Показаны сообщения с ярлыком Гэта Беларусь хлопча. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Гэта Беларусь хлопча. Показать все сообщения

04.06.2018

Гэта Беларусь, хлопча! Апавяданне.


Саша глядзеў на асенняе неба. Ён сядзеў на халодных брусах, але не адчуваў холаду. У небе высока, амаль нябачна, зноў прамільгнула нейкая птушка. Цяпер Саша аддаў бы ўсе грошы свайго бацькі, каб быць на яе месцы...

У гэты момант з барака выйшлі амаль ўсе астатнія мужыкі з іх брыгады. Гэта яны давалі магчымасць Максу застацца сам-насам з адным з пакрыўджаных і атрымаць інтымныя паслугі.

Некалькі вернікаў ужо стаялі невялікай купкай з кубачкам какавы з якога пілі па чарзе па два глытка. Яны адзначалі Вячэру Гасподню. Прычым сядзелі не за рэлігію: амаль усе яны былі тут за бытавыя забойствы і сталі вернікамі непасрэдна на зоне.

Многія з тых, што выйшлі, закурылі, а Паўло, адзін з самых неадэкватных, кінуўся на брусы практыкавацца. Саша саскочыў не чакаючы, пакуль Паўло яго папросіць. Ён крыху баяўся Паўло, бо той мог кінуцца на такіх, як ён, без прычыны з крыкам «Дзічына, ты чаго тут?!», але ў Сашы была падпіска: ён грэў брыгаду і існавала правіла не чапаць яго.

Усё пачалося не так яшчэ ў школе. Саша быў сынам уплывовага чыноўніка, але бесхарактарным хлопцам. Час ад часу разам з хлопцамі з класа прагульваў урокі, смактаў піва і электронныя цыгарэты ці глядзеў парнаграфічныя ролікі. Бацькі перыядычна выкрывалі яго паводзіны, пазбаўлялі тэлефона ці кішэнных грошай на месяц. І Саша браўся за розум, але праз некаторы час зноў блытаўся са старымі сябрукамі.

Калі надышоў час выпускных экзаменаў, бацькі населі на Сашу так, што ён мусіў засяродзіць усе сілы на вучобу і часу на сябрукоў не заставалася. Але потым быў выпускны, які хлопец яшчэ доўга не забудзе.

Выпускны баль прайшоў нармальна. Усе прынялі па бакалу шампанскага (ну, бацькі з настаўнікамі даганяліся і больш сур'ёзнымі напоямі), патанчылі, зрабілі пару дзясяткаў сэлфі і разышліся сустракаць світанак згодна старой традыцыі. Калі ўсе разыходзіліся купкамі, Лёха, адзін з  яго кампаніі, падышоў да хлопца і сказаў:

– Іллюха Зверабой чакае ўсіх каля свайго пад'езда ў тры ночы. Прыходзь. Будзе крута.

Саша кіўнуў: прыйду. Потым з бацькамі пагуляў да дванаццаці ў кампаніі пай-дзяўчат і іх бацькоў. Многія вырашылі ісці на рэчку, і тут яго тата з мамай вырашылі пайсці дамоў. Гэта дало нагоду Сашы застацца ў дзявочай кампаніі да патрэбнага часу і потым пайсці да Зверабоя.

Іллюха Зверабой атрымаў сваю мянушку за забойствы дваровых катоў і сабак у сёмым класе. Ён быў адным з самых жорсткіх хлопцаў у класе, але заўсёды гатовы абараняць Сашу. Таму адмаўляцца ад сустрэчы з ім Саша зусім не жадаў.

Каля пад'езда Зверабоя было яшчэ тры хлопцы, акрамя гаспадара. На лаўцы стаяла пластыкавая бутэлька і конаўка, а таксама нарэзка каўбасы і сыра.

– Зарулівай, Саха! Сапраўдны самагон для брутальных мужыкоў! – гасцінна запрасіў Іллюха.

Бутэлька на 2 літры была ўжо напалову пустая. Яшчэ праз палову гадзіны там засталося толькі на паўконаўкі. І тут Зверабой дастаў сумку-баул з-пад лаўкі і заявіў:
– Цяпер рэальныя пацы ідуць са мной да школы, перадаць дырэктрысе наш развітальны падарунак.
– А што гэта? – запытаўся нехта.
– Брукаванка. Будзе прыкольна. – адказаў Зверабой.

Яны з Сашам цягнулі цяжкі баул да школы моўчкі. Астатнія хлопцы травілі анекдоты пакуль ішлі побач. Да школы дайшлі за пяць хвілін.

– Кароча, каб родная школа была як у Беслане, – загадаў Зверабой і дастаў з сумкі першы камень. – Цэлім у кабінет дырэктрысы.

Кабінет дырэктара знаходзіўся па-над уваходам у школу. Усе тры вокны выглядалі на двор. І ўсе тры зазвінелі амаль адначасова. Праз хвіліну ад акон кабінета засталіся толькі рамы, але хлопцы ўсё шпурлялі і шпурлялі туды брукаванку. Пазней стала вядома, што камп'ютар на стале, шафа з дакументамі і нават фікус у гаршку сур'ёзна пацярпелі ад юных вандалаў.

Хлопцы білі і іншыя вокны, а Саша ўвайшоў у раж, схапіў каменную урну і пачаў біць ёй шкляныя дзверы на ўваходзе. У гэты момант раздаўся крык:
– Шу-у-ухер!!

Усе кінуліся бегчы. Саша разгубіўся і пабег з цяжкай урнай у руках. Ён кінуў яе толькі на школьным стадыёне, дзе ўжо за ім бег патрульны міліцыянер. Праз яшчэ хвіліну, Саша атрымаў выспятка ў спіну і паляцеў на дол. Міліцыянер насеў зверху і адразу надзеў хлопцу наручнікі.

Праз хвілін пятнаццаць Сашу ўжо прывялі ў аддзяленне. Амаль адначасова прывялі і Зверабоя. За сталом сядзеў ружовашчокі бландзін у міліцэйскай форме, які курыў адну цыгарэту за другой. Здавалася, ён быў равеснікам хуліганам.

– А-а, Зверабой – казаў бландзін быццам добраму знаёмаму. – Зноў за старое бярэшся? Ну, пішы чыстуху адразу. Колькі вас было. Навошта гэта рабілі і гэтак далей.
– Каб я мянтам сваіх друганоў здаваў... – пачаў казырыцца Зверабой.

У гэты жа момант бландзін заляпіў хлопцу такую аплявуху, што той паляцеў са стула.

Мацюгаючыся і плачучы, Іллюха здаў усіх удзельнікаў сваёй аперацыі і дадаў:
– Нас арганізаваў Саха. Ён у нас у аўтарытэце. Кажы, Саха?

Саша баяўся, але яму падабалася адчуць сябе аўтарытэтам, і ён кіўнуў: так. Міліцыянер толькі ўсміхнуўся: не паверыў.

Праз паўгадзіны бацькі Сашы ўжо былі у аддзяленні. Каб замяць справу, усе дзесяць тысяч баксаў, якія нейкім чынам зарабіў яго тата, разышліся міліцыі, дырэктару ды на рамонт школы.
– Як прыйшло, так і зышло, – бурчаў тата, тады буйны чыноўнік і, адначасова, кансультант у прыватнай кампаніі. – Крутануўся, атрымаў дзесяць штук, а сынок усё спусціў.

Пасля гэтага бацькі зноў узяліся за Сашу. Ён паступіў у вну на эканаміста. Бліскуча здаў першую сесію. Неўзабаве надышла вясна. Як раз у гэты час у жыцці Сашы з'явіўся Штэк. Саша ніяк не мог узгадаць сапраўднае імя гэтага хлопца. Здаецца, Штэк нідзе не вучыўся, але круціўся вакол студэнтаў-эканамістаў і добра ведаў дзе і як арганізаваць файную вечарынку. Сам ён быў недзе з Расіі, а што дакладна рабіў у Беларусі, дзе жыў і на якія грошы, Саша так і не даведаўся.

Дзякуючы Штэку, Саша пазнаёміўся з некаторымі дзяўчынамі, з якімі, згодна іх уласных слоў, можна было «займацца сексам без рамантычных замарочак». Таксама былі рэлаксацыйныя пасядзелкі з півам пасля лекцый па вышэйшай матэматыцы ды статыстыцы. Саша піў памяркоўна, таму бацькі ў гэтым праблем не бачылі. Раз ці два Штэк бываў у Сашы дома: разам гулялі у «кантру» ці «танкі».

Быў канец мая. Горача. Усе залікі здадзены. На бліжэйшым экзамене абяцаны «аўтамат». І як раз у гэты момант Штэк прапанаваў пракаціцца на яго машыне за горад. Спачатку яны проста аб'ехалі МКАД на вялікай хуткасці, потым з'ехалі на ціхі лужок каля лесапарку. Тут Штэк дастаў бляшанку з нейкай травой і скруціў самакрутку з газеты. Падняўся густы белы дым. Юнакі па чарзе зацягваліся. У Сашы абудзіўся моцны апетыт, і ён накінуўся на «колу» з чабурэкамі.

Хлопцы амаль дакурылі самакрутку, як не заўважылі падыход сяржанта ДАІ.

– Вашыя дакументы! – ветліва, але строга сказаў міліцыянер і  працягнуў: – Што курым?
– Камандзір, давай дамовімся? – прапанаваў Штэк і палез у кішэню за грошамі.
– Гэта Беларусь, хлопча! – рэзка абарваў яго сяржант і, запісаўшы расійскі нумар машыны Штэка, ціха дадаў: – тут табе не Расія.

Усё, што было пазней з нейкай прычыны праляцела для Сашы як начны кашмар, ад якога прачынаешся у халодным поце, а поўнасцю згадаць не можаш. Памятаў, як яго і Штэка ў той жа дзень адправілі ў следчы ізалятар, а на наступны дзень Штэка кудысьці ўвялі і Саша застаўся зусім адзін сярод хамаватых зняволеных. Памятаў суд, калі яго бацька здолеў дабіцца таго, каб пракурор запатрабаваў яму толькі 7, а не 8 год, а суддзя дала толькі 5 год строгага рэжыму. Памятаў, што Штэку далі ўсе 8 і судзілі яшчэ за нейкія махінацыі. Памятаў як пастарэлі рукі і твар яго маці якая прывозіла яму цяжкія сумкі з ежай і цыгарэтамі. Звычайна з усяго гэтага Сашы даставаўся толькі кавалак каўбасы ды пачак чаю.

Цяпер праз год і чатыры месяцы ён ўжо амаль звыкся з жыццём у калоніі. Паколькі яго тата траціў вялікія грошы не толькі на адвакатаў, але і на сына за кратамі, Сашу не чапалі. Але ён не мог не бачыць, што тых двух небарак, якія таксама адбывалі тэрмін за наркотыкі, і якія не мелі багатых бацькоў, білі даволі часта, асабліва Паўло, які мог ноччу стукнуць каго-небудзь са слабых палкай ці напіхаць ім паперы паміж пальцаў ног ды падпаліць пакуль яны спалі. Ад гэтага Саша ніколі не спаў спакойна.

Нядаўна прыйшла навіна, што тату звольнілі з дзяржаўнай службы. Цяпер сям'я жыве толькі на тое, што зарабляе кансультантам у прыватнай канторы. Саша разумеў, што гэта яго віна, але было страшна, што будзе, калі яго бацькі перастануць грэць яго брыгаду. Праўда, была магчымасць крыху зарабіць: зэкаў выкарыстоўвалі на дрэваапрацоўчым камбінаце, і за пагрузку дрэва Саша мог атрымаць свае законныя 5 рублёў ды купіць сабе што-небудзь паесці у кіёску пры калоніі.

На спортпляцоўку выйшаў Ігнат, таксама былы студэнт-эканаміст. Час ад часу, калі ніхто не бачыў, Саша мог размаўляць з ім як з нармальным чалавекам. Але цяпер вакол былі людзі, і з Ігнатам нельга было ні размаўляць, ні павітацца за руку. Хлопец гуляў у карты з суседам па пакоі ў інтэрнаце. Абодва п'яныя. На кону анальны секс пераможцы з пераможаным. Ігнат выйграў і атрымаў прыз. А на наступны дзень яго сусед заявіў у міліцыю...

Ігнату хацелася пастаяць бліжэй да Сашы, але Паўло, які рабіў ужо шосты заход на брусы, цыркнуў:
– Валі давай, манка ў галаве!

Ігнат пакорліва адышоў. Але Паўло не меў права яго біць. Ігнат быў з пакрыўджаных, але не рабочы певень, як называлі мужчын-прастытутак у брыгадзе.

З барака выйшаў Макс, блатны зэк, які часта бываў у карцэры за адмову падпарадкоўвацца турэмнай ахове. За гэта ён быў у аўтарытэце сярод мужыкоў брыгады. Паўло, які заўсёды быў з ім у маўклівых контрах, толькі кінуў:
– Жанчына заўжды лепш за пеўня. Правільна я кажу?! – грозна гукнуў ён Сашы.
– Вядома, – адказаў хлопец.

Паўло праславіўся тым, што раскалоў нейкага бізнесмена, які адмаўляўся паведаміць следчым куды схаваў «левыя» грошы, калі прыставіў перфаратар да яго галавы. З такім спрачацца жадання не было.

У Сашынай галаве круцілася нейкая музыка, якую круцілі ў рэпартажах з БТ, а брыгада павінна была абавязкова глядзець беларускае тэлебачанне, асабліва навіны і палітычныя рэпартажы. Раней Саша зусім не глядзеў тэлек, толькі Юцьюб, але тут для яго гэта быў свайго роду выхад за краты. Музыка ў галаве хлопца спынілася рэальным нягучным спевам: вернікі, што адзначалі Вячэру Госпада, зацягнулі сваю песню. Астатнія не звярталі на тое ўвагі. 

Раптам згадалася, што праз тры дні яго дзень нараджэння. Зэкі нярэдка падсаджваліся да Сашы, каб разам папіць чаю з цукеркай. Таму у хлопца ўжо амаль не засталося ніякіх харчовых запасаў, а імянінніку трэба было праставіць вядро чыфіра. Таму Саша вырашыў не чапаць свой апошні пачак чаю да імянін.

– Лепш пагаладаць, чым цярпець кпіны, – разважыў хлопец. – Мне з імі яшчэ чатыры гады жыць. На амністыю ці датэрміноўку разлічваць не мае сэнсу. Курыць траву – гэта табе не чалавека забіць. Гэта Беларусь, хлопча!

Малюнак апрацаваны аўтарам апавядання на падставе матэрыялаў, знойдзеных у інтэрнэт-рэсурсах, у якасці ілюстрацыі і не мае дачынення да зместу апавядання. Усе персанажы і падзеі выдуманыя, магчымыя супадзенні выпадковыя.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

19.05.2018

Гэта табе за сок! Апавяданне.


Радавыя старанна рвалі траву рукамі. Каса была адна на ўсю роту ды і я не давалі. Пачатак жніўня выдаўся спякотным, і Дзяніс пакутаваў ад смагі. Ён служыў вахтавым метадам: папераменна працаваў на заводзе ды вучыўся на завочцы ў вну і вяртаўся ў частку на чарговы збор.

