20.10.2013

Дазвольце Вашу ручку, пані, або сучасныя беларускія дамы і кавалеры

"Целуй ручку! Да, не мне!"
к/ф "Женитьба Бальзаминова"
***
Перш за ўсё лічу вартым распавесці як я выйшаў на даследаванне гэтай тэмы. Мае мама і тата вучылі мяне ў мае юнацкія гады, што ветлівы мужчына цалуе руку дзяўчыне ці жанчыне, і заахвочвалі мяне так рабіць у некаторых сітуацыях, але пры гэтым я бачыў што гэта практычна нідзе не робіцца ў Беларусі. Большасць жанчын і дзяўчат, з якімі я супрацоўнічаў як выкладчык англійскай мовы ці перакладчык ці сустракаўся як сусед ці знаёмы, віталі мяне "безкантактна": проста сказаць "прывітанне" і лёгка кіўнуць галавой было дастаткова. У рэлігійным супалкаванні, да якога я належу, найчасцей за ўсё мужчына і жанчына паціскаюць руку адзін аднаму пры прывітанні ці знаёмстве. Але ў маім жыцці было некалькі сітуацый, якія прымусілі мяне паспрабаваць разабрацца ў якіх межах звычай цалаваць даме руку захаваўся ў сучаснай Беларусі і ў якіх сітуацыях успрымаецца адэкватна. Вось адна з іх.
Я выкладаў у ІПД. Сваіх навучэнцаў я заўсёды ўспрымаю як дзелавых партнёраў, таму перад заняткам я вітаўся за руку з кожным студэнтам-хлапцом, калі была такая магчымасць. І аднойчы адна студэнтка, назавем яе для ананімнасці Іванова, паставіла мяне ў далікатную сітуацыю:
-- А мне, Андрэй Валер'евіч, Вы павінны як ветлівы мужчына пацалаваць руку! -- сказала яна, выцягнуўшы ў мой бок руку літарай "г".
Сітуацыя была тупіковая. Калі я адмовіўся б пацалаваць яе руку, то гэта было б хамствам з майго боку. Проста паціснуць руку таксама было немагчыма, бо дзяўчына паўтарыла свае патрабаванне. А калі б я пацалаваў яе руку, то мусіў б пацалаваць і ўсім астатнім дзяўчынам. А ў сучасных рэаліях гэта ўсё роўна як б я зняў штаны ў аўдыторыі: смешачкі, фотасесія з выкладаннем вынікаў у Інтэрнет, пачырванелыя твары асобных дзяўчат, якія маральна не гатовы каб мужчыны цалавалі ім рукі. Да таго ж, на заняткі любіла хадзіць рознае начальства, каб знайсці за што зачапіцца і дэпрэміраваць педагога на карысць сваёй самаадданай працы. Таму, калі б мяне "застукалі" за цалаваннем ручак, "разбор палётаў" чакаў бы ўсю кафедру. Але ў мяне было нестандартнае рашэнне:
-- Ведаеце, пані Іванова, праблема ў тым, што я не "блакітны" (рогат ў аўдыторыі), і калі я пацалую Вам руку, мне захочацца пацалаваць Вас куды-небудзь яшчэ. Я магу паабдымацца з хлапцамі ці расцалаваць іх у абедзве шчакі, калі трэба, і нічога не адчуць пры гэтым. А з дзяўчатамі ў мяне інакш, таму я імкнуся не кранаць іх ні рукамі, ні губамі.
Другая сітуацыя склалася адносна нядаўна. Адзін мой сваяк часта з замілаваннем цалаваў руку майму старэйшаму сыну, і мне прыйшлось тлумачыць апошняму, што мужчына мужчыне ў нашай краіне руку паціскае, а не цалуе, што ў рэшце рэшт спрарадзіла пытанне а ў якіх выпадках сучасны ветлівы беларус можа пацалаваць руку жанчыне? І як правільна гэта рабіць?
І вось я паспрабаваў ўдумліва разабрацца ў гэтым для сябе і сваіх сыноў. А пішу гэта ў навуковым блозе таму, што знайшоў даволі шмат цікавай інфармацыі, якой няма пакуль на беларускай мове. І я вырашыў залатаць гэту "дзірку" праз некалькі навуковых ан-лайн выданняў і ўласны блог.
