22.12.2024

Вуліцы Мінска, назвы якіх звязаны не з тым, што многія думаюць

 У Мінску ёсць некалькі маленькіх вуліц, паходжанне назвы якіх могуць камусьці здавацца не тым, што ёсць насамрэч. Спецыялісты па гісторыі Мінска ведаюць пра што я пішу, але мой блог чытаюць не толькі спецы. А спецыялістам могуць быць цікавымі свежыя фоткі гэтых вуліц.

Вуліца Караткевіча

Побач з "Мінск-Светам" знаходзіцца вуліца не звязаная з выбітным беларускім пісьменнікам.

Від на вуліцу з боку скрыжавання з Аэрадромнай і Чкалава.

На доме 2 мемарыяльная таблічка, дзе прама гаворыцца, што вуліца названа ў гонар мінскага падпольшчыка часоў Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыя Караткевіча.

Дом 4 з'яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю, бо адносіцца да комплексу будынкаў першага аэравакзала беларускай сталіцы (1920-1930 гг.)

Дом 8 таксама мясцовая славутасць: мемарыяльны знак на яго сцяне нагадвае, што тут у 1946-48 гг. жыў Васіль Сцяпанавіч Паўзуноў, заслужаны пілот СССР і герой сацыялістычнай працы, які кіраваў палётамі ў суседнім аэрапорце "Мінск-1".

Дом 8А вылучаецца незвычайнымі формамі афармлення фасада. Увогуле гэта элемент навізны на старой вуліцы.

Незвычайна і афармленне даху дома 7.  Справа на заднім плане можна ўбачыць дом 7А з крэатыўнай афарбоўкай фасада.

Дом 12 праходзіць рэканструкцыю фасада.

А ў доме 11 незвычайна аформлены вышак на даху і назіраецца разнастайнасць форм аконных праёмаў.

Дарэчы, каб адзначыць у мінскай тапаніміцы памяць пісьменніка Уладзіміра Караткевіча зусім неабавязкова пазбавіць памяці яго аднафамільца часоў ВАВ. Большасць гарадскіх вуліц, якія названы ў гонар пэўных людзей, называюць па прозвішчу адпаведнай асобы: вул. Мележа, Сыракомлі... Але ў Мінску ёсць вуліца Леаніда Бяды, якую ніколі афіцыйна не называюць проста "вуліца Бяды", відавочна, каб не было блытаніны: "якой яшчэ бяды?" Аналагічна можна было б мець вуліцы Дзмітрыя Караткевіча і Уладзіміра Караткевіча ў адным горадзе з канкрэтызацыяй пры дапамозе ўзгадвання не толькі прозвішча, але і імя адпаведнай выбітной асобы.

Лістапад 2024 г.

Вуліца 3 верасня

Нягледзячы на асацыяцыі з днём Шуфуцінскага да песні пра 3 верасня назва вуліцы не мае дачынення. Вуліца названа ў гонара дня перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Пачатак вуліцы. Від на скрыжаванне з 1-м Загарадным завулкам.



Дамы 1 і 3.

Адразу пасля скрыжавання з Пінскай вуліцай на цотным баку пачынаецца сядзібная забудова, якую многія асацыююць з гэтай вуліцай...

... але насупраць гэтай забудовы стаіць шматпавярховы дом дзелавога прызначэння.

Дом 14 у гульне святла і ценю. Дарэчы яго фасад мае некалькі цікавых элементаў аздаблення.

Суседні дом, які тэхнічна адносіцца да вул. Гусоўскага, таксама патрапіў у гульню святла і ценю.

Каля дома 14 можна ўбачыць калонку для вады, здаецца адзіную не нумараваную ў гэтым раёне.

За скрыжаваннем з вул. Гусоўскага пачынаецца толькі прыватны сектар па абодва бакі вуліцы.

Сядзібны Мінск і стыхійныя паркоўкі.

Здаецца, менавіта гэты сціплы дом выкарыстоўваюць ў інтэрнэт-мемах у пра вуліцу імя песні Шуфуцінскага.

Цікавы момант я заўважыў менавіта на вуліцы 3 верасня: мясцовы "аўтапарк" часта ўключае ў сябе электрамабілі. Увогуле, у апошнія гады сустрэць 2, а то і 3 электракары ў адным месцы ў Мінску - не дзіва, але ў раёнах сядзібных забудоў машына з электрарухавіком можа мець сваю перавагу: яе можна зараджаць у сваім гаражы. Не ведаю колькі плацяць за электрычнасць жыхары прыватных дамоў, але ёсць магчымасць, што такім чынам уласны электратранспапрт абыходзіцца значна танней за машыны з рухавіком унутранага згарання.