У сталоўцы чакаў трохлітровы слоік з халаднаватым яблычным сокам для салдат. Дзяніс ужо заплаціў сяржанту за дазвол яго піць. Бывала, што старшына выпіваў па некалькі шклянак, і салдатам даставалася крыху больш за палову слоіка. Сёння яго не было, значыць папіць давядзецца.

Акно ў сталоўцы было адчынена. Праз яго быў бачны поўны слоік на палічцы і не толькі. Дзяніс стаў недалёка, каб крыху адпачыла спіна, і глядзеў у гэта акно.

У сталоўцы стаялі старлей, камандзір яго роты, і лейтэнант з іншай школы іх вучэбкі. Абодва маладыя хлопцы, крыху старэйшыя за Дзяніса. Нешта гавораць адзін аднаму з мацерком, рагочуць... Потым афіцэры паціснулі рукі адзін аднаму і старлей дастаў траўматычны пісталет. Стрэліў практычна не пацэліўшы, і слоік разляцеўся на друзачкі. Лейтэнант дастаў грошы, аддаў старлею і абодва смяючыся пайшлі са сталоўцы.

***
Праз некалькі год жыццё закінула Дзяніса ў гарачую кропку, дзе ён быў снайперам. Ад першага забітага ворага хлопца вырвала. Потым звыкся.

У такі ж спякотны жнівеньскі дзень іх атрад адбіваў адну атаку за другой, трымаючы подступы да дарогі на горад. Дзяніс ляжаў на ўзгорку вясковых могілках, схаваны помнікамі і густымі дрэвамі, і час ад часу пастрэльваў з вінтоўкі па камандзірах і спецыялістах варожай арміі.

Нечакана Дзяніс ўбачыў у прыцэл свайго былога камандзіра роты. Ён быў апрануты ў міліцэйскую форму – добраахвотнікаў абедзвюх армій апраналі ў што давядзецца – і страляў з аўтамата пад прыкрыццём падбітай легкавой машыны. Амаль аўтаматычна Дзяніс спусціў курок і дадаў:
– Гэта табе за сок!

Былы афіцэр паваліўся на зямлю. Дзяніс прыцэліўся ў хлопца, які падбег да забітага стралка, але ў гэты момант могілкі, дзе хаваўся снайпер, накрылі з мінамётаў. Апошняе, што паспеў падумаць Дзяніс было:
– І чаго мяне сюды пацягнула?

Крыніца ілюстрацыі izh.kp.ru. Фотаздымак не мае дачынення да апавядання. Усе персанажы і падзеі выдуманыя. Магчымыя супадзенні выпадковыя.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

09.04.2018

Усё можна! Апавяданне.

Кацярына Іванаўна ніяк не магла дагнаць свайго пяцігадовага сына Эдзіка. Ён ляцеў з дзіцячага садзіка раскінуўшы рукі быццам ён самалёт. Вось ён ужо выскачыў за браму сада і паляцеў па суседнім двары.

– Ты што робіш, хлопчык?! – раздаўся крык нейкай старой бабулі.

Кацярына Іванаўна не магла бегчы на сваіх шпільках, але яна пашыбавала так хутка, як толькі магла.

На дарозе недалёка ад садзіка спрабавала падняцца старая жанчына, якую відавочна толькі што збіў з ног Эдзік. Сам жа хлопчык насіўся самалётам далей паміж прыпаркаванымі машынамі.

– Дзякуй Богу, нічога не адбылося – падумала Кацярына Іванаўна і кінула – Глядзець трэба куды ідзеце!
– Гэта мне глядзець?! – абурылася старая. – Ваш сын збіў мяне з ног!
– Вам у вашым узросце трэба думаць пра вечнае ды пад ногі глядзець! Я сына з такой цяжкасцю нарадзіла ў свае 37! Я яму ўсё дазваляю! Усё!!!

І Кацярына Іванаўна пераможна пайшла да сваёй машыны, вакол якой насіўся і галёкаў Эдзік. Яна нічога не сказала хлопцу, і той задаволена сеў на дзіцячае сядзенне.

Пакуль Кацярына Іванаўна прышпільвала сыну рамень бяспекі, яна адчула як моцная рука схапіла яе за бядро. Павярнуўшыся, жанчына ўбачыла няголенага бруднага п'янага мужыка невядомага ўзросту, які пажадліва глядзеў на яе дэкальтэ. Кацярына Іванаўна працавала дырэктарам прэстыжнай гімназіі. Яе баяліся і настаўнікі, і вучні. Але тут яна сама збялела ад жаху і не ведала што сказаць.

– Пайшлі са мной, чувіха, – прамармытаў мужык, усё яшчэ трымаючы яе за бядро. – У мяне сёння дзень нараджэння. Мне ўсё можна. Усё! Жонка казала: сёння можаш бабу прывесці. Пайшлі. Мне нельга адмаўляць.
– Пусціце мяне, – слёзна папрасіла Кацярына Іванаўна. – Пусціце, калі ласка.

П'яны мужык адпусціў жанчыну і дадаў:
– Ну і прэч адсюль!

Кацярына Іванаўна кінулася ў машыну, дрыжачымі рукамі павярнула ключ запальвання і як мага хутчэй выехала прэч. Яе сын маўчаў усю дарогу, як і яна сама.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

16.03.2018

Не атрымалася. Апавяданне

Марыя нервова чакала, што скажа «шаман» (такая мянушка была ў загадчыка аддзела ідэалагічнай і прафсаюзнай работы). Паседжанне ішло ўжо каля гадзіны, спачатку разбіралі паперы і загады вышэйшых інстанцый, а тут Вадзім нечакана падставіў яе перад начальствам. Яна ведала, што яе могуць падставіць за вольнасці ў рабоце, але ад Вадзіма гэтага не чакала.

Справа ў тым, што год таму ён пачаў заляцацца да яе. Не ён першы, бо мужыкоў у арганізацыі хапала і мабыць палова з іх спрабавала «падкаціць» да прыгожай трыццацігадовай недаткнёнцы. Але Вадзім быў іншым. Здавалася, ён імкнуўся проста быць сябрам адзінокай дзяўчыны. Піў з ёй каву падчас перапынкаў, дапамагаў разабрацца ў новых камп'ютарных праграмах, размаўляў з ёй за жыццё, часам падвозіў дадому пасля работы і пры гэтым ніколі не спрабаваў нават дакрануцца да яе рукі. І Марыя адчула, што не можа жыць без гэтага мужчыны. Але дыстанцыю трымала далей. Ужо апякалася ў жыцці і мужчынам не верыла.

Потым Вадзіма выклікалі ў Бангладэш у камандзіроўку. Яна цягнулася два месяцы і за гэты час ён не спрабаваў звязацца з ёй, хоць ведаў яе рабочы адрас у Skype. Марыя таксама не пісала Вадзіму. Калі вярнуўся, адносіны іх неяк самі сабой сталі роўныя і дзелавыя. Пакуль не паднялося пытанне аб тым, хто будзе кіраваць новым праектам, які мог прынесці шмат «левых» грошай і арганізацыі і ўдзельнікам. Начальства выбірала паміж Вадзімам і Марыяй і тут Вадзім на чарговай планёрцы пры ўсіх падняў пытанне ці можа кіраваць такім адказным праектам чалавек, які парушае інструкцыі і пратаколы выканання работы. Ён ужо сабраў кампрамат на Марыю і падаў дырэктару, а той спіхнуў справу «шаману». Гэта магло азначаць не толькі яе адхіленне ад спраў праекта, але непрацягненне працоўнага кантракта з дзяўчынай на наступны год.

«Шаман» паглядзеў падборку кампраматных дакументаў, мацюгнуўся пры ўсіх прысутных і сказаў:

– Дзіцячы сад! Хто хоць раз не парушаў інструкцыі да пратаколы?! Ёсць пісьмовыя скаргі грамадзян на працу Марыі Пятроўны Скач?! Няма? Тады і няма чаго хвалю гнаць. Хто з прысутных збіраў гэтыя дакументы?

Вадзім маўчаў і рабіў выгляд, што вывучае дакумент, які ляжаў перад ім на стале, але яго твар збялеў ад жаху.

У гэты момант тэлефон галоўнага ідэолага зазваніў.

– Так. Разумею. Шкада. Перадам. Да пабачэння. – коратка адказваў «шаман» і, паклаўшы трубку, аб'явіў супрацоўнікам: – Наш суперграшовы праект не зацвердзілі вышэйшыя інстанцыі. Не атрымалася. Усе свабодныя.

– Не атрымалася, – падумала Марыя вяртаючыся на сваё рабочае месца.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

11.02.2018

Альтэрн. Апавяданне



Улад прачнуўся за тры хвіліны да таго, як зазвінеў будзільнік. Ужо амаль чатыры месяцы ён праходзіў альтэрнатыўную службу ў доме састарэлых. Звык прачынацца рана. Звык сам даглядаць за сабой. Ужо не адчуваў таго стрэсу, які перажыў за першы месяц жыцця без бацькоў у інтэрнаце пры доме састарэлых.

Першай справай хлопец сеў чытаць Біблію. Для гэтага ён знарок падымаўся за 15-20 хвілін раней. Улад спрабаваў падымацца яшчэ раней, каб рабіць зарадку, але з гэтым не атрымалася.

Прачытаўшы некалькі раздзелаў і памаліўшыся, Улад разбудзіў Толіка. Яны абодва праходзілі службу разам, абодва былі адной веры, але за чатыры месяцы амаль не размаўлялі. Толік кожную свабодную хвіліну гуляў у гонкі на камп'ютары. Рэлігія яго больш не цікавіла. Нават калі да інтэрната прыехалі некалькі яго аднаверцаў каб наведаць яго як духоўнага брата, Толік папрасіў Улада перадаць ім, што не выйдзе і размаўляць з імі не збіраецца. Так два юнакі фармальна былі таварышамі па службе, жылі ў адным пакоі, лічыліся братамі па веры, але за дзень размаўлялі паміж сабой не больш за пяць хвілін.

Улад моўчкі з'еў сняданак і пакрысе загрузіў у свой тэлефон аўдыязапісы яшчэ двух раздзелаў чарговай рэлігійнай кнігі. Каб вір «альтэрнатыўнага» жыцця не зацягнуў яго празмерна, ён стараўся не толькі наведваць рэлігійныя сустрэчы па выхадных днях, але і перачытаць (дакладней, пераслухаць) як мага больш кніг, якія яму было лянота чытаць да службы. Ён ужо праслухаў, мабыць, шэсць такіх кніг, і гэта стала для яго карыснай звычкай.

У асноўныя абавязкі Ўлада і Толіка ўваходзіла карміць, даглядаць і мыць жыхароў дома састарэлых і прыбіраць у іх пакоях. Уладзік настаяў на тым, каб не мыць жанчын, яму не дазваляла гэта рэлігійнае сумленне, і яму прыйшлося выслухаць як начальнік крычаў, гразіўся адправіць яго на лесапавал, але ўрэшце згадзіўся на яго ўмовы: дапамагло добрае веданне сваіх правоў.

– Ну што, секцыя, кармі, мяне, – прабурчаў Клім Піліпыч, адзін з ляжачых старых, які ўвесь час спрабаваў кпіць з альтэрнаў, – бо твая Біблія мяне не накорміць.

Слова «Біблія» Піліпыч заўсёды прамаўляў з нецэнзурнай рыфмоўкай, каб пакрыўдзіць даглядчыка. Але Ўлад на гэта не вёўся, а Толіку было ўсё роўна.

– Вось у мяне дык была служба! – разважаў Піліпыч, пакуль Улад ставіў яму ежу на тумбу каля ложка – Я ў Паставах усіх дзяўчат памацаў! А аднойчы – Піліпыч захіхікаў, адкашляўся і працягнуў паўшэптам: я і жонку камандзіра роты таго-гэтага! Разумееш? Я тэлемайстрам на грамадзянцы быў, дык трэба было ім тэлевізар адрамантаваць. А там яго баба на стол чай з булкамі ды ля-ля, ля-ля... А камандзір у казарме. Ну і я гы-гы-гы-гы, кхе-кхе! Вось гэта была Біблія, а не тое, што ў цябе. І твой Бог мне ўсё спіша: я святару дзясятку даў, калі ён тут быў, так што нічога ты мне, секцыя, не дакажаш.

А Ўлад і не спрабаваў даказаць. Яны ўжо адспрачаліся першыя два месяцы яго службы, а цяпер Піліпыч зноў і зноў уключаў сваю катрынку. Ведаў альтэрн ад Сцяпаныча, суседа па пакоі Піліпыча, не толькі пра амурнае мінулае свайго апанента. Клім Піліпыч двойчы доўга сядзеў за крадзяжы, нарабіў дзяцей па ўсяму Саюзу і хаваўся ад аліментаў, а цяпер дажываў свае дні ў доме састарэлых аднаногі (адну нагу ампутавалі, бо курыў як паравоз), ссохлы і непатрэбны ні дзецям, ні ўнукам. Сцяпаныч таксама бедаваў: ён толькі раз у жыцці здрадзіў жонцы, заўсёды прыносіў зарплату ў дом, піў рэдка, дзецям дапамагаў і ўнукам, а тыя потым здалі яго сюды паміраць.

Уладу было шкада гэтых ссохлых старых. Часта размаўляў з імі пра сваю біблейскую надзею. Праўда, з цягам часу гэтыя размовы былі больш кароткімі: не спрачаўся па дзве гадзіны, а знаходзіў нейкую трапную думку і казаў яе старым.

Пасля сняданку трэба было дапамагчы разгрузіць прадукты, якія прывезлі старым. Улад ведаў, што лепшая частка гэтых прадуктаў дастаецца супрацоўнікам і начальству, але сам у махінацыях не ўдзельнічаў, ды яму і не асабліва прапанавалі. Як толькі скончылася разгрузка, на мабільны пазваніў дырэктар дома і загадаў:

– Кароча, Улад, тут наша паварыха-зменшчыца запіла. Твая задача дапамагчы прыгатаваць абед і вячэру, а потым разнесці па пакоях. На твайго Толіка спадзявання няма, а ты разумны. Давай! Вечарам дасі справаздачу, як што было. Да сувязі!

Альтэрн закруціўся на кухні. Справа ўжо знаёмая. Час пабег неўпрыцям.

Перад абедам на кухню зайшла санітарка Яна з мясцовага персаналу. Ёй яшчэ было крыху за трыццаць, але яе стаўленне да алкаголю і тытуню ўжо давала ёй выгляд больш паважнага ўзросту.

– Што, альтэрн, зноў балдзееш пад сваю Біблію? – запыталася жанчына з кпінай, як заўважыла, што Улад у навушніках.
– А што? Зайздросцім? – адказаў тым жа тонам Улад.

Гэтага санітарка не чакала. Аднойчы Яна паспрабавала разняволіць гэтага нявінніка ў падсобцы, але ён адштурхнуў яе і выйшаў. З таго часу яна не абмінала магчымасці кпіць з адзінага хлопца, які адмовіўся ад дармовага сексу ў гэтым глушы. Улад заўсёды маўчаў. Нават калі Яна кпіла з яго перад усім калектывам і пускала плёткі, што ён «блакітны». А тут голас прарэзаўся ў хлопца. Не ведаючы, што адказаць, санітарка махнула рукой і выйшла.

