понедельник, 18 декабря 2017 г.

Адпомсціў. Апавяданне

Каця і Марк сядзелі на лаўцы каля свайго пад'езда і разважалі як адпомсціць суседу, дзядзьцы Славе. Тыдзень таму на іх вачах ён, афіцэр АМАПа, пнуў падвальнага коціка так, што Каця ледзь выхадзіла яго. Цяпер яны, трынаццацігадовы хлопец і дванаццацігадовая дзяўчынка, якіх усе вакол дражнілі «жаніх» і «нявеста», але якія былі толькі сябрамі па авантурах, думалі як адпомсціць «жывадзёру».

– Давай спусцім колы ў яго машыны? – прапанавала Каця.
– Лепш яе падпаліць. – задуменна адказаў Марк.

Яны яшчэ абмеркавалі некалькі варыянтаў і нарэшце вырашылі заманіць дзядзьку Славу ў пастку, забіць яго і закапаць яго цела на суседніх Усходніх могілках.

Паколькі цягнуць дарослага дзядзьку 300 метраў да могілак сябрам было б не пад сілу, яны вырашылі заманіць яго на самі могілкі, дзе Марк павінен быў нечакана ўдарыць яго нажом у спіну. Але заставалася праблема, што прыдумаць, каб сусед паверыў ім і пайшоў з імі на месца сваёй смерці. Марк думаў схлусіць яму, што яны знайшлі на могілках труп, прысыпаны зямлёй, а Каця лічыла, што гэта прымітыўна: трэба было хлусіць пра зброю ці наркотыкі.

Аматары прыгод яшчэ не вызначыліся з тым, пра што маніць амапаўцу, каб ён паверыў, але вырашылі падрыхтаваць магілу для сваёй ахвяры. Пару дзён яны па некалькі гадзін гулялі разам па могілках і нарэшце вырашылі адкапаць яму на новым полі ўбок Уручча, дзе пакуль толькі рос густы хмызняк, і яшчэ нікога не хавалі. Рыдлёўку пранесці на могілкі было падазрона, і Марк пачаў капаць тым самым нажом, якім збіраўся забіць суседа.

Гэта быў цёплы летні вечар. Яны капалі яму побач з каменным плотам схаваныя ад дарожкі на могілках густым хмызняком і схаваныя ад вачэй магчымых прахожых самім плотам. Марк рэзаў зямлю нажом, а потым рукамі адграбаў яе ўбок. Кацярына стаяла побач; яна павінна была назіраць, каб іх «аперацыю» ніхто не ўбачыў.

Сябры адкапалі яму дастаткова глыбока, каб туды можна было б пакласці дарослага і насыпаць над ім паўзгорак. Марк нават сам двойчы клаўся туды і правяраў наколькі глыбокай атрымалася будучая магіла.

Раптам Каця пабялела ад жаху. У метрах пятнаццаці ад іх ямы ўздоўж дарожкі ішоў міліцыянер, які ахоўваў могілкі. Ён зірнуў на хлопца і дзяўчыну скрозь хмызняк і, здаецца, не заўважыў ні іх саміх, ні вынікаў іх дзейнасці. Міліцыянер пайшоў далей, але нервы юных кілераў не вытрымалі.

Марк першы пераскочыў праз плот і пабег па крапіве далей ад могілках. Кацярына скочыла за сваім кавалерам, які нават не азірнуўся дапамагчы ёй пералезці плот, і патрапіла голымі нагамі ў крапіву. Але жаданне збегчы з месца будучага злачынства было ў дзяўчынкі такім моцным, што апёкі крапівы яна адчула, толькі калі разам з сябруком яны скончылі бег недалёка ад дому.

Калі страх прайшоў, аматараў прыгод апанаваў смех і яны доўга смяяліся з таго як уцяклі ад міліцыянера, які мог іх нават і не ўбачыць.

Наступным ранкам Марк вярнуўся на Ўсходнія і, крадучыся, каб яго ніхто не заўважыў, прабраўся да будучай магілы. Там нічога не змянілася, толькі пясчаны грунт, які ён старанна капаў учора, прасох і стаў ярка-жоўтым.

