Есть такое наблюдение: раньше ты должен был писать с расчетом на то, чтобы тебя правильно понял читатель с доброй волей, сейчас ты должен писать так, чтобы тебя ни в коем случае неправильно не понял читатель со злой волей. Это не самоцензура, но это самоконтроль.
Арцём Шрайбман, беларускі палітолаг, у інтэрвью пра свой тэлеграм-канал.
Сярод распаўсюджаных стэрэятыпаў пра Беларусь ёсць ідэя татальнай цэнзуры. Цэнзура ёсць у кожнай краіне свету, але абмежаванні бываюць рознымі: дзесьці амаль небачнымі, а дзесьці відавочнымі. За магутнай спіной цэнзуры як знешняга праяўлення кантролю нярэдка хаваецца яшчэ больш магутная фігура самацэнзуры. Пад самацэнзурай я тут маю на ўвазе не толькі аўтарскую праўку ўласных матэрыялаў, а і ўсе дзеянні, не звязанныя напрамую з дзяржаўным кантролем інфармацыйнай прасторы. І менавіта самацэнзуры ў Беларусі (як і ва ўсім свеце) больш, чым знешняй цэнзуры.
Многія думаюць, што ў Беларусі забаронена крытыкаваць уладу і асабліва прэзідэнта. Але з наяўнасцю Інтэрнета і з пераўтварэннем газет, часопісаў і радыё ў мульцімедыйныя парталы гэта ўжо даўно не актуальна. Няма праблем заходзіць на сайты апазіцыйных СМІ: "Беларускі партызан", "Радыё Свабода" ці "БелСат". Там крытыкі ўлады хоць адбаўляй -- нават да паўцэнзурных камянтароў ад пэўных карыстальнікаў. Але, калі ўлады робяць штосьці хутчэй пазітыўнае, чым негатыўнае, то прымяняецца прынцып "альбо дрэнна, альбо нічога". Напрыклад, некаторы час таму мэрыя Мінска правяла за дзяржаўны кошт рэканструкцыю могілак "Крупцы". Старыя помнікі мянялі на новыя толькі з дазволу сваякоў памерлых. Але ў адным апазізыйным выданні гэта апісалі выключна як знішчэнне старых магільных помнікаў бульдозерамі. Што гэта, калі не самацэнзура?
Паколькі я вывучаю сучасныя тэндэнцыі развіцця гісторыі Беларусі і час ад часу публікую некаторыя свае даследаванні ў розных інтэрнет-парталах, мне даводзілася напрамую сутыкацца з самацэнзурай г.зв. "свабодных" СМІ. Аналагічным чынам я сутыкаўся з самацэнзурай ва ўрадавах СМІ. Гэты варыянт самацэнзуры больш вядомы пад назвай "рэдакцыйная палітыка". Тут трэба зазначыць, што некаторыя з іх час ад часу даюць месца крытыкам улады, але ў форме нейкай палемікі, каб пры гэтым захавалася перавага сваёй пазіцыі над чужой. У СМІ, лаяльных да ўрада, я заўважыў іншы аспект самацэнзуры: друкаваць людзей са"сваёй пясочніцы". Напрыклад, газета "Звязда" мае намінальны тыраж каля 30000 экз. У газетных кіёсках звычайна можна знайсці 1 экз, прычым практычна па сабекошту. Але калі я прыйшоў некалькі год таму ў рэдакцыю гэтага выдання з прапановай надрукаваць мой артыкул аб метадах выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у навучанні, то мне адмовілі ў класічным стылі: дзякуй, бярэм ваш матэрыял, калі збярэмся яго надрукаваць -- патэлефануем вам. Аналагічныя сітуацыі ў мяне былі яшчэ ў некаторых выданнях, дзе ўсё па факту зводзілася да таго, што ў іх ёсць свае людзі, якіх будуць друкаваць, няважна цікавы матэрыял прынёс "чужак" ці не, бо зарплата супрацоўнікаў ад цікавасці і тыражнасці выдання не залежыць. (Трэба дзеля аб'ектыўнасці зазначыць, што ў нелаяльных да ўлады СМІ апублікаваць свой матэрыял значна лягчэй).