Увесь дзень Улад круціўся то на кухні, то па пакоях састарэлых. Калі надышоў вечар хлопец плюхнуўся на канапу, залез у вайбер, дзе сябры ўжо столькі ўсяго панапісалі, адпісаўся бацькам, што жывы-здаровы, хацеў яшчэ падрыхтавацца да выступлення з заданнем на рэлігійнай школе, але сам не заўважыў, як заснуў.

Каля апоўначы яго разбудзіў крык. Недалёка ад іх блока знаходзіўся пакой вар'яткі бабы Тані, што крычала па начах. Улад ніяк не мог звыкнуцца да яе крыкаў. Паглядзеў на Толіка, які ганяў свае віртуальныя машыны і слухаў музыку ў навушніках. Потым на гадзіннік. Было ўжо амаль 2:30. Трэба спаць, заўтра не будзе сіл. І Улад расправіў ложак, распрануўся і лёг.

Яго разбудзіў дотык Яны. Улад спачатку сумеўся, але па сур'ёзнаму выразу яе твару зразумеў, што яна прыйшла не за гэтым. На гадзінніку было 4:10

– Хлопцы, ідзіце Піліпыча грузіць! – казала санітарка, і пачала тармасіць Толіка, які ўжо спаў.
– Ідзі, сама грузі, я нябожчыкаў баюся, – адмахнуўся Толік і лёг спаць далей.

Улад звыкла пайшоў дапамагаць санітарам перакласці памерлага на насілкі. Першы раз яму было цяжка дакрануцца да мерцвяка, але гэта быў ужо чацвёрты, і альтэрн  звыкла пераклаў аднаногага нябожчыка з ложка на насілкі быццам пакаваў чамадан.

Крыху пазней трэба было дапамагчы адвезці Піліпыча з морга ў крэматорый: ад старога адмовіліся ўсе сваякі і яго мелі крэміраваць за дзяржаўны кошт. Паездка ў крэматорый значыла для Ўлада, што сёння ён ужо не паспіць. Можа ў абедзены перапынак пашанцуе.

Калі альтэрн з яшчэ адным санітарам грузіў машыну, пачало ўзыходзіць ласкавае летняе сонца. Заспявалі першыя птушкі.

– Яшчэ адзін дзень пачаўся. – падумаў Улад. – Яшчэ адзін дзень, які набліжае канец маёй службы!

Усе персанажы і падзеі выдуманы. Магчымыя супадзенні выпадковыя. Фотаздымак узяты з іншага паведамлення гэтага блога на тэму АГС і выкарыстоўваецца тут у ілюстратыўных мэтах.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

05.01.2018

Перад пятніцай. Апавяданне

Ягору Пятровічу давялося зноў назіраць, як непрыгожа паводзяць сабе яго маладыя калегі, якія адпрацоўвалі размеркаванне на яго заводзе. «Сінусоіда» была не ў лепшым стане. Працаваць была магчымасць толькі тры дні на тыдзень. Цяпер Ягор Пятровіч прыходзіў толькі ў сераду чацвер і пятніцу. Ён не мог прызнацца ў гэтым, але ў свае няпоўныя 60, стары майстар быў задаволены, што работы было менш. Маладыя байструкі, з якімі ён меў працаваць, амаль нічога не рабілі, змешвалі тэхнічны спірт з вадой ці сокам і дурэлі. Рабіць ім заўвагу было сабе даражэй. Учора Макс, дваццаціпяцігадовы дурань, накідаўся такіх кактэйляў і пачаў біць нагамі дзверцы металічных шафаў, дзе рабочыя пакідалі сваю вулічную вопратку. Біў моцна. Было страшна рабіць заўвагу такому бугаю.

Ягор Пятровіч быў сам аматарам выпіць, але з вопыту ведаў, што тэхнічны спірт лепш не чапаць. А старая добрая гарэлка не пашкодзіць. Часам ён сядаў і з маладымі смаркачамі, як правіла, адзначыць чый-небудзь дзень нараджэння. Але аддаваў перавагу старэйшай кампаніі, ад якой амаль ніхто не застаўся. Дзмітрыч згарэў у мінулым месяцы: не далячыў пнеўманію і пакінуў бальніцу, калі давалі аванс. Грошы атрымаў, але пагуляў на іх толькі тры дні. Мікола пайшоў на пенсію. Пашанцавала. Ягору Пятровічу пенсіённы ўзрост паднялі. Атрымае свае грошы толькі ў 62. Са «старой гвардыі» засталіся толькі Сярога і Данатавіч. Але абодва сёння былі на непрацаздольным. Праўда яны свята трымаліся традыцыі праводзіць разам вечар пятніцы, і стары майстар чакаў заўтрашняй сустрэчы.

– Я злоупотгебляю каждый день. А вчега я тупо надгался. – тлумачыў маладым спецыялістам  Андрэй, расіянін, які нядаўна ўладкаваўся на «Сінусоіду», каб не вяртацца ў Расію, дзе яго, з яго ўласных слоў, «в агмейские сапоги обуют».
– Жыд картавы! – падумаў Ягор Пятровіч, – З-за такіх, як ты, Савецкі саюз разваліўся!

Але нічога ўслых не сказаў. Такія неданоскі і забіць могуць.

Маладыя змешвалі чарговы кактэйль, а стары майстар вырашыў схадзіць у туалет пакурыць. Калі не было яго сяброў са старажылаў завода, яму было няёмка заставацца аднаму з гэтымі малалеткамі. У туалеце, здаецца, ніхто даўно не прыбіраў. Рабочыя хадзілі і на сцены, і на падлогу. Смурод быў такі, што без цыгарэты было немагчыма тут знаходзіцца. Ягор Пятровіч звычайна курыў мала. Але ў такіх выпадках курыў адну за другой.

Калі выходзіў з туалета нечакана сутыкнуўся з Яўгенам Сцяпанавічам, загадчыкам цэха, які відавочна толькі што забаўляўся са сваёй пасіяй, Мар'янай, у душавым пакоі. У загадчыка пасля гэтага заўсёды быў вінаваты выгляд, быццам збіраўся нешта вынесці за прахадную.

– Вітаю, Пятровіч! – працягнуў ён руку майстру.
– Прывітанне, Яўген Сцяпанавіч – адказаў стары майстар. І нечакана папрасіў: – Яўген Сцяпанавіч, можна я сёння раней пайду? Жонка хварэе, трэба ў аптэку заскочыць.
– Няма праблем, Пятровіч! Ідзі хутчэй ды лячы жонку. Чай з малінай ды ўсё такое!

Ягор Пятровіч ведаў калі лепш за ўсё прасіць начальства. Саракагадовы загадчык цэха баяўся, што яго жонка даведаецца пра Мар'яну, якая была ледзь не ўдвая маладзейшая за яго. І таму ў такія хвіліны імкнуўся не пакідаць падначаленых незадаволенымі. На яго месцы Ягор Пятровіч аблаяў б рабочага, які шатаецца па туалетах у рабочы час, і паводзіў б сябе з падначаленымі так, каб баяліся не тое, што выдаць начальніка, але і думаць пра яго.

Праз дзесяць хвілін задаволены ўдалым ходам майстар выйшаў на вуліцу. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ дзве гадзіны, але за брамай было незвычайна шмат народу. На суседняй вуліцы нешта крычалі у мегафон, а ля скрыжавання дарог сталі некалькі міліцыянераў. Ягора Пятровіча зацікавіла, што адбываецца і ён падышоў бліжэй.

Там стаяў натоўп чалавек каля пяцісот з плакатамі і сцягамі. Нейкі жлоб у акулярах крычаў у мегафон «Мы гэта цярпець не будзем! Го-дзе! Го-дзе!». На што натоўп адказваў: «Го-дзе! Го-дзе!». Старога майстра ахапіла крыўда і злосць на маладых людзей, якія замест таго, каб працаваць на заводзе, крычаць на мітынгах. І ён рушыў уперад, каб узяць за каўнер юнака, які стаяў бліжэй да яго з плакатам «Я – не раб!».

– Які ты не раб! – вылаяўся Пятровіч. – З-за такіх, як ты, заводы стаяць! Здраднік!

Хлопец відавочна напужаўся, што яго будуць біць. Побач з ім стаяў яшчэ адзін з плакатам «Не – прымусовай працы!». Гэты другі злосна паглядзеў на старога рабочага і цыкнуў яму:
– Сунешся, дзядзька, інвалідам зраблю!

Ягор Пятровіч ужо сабраўся плюнуць у твар гэтаму мітынгоўшчыку, але адчуў як на яго плячо апусцілася рука. Ззаду стаяў міліцыянер.

– Вашыя дакументы, грамадзянін! – ветліва казырнуўшы запытаўся ахоўнік парадку.
– Свае, свае! Я – нічога! Я пайду, калі ласка... – збянтэжана адказаў стары майстар.

Міліцыянер яго не ўтрымліваў, і Ягор Пятровіч заспяшаўся ў бок тралейбуснага прыпынку.  Наўздагон яму чулася як натоўп скандыруе: «Гань-ба! Гань-ба!» быццам яму асабіста.

Выходзячы з тралейбуса ў сябе на раёне Ягор Пятровіч пакінуў свой талончык ля акна: раптам каму спатрэбіцца, і забег у аптэку, дзе можна было атрымаць зніжку па карце кліента.

– Вось гэтыя кроплі са зніжкай будуць два дваццаць чатыры? Тады мне дзве бутэлькі. Жонка іх ухлопае, як гарэлку. А гэтыя лекі – сямнаццаць дзевятнаццаць? А са зніжкай...
– Гэтыя імпартныя. – запыніла яго аптэкарка. – На імпартнае зніжкі няма. Але яны эфектыўней за айчынныя.
– Колькі гарэлкі можна за гэта купіць! Тады чатыры сорак восем і сямнаццаць дзевятнаццаць будзе дваццаць адзін шэсцьдзясят сем.
– Усё так.

Нечакана стары майстар убачыў яшчэ адзін варыянт лекаў на вітрыне.

– Стоп! А гэта каштуе шэсць сорак дзевяць? Тое ж самае, але на дзесяць рублёў танней.
– Выбачайце, але гэта дэманстрацыйная вітрына. Для наглядных органаў. Мы не мае ключоў ад яе. Толькі начальства. Можа завітаеце праз пару гадзін і мы спецыяльна для вас яе адчынім? – прапанавала прадаўшчыца.
– Добра. Зайду. Тады толькі кроплі на чатыры сорак восем. За лішнія дзесяць рублёў можна добрай гарэлкі купіць...
– Я бачу, што ў вас тут раён вясёлы. Усё вымяраюць у бутэльках гарэлкі... – заўважыла аптэкарка.
– А што? Стабільная валюта. Ну, не развітваюся з вамі.

Ягор Пятровіч выйшаў. Варта было б у магазін забегчы, але ля яго пасвіліся мясцовыя алкашы. Пятровіч ужо даваў ім не раз то рубель, то два. Кожны год гэта былі розныя людзі. Майстар не жадаў з імі зноў бачыцца і пайшоў дадому. Калі ён заходзіў у аптэку, яшчэ толькі змяркалася, а цяпер ужо было цёмна, як ноччу.

– Ненавіджу снежань. – падумаў стары майстар і дадаў услых – Добра, што заўтра пятніца!

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

18.12.2017

Адпомсціў. Апавяданне

Каця і Марк сядзелі на лаўцы каля свайго пад'езда і разважалі як адпомсціць суседу, дзядзьцы Славе. Тыдзень таму на іх вачах ён, афіцэр АМАПа, пнуў падвальнага коціка так, што Каця ледзь выхадзіла яго. Цяпер яны, трынаццацігадовы хлопец і дванаццацігадовая дзяўчынка, якіх усе вакол дражнілі «жаніх» і «нявеста», але якія былі толькі сябрамі па авантурах, думалі як адпомсціць «жывадзёру».

– Давай спусцім колы ў яго машыны? – прапанавала Каця.
– Лепш яе падпаліць. – задуменна адказаў Марк.

Яны яшчэ абмеркавалі некалькі варыянтаў і нарэшце вырашылі заманіць дзядзьку Славу ў пастку, забіць яго і закапаць яго цела на суседніх Усходніх могілках.

Паколькі цягнуць дарослага дзядзьку 300 метраў да могілак сябрам было б не пад сілу, яны вырашылі заманіць яго на самі могілкі, дзе Марк павінен быў нечакана ўдарыць яго нажом у спіну. Але заставалася праблема, што прыдумаць, каб сусед паверыў ім і пайшоў з імі на месца сваёй смерці. Марк думаў схлусіць яму, што яны знайшлі на могілках труп, прысыпаны зямлёй, а Каця лічыла, што гэта прымітыўна: трэба было хлусіць пра зброю ці наркотыкі.

Аматары прыгод яшчэ не вызначыліся з тым, пра што маніць амапаўцу, каб ён паверыў, але вырашылі падрыхтаваць магілу для сваёй ахвяры. Пару дзён яны па некалькі гадзін гулялі разам па могілках і нарэшце вырашылі адкапаць яму на новым полі ўбок Уручча, дзе пакуль толькі рос густы хмызняк, і яшчэ нікога не хавалі. Рыдлёўку пранесці на могілкі было падазрона, і Марк пачаў капаць тым самым нажом, якім збіраўся забіць суседа.

Гэта быў цёплы летні вечар. Яны капалі яму побач з каменным плотам схаваныя ад дарожкі на могілках густым хмызняком і схаваныя ад вачэй магчымых прахожых самім плотам. Марк рэзаў зямлю нажом, а потым рукамі адграбаў яе ўбок. Кацярына стаяла побач; яна павінна была назіраць, каб іх «аперацыю» ніхто не ўбачыў.

Сябры адкапалі яму дастаткова глыбока, каб туды можна было б пакласці дарослага і насыпаць над ім паўзгорак. Марк нават сам двойчы клаўся туды і правяраў наколькі глыбокай атрымалася будучая магіла.

Раптам Каця пабялела ад жаху. У метрах пятнаццаці ад іх ямы ўздоўж дарожкі ішоў міліцыянер, які ахоўваў могілкі. Ён зірнуў на хлопца і дзяўчыну скрозь хмызняк і, здаецца, не заўважыў ні іх саміх, ні вынікаў іх дзейнасці. Міліцыянер пайшоў далей, але нервы юных кілераў не вытрымалі.

Марк першы пераскочыў праз плот і пабег па крапіве далей ад могілках. Кацярына скочыла за сваім кавалерам, які нават не азірнуўся дапамагчы ёй пералезці плот, і патрапіла голымі нагамі ў крапіву. Але жаданне збегчы з месца будучага злачынства было ў дзяўчынкі такім моцным, што апёкі крапівы яна адчула, толькі калі разам з сябруком яны скончылі бег недалёка ад дому.

Калі страх прайшоў, аматараў прыгод апанаваў смех і яны доўга смяяліся з таго як уцяклі ад міліцыянера, які мог іх нават і не ўбачыць.

