі Іеговы ў турме. Іх дзейнасць стала новым этапам гісторыі Сведкаў у Беларусі. Трэба зазначыць, што да пачатку Вялікай Айчыннай вайны прапаведніцкая дзейнасць Сведкаў ахоплівала пераважна Заходнюю Беларусь, бо нават пасля яе ўваходу ў склад БССР і СССР у 1939 г. мяжа з Усходняй Беларуссю працягвала дзейнічаць і жыхары абодвух частак БССР не маглі наўпрост ездзіць праз яе без асаблівага дазволу. Таму распаўсюджанне вучэнняў Сведкаў Іеговы па ўсёй Беларусі адносіцца ўжо да эпохі вяртяння зняволенных, якія сталі Сведкамі Іеговы ў турмах і лагерах пасля Аперацыі «Поўнач».

Адным з гэтых новых Сведкаў стаў Мікалай Бараноўскі (памёр у 2007 г?) з пасёлка Лясны пад Мінскам. Згодна савецкай крытыцы, М. Бараноўскі падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у нямецкай паліцыі, за што пасля вяртання савецкай улады атрымаў турэмнае пакаранне. У турме ён быў разам з кімсьці са Сведкаў Іеговы, якіх актыўна пераследвалі ў розных частках СССР за адмову ад вайсковай службы і прапаведніцкую дзейнасць, і сам стаў Сведкам Іеговы. Не магу даць гарантыю, што савецкія крытыкі пісалі праўду, але я асабіста ведаў гэтага мужчыну і, калі я аднойчы запытаўся ў яго як ён стаў Сведкам Іеговы, Мікалай неяк ухіліўся ад адказу, казаўшы, што ён быў падобны рымскаму афіцэру, які прызнаў ва ўкрыжаваным Ісусе Сына Бога. Гэты чалавек дапамог многім у 1950-1990-х гг стаць Сведкамі Іеговы і я яму асабіста ўдзячны за тое, як ён падбадзёрываў мне не кідаць намаганні весці высокамаральны лад жыцця. Акрамя яго былі і іншыя людзі, якія вярталіся з турмы з жаданнем прапаведваць сваю новую веру. Былі і тыя, хто пераязжаў з іншых рэгіёнаў СССР у Беларусь па сваіх прычынах і ўжо былі Сведкамі Іеговы. Усе гэтыя людзі сталі засноўваць сходы і групы другой хвалі Сведкаў Іеговы Беларусі.

У БССР 1960-1980-х гг.

У 1960-х гг. колькасць Сведкаў Іеговы на Беларусі пачала павялічвацца пераважна ў невялікіх гарадах. У 1972-76 гг. групы Сведкаў збіраліся ў пасёлку Ратамка пад Мінскам, у вёсцы Сноў Нясвіжскага раёна, у Рэчыцы, ў пасёлку Шаркаўшчына. У 1961 г. гродзенскі вучоны Марціросаў напісаў крытычную брашуру «Хто такія іегавісты», а ў 1972 і 1974 гг. розныя газеты БССР  «прайшліся» па жыццю і поглядах Сведкаў Іеговы, якія патрапілі ў поле зроку КДБ і міліцыі і атрымоўвалі за сваю рэлігійную дзейнасць турэмнае пакаранне ці штраф (9). Наяўнасць крытыкі дзейнасці Сведкаў Іеговы у СМІ БССР і напісанне адмысловай брашуры на беларускай мове гаворыць аб тым, што мясцовыя ўлады былі занепакоены іх актыўнасцю. Цікава і тое, што дзякуючы такой інфармацыйнай вайне частка беларусаў упершыню пачула пра Сведкаў Іеговы.









Крытыка Сведкаў Іеговы з элементамі паклёпу ў прэсе БССР 1970-х гг.

На 1979 г. у БССР было каля 70 Сведкаў Іеговы, з якіх прыкладна 20 пражывалі ў Мінскай вобласці (10). 

