01.03.2025

Надвор'е 2025-га

 


У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабудзілі мяне пачаць весці назіранне за капрызамі беларускай прыроды на працягу года, прыкладна так, як я назіраў за кавіднай пандэміяй.

Зіма, якой (не) было?

Архіў надвор'я першых 2-х месяцаў 2025 г. (зроблены на падставе дадзеных https://minsk.nuipogoda.ru/)

Студзень пачаўся нестудзёным і бясснежным. Ужо прыкладна чвэрць стагоддзя як на дварэ хлюпа замест снежных сумётаў і прыблізна 15 гадоў як снег ляжыць рванымі шматкамі, як падраная і раскіданая вата (вось прыклад такой заўвагі за канец 2017 г.). Часам выпадаў неглыбокі снег і праз дзень-два таяў, пакрываючы наваколле туманам. Амаль увесь месяц стаяла плюсавая тэмпература. 

Аднойчы ў мяне нават атрымалася пабегаць басанож на нашым абноўленым школьным стадыёне. У мяне парваліся красоўкі падчас бегу, а бегавая дарожка была без снега і смецця, я, нядоўга думаючы, скінуў абутак, зняў шкарпэткі і прабег пару кругоў па дарожцы. Надвор'е было, як ранняй вясной, і ногі не апякала холадам, толькі крыху незвычайна адчувалася ў голыя ступні прарызіненае пакрыццё, якім замянілі асфальт.

Люты крыху паспрабаваў апраўдаць сваю назву маразамі з 8-га па 22-е тэмпература ўдзень была стабільна ніжэй нуля (за выключэннем 13.02), а ноччу ў Мінску магла апусціцца да -17 С. Спачатку гэта былі бясснежныя маразы, потым пайшоў снег

Крыху снега 14.02 і пабольш 20.02 на адным і тым жа месцы ў Мінску

У гэты час рэчкі скаваў лёд і некаторым беларусам пашанцавала пакатацца на каньках. Мае сыны пакаталіся адзін раз з горкі на лядзянцы, а я адзін раз папрацаваў шуфелем для снега, які купіў у машыну, памятаючы, што ў лютым снегу можа наваліць, і парковачнае месца можа спатрэбіцца чысціць. Але нічога чысціць не трэба было, проста на прыступках і пандусе ля майго пад'езда было крыху снега, і я вырашыў даць свайму шуфелю шанец папрацаваць хоць раз :) 

Прыкладна ў гэты ж час кіроўцы машын азадачыліся: як праграваць сваё аўто за 5 хвілін ці менш, калі маразы гэтага не дазваляюць. Звычайна, праблему вырашалі тым, што глушылі матор праз 5 хвілін, рабілі паўзу і зноў уключалі запальванне.

Лыжы за гэту зіму мы так і не дасталі са сховішча, але я некалькі разоў ездзіў па справах на веласіпедзе.

З 23 лютага вярнулася вясна. Гэта адчувалася паўсюль: і ў цёплым свежым паветы, і ў капелі з дахаў, і ў цвірканні птушак...

Лёд на Сляпянскім канале тае. Від з "Мамантава маста" (Усход 1, Мінск). 25.02.2025.

У апошні дзень зімы ў школах РБ праводзіліся вучэнні па эвакуацыі, і мой старэйшы сын сказаў, што падчас яе атрымалася згуляць у снежкі. У мяне адразу пытанне:

-- Дзе ўзялі снег?

-- Ну, штосьці яшчэ заставалася. -- адказаў Данік.

Асаблівасцю канца гэтага лютага сталі салёныя дарогі. Звычайна кожную зіму дарогі пасыпаюць пясчана-саляной сумессю, каб снег і лёд не заміналі руху транспарту і пешаходаў. Але ў 2025 г. з прычыны сухога бясснежнага надвор'я соль проста пакрыла пылам дарогі Беларусі, абутак пешаходаў і машыны. На аўтамойках з'явіліся чэргі: аўтамабілісты імкнуліся адмыць свае машыны ад белых плямаў. Хтосцьці жартаваў у сацсетках, што соль на дарогах насыпана для прафілактыкі захворванняў пешаходаў.