Наступным ранкам Марк вярнуўся на Ўсходнія і, крадучыся, каб яго ніхто не заўважыў, прабраўся да будучай магілы. Там нічога не змянілася, толькі пясчаны грунт, які ён старанна капаў учора, прасох і стаў ярка-жоўтым.

Далей капаць яму мсцівец за катоў не стаў: баяўся зноў патрапіць на ахову могілках. Вярнуўшыся дадому ён сустрэўся з Кацяй і разам яны вырашылі выканаць свой план наступным ранкам.

Ноччу Марку спалося дрэнна, але наступным ранкам у 10.00, ён сустрэўся з Кацяй на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам. Справа была ў тым, што яны і іх будучая ахвяра жылі ў адным стаяку пад'езда: на першым паверсе жыла Каця, на другім – дзядзя Слава, а на трэцім – Марк.

– Звані ў дзверы! – казала Каця Марку быццам давала загад.
– Слухай, давай дамовімся, што казаць? Зброя ці наркотыкі?
– Звані. А я сама буду казаць.

Марку здавалася, што ён чуе, як б'ецца яго сэрца. Ён націснуў званок. Ад гэтага яму стала яшчэ жудасней. Нож, які хлопец схаваў за спіной пад кашуляй, быццам апякаў яго халодным лязом. Марк націснуў званок яшчэ раз. Разам з дзяўчынай яны пачакалі хвіліну. Не было чутна, каб хтосьці быў дома. Авантурысты адчулі палёгку, але зрабілі выгляд, што расчараваныя адсутнасцю дзядзі Славы дома.

– Значыцца, ён на службе, а яго жонка з сынам гуляюць – разважыў юны кілер і дадаў: – вечарам, можа ў сем, паспрабуем яшчэ раз.
– Добра, – згадзілася сяброўка.

Увесь гэты дзень Марк не знаходзіў сабе месца. Ён добра зразумеў, што не хоча забіваць суседскага дзядзьку, і шкадаваў, што не пераканаў раней сваю сяброўкі абмежавацца пашкоджаннем аўтамабіля, якім афіцэр міліцыі і без таго ўжо тыдзень не карыстаўся. Але выглядаць баязліўцам у вачах Каці таксама не хацелася.

Калі да «гадзіны ікс» засталося менш за сорак хвілін, Марк палез у маміну аптэчку за таблеткамі валяр'янкі, каб не хвалявацца празмерна. І ў гэты момант у пад'ездзе нешта бабахнула. Марк хацеў выскачыць, але яго мама, якая на яго бяду была дома і рыхтавалася да начной змены, цыкнула, каб ён не высоўваўся.

Не прайшло і хвіліны, як у пад'ездзе падняўся крык. Спачатку залямантавала адна жанчына, потым яшчэ адна.

– Трэба выклікаць міліцыю! – рашуча сказаў Марк
– Маўчы, смаркач! – злосна цыкнула маці. – Ніколі і ні ў якім разе нельга звязвацца з міліцыяй, калі гэта цябе не датычыцца! Каму трэба – самі выклікаюць, а наша хата з краю.

У пад'ездзе стаяў шум яшчэ каля гадзіны. Маці ўжо трэба было выходзіць, але яна баялася. Марк цішком зазірнуў у акно. У двары стаялі дзве міліцэйскія легкавушкі і мікрааўтобус. Да мікрааўтобуса падышлі чатыры міліцыянеры, якія неслі нейкі мяшок з ручкамі. Пагрузіўшы мяшок у машыну, яны дасталі насілкі і вярнуліся ў пад'езд. Праз пару хвілін яны вынеслі цела, накрытае з галавой. За насілкамі ішла і галасіла жонка суседа-амапаўца, якому збіраўся помсціць Марк. Яе ў машыну не пусцілі. Тут маці адцягнула Марка ад акна, нагадаўшы:

– Не лезь куды не трэба. Наша хата з краю.

Наступным ранкам Марк спусціўся на другі паверх. Каля дзвярэй кватэры амапаўца крэйдай быў намаляваны контур цела. Чалавек відавочна зваліўся на парозе і там памёр. Усё вакол было ў плямах крыві. Далей на пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі быў намаляваны яшчэ адзін труп.

Марк спусціўся да Каці і пазваніў у дзверы. Адчыніла Каця.

– Здароў. Ты чула, што адбылося? Здаецца, нас апярэдзілі.
– Марк, учора я выпадкова ўсё сказала цётцы Соне, якая заходзіла да нас. А яна выдала наш план маме і таце. Спачатку тата хацеў пайсці цябе спыніць, а тут адбылося вось гэта. Я паабяцала бацькам, што мы больш ніколі з табой не будзем гуляць разам.
– Так, Марк, – пачуўся з кухні голас яе мамы: – каб больш вы разам не гулялі і не размаўлялі. Вучыцца вам трэба, а то адны дэтэктывы ў галаве!

Марку хацелася плакаць ад крыўды, але ён быў адзіны мужчына ў сям'і: яго тата пакінуў іх з мамай, калі Марк толькі ў школу пачаў хадзіць. Было і крыўдна, што здрадзіла сяброўка, і сорамна, што ён хацеў забіць чужога мужа і тату за здзекі над жывёлінай. Ён вярнуўся дадому і вырашыў даказаць маме былой сяброўкі і ўсяму свету, што ён і без іх заўваг можа добра вучыцца. Але юнага аматара дэтэктываў цягнула даведацца што ж адбылося ў той вечар.

Крок за крокам сітуацыя праяснілася. Амапаўца не прывезлі дадому на пахаванне і нават яго жонка з сынам больш не вярталіся, прадалі кватэру а самі пераехалі жыць у іншае месца. Але суседскія жанчыны рознага ўзросту жвава абмяркоўвалі падрабязнасці здарэння.

Высветлілася, што год таму дзядзька Слава ўдзельнічаў у спецаперацыі. Афіцэры АМАПа каталіся на дарагіх машынах з таніраваным шклом паміж гарадамі ў месцах, дзе час ад часу знікалі аўтамабілісты. Калі іх машыну спынялі прыгожыя дзяўчаты і прасілі падвезці да горада, з хмызняку выскоквалі бандыты і кідаліся да машыны. Амапаўцы забівалі іх на месцы, нават не спрабуючы затрымаць. Пасля гэтага беларускія дарогі сталі куды больш бяспечнымі. Але бацька аднаго з забітых бандытаў нейкім чынам здабыў імёны і адрасы некалькіх з удзельнікаў спецаперацыі і сабраўся помсціць за сына. Відавочна, ён сцярог дзядзьку Славу на прыступках каля яго кватэры, кінуўся на ворага з нажом, паспеў нанесці некалькі смяротных ран міліцыянеру і пабег прэч, але той, паміраючы, застрэліў свайго забойцу са службовага пісталета....

***
Перад Новым годам наваліла снегу. Марк вяртаўся са школы, задаволены добрымі адзнакамі за пройдзеную чвэрць і канікуламі, якія толькі што пачаліся. Нечакана ён заўважыў на вуглу свайго дома мемарыяльную дошку. Падышоў бліжэй. Гэта была мемарыяльная дошка Вячаславу Сонечнікаву, маёру міліцыі, які жыў і быў забіты ў гэтым доме амаль два гады таму. Марк прыгадаў гэты эпізод, пра які за бясконцай стараннай вучобай амаль забыўся. І, нечакана для самога сябе, хлопец падхапіў  з дарогі здаровы, як камень, лядзяш і раз'юшана шпурнуў у дошку. Лядзяш патрапіў у сярэдзіну дошкі і з трэскам разляцеўся на друзачкі. А Марк пачаў рабіць снежкі і шпурляць іх адзін за другім у дошку, імкнуўшыся патрапіць у металічны твар амапаўца. Кідаў за пабітае кацяня, за Кацярыну, якая з таго часу з ім не размаўляла і цяпер гуляла з іншым незнаёмым яму хлопцам, за маміну хату з краю, за тату, які кінуў сям'ю, за дурасць трынаццацігадовага хлапчука, за цётку Соню, якая разваліла сяброўства з дзяўчынай... Палягчэла. Адпомсціў. Пайшоў дамоў. Дзевяностыя з іх крутым норавам адыходзілі ў мінулае...

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

06.11.2017

Неспадзяванчык. Апавяданне


– Ізенька, ідзі да нас, мой харошы, – пяшчотна прамармытаў Макс.
– Хочаш цыгарэтку? – падхапіў яго сябрук Слава.
– Навошта тытунь, гэта ж шкодна для здароўя, – запярэчыў Макс, – лепш хай дакурыць мой венік.
Макс курыў нейкую самакрутку, ад якой ішоў густы белы дым. Зацягнуўшыся яшчэ раз, Макс прапанаваў:
– Ізя, паспрабуй, ён кашэрны.

Антон, яўрэйскі хлопец, якога хуліганы называлі Ізей, маўчаў і слухаў хэві-метал у навушніках. Слава і Макс ледзь стрымліваліся, каб не зарагатаць з яўрэя, і спрабавалі выклікаць яго на размову далей. Але Антон нічога не казаў. У туалеце вну, дзе курылі хуліганы і куды ён зайшоў па патрэбах, нікога больш не было.

– Ізенька, хочаш свежай парнушкі? – сказаў Макс і дастаў мабільны з кішэні.
– Ізя, а ты сёння такі млявы. Ты з жанчынамі забаўляўся ноччу ці сам сябе задавальняў? – падтрымліваў хвалю Слава.
– Давай мы запросім сюды фашыстаў? – прапанаваў Макс маўклівай ахвяры іх кпінаў. Яго сябрук не вытрымаў і нарэшце зарагатаў.

***
У гэты дзень Макс паехаў на работу да мамы і таты адразу, як пакінуў траўмапункт. У кабінет таты, выканаўчага дырэктара кампаніі, якой валодала яго маці, Макс патрапіў без папярэджання бо на рэсэпшэне нікога не было. Тата нават не здзівіўся прыходу сына, толькі падняў галаву ад папер, якія перабіраў на стале.

– Грошай не дам. – адразу кінуў ён Максу.
– У мяне праблемы... – пачаў сын.
– У мяне таксама, – абарваў яго бацька. – І ў нас усіх. Маму арыштавалі. Бізнес канфіскуюць на карысць дзяржавы, і, каб маме не прыйшлося адбыць 5-10 год, нам трэба выплаціць яшчэ 50 тысяч долараў.
– Каму?
– Дзяржаве. Чыноўнікі вырашылі, што раз у нас бізнес паспяховы, наша кампанія павінна быць дзяржаўнай. Трэба было валіць у Харватыю, калі магчымасць была...

Макс пэўна ўпершыню ў жыцці адчуў сваё адзіноцтва. Ён сеў на стул, хацеў закрыць твар рукамі, але зноў згадаў, што правая загіпсавана. Гэта заўважыў і тата.

– Хто цябе адлупцаваў? – запытаў тата такім тонам, як быццам пытаўся пра справы ва ўніверы.
– Аднагрупнік.
– За што?
– Мы стаялі ў туалеце... Я і Славік... Курылі... Заходзіць Антон... Мы па прыколу кажам: хочаш, паклічам сюды фашыстаў. А ён кінуўся на нас, як неадэкват. Збіў з ног. Мне руку зламаў. Славіку галаву разбіў. Крычаў, што яго прабабуля загінула ў мінскім гета. Хіба я ведаў? На выгляд дык лох, а валодае дзюдо і каратэ. Такі неспадзяванчык...

Бацька ўстаў з-за стала і падышоў да Макса. Дастаў пачак цыгарэт. Закурыў сам і даў Максу. Потым спакойна сказаў:

– Ты кажаш, гэта – неспадзяванчык? Калі ты з сябрукамі страляў качак на Сляпянскім вадасховішчы на першым курсе, а мы з мамай плацілі за цябе мянтам і мясцовым бабулям, якія заявілі... Памятаеш? А на другім курсе ты ціскаў дзяўчат, а я плаціў іх бацькам, каб ціха было... Гэта ты памятаеш? А колькі раз мы плацілі розным выкладчыкам у тваім універы, каб паставілі залік? А калі ты на чацвёртым курсе разбіў вітрыну ў рэстаране, святкуючы дзень нараджэння, хто за гэта плаціў?

Макс толькі маўчаў і нервова курыў.

Бацька працягнуў:

– Гэта ты ў нас неспадзяванчык. Я ажаніўся на тваёй маці толькі таму, што яна зацяжарыла ад мяне... Але гэта ўсё ў мінулым... Цяпер думаеш, што рабіць? Вучыся жыць сваім розумам і сам вырашаць свае праблемы. У нас з мамай таксама неспадзяванчык. Дарэчы, практыку табе прыйдзецца прайсці ў іншай арганізацыі, а не гэтай фірме і дыпломную сам пісаць будзеш.

***
Мама адсядзела толькі тры гады. Потым выйшла і энергічна пачала адбудоўваць свой бізнес з нуля. Кампанія, канфіскаваная на карысць дзяржавы, ужо развалілася. І трэба было яшчэ выплаціць палову вялізарнага штрафа, які быў накладзены падчас арышту за парушэнне заканадаўства пры вядзенні бізнеса.

Маме было не да Макса, як і раней. Тата ўжо паспеў развесціся з маці і ўехаць у сваю Харватыю. Пасля арміі Макс здолеў уладкавацца па спецыяльнасці эканамістам у пэўны дэпартамент. Жыццё пачалося наладжвацца. У дэпартаменце работы было не шмат. Галоўнае было адбыць працоўны дзень з 8 раніцы да 5 вечара. І Макс знаходзіў час вывучаць англійскую і JAVA праграмаванне ў рабочы час, каб у перспектыве знайсці больш хлебную работу.

Аднойчы цёмным лістападаўскім ранкам Макс пасля тыдня на непрацаздольным зайшоў у кабінет шэфа пакінуць дакументы на подпіс. Загадчык аддзела адсутнічаў, але на стале былі змены. Звычайна там былі два стосы дакументаў, тэлефон і два стосы газет, якія шэф любіў чытаць, калі не быў асабліва заняты. Але цяпер на рабочым стале стаяў стацыянарны камп'ютар, усе паперы былі складзены ў адзін стос, а газет не было зусім.

– Мабыць, Міхалыч вырашыў-такі засвоіць камп'ютар, – прамільгнула думка ў галаве Макса і, пакінуўшы свае дакументы на стале, ён выйшаў і пайшоў на сваё месца. Праз пару гадзін да яго падыйшла сакратарка шэфа і папрасіла зайсці да яго.

Калі Макс зайшоў у кабінет загадчыка аддзела, яго чакаў яшчэ адзін неспадзяванчык. На месцы шэфа сядзеў Антон і з захапленнем гуляў у «танчыкі» на новым камп'ютары.

– Антон? – запытаўся Макс.
– Макс? – запытаўся ў адказ Антон, не адрываючы позірку ад экрана.
– Не чакаў цябе тут сустрэць. – сказаў Макс крыху разублена і працягнуў – Рады цябе бачыць.
– Гэта не ўзаемна, Макс, – суха адказаў Антон, – пішы заяву аб звальненні па ўласным жаданні.
– Слухай, Антон, я разумею, што мы са Славікам былі яшчэ тыя казлы ва ўніверы, але я быў малады і дурны. Давай забудзем мінулае?
– Макс, я не выскародны рыцар. Ты надта доўга кпіў з мяне, каб я цярпеў тваю прысутнасць у аддзеле, дзе я цяпер загадчык. Калі не хочаш, каб я зрабіў тваё жыццё пеклам, валі адсюль сам. Пішы заяву і валі.

