30.05.2015

Цана свабоды

Нярэдка ў чацвер і пятніцу раніцай мушу дабірацца на работу ўздоўж вул. Севастопальскай. Заўважыў, што прыкладна ў 8.20 ці 8.30 ў царкве на скрыжаванні вул. Кнорына і Севастопальскай званяць званы. Не ведаю ці стварае гэта каму-небудзь праблему, бо побач дзве дарогі, ад якіх ідзе шум машын і тралейбусаў, бо многія паднімаюцца ў гэты час ці нават раней, каб ісці на работу (або па асабістаму жаданню), бо тыя, хто жывуць побач з нейкім шумным месцам, звыкаюцца з шумам і гэта не замінае іх адпачынку. Нарэшце, ёсць і тыя нешматлікія людзі, што ідуць на набажэнства ў гэты час, і для якіх званяць званы.



Але заўсёды ёсць тыя, хто плацяць за гэта сваім адпачынкам ці камфортам. Не важна многа такіх ці мала. Але за іх кошт забяспечана свабода веравызнання.

У свой час у маім мікрараёне ішла падрыхтоўка да ўрачыстай цырымоніі ў Храме ўсіх святых. Падрыхтоўка ўключала ў сябе страляніну з гармат, як гром з яснага неба. Мне гэта асабліва "падабалася", калі я калыхаў дзіця на балконе. Гэта таксама плата за свабоду.

Крыху пазней быў рок-канцэрт на Баравой. Мне пашанцавала амаль усю ноч перакладаць і "тыц-тыц-тыц" быў чуцен да світанку. У маім доме гэта не было так чутна, але тым, хто жыве бліжэй да "эпіцэнтра", я не зайздрошчу. І гэта плата за свабоду.

Калі па начах па пр. Незалежнасці ляцяць матацыклісты -- гэта таксама плата за права жыць у свабодным грамадстве. Калі ў метро і магазінах сустракаецца эратычная рэклама, якую я не жадаю разглядаць сам і не жадаю, каб яе бачылі мае дзеці -- гэта таксама цана свабоды.

Многія мае суайчыннікі, як выхаваныя па-савецку, так і арыентаваныя на заходняеўрапейскія каштоўнасці, не разумеюць цану свабоды. Чалавеку ўвогуле ўласціва думаць пра ўласны камфорт больш, чым пра камфорт іншага чалавека. Таму многія разглядаюць свабоду, як камфорт большай часткі грамадства. У рэаліях Беларусі гэта можа азначаць і негатыўнае стаўленне да права аднаго чалавека ісці супраць большасці. Каб быць аб'ектыўным, я рэдка сутыкаюся з тым, што мае правы сур'ёзна парушаюцца, але я разумею, што калі б я, напрыклад быў інвалідам-калясачнікам, маё парамяшканне на работу (як і сама магчымасць працаваць выкладчыкам англійскай і перакладчыкам) было б выклікам цывілізацыі. Мая рэлігія дазваляе мне працаваць у любы дзень тыдня, таму праблемы з начальствам на гэты конт у мяне бываюць рэдка, а як быць людзям для якіх субота ці нядзеля -- святы дзень, калі спецыфіка работы ў вну з завочнікамі патрабуе працаваць па раскладу (які складаюць не пытаючыся пра твае магчымасці) і ў выхадныя дні?

Я бачу, што за апошнія 15 год у Беларусі былі зроблены некаторыя крокі да рэальнай свабоды веравызнання і сумлення. Ці будзе працягвацца рух да далейшай дэмакратызацыі жыцця ў краіне, ці не -- залежыць ад многіх фактараў, і прадказаць гэта немагчыма. Але за апошнія гады я лепш зразумеў, што свабода -- гэта калі ты церпіш нязручнасць і дыскамфорт дзеля іншых і разумеееш, што яны ў сваю чаргу павінны такім жа чынам цярпець тваё права быць іншым. Царкоўныя служыцелі, якія званяць раніцай, павінны разумець, што гэтым яны даюць права іншаверцам адпраўляць свае набажэнствы тым чынам, які можа быць некамфортным для праваслаўнага святара. А байкер, які раве матацыклам па начах, дае мне дазвол працаваць перфаратарам удзень, калі ён адсыпаецца.

Свабода не вырашае ўсіх праблем. Але ў цяперашнях рэаліях яна дае магчымасць кожнаму чалавеку быць асобай, а не "вінцікам". Разуменне гэтага дапамагае мне плаціць за сваё права быць іншым, калі гэтага патрабуе сітуацыя.

