25.09.2018

Мемарыяльныя могілкі Мінска. Частка 3

Працягваем тэму зніклых і мемарыяльных могілак Мінска. Як і раней, будуць відэа, фоткі і спасылкі на працу іншых даследчыкаў.

Татарскія могілкі

Гэтыя старыя могілкі дзейнічалі да сярэдзіны 1970-х гг. там, дзе зараз знаходзіцца Татарскі сквер. Заснаваныя яшчэ ў часы Расійскай імперыі як мусульманскія. Як і ў выпадку з шматлікімі праваслаўнымі вясковымі могілкамі, падчас савецкай улады сталі змешанымі: там сталі з'яўляцца свецкія пахаванні, напрыклад, помнікі з чырвонымі зоркамі. Калі могілкі вырашылі ліквідаваць, спачатку дазволілі сваякам вывозіць сваіх нябожчыкаў на іншыя могілкі, а потым закаталі бульдозерамі ў грунт помнікі тых, каго не вывезлі. (Падобным чынам рабілі і, напрыклад, каля Абсерваторыі.) Гісторык І.Канапацкі неяк рабіў лірычнае адступленне на сваёй лекцыі пра могілкі Мінска, якія знішчылі бульдозерамі , раскідаўшы чалавечыя косці, і ён бачыў, як дзеці, насаджвалі чарапы на палкі і гулялі з імі. Ён мог гаворыць і пра лютаранскія альбо пра Старажоўскія  могілкі, бо іх напаткаў такі лёс, але мог і казаць пра Татарскія, бо яго як татарына і мусульманскага актывіста гэта тэма вельмі цікавіла.
На цяперашні час слядоў могілак амаль не захавалася, акрамя асобных помнікаў ў скверы і адзінай магілы героя Вялікай Айчыннай, якую было вырашана захаваць як мемарыял. Нажаль, мой паход у Татарскі сквер быў вельмі абмежаваны часам. Акрамя таго, мяне спыніла п'яная маладая кампанія, якой давялося тлумачыць што я раблю і ад якой даведаўся, што ў скверы часта бываюць наркаманы ў пошуках закладак і што частку помнікаў перанеслі ў новую мячэць побач са скверам. Таму матэрыял у мяне атрымаўся не вельмі багаты.

Кароткі відэагляд каля мемарыялізаванай магілы

Фотаграфіі

 Калі паднімацца на ўзгорак сквера з боку вуліцы Грыбаедава, не даходзячы да мячэці, можна ўбачыць некалькі камянёў, якія крыху сышлі ў зямлю.
 Панарамны здымак камянёў. Не вельмі ўдалы, бо адначасова рабіў тлумачальную гутарку з залатой татарскай моладзю.

 Гэта могуць быць помнікі
 Нажаль, надпіс разабраць не здолеў


 Гэты камень паміж дрэваў далей у бок магілы Александровіча таксама можа быць магільным.
 Стрэлка паказвае на магільны помнік, які закаталі ў зямлю.
І ўласна магіла Александровіча, мінскага падпольшчыка, якая служыць напамінам пра Татарския могілкі. Колькі напамінаў пра людзей, якія не мелі  такога значэння для савецкіх чыноўнікаў, закаталі ў грунт ведаюць толькі Бог і архівы...

Дадаткова:
*Старое мусульманское кладбище // Библиотека минчанина, доступ: http://minchanin.esmasoft.com/walks/tatar/index.html

Верасень 2018 г.

Мемарыял у Масюкошчыне

Адразу заўважу: не блытайце гэты мемарыял каля 2-й дзіцячай бальніцы на вул. Нарачанскай з могілкамі Масюкоўшчына на аднайменнай вуліцы. Паміж імі адлегласць некалькіх кіламетраў і дзве чыгуначныя станцыі: "Масюкоўшчына" і "Лябяжы" адпаведна.
Нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных раскінуўся па розных частках горада. Напамінам пра гэта служаць розныя брацкія магілы. Пра адну такую я пісаў у першай частцы гэтай серыі. Было аддзяленне гэтага канцлагера і пахаванні і ў Масюкоўшыне, пра што нагадваюць адпаведныя мемарыяльныя могілкі.
Паколькі я пабываў там да таго як задумаў рабіць цыкл пра мемарыялы некропаляў Мінска, відэароліка не будзе. Але будуць здымкі.

Фотаграфіі

 Галоўны ўваход
 Вечны агонь
 Такія тыпавыя помнікі па ўсёй тэрыторыі могілак.
 Галоўная алея. У канцы нешта накшталт "свецкай часоўні".
 Спалучэнне помніка з зоркай, кветак і рэлігійнай лампадкі. Цікавы сінтэз...
 Унутры часоўні падабенства каменнай й кнігі за шклом з надпісам "Вечная памяць вам, сыны савецкага народа".
 Брацкая магіла 144 безыменных савецкіх ваеннапалонных. Дарэчы, астанкі гэтых салдат сюды вывезлі з іншага месца, а сам мемарыял знаходзіцца не на месцы былога канцлагера.
 Брацкая магіла яшчэ некалькіх чырвонаармейцаў. Толькі іх імёны пазначаны на сучасных помніках. Вось табе і "вечная памяць"...
Від на абодва помнікі з боку "часоўні".
Дарэчы тут, як і на Крупцах, павінны жыць зайцы, але тут іх не бачыў.

Дадаткова:
*В. Воложинский. Памятник жертвам Масюковщинского лагеря  смерти // Минск старый и новый, доступ: https://minsk-old-new.com/places/pamyatniki-i-skulptury/zhertvam-masyukovshhinskogo-lagerya-smerti

Сакавік 2017 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...