У 1980-х гг. Сведкі Іеговы Беларусі працягвалі сваю дзейнасць, нягледзячы на процідзеянне КДБ, міліцыі і нават праваслаўных святароў. У 1981 г. на рускай мове была выдадзена кніга «Иеговизм», мэта якой было сабраць усю наяўную інфармацыю пра гісторыю і сучаснасць беларускіх Сведкаў Іеговы для агітатараў атэізму. Перабудова і Галоснасць далі вернікам БССР крыху больш свабоды сумлення, але Сведкі Іеговы не маглі легальна праводзіць свае сустрэчы, набываць і мець рэлігійную літаратуру і дзяліцца сваімі поглядамі з іншымі. У 2000 г. у Барысаве мне давялося трымаць у руках рарытэтнае выданне «Вартавой вежы» 1988 г., надрукаванай на мімеографе ў школьным сшытку. На вокладцы сшытка была нейкая выява, а ў самім сшытку – артыкулы для штотыднёвага вывучэння на рускай мове. Звычайна ў той час такія сшыткі канспектавалі ад рукі. Падобныя выданні сустракаюцца і ў сем'ях тых, хто рабіў вобыскі ў Сведкаў Іеговы і забіраў «Вежу» ў асабістую бібліятэку.


Самвыдат Сведкаў Іеговы 1980-х гг. З асабістай бібліятэкі аднаго з паслядоўнікаў гэтай канфесіі.

У 1988 г. у Магілёве на сустрэчы Сведкаў Іеговы збіраліся каля 20 чалавек (11). Сведкі Іеговы збіраліся таксама на Віцебшчыне і ў Ратамцы пад Мінскам. Верагодна ў той час сходы Сведкаў Іеговы дзейнічалі амаль ва ўсіх буйных гарадах БССР, але колькасць беларускіх Сведкаў Іеговы была непастаяннай у БССР, а самі Сведкі пачалі публікаваць уласную статыстыку па Беларусі толькі ў 1996 г.

Беларускі рэлігійны «Рэнесанс» 1989-1999 гг і Сведкі Іеговы

У 1989-1990 гг. некаторыя Сведкі Іеговы з БССР маглі наведаць свае рэлігійныя кангрэсы за мяжой, як і іншыя савецкія Сведкі. У 1991 г. у Беларусі пачалася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, да якіх аднеслі і Сведкаў Іеговы, сутыкаўшыхся з процідзеяннем улады СССР іх вызнаванню сваёй веры. Але сапраўдную свабоду веравызнання яны, як і ўсе грамадзяне Беларусі атрымалі 17 снежня 1992 года, калі ў Рэспубліцы Беларусь быў прыняты Закон «Аб свабодзе веравызняння і рэлігійных арганізацыях», які даваў шырокі спектр свабоды кожнай канфесіі. 

Пасведчанне аб рэабілітацыі Яніны Грынцэвіч, Сведкі Іеговы з Гродненшчыны, якую пераследвалі за рэлігійныя погляды ў СССР. (12)

Пасля гэтага ў 1994 г. былі зарэгістраваны абшчыны Сведкаў Іеговы ў гг. Мінск, Гомель і Калінкавічы, а 14 красавіка 1997 г. зарэгістравана Рэлігійнае аб’яднанне Сведкаў Іеговы ў Рэспубліцы Беларусь, якое прадстаўляе інтарэсы вернікаў гэтай канфесіі ў Беларусі.

Кангрэс 1995 г. у Палацы спорту

У 1995 г. прайшоў першы кангрэс для ўсіх Сведкаў з Беларусі ў мінскім Палацы спорту. Пазней такія мерапрыемствы праводзіліся ў горадзе штогод у Палацы спорту 1996-1997 і на стадыёне «Тарпеда» ў 1998-1999 гг. 

Таксама ў першай палове 90-х беларускім аднавернікам дапамагалі польскія місіянеры, якія былі высланы з Рэспублікі ў сярэдзіне 1990-х калі змянілася рэлігійная палітыка дзяржавы: дазваляць толькі Беларускай Праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату карыстацца дапамогай місіянераў-неграмадзян РБ.