Я падкрэсліў пакуль два віда самацэнзуры: самацэнзура выдання адпаведна яго палітычнай арыентацыі і нежаданне даваць слова "пабочным" аўтарам. Але ёсць і іншыя аспекты. Напрыклад, асабістыя погляды рэдактараў выдання, калі рэцэнзент выкрэслівае з тваёй работы тыя аспекты, якія яму ўласна не падабаюцца, а то можа і дапісаць сваё. Быў час калі я не разумеў, чаму ў апавяданні "Першы генерал" такога разумнага і глыбокага пісьменніка, як Іван Шамякін вобраз Леніна напісаны горш за сачыненне шасцікласніка. Але калі мае публікацыі напаткаў аналагічны лёс, я зразумеў сітуацыю лепш.
Да асабістых поглядаў рэдактараў і рэцэнзентаў могуць адносіцца іх палітычныя сімпатыі ці рэлігійныя перакананні, погляды на мараль, эстэтычны густ, а то і сваё бачанне правапісу беларускай мовы (нажаль, з апошнім пакуль існуе некаторая анархія). Усё гэта можа стаць прычынай скарачэння, дадання ці замены зыходнай аўтарскай інфармацыі. І, зразумела, каму-небудзь могуць адмовіць у публікацыі па прычыне несупадзення матэрыялаў з рэдактарскім разуменнем сусветнай гармоніі. У якасці прыкладаў магу прывесці даволі спецыфічнае стаўленне беларускіх СМІ да неправаслаўных і некаталіцкіх меньшасцяў на Беларусі: ў рознай ступені могуць гаворыць добрае пра мусульман, крышнаітаў, іўдэяў і пратэстантаў, але пры гэтым часта стараюцца паказаць нязначнасць гэтага добрага колькасцю ці месцазнаходжаннем матэрыяла або, калі пэўны адметны чалавек вызнаваў "не тую" веру, як напрыклад вучоны М. Фарадэй, аб гэтым імкнуцца гаворыць між іншым. Часткова такая пазіцыя звязана з тым, што большасць насельніцтва краіны лічаць сабе праваслаўнымі, а часткова з жаданнем захаваць добрыя адносіны з Беларускай праваслаўнай царквой ці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой.
Сярод найбольш цікавых прыкладаў самацэнзуры знайшоў забарону ўзгадваць назвы лекаў на адным форуме для маладых мам. Напрыклад, адна мама піша: "У сына тэмпература, што рабіць?" Другая піша: "Дай яму аспірын" і яе запіс альбо "баняць" (недапускаюць да публікацыі), альбо мадэруюць: "Дай яму лякарства". Усе спасылкі адміністратараў на пэўныя законы былі проста спробай падцвердзіць дакументальна іх уласнае разуменне тых законаў.
Ёсць камерцыйныя віды самацэнзуры, калі месца палітычных і рэлігійных перакананняў займаюць брэндавыя і сіндыкатныя інтарэсы. Нярэдка гэта можа выражацца ў забароне выкарыстоўваць гіперспасылкі ў дыскусіях на форумах партала (напрыклад, на сайце "Беларускі партызан" каментарыі з гіперспасылкамі не публікуюцца пры тым, што на партнёрскім сайце "Гістарычная праўда" яны публікуюцца без абмежаванняў, але як звычайны, а не гіпертэкст).
Цікава, што самацэнзура распаўсюджваецца і на кантэнт, які публікуюць супрацоўнікі медыйных парталаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Гэта характэрна для ўсяго свету. Журналіст можа напісаць на сваёй старонцы ў Фейсбуку, што ён б вешаў усіх злачынцаў ці гнаў б у шыю ўсіх імігрантаў з краіны, толькі калі ён працуе не ў ліберальна-дэмакратычным, а ў, маўляў, праварадыкальным выданні. Тое ж самае датычыцца і супрацоўнікаў камерцыйных структур. Не мае права банкаўскі менеджэр выступаць у падтрымку гей-парадаў ці за пэўны бок у грамадзянскай вайне ва Ўкраіне. Свабода слова грамадзяніна абмежавана адказнасцю супрацоўніка пэўнай арганізацыі. Некаторыя выключэнні з гэтага правіла могуць быць абумоўлены адсутнасцю скандалаў, звязаных з пэўнай спецыфічнай пазіцыяй камерсанта, чыноўніка ці журналіста (хай піша, што хоча, калі ён патрэбны як спецыяліст і калі яго ідэі ў сацсетках ніхто асабліва не чытае) альбо з нейкай палітычнай ці камерцыйнай гульнёй. Напрыклад метадам "тухлай сялёдкі" журналіст робіць скандальную заяву ў Твітары ці на нейкім форуме, яго пазіцыя выклікае абурэнне і спрэчкі і пры гэтым рэдакцыя яго выдання застаецца як быццам ні пры чым, але па факту журналіст выканаў заданне начальства ці разнарадку спонсараў або арганізатараў выдання. (Заўважаў элементы гэтага ў некаторых газетах).
У некаторых парталаў і выданняў ёсць "маральныя" віды самацэнзуры, якія адносяцца да правоў інтэлектуальнай уласнасці, праблем парнаграфіі ці ненарматыўнай лексікі. І звычайна гэта той выпадак, калі закон робіцца тэлеграфным слупом, які ніяк не пералезеш, але лёгка абыйдзеш. Каб пазбегнуць праблем з капірайтам, трэба прыводзіць спасылкі на аўтара і / ці на іншае выданне, парнаграфію прэзентаваць як эротыку з меткай "16+" ці "18+", а табуіраваныя словы пісаць скарочана ці з шматкроп'ем замест некаторых літар.
Ёсць аўтарская самацэнзура, калі аўтар устрымліваецца штосьці напісаць па прычыне боязі згубіць сувязь з рэдакцыяй, аўдыторыю патэнцыяльных чытачоў, на падставе сваіх маральных прынцыпаў і поглядаў на што-небудзь. Многія аўтары выраслі ў савецкі час і падчас безпадстаўна баяцца магчымых сакцый з боку дзяржавы, напрыклад, за крытыку бюракратыі, праблемы, якую прызнае цяперашні беларускі ўрад (у той жа час як іншыя свабодна крытыкуюць і больш сур'ёзныя рэчы і іх тым не менш час ад часу даюць слова, як экспертам некаторыя лаяльныя ўраду СМІ).
Нарэшце, існуе і тэхнічная самацэнзура. Напрыклад, тэкст могуць рэзаць, каб ён пасаваў да нейкіх абмежаванняў па колькасці слоў, біт ці сімвалаў. Сюды можна аднесці і адаптацыю тэкста да розных выданняў, аб чым я таксама пісаў: адзін і той жа матэрыял для энцыклапедыі, для дзіцячай газеты і для навуковага часопіса будзе крыху (ці зусім) розны. Прычым рэдагаваць тэкст можа не толькі аўтар, а і пэўны рэцэнзент (і не заўсёды аўтар будзе задаволены вынікам).
Увесь гэты экскурс я зрабіў каб паказаць, што большая частка фільтрацыі інфармацыі адносіцца не да цэнзуры, а да самацэнзуры. Спробы блакіроўкі сайтаў, радыёстанцый і т.п. на працягу гісторыі ніколі не мелі поспехаў, бо ёсць шмат тэхнічных спосабаў іх абыйсці. Таму значэнне самацэнзуры ўзрастае з ростам тэхнічнага прагрэсу.