Таксама архітэктурнае афармленне дамоў, як і ў іншых прыватных сектарах, радуе вока сваёй разнастайнасцю.

На няцотным баку хтосьці упрыгожыў свае аканіцы кветкамі.


Дом 21, дзе фірма "Блэк рум" праводзіць квесты і мае сваю музейную экспазіцыю, здаецца, адзіны, дзе адрас пазначаны на рускай мове.

Апошні дом на цотным баку вуліцы выглядае даволі сціпла...

А насупраць сціплай хаткі вуліцу 3 верасня завяршае вось такі церамок.

Скрыжаванне вул. 3 верасня з 4-м Загарадным завулкам.

На гэтым скрыжаванні я ўпершыню ўбачыў нумараваную калонку для вады. Гэта - № 162. Спачатку я думаў, што гэта асаблівасць квартала вакол вуліцы 3 верасня, але  наступная мая паездка паказала, што нумаруюць і іншыя калонкі ў раёнах сядзібнай забудовы сталіцы.

Снежань 2024 г.

Партызанская вуліца

Некаторыя даследчыкі гісторыі Мінска звярнулі ўвагу на факт, што назва гэтай вуліцы звязана не з Вялікай Айчыннай вайной, а з тым, што ў постсавецкай гістарыяграфіі вядома як савецка-польская вайна  (1919-21 гг.). Паводле шэрагу дадзеных, вуліцу назвалі ў гонар партызан вёсак Козырава, Сеніца і Калядзічы, якія ваявалі супраць палякаў у канцы 1919 г. - пачатку 1920 г., былі выкрыты польскай дыфензівай і растраляны. Праўда, падчас Вялікай Айчыннай у раёне Партызанскай вуліцы дзейнічалі падпольшчыкі і недалёк ад гэтай вуліцы стаіць помнік выбітным падпольшчыкам братам Санько, а таксама знаходзяцца Козыраўскія могілкі, дзе яны пахаваны. Аднак вуліца прысвечана партызанам часоў стогадовай, а не васьмідзесяцігадовай даўніны.

Школа № 54 на скрыжаванні вул. Сонечнай і Партызанскай.

А па другі бок вуліцы - цотныя дамы сядзібнай забудовы Партызанскай вуліцы.

Каля дома 2 стаіць нумараваная калонка для вады. Праз поўгадзіны я ўбачыў як хлопец-падлетак з аднаго з суседніх дамоў набіраў ваду ў ведра і нёс дамоў.

У гэтым доме гаспадары тапілі печку і пах дыму ствараў уражанне, што з горада я патрапіў у вёску ці маленькі гарадок.


Прыватны сектар стаіць на фоне хамарачосаў "Мінск-Света", паміж гэтымі дзвюма рэаліямі майго горада ляжыць чыгунка і яшчэ пару вуліц.

Сучасныя шматпавярховыя дамы на няцотным баку вуліцы адносяцца да суседніх вуліц: Аўрораўскай і Балтыйскай.

Сядзібная забудова перарываецца невялікім паркам для выгула сабак. У разрыў забудовы трапляецца канструкцыя па-над чыгуначным палатном.
На першы погляд здаецца, што гаспадары ляпілі плот з таго, што было пад рукой, але квартал дажывае свае апошнія гады, і яго жыхары відавочна імкнуцца да мінімалізму.

З боку школы №54 наадварот уздоўж дарогі пасадзілі дрэвы, як унёсак у будучую прыгажосць вуліцы. Спадзяюся, што тут будзе шумець ліства :)

Праз скрыжаванне з Аўрораўскай

Каля скрыжавання з Балтыйскай вул. прыватны сектар выглядае закінутым.

Скрыжаванне з вуліцай Балтыйскай. І яшчэ адна пітная калонка.

Нягледзячы на вонкавую закінутасць прыватнага сектара паміж Аўрораўскай і Балтыйскай, там ёсць руплівыя гаспадары. Так хтосьці абараняе маладыя дрэвы ад грызуноў.

А гаспадары дома 22 пазначылі свой адрас на беларускай мове, надрукаваўшы яго на прынтары і і прымацаваўшы ў файле на дзвярах. Рэспект за мову і крэатыўны падыход!

