13.03.2014

"Свіная" эпідэмія 2009-10 гг.

Я пачынаю раздзел "Каб не забыць". Яго мэта -- запісаць уласныя ўспаміны пра падзеі, сведкамі якіх я быў сам. Большая частка зместу пастоў пад гэтым ярлыком будзе складацца з фактычнай інфармацыі, амаль без якой-небудзь спробы даць ацэнку ці пракаментаваць падзеі мінулага. У кожнага чытача ёсць права самастойна ацаніць мінулае, і я буду імкнуцца не падштурхоўваць яго да той ці іншай высновы.

Навошта пісаць мемуары, калі табе толькі 35 гадоў і ніякага асаблівага дачынення да апісаных падзей ты не маеш? Справа тут у тым, што жыццё пасля 30 так разганяецца, што мінулае пачынае злівацца ў адну "кашу", дзе праз некалькі дзясяцігоддзяў ужо не памятаеш дакладна ці так гэта было і калі гэта было. Да таго ж на памяць негатыўна ўздзейчаюць трактоўкі гэтых падзеяў, якія робяць фокус на адных дэталях рэчаіснасці за кошт нейкіх іншых істотных момантаў. Прычым гэта могуць быць як трактоўкі іншых людзей, так і твае ўласныя: чым больш ты паўтараў людзям свае разуменне дадзенай праблемы і сваі адносіны да той ці іншай падзеі, тым больш гэтыя падзеі і праблемы запаміналіся пад пэўным пунктам гледжання.

Таму хай чытачы не здзіўляюцца таму, што я буду пісаць розныя малаістотныя дробязі: як гісторык і чытач мемуараў ведаю -- менавіта гэтыя дробязі могуць быць ключом да стварэння цэльнай панарамы падзеі ў гісторыі. Не раз такія дробязі дапамагалі мне ўбачыць мінулае ясней і зразумець ролю асобнай падзеі ва ўсім працэсе сусветнай гісторыі.

Свае мемуары я пішу па-беларуску, але гэта не значыць, што ўсе размовы адбыліся на гэтай мове. Я не спрабую зрабіць ураджанне аб тым, што ў Беларусі ўсе гавораць па-беларуску ў пабытовых сітуацыях. Але там, дзе не бачу патрэбы перадаць тое ці іншае выказванне літаральна на, маўляў, рускай, англійскай ці французскай мове, я захаваю яго ў беларускім перакладзе.

***
Навіна

Аб эпідэміі мы з жонкай даведаліся, здаецца, ў лістападзе 2009 г. Нам аб гэтым сказала малазнаёмая жаншчына, якая прыватным чынам рабіла масаж нашаму першаму сыну (яму было некалькі месяцаў). Здаецца, цюбік аксалінавай мазі ў нас ужо быў. Вырашылі для прафілактыкі, што я пасля прыходу дадому з работы (я працаваў у мінскім Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці) буду абавязкова паласкаць рот гарэлкай. У маім рацыёне таксама часцей з'яўляліся часнок з салам.

Даведацца пра якія-небудзь падрабязнасці праз знаёмых медыкаў мы не здолелі, бо звычайна ішла спасылка аб немагчымасці распаўсюджваць падробную інфармацыю. Зразумела і што адзін чалавек не здольны ўбачыць увесь масштаб эпідэміі.

Дэфіцыт

Даволі хутка ў аптэках знік аксалін і медыцынскія маскі. Аксалінавую мазь пачалі прадаваць па 1-2 цюбіка ў адны рукі. На некаторых аптэках вісеў цэклік "аксаліну няма" або "масак няма". Па тэлевізару паказвалі як некаторыя прадпрыемствы пачалі шыць маскі.

Памятаю, як ў аптэцы ля метро "Пралетарская" я стаяў у адносна невялікай чарзе. Падышоў мужык гадоў 50-60, "пад мухай". І кажа:
-- А я вось толькі што з Навасадаў прыехаў. Дык там у нашай калоніі ніхто не хварэў і ніякай эпідэміі не было!
-- Вось і файна, -- кажу яму ў адказ, -- віншую з выхадам на волю! І паціснуў яго працягнутую да мяне руку.

Маска, я Вас ведаю!

Сваю першую маску я атрымаў ад двух студэнтаў-маркетолагаў Андрэя Валенды і Андрэя Кузняцова. Па блату. Падарылі падчас пары англійскай. Адразу яе надзеў.

У сваім інстытуце я быў амаль адзіным выкладчыкам, які пастаянна насіў маску. Час ад часу ў мяне пыталіся калегі навошта яна мне.
-- У мяне дома маленькі сын, і калі б трэба было, я б намазаў на твар свіныя какашкі.

Але на вуліцы ці ў метро можна было сустрэць шмат людзей у масках. Некаторыя нават курылі не здымаючы яе.