26.05.2015

На веласіпедзе па веладарожках Мінска

З канца мінулага лета я пачаў карыстацца веласіпедам, як транспартным сродкам на невялікія адлегласці. У веліка ёсць свае перавагі і недахопы і ў такім горадзе як Мінск без яго магчыма нармальна ездзіць. Але мая заўвага пра іншае.

У Мінску развіваецца інфраструктура для веласіпедыстаў. Расце колькасць велапарковак. Ёсць веладарожкі. І вось адной такой, што цягнецца прыкладна ад ст. м. Пл. Перамогі да ст. м. Усход мусіў скарыстацца ўчора вечарам.

Мне давялося праехаць уздоўж веладарожкі на сваім жалезным кані ад пл. Калініна да Нацыянальнай бібліятэкі. Зручнасці -- амаль аніякай.

Па першае, веласіпедысты ў большасці сваёй правілаў дарожнага руху не трымаюцца. Мала хто з іх пераходзіць пешаходную "зебру" -- звычайна пераязджаюць. Таму ехаць ўздоўж веладарожкі адпаведна правілам праблематычна, калі на цябе едзе, маўляў, парачка закаханых, што не жадаюць ехаць інакш  як разам па ўсёй шырыні дарожкі.

Па другое, многія веладарожкі пешаходы разглядаюць як сваю тэрыторыю -- і ў выніку амаль увесь свой шлях я проста гойсаў паміж пешаходамі і парушаў такім чынам правілы, бо наяўнасць веладарожкі не дае мне права ехаць па пешаходнай зоне (а часам і па зялёнай, каб пазбегнуць наезду на пешаходаў, асабліва дзяцей).

Па трэцяе, веладарожка, па якой я ехаў у некаторых мястах стварала аварыйную сітуацыю ўжо тым, што была вузкай. Так ад скрыжавання пр. Незалежнасці з вул. Філімонава з боку Нацыяналкі там, дзе зараз ідзе рэканструкцыя, дарога ідзе па-над узгоркам, што над мастом праз Сляпянскае вадасховішча. Размінуцца з іншымі веласіпедыстамі (ці пешаходамі) можна толькі калі трымацца каменных блокаў агарожды ад праезнай часткі ці краю ўзгорка і мець добры шанец паляцець уніз пад адхон.

Веладарожка на пр. Незалежнасці, крыніца: http://velobelarus.com/2-novosti/109-velodorozhka-na-prospekte-nezavisimosti.html

Яшчэ адзін парадокс да тэмы. Заўважыў, што найбольш аптымальна на веласіпедзе ехаць па праезнай частцы невялікіх вуліц з сціплым транспартным патокам. Калі трымацца правілаў (ад бардзюра не далей за 1 м і інш.), то атрымаецца хутчэй праехаць пэўную адлегласць, чым па пешаходнай зоне. Нават ляжачы паліцэйскі не так стукне па пярэдняму колу, як бардзюр на пешаходнай зоне.

22.05.2015

Нацыянальныя стэрэятыпы

Людзям уласціва абагульняць тое, што яны мала разумеюць. Гэта датычыцца і іншых людзей і асабліва цэлых народаў. Здаецца глабалізацыя ўжо шмат зрабіла, каб людзі маглі вандраваць па свету і пераадольваць стэрэятыпы, але яшчэ шмат хапае тых, каму лепш жыць з памылковым уяўленнем аб іншых людзях, чым спазнаваць іншыя культуры. Адзін беларускі турыст так ацаніў свой адпачынак у Турцыі: "Добра адпачыў, але "чурбаноў" шмат, а я іх не люблю". А адзін вучоны ў Даніі, ў якога гасціла беларуска, кожны вечар купляў ёй бутэльку віна. Калі яна запыталася, чаму так шмат, ён адказаў: "Вы ж, рускія, шмат п'еце".
Таму мае сэнс звярнуць увагу на некалькі распаўсюджаных стэрэятыпаў, якія могуць замінаць і вучонаму, і чыноўніку, і турысту. Паспрабую схематычна разглядзець некаторыя з іх.

