20.12.2019

Рэакцыя на артыкул "Где эта vulica"

Гэты матэрыял быў апублікаваны ў 2014 г. у каментарыі да артыкула газеты "СБ-Беларусь сегодня". Разбіраючы свае віртуальныя архівы, знайшоў яго і вырашыў надрукаваць асобна без змяненняў, але з невялікімі скарачэннямі.


Прачытаў даволі добры артыкул В. Корбута "Где эта vulica", але толькі зараз знайшоў час
каб унесці ў абмяркаванне тэмы свае тры грашы.
Справа ў тым, што мне даводзілася даследаваць гэту праблему з пазіцый гісторыі і філалогіі. І магу сказаць, што кожны з варыянтаў перадачы ўласных імёнаў лацінкай, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне падобны на кароткую коўдру: яе не нацягнеш на ногі і галаву адначасова. Іншымі словамі ў кожнага з такіх варыянтаў, а менавіта транскрыпцыі з рускай мовы на манер англійскай, перакладу ўласных імёнаў на англійскую і транскрыпцыі з беларускай адпаведна новым нацыянальным стандартам – маюць свае плюсы і мінусы. Таксама многія проста не разумеюць, што гэта праблема існуе. А яна існуе насамрэч.
Маё прозвішча можа перадавацца лацінкай наступным чынам. У пашпарце я Berastouski, ў некаторых віртуальных сістэмах я зарэгістраваны як Berestovski (з рускага вымаўлення майго прозвішча), а вось па правілам транскрыпцыі, якія прымяняюцца да тапанімічных назваў трэба пісаць Bierastoŭski. Усё гэта – тры розныя асобы для чалавека, які не ведае ні беларускіх рэалій, ні нацыянальных моў краіны. І што больш цікава -- «пашпартны» і «тапанімічны» варыянты з'яўляюцца правільнымі з пункту гледжання ўніфікацыі і стандартызацыі.
Такія ж праблемы існуюць і пры перадачы назваў вуліц і іншых тапонімаў. Наяўнасць розных варыянтаў, як справядліва адзначыў В. Корбут, робіць беспарадак. Але пры гэтым праблема нікуды не знікне і калі выдаць закон, які б абавязаў усіх пісаць уласныя імёны лацінкай па-беларуску і адпаведна новым правілам. Чаму? Патрэбен час, грошы і матывацыя, каб навучыць усіх пісаць правільна назвы плошчаў, вуліц і гарадоў. Патрэбна вырашыць праблему адсутнасці ў некаторых тэкставых рэдактарах дыякрытычных знакаў (накшалт ŭ замест «ў» і š замест «ш»). Патрэбна проста і цікава навучыць чытаць па-беларуску такой лацінкай, каб кожны жыхар краіны мог лёгка патлумачыць замежнаму госцю як праехаць куды яму трэба і які надпіс прачытаць у метро ці на вуліцы.
Гэта праблема вырашаецца, як можна бачыць на прыкладзе Азербайджана. Там нацыянальная мова пасля выхаду краіны з СССР была пераведзена на лацінку з дыякрытычнымі знакамі. Некаторыя камп'ютарныя сістэмы і мабільныя тэлефоны не падтрымліваюць дыякрытычныя знакі і ў такіх выпадках азербайджанцы пішуць на сваёй мове альбо на англійскі манер, альбо проста без дыякрытычных знакаў. Я раблю тое ж самае, калі мушу пісаць СМС-ку па-англійску ці па-французску гасцям сталіцы: пішу Autazavodskaja замест Aŭtazavodskaja. І гэта нармальна, бо адсутнасць пэўных сімвалаў у камп'ютарах і тэлефонах – праблема сусветная.
Наяўнасць некалькіх варыянтаў напісання лацінкай назвы вуліцы ці прозвішча чалавека прыводзіць да неабходнасці даваць некалькі варыянтаў у дужках: Hrodna (Grodno), Shauchenka (Shevchenko) (дарэчы ізноў прыходзіцца казаць пра наяўнасць «пашпартнага» і «тапанімічнага» варыянтаў стандартызацыі, якія супярэчаць адзін аднаму).
Так склалася, што некаторыя тапонімы Беларусі сталі вядомы свету спачатку ў перакладзе (звычайна на англійскую), а потым – ў «тапанімічным» варыянце беларускай лацінкі. І вось тут маюць месца даволі грубыя памылкі. Няма нічога дрэннага ў перакладзе назвы «Плошча Перамогі» (Plošča Pieramohi) ў Мінску на англійскую, але назва Victory Square падыходзіць ёй як рыбе парасон. Прычына? Square, літаральна «квадрат» – гэта слова, якім можна апісаць квадратную плошчу, але не круглую. Для круглай плошчы, такой як Пікадзілі ў Лондане, існуе зусім іншае слова – circus. Праўда, мушу прызнаць, што ніхто з англамоўных гасцей горада на такі пераклад пакуль мне не скардзіўся.

... [далей разбіраліся няўдалыя пераклады на англійскую, якія я выкладаў у паведамленні Круглы квадрат або беларускія грамацеі]

Зразумела, кожны чалавек мае права на памылку. Галоўнае, каб гэту памылку было каму выправіць.
І яшчэ адна думка. Наяўнасць такіх дыскусій сведчыць аб тым, што сучасных беларусаў нельга назваць ні «цёмнымі», ні «забітымі». Таксама немагчыма распрацаваць сістэму транскрыпцыі, якая б спадабалася ўсім і кожнаму. Наяўнасць незадаволеных не заўсёды значыць, што рашэнне памылковае. І крытыка працэса ўніфікацыі правілаў напісання ўласных імёнаў лацінкай – справа непазбежная. Але трэба навесці большы парадак у беларускіх стандартах, бо калі прозвішча «Шаўчэнка» ў пашпарце адрозніваецца ад надпісу на вуліцы Шаўчэнкі – гэта ўсё роўна як б цукар важылі ў фунтах і пудах за заводзе, і ў кілаграмах у рознічным магазіне.

Андрэй Берастоўскі
Гісторык, перакладчык, выкладчык англійскай мовы

Ілюстрацыя А. Берастоўскага, зробленая ў 2013 для іншага аналагічнага паведамлення.

Гл. таксамаПраблемы перакладу ўласных імён з беларускай мовы на англійскую.

"Адрас" артыкула В. Корбута: Советская Белоруссия №23 (24406). Четверг, 6 февраля 2014 года.

09.12.2019

2019 год глазами белорусского блогера.

Этот год начался очередной памятной датой, "отмечание" которой растянули до второй половины февраля. А для меня он начался ранней прогулкой по микрорайону. Потом было несколько событий, которые тоже отразились на страницах этого блога: Европейские игры, перепись населения, парламентские выборы. Мимо блога прошло еще одно исторически важное событие: перазахоронение останков лидеров восстания 1863 г. (некоторые заметки по этому восстанию я вел раньше под тегом 1863). Пожалуй, я не упомянул еще и запрет на телефоны в школах Беларуси, который в школе моего сына не слишком строгий.

В этом году в лидерах просмотров оказались такие сообщения:
Курапаты
Зрыў набажэнства ў Барысаве
Чтение Библии с маленьким ребенком

Причем посты на белорусском языке обогнали по просмотрам статьи на русском и сообщения с переводом на английский язык, хотя меня уже давно критикуют за то, что большую часть своих работ я пишу именно по-белорусски.

А вот эта заметка и вот эта стали замыкающими в числе просмотров по блогу в 2019 г., если не считать предыдущую по отношению к посту, который я набираю прямо сейчас.