Адразу акрэслю адну мяжу, я тут не пішу пра цалаванне рукі, як праяву пяшчоты, якая магчыма ў праяўленні мужа да жонкі, жаніха да нявесты, сына да маці ці бацькі да дачкі і якая ў ідэале павінна рабіцца толькі дома, як і іншыя асабістыя знакі ўвагі: бо камусьці пабочнаму гэта можа быць непрыемна. Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі мужчына цалуе руку жанчыне пры знаёмстве, прывітанні, развітанні ці ў знак падзякі і выражае ёй такім чынам сваю павагу.
Маральны кодэкс сучаснага беларуса.
У перапоўненым аўтобусе сітуацыя: малады чалавек сядзіць і гуляе з тэлефонам, а побач стаіць старая жанчына. Урэшце, яна не вытрымлівае:
-- Джэнтльменаў няма!
-- Не, бабуля, адказвае малады чалавек, -- джэнтльменаў поўны аўтобус, вось мястоў няма!
З анекдота
Існуе стэрэатып, што цалаванне жаночай рукі -- адзін з прызнакаў харошага чалавека. Але я ўласна бачыў што гэта далёка не так. Аднойчы нейкі знаёмы маіх бацькоў пры развітанні галантна пацалаваў руку маёй маці, а на наступны дзень ён разводзіўся з жонкай. Дык вось, жонку ён пакінуў з малалетнім сынам і да гэтага часу сынам не цікавіцца. Дарэчы, гэты сын ўжо дарослы (ох, і старэю ж я!), а бацька той толькі аліменты плаціў. Можа ён і ў чымсьці джэнтльмен, але на мой погляд, ён, прабачце, быдла.
Як бачым, ёсць чатыры розныя рэчы, якія нярэдка памылкова лічаць адным і тым жа: вытанчаныя манеры паводзін, высокія маральныя прынцыпы, дабрыня і ветлівасць. Пры гэтым многім беларускім мужчынам не хапае ўсяго гэтага. І акрамя цалавання жаночых рук (якое падчас выклікае спрэчкі і непаразуменні), такія "джэнтльмены" не трымаюцца і больш прызнаных правілаў паводзін: саступіць месца жанчыне ў транспарце, паднесці рэчы, прытрымаць дзвер. І нават калі плённа працаваць над культурай адносін палоў, то ўсё роўна застануцца ўбаку дабрыня і высокія маральныя прынцыпы, якія не магчыма начапіць, як гальштук, і зняць калі захочаш.
Этыкет і ветлівасць.
"Девчонкам я поцеловал руки, чтобы потом позволили себя еще куда-нибудь поцеловать"
В. Винокур
Этыкет і ветлівасць не адно і тое ж. Першае -- гэта строгія падрабязныя правілы, якіх ніхто не можа поўнасцю трымацца, і кожны выконвае некаторыя з іх  адпаведна сваім магчымасцям і выхаванню. Другое ўяўляе сабой выкананне асноўных правілаў прыстойнасці. Але і ветлівасць, і этыкет можна аб'яднаць словамі "самакантроль" і "самаабмежаванне".
Калі ў Інтэрнеце паднімаюць ідэю: было б правільна адрадзіць звычай цалаваць руку даме, і прыводзяць у прыклад суседнюю Польшчу, то звычайна пакідаюць без увагі некаторыя нюансы. Першае, звычай цалаваць руку даме паступова губляе сваю распаўсюджанасць і ў Польшчы, і ў іншых краінах Еўропы. Другое, адрадзіць можна толькі тое, што знікла, а гэты звычай захаваўся ва ўсіх еўрапейскіх краінах, толькі абмежавана. Трэцяе, да масавага ўжывання гэтага звычая грамадства Беларусі маральна не гатова, таму "насадзіць" яго "зверху" ці "знізу" або "збоку" ніхто не здолее. Нават больш просты працэс папулярызацыі беларускай мовы мае шматлікія цяжкасці і магчыма расцягнецца надоўга. Чацвёртае, распаўсюджанне гэтага звычая можа выкарыстоўвацца патэнцыяльнымі лавеласамі, што прывядзе да яго прафанацыі і вульгарызацыі.
Я не настолькі дасканала ведаю правілы этыкету, каб аўтарытэтна даваць парады, і сам трымаюся толькі самых бясспрэчных з іх, таму скажу самае галоўнае з таго, што зразумеў:
Акрамя павагі, цалаванне рукі можа перадаваць розныя адносіны -- пакланенне чалавеку, рамантычны інтарэс або рэлігійны сэнс, -- таму неабходна каб і мужчына, які цалуе даме руку, і жанчына, якой цалуюць руку, і па меньшай меры большасць прысутных пры гэтым правільна разумелі гэты жэст. Інакш будзе, як трапна казаў В. Чарнамырдзін, "жадалі як лепш, а атрымалася як заўжды".