Далей капаць яму мсцівец за катоў не стаў: баяўся зноў патрапіць на ахову могілках. Вярнуўшыся дадому ён сустрэўся з Кацяй і разам яны вырашылі выканаць свой план наступным ранкам.

Ноччу Марку спалося дрэнна, але наступным ранкам у 10.00, ён сустрэўся з Кацяй на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам. Справа была ў тым, што яны і іх будучая ахвяра жылі ў адным стаяку пад'езда: на першым паверсе жыла Каця, на другім – дзядзя Слава, а на трэцім – Марк.

– Звані ў дзверы! – казала Каця Марку быццам давала загад.
– Слухай, давай дамовімся, што казаць? Зброя ці наркотыкі?
– Звані. А я сама буду казаць.

Марку здавалася, што ён чуе, як б'ецца яго сэрца. Ён націснуў званок. Ад гэтага яму стала яшчэ жудасней. Нож, які хлопец схаваў за спіной пад кашуляй, быццам апякаў яго халодным лязом. Марк націснуў званок яшчэ раз. Разам з дзяўчынай яны пачакалі хвіліну. Не было чутна, каб хтосьці быў дома. Авантурысты адчулі палёгку, але зрабілі выгляд, што расчараваныя адсутнасцю дзядзі Славы дома.

– Значыцца, ён на службе, а яго жонка з сынам гуляюць – разважыў юны кілер і дадаў: – вечарам, можа ў сем, паспрабуем яшчэ раз.
– Добра, – згадзілася сяброўка.

Увесь гэты дзень Марк не знаходзіў сабе месца. Ён добра зразумеў, што не хоча забіваць суседскага дзядзьку, і шкадаваў, што не пераканаў раней сваю сяброўкі абмежавацца пашкоджаннем аўтамабіля, якім афіцэр міліцыі і без таго ўжо тыдзень не карыстаўся. Але выглядаць баязліўцам у вачах Каці таксама не хацелася.

Калі да «гадзіны ікс» засталося менш за сорак хвілін, Марк палез у маміну аптэчку за таблеткамі валяр'янкі, каб не хвалявацца празмерна. І ў гэты момант у пад'ездзе нешта бабахнула. Марк хацеў выскачыць, але яго мама, якая на яго бяду была дома і рыхтавалася да начной змены, цыкнула, каб ён не высоўваўся.

Не прайшло і хвіліны, як у пад'ездзе падняўся крык. Спачатку залямантавала адна жанчына, потым яшчэ адна.

– Трэба выклікаць міліцыю! – рашуча сказаў Марк
– Маўчы, смаркач! – злосна цыкнула маці. – Ніколі і ні ў якім разе нельга звязвацца з міліцыяй, калі гэта цябе не датычыцца! Каму трэба – самі выклікаюць, а наша хата з краю.

У пад'ездзе стаяў шум яшчэ каля гадзіны. Маці ўжо трэба было выходзіць, але яна баялася. Марк цішком зазірнуў у акно. У двары стаялі дзве міліцэйскія легкавушкі і мікрааўтобус. Да мікрааўтобуса падышлі чатыры міліцыянеры, якія неслі нейкі мяшок з ручкамі. Пагрузіўшы мяшок у машыну, яны дасталі насілкі і вярнуліся ў пад'езд. Праз пару хвілін яны вынеслі цела, накрытае з галавой. За насілкамі ішла і галасіла жонка суседа-амапаўца, якому збіраўся помсціць Марк. Яе ў машыну не пусцілі. Тут маці адцягнула Марка ад акна, нагадаўшы:

– Не лезь куды не трэба. Наша хата з краю.

Наступным ранкам Марк спусціўся на другі паверх. Каля дзвярэй кватэры амапаўца крэйдай быў намаляваны контур цела. Чалавек відавочна зваліўся на парозе і там памёр. Усё вакол было ў плямах крыві. Далей на пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі быў намаляваны яшчэ адзін труп.

Марк спусціўся да Каці і пазваніў у дзверы. Адчыніла Каця.

