17.03.2024

Раней і цяпер

 Праектаў па гісторыі Мінска хапае на прасторах інтэрнэта. І, мяркую, я таксама магу ўнесці свае тры грошы. Гэты пост прысвечаны зменам, якія ахапілі горад за апошнія 40 гадоў. Пост будзе развівацца, але наўрад ці калі-небудзь змесціць усе такія змены, ды я і не імкнуся да гэтага :)

Кальварыйская 44 са зніклымі слядамі савецкага мінулага


На фота, якія я зрабіў ў 2021 г., бачны сляды надпісаў "Промтовары" і "Продукты", зробленыя відавочна яшчэ ў часы СССР. 

Па стане на вясну 2024 г. там цяпер "Еўраопт" і магазін "Кухні".  На заднім фоне апошняга здымку бачны хмарачосы жылога комплекса "Каскад", які ў пачатку 2010-х гг. пабудавалі на месцы папраўчай установы (турмы) №1, якую ў сваю чаргу будавалі у пачатку 1950-х палонныя немцы...

ДТСААФ на Маскоўскай, 6 і яго маленькія сакрэты

У маім жыцці з гэтым домам звязана некалькі маленькіх успамінаў. Мой дзед Дзмітрый Сямёнавіч Піянзін у 1980-х - 2000-х працаваў у аўташколе "ДТСААФ", а кіраўніцтва гэтага таварыства знаходзілася на Маскоўскай, 6. Нейкім разам ён браў мяне яшчэ дзіцём з сабой на пэўную нараду ў гэта месца, але размовы дарослых дзядзек не зачапіліся за маю памяць і з той сітуацыі я запомніў толькі як побач з будынкам мясцовы масткак, які малаяваў плакаты, зліваў растваральнік з фабрай на зямлю, падпальваў яго для ўтылізацыі, а я палкай у гэта вогнішча падпіхваў акуркі цыгарэт і раскіданыя пустыя цыгрэтныя пачкі, пакуль гарэў агонь. Ніхто не лаяў ні мастака за такую самадзейнасць, ні мяне за забавы з агнём. Потым у 1990-х я быў там з дзедам на цырымоніі ўнагароды ветэранаў арганізацыі, адзін з якіх сказаў: "Служу Савецкаму Саюзу!", а другі цмокнуў ручку дзяўчыне, якая давала кветкі ў нагрузку да медалю, і адчэканіў: "Служу Рэспубліцы Беларусь!". А апошнія мае візіты на Маскоўскую 6 прыйшліся пасля смерці дзеда летам 2019 г., калі я сдаў яго архіў у музей ДТСААФ, і мусіў потым яго забраць у сувязі са зносам будынка.

Верагодна гэта фота 1982 г. з архіва майго дзеда зроблена на ганку Маскоўскай 6. Цікава, што там у 1982 г. быў выбарчы ўчастак №1 падчас выбараў у мясцовыя саветы.

А гэта фота я зрабіў 31 кастрычніка 2019 г., калі прыйшоў забіраць з музея ДТСААФ архіў Д. Піянзіна. Палец у ніжнім правым вуглу фота безумоўна мой касяк, але больш я туды вярнуцца магчымасці не меў. Неўзабаве гэты будынак знеслі. Цікавы яшчэ адзін успамін прыкладна таго ж часу. Я разгаварыўся з адной жанчынай на рэлігійныя тэмы ў тралейбусе і апынулася, што яна наведвала сустрэчы месіянскіх яўрэяў, якія як раз праходзілі на Маскоўскай, 6 у арэндаваным памяшканні. Жанчына казала, што па прычыне запланаванага зносу яе аднавернікі шукаюць новае месца сустрэчы. Так у розны час штаб ДТСААФ пабываў і выбарчым участкам, і месцам рэлігійных сустрэч...

Летам 2023 г. на месцы Маскоўскай, 6 будавалі новы дом з новым адрасам: Дабрамысленскі завулак, 4.

Салон "Шчасце", пр. Незалежнасці 155/1. Ад шлюбнага салона да супермаркета

З моманту заснавання да 2020-х гэты будынак ля станцыі метро "Усход" быў вядомы як "Шчасце", хоць салонам продажу шлюбных касцюмаў ён быў толькі ў савецкі час. Да з'яўлення Нацыянальнай бібліятэкі ў 2006 г. і "Даны Мола" ў 2014 г. гэта месца было арыенцірам сустрэч не толькі для жыхароў мікрараёна "Усход 1".

Так выглядаў будынак на 2021 г. Надпіс "Счастье" зроблены на момант заснавання  будынку, а "Торговый центр" з'явіўся ў 90-я, калі там размясціліся кіёскі розных дробных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Крыніца здымку тут.


Вясной 2021 г. будынак узяла ў арэнду сетка супермаркетаў "Віталюр". Фасад абклалі чорнымі пліткамі, а жоўтую мазаіку замазалі белай фарбай (працэс бачны на фота). Тым не менш, калі неабыякавыя мінчукі склалі петыцыю аб вяртанні мазаікі як врхітэкрурнай каштоўнасці, "Віталюр" пайшоў ім насустрач і фарбу змылі.

Так выглядаў будынак у красавіку 2021 г звонку...
... і так унутры

У пачатку 2023 г. сетка "Віталюр" спыніла сваё існаванне і некалькі месяцаў магазін быў зачынены.