Салёныя прыступкі выхаду з метро "Усход".

Капрызная вясна

Сакавік прышоў з жартамі: раніцай выпаў снег, якога амаль не было зімой. Хтосьці дастаў цюбінг катаць сваё дзіця, скарыстаўшыся момантам, але снег мокры і тае вельмі хутка.

Снег раніцай 1 сакавіка ляжаў амаль паўсюль, але за дзень растаяў.

І такое ж надвор'е было ў пачатку вясны, але 6 сакавіка надвор'е было ўжо такім цёплым, як раней у красавіку ці маі (у Маларыце тэмпература паднялася да 19 С). Потым нават пры зніжэннні тэмпературы стаяла даволі сухое надвор'е. Калі нават бываў дождж, усё высыхала вельмі хутка. 13 сакавіка ўвечары пайшоў моцны дождж, які раніцай наступнага дня перайшоў у мокры снег і месцамі моцны вецер.

15 сакавіка ў гадавіну "Хаўера" частку Беларусі зноў накрыла снегам. ЦікТок напоўнілі відэа з Гомельшчыны, Брэстчыны і Магілёўшчыны пра двары і машыны, заваленыя снегам. Тым часам у Мінску было суха і цёпла. 17 сакавіка раніцай Мінск таксама пакрыў неглыбокі снег, але апоўдні ён амаль паўсюль растаяў. А вось 24-га ўвесь дзень ліў дождж, які кампенсаваў традыцыйную норму ападкаў месяца. У цэлым сакавік паўтарыў рэкорд 1945 г.

3-га красавіка тэмпература ў асобных паўднёвых гарадах Беларусі паднялася да 20 С, а на наступны дзень адбыўся рэзкі пераход: вельмі цёплы дзень плаўна перашоў у даволі халодны вечар (з +18 да +3 С). 

5 красавіка раніцай  ужо было "каля нуля". А ўдзень пайшоў вялікі мокры снег, які вечарам сарваў на 16-й хвіліне футбольны матч на стадыёне "Дынама" ў Мінску, як гэта засняў мой сябр:

Акрамя таго, у некаторых раёнах стыхія абясточыла шэраг населеных пунктаў. 6 красавіка да снегу дадаўся моцны вецер, які, праўда, у большасці раёнаў Беларусі не перайшоў ва ўраган. 7-га зноў мяцелі.
10 красавіка надвор'е мянялася па некалькі разоў на гадзіну. То выглядала сонейка, то раптам хмары пачыналі сыпаць снег і дзьмуў моцны вецер. А на выходных 12-13 пачало вяртацца вясенняе цяпло.

15 красавіка ўжо было па-летняму цёпла і сонечна, 16-га ліў дождж і дзьмуў вецер, а тэмпература упала на некалькі адчувальныя градусы, а 17-га зноў тэмпература скокнула на 13 градусаў і стала спякотна як раней у маі. 19 і 20 красавіка надвор'е было ўжо чэрвеньскім, з тэмпературай пад 28 С. 

З гэтых дзён пачаўся перыяд спякотнага сухога надвор'я, з-за чаго ў майго малодшага сына абвастрылася алергія на бярозавы пылок, які шчорда пакрываў дарогі і машыны. Толькі 23 красавіка раніцай прайшоў невялікі дождж, але потым надвор'е вярнулася да сухой спякоты.

Апошнія выходныя красавіка ў Беларусі вярнуліся начныя замаразкі да - 3-4 С, якія працягнуліся і ў 29 красавіка. Але надвор'е заставалася пераважна сухім, а ўдзень нават крыху цёплым.

Май прыйшоў з капрызным зменлівым надво'ем: 1-га ветранае і пахмурнае, 2-га цёплае (неспякотнае!) і сонечнае, ноччу на 3-е невялікі дождж, які пакінуў рэдкія сляды на вуліцах Мінска, і ранкам 3-га зноў стала даволі цёпла, а ўдзень часам нават спякотна. 4-га пайшлі дажджы, якія нарэшце прыбілі да долу бярозавы пылок, які трымаў майго Любаміра дома.