Макса апанавалі розныя пачуцці. Хацелася адначасова плакаць, лаяцца матам, кінуцца на Антона з кулакамі. Але розум падказваў, што Антон здолее выжыць ворага з калектыву. Таму Макс моўчкі ўзяў паперу, напісаў заяву, кінуў Антону і атрымаў абхадны. Праз гадзіну ён ужо выйшаў з будынку дэпартамента і пайшоў уздоўж вуліцы пад дажджом і моцным халодным ветрам. Не хацелася разгарнуць парасон. Нават не хацелася жыць. Але Макс не пайшоў кідацца ў Свіслач. Ён пайшоў у бліжэйшы бар...

Малюнак узяты з сайта esspressoenglish.net у ілюстратыўных мэтах

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

14.10.2017

Разам з татам. Апавяданне.


Цікава бывае ездзіць разам з татам. Васе падабалася ездзіць з татам хоць куды, але ў гэты раз трэба было да стаматолага. Калі не будзе плакаць, тата абяцаў «Тэтрыс», таму трэба было быць мужным. І Вася імкнуўся не даваць віду, што яму страшна, калі яны ехалі ў аўтобусе, калі ішлі да белага будынку дзіцячай паліклінікі і потым доўгім калідорам да патрэбнага кабінета.

Чаргі не было, і Вася з татам зазірнулі ў кабінет. У прасторным светлым кабінеце за сталом каля ўваходу сядзелі тры жанчыны ў масках і белых халатах, гутарылі і жартавалі. Яшчэ дзве жанчыны займаліся пацыенткай злева ад уваходу. Другое крэсла было пустым. Васе ўжо лячылі зуб з выдаленнем нерву. Было страшна. Нават не хацелася б і «Тэтрысу», але жаданне сына даказаць таце, што ён мужчына было мацней. І хлопчык рашуча сеў у свабоднае крэсла.

Пакуль тата падпісваў нейкія паперкі, а доктар раскладала інструменты, Вася заўважыў, што ў суседнім крэсле сядзела не дзяўчына-старшакласніца, а зусім дарослая цёця. Неўзабаве, яна паднялася, падзякавала сваім дактарам і нешта сунула адной з іх у кішэню.

Калі доктар пачала свідраваць зуб, Вася ўціснуўся глыбей у крэсла. Ён ужо ведаў, што такое лячыць зубы. У мінулы раз трэба было выдаляць нерв пад пастай Яруса, і боль быў моцным, пакуль паста забівала нерв. Цяпер доктар казала, што дзірка маленькая, што да нерва два кіламетры, але боязь не пакідала хлопца, пакуль не пачалі ставіць пломбу. Тады ён яшчэ раз азірнуўся і ўбачыў, што ў суседнім крэсле сядзеў барадаты дзядзька.

– Цікава, – падумаў Вася, – дарослыя ходзяць лячыць зубы ў дзіцячую паліклініку. Але ўслых нічога не казаў, бо мусіў сядзець з адкрытым ротам.

Калі ўсё скончылася, Вася злез з крэсла, падзякаваў доктару, якая ў адказ дала яму наклейку ад жуйкі з гонкамі формулы 1 за мужнасць, і выйшаў на калідор да таты.

– Ну, герой, вытрымаў? – усміхнуся тата. – Будзе табе «Тэтрыс», але зараз трэба ехаць да бабулі.
– На машыне? – запытаўся Вася.
– Машына спатрэбілася маме. Паедзем на цягніку.

Праз гадзіну яны ўжо сядзелі ў прыгараднай электрычцы і ехалі да бабулі. Ехаць трэба было амаль да самай Оршы. Тата, пакуль ехалі праз Мінск, тлумачыў маме па мабільнаму:

– Нармальна паводзіў сябе... Не плакаў... «Тэтрыс» яму абяцаў... Ну, не цікава яму будзе настольная гульня... Ведаю, што грошай мала, ты мне кожны дзень гэта кажаш... Едзем да тваёй мамы, як ты прасіла... Бывай, зараз зона скончыцца.

Скончыўшы размову з мамай, тата пачаў чытаць газету з анекдотамі, потым дастаў асадку і стаў разгадваць сканворд і нарэшце задрамаў у позе кучара.

Вася рэдка ездзіў цягнікамі. Спачатку назіраў у акно за тым, як бягуць дрэвы, палі, масты, рачушкі, вясковыя дамы і могілкі. Потым стаў назіраць за іншымі пасажырамі ў вагоне.

Была ранняя восень і вагон быў напоўнены дачнікамі. Пераважна гэта былі старыя ці ўжо даволі немаладыя людзі, якія чыталі газеты, спалі ці гутарылі. Вася спрабаваў прыслухацца пра што, але шум цягніка не даваў разабраць.

Раптам у вагон зайшоў малады плячысты кучаравы дзядзька з гармонікам.

– Паважаныя пасажыры, вітаю, крыху музыкі.

Вясёлая музыка адразу спыніла размовы многія зірнулі на гарманіста, нават тата прачнуўся на хвіліну. Потым усе вярнуліся да сваіх гутарак і тата зноў заснуў. А дзядзька з гармонікам спяваў:

Мы с приятелем вдвоем
Сядем, водочки попьем...

Гарманіст вясёла свісцеў, выплясываў і адначасова іграў на гармоніку. Як гэта яму атрымоўвалася, Вася не разумеў.

Скончыўшы граць малады музыка пакланіўся і пайшоў з адкрытым цэлафанавым пакетам па радах. Доўга не прайшоў. З месца недалёка ад Васі падняўся стары марак у флотскай форме.

– Честь и-МЕ-ю! – раздзяляючы слогі і робячы незвычайны націск на некаторыя словы, прамовіў рускі марак. – ВЫ-пей за здо-РОвье моего СЫ-на. Он у меня в Балтийском ФЛО-те СЛУ-жит.

Гарманіст выпіў чарачку гарэлкі і зайграў «Яблычка». Марак выцягнуўся, сціснуў кулак і замахнуўся ім, быццам збіраўся даць у твар музыке. Потым дзёрнуўся усім целам у адзін бок, у другі. Ён рэзка рухаў рукамі, нагамі і тулавам пакуль не скончылася музыка. Пасля гэтага гарманіст і марак селі выпіваць далей.

Вася паглядзеў у другі бок і заўважыў двух мужчын узросту яго таты, якія сядзелі адзін насупраць ускрай лавак, занятых жанчынамі і дзецьмі, пэўна іх сем'ямі, і смяючыся размаўлялі пра штосьці. Відавочна, гэта былі сябрукі.

– Я табе кажу, гэта – лафа, казаў адзін з іх, апрануты ў цёмнае. – Ты проста сядзіш на ток-шоу, пляскаеш ў далоні па камандзе памочніка рэжысёра каму трэба і за гадзіну зарабляеш пяцьдзясят тысяч.
– А пытанні там можна задаваць? – пытаўся яго сябар у светлым.
– Бывае, што дазваляюць, але звычайна не. Залежыць ад інструкцый, якія дае памочнік рэжысёра ці іншыя адказныя за масоўку. Але мяне не цікавіць пра што ідзе гаворка на шоу. На мінулым тыдні было пра школьную адукацыю, учора пра гісторыю Беларусі, заўтра – пра заводы... Галоўнае выконваць сваю ролю як трэба і тады без праблем атрымаеш грошы ў касе пасля шоу. Ты падумай, Сярога, я магу парэкамендаваць цябе ў масоўку. Будзем разам зарабляць.
– Падумаю, але баюся, што засну падчас праграмы... А слухай, гэта перадача «Шукаю. Чакаю.» таксама робіцца акцёрамі масоўкі?
– Наколькі ведаю, там бываюць і тыя людзі, якія сапраўды кагосьці са сваякоў шукаюць. З імі звычайна рэпетыцыі праводзяць... Але асноўная маса – масоўка.

Тут увага Васі пераключылася зноў на гарманіста, які ледзь не прапусціў сваю станцыю і, мацюгнуўшыся, выскачыў з вагона.

– От лихой парень! – казаў яму услед стары марак.

Тут рогат ззаду пераключыў увагу Васі. За спіной хлопчыка сядзела група маладых людзей – тры хлопцы і адна дзяўчына – і рагаталі адно з аднаго.

– Вераніка, – сказаў адзін прышчавы юнак дзяўчыне, – усе дамы дзеляцца на тры катэгорыі: дам, не дам і дам, але не вам. А ты да якой належыш?

Хлопцы зноў зарагаталі, а Вераніка толькі мацюгнулася ў адрас жэўжыка.

– Вой, ты пакрыўдзілася... – зноў чапляўся юнак. – Хочаш, я на калені стану?
– Ну. – адказала дзяўчына.
– Трэба, каб я спачатку захацеў, – і кампанія зноў зарагатала.

У вагон зайшла тоўстая жанчына і громка аб'явіла:

– Каму піражкі?! Ёсць з мясам, павідлам, рысам... Хто жадае – купляе. – І рушыла далей.

– Можна мне з павідлам? – запыталася Вераніка.
– Даганяйце мяне, – прапанавала прадавачка, якая ўжо шпарка прайшла да сярэдзіны вагона.

Дзяўчына зарагатала разам са сваімі кавалерамі і махнула рукой.

Толькі гандлярка піражкамі знікла ў тамбуры, як увайшоў барадаты і валасаты дзед з брудным тварам і ў бруднай вопратцы. На шыі старога вісела каробка, на якой быў наклеены незвычайны малюнак: распяты Ісус вісеў не на крыжы, як на бабуліных іконах, а на нейкім вертыкальным слупе. Васе было цікава, для чаго каробка, але ўсё патлумачыў прышчавы юнак.

Калі дзед падышоў да лавак, дзе сядзела маладзёжная кампанія, і перахрысціўся, юнак-гумарыст сунуў яму грошы і дадаў:

– Ідзі, купі сабе мыла!

Хлопцы і дзяўчына зноў пырскнулі рогатам. Дзед пайшоў далей. Падышоў да лаўкі, дзе сядзеў Вася з татам, і таксама перахрысціўся. Тут Вася зразумеў, чаму старому было патрэбна мыла: ад яго моцна непрыемна пахла брудам і мачой.

– Валі адсюль, бамжара! Ідзі на завод!

Гэта нечакана адрэагаваў другі стары, што сядзеў насупраць Васі і да гэтага часу глядзеў у акно. Стары жабрак відавочна напужаўся і пайшоў далей, пакінуўшы за сабой шлейф «водару» немытага цела. Вочы Васі сустрэліся з позіркам дзеда насупраць і выраз твару апошняга адразу змяніўся. Спадарожнік працягнуў руку хлопцу:

– Вітаю, малады чалавек! Я – дзед Янка! А вас як велічаць?
– Вася...
– Прыемна пазнаёміцца, – дзед Янка паціснуў руку Васе, а потым яго таце, які прачнуўся ад яго крыку на жабрака.

Дзед Янка быў крыху падпіўшы, як тата падчас дня нараджэння ці на Новы год. Але паводзіў сябе ветліва і далікатна. Распытаў тату і Васю пра жыццё, даведаўся пра стаматолага, планы на «Тэтрыс», паездку да бабулі. Паведаў пра сваіх унукаў, якія ўжо у школу ідуць.

Вася ў школу яшчэ не хадзіў. Яму было шэсць. Узрост, калі можна ісці ў школу, а можна не ісці. З аднаго боку яму было цікава пайсці ў школу. З другога, яго мама, школьная настаўніца матэматыкі, заўсёды прыходзіла з работы стомленай і раздражнёнай.

З боку тамбура, ў які выходзілі прадавачка і жабрак, выйшаў яшчэ адзін музыка. На гэты раз з саксафонам. Дзед Янка, пачуўшы яго выкананне, скрывіўся.

– Не ведаю, што рабіць. Ці падысці грошай даць, ці падысці ды ў морду яму даць... Што параіце, Васіль? – звярнуўся Янка да хлопчыка.

– Прапаную яшчэ варыянт, – з усмешкай адказаў тата Васі, – не чапаць яго.
– Так і зробім – згадзіўся дзед і нечакана для сябе дадаў – Прэч з дарогі! Уцякай, бо йдзе Янка п'яны... Ведаеце, хто гэта пісаў? Якуб Колас. Быў час, калі я выкладаў літаратуру ў школе... А потым... Самі ведаеце... У вясковай школе... Прыходзіш у госці да бацькоў сваіх вучняў пасля бацькоўскага сходу. Заўсёды пачастунак і гэта, – стары пстрыкнуў сябе па шыі і працягнуў, – Так скончылася мая праца настаўнікам і завучам... Працаваў потым качагарам. Цяпер на пенсіі. Трэба пакурыць.

Дзед Янка дастаў пачак «Прымы» і прапанаваў таце. Той адмовіўся, і дзед пайшоў у тамбур. Толькі цяпер Вася заўважыў, што у тамбур часта выходзяць мужчыны, у тым ліку стары марак і Сярога з яго сябрам з тэлебачання.

Вася звярнуў увагу на яшчэ адну кампанію трох маладых людзей. Яны сядзелі крыху далей і гулялі ў карты, заняўшы дзве лаўкі. Часам яны прыхлёбвалі з бутэлькі. Адзін з іх казаў астатнім:

– Так. Хто цяпер выігрывае – п'е піва.
– А можа згуляем на якога дахадзягу, як тады? – прапанаваў другі.
– Было б шакаладна даць каму-небудзь у соплі, але ментоў могуць выклікаць. – заўважыў трэці – Лепш на піва.

І хлопцы зноў пачалі гуляць. Вася не заўважыў, хто з іх нарэшце піў піва, бо праз вагон літаральна праляцеў нейкі хлопец-падлетак. Праз хвіліну ён ужо бег зваротна з такім жа ўзбуджаным выразам твару. Прайшло яшчэ крыху часу і «лятун» зноў прабег вагон туды-сюды. Дзед Янка, які ўжо вярнуўся з тамбура, маўчаў. Мабыць яму не падабаўся гэты Ікар, але лезці на яго не збіраўся. І ў вагоне стала цішэй. Было толькі чутна як нейкі стары дачнік ціха спрачаўся с маладым спартсменам за палітыку.

«Лятун» у чарговы раз прабег праз вагон. Не прайшло і хвіліны, як два міліцыянеры з дубцамі і пісталетамі ў кабурах зайшлі ў вагон і пайшлі следам за падлеткам.

З прыходам міліцыі ў вагоне стала ціха. Дзед Янка глядзеў у акно. Марак чытаў кнігу. Сярога і яго сябар сядзелі моўчкі. Аматары піва таксама сядзелі ціха, але яны да гэтага і не шумелі. Вася азірнуўся на кампанію маладых жартаўнікоў, але на іх месцы сядзелі ўжо іншыя людзі.