Наконец, мне удалось издать свою книгу "Гісторыя ЗША ў апавяданнях і дакументах". Развитие событий с ней будет в самом первом посте этого года.

Memento mori

В мою память врезалась фраза из советского школьного учебника истории: "в грозном девятнадцатом". Речь шла о самом напряженном годе Гражданской войны в России 1918-22 гг. Но для меня лично весь этот год был "грозным" и тяжелым. Сначала младший сын лежал на плановой операции в больнице, потом много времени ушло на проблемы со здоровьем старшего сына. Также на протяжении всего года умирали значимые для меня люди.

26 февраля этого года я перестал быть внуком: ушел из жизни мой дед Дмитрий Семёнович Пиянзин, которому было больше 90 лет. В последние годы жизни он просил меня заняться его личным архивом и передать в музей истории ДОСААФ все, что возможно. После его смерти я так и сделал: передал в этот музей целый чемодан снимков, потом составил биографию деда для музея. Однако недавно мне вернули все документы в связи с предстоящим сносом здания на улице Московской д. 6. Обещали, связаться со мной, когда музей найдет себе новое место жительства. Может так оно и будет, но я решил опубликовать часть архива своего деда в блоге под тегом "Пиянзины", т. к. думаю, что он отправлял меня в музей именно для того, чтобы другие увидели его коллекцию фотографий и разработки.

Мой дед Д.С. Пиянзин незадолго до смерти и в зрелые годы.

Ул. Московская 6. Здание музея ДОСААФ, которое скоро снесут. Извиняюсь за свой палец в правом нижнем углу на фото. Переснимать времени не предвидится, и, возможно, это последнее фото здания до его разрушения.

К сожалению, это была не единственная смерть среди людей, повлиявших на мою жизнь. Из "медийных" могу назвать переводчика Библии на белорусский Василя Сёмуху и поэта Леонида Дайнеко.

Из малоизвестных, которых в 2019 году умерло четыре человека, выделю Елену Григорьевну Амелькину, чье фото использовали СМИ как во многих репортажах о Свидетелях Иеговы. Это был тот человек, который подавал пример в том, как стараться во всех людях вокруг себя видеть в первую очередь хорошее и всегда быть скромным и гостеприимным. Самое интересное, что она была родом из семьи с сильными и глубокими православными традициями, а вопрос "как зовут Бога?" (за который священник церкви на ул. Гамарника выгнал ее из храма) привел ее, в конце концов, в Зал Царства, где она и осталась до конца жизни...

Е.Г. Амелькина

Курьезы

Было удивительно обнаружить в начале года в школе №121 г. Минска, где учится мой старший сын, плакат "Спасибо Сталину", о чем я снял два коротких видео:



Хочу добавить к чести родной школы, что плакат провисел только несколько недель. Надеюсь это была шутка или такой способ популяризации истории...

Еще мне запомнились новый прокат велосипедов, которые некоторые минчане разбивали, топили, сжигали и забрасывали на крыши небольших построек после того, как покатались, и лед от "Евроопта".

А также позабавило как люди легко распространяют непроверенную информацию:


Слухи о закрытии Вконтакте после небольшой технической проблемы в этой соцсети.


Ну и еще милая переписка СМИ в Твиттере на тему лже-минирования городских объектов (этого в Минске в 2019 г. было необычно много).

А за программой "Любовь никогда не проходит", на минском стадионе "Трактор" оказывается наблюдал подглядывающий видеоблогер. Прикольно. Только прошу своих читателей не обижать его в комментариях!

В планах

В этом году я писал примерно по два сообщения в месяц. В следующем, скорее всего, будет 1-2 в месяц. Думаю, это будет самая оптимальная скорость с сохранением качества, которая даст этому блогу оставаться долгосрочным проектом и источником полезной и интересной информации. Как я уже замечал, я не исписался, а всего лишь стараюсь писать качественно, не жертвуя при этом здоровьем, работой, семьей и другими важными для меня вещами. Я наблюдал за успехом других белорусских блогеров, начинавших писать/снимать про улицы родных городов примерно в одно время со мной и "раскрутившихся" на рассмотрении острых околополитических тем. Я хорошо понимаю на каких вопросах я могу увеличить популярность моей страницы примерно в десять раз. Но в таком успехе есть и ловушка. Можно стать заложником популярности за счет обыгрывания одних и тех же тем ярко и эмоционально, при этом видео или текст будут по качеству становиться все более "одноразовыми", потребность "держать марку"заставляет блогера повторяться, становиться все более категоричным в высказываниях, и, в конце концов, популярность уходит, а остается выгорание и разочарование, т. к. человек в основном делает те вещи, от которых сам не в восторге. Этого всего я хочу избежать, качество работы и удовлетворение от проделанного труда для меня важнее рейтинга.

В планах - новая тема "Пиянзины", завершение раздела про малые кладбища Минска и его окрестностей, перевод новых документов по истории США и Канады, публикация воспоминаний интересных людей, рассказы о моих путешествиях в середине 2000-х и даже одна работа на тему музыки.

Также, как и было до сих пор, могут появляться и незапланированные посты в стиле срочных новостей. И, наконец, будут развиваться и старые темы иногда в виде отдельных сообщений, а порой и виде доработки старых.

Позитивное

Хочется завершить пост на позитивной ноте. В этом году я заметил два момента, за которые могу только похвалить.

Вот уже какое-то длительное время в магазине "Соседи" на улице Калиновского 66а (Минск) работают "тихие кассы" для кассиров с нарушением слуха. Это здорово! Людям с ограничениями нужна не жалость, а возможность чувствовать себя равноправными. "Соседи" - молодцы в этом вопросе!

В прошлом году я писал про терминалы "Белпочты":

 когда выбираю белорусский и выбираю на дисплее функцию (опять же на "первом национальном" языке), то машина печатает талон с русским текстом.
В декабре 2019 г. талончик электронной очереди уже переведен на язык Купалы и Коласа. ШЧЫРЫ ДЗЯКУЙ, БЕЛПОШТА! Во всяком случае, так обстоят дела в том же самом отделении 131, про которое я упоминал год назад.

Возле моста через Слепянское водохранилище  напротив входа в "Рублевский" (Верас) недавно ремонтировали обветшавшие ступени. Сначала спуск для колясок не восстанавливали, а вот в начале декабря сделали новый. Правда, такой хорош только для детских колясок, а инвалидные, видимо тут не проедут. Но это уже сдвиг в сторону безбарьерной среды. Надеюсь, что инфраструктура Востока, и, в целом, Минска и всей страны будет развиваться дальше в пользу удобства тех, кто не может ходить.

См. подобные итоги за: 2016, 20172018, 2020 и 2021 гг.

28.11.2019

10 год у ролі таты

У ліпені 2009 г. у мяне нарадзіўся старэйшы сын Данік, а ў красавіку 2013 г. малодшы сын Любамір. Час ад часу я ўзгадваў пра іх на старонках гэтага блога, таму самым уважлівым чытачам яны знаёмыя. А зараз узгадаю некалькі фота і відэа з іх жыцця.

2019 г. Адэса

Данік чытае верш Р. Барадуліна. 2013 г.

Данік і Любчык гуляюць у хакей пад уплывам ЧСХШ-14.

Танец брацікаў. 2014 г.

Любчык называе мяне "тата". 2015 г.

Фільм "Завры" Данііла Берастоўскага (на рускай мове). 2016 г.

Свята восені ў садзіку Любчыка. 2016 г.

Браслаў 2016 г.

Данік выступае на школе "Хрысціянскае жыццё і служэнне". 2019 г.