Дамы 26-32 абнесены зялёнай сеткай. Відавочна хутка тут будуць хмарачосы "Мінск-Свету" і можа быць Партызанская вуліца знікне, як і іншыя вулачкі ля старога аэрапорта, праглынутыя новым кварталам.

Скрыжаванне з Барадзінскай вуліцай. У кадр патрапіў пункт збору другаснай сыравіны, куды час ад часу ідуць "паломнікі" са слядамі ўжывання алкаголю на твары.

Від на Партызанскую з боку скрыжавання з Барадзінскай. 

Камусьці можа быць не даспадобы 18 фотак малавядомай вуліцы ў дэпрэсіўнае снежаньскае надвор'е. Але яны могуць стацца апошнім напамінам пра вуліцу і квартал, якія могуць знікнуць у бліжэйшыя гады. Безумоўна, сонечны снежань на вуліцы 3 верасня можа сабраць больш падабаек, чым туманны і пахмурны канец года на Партызанскай. Але і ў такое надвор'е ёсць свая рамантыка сядзець у доме каля печкі, глядзець на надвор'е за акном і слухаць цягнікі на чыгунцы пад каву ці чай. Або ўяўляць сабе як гэта робяць гаспадары :)

Таксама апошнія 2 вуліцы паказалі які бясснежны стаў снежань за апошнія 20 год.

Снежань 2024 г.

Калі не пазначана інакш, усе фотаздымкі зроблены А. Берастоўскім

27.11.2024

Беларусь у палоне хай-тэка: працяг тэмы

 Час паказаў, што тэма, пра якую я пісаў амаль 10 год таму, мае свой працяг у бягучым дзясяцігоддзі. Звернем увагу на некалькі тэндэнцый у сферы тэхналогій, якія зрабілі 2020-я гг. непадобнымі на папярэднія.

Касы і тэрміналы самаабслугоўвання

Хтосьці можа казаць, што банкаўскія інфакіёскі з'явіліся ў Беларусі хутка пасля банкаматаў, ды і самі банкаматы давалі магчымасць разгрузіць супрацоўнікаў банкаў і пошты. Можна згадаць і пра паркоўкі самабслугоўвання 2010-х і іншы хай-тэк, які выконвае працу за жывых людзей. Але менавіта ў 2020-х гг. магазіны пачалі актыўна ставіць шалі самаабслугоўвання і касы самаабслугоўвання. Калі спачатку гэта было толькі ў буйных магазінах і толькі для пакупнікоў з плацёжнымі карткамі або прыкладаннем "Аплаці", то неўзабаве нават пакупнікі з наяўнымі грошамі атрымалі магчымасць не стаяць у чарзе да жывога касіра.

Прылада для папаўнення бескантактавых праязных білетаў на прыпынку каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праўда, спачатку трэба праз АРІП аплаціць за праезд, а потым прыкладваць карту праязнога. Чэрвень 2021 г.

Каса самабслугоўвання ў "Кароне" (Мінск, пр. Незалежнасці, 154) прымае манеты і банкноты, а не толькі карткі і мабільныя прыкладанні. Ліпень 2024 г.

Паштамат самабслугоўвання на Ложынскай вуліцы ў Мінску. Люты 2024 г.

Капіравальна-друкавальны апарат самаабслугоўвання ў БДУІР. Фота 2021 г.

Апарат па продажу квіткоў на цягнік ля вакзала "Мінск-Пасажырскі" прымае і карткі, і наяўныя. Фота 2021 г.

Апарат па продажы аптэчных безрэцэптурных тавараў у будынку вакзала "Мінск-Пасажырскі". Фота 2022 г.

Кавярня самаабслугоўвання ў БДУІР. Здымак зроблены ў лістападзе 2024 г.

Апарат па продажу кантактных лінз у будынку магазіна "Санта". Мінск, пр. Газеты Праўда, 20. ЛІстапад 2024 г.

На 2-м паверсе ГЦ "Гермес" (Мінск, вул. Казінца 11а) да кавярні самаабслугоўвання дадалі кіёск для продажу прысмакаў праз адмысловае мабільнае прыкладанне. Лістапад 2025 г.

Ужо сустракаў думкі ў публіцыстыцы, што прафесія прадаўца ідзе да знікнення, але пакуль ў Мінску ёсць толькі адзін магазін самаабслугоўвання, і там працуюць аператары, каб сачыць за парадкам і дапамагаць пакупнікам пры збоях на касе. Таму пакуль можна гаворыць пра скарачэнне попыту на жывых прадаўцоў і частковую замену іх машынамі. 