Міліцыя не вярнулася, як і «лятун» Тут дзед Янка падняўся і развітаўся з Васем і яго татам. На гэтай жа станцыі выйшла і палова вагона, ў тым ліку і амаль усе хуліганы, акрамя таго, што прапанаваў згуляць на дахадзягу. Як толькі яго сябрукі паціснулі яму руку на развітанне і выйшлі, яго ўпэўнены погляд кудысьці знік і ён стаў глядзець у акно.

Стала так ціха, што Вася прытуліўся да таты і заснуў. Яго разбудзіў рогат таты. Вася працёр вочы і заўважыў як недалёка ад іх месца стаіць мужчына ў камуфляжы з вялікім крыжом на шыі, доўгімі сівымі валасамі і касматай барадой і п'яным голасам нешта спрабуе даказаць адной маладой пары, мабыць мужу і жонцы.

– Ну пакажыце мне, дзе ў Бібліі гаворыцца, што можна пакланяцца іконам? - з усмешкай спакойна пытаецца муж і звяртаецца да жонкі – Алеся, дай яму Біблію, калі ласка.

– Але ж нават апостал Па-а-а-вел казаў... – перайшоў на крык мужчына ў камуфляжы і яго далейшыя словы патанулі ў рогаце ўсяго вагона. Асабліва смяяўся тата. Вася таксама смяяўся, але не разумеў чаму. Мабыць таму, што смяяўся тата.

Нейкая жанчына паднялася з месца і звярнулася да сівабародага мужчыны:

– Бацюшка, як вам не сорамна. Вы выпілі і так непрыгожа сябе паводзіце пры ўсіх. Хіба можна гаварыць пра Біблію ў такім месцы і такім стане?

Гэта адразу супакоіла старога, які, як зразумеў Вася, быў святаром.

– Прабачце, – прамармытаў святар – я сапраўды крыху выпіў з суседзямі па дачы. Віно – дар Бога, панеж так... Выбачайце, што так...

Ён падняў свае рэчы і выйшаў з вагона.

Магчыма тату і Васю чакалі б новыя прыгоды ў прыгарадным цягніку, але прыйшоў час выходзіць. Да дому бабулі дайшлі хутка. Тата перакусіў з Васем і яны хутка ляглі спаць, бо бабуля вельмі не любіла, калі ў яе доме клаліся пазней за дзевяць вечара і падымаліся пазней за сем раніцы. Раніцай, калі Вася яшчэ спаў, тата паехаў назад у Мінск. Вася хацеў паехаць з ім, але яго тата не пачакаў....

«Тэтрыс» Вася так і не атрымаў. Спачатку не хапала грошай. Потым тата працаваў усё долей і долей, і яны з сынам бачыліся толькі вечарам і ранкам перад экранам тэлевізара. А там ужо было не да «Тэтрыса». Вучоба, камп'ютарны клуб, курсы англійскай мовы, футбол... Часу ў Васі было мала. Мама казала, што без добра арганізаванага жыцця, яму не быць паспяховым як тата.

А тата сапраўды стаў паспяховым. Калі ў Беларусі сталі развівацца інтэрнэт-тэхналогіі, тата знайшоў прэстыжную пасаду у «танчыках». І цяпер яго жыццё круцілася: Кіпр, ЗША, Расія, Кітай, Аўстралія... Замянілі машыну, чым спынілі бясконцыя скаргі мамы на старую «тачку». Сям'я пераехала на новую кватэру ў Брылевічах і кожную раніцу Вася глядзеў з дваццатага паверху, як будуецца наваколле. Вася купаўся ў Індыйскім акіяне, Міжземным моры, пабываў на Тэнэрыфах...

Звычайна тата ездзіў з сям'ёй на адпачынак, але больш за чатыры дні без сваёй работы не вытрымліваў. Браў білет на самалёт і ляцеў у Мінск у сваю кампанію. У Васі было шмат чаго, але было адчуванне, што чагосьці не хапае.

Аднойчы Вася зразумеў чаго. Ён усё часцей і часцей бачыў у сне, як яны з татам едуць у цягніку невядома куды. Тата нічога не гаворыць. Ён проста побач. І, калі сон абрывае будзільнік, хочацца вярнуцца ў гэта адчуванне шчасця, якое немагчыма замяніць камп'ютарнымі гульнямі ці баўленнем часу з сябрамі. Вася бы аддаў свой дарагі смартфон, новы планшэт і фірменную вопратку за магчымасць вярнуцца ў той час, калі яны кудысьці ехалі разам з татам. Не так важна куды, хоць зноў лячыць зубы. Але разам з татам...

Крыніца ілюстрацыі: www.spa.su

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

12.09.2017

Хто як хоча... Апавяданне


Педсавет цягнуўся ўжо гадзіну. Дырэктар абмеркавала пытанні патрыятычнага выхавання, праблему са зборам грошай на гарачае харчаванне з бацькоў вучняў і цяпер пачала чытаць аб'ёмную паперу, якая прыйшла з РАНА. Чытала хутка, не адрываючы вачэй ад дакумента. Спяшалася. У актавай зале павісла самота. Настаўніца гісторыі гуляла сама з сабой у нейкі матэматычны аналаг «крыжыкаў-нулікаў». Фізкультурнік на галёрцы дэманстратыўна разгарнул «Прэсбол» і пачаў чытаць. Маладая настаўніца беларускай мовы падмалёўвала губы, час ад часу азіраючыся на дырэктара, каб тая не заўважыла гэта. Яшчэ некалькі немаладых настаўніц ціха шапталіся. Гэта быў яшчэ час, калі мабільнікамі карысталіся толькі для званкоў і эсэмэсак, і кожны бавіў час, як мог.

Нарэшце, папера скончылася і педсавет меў скончыцца таксама. Дырэктар перавяла дух і запыталася:

– Ёсць пытанні ці прапановы, таварышы?

Нечакана для ўсіх, з месца паднялася настаўніца геаграфіі, якая праславілася тым, што сарвала планы папярэдняга дырэктара перавесці ўсю школу на тэрміновыя кантракты. Яна адна адмовілася перахадзіць на невыгодны кантракт, а, калі дырэктар вырашыла звольніць яе за парушэнне працоўнай дысцыпліны, «геаграфіца» дабілася прыезду журналістаў Нацыянальнага тэлебачання ў школу і, у выніку такой антырэкламы, дырэктар ціха звольнілася сама. Цяпер настаўніцу геаграфіі баяліся чапаць.

– Ёсць прапанова, – сказала «геаграфічка», – давайце перанясем час пачатку заняткаў у нашай школе з 8 на 8.30 раніцы.

Педсавет загудзеў і раздзяліўся на дзве фракцыі. Голас дырэктара, якая спрабавала патлумачыць, што не ў кампетэнцыі настаўнікаў і нават дырэктара школы вырашаць, калі пачынаць заняткі, не быў чуцен у шуме, і педагогаў было не спыніць.

– Хто рана ўстае, таму Бог дае... – аргументавала адна настаўніца.
– А што? Хоць яшчэ паўгадзіны паспім... – парыраваў хтосьці іншы.

Моладзь была пераважна за 8.30, старэйшыя калегі за 8.00. Голас у дырэктара быў не такі моцны, і яна не магла супакоіць педсавет.

Фізкультурнік рашуча склаў газету і гучна спыніў спрэчку:

– Кароча! Хто хоча, прыходзіць у восем, а хто хоча – ў восем трыццаць!

Некалькі секунд педсавет апанавала цішыня. Потым усе зарагаталі. Педагогі пачалі збіраць свае рэчы і накіроўвацца да выхаду з актавай залы. Дырэктар нічога не казала, але ўсім было зразумела, што нарада скончылася.


Малюнак носіць ілюстратыўны характар і не мае дачынення да зместу апавядання. Крыніца ілюстрацыі: http://kpfu.ru/kuoo/avgustovskij-pedsovet-2012-12127.html

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

14.08.2017

Фіялетавыя гальштукі. Апавяданне



Азіз Аліеў запомніў сваё першае верасня ў восьмым класе. У той дзень пасля ўсіх урачыстасцяў Ганна Яўгеньеўна, яго класная, загадала:

– У нашай школе створаны новы клуб маладых актыўных патрыётаў, да якога вучні павінны далучыцца. Заўтра прыносіце па тры тысячы – гэта кожны можа сабе дазволіць – і атрымаеце прыгожыя фіялетавыя гальштукі. Пытанняў няма? Добра.

Азіз быў з сям'і, якая ў 1988 г. збегла з Карабаха ад вайны. Яго тата быў азербайджанец, а мама армянка. Калі Азіз пайшоў у школу, тата вырашыў вярнуцца ў Баку. Без сям'і. З каханкай, якая нарадзіла яму дачку. Тата заўсёды жадаў дачку, і таму быў гатовы пакінуць жонку і сына на карысць жанчыны ўдвая маладзейшай за яго. Але тыя некалькі год дзяцінства, якія мама і тата былі разам, навучылі Азіза слухацца маці ва ўсім.

Калі ён дома сказаў пра клуб маладых патрыётаў, маці ціха адказала:

– Не думаю, што гэта добрая ідэя. У мой час у школе насілі іншыя гальштукі і лічылася непрыгожым іх не надзець, але калі пачалася вайна, за такі гальштук маглі забіць... Мне б не хацелася, каб і ты насіў гальштукі, за якія можна адказаць жыццём.

Калі наступным ранкам Азіз не прынёс грошы, так апынулася, што было яшчэ чатыры хлопца і дзве дзяўчыны, якія таксама не здавалі на гальштукі. Калі ты не адзін, адчуваць позірк класнай не так няёмка. Але ў канцы тыдня засталіся толькі два хлопцы, што не здалі грошы на гальштук. Адзін з іх рос у сям'і алкаголікаў, другі спускаў усе кішэнныя грошы ў камп'ютарным клубе.

У панядзелак класная прынесла Азізу і астатнім двум хлопчыкам па гальштуку і казала ўрачыстым тонам:

– Я разумею што вам няма чым заплаціць. Бывае рознае ў жыцці. Таму трымайце гальштукі проста так у падарунак. Любіце Радзіму. Шануйце ўладу. Кожны дзень даказвайце сваімі ўчынкамі, што вы годныя сыны Бацькаўшчыны.

Абодва з праблемных хлопчыкаў павязалі гальштукі пад апладысменты аднакласнікаў. Азіз стаяў бледны. Цяжка быць белай варонай, калі кожны вучань глядзіць на цябе.

– Ганна Яўгеньеўна, прабачце, але я не магу далучыцца да клуба маладых патрыётаў.
– Што? Ты мінчанін?
– Так.
– Ты беларус?
– Азербайджанец.
– Але жывеш у Беларусі.
– Так. Але я не буду членам клуба.

Пасля гэтага Азіз стаў ворагам для класнай, многіх аднакласнікаў і праблемай для школы. Класная вяла беларускую мову і літаратуру, і бадай кожны ўрок, дзе хоць неяк гаварылася пра Радзіму, старалася кпіць з Азіза. «Здраднік Радзімы», «хач», «чурка», «лузер» і нават «амерыканскі шпіён» – такімі тытуламі ўзнагароджвалі хлопца і Ганна Яўгеньеўна, і класны актыў. Спрабавала класны кіраўнік выклікаць маці Азіза, Сеўду, на размову ў школу, але тая працавала ўвесь час. Тады аднойчы яна пагаварыла з мамай непакорнага вучня па тэлефону, калі Азіз ужо лёг спаць. Доўга пасля той размовы Сеўда плакала на кухні, але сын пра гэта так і не даведаўся.

Дырэктарам школы быў Андрэй Паўлавіч Капец, пяцідзесяцігадовы вусаты высокі худы мужчына, былы палкоўнік міліцыі, які доўгі час быў начальнікам спецкамендатуры. Яго баяліся і вучні, і настаўнікі. Былы міліцыянер разумеў, што Азіз не з тых, каго лёгка зламаць і паспрабаваў знайсці бацькоўскі падыход. Па-добраму тлумачыў ён хлопцу, што адмова быць маладым патрыётам можа стаць перашкодай паступіць у інстытут і знайсці нармальную работу ў горадзе. Прапаноўваў насіць гальштук толькі ў школе і пакідаць яго ў сейфе яго кабінета. Але Азіз быў упарты.

Тады дырэктар выклікаў да сябе лідара клуба і каардынатара ячэйкі класа, дзе вучыўся Азіз, і патлумачыў ім, што хлопцам трэба сур'ёзна заняцца. Лідар клуба быў з вулічных хуліганаў, якіх праз адказныя пасады ў клубе перавыхоўваў дырэктар. А каардынатарам ячэйкі была выдатніца з паспяховай сям'і. Каардынатар сабрала сваю ячэйку – увесь клас – і аб'явіла байкот несумленнаму вучню Азізу Аліеву. Гэта было як раз перад навагоднімі канікуламі.

А самі канікулы Азіз правёў у бальніцы. Лідар клуба, здаровы адзінаццацікласнік, сустрэў на калідоры школы Азіза, спыніў яго і прапанаваў:

– Выскачым, чурка?

Яны пайшлі ў туалет, дзе Азіз, які рэгулярна хадзіў на турнікі, а ў дзяцінстве – на каратэ, першы кінуўся ў бой і хутка паваліў лідара на брудную падлогу.

– Ну глядзі, хач, яшчэ размова не скончана, – кінуў пабіты хуліган уздагонку Азізу, які выйшаў з туалета і грукнуў дзвярыма.

Перад Новым годам, Азіза спынілі незнаёмыя хлопцы ў цёмным завулку недалёк ад дома. Адабралі грошы і прадукты, якія ён нёс з магазіна і моўчкі пабілі яго да пераломаў. Апазнаць іх было немагчыма, бо было цёмна. Лідар сам прыбег да Азіза ў бальніцу з апельсінамі, казаў, што ён тут не пры чым, што тады ў туалеце хацеў толькі пагаварыць, што ў школе ніхто не будзе больш чапаць Азіза. Але хлопец і не збіраўся выдаваць хулігана. Нават пра іх бойку у туалеце ніхто не ведаў. Міліцыя таксама вінаватых не знайшла.

Калі Азіз вярнуўся ў школу, яго сапраўды ўжо не чапалі, але байкот працягваў дзейнічаць. Недахоп увагі равеснікаў пацягнуў хлопца да дваровых сяброў. Спачатку гэта быў футбол. Потым першыя спробы піва і цыгарэт. Але Сеўдзе было дастаткова строга зірнуць на сына, каб Азіз перастаў гуляць з дваровымі хлопцамі. Зноў пачалося адзіноцтва, але як раз прыйшло лета і было не да адпачынку: трэба было дапамагаць маці на рынку.

Калі Азіз перайшоў у дзявяты клас, яму прыйшла нечаканая дапамога. Міністр адукацыі публічна выступіў з асуджэннем прымусу вучняў да ўдзелу у патрыятычных клубах. З гэтага часу ён больш не быў белай варонай. Некалькі чалавек у школе адмовіліся насіць фіялетавыя гальштукі. Потым каардынатар ячэйкі, якая арганізавала Азізу байкот, разам з бацькамі пераехала ў Польшчу па карце паляка. Класная больш не чапала Азіза, але давала зразумець, што па-ранейшаму лічыць яго лузерам. Праўда яшчэ не скончыўся вучэбны год, як Ганна Яўгеньеўна, якой яшчэ не было і 35, выйшла замуж за немца, з якім перапісвалася цэлы год.