Боязь народаў.
Не сакрэт, што цыган ў краінах былога СССР многія не любяць. Тым не меньш, у свой час мне было цікава даведацца з аднаго сур'ёзнага перыядычнага выдання, што цыгане шмат ўвагі надаюць выхаванню дзяцей і навучэнню іх высокім маральным каштоўнасцям. Праз пэўны час асабістае знаёмства з некаторымі прадстаўнікамі гэтай нацыянальнасці дапамагло мне пераканацца, што гэта так.
Аналагічным чынам, распаўсюджана думка, што народы араба-ісламскай культуры (у тым ліку і каўказцы) агрэсіўныя і нецярпімыя. Часткова гэта думка абапіраецца на вядомыя факты тэрактаў радыкалаў-мусульман. Але нярэдка забываюцца наступныя рэчы:
1. Выкарыстанне агрэсіі пад рэлігійнымі лозунгамі характэрна і для немусульманскіх культур. У Ірландыі (не толькі Паўночнай) доўгія дзясяцігоддзі ішла крывавая барацьба паміж католікамі і пратэстантамі. У Расіі і Грузіі 1990-х - 2010-х гг. час ад часу з'яўляліся паведамленні аб нападзеннях радыкальных праваслаўных актывістаў на "геяў", дзячоў адукацыі і мастацтва і іншаверцаў. У Еўропе і ЗША ХХ ст члены арганізацыі "Каталіцкае дзеянне" неаднаразова нападалі на пратэстантаў і асоб, падазраваных у камуністычных поглядах. Яўрэйскія пагромы ў Еўропе ХХ ст таксама ішлі пад хрысціянскімі лозунгамі. Каб быць аб'ектыўней дадам яшчэ адзін прыклад: апошнія некалькі год у шэрагу штатаў Індыі, напрыклад Каранака, ідуць напады індуістаў на хрысціян, часткова падтрыманыя мясцовай паліцыяй.
2. За акцыямі радыкалаў нярэдка стаяць не столькі рэлігійныя, сколькі палітычныя погляды (напрыклад, чэчэнскі сепаратызм). Яшчэ адна прычына -- ў традыцыяналісцкіх поглядах, распаўсюджаных у многіх мусульманскіх культурах. Многае можа выклікаць адмоўную рэакцыю ў грамадстве, толькі таму што гэта новае, незразумелае і грамадства да яго маральна не гатова. Трэба прызнаць, што традыцыяналісцкія погляды да ХХІ ст панавалі і ў праваслаўнай Грэцыі, ды можна знайсці і іншыя не-ісламскія культуры, якія знаходзяцца пад моцным уплывам традыцыяналістаў.
3. Нарэшце, уяўленне аб мусульманах, як аб фанатыках, якое становіцца прычынай дыскрымінацыі каўказцаў, азіятаў і арабаў у цяперашняй Еўропе (у тым ліку ў Расіі і Беларусі), часткова сфарміравана выбарчай палітыкай СМІ. Напрыклад, еўрапейскія СМІ падаюць тэрарыстычную дзейнасць ірладскіх каталікоў, як палітычную, а "Аль-Каіды" як рэлігійную, хоць і там, і там прысутнічаюць абодва матывы. СМІ Беларусі і Расіі вельмі неахвотна падаюць негатыўную інфармацыю пра праваслаўе, але рэдка перадаюць нешта пазітыўнае пра пратэстантызм ці іслам. І ўсё гэта фарміруе светапогляд звычайнага грамадзяніна.
Мне даводзілася працаваць з мусульманамі розных культур у якасці выкладчыка. Скажу што значная частка мусульман далёка ад іх стэрэятыпнага вобраза. Многія з іх не ставяцца сур'ёзна да канонаў сваёй веры (алкаголь, рызыковыя віды спорту), тыя, хто дазваляў сабе нейкія грубыя паводзіны былі проста недавыхаванымі юнакамі, якім многае даравалі ў вну (асабліва ў акадэмічным плане). Таксама я заўважаў, што ўвогуле мужчыны, выхаваныя ў араба-ісламскай культуры, звычайна больш ветлівыя і паважлівыя, чым беларусы ці расіяне.