1990-1995 гг. сталі часам максімальнага росту колькасці Сведкаў Іеговы Беларусі. На 1996 г. іх было 1,5 тысячы. Спачатку з новымі прыхільнікамі праводзілі групавыя заняткі па вывучэнню Бібліі. Потым сталі навучаць новых індывідуальна альбо сем'ямі. Адзін са Сведкаў Іеговы, спартыўны журналіст Уладзімір Іваноў, які прыняў гэту веру ў пачатку 1990-х гг., дзяліўся мне незадоўга да сваёй смерці ў пачатку 2000-х: «У 1995 г. у мяне было 5 студый (індывідуальных вывучэнняў Бібліі  -- А.Б.; гэты тэрмін існаваў у 90-я гг., але не замацаваўся у тэрміналогіі Сведкаў Іеговы), а цяпер жадаючых не знайсці». Трэба зазначыць, што ў канцы 80-х і 1-й палове 90-х беларусы актыўна цікавіліся рэлігіяй і ў тым ліку нетрадыцыйнымі канфесіямі, якія зрабілі свой унёсак у распаўсюджанне Бібліі і адукацыі ў Беларусі і нават запусцілі радыё Бі-Эй, праіснаваўшае да 2023 г. На гэтым фоне натуральнай была і цікаўнасць да весткі Сведкаў Іеговы, а магчымасць прыходзіць з ёй па дамах, дзелавых аб'ектах турмах і інтэрнатах была ў той час неабмежаванай. 

Яшчэ рэлігійныя сустрэчы  Сведкаў Іеговы сталі месцам, дзе можна было ўбачыць элементы еўрапейскай пабытовай культуры. Для постсавецкага чалавека было прыемным шокам бачыць, што ў туалеце можа быць кавалак мыла і туалетная папера. І гэта было ў час эканамічнага крызісу, прытым, сярод Сведкаў і іх прыхільнікаў было мала заможных людзей  і ніколі не праводзілася адмысловых грашовых збораў.

У 1990-я былы першыя спробы перакладаць літаратуру Сведкаў Іеговы на беларускую мову. У 1997 г. пераклалі адзін буклет, у 2000 г. яшчэ адзін.

Самай вялікай праблемай у гэты час заставалася адсутнасць альтэрнатыўнай грамадзянскай службы: вернікаў прызыўнога ўзросту па-ранейшаму маглі адправіць ў турму ці ў месца абмежавання свабоды адкрытага тыпу, ці выпісаць штраф за адмову праходзіць вайсковую службу (13).

Сведкі Іеговы ў Беларусі ў 2000-2019 гг: дасягненні і цяжкасці

З 2000 г.  у Беларусі пачалася палітыка абмежавання неправаслаўных канфесій у правах і магчымасцях. З гэтага часу да 2011 г. мінскія Сведкі Іеговы мелі рэгулярныя праблемы з арэндай памяшканняў пад сустрэчы сходаў і нярэдка не маглі атрымаць дазвол на правядзенне абласных кангрэсаў у сталіцы. Часта праводзілі іх у Жодзіна. У абласных цэнтрах у гэты час кангрэсы праходзілі з меншай колькасцю абмежаванняў. Згодна Закону РБ «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях» ад 31.10.2002, ускладніўся працэс рэгістрацыі рэлігійных абшчын, што дало магчымасць чыноўнікам некаторых беларускіх гарадоў адмовіць мясцовым абшчынам Сведкаў Іеговы ў рэгістрацыі і гэта магло выкарыстоўвацца як нагода адмовіць у праве на правядзенне рэлігійных сустрэч. Праўда вядомы толькі некалькі выпадкаў, калі гэта прыводзіла да зрываў сустрэч: Гомель (2009) і Барысаў (2014), калі сустрэчы спынялі, а арганізатараў штрафавалі. У Светлагорску ў лютым 2013 г. раённы суд спыніў справу ў дачыненні да Дзмітрыя Лябедзькі, які быў абвінавачаны ў 2011 годзе ў правядзенні сходу Сведкаў Іеговы без дазволу. Але ў сакавіку 2013 г. суд таксама пастанавіў, што Лябедзька павінен выплаціць штраф у памеры каля 100 $.

Але пры гэтым у азначаны час не было адзінай палітыкі стаўлення чыноўнікаў да неправаслаўных вернікаў, і многае залежыла ад асабістых поглядаў пэўнага чалавека на тым ці іншым месцы. Таму ў 2001-2002 гг. былі пабудаваны першыя 3 Залы Царства, да гэтага часу ўсе сустрэчы праходзілі толькі ў арэндаваных памяшканнях. У адным выпадку, які цяжка вызначыць па часе і горадзе, Сведкі Іеговы далі прадстаўнікам міністэрства аховы здароўя свой фільм аб альтэрнатывах пераліванню крыві. У выніку быў праведзены спецсемінар, дзе гэты фільм праглядзелі многія медыкі таго горада.