Аднак фіялетавыя гальштукі яшчэ чакаў моцны ўдар. Калі Азіз перайшоў у адзінаццаты клас, яго нанёс новы лідар клуба, хуліган Стас з паралельнага класа.

У лідара быў дзень нараджэння, які ён пачаў святкаваць з сябрамі ў школьным туалеце. Потым з крыкамі «У мяне фіялетавы гальштук, і мне ўсё фіялетава!», «З днём нараджэння мяне!», «Ёрш forever!», «Капец, табе капец!» Стас рушыў да кабінета дырэктара і пры ўсіх справіў малыя патрэбы на дзверы. Гэта знялі і выклалі ў Інтэрнэт яго падпіўшыя сябрукі. Відэа накруціла сотні тысяч праглядаў і пра хуліганскі ўчынак напісалі шматлікія СМІ.

Капец хацеў сам разабрацца з інцыдэнтам, але пасля таго як пра хулігана даведалася ўся Беларусь, Андрэй Паўлавіч мусіў пакінуць пасаду дырэктара і саму школу. Стас таксама знік невядома куды.

З гэтага часу Азіза больш не прымушалі далучацца да патрыятычных клубаў. Увогуле, часцей у іх вабілі рознымі ільготамі і падарункамі. Таму вучоба ў Медыцынскім універсітэце не была для яго такой праблемай. Да таго ж, ён вучыўся на платным аддзяленні, за яго вучобу плаціў тата – грамадзянін Азербайджана, які ў гэты час узгадаў, што ў яго ёсць сын, і па нейкіх прычынах Азіза не вельмі турбавалі з дэканата, магчыма многія лічылі, што ён таксама з Азербайджана.

Хоць тата і высылаў грошы на вучобу, але патрэбна было і жыць на штосьці. Таму Азіз працаваў на «хуткай дапамозе». Аднойчы ноччу ён пасля цэлай серыі выклікаў драмаў на кушэтцы пакуль доктар гуляў у шахматы з шафёрам іх машыны. Праз сон ён адчуў знаёмае «Капцу капец», рогат брыгады і доктарскае:

– Азіз, пад'ём! На выклік!

Праз дваццаць хвілін яны былі ў двухпакаёвай «хрушчоўцы» ў незнаёмай частцы горада. На ложку ляжаў высокі худы стары з сівымі вусамі, з нейкім знаёмым тварам. Ён ужо сканаў. Побач стаяла жанчына год пад 60, відавочна яго жонка.

– Інсульт, – ціха сказаў Азізу доктар. – Не паспелі.

І пачаў афармляць дакументы: «Капец, Андрэй Паўлавіч...». Жонка памерлага сустрэлася поглядам з Азізам і сказала:

– Усё жыццё не хварэў. Але ж два гады таму давялі яго на рабоце, выгналі на пенсію з ганьбой. Вось і не вытрымаў, небарака...

Праз некалькі год Азізу, які ўжо працаваў доктарам «хуткай дапамогі», атрымалася паехаць на адпачынак у Балгарыю. Зноў не абышлося без спонсарства бацькі. Шум мора, спякотнае сонца, крыкі гандляроў печывам і чаек... Пасля чарговага заплыву за буйкі і на бераг, лёг загараць. Вочы заплюшчаныя. У вушы незразумелыя фразы на розных мовах. І раптам чуе знаёмы жаночы голас:

– In Bulbondia no sun, very bad. I hate Belarus. I happy to be German… (У Бульбондыі сонца няма, вельмі дрэнна. Ненавіджу Беларусь. Шчасліва быць немкай.)

Азірнуўшыся, Азіз убачыў як недалёка стаіць яго былая класная, настаўніца беларускай мовы, Ганна Яўгеньеўна і нешта тлумачыць кампаніі сівеючых салідных мужчын, якія верагодна былі англічанамі. Здаецца, яна выглядала маладзей і прыгажэй, чым калі працавала ў школе.

Часам раней Азіз уяўляў сабе сустрэчу з самай нелюбай настаўніцай. Хацеў даказаць, што ён не лузер, не чурка, не здраднік. Што можа дабіцца ўсяго ў жыцці. Вось яна сустрэча. Вось яна Ганна Яўгеньеўна, стаіць у купальніку бокам да яго і гутарыць з нейкімі джэнтльменамі на ламанай англійскай. А жаданне падысці да яе і штосьці сказаць ці даказаць знікла.

Азіз лёг і прыкрыў твар капялюшыкам. Чамусьці нагадаў як на ўроках Ганна Яўгеньеўна з нейкімі эмоцыямі, ледзь не надрывам заклікала любіць Беларусь. Стала смешна.

А былая настаўніца патлумачыла сваім новым знаёмым, што ўжо год як яна «свабодная нямецкая ледзі», мае свой шалей у Альпах, запрасіла іх да сябе ў госці і, развітаўшыся з джэнтльменамі, прайшла міма Азіза купацца ў мора.

Вечарам таго дня яны сустрэліся ля мясцовага рэстаранчыка ў апошні раз. Яна стаяла каля уваходу ў чырвонай сукенцы, відавочна крыху п'яная. Ён гуляў па вуліцы. Было цёмна. Мабыць таму яна не пазнала былога вучня.

– Сігарэт? – запыталася яна і паказала жэстам, што хоча курыць.
– Ноў – адказаў Азіз і пайшоў далей. У яго зусім знікла жаданне размаўляць з былой класнай і ён толькі быў рад, што яна не паклікала яго.

Праз пару дзён малады доктар зноў сядзеў у турыстычным аўтобусе, што ехаў у Беларусь. Дарога была нялёгкай, але Азіз амаль увесь час спаў. Работа навучыла яго спаць дзе толькі можна і калі толькі можна. Нарэшце, праз шмат санітарных прыпынкаў і пагранічных пастоў позна ноччу аўтобус спыніўся каля Прывакзальнай плошчы ў Мінску.

Родны горад сустрэў Азіза халодным ветрам і праліўным дажджом. Як кантрастны душ пасля сонечнай Балгарыі. На гадзінніку 3.30. Метро не працуе. Даехаць можна толькі на таксі. Доктар парыўся ў кішэнях, зайшоў старыя банкноты 100 і 50 тысяч. Як раз месяц таму грошы памянялі, але ў Азіза былі толькі старыя, якія мелі хадзіць да Новага года.

– Павінна хапіць, каб даехаць да дому, – падумаў ён. І раптам адчуў сябе шчаслівым. Ён вярнуўся дамоў. Азіз быў рад халоднаму ветру, дажджу, старым абясцэненым грошам. Упершыню ў жыцці ён зразумеў, што хоча жыць тут. Усё жыццё ён разумеў, што ён азербайджанец, але цяпер добра ўсвядоміў, што не хоча пераехаць да таты ў Баку. Ён беларускі азербайджанец. Яго Беларусь – гэта не фіялетавыя гальштукі, не крывадушны пафас, а проста месца, дзе ён нарадзіўся, вырас і будзе жыць далей.

Азіз радасна падхапіў свае чамаданы і рушыў да таксі, а на аўтобусным прыпынку засталася стаяць мокрая дзяўчына ў чорным адзенні пад эзатэрыкаў ці готаў паверх якога кантрастам вісеў праваслаўны крыж, і тэлефанавала камусьці:

– Ну вапшчэ, чаго я нарадзілася тут? Мокнуць ноччу пад дажджом і чакаць пакуль Саша прыедзе? Лепш жыла б у Балгарыі. Я ўпэўнена, што ў мінулым жыцці я была балгаркай...

Малюнак узяты з крыніц Інтэрнэта і носіць ілюстратыўны характар. Усе персанажы і падзеі апавядання выдуманы, магчымыя супадзенні выпадковыя.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

06.08.2017

Медыямагнат. Апавяданне


Ксенафонт Іванавіч прачнуўся ад таго што зазваніў яго мабільны тэлефон. На гадзінніку на сцяне было 17.30. Звычайна, ён спаў яшчэ прыкладна паўгадзіны да вячэры.

– Паламалі задавальненне, – падумаў ён і падняў мабільнік са стала.

Званіла яго пляменніца Наталля. Як звычайна на наступны дзень пасля пенсіі яна збіралася яго наведаць. І папрасіць грошай.

Не вельмі яму гэта падабалася, але за апошнія гады пра яго існаванне ўзгадвалі толькі на дзень яго нараджэння і на дзень тэлевізіёншчыка. Наталля хоць прыходзіла стабільна раз у месяц. Ён разумеў, што калі б ёй не прыходзілася плаціць крэдыт за кватэру, яна таксама б не хадзіла да яго, але выбару ў іх абодвух не было: ёй былі патрэбны грошы, яму – хоць адна жывая душа, акрамя сацыяльнага работніка. Жыццё ў аднапакаёвай кватэры, заваленай кінаапаратурай – не асалода.

Калісьці ў яго была трохпакаёвая кватэра, але пасля таго, як жонка даведалася пра яго данжуанскі спіс, яны падзялілі маёмасць і разышліся. Ёй з дзецьмі дасталася двухпакаёўка, яму – аднапакаёвая і рэчы, пераважна кінаапаратура, якую ён на чорны дзень нацягаў з работы. Цяпер жонка ўжо не лаялася, што ад гэтай апаратуры праходу няма. Бо жонкі больш не было. І дзеці яго ведаць не жадалі. Нават каханыя жанчыны адна за адной забылі пра яго існаванне. Ксенфонт Іванавіч застаўся адзін.

Наталля абяцала прыйсці праз гадзіну. І, як звычайна, прыйшла на пяць хвілін раней. Усё жыццё пляменніца была яго гонарам. Працавітая, пунктуальная, прыгожая. Нават у свае 40.

Ксенафонт Іванавіч пацалаваў пляменніцу ў шчаку, абдаўшы пахам старога цела. І стаў разліваць чай па кубачкам. Потым яшчэ хвілін дваццаць распавядаў пра тое як працуе яго страўнік, колькі лекаў ён ужо прыняў за дзень. Паказаў, як яшчэ умее прысядаць у свае 85.

Наталля ківала, часам усміхалася, піла чай з бруднаватага кубачка. Але было зразумела, што ў яе на душы нешта кіпіць і, здаецца, вось-вось разарве яе.

– А як пажывае Уладлен? – запытаўся Ксенафонт Іванавіч.

Бомба на душы пляменніцы ўзарвалася. Наталля заплакала. Потым узяла сябе ў рукі і ціха адказала:

– Памятаеш Альку, бацька якой з тых самых? Ну Альку, якая яшчэ ў дзіцячым садку, гуляла ў вайну з рускімі, калі ўсе дзеці ваявалі з немцамі? Ён сустрэў яе на танцах і закахаўся ў яе. Я казала яму, што яна не з нашага кола, што ў яго яшчэ будуць дзяўчыны, але ён слухаць не хацеў. Алька схадзіла з ім на спатканне раз ці два і кінула яго. Кажа: не жадаю мець нічога з унукам медыямагната, які зламаў жыццё майму таце. А Уладлен...

Тут Наталля зноў ціха заплакала. Крыху супакоіўшыся і абцершы слёзы працягнула кароткімі сказамі, кожны з якіх даваўся ёй моцным болем.

– Кінуўся з балкона. Пакінуў нам запіску «без Алі жыць не магу». Заўтра дзевяць дзён будзе.  Хадзіла я да Алькі. Хоць у вочы ёй зазірнуць. А Алька уехала ў Польшчу. На вучобу. Па праграме Каліноўскага. Як раз у дзень, калі мы хавалі Уладлена. Можа і не ведае, што нарабіла...

Ксенафонт Іванавіч слухаў спакойна. Ён зразумеў, што Уладлена больш няма, але ў апошнія некалькі год ён ужо жыў у нейкім унутраным свеце, і знешнія беды і радасці не прабіваліся ў гэты свет. Наталля не злавалася з яго рэакцыі. Толькі чамусьці нагадала, як Уладлен, калі яму было тры гады, спакойна ўспрыняў навіну, што дзіця, якое мела стаць яго брацікам ці сястрычкай, памерла ў маміным жывоціку... Старыя часам як малыя.

У Наталлі больш не было дзяцей. Уладлен быў для Ксенафонта Іванавіча як сын. Таму ён сам даў унуку імя як напамін пра свой ідэал – Леніна. Таму ён часта праводзіў з Уладленам вольны час і павучаў маладых бацькоў, як правільна выхоўваць сына. Бацька Уладлена і муж Наталлі Вадзім быў нейкім неперспектыўным чалаваекам. Спрабаваў Ксенафонт Іванавіч заняцца яго кар'ерай, але такія старэйшых не слухаюць. Нарэшце, кінуў Вадзім Наталлю з сынам адну, ды яшчэ і Ксенафонта Іванавіча абвінаваціў: вы лезлі ўвесь час у нашу сям'ю, усё развалілі. Не разумее тая моладзь як лепш – думаў стары медыямагнат.

Ксенафонт Іванавіч шукаў у памяці хто ж была гэта Алька. За той час, што ён працаваў на тэлебачанні – спачатку па партыйнай лініі ў савецкі час, потым намеснікам дырэктара і нарэшце генеральным дырэктарам – ён шмат з кім змагаўся. Звычайна Ксенафонт Іванавіч даводзіў дырэктывы і рэкамендацыі дзяржаўных устаноў і заснавальнікаў тэлевізійнага агенцтва да супрацоўнікаў. Тут патрэбна была дысцыпліна як у арміі.

– У нас свабода слова, – тлумачыў ён сваім падначаленым. – Не слухаешся – свабодны.

Таму часам стары тэлевізіёншчык чуў як звольненыя супрацоўнікі, крытыкуючы яго называлі яго Ксенафобам Іванычам за яго погляды на чужаземцаў. Больш яму падабалася мянушка «медыямагнат» пад якой яго ведалі яго ворагі з іншых інфармацыйных кампаній.

Як ні сорамна было яму прызнаць пляменніцы, што не памятае Альку, але цікава было даведацца хто ж гэта. Запытаўся. Наталля патлумачыла старому:

– Аля Красавіцкая. Дачка Сяргея Красавіцкага, які ў свой час шумеў у газетах з рухам «Не падмані!».

Сяргея Ксенафонт Іванавіч памятаў. Некалі яны працавалі на адным канале. Але ў Сяргея заўсёды была свая думка. Атрымаў ён ад «магната» свабоду слова. Але не спыніўся на гэтым. Звязаўся з рухам «Не падмані!», лез куды не трэба. І прыйшлося Ксенафонту Іванавічу выканаць рэкамендацыі заснавальнікаў канала: распавесці шырокай аўдыторыі тэлегледачоў пра шматлікія недахопы былога калегі. І пра жанчын, якімі Сяргей празмерна цікавіўся, і пра яго здзекі над маладымі салдатамі падчас армейскай службы. Шарахнуліся ад Сяргея яго сябры з «Не падмані». Год шукаў работу журналістам, але паўсюль дзейнічала негалоснае правіла: не браць яго. Стаў шукаць хоць якую работу – і там без поспеху. Запіў. Ну прыйдзі ён ды папрасі прабачэння ў медыямагната, той б дапамог. Але Сяргей быў з гонарам. Не прыйшоў.