"Гейропа"?
Тэрміны "Гэйропа" і "талераст", якімі абразліва пачалі называць еўрапейцаў асобныя патрыёты ў краінах былога СССР пасля таго як некалькі краін Еўропы дазволілі аднаполыя шлюбы, не маюць рэальнай падставы пад сабой. Калі з 1960-х гг. гомасексуалісты пачалі набываць роўныя правы з людзьмі традыцыйнай арыентацыі, у краінах Еўропы на ўсіх узроўнях грамадства ўзнікла моцная апазіцыя такім пераменам. Цяжка зразумець колькі еўрапейцаў выступаюць супраць аднаполых шлюбаў, але іх даволі шмат. Больш за тое, ў Еўропе накапілась незадаволеннасць дэмакратыяй, якая звязана з абаронай правоў імігрантаў, маргіналаў і іншых за кошт падаткаплацельшчыкаў. У пэўнай сітуацыі гэта можа прывесці да ўсталявання аўтарытарных рэжымаў у шэрагу краін Еўропы і да рэпрэсій супраць розных меньшасцяў.
А хіба перамога Канчыты Вурст на Еўрабачанні не сведчыць аб росце талерантнасці да асоб нетрадыцыйнай арыентацыі? Не, бо гэта шоў разлічана на пошук чагосьці новага і арыгінальнага. Адзін раз да спадобы прыйшліся "Буранаўскія бабулі", другі -- жаншчына, падобная на Гары Потэра, яшчэ іншы раз -- барадаты трансвестыт. Таму ніякіх сур'ёзных падстаў лічыць, што ўся Еўропа "мяняе арыентацыю", няма.

Кітайцы працаголікі, а іх тавары неякасныя?
У савецкіх вучэбніках гісторыі пісалі як сяляне зразумелі неабходнасць калгасаў і ахвотна ішлі ў іх. Ёсць аналагічныя байкі і пра рэакцыю англійскіх сялян эпохі Новага часу на палітыку агароджвання. Міф пра працагалізм кітайцаў мае тыя ж карані.
Трэба памятаць, што ў Кітаі практычна няма сістэмы сацыяльнага забяспячэння насельніцтва. Медабслугоўванне платнае, адукацыя таксама, рабочы дзень доўгі, зарплаты невысокія. У такіх умовах многія людзі проста не маюць выбару і шмат працуюць, каб мець самае неабходнае. Але хапае і тых, хто працуе, каб мець шмат. Кансьюмерызм (жаданне набываць новыя рэчы) заахвочаецца ў Кітаі (як і паўсюль) бо ён прымушае людзей працаваць больш, калі ўжо ёсць самае неабходнае.
Калі ёсць магчымасць не працаваць і атрымоўваць за гэта бонусы, кітайцы ахвотна ёй карыстаюцца. (Гэта можна заўважыць па студэнтам з КНР). Але гэта ўласціва і многім іншым народам.
Што да якасці кітайскіх тавараў, то трэба памятаць пра два варыянты зарабіць грошы на экспарце. Адзін -- адпраўляць на экспарт танны нізкаякасны тавар, другі -- адпраўляць дарагі эксклюзіўны. У КНР ёсць дарагія высокаякасныя тавары, але яны попытам у былым СССР не карыстаюцца, і кітайцы прадаюць туды тавары-"аднаднеўкі", якія набываюць за невялікія грошы, каб карыстацца кароткі час, а потым выкінуць і купіць штосьці больш "трэндавае". Зразумела, работа высокаякасных кітайскіх майстроў з выкарыстаннем матэрыялаў прэміум класа каштуе зусім іншыя грошы і не адпавядае стэрэятыпу "made in China".

Звычай біць посуд.
Некаторым народам прыпісваюць традыцыю біць посуд. У грэкаў ёсць традыцыя біць талеркі на вяселлях, у рускіх -шклянкі. Але гэта не значыць, што калі вас запрасілі ў госці ў Грэцыі ці Расіі, вы абавязаны штосьці разбіць ці зламаць. Болей за тое, падчас кіравання "чорных палкоўнікаў" традыцыя біцця талерак была ў Грэцыі афіцыйна забаронена, і цяпер далёка не кожны грэк яе трымаецца ўвогуле. Нарэшце, гаспадарам дома можа быць вельмі непрыемна, калі госць разбіў нейкі прадмет, які, маўляў, быў напамінам аб памерлай бабулі ці быў самым каштоўным у доме... Калі Мікі Рурк на перадачы "Пражэктар Перысхілтан" кінуў шклянку аб падлогу (пры гэтым яна не разбілася), ён можа здаваўся сабе сапраўдным рускім, але мне, рускаму, гэта здавалася дурным учынкам. Лепш б вывучыў пару слоў на рускай...