Дарэчы калі гаворыць пра блакіроўку сайтаў, я заўважыў наступнае. Звычайна я без праблем трапляю на самыя розныя сайты праз белтэлекамаўскі інтэрнет і праз 3G Life:). Але з свайго старога тэлефона Nokia з інтэрнетам ад МТС і браўзерам Opera-mini маю пэўныя цяжкасці. На сайты "Гістарычная праўда" i "Беларускі партызан" з тэлефона зайсці немагчыма: доўга грузіцца, а потым піша "перайдзіце да operamini/help або звяжыцеся з вашым пастаўшчыком паслуг Інтэрнета". Некаторы час меў праблемы з уваходам на сайт govorim.by. На сайт слоўніка "Мульцітран" можна патрапіць толькі праз пошук назвы ў браўзеры, але прамым чынам праз URL на гэты адрас не патрапіць. На сайце jw.org доўгі час магчыма было адкрыць толькі ан-лайн бібліятэку, але зараз можна адкрываць і пампаваць амаль усё, за выключэннем немагчымасці пераходу па некаторым спасылкам унутры сайта. Паколькі гэта адзіная прылада, якая мае такія абмежаванні, я не ведаю дакладна прычыны блакіроўкі. Магчымымі прычынамі могуць быць пэўныя праблемы з наладкамі тэлефона ці ўнутраная палітыка кампаніі МТС...
Ці трымаюся я пэўнай самацэнзуры? Так. Я імкнуся пазбягаць празмерна эмацыяльнай ацэнкі таго, пра што пішу. Калі я падаю штосьці на публікацыю, я прымаю да ўвагі правілы мясцовай самацэнзуры. Гэта можа выразіцца ў тым, што я не буду выкарыстоўваць пэўных слоў ці прыкладаў, якія могуць прывесці да адмовы ад публікацыі ўвогуле. Пры гэтым я звычайна пішу стрымана і нейтральна, таму мае матэрыялы рэдка выклікаюць абурэнне той ці іншай аўдыторыі.
Праблема самацэнзуры напэўна будзе існаваць увесь той час, што існуе цяперашняе грамадства. Тэхнічны прагрэс і магчымасць вандраваць па свету для ўсё больш шырокіх колаў насельніцтва ўвогуле пакідаюць усё меньш месца для цэнзуры. І мысленне таго пакалення, якое я яшчэ вучыў у школе, ўжо значна адрозніваецца ад мыслення пакалення маіх бацькоў. Самацэнзура мяняецца разам з новым пакаленнем. Я не хачу сказаць, што цэнзура і самацэнзура гэта абавязкова добра ці дрэнна. Многае залежыць ад таго, як на гэта паглядзець. Але ролю самацэнзуры нельга ігнараваць пры вывучэнні гісторыі.
Ужо пасля таго як я напісаў і апублікаваў гэты матэрыял, я прачытаў навіну, што беларускія ўлады забаранілі сайт "куку". Сайт сапраўды недаступны з некаторых варыянтаў доступу ў Сеціва, але даступны з іншых. Калі судзіць па назвам некаторых публікацый на гэтым сайце, асноўная праблема блакіроўкі, наяўнасць на сайце амаральнага кантэнту.
ОтветитьУдалитьУ свой час мне даводзілася бачыць спіс фільмаў, забароненых для прагляду ў РБ. Не ведаю, наколькі ён праўдзівы, бо знайшоў яго не на афіцыйных "міністэрскіх" сайтах. Але галоўнае ў тым, што забароненыя фільмы: 1. амаль усе (калі судзіць па назвам) для "пачынаўчых Чыкаціла" -- парнаграфічныя ці звязанныя з прапагандай насілля; 2. адзін з іх быў паказаны па беларускаму ТБ, а іншыя лёгка даступны для тых, хто шукае (мне прапанавалі адзін такі забаронены фільм паглядзець мае студэнты, але мне гэта было нецікава).
Адсюль маё заключэнне: у цяперашні час цэнзура ў Беларусі фактычна зводзіцца да барацьбы з "амаралкай" (прычым з адначасовай рэкламай эратычных часопісаў і каляндароў у СМІ, магазінах і на постарах).