У познія 2000-я пра дзейнасць Сведкаў Іеговы пачалі з'яўляцца рэпартажы ў недзяржаўных СМІ, і гэтыя рэпартажы паклалі канец традыцыі пісаць толькі дрэннае пра гэту канфесію і не даваць яе прадстаўнікам слова.

У 2011 г. быў дазволены кангрэс для ўсіх Сведкаў Іеговы ў Беларусі (упершыню з 1999 г.) на мінскім стадыёне «Трактар». На кангрэс прышло некалькі тысяч чалавек, што перавышала звычайную колькасць наведвальнікаў футбольных матчаў, і пра мерапрыемства напісалі не толькі самі Сведкі Іеговы, але і буйныя недзяржаўныя СМІ.


Артыкул пра кангрэс 2011 г. у «Прачніцеся!» за сакавік 2013 г.


Відэа пра кангрэс 2017 г.


У сярэдзіне 2010-х  гг. у Сведкаў Іеговы Беларусі пачаўся этап росквіту іншамоўных груп: акрамя сустрэч на рускай і рускай жэставай мовах пачалі праходзіць сустрэчы на кітайскай і англійскай, а пазней і на іспанскай. У 2015 г. сталі праходзіць асобныя пункты сустрэч на беларускай мове. У нядзелю 7 лютага 2016 г. у арэндаваным памяшканні на вул. Катоўскага, 56 у Мінску першы раз адбылася рэлігійная сустрэча, якая поўнасцю прайшла на беларускай мове, а 23 сакавіка 2016 г. у тым жа месцы прайшло святкаванне Вячэры Гасподняй на мове Купалы і Коласа.

Мае сыны на першай беларускай Вячэры.

Катоўскага, 56 у Мінску пасля апошняй сустрэчы пры завяршэнні арэнды ў 2018 г. Тут праходзілі першыя сустрэчы Сведкаў Іеговы на беларускай мове.

Мае дзеці на фоне прывітальнага стэнда на рэгіянальным кангрэсе 2017 г.

Прыкладна ў гэты ж час у 2014 г. былі перакладзены некаторыя новыя публікацыі на беларускую мову і створана беларуская старонка на сайце Сведкаў Іеговы. Гэта дарэчы праходзіла ў духу часу: у Беларусі расла цікавасць людзей да нацыянальнай мовы і з'яўляліся розныя праекты па яе папулярызацыі.

Таксама у 2013-2014 гг. пачалася эра лічбавізацыі рэлігійнай дзейнасці Сведкаў. Усё менш увагі надзялялася друку кніг, брашур і перыёдыкі і ўсе больш увагі стварэнню старонак на сайце і відэакантэнта. З 2015 г. трохдзённыя кангрэсы сталі суправаджацца вялікай колькасцю відэаролікаў, а раней «вішэнкай на торце» былі не фільмы і відэа, а раздача новых друкаваных публікацый і касцюміраваная драма. Паступова нават пажылыя вернікі абзавяліся планшэтамі і смартфонамі, і пачалі актыўна карыстацца электроннымі рэсурсамі арганізацыі на сустрэчах і ў прапаведніцкім служэнні. У Наваполацку, калі адна даволі пажылая Сведка паказала юнаку, як заходзіць на сайт арганізацыі праз кью-ар код, то пачула ад яго такі камплімент: «Ну ты крутая бабка!».