Фільм Данііла Берастоўскага "Мінівандроўка каля Сляпянскага вадасховішча" (на трасянцы). 2019 г.

Перлы маіх дзяцей

"Вось яшчэ адзін мужчына, які хоча стаць жанчынай" (Данік, падрабязнасці тут)

Паглядзеўшы камедыйны ролік пра святара, Данік спытаўся: "А чаго той мужык святара з жанчынай блытаў?" "Што ты маеш на ўвазе?", пытаюся. "Чаго ён яму рукі цалаваў?", адказвае сын (бачыўшы, што тата цалуе рукі маме, зрабіў такія высновы).

"Я і бычок, і завр (дыназаўр)", казаў Любчык, калі яму было 2 ці 3 годзікі.

"Апантаны фантан", прыдумаў каламбур Данік, праслухаўшы казку П. Васючэнкі пра Каляровую Затоку.

Палітычны каламбур прыдумаў Любчык зусім нядаўна: "У машыне едзе Лукашэнка і прэзідэнт".

Кароль я ці не кароль? Што хачу, тое і раблю!" часам паўтараў Любчык пад уплывам адной казкі. На гэта прымусіўшы яго зрабіць што трэба я падкалываў яго фразай з той жа самай казкі: "Які вы слаўны кароль, Ваша Вялікасць, што хочаце, тое і робіце".

***
Цікаўнасці маіх дзяцей мяняліся за гэты час. Спачатку ім было цікава глядзець цягнікі і самалёты ў YouTube, потым была эпоха дыназаўраў, зараз яны глядзяць праходжанні гульняў такіх як "Майнкрафт". Старэйшы сын паступова пераходзіць у падлеткавы ўзрост, што патрабуе ад мяне і жонкі яшчэ больш цярпення... Здароўе дзяцей не заўжды радуе: ў гэтым годзе двойчы пабывалі ў бальніцах, спачатку з Любчыкам, потым з Данікам. Але дзякуючы дзецям мы здолелі інакш паглядзець на свет і на саміх сябе.

***
Люты 2021 г.


У апошні час дзеці сталі праяўляць цікаўнасць да чытання папяровых газет (я іх па-ранейшаму не выпісваю і не купляю, бо іх даюць у некаторых месцах бясплатна).

20.11.2019

Зрыў набажэнства ў Барысаве


Мінула 5 год з таго часу, як міліцыя і некалькі чалавек у цывільным увайшлі ў прыватны дом у Барысаве і спынілі там рэлігійнае набажэнства. У мясцовых СМІ, напрыклад, у газеце «Адзінства» былі апублікаваны кароткія нататкі на гэту тэму.

Так атрымалася, што я неаднаразова бываў на такіх набажэнствах у тым горадзе і аднойчы быў у тым самым месцы, дзе пазней яго сарвалі. Мне давялося пагаворыць з адным з відавочнікаў міліцэйскіх рэйдаў (такіх рэйдаў, насамрэч, было некалькі) і таму я маю, што дадаць да гэтай гісторыі.

Асаблівасці рэлігійнага жыцця Беларусі

Гаворка ідзе пра сустрэчы барысаўскіх Сведкаў Іеговы, якія праходзілі ў горадзе з 1990-х гг. Трэба адразу падкрэсліць некаторыя істотныя рэаліі беларускага рэлігійнага жыцця. У пачатку 90-х, з аднаго боку, грамадства мела больш цікаўнасці да рэлігіі, чым цяпер у канцы 2010-х гг., з другога боку, не было палітыкі дзяржаўнай падтрымкі Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (БПЦ МП). Таму я добра памятаю, як у печынскай школе №7, дзе я вучыўся, на класную гадзіну да нас прыходзілі паслядоўнікі Парфірыя Іванова распавесці пра філасофію свайго настаўніка, якога яны называлі «пераможцам прыроды, настаўнікам народа і богам зямлі». Пазней вучняў той жа самай школы збіралі на сустрэчу ў актавай зале з нейкім амерыканскім прапаведнікам. Я там не быў, але адзін аднакласнік з кпінамі казаў пра тую сустрэчу:
– Кароча, ён там пытае нас «Хочаце паехаць у Амерыку?». Мы яму «Та-а-ак!». А потым ён пра Бога пачаў казаць. Мы там спявалі «Алілуйя, алілуйя!»
І дадаў непрыстойную рыфмоўку, якую я ведаў яшчэ з савецкага дзяцінства.

Нават у пачатку 2000-х у 1-ю гімназію Барысава прыходзілі «Гедэонавы браты» або «Гедэоны» і раздавалі свае кішэнныя выданні «Новага запавету з Псалмамі».

А вось з 2002 г. са з'яўленнем новага закону аб свабодзе веравызнання сітуацыя змянілася кардынальна. З таго часу ўваход у адукацыйныя ўстановы стаў выключна магчымы толькі для БПЦ МП. Альтэрнатыўныя праваслаўныя, каталікі (другая па памеры канфесія Беларусі), пратэстанты і нехрысціянскія канфесіі мусілі мірыцца з шэрагам абмежаванняў. Напрыклад, для рэгістрацыі новай абшчыны патрабавалася ўжо не 10 а 20 заснавальнікаў. Для правядзення адукацыйных, дабрачынных ці культавых мерапрыемстваў патрабаваўся дазвол мясцовай улады.

З другога боку, БПЦ МП добра ўсталявалася ў сістэме адукацыі. Акрамя эксклюзіўнай магчымасці прыходзіць на размовы пра рэлігію ў школы, каледжы і вну (і карыстацца такімі магчымасцямі пераважна для таго, каб казаць, што астатнія рэлігіі горш за іх веру) Праваслаўная царква мае моцны ўплыў на падрыхтоўку рэлігіязнаўчых кадраў праз Інстытут тэалогіі БДУ (раней вядомы як тэафак ЕГУ).

І ў выніку склалася сітуацыя, калі на розных узроўнях грамадству даводзіцца думка аб «безальтэрнатыўнасці» праваслаўя і небяспечнасці іншых веравызнанняў. Магчымасць даказаць зваротнае існуе толькі тады, калі ў калектыве, дзе выступае праваслаўны святар, знойдзецца той, хто будзе здольны прадметна з ім дыскутаваць і адважыцца гэта рабіць. І ў грамадстве ўкараняецца стэрэатып пра гэтак званыя «секты», якія быццам крадуць кватэры, шпіёняць на карысць індзейцаў Амазоніі і ўвогуле складаюцца з маргіналаў, якіх трэба вяртаць у «нармальнае» жыццё.

Чыноўнікі, якія прымаюць рашэнні ад імя грамадства і дзяржавы, не прылятаюць у Беларусь з Марса. Гэта тыя ж грамадзяне, што і іншыя падаткаплацельшчыкі. Яны таксама ў становішчы, калі чутка амаль выключна адна думка, і здаецца, што яна адзіная правільная.

Калі вярнуцца да Сведкаў Іеговы, то ў пэўным беларускім горадзе мясцовыя вернікі прыйшлі да мэра зарэгістраваць сваю Залу Царства. Мэр у іх прысутнасці патэлефанаваў жанчыне, адказнай за праверку тэхнічных аспектаў будоўлі, і спытаў яе, што яна скажа пра ступень адпаведнасці дакументаў на Залу Царства дзяржаўным стандартам.
– Вы што?! Гэта ж секта! Ім нельга дазволіць збірацца ў сваім будынку! – адказала жанчына, не ведаючы, што размова ідзе па гучнай сувязі і яе чуюць самі «сектанты».
– Я прашу вас нікога не абражаць, – строга адказаў мэр. – У нас рэлігіі роўныя перад законам. Ці ёсць пэўныя недахопы ў іх дакументацыі ў плане адпаведнасці тэхнічным стандартам?
– У гэтым плане зачапіцца няма за што. У іх усё ў парадку, – прызнала спецыяліст.

У многіх іншых сітуацыях рашэнні залежылі ад такіх прадузятых людзей, як гэта жанчына, і, часам гэта азначала адмову выканкама зарэгістраваць статут абшчыны і разгляданне любой дзейнасці вернікаў такой канфесіі на сваёй тэрыторыі як дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі.

Вось у такіх умовах 20 лістапада 2014 года на прыватны падворак аднаго са Сведкаў Іеговы Барысава прыехала міліцыя...

Барысаўскія Сведкі

Мне даводзілася час ад часу бываць на сустрэчах Сведкаў Іеговы ў Барысаве ў канцы 1990-х і 2000 г. Такія мерапрыемствы праводзяць ва ўсім свеце па адной праграме, таму асаблівасцяў у Барысаве было не шмат. У той час вернікі арандавалі актавую залу аднаго гарадскога дома культуры і мне запомніліся толькі дзве асаблівасці: аднойчы перацёрты шнур гукаўзмацняльнай апаратуры пачаў лавіць хвалі нейкага радыё на французскай мове і спакойнае абмеркаванне нейкай біблейскай тэмы прайшло пад музыку і нейкую перадачу на французскай. Сітуацыя была для прысутных хутчэй забаўнай, чым непрыемнай. Таксама пэўны час існавала такая традыцыя: нехта з дачнікаў прыносіў у цёплы сезон жывыя кветкі і упрыгожваў імі сцэну, а пасля завяршэння сустрэчы і прыбірання гукаапаратуры маладыя мужчыны дарылі ўсім прысутным асобам прыгожага полу па кветцы. Вось, бадай, і ўся ўнікальнасць барысаўскіх сустрэч Сведкаў Іеговы, акрамя таго, што мясцовы сход адным з першых у Беларусі арганізаваў сурдапераклад набажэнстваў.

Усе рэлігійныя сустрэчы Сведкаў, на якіх я калі-небудзь бываў, праходзілі як вучэбны занятак у форме выступлення прамоўцы, абмеркавання матэрыялу з аўдыторыяй, інтэрв'ю ці кароткіх інсцэніровак на пэўную тэму. Ніякіх непрыстойных паводзін ці танцаў у экстазе ніколі не было. Таксама са сцэны ніколі не гучалі заклікі да праяўлення нянавісці да каго б ні было альбо іншых момантаў экстрэмісцкага кшталту. З гэтай прычыны ў Мінску і шэрагу іншых гарадоў Беларусі абшчыны Сведкаў Іеговы былі зарэгістраваны.

Паколькі ў Барысаве Сведкам Іеговы не дазваляюць зарэгістраваць сваю абшчыну (якая ні статутам, ні дзейнасцю не адрозніваецца прынцыпова ад мінскай), то мясцовыя ўлады палічылі сустрэчы на прыватным падворку незаконнай дзейнасцю.

Вось так праходзіла сустрэча, аналагічная той, што сарвалі барысаўскія праваахоўцы. На фота мінскія Сведкі Іеговы праводзяць Школу тэакратычнага служэння вясной 2005 г. На сцене муж і жонка, у якіх бяруць інтэрв'ю. Ніякіх «танцаў з бубнамі» праграмай не прадугледжана. Аўтар фота не вядомы. Пераздымка фота з прыватнага архіва аднаго з вернікаў.

АМАП супраць вернікаў

Да ўвагі СМІ патрапіў рэйд 20 лістапада 2014 г. Вось так яго апісаў карэспандэнт barysau.by са спасылкай на выданне «Адзінства»:

«20 лістапада ў праваахоўныя органы паступіў сігнал аб правядзенні ў Барысаве масавага мерапрыемства рэлігійнай арганізацыяй «Сведкі Іеговы», паведамляе газета «Адзінства». ... Гэтая рэлігійная арганізацыя не зарэгістраваная ў мясцовых органах улады, у сувязі з чым яе дзейнасць на тэрыторыі Барысава і Барысаўскага раёна з'яўляецца незаконнай.»
(спасылка http://archive.barysau.by/bel/навіны/грамадства/2966/, актыўная некалькі месяцаў таму, але на цяперашні час неактыўная)

Скрыншот спасылкі ЎКантакце на вышэй цытаванае паведамленне. У якасці ілюстрацыі прыводзіцца малітва ў стане трансу ў нейкай неапратэстанцкай царкве. Цікава, што ў Інтэрнэце ўжо былі фотаграфіі кангрэсаў Сведкаў Іеговы ў Мінску за 2011-2014 гг., даступны быў і сайт саміх Сведкаў, але аўтар не бачыў прынцыповай розніцы паміж канфесіямі Беларусі. А чаго яшчэ чакаць, калі людзей мэтанакіравана арыентуюць успрымаць усіх неправаслаўных беларусаў як маргіналаў?! Праўда, тут яшчэ можа быць справа ў рэдакцыйнай палітыцы выдання.

Паводле слоў некаторых відавочнікаў асенняга міліцэйскага «марафону», думку якіх журналісту, верагодна, не атрымалася дазнацца, гэта быў не першы такі рэйд. Да візіту на набажэнства ў лістападзе 14-га быў яшчэ і зрыў святкавання Вячэры Гасподняй вясной таго ж года. Вось як гэта бачылі па іншы бок праблемы.

Адзін з вернікаў дзяжурыў на уваходзе. Акрамя звычайнага прывітання гасцей, што характэрна для большасці месц пакланення Сведкаў Іеговы, ён сачыў і за тым, каб не дапусціць зрыву мерапрыемства хуліганамі (бо падобныя спробы на гэтым месцы здараліся). Некалькі чалавек у цывільным зайшлі ў двор і падышлі да ўваходу. З імі была міліцыя.

– Вы куды? – спытаўся дзяжурны.
– На мерапрыемства, – адказаў адзін з гэтых людзей.
– Хто вас запрасіў?

У адказ гэты чалавек адштурхнуў дзяжурнага і ўвайшоў разам з іншымі ў памяшканне. Там яны сфатаграфавалі інфармацыю на стэндзе ўнутры, а потым аб'явілі прысутным, што на правядзенне мерапрыемства не быў атрыманы дазвол і ўсе абавязаны пакінуць памяшканне.

Вернікі выйшлі на вуліцу. У той жа вечар яны раздзяліліся на маленькія групы і адзначылі Вячэру ў некалькіх іншых месцах.

20 лістапада 2014 г. сітуацыя паўтарылася. На гэты раз у тым жа самым памяшканні праходзіла Школа тэакратычнага служэння. Ізноў вернікі спакойна выйшлі на вуліцу па загаду прадстаўнікоў улады. На гаспадара дома быў складзены пратакол і яго аштрафавалі.

Ад аднаго з барысаўскіх Сведкаў была яшчэ інфармацыя, што зрыў Вячэры здымала тэлебачанне, але я мяркую, што, хутчэй за ўсё, гэта была банальная аператыўная міліцэйская здымка на камеру.

Праз некаторы час дзяўчаты з барысаўскіх Сведкаў Іеговы распачалі рэлігійную размову з нейкім мужчынам, які, як высветлілася, служыў у АМАПе і ўдзельнічаў у зрыве іх рэлігійнай сустрэчы. Міліцыянер прызнаўся, што ён і яго калегі лічылі, што ехалі спыняць нейкую сектанцкую вакханалію, а ўбачылі на месцы спакойных і адэкватных людзей, і многім з яго атрада было сорамна за зрыў набажэнства. На развітанне АМАПавец папрасіў у дзяўчат прабачэння за дзеянні міліцыі...

