30.05.2015

Цана свабоды

Нярэдка ў чацвер і пятніцу раніцай мушу дабірацца на работу ўздоўж вул. Севастопальскай. Заўважыў, што прыкладна ў 8.20 ці 8.30 ў царкве на скрыжаванні вул. Кнорына і Севастопальскай званяць званы. Не ведаю ці стварае гэта каму-небудзь праблему, бо побач дзве дарогі, ад якіх ідзе шум машын і тралейбусаў, бо многія паднімаюцца ў гэты час ці нават раней, каб ісці на работу (або па асабістаму жаданню), бо тыя, хто жывуць побач з нейкім шумным месцам, звыкаюцца з шумам і гэта не замінае іх адпачынку. Нарэшце, ёсць і тыя нешматлікія людзі, што ідуць на набажэнства ў гэты час, і для якіх званяць званы.



Але заўсёды ёсць тыя, хто плацяць за гэта сваім адпачынкам ці камфортам. Не важна многа такіх ці мала. Але за іх кошт забяспечана свабода веравызнання.

У свой час у маім мікрараёне ішла падрыхтоўка да ўрачыстай цырымоніі ў Храме ўсіх святых. Падрыхтоўка ўключала ў сябе страляніну з гармат, як гром з яснага неба. Мне гэта асабліва "падабалася", калі я калыхаў дзіця на балконе. Гэта таксама плата за свабоду.

Крыху пазней быў рок-канцэрт на Баравой. Мне пашанцавала амаль усю ноч перакладаць і "тыц-тыц-тыц" быў чуцен да світанку. У маім доме гэта не было так чутна, але тым, хто жыве бліжэй да "эпіцэнтра", я не зайздрошчу. І гэта плата за свабоду.

Калі па начах па пр. Незалежнасці ляцяць матацыклісты -- гэта таксама плата за права жыць у свабодным грамадстве. Калі ў метро і магазінах сустракаецца эратычная рэклама, якую я не жадаю разглядаць сам і не жадаю, каб яе бачылі мае дзеці -- гэта таксама цана свабоды.

Многія мае суайчыннікі, як выхаваныя па-савецку, так і арыентаваныя на заходняеўрапейскія каштоўнасці, не разумеюць цану свабоды. Чалавеку ўвогуле ўласціва думаць пра ўласны камфорт больш, чым пра камфорт іншага чалавека. Таму многія разглядаюць свабоду, як камфорт большай часткі грамадства. У рэаліях Беларусі гэта можа азначаць і негатыўнае стаўленне да права аднаго чалавека ісці супраць большасці. Каб быць аб'ектыўным, я рэдка сутыкаюся з тым, што мае правы сур'ёзна парушаюцца, але я разумею, што калі б я, напрыклад быў інвалідам-калясачнікам, маё парамяшканне на работу (як і сама магчымасць працаваць выкладчыкам англійскай і перакладчыкам) было б выклікам цывілізацыі. Мая рэлігія дазваляе мне працаваць у любы дзень тыдня, таму праблемы з начальствам на гэты конт у мяне бываюць рэдка, а як быць людзям для якіх субота ці нядзеля -- святы дзень, калі спецыфіка работы ў вну з завочнікамі патрабуе працаваць па раскладу (які складаюць не пытаючыся пра твае магчымасці) і ў выхадныя дні?

Я бачу, што за апошнія 15 год у Беларусі былі зроблены некаторыя крокі да рэальнай свабоды веравызнання і сумлення. Ці будзе працягвацца рух да далейшай дэмакратызацыі жыцця ў краіне, ці не -- залежыць ад многіх фактараў, і прадказаць гэта немагчыма. Але за апошнія гады я лепш зразумеў, што свабода -- гэта калі ты церпіш нязручнасць і дыскамфорт дзеля іншых і разумеееш, што яны ў сваю чаргу павінны такім жа чынам цярпець тваё права быць іншым. Царкоўныя служыцелі, якія званяць раніцай, павінны разумець, што гэтым яны даюць права іншаверцам адпраўляць свае набажэнствы тым чынам, які можа быць некамфортным для праваслаўнага святара. А байкер, які раве матацыклам па начах, дае мне дазвол працаваць перфаратарам удзень, калі ён адсыпаецца.

Свабода не вырашае ўсіх праблем. Але ў цяперашнях рэаліях яна дае магчымасць кожнаму чалавеку быць асобай, а не "вінцікам". Разуменне гэтага дапамагае мне плаціць за сваё права быць іншым, калі гэтага патрабуе сітуацыя.

3 комментария:

  1. Прочитал и все понял. Хороший вывод в конце: "свабода -- гэта калі ты церпіш нязручнасць і дыскамфорт дзеля іншых і разумеееш, што яны ў сваю чаргу павінны такім жа чынам цярпець тваё права быць іншым."

    ОтветитьУдалить
  2. Нядаўна адбылася яшчэ адна падзея, якая даказала мне, што многія грамадзяне Беларусі яшчэ маральна не гатовы да свабоды. Вось пара спасылак:
    http://nn.by/?c=ar&i=160051
    http://news.tut.by/society/473058.html

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Што іншы раз даказвае факт таго, што кожны чалавек дбае толькі за свае інтарэсы. Чамадан, вккзал, Расея - палучай у твар.
      Я - цар, а астатнія - лайно.

      Удалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...