Яшчэ адна сфера, якую пачынае закранаць сфера самаабслугоўвання -- гэта бібліятэкі папяровых кніг. У Беларусі пакуль гэта выражана ў форме буккросінга, калі не лічыць забойцай бібліятэк інтэрнэт. Але буккросінг пераважна выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад непатрэбных кніг (ці кніг увогуле), а не абмену адных кніг на іншыя, як задумвалася ідэя, і, калі пункт доступу да такіх кніг знаходзіцца ў адкрытай шырокай публіцы прасторы, то кнігі нярэдка дастаюцца збіральнікам макулатуры, а не бібліяфілам. Тым не менш, ў больш развітых краінах сустракаюцца бібліятэкі самаабслугоўвання, дзе чытачы па сваіх білетах атрымоўваюць папяровыя кнігі ў часовае карыстанне і вяртаюць іх у такія бібліятэкі праз вызначаны час. Калі гэта з'ява праз некалькі год будзе ў РБ, то працы жывых бібліятэкараў будзе кінуты выклік. Зразумела, і тут машыны не заменяць жывых людзей адразу, а толькі пасадзейнічае скарачэнню працоўных месцаў. І хуткасць такога скарачэння можа быць вышэй, бо ў магазіны людзі ходзяць часцей, чым у бібліятэку, і на прадаўцоў попыт застанецца вышэй.

Бум маркетплейсаў

Мяркую, гэта асобны пункт, хоць моцна звязаны з папярэднім і наступным. Маркеплейс, як прастора інтэрнэту, дзе прадавец сустракаецца з пакупніком на агульнай віртуальнай пляцоўцы, якая зарабляе на пасрэдніцтве і дастаўцы тавараў ад прадаўца пакупніку, варта адрозніваць ад беларускіх інтэрнэт-гіпермаркетаў кшталту "ХХІ веку" ці сайтаў камерцыйных аб'яў такіх як "Куфар".

Маркетплейс "Вайлдберыз" або "ВБ" прыйшоў у Беларусь яшчэ ў сярэдзіне 2010-х гг., але ў 2020-х гг. яго пункты выдачы разрасліся па Мінску, а таксама з'явіліся нават у невялікіх населеных пунктах па ўсёй краіне. У "дзясятых" там куплялі пераважна вопратку і абутак, а цяпер там можна заказаць і канцылярскія тавары, і бытавую хімію і шмат чаго яшчэ.

Наколькі мне вядома, уся праца па кіраванні пунктаў продажу ідзе бізнесменамі, якія не працуюць непасрэдна на "ВБ", а купляюць пункт і права ім карыстацца і могуць перапрадаць іншым камерсантам. Пункт кіруецца праз мабільнае прыкладанне ў тэлефоне. Пад Мінскам ёсць аптовы склад гэтага маркетплейса, дзе грузчыкі (пераважна студэнты) сартыруюць заказы для перадачы на больш дробныя склады. Камунікацыя супрацоўнікаў ідзе праз суполкі ў Тэлеграме, а справаводства -- праз мабільнае прыкладанне. Усё гэта значыць гібкасць магчымасцяў працаваць, адмову ад бюракратызму (у значнай ступені) пры захаванні адказнасці перад спажыўцамі, і, вядома, магчымасць купляць тавары з розных краін свету за даступныя беларусам цэны.

Асноўным канкурэнтам "ВБ" стаў маркетплейс "Азон" што спарадзіла мем:

Аднак "Еўраторг", які ў свой час запусціў ў РБ магізіны "Еўраопт" і "Грошык", праекты "Е-дастаўка" і "Еўрапошта", таксама запусціў ў 2025 г. E-mall (І-мол) як беларускі маркетплейс. 


Маркетплейсы безумоўна будуць адціскаць традыцыйныя магазіны і рынкі ў Беларусі, хоць наўрадці да вынішчэння, але ці стануць беларускія пляцоўкі кшталту "І-мола" рэальнымі канурэнтамі расійскіх "Азона" і "Вайлдберыз" пакуль невядома.

Бум мабільных прыкладанняў


Мабільныя прыкладанні для iOS i Android пачалі распаўсюджвацца разам са смартфонамі. Але менавіта ў 2020 г. набылі рэкордную папулярнасць прыкладанні Zoom i Telegram, створаныя яшчэ ў 2013 г. Пандэмія COVID-19 падштурхнула развіццё ў галіне дыстанцынага навучання і аддаленай працы, а гэта азначала рост выкарыстання мабільнымі прыкладаннямі для відэаканферэнцый і ўвогуле іншых прыкладанняў.