– Здароў. Ты чула, што адбылося? Здаецца, нас апярэдзілі.
– Марк, учора я выпадкова ўсё сказала цётцы Соне, якая заходзіла да нас. А яна выдала наш план маме і таце. Спачатку тата хацеў пайсці цябе спыніць, а тут адбылося вось гэта. Я паабяцала бацькам, што мы больш ніколі з табой не будзем гуляць разам.
– Так, Марк, – пачуўся з кухні голас яе мамы: – каб больш вы разам не гулялі і не размаўлялі. Вучыцца вам трэба, а то адны дэтэктывы ў галаве!

Марку хацелася плакаць ад крыўды, але ён быў адзіны мужчына ў сям'і: яго тата пакінуў іх з мамай, калі Марк толькі ў школу пачаў хадзіць. Было і крыўдна, што здрадзіла сяброўка, і сорамна, што ён хацеў забіць чужога мужа і тату за здзекі над жывёлінай. Ён вярнуўся дадому і вырашыў даказаць маме былой сяброўкі і ўсяму свету, што ён і без іх заўваг можа добра вучыцца. Але юнага аматара дэтэктываў цягнула даведацца што ж адбылося ў той вечар.

Крок за крокам сітуацыя праяснілася. Амапаўца не прывезлі дадому на пахаванне і нават яго жонка з сынам больш не вярталіся, прадалі кватэру а самі пераехалі жыць у іншае месца. Але суседскія жанчыны рознага ўзросту жвава абмяркоўвалі падрабязнасці здарэння.

Высветлілася, што год таму дзядзька Слава ўдзельнічаў у спецаперацыі. Афіцэры АМАПа каталіся на дарагіх машынах з таніраваным шклом паміж гарадамі ў месцах, дзе час ад часу знікалі аўтамабілісты. Калі іх машыну спынялі прыгожыя дзяўчаты і прасілі падвезці да горада, з хмызняку выскоквалі бандыты і кідаліся да машыны. Амапаўцы забівалі іх на месцы, нават не спрабуючы затрымаць. Пасля гэтага беларускія дарогі сталі куды больш бяспечнымі. Але бацька аднаго з забітых бандытаў нейкім чынам здабыў імёны і адрасы некалькіх з удзельнікаў спецаперацыі і сабраўся помсціць за сына. Відавочна, ён сцярог дзядзьку Славу на прыступках каля яго кватэры, кінуўся на ворага з нажом, паспеў нанесці некалькі смяротных ран міліцыянеру і пабег прэч, але той, паміраючы, застрэліў свайго забойцу са службовага пісталета....

***
Перад Новым годам наваліла снегу. Марк вяртаўся са школы, задаволены добрымі адзнакамі за пройдзеную чвэрць і канікуламі, якія толькі што пачаліся. Нечакана ён заўважыў на вуглу свайго дома мемарыяльную дошку. Падышоў бліжэй. Гэта была мемарыяльная дошка Вячаславу Сонечнікаву, маёру міліцыі, які жыў і быў забіты ў гэтым доме амаль два гады таму. Марк прыгадаў гэты эпізод, пра які за бясконцай стараннай вучобай амаль забыўся. І, нечакана для самога сябе, хлопец падхапіў  з дарогі здаровы, як камень, лядзяш і раз'юшана шпурнуў у дошку. Лядзяш патрапіў у сярэдзіну дошкі і з трэскам разляцеўся на друзачкі. А Марк пачаў рабіць снежкі і шпурляць іх адзін за другім у дошку, імкнуўшыся патрапіць у металічны твар амапаўца. Кідаў за пабітае кацяня, за Кацярыну, якая з таго часу з ім не размаўляла і цяпер гуляла з іншым незнаёмым яму хлопцам, за маміну хату з краю, за тату, які кінуў сям'ю, за дурасць трынаццацігадовага хлапчука, за цётку Соню, якая разваліла сяброўства з дзяўчынай... Палягчэла. Адпомсціў. Пайшоў дамоў. Дзевяностыя з іх крутым норавам адыходзілі ў мінулае...

Комментариев нет:

Отправить комментарий