У 2010-х былі і пэўныя непрыемнасці. 2 лютага 2012 г. упаўнаважаны Камітэта па рэлігіях і нацыянальнасцях Беларусі Л.П. Гуляка заявіў сярод іншага, што некаторыя абшчыны Сведкаў Іеговы могуць быць пазбаўлены рэгістрацыі за пэўныя парушэнні. У СМІ прайшла рэакцыя: Сведкаў Іеговы збіраюцца забараніць. Не атрымалася дакладна высветліць што сп. Гуляка меў на ўвазе, але гэта сітуацыя ніяк не змяніла палажэнне спраў у Беларусі. У гэты ж час сталі публічна вядомы намаганні аднаго з праціўнікаў Сведкаў Іеговы дабіцца пазбаўлення сваёй жонкі бацькоўскіх правоў па прычыне яе прыналежнасці да Сведкаў Іеговы. Гэта і падобныя гісторыі падымаліся ў недзяржаўных СМІ у сярэдзіне дзясятых, але нярэдка Сведкам Іеговы давалі магчымасць прадставіць сваю версію скандальнай сітуацыі. 25 жніўня 2014 г. адбылася трагедыя, у сувязі з якой былі намаганні выставіць Сведкаў Іеговы монстрамі: непаўналетні пасынак аднаго са Сведкаў Іеговы ў Рэчыцы скончыў жыццё самагубствам у Зале Царства. Следства даказала, што гэта было самагубства па асабістых прычынах, не звязанае з нейкім ціскам на падлетка з боку бацькоў ці іншых Сведкаў Іеговы. (У гэты ж час скончыў жыццё самагубствам тым жа спосабам адзін з маіх праваслаўных суседзяў, але ніхто не абвінавачваў у яго смерці Праваслаўную царкву, бо сваіх не б'юць). У 2016-18 гг. яшчэ некалькі  Сведкаў Іеговы сутыкнуліся з праблемамі: у Рагачове, Гродне і Лагойску іх штрафавалі за прапаведніцкую дзейнасць. Праўда гэта было рэдкасцю: звычайна міліцыя проста правярала дакументы, калі яе выклікалі на Сведкаў Іеговы і адпускала іх. Праблемай магло быць выкарыстанне стэндаў у грамадскіх месцах, якое магло разглядацца як пікетаванне без адпаведнага дазволу. Прыкладна ў 2013 г быў яшчэ выпадак дэпартацыі некалькіх Сведкаў Іеговы, якія прыехалі з Украіны ў нейкі горад прапаведаваць. У снежні 2017 г. пасля таго як у Расіі забаранілі структуры Сведкаў Іеговы, у інтэрнэце распаўсюджвалася петыцыя з заклікам правесці экспертызу дзейнасці Сведкаў Іеговы ў Беларусі, але яна набрала толькі крыху больш за сотню подпісаў і скончылася нічым. Гэта сітуацыя паказала 2 тэндэнцыі таго часу: 1. у дзясятыя фарміравалася нейкая грамадзянская супольнасць беларусаў, спробы вырашаць розныя пытанні самі і ініцыяваць пэўныя законы; 2. да Сведкаў Іеговы большасць беларусаў ставілася і ставіцца абыякава-нейтральна.

У 2015 г. быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай службе, у наступным годзе аштрафавалі аднаго са Сведкаў, які адмовіўся ад вайсковай службы, але потым у большасці вернікаў гэтай канфесіі праблем з атрыманнем альтэрнатыўнай службы не было, ведаю толькі адно выключэнне ў 2019  (14) і яшчэ адно ў 2022 г.

У 2018 г. быў надрукаваны навуковы артыкул рэлігіязнаўцы Алега Дзячэнкі «Сущность и тенденции развития иеговизма в современной Беларуси» (Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова №2 (52) 2018, с. 76-81) які адзначыў адыход беларускага рэлігіязнаўства ад уплыву праваслаўнай тэалогіі ў бок свецкай навукі. Прычым, гэту эвалюцыю можна прасачыць на працах самога Дзячэнкі, які неаднаразова пісаў пра новыя рэлігійныя рухі Беларусі. У артыкуле 2018 г. адзначаецца, што крытыка Сведкаў з боку Беларускай праваслаўнай царквы носіць больш тэалагічны характар, але выглядае як барацьба з грамадскай небяспекай. Таксама там адзначалася: «У той жа час аб'ектыўных доказаў проціпраўнай дзейнасці іегавістаў яўна недастаткова, для прыняцця судовага рашэння, тым больш, што ў Беларусі на працягу амаль 10 год праводзіцца працэдура дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспертызы выданняў, увозімых у краіну рэлігійным аб'яднаннем Сведкаў Іеговы. За ўвесь час толькі два наймення рэлігійнай літаратуры не былі дазволены да ўвозу і распаўсюджанню ў іегавісцкіх абшчынах. У астатнім часопісы «Вартавая вежа», «Прачніцеся», буклеты і брашуры на розныя тэмы, кнігі рэлігійнага зместу распаўсюджваюцца сярод насельніцтва падчас так званай «піянерскай» работы, бо не маюць прызнакаў экстрэмізма. Такім чынам, абвінавачванні іегавістаў у экстрэмізме з'яўляюцца безгрунтоўнымі і адлюстроўваюць расійскі сцэнарый процідзеяння распаўсюджанню іегавізма ў грамадстве.» (с. 80).