Сярод маіх студэнтаў таксама некалькі чалавек насілі маскі. Адзін з студэнтаў-перакладчыкаў неяк надзеў сваю маску на лысіну (а ён рэгулярна галіў галаву). Я падкалываюсь з яго:
-- Містэр такі-і-такі, надзеньце сваю маску на твар, бо інакш мне будзе Вас не хапаць.
Многія засмяяліся, а яго сяброўка, якая сур'ёзна ставілася да прыкмет і забабонаў, а таксама мела даволі гарачы характар, абурылася:
-- Як Вы можаце такое казаць!

Сапраўды, смерць была неяк побач. Ніхто з маіх знаёмых не памёр ад "свінячага" грыпу. Былі тыя, хто цяжка хварэў сярод маіх студэнтаў, але ніхто не памёр. Тым не меньш, было разуменне, што смерць дзесьці недалёка, і нябачны вірус можа дачапіцца да кожнага. Таму я ніколькі не злаваўся на тую дзяўчыну.

Дарэчы, пасля першай маскі, фабрычнай, у мяне была яшчэ адна, якую з марлі мне пашыла жонка. Я занасіў яе да дзір, бо панасіўшы дзень я праў яе ў ракавіне з мылам і клаў сушыцца на батарэю там жа. А на наступны дзень чапляў яе на твар ізноў. (А працаваў я ў той год нярэдка з ранку да вечара, бо меў 1,5 стаўкі выкладчыка) Здаецца, ў мяне было нават дзве самаробных маскі, але дакладна не памятаю. Памятаю толькі, што мой твар быў часта гарачы і мокры ад той марлявай маскі. А аднойчы, ўжо на сыходзе эпідэміі, я бег з каляскай дадому, бо сын прачнуўся падчас прагулкі, і думаў, што добра, што я не ў працівагазе.

Эзатэрык

Сярод той жа самай групы перакладчыкаў быў адзін студэнт, які лічыў сябе эзатэрыкам. Некаторыя думалі, што ён сатаніст, але Сатане ён не пакланяўся. Тым не меньш, ад астатняй групы гэты юнак вельмі адрозніваўся.

Мы з ім мелі даволі супрацьлеглыя погляды на многае, але пры гэтым паміж намі ўсталявалася нейкае ўзаемаразуменне, асабліва ў плане разумення жартаў.

Аднойчы эзатэрык уваходзіць у аўдыторыю перад заняткам, сумна паглядзеў як я сяджу за настаўніцкім сталом у сваёй масцы і казаў з глыбокім пачуццём горычы:
-- Яшчэ жывы.
-- Не дачакаецеся, -- адгукнуўся з смехам я, бо палічыў гэта кпінай у свой бок.
-- Дык я ж пра сябе, а не пра Вас, -- адказаў эзатэрык з тым жа смуткам. Сапраўды ў гэты час ён меў сур'ёзныя праблемы ў сям'і, што рабіла свой адбітак на яго манеры паводзін.

Аднойчы я паўжартам казаў групе, што ў сувязі з масавай смяротнасцю падчас эпідэміі я дазваляю ім умерана ўжываць алкаголь перад заняткамі. Эзатэрык так і зрабіў, але ад яго не пахла.

Аднойчы я распавядаў прыкол, як адна настаўніца смяялася з блытанага тлумачэння аднаго вучня і прыкрывала ўсмешку класным журналам.
--Тады гэтага не было, --дадаў я і паказаў на сваю маску.

Эзатэрык падняў угару вялікі палец: удалы жарт.

У гэты час многія верылі, што эпідэмія зацягнецца надоўга...

Падчас эпідэміі, як і да яе эзатэрык фліртаваў з смерцю, кпіў з яе. Але эпідэмія яго зачапіла. Хварэў доўга і цяжка, але выжыў. Пасля гэтага яго адлічылі за шматлікія прагулы заняткаў. Больш у ІПД ён не вяртаўся.

Крыўда ў чарзе.

Я стаяў у доўгай чарзе ў аптэцы ля метро "Аўтазаводская" ў 5 хвілінах ходу ад ДК МАЗ. Чарга доўгая, чалавек 15. У мяне "фортачка" -- доўгі перапынак паміж заняткамі, і я мушу затарыцца лекамі для дзеда (яму тады было 81 год), а тут яшчэ і аксалін даюць па 2 цюбіка на рукі. Перад мной адзін стары чалавек (прыкладна за 60) стаіць за аксалінам, усім кажа, што нядаўна ад эпідэміі памёр яго сын. Потым становіцца ў хвост чаргі ізноў, каб набраць яшчэ аксаліну. Я даю аптэкарцы доўгі ліст лекаў, яна хвілін 5-10 абслугоўвае мяне, чыркае ў маёй паперцы што ёсць і чаго няма. Той мужчына не вытрымлівае і пачынае лаяць мяне:
-- Вы там, малады чалавек, усю аптэку збіраецеся купіць!

У чарзе гул ухвалення, мо, дасталі тыя маладыя, усё ім трэба штосьці. Я пачынаю злавацца сам. Як толькі я разлічыўся за лекі, я накіроўваюся да мужыка і сую яму адзін з двух набытых аксалінаў:
-- На, трымайце дарам! Вы тут казалі, што ў Вас сын памёр, дык трымайце!
-- Адкуль Вы ведаеце, што ў мяне сын памёр? -- крыху збянтэжыўся ён.
-- Вы самі казалі. Дык бярыце аксалін, я Вам так аддаю. Каб не думалі, што ўсе маладыя людзі крутыя бізнесмены. Вы што думаеце, што калі Вы старэйш за нас, то мы ўжо не людзі!