Таксама мабільныя прыкладанні далі штуршок для развіцця каршэрынга і кікшэрынга: праз адмысловае прыкладанне на смартфоне чалавек можа ўзяць на карыстанне самакат або арэндаваць аўтамабіль, нават грузавы. Прыкладанні паслуг таксі YandexGo i Uber злучаюць паміж сабой таксістаў і пасажыраў, пры гэтым кампанія выступае ў касці пасрэдніка. Прыкладанні дапамагаюць вучыць замежныя мовы і перакладаць з іх інфармацыю (але я па-ранейшаму лічу, што жывых прафесіяналаў яшчэ  яны не заменяць, як я і пісаў тут). Гэта толькі пара прыкладаў, дзе прыкладанні могуць аблегчыць чалавеку жыццё.

Магчыма, галоўная перавага прыкладанняў над сайтамі ў магчымасці працаваць без доступу да сеціва ў шэрагу выпадкаў. Калі чалавек карыстаецца сайтам анлайн біблітэкі кніг і відэаматэрылаў, яму патрэбны браўзер і доступ у інтэрнэт, але калі гэты чалавек спампаваў сабе ўсё, што трэба праз мабільнае прыкладанне той жа біблітэкі, то перабоі з інтэрнэтам у некі час збой на сайце ці, у некаторых выпадках, блакіроўка сайта не будуць замінаць доступ да матэрылаў у аўтаномным рэжыме.

У сучасных беларускіх рэаліях ёсць нюансы, якія абмяжоўваюць магчымасці мабільных прыкладанняў. Некаторыя плацёжныя прыкладанні для смарт-гадзіннікаў ці прывзаныя да міжнародных картак не працуюць па прычыне эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. А з 1 лістапада змяненні ў нерэгулярных перавозках (у тым ліку таксі) ускладніла працу праз мабільныя прыкладанні для тых, хто не можа ці не хоча працаваць па новых правілах для такіх перавозак.

Надпіс на аптэчнай вітрыне: "аплата праз тэлефон ці смарт-гадзіннік немагчыма". Май 2024 г.

Штучны інтэлект

Яшчэ адна вобласць развіцця тэхналогій у апошні час - гэта нейрасеткі і штучны інтэлект, пра што я коратка пісаў раней. З дапамогай гэтых тэхналогі можна пісаць апавяданні, складаць тэсты па замежнай мове, маляваць ілюстрацыі, карыстацца галасавымі памочнікамі і нават ствараць праграмнае забспечанне. Паколькі я ў гэтай галіне не спецыяліст, і карыстаўся гэтымі дасягненнямі нешмат, пакуль прамаўчу і буду назіраць за развіццём гэтага віду тэхналогій. Зазначу толькі, што людзей яны пакуль не заменяць па якасці працы, толькі  па аб'ёмах яе...

Дроны

Баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны з 2022 г., а пазней і ў іншых гарачых кропках, паказалі, што беспілотная авіяцыя мяняе правілы вядзення вайны і робіць бранетэхніку і фартыфікацыі прыступнымі для беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). Акрамя ваенных мэтаў, БПЛА сталі актыўна выкарыстоўвацца ДАІ для кантролем за дарожнай сітуцыяй, СМІ для панарамных здымкаў мерапрыемстваў, сельскагаспадарчымі арганізацыямі і нават пашукова-ратавальнымі атрадамі для аблягчэння пошуку заблукаўшых у дзікай прыродзе людзей. Да верасня 2023 г. дронамі маглі карыстацца і звычайныя беларускія грмадзяне, але з таго часу гэта магчыма толькі індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям з папярэдняга дазволу Дэпартамента па авіяцыі. Гэта абмежаванне магло быць звязана з атакамі БПЛА ў верасні і снежні 2021 г. на базы МУС у Мінску і Мінскай вобласці, адказнасць за якую ўзяла група "Чорны Бусел". У сувязі з такім абмежаваннем выкарыстанне дронаў у РБ не такое шырокае, як патэнцыяяльна магло б быць. Тым не менш, як мінімум з 2016 г. у Беларусі ідзе навучанне вайсковых і цывільных аператараў БПЛА.

2024-2025

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць