27.04.2020

Успаміны дзяржслужачых

Некалькі дзярслужачых, з якімі мне даводзілася сустракацца, дзяліліся са мной успамінамі свайго жыцця. Было і пра садзік, куды хадзіў мой малодшы сын, і пра першыя камп'ютары, пра якія пісаў яшчэ Ф. Рудовіч, і пра Курапаты, і пра разборкі бандытаў з сямейным тыранам ў 90-я... Настаў час занатаваць найбольш істотныя з іх, захоўваючы ананімнасць сваіх крыніц і меру здаровага скепсісу да іх апавяданняў.

Жанчына 1:

«Я вам, Валер'евіч, кажу: не спяшайцеся запаўняць паперы. Яны павінны адляжацца. Калі ў арганізацыю, дзе я працавала раней, прыходзіў нейкі загад, мой начальнік не спяшаўся яго выконваць і казаў: «Хай папера паляжыць». Праз некалькі дзён загад адмянялі, а мы і так не рабілі марнай справы!»

Жанчына 2:

«Калі я працавала выхавальніцай у дзіцячым садзіку, у нас быў Франак Вячорка. Дык усе хлопцы гулялі ў вайну з немцамі, а ён – ваяваў з рускімі.»

Спаліўся

«У адным студэнцкім інтэрнаце да некалькіх кітайцаў падсялілі рускага хлопца. Той вырашыў пакпіць з азіятаў і будзіць іх ранкам ды кажа: «Вы павінны святочна апрануцца і стаяць, пакуль грае савецкі гімн. (У савецкі час і ў час панавання праваднога радыё вяшчанне пачыналася з гімна ў 5:50 – заўвага мая А. Б.) Кітайцы так і рабілі раз за разам. Аднойчы гарэзніку абрыдла гэтая забава і ён перастаў паднімацца з імі на гімн. А кітайцы пайшлі і данеслі на яго дэкану факультэта. Дэкан, апавядаўшы мне гэта, не ведаў што рабіць з гарэзай: ці пакараць яго за такія жарты, ці не.»

Жанчына 3

Гэтая дама зойме большую частку сённяшняй падборкі, бо з ёй я меў некалькі доўгіх размоў. Па-за межамі назірання пакіну амаль дэтэктыўныя авантуры, дзе яна апавядала пра банду часоў 90-х, якая разбіралася з нейкім суседам-дэбашырам, пра яе прыгоды падчас працы ў інтэрнаце для былых зэкаў (магчыма, нейкі варыянт спецпасялення? -- А. Б.). Ва ўсялякім разе пакуль. І засяроджу ўвагу на больш істотныя падзеі.

Крыжоўка-1977

«Мы былі на дачы недалёк ад станцыі «Крыжоўка». Ужо быў вечар, і наша кампанія ішла ў бок чыгункі, каб вярнуцца ў Мінск. Нечакана мы ўбачылі, што дарогу перакрыла міліцэйскае ачапленне. Міліцыянеры стаялі сцяной і нікога не прапускалі. Мы мусілі вярнуцца ў бок аўтамабільнай дарогі і спрабаваць даехаць у горад аўтастопам, як і некаторыя іншыя дачнікі. Пазней стала вядома пра сутыкненне цягнікоў. Пасля той трагедыі ў электрычках некаторы час першыя вагоны былі пустымі: людзі баяліся туды сесці і загінуць у выпадку яшчэ аднаго сутыкнення цягнікоў...»
(Калі гэта ўсё праўда, яны вярталіся ўжо ў раёне 19-20 гадзін, бо да гэтага па аўтадарозе вывозілі параненых у Мінск такім жа аўтастопам, як і пазней на Нямізе – заўвага мая А.Б.)

Камп'ютар у НДІ

«У наш навукова-даследчы інстытут закупілі першы камп'ютар. Карысці ад яго не было ніякай. Усе разлікі рабілі без яго. Але для прэстыжу ён быў патрэбны. Час ад часу, каб ён не стаяў без справы, праграмісты запісвалі для яго нейкія каманды і камп'ютар нешта разлічваў, рабіў эфект неабходнай у НДІ машыны. Раз увечары аднаму супрацоўніку даручылі загрузіць   гэты тэхнічны ідал працай на ўвесь вечар, а гэты спецыяліст як раз збіраўся адсвяткаваць свой дзень нараджэння, і яму не карцела прасядзець вечар з камп'ютарам. Вось ён і напісаў простую каманду за некалькі хвілін – «памнажаць 2Х2 да бясконца», з сур'ёзным выглядам загадаў лабаранту: «Сачы за працай камп'ютара, а, калі ён падчас разлікаў завісне, проста перазагрузі яго,» – і пайшоў святкаваць! Мабыць, цяпер распавядае пра гэта студэнтам на лекцыях...»

Пасадзілі злосніцу

«Я сядзела ў чарзе ў адзін кабінет. Чую размову дзвюх жанчын:
– А што вы з той лектаркай зрабілі?
– Пасадзілі яе. Дастала злосніца!
– Як вам атрымалася гэта? – (пытанне, відавочна, было без спачування да лектаркі – А. Б.)
– Мы ёй на экзамен прынеслі букет кветак, а ў букет сунулі пачак баксаў. А потым прыйшлі мянты – і ўсё! Цяпер сядзіць.

З таго часу я баюся нават шакаладку ў падарунак браць...»

Мужчына:

На падставе яго ўспамінаў я склаў некалькі апавяданняў цыкла «Гэта Беларусь, хлопча!». Таксама некаторыя яго ўспаміны пра І. Карпенку як міністра чакаюць свайго часу. А пакуль сцісла пра іншае:

Халоднае лета 1963-га

«Аднойчы летам ці ў мае, здаецца ў 1963 года, мы з сястрой, яшчэ малыя, сядзелі дома адны. Нечакана падзьмуў моцны вецер на вуліцы і стала вельмі холадна. Мы напужаліся і сядзелі прыціснуўшыся адзін да аднаго, каб сагрэцца. Калі дарослыя вярнуліся, то затапілі печ...»
(Гэтая сітуацыя адбылася ў Мінску – А. Б.)

Курапаты

«Я, калі малады быў, нават і не ведаў, што ў Курапатах людзей расстрэльвалі. Па маладосці мы хадзілі туды кампаніяй, пілі гарэлку, палілі вогнішчы...»
(У голасе старога чыноўніка адчуваўся нейкі жаль, ці то па маладосці, якая ўжо мінула, ці то па тым, што адпачываў на месцы, дзе пахавалі людзей – А. Б.)

«Потым там будавалі трасу, выкінулі косці людзей. Але ніхто не казаў адкуль яны там. Толькі ў цяперашні час мы даведаліся што там было.»

Садзік

Даведаўшыся, што мой Любчык ходзіць у сад № 25 для дзяцей з парушэннямі зроку, мой суразмовец ажывіўся:

«А я хадзіў у гэты сад! Ён тады быў драўляны, і не спецыялізаваны. Цяпер яго поўнасцю перабудавалі...»

Нелаяльная лаяльнасць

Многія дзяржслужачыя не любяць уладу. І гэта зразумела: прадстаўнікі ўлады часцей за ўсё размаўляюць з імі мовай ультыматумаў, пагроз і патрабаванняў. Таму не дзіва, што казаў стары чыноўнік:

«Да мяне нейкі раз прыслалі маладога чалавека, які патрабаваў, каб усе нашыя маладыя прыйшлі на выбары ў пэўны дзень. Я адказаў, што ім гэта будзе нязручна, а ён накатаў на мяне паперу начальству, што я выступаў супраць выбараў. Я адказаў начальству, каб больш яго да мяне не прысылалі, бо мы не знойдзем узаемаразумення... А аднойчы мне прапанавалі далучыцца да «Белай Русі», і я адказаў: «Я ўжо быў у УКП (б). А цяпер не гатовы»... Я ўвогуле за перамены, але не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам.»

14.04.2020

Беларусь, якая курыць

Паколькі я жыву ў час, калі за кожнае слова можна адказаць у судзе, то пачну з важнай заявы:
НІШТО Ў ГЭТЫМ МАТЭРЫЯЛЕ НЕ ПАВІННА РАЗГЛЯДАЦЦА, ЯК ПРАПАГАНДА КУРЭННЯ ЦІ РЭКЛАМА ТЫТУНЁВЫХ ВЫРАБАЎ. ТЭКСТ І ІЛЮСТРАЦЫІ ПРЫВОДЗЯЦЦА Ў РАМКАХ МЕМУАРНАГА ПРАЕКТА «КАБ НЕ ЗАБЫЦЬ», ЯК ЧАСТКА ДАСЛЕДАВАННЯ ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ. АЎТАР НЕ СПАЖЫВАЕ ТЫТУНЁВЫЯ ВЫРАБЫ І ПАПЯРЭДЖВАЕ ЧЫТАЧОЎ, ШТО ЯНЫ ВЫКЛІКАЮЦЬ ШМАТЛІКІЯ ЗАХВОРВАННІ І СМЕРЦЬ.

Маё дзяцінства прыйшло на той час, калі курылі яшчэ савецкія цыгарэты. Але праект «Каб не забыць» прысвечаны Беларусі ад пачатку 90-х. Тады савецкія брэнды «Космас», «Прыма», «Астра», па-ранейшаму папулярныя ў 90-я, паступова саступалі новым: «Эл-Эм», «Саюз-Апалон», «Мальбара»...

Дэфіцыт

У 1990-91 гг. недахоп многіх спажывецкіх тавараў стаў катастрафічным. У пэўны момант з продажу зніклі і цыгарэты. Спачатку курцы раскупілі махорку, якую тады прадавалі пераважна для вывядзення блох з дамашніх катоў і сабак. Потым выйшлі на вуліцы пратэставаць. Праўда, тытунёвых бунтаў, як гэта некаторыя падаюць, у чыстым выглядзе не было, было шмат эканамічных і палітычных выступленняў, якія, дзякуй Богу, не скончыліся крывёй, як у Тбілісі і Баку. І на гэтых акцыях пратэсту патрабаванні былі шырокія. Цыгарэтамі адкупіцца ўраду БССР не атрымалася б.

Праўда, усё гэта прайшло міма мяне, бо я (а я рэгулярна сачыў за палітычнымі навінамі з 1991 г.) не цікавіўся падзеямі, дзе не хапала нейкага мардабою. Але цяпер я радуюся, што тады абышлося нават без бітых вітрын...

Магу дадаць толькі, што талоны на цыгарэты і алкаголь у той час таксама стваралі магчымасці натуральнага абмену: звычайна тыя, хто не курыў, бралі цыгарэты і мянялі іх у курцоў на іншы дэфіцыт (цукар, мыла і г.д.), а алкаголь быў «вадкай валютай», сродкам плацяжу, як у ЗША канца 18 ст.

Дарэчы, у Беларусі пачалі з'яўляцца і каляровыя ксераксы, якія спарадзілі лайфхак таго часу: падробку аднаразовых купонаў на тавары...

Кіёскі


 Крыніца ілюстрацый: people.onliner.by

У пачатку 90-х быў бум кіёскаў. Там, дзе цяпер паркоўка гандлёвага цэнтра «Дана Мол», у першай палове 90-х стаяў стыхійны рынак з кіёскаў. Мой дзед, які тады яшчэ не змірыўся з распадам СССР, бурчаў неяк, калі мы нешта куплялі там на нашыя інфліруючыя грошы:
– Вось бы танкам па гэтых кіёсках прайсціся!

Танкі не спатрэбіліся. У сярэдзіне 2000-х мэрыя Мінска крок за крокам выціснула кіёскі з Камароўкі ды іншых рынкаў горада на Жданы. Рынак, які быў на цяперашняй паркоўцы «Дана Мол», знік яшчэ ў канцы 90-х.

Вось такія кіёскі і былі месцам, дзе было магчыма набыць не толькі цыгарэты, але і відэакасеты з фільмамі на 18+. І не заўжды ў пакупніка пыталіся ці ёсць яму тыя 18+. У 2000-х палітыку продажу цыгарэт зрабілі больш строгай, і ў кіёсках цыгарэты непаўналетнім ужо не кожны адважваўся прадаць.

Бабкі

Яшчэ адной крыніцай набыць цыгарэты для школьніка (як і для дарослага) былі бабкі. Стыхійны рынак 90-х уключаў бабулек, якія звычайна раскладалі тавар недалёка ад афіцыйнага рынка ці буйнога магазіна. Яны гандлявалі не толькі сваёй дачнай прадукцыяй і вязанымі шкарпэткамі, але і часам цыгарэтамі. Памятаю, што ў печынскай школе, адзін мой аднакласнік (тады ў 10 ці 11 класе) дзяліўся з намі:
– Я купляю цыгарэты ў адной і той жа бабкі. Яна мне за гэта шклянку семак у кішэню адсыпае...

Пазней, калі я скончыў школу, і вырашыў, што буду таксама курыць, я таксама карыстаўся паслугамі бабак. Я доўгі час меў выгляд школьніка, нават калі ўжо сам працаваў настаўнікам, але бабулі ніколі не задавалі мне пытанняў. У Мінску яны прадавалі «Эл-Эм» і «Саюз-Апалон», а ў Барысаве бачыў як на вуліцы Рэвалюцыйнай пажылыя кабеты гандлявалі нават «Прымай» ля прыступак магазіна.

Паслугамі бабак карысталіся ў той час і міліцыянеры. Так да маёй цёці заляцаўся адзін начальнік спецкамендатуры, які няблага ведаў англійскую і пару разоў дапамагаў мне рыхтавацца да ўступных экзаменаў. І вось сядзеў я ў яго кабінеце, я мой ментар (у харошым сэнсе слова) быў, з яго слоў, «пад мухай» і хацеў курыць. У кабінет зайшоў яго калега і начальнік адразу яму:
– Закурыць ёсць?
– На, трымай, – працягнуў той яму пачак імпартных цыгарэт.
– Дзе дастаў? – па-савецку пытаецца начальнік спецкамендатуры.
– А-ат, у бабак, вядома...

Мой рэпетытар з задавальненнем прыкурыў адну ад каларыфера, што абаграваў яго кабінет. Я з зайздрасцю назіраў за тым, як ён курыць адну за адной ад каларыфера. Потым спрабаваў такое зрабіць ноччу з пачкам «Прымы», які мая бабуля трымала ў адзежнай шафе супраць молі. Але нават гарачая настольная лямпа не запальвала цыгарэту...

У 2000-х бабкі цыгарэтамі ўжо не гандлявалі. Ды і мяне з сярэдзіны 1997 года іх паслугі больш не цікавілі.

Жуйкі

У тыя звышліберальныя 90-я шырокай папулярнасцю карысталіся жуйкі ў форме цыгарэт з фільтрам. Я бачыў такія ў Пячах у звычайных магазінах. Многія дзеці і падлеткі гулялі ў курэнне перад тым, як скарыстаць такую жуйку па прызначэнні. У асобных выпадках спрабавалі іх падпальваць. Я ніколі не любіў жуйкі, і эксперыменты з імі бачыў толькі ў іншых дзяцей. І ніколі не чуў слоў абурэння такім таварам з боку дарослых.

90-я былі яшчэ эпохай калекцыяніравання наклеек з жуек. І жуйкі былі не толькі з фруктовым густам, але і і з перцам (серыя Killer з наклейкамі стралковай зброі). І нават з нікацінам. Ці прадавалі жуйкі з нікацінам непаўналетнім у той час? Не ведаю, але карыстанне жуйкамі ці пластырамі з нікацінам замест цыгарэт было не «па-пацанску». Нават выпадкі спажывання палеткамі ці юнакамі нюхальнай табакі ці жавальнага тытуню мне вядомы толькі два...

Дзе можна і дзе нельга

У 90-х яшчэ не было строгай забароны курыць у памяшканнях. Таму забаўным успамінам ўсплывае з маёй памяці трэснутая сцяна на фізфаку БДУ, дзе абваліўся тынк і з трэшчыны тырчалі шматлікія фільтры ад цыгарэт. Гэта было восенню-зімой 1996 г., калі я хадзіў на падрыхтоўчыя курсы. З нас, слухачоў, што чакалі лектара каля той сцяны, ніхто не курыў у тым месцы, хоць курцы былі, але сталы пах тытунёвага дыму крыху перабіты марозным паветрам у тым калідоры побач з аўдыторыямі мне не забыць.

Калі я вучыўся ў БДПУ на гістарычным (1997-2002) у нас былі адмысловыя месцы для курэння: прасторныя туалеты на 3-4 паверху (у астатніх клазетах таксама курылі, але менш, бо там менш прасторы і было строга забаронена), на балконах 5-14 паверхаў (там некаторыя нават піва паспявалі папіць) і на ганку каля ўнівера. Выкладчыкі, акрамя гэтых кропак маглі сабе дазволіць курэнне ў кабінеце і часам у аўдыторыі. У 2010-х наступленне дзяржавы на шкодную звычку пакінула курцоў з вну ў адмысловых рэзервацыях, падобных на аўтобусныя прыпынкі і таксама на месцах каля ўваходу ў будынкі універаў. У туалетах курылі ўсе 2000-я і на пачатку 2010-х, але ўсё радзей, бо можна было на штраф напароцца.

Гумар

У час майго навучання ў вну сярод студэнтаў гістфака хадзілі жарты пра савецкія цыгарэты:
***
– Чым адрозніваюцца касманаўты ад астранаўтаў?
– Першыя кураць «Космас», другія – «Астру».
***
– Хто такая прымадонна?
– Донна, якая курыць «Прыму».
***
– Чаму на пачках савецкіх цыгарэт пазначалі клас?
– У першым класе пачыналі з «Космаса», у трэцім пераходзілі на «Астру», а пятым – на «Прыму».

А цяпер папулярны «тытунёвы» жарт:
– Ён курыў «Парламент» – не дапамагло патрапіць у парламент, а вось піва «Казёл» зрабіла сваю справу.

Эпоха вэйпаў

З першай паловы 2010-х у Беларусі з'явіліся электронныя цыгарэты. Спачатку некаторыя курылі іх нават у вагонах метро і забаўлялі гэтым іншых пасажыраў. Потым курэнне паравых цыгарэт стала масавым і ў гэты час усе віды курэння забаранілі амаль ва ўсіх памяшканнях. І цяпер каля розных вну, бараў і нават пад'ездаў можна бачыць не толькі клубы шызага дыму, але і пару.

Асабліва спадабаліся вэйпы школьнікам: бо цяпер у туалетах і распраналках спартзалы не застаецца слядоў. Калі мой старэйшы сын вучыўся ў трэцім класе, яму ўжо прапанавалі вэйпіць у туалеце. Адмовіўся.

Самыя жорсткія меры супраць курэння як раз прыйшлі разам з модай на вэйпы. У 2015-17 гг. рэклама тытунёвай прадукцыі была цалкам забаронена, таму ў апошнія тыдні перад уступленнем закона ў сілу на касах многіх магазінаў паставілі празрысты сподак пад грошы, пад якім заўжды ляжаў пачак цыгарэт.

Фота А. Берастоўскага. 2015 г. для паста "Губляем і знаходзім"

Жорсткія меры спарадзілі новыя лайфхакі для непаўналетніх. Каля выхаду са станцыі метро «Усход» да мяне час ад часу звяртаюцца падлеткі з грошамі і просьбай купіць ім цыгарэт. Ад мяне яны атрымоўваюць адмову, а нехта можа падзяліць цыгарэты з хлопцамі ці купіць такі пачак, пакінуўшы здачу сабе. Я маўчу пра правераныя часам спосабы: красці цыгарэты з бацькоўскіх пачкаў, збіраць акуркі, прасіць курава ў прахожых вясёлай кампаніяй...

Эпоха Табакерак

Час курсу на барацьбу з курэннем цягнуўся нядоўга, і з 2018 г. у розных гарадах Беларусі з'явіліся адмысловыя кіёскі для гандлю тытунёвымі вырабамі – «Табакеркі». Час ужо не той, што ў 90-х і з'яўленне «Табакерак» тут і там выклікала абурэнне многіх беларусаў (нягледзячы на вялікую колькасць курцоў у краіне). У асобных выпадках жыхары некаторых кварталаў дабіваліся адмовы на з'яўленне чарговай «Табакеркі» на сваёй зямлі, але ў большасці сітуацый «Табакерку»ставілі нягледзячы на пазіцыю грамадскіх актывістаў...

Многія «Табакеркі» стаяць зачыненыя бо прадаўцоў туды не знайшлі. Некаторыя працуюць, прычым, каля аўтобусных прыпынкаў яны рэалізуюць і білеты на грамадскі транспарт.

Дзякуючы дурной рэпутацыі гэтыя новыя тытунёвыя кіёскі перыядычна сутыкаюцца з вандалізмам. То іх размалююць, то закідаюць экскрэментамі... Некаторыя пішуць на іх свае лозунгі. Безумоўна, вандалізм не мае апраўдання.

Злева: 31.12.2019 Ставяць кіёск каля ДС "Каліноўскага". Такі навагодні падарунак жыхарам Усхода-2? Цэнтр: студзень 2020 г. кіёск на мінскай вуліцы Казлова насупраць 7-8 карпусоў БДУІР ужо працуе. Справа: студзень 2020 г. кіёск каля прыпынку "Алімпійскі спарткомплекс" на вулю Каліноўскага, размаляваны вандаламі. Фотаграфіі А. Берастоўскага.

Нікацінавыя паўчы

У канцы 2019 года на рынак РБ сталі завозіць нікацінавыя паўчы без тытуню. У 2020 г. іх стала магчыма бачыць у буйных магазінах Мінска. Калі судзіць па рэкламе, якая, дарэчы адкрыта распаўсюджана ў горадзе, то прадукт арыентуюць на маладых людзей з акцэнтам на паспяховасць, стыль, папулярнасць, прывабнасць і адсутнасць такой хібы курэння як дым з непрыемным пахам. Вядома, што сталасці, шчасця і павагі спажыванне прадуктаў, якія выклікаюць залежнасць, не дае, але менавіта гэтага шукаюць падлеткі і юнакі, на якіх, верагодна, накіравана рэклама...

Рэклама нікацінавых паўчаў. Лозунг "акружай увагай, а не дымам, у цябе ёсць (назва вырабу)" на фоне прывабнага маладога чалавека, які дапамагае сваёй даме сыйсці з аўтобуса. Дарэчы, яшчэ адна дэталь: гэта рэклама вісць на аўтобусным прыпынку каля трох навучальных устаноў: БДУІР, радыётэхнічны каледж і БНТУ. Зразумела, хто павінны асацыяваць шляхетныя паводзіны са спажываннем нікацінавых вырабаў... Фота А. Берастоўскага, 2 чэрвеня 2021 г.


Замест эпілога

Аднойчы адзін мой студэнт-завочнік на заліку па англійскай мове заявіў мне, што курыць па 4 пачкі ў дзень. Я запытаўся:
– Вам зніжку якую-небудзь за гэта даюць?
– Не.
– Так не павінна быць, – працягваю я, – калі не кожны 3-і пачак бясплатны, то хаця б 30% зніжкі на хіміятэрапію ў нейкім медыцынскім цэнтры ці кожны другі вянок у рытуальнай краме бясплатна.

Група зарагатала. Студэнт прамаўчаў. На наступнай сесіі ён падышоў да мяне і ціха сказаў:
– Я пасля вашых слоў кінуў курыць...

Гэтага і іншым жадаю.

Таксама: Змітрок Бядуля пра перамогу над смерцю

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...