Паколькі сутнасць ветлівасці і этыкету ў самаабмежаванні, мужчына не павінен першым хапаць жаншыну за руку (максімум папрасіць дазвол), гістарычна склалася, што жаншчына першая падае руку мужчыне. Пры гэтым няправільна торкаць яе мужчыне ў вусны згарнуўшы далонь да сябе, як Вікторыя Клачкова з камедыі "Не нарадзіся прыгожай", бо мужчына мусіць мець права выбару -- паціснуць ці пацалаваць. Калі жанчына хоча, каб ёй паціснулі руку, яна падае яе па-мужчынску (далонь убок), але калі яна хоча, каб руку менавіта пацалавалі, то падае яе ўперад перад сабой прыкладна на ўзроўні пояса і трымае далонь уніз. І, як бачым, будучыня цалавання жаночых рук на Беларусі застаецца ў руках саміх жанчын, бо ініцыятыва падаць руку кавалеру належыць даме.
Ветлівы мужчына крыху дакранаецца вуснамі да тыльнага боку жаночай рукі на секунду ці дзве. Можна і не дакранацца, а толькі зрабіць імітацыю пацалунка а-ля Эркюль Пуаро (падобным чынам на Захадзе вітаюць адзін аднаго цалаваннем у абедзве шчакі і пры гэтым толькі дакранаюцца шчакой да шчакі і цалуюць паветра, а не саму шчаку). Выражэнне павагі ці падзякі не пакідае месца бурным эмоцыям - гучна "цмокаць", палка прыпадаць да жаночай рукі, як расійскі спявак Мікалай Баскаў ці экс-прэзідэнт Францыі Жак Шырак, пакрываць пацалункамі пальцы, далонь ці запясце жаночай рукі  можна толькі ў адносінах "муж-жонка" (прычым сам-насам). Таксама трэба памятаць два факта з чалавечай фізіялогіі: 1) верхняя губа з'яўляецца моцным сэнсарам, і гарачыя пацалункі не важна ў якую частку цела могуць прабудзіць жаданне "працягнуць далей", 2) алкаголь спараджае інтарэс да процілеглага полу, і таму падпітаму мужчыне можа здавацца, што ён толькі спрабуе паказаць сябе джэнтльменам, а на самой справе цалаваць жаночую руку яго пабуджаюць гармоны, а не павага да жанчыны. (Дарэчы, жанчынам звычайна непрыемна, калі ім цалуюць рукі вуснамі з якіх ідзе пах перагару з салатам "аліўе".)
Па прычыне ўсяго гэтага мае сэнс трымацца прынцыпа "лепш недарабіць, чым перарабіць". Калі мужчына сумленна лічыць сябе маральна негатовым пацалаваць руку жанчыне ў сітуацыі, дзе гэта лічыцца правільным і пажаданым, ён заўсёды можа лёгка паціснуць ёй кончыкі пальцаў ці паціснуць усю далонь, як мужчыне. Нават калі каму-небудзь гэта будзе не да спадобы. У рэшце рэшт, ветлівасць складаецца і з многіх іншых рэчаў.
Але і беларусам, і беларускам трэба памятаць, што звычай цалаваць даме руку ў знак павагі нікуды не знік, з ім можна нечакана сутыкнуцца ў пэўных колах беларускай інтэлігенцыі або з боку чалавека іншай нацыянальнасці і культуры. Калі стрыманнай беларускай жанчыне цалуе руку больш эмацыянальны паляк, было б з яе боку няправільна аддзёрнуць руку, выцерці яе аб спадніцу ці казаць "што вы, што вы!". Падобнае датычыцца і мужчын. Самаабмежаванне і павага да пачуццяў іншых людзей -- да чаго заклікаюць правілы этыкету і нормы ветлівасці -- выражаюцца не толькі ў тым каб устрымацца ад дзеяння, але і ў тым каб зрабіць прыемнае іншаму. Правільны стасунак да такога звычая, як і да падобных яму абдымкаў, пацалункаў у шчаку можа пабудаваць мосцік паміж людзьмі розных культур ці субкультур і зрабіць добрае ўражанне аб самім чалавеку, яго сям'і, сябрах і народзе.

Гл. таксама:
Ігар Карпенка. Выкладчык. Акцёр. Чыноўнік
Ці знікне звычай цалаваць руку даме ў Беларусі? (Arche)

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...