Самаізаляцыя 2020-2022 гг і выхад з яе

Калі пандэмія кавіда ахапіла Беларусь, Сведкі Іеговы ва ўсім свеце перавялі сваю рэлігійную дзейнасць у максімальна бескантактны варыянт. Сустрэчы, якія раней для нямоглых і занятых запісвалі ў 2000-х або трансліравалі па сотавай сувязі ці інтэрнэт-радыё ў 2010-х, поўнасцю перайшлі ў Zoom і некаторыя іншыя варыянты відэаканферэнц-сувязі з сярэдзіны сакавіка 2020 па канец сакавіка 2022 г. А прапаведніцкая дзейнасць перайшла ў фармат напісання лістоў і тэлефанавання знаёмым і незнаёмым людзям з сакавіка 2020 па пачатак лета 2022 г. З гэтай жа прычыны кангрэсы праходзілі ў запісу ці відэасувязі да лютага 2023 г.

Хрышчэнне новых вернікаў падчас пандэміі праводзілася ў ваннах альбо маленькіх басейнах у дварах сябдзібнай забудовы з захаваннем супрацькавідных мер. На фота хрышчэнне ў Барысаве летам 2020 г.

Трэба зазначыць, што з аднаго боку змена фарматаў дала частцы вернікаў пашырыць свае магчымасці і выкарыстанне Zoom засталося неад'емнай часткай правядзення большасці рэлігійных сустрэч. З другога боку пандэмія і крызіс, які пачаўся ў тым жа годзе прывялі да скарачэння колькасці веснікаў на 1% у перыяд паміж восенню 2021 і вясной 2022 г. Гэта быў першы раз пасля 1996 г., калі колькасць актыўных Сведкаў Іеговы пайшла ў мінус. Магчыма, што віной таму стала невызначаная колькасць памерлых падчас пандэміі і маштабная міграцыя з Беларусі па палітычных і эканамічных прычынах.

Калі падчас пандэміі бальніцы былі перапоўнены кавіднымі хворымі, медыкі са Сведкаў Іеговы і сантары, якія праходзілі альтэрантыўную службу, былі на перадавой у гэтай барацьбе.

У час самаізаляцыі 2020-22 гг. Сведкі Іеговы з Расіі ўпершыню суыкнуліся з арыштам на тэрыторыі Беларусі. М. Махалічаў (2020) і А. Ланшакоў (2021) правялі па некалькі тыдняў у беларускіх СІЗА, але беларуская Генеральная пракуратора адмовілася выдаць іх Расіі па прычыне таго, што іх рэлігійная прыналежнасць не супярэчыць законам РБ.

Падчас палітычных хваляванняў 2020 г. некаторыя вернікі сутыкаліся з ціскам прыняць удзел у забастоўках. У двух выпадках вернікі мусілі звольніцца з работы па прычыне ціску забастоўшчыкаў. Яшчэ адзін мусіў закрыць свой творчы праект з-за цкавання за палітычны нейтралітэт. Але не меншы ціск бываў (і пакуль бывае) з боку праўладных актывістаў. У Гродне быў выпадак, калі кандытар адмовілася рабіць торт у колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі па рэлігіійных матывах. У выніку праўладныя актывісты заклікалі зачыніць кандытарскую за гэта і абвінавачвалі ў падтрымцы пратэстаў, а пратэстна настроеныя беларусы ўбачылі ў гэтым салідарнасць з пратэстам, хоць адмова рабіць торт была палітычна нематываванай. У выніку кандытарская была зачынена. Не магу сцвяджаць дакладна, але мяркую, што кандытар была Сведкам Іеговы, бо Сведкі Іеговы вядомы сваім прынцыповым няўдзелам у црымоніях шанавання сцягу.

Нягледзячы на некаторыя абмежаванні рэлігійных свабод Сведкі Іеговы працягваюць сваю дзейнасць у Беларусі праз сто год з сустрэчы ў Домачава. Некаторыя з іх вызнаюць сваю веру ў другім ці трэцім пакаленні, але большасць цяперашніх Сведкаў Іеговы з тых, хто стаў імі ў 1990-я і 2000-я гг. Сярод беларускіх Сведкаў ёсць і людзі рабочых прафесій, і бізнесмены, і настаўнікі, і кандыдаты навук, і дзеячы культуры, медыкі, журналісты. 