Звычай цалаваць руку жаншчыне.
Аднойчы мне даводзілася пісаць на гэту тэму, але хачу закрануць яе ў плане стэрэятыпаў. Распаўсюджана думка, што гэты звычай шырока распаўсюджаны ў Польшчы, Румыніі. Ёсць тыя, хто сур'ёзна верыць, што ў Францыі і Расіі таксама актыўна цалуюць дамскія ручкі. Але факты сведчаць, што ва ўсіх гэтых краінах такі звычай больш не з'яўляецца масавым і нават лічыцца старамодным. Зразумела, у пэўных сітуацыях гэта можа быць і пажаданым, але ў іншых гора-турыст ці небарака-бізнесмен можа прымусіць пачырванець даму, раззлаваць яе мужа ці проста выклікаць смех тых, хто за гэтым назірае.

Асцярожнасць -- гэта не забітасць.
Цяпер вяртаюся на Радзіму. Многія лічаць беларусаў ціхім і разважлівым народам. Некаторыя -- памяркоўным і талерантным. Але я б назваў беларусаў асцярожнымі. Ім уласціва не спяшацца прыймаць нешта новае, але праз пэўны час назірання яны яго прыймаюць. А забітымі беларусаў лічаць пераважна тыя, хто не ездзіў у беларускім грамадскім транспарце ў гадзіну пік.
Талерантнымі беларусаў можна назваць вельмі ўмоўна, у апошнія гады расце нецярпімасць да чужаземцаў, пераважна замежных студэнтаў, ёсць трывалае негатыўнае стаўленне да пратэстантаў, індуістаў, іўдэяў і мусульман. У адрозненні ад вышэй згаданых праяў нецярпімасці ў Расіі і Грузіі, у Беларусі праваахоўная сістэма працуе больш паслядоўна, і таму зарэгістраваных выпадкаў агрэсіі на глебе нецярпімасці значна меньш.
Таму лепш называць беларусаў асцярожнымі. Але гэта можа быць глебай да фарміравання талерантнасці як нацыянальнай рысы.

Выкараненне стэрэятыпаў.
Па першае, варта памятаць, што кожны чалавек унікален, гэта асоба, а не тыповы прадстаўнік чаго-небудзь. Нават калі гэта той, каго ты лічыш ворагам. Чалаваек можа належыць  да пэўнай нацыянальнасці ці культуры, але трымацца толькі некаторых традыцый і каштоўнасцяў.
Па другое, уяўленне аб пэўнай нацыі, рэлігіі ці культуры можа складацца на падставе недакладнай інфармацыі. Калі гэта інфармацыя ідзе з крыніцы, якая належыць апанентам пэўнай культуры, то трэба разумець вялікую магчымасць з'яўлення перабольшванняў ці нават падману ў апісанні "тыповых прадстаўнікоў". Калі пра каго-небудзь (напрыклад, цыган ці мусульман) гаворка ідзе выключна па прынцыпу "альбо дрэнна, альбо нічога", значыць такой інфармацыі немагчыма поўнасцю давяраць.
Гэта датычыцца і даверу да рэканструкцыі традыцый. Грэкі могуць зрабіць вечарыну для замежнага госця з масавым біццём посуду, але гэта не значыць, што яны так робяць у паўсядзённым жыцці. Беларускія традыцыі ў аграсядзібах для турыстаў значна адрозніваюцца ад тых, якіх сапраўды трымаюцца сучасныя беларусы. Таму нельга будаваць сваё ўяўленне аб іншых народах на падставе падобных "шоў".
Па трэццяе, знявага да людзей, якіх не разумееш, можа вярнуцца як бумеранг. Беларускае грамадства многае зрабіла, каб павялічыць колькасць цыган, якія аддаюць перавагу крымінальнаму заробку, бо нярэдка ім не даюць магчымасць адчуваць сябе роўнымі ў грамадстве. У свой час палітыка Расійскай імперыі па абмежаванню правоў яўрэяў прывяла да таго, што яны актыўна папаўнялі крымінальныя структуры (на падставе ідыша ўзнікла бандыцкая мова "феня") і радыкальльныя рэвалюцыйныя групы. Тыя, хто сёння распальвае нянавісць паміж рускімі і ўкраінцамі, робяць свой унёсак, каб праз пэўныя гады іх унукі не маглі запрасіць на танцы ўнучак былых ворагаў.
Нарэшце, трэба памятаць, што чалавечая прырода праяўляецца прыкладна аднолькава ў розных народаў. Ва ўсіх народах і культурах людзі любяць сваіх дзяцей і жадаюць жыць у міры і спакоі. Таму не разумна разглядаць дрэнныя ўчынкі прадстаўніка чужой культуры, рэлігіі ці нацыі як тыповыя. У свой час мне гэта дапамагло захаваць добрыя адносіны з непаслухмянымі студэнтамі з Туркменістана на ФМА БДУ: я караў іх за дрэнныя ўчынкі, але пры гэтым даваў зразумець, што я не стаўлю іх ніжэй за паслухмяных беларускіх студэнтаў. Думаю, калі аддзяляць падобным чынам паводзіны чалавека ад яго культуры, можна пазбегнуць патэнцыяльных канфліктаў з тымі, хто прыязджае ў чужую краіну з мірам.

Гл. таксама:
Такія розныя людзі...
А Вы адчуваеце сябе расістам?
Когда "наши" бьют "наших"
Несколько мифов о Беларуси и белорусах

16.05.2015

Новая эпоха тэлебачання

15 мая ў Мінску часткова адключылі аналагавае тэлебачанне на карысць лічбавага, а я гэтага амаль не заўважыў. Фактычна наша сям'я ўжо больш чым год жыве без телевізара (тэлевізар ёсць, але няма падключэння да антэны). Як адключылі "тэлек" у сувязі з капітальным рамонтам, так без яго і абыйшліся. Акрамя гэтага, у нашай сям'і інтэрнет ужо выцесніў выпісыванне газет, карыстанне аўдыякасетамі і пакупку кампакт-дыскаў. Але кнігі ў папяровай вокладцы чытаем без праблем...

Заўважаю, што лічбавым ТБ пачынае актыўна карыстацца не толькі сярэдні клас сярэдняга ўзросту, але і людзі, якія выраслі ў эпоху аналагавага ТБ. Адна мая немаладая калега па вну карыстаецца інтэрнетам выключна, каб глядзець тэлевізар. "Плазму" можна знайсці амаль у кожным доме, а падчас і па адной на кожны пакой.

Але пры гэтым прагляд тэлевізара сярод моладзі згубіў папулярнасць на карысць інтэрнет-прасторы. Усё больш людзей можа паўтарыць выказванне вядомага амерыканскага "шпіёна" Э. Сноўдэна "Для мяне тэлевізар ўжо рэлікт". Заўважаю, што сам радзей карыстаюся словам "фільм" і часцей тэрмінам "відэа".

Цікава, такое распаўсюджанне інтэрнета ўжо значна мяняе погляды беларусаў (і не толькі). Народ можа бескантрольна глядзець, што хоча, і абмежаваць гэта вельмі праблематычна. Гэта можа прывесці да змен, якія мне зараз цяжка апісаць з пэўнай доляй аб'ектыўнасці, але якія могуць быць непазбежнымі.

Гл. таксама:
Радыё як "тэлеэкран" і як памочнік
Беларусь у палоне хай-тэка

10.05.2015

Закон больших чисел и обезьяны

Пару месяцев назад у меня был интересный разговор с одним человеком, который в очередной раз рассказал мне известную теорию: если посадить множество обезьян за пишущие машинки, то в конце концов они напишут "Войну и мир".

В этой теории не учитывается один нюанс. Закон больших чисел работает там, где действуют другие законы. В хаосе он не действует. Поэтому, чтобы обезьяны написали "Войну и мир" на пишущих машинках, надо чтобы они овладели русским и французским языками и сознательно набирали текст. Даже если речь идет о кратком изложении книги, скажем, на английском языке, все равно нереально выбрать нужное количество случайно набранных слов, из которых можно сложить "Войну и мир".

В том разговоре я привел пару своих примеров о законе больших чисел. Один из них основан на известном стихотворении Маршака о том, как в кузнице не было гвоздя и это по цепочке привело к трагическим последствиям:
Враг вступает в город,
Пленных не щадя
От того, что в кузнице
Не было гвоздя.
Здесь случайность изменила массу событий только в условии действия множества законов: кузнец умел забивать гвозди, враг знал для чего идет на город, рискуя своими жизнями и т.д.

Другой пример был в том, как не сговариваясь двое незнакомых друг с другом пожилых мужчин назвали одним и тем же грубым словом актера, снимавшегося в рекламе кофе. Опять же закон больших чисел подразумевал наличие других законов: наличие определенной системы взглядов этих мужчин, наличие рекламы, как сознательных, а не хаотично направленных усилий, наличие грубого слова...

Поэтому обезьяны могут писать что угодно, а я рекомендую перечитать "Войну и мир" тем, кто верит в их способности. Лучше в русско-французском оригинале.

См. также:
"Сякера і планшэт"
"Гісторыя ва ўмоўным ладзе"

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...