А з канца чэрвеня 2023 г. там працуе магазін "Санта". Акрамя назвы звонку знешні інтэр'ер не мяняўся, а ўнутры з'явіліся касы самаабслугоўвання.

Змена арандатараў прывяла да знікнення салона ці ГЦ "Шчасце" як лакацыі (хоць шлюбны салон "Шчасце" існуе як арганізацыя). За апошні час не чуў, каб хтосьці казаў пра гэты аб'ект як пра "Шчасце". Часам чуў: "Сустрэнемся ля "Віталюра" (або "Санты")". Іншым разам канкрэтызавалі: "Ля метро (ці "на праспекце")", каб адрозніць ад іншых магазінаў гандлёвай сеткі.

Яшчэ пару дэталяў. Гандлёвы цэнтр "Шчасце" прыйшоў ў заняпад са з'яўленнем суседа: "Дана Мол". Але яго правы край застаўся ў карыстанні дробнага бізнеса. Таксама ні "Віталюр", ні "Санта" не карыстаюцца 2-м паверхам галоўнай часткі будынка. А менавіта там знаходзіўся абменны пункт, які 1 кастрычніка 2014 г. захапіў злачынец, у выніку чаго апошняга забіў снайпер спецпадраздзялення "Алмаз". Тады гандлёвы цэнтр патрапіў пад увагу СМІ. Цяпер гэта частка гісторыі мікрараёна, якая, спадзяюся, не паўтарыцца.

Аўтавакзал "Маскоўскі" і даўгабуд "Газпрама"

У 1999 г. на скрыжаванні вул. Філімонава і пр. Ф. Скарыны (цяпер пр. Незалежнасці) пабудавалі новы аўтавакзал пад назвай "Маскоўскі".

Так выглядаў а/в "Маскоўскі". З гэтага месца было зручна даехаць у Раўбічы, аэрапорт, Калодзішчы і шмат іншых кропак у Мінскай вобласці. Нажаль маіх фотак гэтага месца не захавалася (крыніца фота тут), але з гэтым вакзалам звязаны ўспаміны паездак з дзедам на магілу бабулі пад Калодзішчамі і з жонкай у Раўбічы.

У 2014 г. "Газпрам" выкупіў гэта месца пад свой комплекс і аўтавакзал было вырашана ліквідаваць.

Так выглядаў аўтавакзал у першыя дні зноса будынка летам 2014 г. Падрабязнасці тут.

Нагрузку аўтавакзала раскідалі паміж дыспетчарскімі станцыямі на вул. Славінскага і "Уручча 2". У гэты час пачалася эра прыватных маршрутак паміж гарадамі Беларусі, якія скарысталіся сітуацыяй, і з таго часу выехаць у барысаўскім напрамку стала магчыма каля станцый метро "Усход" і "Барысаўскі тракт".

"Газпрам" паступова пачаў будаваць свой комплекс. Па стане на лета 2016 г. будоўля выглядала як гэтым фота адсюль.

За права будаваць свой комлекс на месцы вядомага аўтавакзала "Газпрам" мусіў пабудаць дарагую транспартную развязку на скрыжаванні вул. Філімонава і пр. Незалежнасці, што палепшыла аўтамабільны рух у гэтым месцы.

Від на новую развязку летам 2016 г. з закрытай агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі.

Потым на доўгі час фінансаванне газпрамаўскай будоўлі спынілася, і пра праект нагадваў толькі высокі сіні плот вакол тэрыторыі. Толькі ў лістападзе 2023 г. будоўлю раскансервавалі.

Так будоўля выглядала ў сакавіку 2024 г.

Каліноўскага, 55: кінатэатр і палац барацьбы

Кінатэатр "Вільнюс" быў месцам, куды маладыя людзі хадзілі ў кіно і на танцы. Мой бацька Валерый Уладзіміравіч Берастоўскі навучаўся на афіцэра ў суседнім вайсковым вучылішчы на вул. Славінскага. Часам курсанты хадзілі ў "Вільнюс" на танцы. Аднойчы іх там моцна пабілі цывільныя хлопцы, і курсанты сабраліся каля ўвахода ў кінатэатр і пыталіся кожнага маладога чалавека, які выходіў: ці з кінатэатра ён. Калі адказваў, што так, яго прапускалі, калі казаў, што з танцаў, яго білі ўсім гуртом. (Фота знойдзена на прасторах інтэрнэта).


У 90-я кінатэатр "Вільнюс" стаў нерэнтабельным, а практыка загону навучэнчаў і супрацоўнікаў дзаржаўных і адукацыйных устаноў была прыпынена. Таму КТ быў зачынены, а ў 2012 г. яго трансфармавалі ў Палац барацьбы імя Аляксандра Мядзведзя. Будынак не проста змяніў шыльды і назву тралейбуснага прыпынку, але і прайшоў мадэрнізацыю фасада. Акрамя таго, уваход стаў магчымы для асобаў з праблемамі апорна-рухальнага апарату, што пашырыла зону бесперашкоднага гарадскога асяроддзя. (Фота 2024 г.)

Працяг будзе ў іншым фармаце. Калі не пазначана інакш, здымкі зроблены Андрэем Берастоўскім

Гл. таксама: аналагічны пост 10-гадовай даўніны :)

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...