Некалькі год таму, калі ў Расіі пачалося пераследванне Сведкаў Іеговы, я пісаў, што наўрадці Беларусь пойдзе шляхам сваёй усходняй суседкі. З таго часу Беларусь і Расія значна зблізіліся па шматлікіх пытаннях. Ці будуць Сведкі Іеговы забаронены ў Беларусі? Пакуль ніякага інфармацыйнага фона на гэты конт у СМІ РБ няма, а перад нейкімі маштабнымі рашэннямі ўрада звычайна ствараецца адпаведны інфармацыйны фон. Тым не менш, нават калі нешта падобнае здарыцца, наўрадці тысячы беларускіх вернікаў адмовяцца збірацца разам, гаворыць аб сваёй веры з іншымі, чытаць Біблію ці выхоўваць дзяцей адпаведна сваім прынцам. Сведкі Іеговы Беларусі перажылі польскі аўтарытарызм, нацысцкую акупацыю, сталінскія рэпрэсіі, постсталінскі ціск з боку дзяржавы, перажылі абмежаванні рэлігійнай свабоды, паклёпніцкія кампаніі ў СМІ, абыякавасць людзей да іх весткі. Значыць перажывуць і магчымыя выклікі ў далейшым.

Зноскі

(1) C.T. Russell. Memorial Report // Watchtower, June 15, 1923, p 218, 223

(2) C.T. Russell. Memorial Report for 1924 // Watchtower, July 15, 1924, p 218

(3) Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці: фонд 1, воп. 10, дак. 1313, л. 30-31 цыт па: Иеговизм., ред. М.Я. Лянц. Мн: "Наука и техника", 1981, с. 15

(4)  Aleksandra Boczek. Kroczyliśmy wąską drogą. Wspomnienia Jana i Ireny Otrębskich, Wydawnictwo A Propos, s. 31, 32 , ISBN 978-83-63306-14-4

(5) Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці: Ф Р-1, оп. 2, д. 2315, л.116; ф р-59, оп. 1, д. 1941, л. 1-4 цит. по: Иеговизм., ред. М. Я. Лянсу Мн.: Наука и техника, 1981, с.14-15

(6) ХІЛЮТА Венядзікт Пятровіч на сайце Л. Маракова. Кр.: 5810. С. 402.

(7) Ежегодник Свидетелей Иеговы за 2008 г., с 191

(8) "О необходимости выселения из западных областей Украины и Белоруссии, Молдавской, Латвийской, Литовской и Эстонской ССР участников антисоветской секты иеговистов и членов их семей" Записка МГБ СССР 19 февраля 1951 г. В.С. Абакумов Сталину И.В. Архив Президента РФ ф. 3, оп. 58, д. 180, л. 52-53 цит по: М.И. Одинцов. Совет Министров постановляет: "выселить навечно". Сборник документов и материалов о Свидетелях Иеговы в Советском союзе (1951-1985). М. 2002, с.44-45

(9) Саснок А. Ядавітае павуцінне // Дняпровец, 13 кастрычніка 1972, с.4; Зайцава З. Галоўны сведка // Гомельская праўда, 21 кастрычніка 1972, с.2; Мартыненка М. Злоўлены павук //Звязда, 18 жніўня 1974, с.2; Купчэня Т. Чые яны Сведкі? // Звязда, 18 лістапада 1974 г., с.4; Вдовиченко П. Кому служат Свидетелеи Иеговы?// Гродненская правда 7 августа 1976, с.2-3.

(10) Материалы уполномоченного по делам религиозных культов по Минской области за 1979 г. цит. по: Иеговизм под ред. М.Я Лянсу, Минск: "Наука и техника", 1981, с. 17.

(11) Дьяченко О. В. Иеговизм и иеговисты в Могилевской области в 1988—2018 гг. Электронный архив библиотеки МГУ им. А. А. Кулешова, с. 84-86.

(12) Свидетели Иеговы в Беларуси. Буклет. 2013.

(13) 6.11.1999 быў аштрафаваны Дзмітрый Смык гл.: Ежегодник Свидетелей Иеговы за 2011 г. с.22-23.

(14) "Беларусь. Проблемы религиозной свободы. Заявление Европейской Ассоциации Свидетелей Иеговы". Human Dimension Implementation Meeting, ОБСЕ, Варшава, 16-27 сентября 2019.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...