Я не крычаў, але гаворыў даволі рэзка. Мужчына ўжо забыў пра мяне і не чакаў такой рэакцыі.
-- Малады чалавек, да Вас я прэтэнзій не маю, -- паўтарыў ён двойчы, -- Мне не патрэбен Ваш аксалін.

Я выйшаў з аптэкі і яшчэ некаторы час адчуваў злосць і крыўду. Да гэтага я хацеў падзяліцца з ім думкай пра біблейскую надзею на ўваскрэшанне памерлых, калі б атрымалася пагаварыць з ім, але мой выбух злосці і гэтая пустая крыўда ўсяму перашкодзілі.

Прышчэпка

Ужо не памятаю, ці было гэта падчас "свіной" эпідэміі... Неяк наш знаёмы, які працаваў настаўнікам у нашым Першамайскім раёне Мінска праходзіў вакцынацыю крутой французскай вакцынай. Адна ампула была разлічана на некалькіх чалавек, захаваць яе дольш за некалькі гадзін пасля распячатавання было немагчыма, і я прыладкаваўся да яго. Хіба я не настаўнік, хіба не з Першамайскага раёна? Медсястра пажурылася, але торкнула і мне ўкол.

Увогуле эпідэмія зусім абмінула мяне, хоць я, напрыклад, вітаўся за руку з сваім хворым студэнтам. Дарэчы, жонка прасіла, каб я ні з кім за руку не вітаўся, але я адмовіўся: для мяне гэта было немагчымым хамствам. Але ў гэты час многія знаёмыя самі адмаўляліся вітацца за руку па прычыне эпідэміі.

Прастава.

Калі эпідэмія скончылася, я купіў сваім маркетолагам Валендзе і Кузняцову бутэльку бальзаму. Пасля заканчэння пары я папрасіў іх затрымацца. А яны былі яшчэ тыя гарэзнікі і як раз схапілі ад мяне адпрацоўку за паводзіны. Я патлумачыў ім сутнасць задання па адпрацоўцы, а потым працягнуў ім пакет з бутэлькай:
-- Гэта  Вам. Калі б не Ваша маска, мой сын мог памерці. Бо  выкладчыкі ў нашай краіне -- не людзі, і таму на мне ўсё як на  тым сабаке зажывае. А сын яшчэ маленькі... Тут столькі чалавек перамерла: ў каго брат, у каго сват... Так што гэта Вам... Не як выкладчык студэнтам, а як мужык мужыкам. Вось мая падзяка. Гэта бальзам. Ён грузіць як гарэлка, але п'ецца мягчэй.
-- Мы б з Вамі гэта выпілі.
-- Не, гэта Вам. Толькі спажывіце гэта па-за межамі нашай "багадзельні".

Браты, сваты і "фінты".

У Жванецкага ёсць пародыя на савецкага чалавека. Там ён кажа: "Што аварыя адбылася -- веру. Што 20 чалавек загінула -- не веру. Мала!" Многія былыя грамадзяне СССР вераць, што масштабы кожнай трагедыі дзяржава абавязкова заніжае. Бо не разумеюць значэнне лічбаў.

Звычайна я не веру ў завышаныя народам лічбы. І ў гэтым выпадку не магу пагадзіцца, што "свінскі" грып знішчыў тысячы беларусаў. Бо тады б у кожным мінскім двары выносілі закрытую труну. Але зразумела, што афіцыйная статыстыка таксама не пасуе да рэальнасці таго часу.
Сцвярджаюць, што ў 7 з 21 чал., памершых ад пнеўманіі знайшлі вірус свінога грыпу. Нельга сказаць, што гэта падман. Але гаворка ідзе пра анатаміраванных у пэўны час. А колькі памерлых засталося па-за межамі гэтых крытэрыяў? Колькі памерла не ад пнеўманіі, а ад іншых ускладненняў грыпу? Колькі людзей памерлі не ад свінога грыпу, а ад іншых рэспіраторных вірусаў? Ці былі нейкія маніпуляцыі з статыстыкай?

Не ведаю. Мы з жонкай чулі прыкладна пра 3-4 выпадка ў Мінску, і праверыць кожны з іх цяжка. Магчыма, памерлі некалькі дзясяткаў чалавек у Мінску і некалькі соцень па ўсёй краіне. Столькі і памірае штодзень без усялякіх эпідэмій, таму я і сустракаў скептыкаў, якія верылі, што масавых смярцей няма, бо самі іх не бачылі. Але дай Бог, каб яны не ведалі, што такое баяцца згубіць дзіця, якое нарадзілася з такімі цяжкасцямі...

***
 А тым часам дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што гэтай эпідэміі не было. "Звязда" 31.10.2009, с 1

 Тамсама, с.2
 "Звязда" 3.11.2009, с.1

Тамсама, с.2.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...