Тыдзень 5-11 мая быў халадней, чым звычайна ў маі, нават з начнымі замаразкамі да -5 С. За гэта вострыя на язык рускамоўныя беларусы далі месяцу мянушку "маябрь", а ўлады некаторых рэгіёнаў краіны зноў уключылі цэнтральнае атапленне. Пры гэтым дажджы амаль не ішлі, але бярозавы пылок ужо не так актыўна сыпаў, і Любамір здолеў пакатацца на веласіпедзе ... у масцы. Я ніяк не мог угадаць з вопраткай пад надвор'е і пад канец тыдня нарэшце прастудзіўся.

Наступны тыдзень пачаўся сухім надвор'ем і замаразкамі ноччу, але ўжо ў 15 мая ўвечар пачаліся нясмелыя дажджы. На наступны дзень яны ішлі эпіізадычна, а ў суботу 17 мая ўжо быў амаль няспынны дождж. Але з той суботы замаразкі скончыліся.

З 22 мая дажджы пайшлі амаль няспынна. У выходныя 24-25 нам давялося шмат ездзіць па поўдні краіны і часам прыходзілася пераязжаць такія вялікія лужы, што здавалася што мы ўтопім сваю машыну, але абышлося без гэтага. А тым часам на поўначы Беларусі ў Віцебску 25 мая сапраўды быў патоп.

Дажджы ў Мінску 26 мая ішлі з кароткімі перапынкамі, але не пераходзілі ў ліўні

Трэба зазначыць, што пасля анамальнага недахопу ападкаў зімой і вясной, гэта было хоць якой кампенсацыяй ад прыроды. Дажджы  ішлі і далей А вось апошнія 2 дні вясны былі крыху больш сонечнымі і цёплымі.

Загадкавае лета

Чэрвень пачаўся цёплым выходным днём з нармальнай тэмпературай для пачатку лета (каля 20 С). А на тыдні 2-8 чэрвеня спякота і навальніцы з моцным ветрам і градам змянялі адно аднаго. 4 чэрвеня валіла дрэвы і лініі электраперадач на Гомельшчыне. 5-га ўвечар затапіла некаторыя вуліцы ў пэўных раёнах Мінска. 6-га ў Брагіне і Лельчыцах крыху абнавіліся тэмпературныя рэкорды (31,7 С) на фоне моцнай спякоты па ўсёй краіне. 7 чэрвеня моцны вецер валіў дрэвы на Брэстчыне а ў Мінску і ваколіцах залева падтапіла некаторыя будынкі. Але добра, што за гэты тыдзень абышлося без гібелі ці траўміравання людзей ад наступстваў прыродных з'яў, ва ўсялякім разе, без афіцыйна зафіксаваных фактаў наяўнасці ахвяр і пацярпелых.

9 чэрвеня навальніца зноў падтапіла некаторыя часткі Мінска, а ў Столінскім раёне маланка забіла мужччыну. Потым надвор'е было хутчэй халаднаватым, а сонца і дажджы змянялі адно аднаго. 15 чэрвеня было пераважна цёпла, асобныя мінчукі спрабавалі купацца ў Мінскім моры, а 16 чэрвеня быў ужо даволі спякотны дзень (да 25,5 С у Мінску, 32,6 С ў Пінску). Уночы на 17-е дажджы пачалі вяртаць халадок, але было ўжо цяплей, чым на папярэднім тыдні.

19-20 чэрвеня моцны вецер стаў прычынай невялікіх разбурэнняў у Мінскай і Магілёўскай абласцях, ішлі дажджы, але без залевы. 

Узбярэжжа Цнянскага вадасховішча 22 чэрвеня 2025 г. На пляжы амаль няма людзей, хоць як раз была нядзеля. Купаліся адзінкі, а астатнія  наведвальнікі рэкрэацынай зоны адпачывалі ў бяседках з шашлыкамі.

21-га вярнулася цяпло, прычым тэмпература паднялася на прыкладна 5 С (з 14 да 19 С ў Мінску). А вецер і дождж ў нядзелю 22 чэрвеня рабілі адчуванне, што лета застаецца халодным.


Пост будзе абнаўляцца ўвесь год. Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...