Хто які закон парушыў?

Сітуацыя з рэлігійнымі сустрэчамі ў памяшканні на прыватным падворку не так адназначна, як яе бачылі барысаўскія чыноўнікі. З аднаго боку, там, дзе ёсць зарэгістраваныя абшчыны, беларускія Сведкі Іеговы згаджаюцца на атрыманне дазволу на правядзенне сустрэч у мясцовых органах улады, бо так патрабуе закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. З другога боку, ёсць Канстытуцыя Беларусі, якая аб'яўляе роўнасць рэлігій (артыкул 16), роўнасць грамадзян (артыкул 22), недатыкальнасць жылля грамадзян (артыкул 29), якая дазваляе свабоду веравызнання (артыкул 31), мірных сходаў (артыкул 35) і аб'яднанняў (артыкул 36), а гэта значыць, што вернікі маюць права праводзіць сустрэчы як грамадзяне, а не члены абшчыны, царквы ці іншай арганізацыі. Калі паслядоўна прымяняць дыскрымінацыйныя палажэнні закона аб свабодзе сумлення да ўсіх грамадзян, то атрымаецца, што нават адсвяткаваць Вялікдзень у сваім доме праваслаўная сям'я не мае права, калі не атрымае адпаведнага дазволу мясцовых органаў улады.

Магчыма, у якасці доказу таго, што збіраліся не асобныя грамадзяне, а члены арганізацыі, барысаўскія ўлады выкарыстоўвалі фотаграфіі спісаў груп удзельнікаў Школы тэакратычнага служэння, наяўнасць гукаўзмацняльнай апаратуры ў памяшканні, якое было зарэгістравана як хлеў... Але такія прыкметы могуць адносіцца і да зусім бытавых сітуацый, маўляў, сям'я складае графік мыцця посуду ці суседзі па пляцоўцы дзеляць дакументальна, калі гэтую пляцоўку прыбіраць. Усе такія дакументы не маюць юрыдычнай сілы і звычайна не разглядаюцца як выдадзеныя юрыдычнай асобай.

Уявім сабе такі прыклад: філатэлісты гіпатэтычнага горада збіраюцца разам і жадаюць арганізаваць клуб, каб лягчэй было арандаваць памяшканне, весці свае справы, дамаўляцца з гарадской адміністрацыяй і г. д. Але ў адміністрацыі лічаць, што філатэлія – гэта марнаванне часу ды й удзельнікі могуць нешта дрэннае абмяркоўваць на сваіх сустрэчах, а ў ідэале лепш, каб ціха было і ніякіх грамадзянскіх ініцыятыў не існавала. І філатэлістам адмаўляюць у рэгістрацыі клуба. Ці азначае гэта, што гэтыя ж грамадзяне не могуць сустракацца ў прыватным падворку, каб абменьвацца маркамі, вопытам калекцыяніравання ці проста кавы папіць з аднадумцамі? А што калі на месцы правядзення такіх сустрэч вісіць графік уборкі памяшкання і мультымедыйная дошка, то гэта ўжо арганізацыя ці яшчэ проста мірны сход грамадзян?

Яшчэ трэба адзначыць такі нюанс. Пазіцыя, выказаная адным расійскім чыноўнікам, «няма секты – няма праблемы» перадае даволі прымітыўны погляд: быццам адмова ў рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі ці зняцце яе з рэгістрацыі азначае яе знікненне ці зніжэнне колькасці яе прыхільнікаў. Сітуацыя ў Расіі паказала, што можна забараніць структуры, але нельга забараніць людзей. Частка людзей сапраўды пакідае праблемны рэгіён, некаторыя адмаўляюцца ад сваіх поглядаў. Але большасць Сведкаў Іеговы Расіі засталіся вернымі сваім перакананням, а таксама Сведкамі Іеговы сталі некаторыя людзі, што гадамі хадзілі на іх сустрэчы, не жадаючы далучацца да іх радоў і яшчэ пачалі вяртацца тыя вернікі, якія былі неактыўнымі. У беларускіх рэаліях забароны і абмежаванні маюць такі ж эфект.

Акрамя таго, спробы выканаць за кошт вернікаў планы па штрафах (і бюджэт папоўніць і рэпрэсій няма) – гэта таксама ілюзія. Практыка паказвае, што падобныя меры могуць скончыцца міжнародным скандалам, штрафамі ад ЕСПЧ і нават санкцыямі, з боку дзяржаў Захада і тады страты эканомікі перавысяць усе магчымыя даходы ад пакарання «сектантаў» рублём.

Барысаўскія Сведкі толькі павялічыліся колькасцю з 2014 г., і па-ранейшаму праводзяць свае сустрэчы (праўда, у іншых месцах). Пакуль новых праблем з адміністрацыяй горада ў вернікаў не ўзнікала.

Пры ўзнікненні супярэчання пэўнага закону Канстытуцыі большую сілу мае Асноўны закон. Таму пытанне чаму барысаўскія, лідскія ці мар'інагорскія чыноўнікі адмаўляюць грамадзянам Беларусі ў праве на свабоду мірных сходаў як часткі выражэння іх рэлігійных поглядаў застаецца адкрытым...

P.S. Праз год мушу адзначыць некалькі дэталяў. Па-першае, ужо калі я апублікаваў гэты тэкст і мінуў некаторы час, я ўзгадаў, што ў пачатку 2000-х у барысаўскіх Сведкаў Іеговы некаторы час праводзіліся сустрэчы для моладзі з інсцэніроўкамі біблейскай драматургіі. Гэта практыка была ў Сведкаў ў Еўропе першай паловы ХХ ст., але не было ў іншых беларускіх сходах гэтай канфесіі ў 90-2000-х. Вось гэта дэталь адрознівала барысаўскіх Сведкаў Іеговы, ад маладзечанскіх, гродзенскіх ці мінскіх і толькі некалькі месяцаў, бо потым маладзёжныя сустрэчы спыніліся, каб моладзь сябравала ў сходзе не толькі паміж сабой. Зразумела, як гэта, так і вышэй азначаныя адрозненні не апраўдваюць адмовы барысаўчанам у праве на свабоду веравызнання. Па-другое, праз некаторы час мой артыкул пераклаў на рускую вядучы блога "Доброе время" і зачытаў яго ў сваім эфіры. Гэта відэа набрала 4280 праглядаў, а маё паведамленне на сённяшні дзень – 530. У той жа час перадузяты артыкул у "Адзінстве" набраў толькі 980 праглядаў. Таму спаддзяюся, што хоць у гэтым выпадку больш людзей пазнаёміліся з аб'ектыўнай інфармацыяй, чым з неаб'ектыўнай.

Яшчэ па тэме:
Пойдет ли Беларусь путем России?
Новы Запавет на палескай мове (Новый Завіт Клімчука)

31.10.2019

Як перапісвалі Беларусь...

За сваё жыццё я «перажыў» тры перапісы насельніцтва Беларусі. У рамках праекта «Каб не забыць» я сабраў уласныя успаміны пра гэты момант беларускай гісторыі і змяшаў іх з фотаздымкамі старых газет.

1999 г. «Колькі засталося нас»

У вагонах метро падчас першага перапісу насельніцтва РБ вісеў плакат перапісу з выявай маладой сям'і, якая добрым і цікаўным позіркам глядзіць кудысьці ўперад, і лозунгам перапісу «Сколько нас?». Нейкі жартаўнік дапісаў на адным з іх слова «осталось», і такім гэты лозунг застаўся ў маёй памяці.

Перапіс 1999 года прыйшоўся на люты, месяц, калі ў студэнтаў пачынаюцца заняткі пасля зімовых канікул. Але частку студэнтаў і выкладчыкаў мабілізавалі на перапіс. Перапісчыкам далі права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце і магчымасць легальна прагуляць работу ці вучобу. Адзін з маіх аднакурснікаў пазней распавядаў на перапынку сябрам пра свае прыгоды перапісчыка:
– Мы ідзем у кватэру, а там яблыкі ў скрыні. Ну, пакуль мяне гаспадар не бачыў, я, блін, некалькі «стырыў»...

Наша настаўніца гісторыі Лацінскай Амерыкі, пачала сваю першую лекцыю:
– Выбачайце, што лекцыя пачынаецца са спазненнем на некалькі тыдняў. Быў перапіс насельніцтва. Што рабіць, мы былі мабілізаваныя...

Але не думаю, што хтосьці з прысутных шкадаваў аб прапушчаных лекцыях.

З маіх уласных успамінаў пра пералік «колькі засталося нас» магу ўзгадаць толькі як я вяртаюся з заняткаў ва ўніверсітэце, а мая бабуля кажа:
– Прыходзіў да нас перапісчык. Я ўсіх запісала як трэба.

Сама гэта падзея, дарэчы, не атрымала шырокага асвятлення ў дзяржаўных газетах.

 СБ надрукавала толькі кароткую заўвагу.


А "Звязда" падняла моўнае пытанне ў адмысловым артыкуле.

Увогуле перапіс як падзея, застаўся ў ценю палітычнай барацьбы 1999 года.

2009 г. Нашэсце «зялёных сумак».

Перапіс-2009 апынуўся ў большай увазе СМІ і за перапісчыкамі замацавалася мянушка «зялёных сумак» часам «зялёных партфеляў». Ізноў мабілізавалі студэнтаў, ізноў анкеты папяровыя.

Дзяўчына, якая прыходзіла да нас (а «мы» на той момант былі: я, мая жонка і тады адзіны трохмесячны сын Данік, быў яшчэ мой дзед, але ў санаторыі), шпарка заносіла нашыя дадзеныя ў перапісныя лісты. Тады ўпершыню я сутыкнуўся з нюансамі нацыянальных пытанняў:
– Нацыянальнасць?
– Рускі.
– Родная мова?
– Руская.
– Якімі яшчэ мовамі валодаеце?
– Англійскай, – пачынаю я.
– Дастаткова! – абрывае дзяўчына. І так дзяржава не даведалася, што яшчэ я размаўляю па-беларуску і па-французску. Ну, больш значным было тады б зазначыць валоданне беларускай,  і калі ў 1999 годзе выбар мовы для мяне не быў прынцыповым, і мая рускамоўная бабуля пазначыла мяне рускамоўным (хоць я ўжо тады быў руска-беларускім білінгвам), то ў 2009-м беларуская мова адыгрывала важную ролю ў маім жыцці. Чаму я не стаў спрачацца з перапісчыцай? Думаю, не хацелася паказваць колькі моў я ведаў, а можа проста не быў гатовы спрачацца. А пачуццё віны засталося.

Так я сутыкнуўся з тым, што падчас перапісу-2019, назвалі «светлагорскім сіндромам»: калі перапісчык запаўняе па умаўчанні рускую мову кожнаму як тую, на якой чалавек гаворыць у паўсядзённым жыцці і нават не пытаецца на якой той насамрэч гаворыць. Тут няма ніякай змовы супраць беларускай мовы, на мой погляд, а толькі жаданне мабілізаванага перапісчыка хутчэй скончыць сваю справу. І зразумела, падчас кожнага перапісу былі тыя перапісчыкі, якія сур'ёзна ставіліся да моўнага пытання і нават накручвалі рэйтынг на карысць «1-й нацыянальнай» мовы.

Былі і такія выпадкі. Адна жанчына сталага ўзросту з гонарам казала мне пра свой ўдзел у перапісу, здаецца 1999 г.:
– Калі прыйшлі перапісчыкі, я запісала ўсю сваю сям'ю як беларускамоўных, каб павялічыць колькасць адсоткаў на карысць роднай мовы.

Увогуле анкетныя дадзеныя – рэч ненадзейная, бо імі лёгка маніпуляваць. Гэта я ведаў яшчэ як студэнт гістарычнага факультэта. А з мовамі ёсць такія аб'ектыўныя моманты:
1. Амаль кожны чалавек у Беларусі ведае ў нейкай ступені і рускую, і беларускую, бо абедзве мовы вучаць і ў школе і ў вну, іх чуеш на вакзале і ў грамадскім транспарце. Таму нават тыя, хто не карыстаецца беларускай у паўсядзённым жыцці, разумеюць вусную і пісьмовую мову Купалы і Коласа, нават калі адказвае па-руску. Не раз заўважаў, што, калі вядзеш размову з рускамоўным беларусам на беларускай, то ён амаль заўсёды спрабуе хоць нешта казаць па-беларуску.
2. Ёсць пэўная колькасць беларусаў, якія прынцыпова карыстаюцца літаратурнай беларускай, і гэта людзі розных класаў і поглядаў на жыццё. Іх колькасць мяняецца: хтосьці памірае, хтосьці пераходзіць на іншую мову (напрыклад, у эміграцыі), нехта папаўняе рады свядома вырашыўшы размаўляць толькі на «1-й нацыянальнай» мове краіны.
3. Ёсць вельмі шмат людзей, пераважна ў вёсках і маленькіх гарадах, якія размаўляюць на дыялектах беларускай мовы альбо руска-беларускай «трасянцы». Іх колькасць змяншаецца: пры пераездзе ў буйныя гарады іх нашчадкі пераходзяць на рускую, а самі яны паміраюць. Цікава, што, вяртаючыся ў родныя вёскі гэтыя нашчадкі нярэдка зноў пераходзяць на беларускую. Так мая цешча звычайна размаўляе па-руску (яна таксама паліглот), а яе мама была беларускамоўнай. Калі цешча ездзіла да сваёй мамы, то часам, тэлефануючы да нас адтуль, размаўляла па-беларуску і нават не заўважала таго.
4. Ёсць школьныя настаўнікі, многія з якіх павінны быць гатовыя весці беларускамоўны прадмет. Яны, як і многія журналісты пакрысе ды й невядомы працэнт дзяржслужачых, могуць гаворыць на літаратурнай беларускай, нават калі і не робяць гэтага дома.

Паколькі асаблівых каляпалітычных страсцей у 2009 г. не назіралася, праца «зялёных сумак» атрымала больш значную ўвагу з боку СМІ.

 За некалькі дзён да перапісу.

 Пачалося

 Алег Карповіч нават "катэ" зрабіў у тэму перапісу. Артыкул з таго ж нумара, што і на папярэднім здымку.
 Адны перапісчыкаў частуюць печывам, другія тумакамі, гаворыць артыкул СБ.

 Ізноў фоткі з перапісчыкамі.

 І нават падстановачная спрэчка журналістаў СБ на тэму "Ці патрэбны быў той перапіс?", пасля таго, як усё скончылася.

 "Звязда" лічыла дні да перапісу і завярала чытачоў, што іх асабістыя звесткі застануцца тайнымі.


 У першы дзень перапісу зноў моўнае пытанне ў цэнтры ўвагі газеты.

 На другі дзень "Звязда" публікуе дзяжурную фотку перапісу.

 "Звязда"16.10.2009, на с.5 ужо з'яўляецца артыкул-скарга: перапісчык нядбае пра права грамадзянкі перапісацца на беларускай мове.

 "Звязда" 17.10.2009, с. 3: скарга: на ўчастку для перапісу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце няма перапісных лістоў на беларускай мове.

 "Звязда" 20.10.2009. с. 2: яшчэ адзін артыкул пра дэфіціт перапісных лістоў на тытульнай мове насельніцтва. Вышэй яго апублікваны артыкул пра прыгоды перапісчыкаў і паў-эратычныя сэлфі з зялёнымі сумкамі. З этычных прычын я  гэту частку не публікую.

 "Звязда" за 23.10.2009. Акрамя моўнага пытання, разглядаюцца праблемы адсутнасці ліхтарыкаў у перапісчыкаў і заданне абысці свае тэрыторыі за 4 дні, каб усіх папярэдзіць пра перапіс (Я зайшоў да вас, каб сказаць, што неўзабаве яшчэ раз да вас завітаю). Здаецца, наша перапісчыца такой, прабачце, дурасцю не займалася.

 Заўвагі беларускамоўнага перапісчыка ў "Звяздзе" ад 23.10.2009.
 І пахвальны артыкул беларускамоўным перапісчыкам, з якога яшчэ можна даведацца, што тыя, хто не паспеў прайсці перапіс сваечасова, мусілі схадзіць на стацыянарны ўчастак. "Звязда" 29.10.2009., с 7.

2019 г. «Крок у будучыню»

Гэта быў першы перапіс, які дазволіў запоўніць перапісныя лісты ан-лайн на адмысловых сайтах. Нездарма яго дэвізам стала фраза «Погляд на сучаснасць –  крок у будучыню!». У першы жа дзень перапісу, я ўзброіўся пашпартамі сваёй сям'і і запоўніў усе анкеты (на беларускай). Новым было і тое, што беларусаў пыталі пра наяўнасць дачных участкаў (у падрабязнасцях) але гэта не пра нашу сям'ю: дачы не маем і дзякуй Богу!

 Такія рэкламныя постары, як гэты ў вагоне метро, можна было сустрэць ў розных месцях горада, нават на дзвярах камерцыйных магазінаў і ў дзіцячых садах.

А такія тлумачальныя памяткі вешалі ў дзяржаўных арганізацыях.


 Пра перапіс насельніцтва пісалі і ў сацыяльных сетках. Напрыклад група "Петрыкаўскія навіны" ў Facebook.

А Беларускі статыстычны камітэт рассылаў SMS

Яшчэ адной асаблівасцю перапісу з'яўляецца яго відэарэклама на электронных табло ў грамадскім транспарце. Цікава: у 1999-м газеты друкавалі пераважна чорна-белыя фота ў невялікай колькасці, у 2009-м шматлікія каляровыя фота, а ў 2019 г. ужо поўным ходам пайшла эпоха рэкламных відэаролікаў. Праўда, цяжка вызначыць у якой ступені яе хапае па-за межамі Мінска.



Увесь час перапісу працавалі стацыянарныя і часовыя ўчасткі для перапісу. Вось у гэтым на вуліцы Ўральскай 3 гэта быў невялікі пакой на 2-м паверсе Дома Культуры Таварыства Глухіх, дзе сядзелі маладая жанчына і жанчына ва ўзросце, апранутыя па-офіснаму і малады чалавек апрануты ў стылі casual. Усе з ідэнтыфікацыйнымі бэджамі. Я не стаў набівацца фоткаць іх, каб не правакаваць у перапісчыкаў "сіндром вахцёра". Здаецца, у гэтых перапісчыкаў не было аншлагу жадаючых перапісацца (я быў там вечарам у раёне 18:30-20:30). Не бачыў і жадаючых перапісацца ў гімназіі №8 на вул .Гамарніка (там толькі дзеці бегалі па калідорах). Увогуле ўражанне, што найбольш свядомыя грамадзяне перапісаліся праз інтэрнэт, а астатнія проста чакалі прыходу перапісчыкаў.


Такія "лісты шчасця" пакідалі перапісчыкі тым, хто іх не дачакаўся. Да нас не заходзілі, бо мы самі перапісаліся.

У сацыяльных сетках таксама абмяркоўвалі казусы перапісу-2019, як гэта заяўленая спроба прымусіць жыхароў сямейных інтэрнатаў перапісацца камандна-адміністратыўным метадам. Абмяркоўвалі таксама чуткі, што па выніках перапісу адшукаюць тых, хто не заплаціў падаткі, ізноў казалі пра ілжэперапісчыкаў, якія абкрадаюць небарак. Таксама лаялі перапіс, як марнаванне дзяржаўных грошай, праўда, у меншай ступені ў параўнанні з летнімі гульнямі. А тэлеграм-канал Nexta яшчэ летам апублікаваў фрагмент перапіскі ў Вайберы пра бонусы, якія чакаюць студэнтаў за удзел у перапісу: акрамя магчымасці свабоднага наведвання заняткаў (або права іх не наведваць) падчас кампаніі ім прапаноўвалі магчымасць засяліцца ў інтэрнат на наступны навучальны год. Калі ўсё так, то для бюджэта гэта бюджэтна. На ілюстрацыі: скрыншот з групы УКантакце "Беларусь сейчас".

Калі не пазначана інакш, фота і скрыншоты зроблены гісторыкам А. Берастоўскім
Тым, каго перапісчыкі не заставалі дома, яны пакідалі такія нататкі з адрасам бліжэйшага стацыянарнага ўчастка і тэлефонам для сувязі.

Гэты білборд вісеў далей і пасля завяршэння перапісу.

Таксама:
Белорусский язык: в поисках правды
Яшчэ раз аб нараджэнні беларускай мовы

***
У лютым Белстат паведаміў пра першыя вынікі перапісу: расце гарадское насельніцтва, Мінск стаў 2-мільённікам, скарачаецца насельніцтва краіны і расце колькасць тых, для каго беларуская мова родная ці паўсядзённая. 2% насельніцтва адмовіліся ад удзелу ў перапісе. Таксама з'явіліся каментарыі да адпаведных артыкулаў у СМІ, што да іх перапісчыкі не дабраліся.

У дзень роднай мовы 21 лютага 2020 г. разважаў над пытаннем: "Ці знікае беларуская мова?"

07.10.2019

Валгаградская вуліца: вуліца архітэктурных кантрастаў

Вуліца Валгаградская ў Мінску (да 1961 года яна называлася Сталінградскай) - гэта вуліца архітэктурных і сацыяльных кантрастаў. Тут ёсць і сталінскія 2-павярховыя баракі, і прыватны сектар, і 4-5-павярховыя панельныя дамы, і сучасныя "хмарачосы", калі можна так назваць дом у 9-12 паверхаў.

Паколькі Валгаградская злучае дзве буйныя магістралі: праспект Незалежнасці і вуліцу Я. Коласа на пераходзе ў Лагойскі тракт, - то на гэтай вуліцы заўсёды ідзе рух. З гэтай прычыны на маіх фота часта трапляе аўтатранспарт. Яшчэ адзін нюанс: я разлічваў на "воблачны з праясненнямі" дзень, але ішоў дробны асенні дождж і таму на фотках будзе нейкая атмасфера асенняга суму. Але такі смутак пасуе да многіх элементаў архітэктуры вуліцы.

Валгаградскую можна пешшу прайсці за 20 хвілін, але для зручнасці падзялю яе на некалькі ўмоўных частак.

"Дзелавая" Валгаградская каля Праспекта

Лишь прошу об одном: Вы найдите меня,
Если с Невским опять повстречаться решите.

А. Розембаум. Прогулка по Невскому

На скрыжаванні з галоўным праспектам горада, вул. Валгаградская робіць уражанне сучаснай гарадской вуліцы з элементамі пасляваеннай архітэктуры.

Заязжаю на вуліцу на аўтобусе маршрута 100.


Вось на гэтай частцы звычайна бывае стыхійны міні-рынак. У той час яго не было. Альбо дождж, альбо міліцыя, нешта спугнула гандляроў.

Паміж дамамі старой забудовы бачна сучасная будоўля.

Узгадалася, як я фотаграфаваў гэта месца каля аўтобуснага прыпынку ў маі 2014 г. Але тады большае значэнне меў такі постар, чым архітэктура вуліцы.

Адразу іду па цотным баку ўздоўж завода, з якога пачынаецца вуліца. У кадр трапляюць кантралёры грамадскага транспарту, якія або затаіліся, або проста адыйшлі пакурыць, або і тое, і тое. Яны ніяк не адрэагавалі на маю фотадзейнасць.

Від на архітэктуру няцотнага боку. На вуліцы шмат прыпаркаваных машын. Бліжэй да цэнтру вуліцы іх менш.

Помнік Леніну каля цэнтральнага ўваходу на завод. І пляцоўка каля помніка для ўрачыстых сходаў. Такі напамін савецкіх часоў...

Зноў раблю кадр няцотнага боку. Гэтыя дамы будаваліся, наколькі мне вядома ў 1950-х гг.

Вось гэта тэрыторыя завода яшчэ некалькі гадоў таму была за каменным плотам. Цяпер тут камерцыйныя арганізацыі, верагодна арандатары. Каменны плот яшчэ захаваўся далей.

Гэты будынак сталінскай архітэктуры, таксама аддалі арандатарам. Уваход сюды вольны. Тралейбуснае дэпо і іншыя ахоўваемыя тэрыторыі знаходзяцца далей углыб тэрыторыі.

Плот, як бачым, складзены з дробнай цагліны, пакрытай вапнай ці фарбай. Дарожка часткова зарасла травой, значыць, па-за межамі ўваходаў у гэты і суседні будынкі дла арандатараў, тут даўно ніхто не карыстаўся ёй.

"Спальная" ад Кедышкі да Кнорына


 Заўважаю на даху дома на скрыжаванні вул. Кедышкі і Валгаградскай цікавае слухавое акно...

 Іду ад Кедышкі па няцотным баку.  За "хамарачосам" на заднім плане пачынаецца прыватны сектар Валгаградскай.

 Як бачым на здымку 5-павярховыя дамы дагледжаны вельмі пасрэдна. Паміж вул. 5-павярхоўкі на Валгаградскай населены пераважна сем'ямі старых рабочых суседніх прадпрыемстваў. У каго ёсць сродкі, той даглядае кватэру, абшывае сцены цеплаізаляцыяй... А многія балконы і вокны выдаюць беднасць сваіх гаспадароў.

 Гаспадарчыя аб'екты на няцотным баоку звычайна 2-павярховыя.

 Вось і сучасны "хмарачос" на рагу вуліц Кутузава і Валгаградскай...


...За ім цягнецца сектар прыватных дамоў, дзе можна сустрэць і вясковыя хаткі, і сучасныя катэджы. Некаторыя жыхары гэтага сектара займаюцца агародніцтвам, хтосьці можа разводзіць кур. Таксама на сцяне дома могуць вісець патрыятычныя плакаты накшталт "Спасибо деду за Победу!" прычым не толькі з нагоды свята Перамогі.

 Гэты сектар крок за крокам адваёўваюць высоткі ХХІ стагоддзя. Жыхары прыватнага сектара змагаюцца за яго захаванне, але, верагодна, будзе як і ў іншых раёнах горада.

 На няцотным баку паміж тыламі 5-павярховікаў можна сустрэць прастору, дзе знойдуцца дзіцячыя пляцоўкі, пара турнікоў, лавачкі, сцежкі, а, часцей за ўсё там проста хаатычна пасаджаны дрэвы.


 Яшчэ адна славутасць гэтай вуліцы - пасольства Сірыі, якое хаваецца за дрэвамі ў катэджы.

 Цікавае спалучэнне: верхні надпіс відавочна захаваўся яшчэ з савецкіх часоў, а ніжні з'явіўся зусім нядаўна.

Дом Маракова


 У доме 39 у 80-я гады жыў пісьменнік Леанід Маракоў. Верагодна, цэклік цырульні вісіць тут з тых часоў.

 Вось у гэтым пад'ездзе ён і жыў. Кватэру называць не буду.

Двор дома Маракова. Такія ж прасторы з раскіданымі дзіцячымі пляцоўкамі можна сустрэць і ў іншых частках гэтага квартала.

Баракі і канец вуліцы

Ребята местны горьку пьют, не знают фитнеса
Всё потому что перспективы нет и бизнеса
Ай, улица родная, семь домов, три доски
Здесь делать неча, наши мурки воют от тоски

Серёга. Чёрный бумер

 Ад дома Маракова да скрыжавання з вуліцай Кнорына - рукой падаць.

 Неўзабаве прыватны сектар завяршаенцца і пачынаюцца каменныя 2-павярховыя баракі. Гэты адрэзак Валгаградскай самы бедны на знешні выгляд. На няцотным баку даволі шмат дабітых і заваленых старымі рэчамі балконаў.

На разбітым асфальце ў кадр траляюцца коцікі. Зрабіўшы "катэ", іду далей.

 У двары барака. У некаторых вокнах ёсць святло. Тут ёсць і офісы маленькіх фірм, і жылыя кватэры.

 Зайшоў у адзін адчынены пад'езд і сфоткаў інтэр'ер. Здаецца больш нідзе ў гэтым квартале не сустракаў драўляныя прыступкі, але шмат дзе яны такія ж высокія і нязручныя.

 У суседнім бараку на забітым нейкімі рэчамі акне сядзяць дваровыя птушкі...

 А балкон там самы дабіты на гэтай вуліцы. Вось яна пост-савецкая старасць.

 Машыны ля барака на скрыжаванні Валгаградскай і Наўгародскай. Тут, мабыць, офісы зрабілі. Дарэчы гэты раён моцна падтаплае падчас ліўняў. Аднойчы летам 2014 г. я ехаў тут на аўтобусе, і ў гэтым раёне ўсе аўтобусы сталі з-за выскога ўзроўню вады. Там, дзе зараз машыны, была рака, і абысці яе можна было толькі праз метраў 100 адсюль праз Наўгародскую.

 А вось і від на канец вуліцы, дзе яна скрыжуецца адначасова з вул. Я. Коласа, Мележа і Лагойскім трактам.

 Апошні барак...
 ... і апошні дом на цотнай частцы вуліцы.

 На няцотным баку - паркоўка і прыпынак,

А на цотным - прыгожая дзіцячая пляцоўка.

І пару архіўных фотак

И летят за страницей страницы -
Наших дней верстовые столбы,
И в домашнем альбоме хранится
Фотокопия нашей судьбы.

Эдита Пьеха. Семейный альбом

 Скрыжаванне Валгаградскай з Я.Коласа і Лагойскім трактам. 1970-я. Крыніца фота тут.

Аўтобус маршрута 95 на месцы, з якога я пачынаў гэта "фотапаляванне". Калі судзіць па мадэлі аўтобуса і машынах на вуліцы, - гэта 1990-я гг. Крыніца: скрыншот з суполкі Укантакце "Минск сейчас".

Калі не пазначана інакш, фотаграфіі зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 2.10.2019 г.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...