Пра запой Сяргея Ксенафонт Іванавіч ведаў ад яго суседа па дачы, які працаваў у галіне культуры ў некалькіх газетах. Але Наталля ведала больш, бо размаўляла, дакладней лаялася, з былой жонкай Сяргея, калі шукала Алю. Сяргей не доўга валяўся па дварах п'яны. Саракагадовага рамантыка пацягнула на гераізм. Ён паехаў на вайну у адну з былых савецкіх рэспублік. Праз тры месяцы вярнуўся ў труне. У гэты час яго дачку выключылі з вну, не здала яна нейкія экзамены...

Але пра ўсё гэта не стала Наталля казаць свайму дзядзьку. Проста дапіла несмачны чай з бруднаватага кубачка, узяла грошы, за якімі прыходзіла, падзяквала старому і пайшла.

***
Праз пяць год Наталля разам з мужам Вадзімам, з якім яны зноў сышліся на агульнай бядзе, пад'ехалі да могілак «Пятроўшчына».

– Ідзі ты, я не магу, – глухім голасам папрасіў Вадзім жонку.

Наталля кіўнула і выйшла з машыны. Праз хвіліну яна была ля магілы сына. І адразу заўважыла дзве чырвоныя ружы на пліце помніка, пад якімі была паперка. На паперцы было напісана «Прабач. Ты быў сапраўдным.»

Аля скончыла размову па Вайберу з маці, якая ўжо пераехала да дачкі ў Польшчу па карце паляка і цяпер чакала яе з Мінска. І раптам званок у дамафон. Аля чакала новых кватарантаў, таму адчыніла ўсе дзверы без пытанняў.

– Праходзьце, калі ласка, – кіўнула яна мужчыне і жанчыне, якія ўвайшлі. І раптам пабялела ад жаху. Яна ніколі не бачыла бацьку і маці Уладлена, але пазнала іх.

– Мы бачылі тваю запіску. – сказаў Вадзім, які заўважыў, што яго жонка згубіла ўсе словы і вырашыў сам пачаць размову. – Мы прыйшлі таксама папрасіць прабачэння за тое, што Ксенафонт Іванавіч зрабіў тваёй сям'і. Мы самі вінаватыя ў смерці Ўладлена. Прабач нас і спакойна жыві ў Мінску, калі хочаш. Медыямагната, які зламаў жыццё табе і нашай сям'і, больш няма. Ён памёр год таму.

У той дзень яны шмат плакалі і размаўлялі да вечара. На развітанне Наталля і Вадзім абнялі Алю як сваю дачку і паабяцалі дапамагаць ёй, калі яна папросіць. Праз дзень Аля вярталася ў Польшчу. Наталля і Вадзім настаялі на тым, каб падвезці яе на вакзал. На вакзале Аля папрасіла іх даглядаць за магілай таты калі будзе час і дала дакладныя каардынаты на Каладзішчанскіх могілках. Наталля і Вадзім паабяцалі даглядаць і сунулі дзяўчыне шэры канверт у сумачку.

– Не трэба, – засаромілася Аля.

– Гэта не абмяркоўваецца. – строга адказала Наталля. – Мы з мужам так вырашылі.

– Нам няма для каго збіраць грошы. – дадаў з усмешкай Вадзім – А ў цябе ўсё жыццё перад табой. Вось і жыві і будзь шчаслівай. Калі будзеш у Мінску, заходзь да нас – будзем рады...

– Што я маці скажу? – разгублена разважала дзяўчына. Яна так і не здолела прызнацца маме пра сустрэчу з сям'ёй былых ворагаў.

– Што хочаш. – адказаў Вадзім і жартаўліва дадаў. – Кажы, што ў казіно выйграла.

Праз пару гадзін Наталля з Вадзімам ужо стаялі перад невысокім шэрым помнікам Сяргея  Красавіцкага. Вадзім ацэньваў, што можна тэхнічна падправіць ці падфарбаваць, а Наталля нечакана заўважыла:

– Іх прымірыла зямля...

– Ты пра што? – здзівіўся муж.

– Дзядзька мой ляжыць праз нейкія 500 метраў адсюль. Калісьці мы з табой ездзілі ў Іспанію і бачылі там помнік ахвярам грамадзянскай вайны. Там так і было напісана. І гэтых двух ворагаў таксама прымірыла зямля...

Яны моўчкі вярнуліся праз заходнюю браму, селі ў машыну і накіраваліся ў Мінск.

Крыніца малюнка: http://www.e-reading.club/bookreader.php/1029323/Moneste_-_Legendarnye_milliardery.html. Малюнак носіць ілюстратыўны характар і не мае дачынення да зместу апавядання.
Усе персанажы і падзеі апавядання выдуманы. Магчымыя супадзенні выпадковыя.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

11.07.2017

Сэлфі з дырэктарам. Апавяданне.


Загадчык філіяла карпарацыі, Антон Сямёнавіч Драч, быў заняты як ніколі: іх філіял павінен быў наведаць сам генеральны дырэктар і заснавальнік кампаніі. Усё павінна было быць беззаганна. Падрыхтавалі кантынгент надзейных супрацоўнікаў – 300 з 5 тысяч, – якія павінны былі сустрэць генеральнага ў Вялікай канферэнц-зале. Падрыхтавалі невялікі шведскі стол у маленькай канферэнц-зале. Супрацоўнікі аддзела чысціні мылі спецыяльнымі шампунямі брук па ўсёй тэрыторыі філіяла. Былі вымыты таксама ўсе вокны і шкляныя дзверы.

У гэты філіял генеральны заязджаў толькі раз на дзесяць хвілін па тэрміновых справах. Ва ўсялякім выпадку – на памяці Антона Сямёнавіча. Але «разведка» з іншых філіялаў і акружэння генеральнага давала добры досвед аб тым, як трэба было сустрэць начальства.

Да запланаванай сустрэчы заставалася гадзіна, і прыбіранне тэрыторыі яшчэ не скончылася, калі на даляглядзе паказаўся картэж і дзяжурны супрацоўнік, які сядзеў у машыне, прыпаркаванай за 300 метраў ад філіяла, зрабіў кароткі званок сакратарцы загадчыка: «Едуць».

Адразу як тараканы па шчылінах разбегліся клінінгавыя супрацоўнікі. Антон Сямёнавіч выйшаў сустракаць, але картэж праехаў міма. Гэта была дэлегацыя Біяфры, якая наведала Беларусь на пару дзён.

Тым не менш, праз дваццаць хвілін сапраўды пад'ехаў картэж генеральнага. Гэта былі пяць лімузінаў з аховай і памочнікамі дырэктара. Некалькі чалавек з аховы адразу пабеглі ў будынак, як быццам чакалі з нецярпеннем санітарнага прыпынку. У філіяле заўсёды была ахова, але акружэнне генеральнага дбала пра бяспеку шэфа на высокім узроўні. Таму «хлопцы» з аховы сталі правяраць маршрут шэфа на бяспеку.

Генеральны выйшаў – дакладней выйшла – з машыны. Гэта была шатэнка невысокага росту і хударлявага целаскладу апранутая ў цёмны жаночы дзелавы касцюм. Паколькі марасіў лёгкі дождж, адзін з памочнікаў трымаў над ёй парасон.

Дырэктар мела мужчынскі характар, шмат курыла, і не любіла, калі ёй нагадвалі, што яна дама. Таму падначаленыя ніколі не дарылі ёй кветкі і не падавалі руку, калі яна выходзіла з лімузіна. Максімум, што яны маглі зрабіць – прытрымаць дзверы для яе.

Павітаўшыся з загадчыкам дужым мужчынскім пацісканнем рукі дырэктар прайшла да дзвярэй, якія ёй ужо расчыніў адзін з ахоўнікаў. Тут яна спатыкнулася на прыступках і нечакана для сябе самой вылаялася матам. Дэлегацыя сустракаўшых была ў лёгкім шоку, але ўсе рабілі выгляд, што не пачулі ненарматыўнай лексікі і не заўважылі інцыдэнт: шэф не жадала, каб яе бачылі слабай.

Праз палову гадзіны бліц-экскурсіі па філіялу, загадчык і дырэктар накіраваліся са сваімі світамі ў Вялікую канферэнц-залу. За пяць хвілін да ўвахода дырэктара яе ахоўнікі ўжо праверылі залу і дазволілі ўваход удзельнікаў, якіх хутка правяралі ля дзвярэй. На момант, калі загадчык з дырэктарам і іх людзі падышлі да залы, усе, акрамя некалькіх ахоўнікаў, ужо сядзелі там.

Адзін з памочнікаў загадчыка прапускаў усю світу ў залу, а потым акуратна адышоў у бок і ціха накіраваўся ў свой кабінет, усміхаючыся ў сэрцы, што не прыйдзецца слухаць, што скажа генеральны. Ахова яго не чапала, бо не ведала, ці павінен ён быць на месцы, ці не.
У зале дырэктар пачала доўгую прамову. Насамрэч гэта сустрэча планавалася як канферэнцыя, дзе дырэктар мела высветліць патрэбы філіяла і давесці да яго пэўныя задачы і патрабаванні. Але па факту гаварыла амаль толькі яна. Ёй перадалі кошык з пытаннямі, запісанымі на паперках. Дырэктар выбірала некаторыя з іх, агучвала і зноў пачынала свой  маналог.

Прыкладна дзесяць год таму генеральны дырэктар яшчэ актыўна развівала сваю карпарацыю. Вакол яе былі актыўныя людзі, пераважна прафесіяналы. Але паступова ў кампаніі сфарміраваўся пэўны сегмент рынку, які далей пашырыць не атрымоўвалася. Час ад часу фірма яшчэ атрымоўвала заказы, выігрывала тэндары па-за межамі базы лаяльных кліентаў. Аднак жыццё ў арганізацыі стала прадказальна стабільным. Дырэктар ездзіла па філіялах, а таксама лятала на розныя міжнародныя сімпозіумы, а часцей проста сядзела ў кабінеце з паперамі. Хоць яна не прызнавалася ў гэтым, але карыстацца Інтэрнэтам, нават банальнай электроннай поштай дырэктар не ўмела. Для гэтага ў яе былі рэферэнты і памочнікі. І так атрымалася, што вакол генеральнага засталіся толькі тыя, каму стабільнасць была даражэй за развіццё. І таму паперы, у тым ліку паведамленні электроннай пошты, надрукаваныя персанальным памочнікам, праходзілі жорсткую цэнзуру яе акружэння з рады дырэктараў.

Аднойчы яна выпадкова села на стул, на які нехта праліў каву. Ніжэй спіны на светлай спадніцы дырэктара з'явілася невялікая пляма, а дырэктар мусіла выступаць перад групай спецыялістаў з розных аддзелаў кампаніі і стаяць каля мультымедыйнай дошкі са сваім персанальным памочнікам. Усе бачылі пляму ніжэй спіны, думалі толькі пра гэту пляму, некаторыя ўсміхаліся адзін аднаму і ніхто асабліва не слухаў сваю «царыцу», як яе часам называлі за спіной. А сама «царыца» так ніколі і не даведалася пра пляму.

Дысцыпліна ў кіраўніцтве трымалася на даволі жорсткім характары дырэктара, яе ўменні знайсці агульную мову з амаль любым суразмоўцам, яе таленавітым ужываннем метадаў бізуна і перніка (або як «царыца» любіла казаць на англійскі манер – «бізуна і морквы»). Але галоўнай яе зброяй быў кантрольны пакет акцый кампаніі. Астатнія акцыянеры валодалі менш за 5% кожны паасобку. І нават калі б яны аб'ядналіся, іх доля не склала б і 20%.

Такім чынам, ніхто не быў супраць незвычайнага хобі генеральнага дырэктара: выступаць перад шырокай аўдыторыяй гаворачы пра ўсё на свеце. Каб дырэктар не пакрыўдзілася на адсутнасць увагі, з канферэнц-залы нікога не выпускалі. Ужо прайшло дзве гадзіны. Многія жадалі курыць ці выйсці ў туалет, але ахова не выпускала нікога. Адзін разумнік ціха смактаў электронную цыгарэту, яшчэ адзін цягнуў піва праз саломінку з бутэлькі, схаванай ў пінжаку. Былі тыя, хто спрабаваў выходзіць у Інтэрнэт, але асцярожна, каб не заўважыла мясцовае начальства. Але большасць слухала ўважліва ці рабіла выгляд, што слухае.

Раптам дзесьці на апошніх радах залы з месца падняўся адзін малады чалавек у джынсах і «вышымайцы». Дастаў з кішэні смартфон і рушыў да дырэктара, якая спыніла прамову, каб запаліць чарговую цыгарэту.

– Спадарыня дырэктар, давайце мы з вамі на памяць зробім сэлфі на мой тэлефон? Мне будзе што паказаць сваім дзецям, калі я нараблю оных...

Уся зала замерла ў напружаным маўчанні. Загадчык і яго памочнікі разгублена пераглядваліся з памочнікамі генеральнага. Ніхто не ведаў, што рабіць з гэтым маладым чалавекам. Ахова была ў напружанні. «Царыца» маўчала, бо не ведала, што сказаць.

Хлопец з тэлефонам ужо праходзіў першы рад, калі яго спыніў ахоўнік, сказаў штосьці рэзкае на вуха, разгарнуў назад на галёрку і лёгка штурхнуў у спіну, каб вяртаўся на месца.

Дырэктар нарэшце знайшла патрэбныя словы:

– Калега, на месцы вашай жонкі я б стала вас раўнаваць, калі б у вас былі фотаграфіі іншай жанчыны. Да таго ж я фотаграфіруюсь толькі са сваімі дзецьмі. Інакш хтосьці мог бы скарыстацца тым, што фотаграфіраваўся са мной, каб прасоўваць свае інтарэсы перад начальствам. Так што выбачайце.

Пасля гэтага дырэктар стала таропка збірацца. Канферэнцыя была скончана. У іншых філіялах яна магла цягнуцца яшчэ пару гадзін.

Антон Сямёнавіч не адразу адышоў ад неспадзяванкі. Але як толькі першы страх прайшоў, Драч аддаў загад сваім памочнікам:

– Адшукайце мне гэтага ў «вышымайцы».

Яны шукалі яго тры дні. І тры дні чакалі рэакцыі генеральнага. Хлопец аказаўся адным з сісадмінаў філіяла, які пры размове з Антонам Сямёнавічам толькі здзівіўся, што яго прапанова магла выклікаць перапалох. Ён папрасіў прабачэння і яго пакінулі непакараным.

Рэакцыя генеральнага была простай. Пры наведванні наступнага філіяла ў праграму візіта ўключылі фотаграфіі з кіраўнікамі аддзелаў.

Усё пайшло далей як звычайна.

Крыніца малюнка: https://sputniknews.com/europe/201608241044597293-selfie-stick-ban-vain/
Малюнак носіць ілюстратыўны характар і не мае дачынення да зместу апавядання.

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць