Сёння закрану тэму, якую я звычайна не падымаю ў сваім інтэрнэт-дзённіку: кіно. Я ў большай ступені "кніжны чарвяк", чым глядач кіно, таму мала што магу казаць на тэму якасці фільмаў. Аднак тэма дзяржаўнага беларускага кіно 2020-х гг. цікавая сама сабой, бо добра адлюстроўвае дух часу. Паспрабую апісаць некалькі мастацкіх і мастацка-публіцыстычных фільмаў, а таксама спроб рабіць беларускія серыялы.
Трэба зазначыць, што беларускае кіно не вельмі папулярна ў Беларусі і амаль невядома за межамі РБ. Выключэнні па касавых зборах: "Белыя росы" (1983), "Ідзі і глядзі" (1985), "Мяне завуць Арлекіна" (1988) "Брэсцкая крэпасць" (2010). Крыху пазней напішу таксама пра некалькі іншых фільмаў, якія па розных прычынах не раскруціліся, але таксама мелі драматычны сюжэт і высокую мастацкую якасць.
Пра фільмы і серыялы кінастудыі "Беларусьфільм" — галоўнага, практычна манапольнага вытворцы сучанага беларускага кіно — можна пісаць шмат. Таму скарачу выбар да крытэрыяў: 1. тое, што сам глядзеў; 2. з 2021 г. і 3. мастацкія і мастацка-публіцыстычныя творы.
"Культурны код" (2024) — кіно не для ўсіх
Я адношу гэта да катэгорыі "кіно не для ўсіх", бо фільм крыху выходзіць за стандарты мастацкага ў элементы дакументальнага. Пры гэтым сюжэт таксама адрозніваецца ад таго, што звычайна бачыш у жыцці ў плане таго як людзі выражаюць свае погляды на паднятыя пытанні і ставяцца да мерапрыемстваў кшталту аўтапрабегаў. Таму фільм сапраўды "нефарматны", што звужае яго аўдыторыю да тых, хто разумее нестандартныя жанры ў кіно.
Патрыятычнае мастацкае кіно
Цягам 2021-26 гг. свет пабачылі некалькі стужак "Беларусьфільма", якія можна аднесці да катэгорыі "патрыятычнае мастацкае кіно". Спачатку засяроджу ўвагу на двух фільмах 2023 г., якія атрымалася паглядзець без выдаткаў на кінатэатр.
"Ліст чакання". Падзеі адбываюцца ў Мінску 2022 г. Кардыяхірургі розных узростаў і члены іх сем'яў стаяць перад выбарам: забяспечанае і спакойнае жыццё за мяжой ці няпростае жыццё ў Беларусі, якая перажывае наступствы 2020 г. і санкцый на фоне вайны ва Украіне (фонам ідуць рэпартажы з месцаў баявых дзеянняў). Пры ўсёй прадказальнасці ідэі таго, што галоўны герой абярэ Радзіму, а не эміграцыю, фільм атрымаўся не салажавым з карыкатурнасцю станоўчых і адмоўных персанажаў. Даволі рэалістычна паказана як маладую маму, якая чакае аперацыі на сэрца і партнер якой вярнуўся дамоў ва Украіну, дапытвае супрацоўнік КДБ. Смела сказана адным з самых патрыятычна настроеных хірургаў, што ўлада можа змяніцца, а Радзіма застаецца. Таксама цікава цікавы паварот прымае драма кахання ў галоўнага героя: спачатку здаецца, што яго жонка яго кіне і з'едзе за мяжу, а ў яго складзецца каханне з пацыенткай, якой ён выратуе жыццё, але ў канцы фільма жонка вяртаецца да яго і хоча нарадзіць ад яго дзіця. Мабыць нечаканыя павароты, смелыя разважанні на вострыя каляпалітычныя тэмы і рэалізм сюжэта робяць карціну (на мой погляд) лепшым мастацкім фільмам "Беларусьфільма" за першую палову 2020-х гг.
"Класная". Мастацкі фільм 2025 г. атрымалася паглядзець у свабодным доступе толькі ў кастрычніку 2026 г. Маладую настаўніцу з гістфака БДПУ у 2022 г. размяркоўваюць у аграгарадок Міжрэчча (выдуманае месца), куды яна едзе супраць свайго жадання і дамаўляецца адпрацаваць 1 год, але паступова ўцягваецца ў працу, знаходзіць сваё каханне і застаецца працаваць далей. Рэалістычна паказаны хамаватая і ўладная завуч, каларытная камендантка інтэрната, рэакцыя маладой настаўніцы на размяркаванне, цёплая зіма з разважаннямі пра глабальнае пацяпленне; крыху рэалістычна паказана разнастайнасць характараў дзяцей. Ячшэ ёсць добрая думка, якая сустракаецца мімаходам некалькі разоў: магчымасці правінцыі ў параўнанні са сталіцай нярэдка недаацэнваюць. З малаверагоднага адзначыў б шчыры масавы патрыятызм персанажаў розных узроўняў і імкненне педагогаў да ўзаемавыручкі, бо ў сваім настаўніцкім жыцці такога рамантызму бачыў мала (мае настаўніцкія ўспаміны можна пачытаць тут). Таксама моцнае сяброўства разнахарактарных персанажаў 11 класа, якое цягнулася з 5-га — таксама рэдкасць у жыцці. Але фільм напрамкам бліжэй да савецкай рамантыкі, чым да рэалізму. Цікава роля беларускай мовы ў гэтым кіно. З персанажаў на ёй размаўляе толькі настаўніца беларускай мовы, яшчэ яна ёсць у гімне РБ, які шчыра спявалі ўсе настаўнікі і вучні, каляднай песне і на пары стэндаў у настаўніцкай. Усе астатняе толькі па руску, нават знак "Мяжа населенага пункту" на ўездзе ў аграгарадок. Ніхто з жыхароў гарадка не размаўляе на трасянцы. Галоўная гераіня — лепшая студэнтка гістфака БДПУ — адказвае на рускай на рэплікі "беларусіцы", і мне цікава ці сапраўды мая альма-матэр так "зрусіфікавалася" за 20 год, бо мае аднакурснікі свабодна перайшлі б на беларускую ў падобнай размове :) Таксама праблемы п'янства ў аграгарадках і цкавання ў школах паказаны толькі эпізадычна. Тым не менш, фільм нагадаў мне маю крыху рамантычную настаўніцкую маладосць, за што стваральнікам дзякую :)
Інтэрактыўныя міні-серыялы
За гэты час я заўважыў 2 спробы здымаць сучасныя моладзевыя інтэарктыўныя міні-серыялы ў Беларусі.
Адна спроба была ў 2021 г., калі блогеры Стюша Тайм (Настасся Савіцкая) і Антон Шабашоў на Вайсковым факультэце БДУІР зрабілі некалькі сюжэтных ролікаў з курсантамі з планам стварыць серыял "Мінскія курсанты". Як і ў "Культурным кодзе" сцэны рэальнасці (напрыклад, трэніроўкі на стадыёне, інтэрв'ю з курсантам) суседнічалі з падстановачнымі, дзе хлопцы і дзяўчаты спрабавалі сябраваць, рэўнаваць і інтрыгаваць. Атрымалася некалькі ролікаў, названых серыямі першага сезона, і на гэтым усё скончылася. Верагодней за ўсё, кіраўніцтва факультэта вырашыла, што далейшае знаходжанне блогераў на іх рэжымным аб'екце непатрэбна. Дарэчы ў 2025 г. курсанты-першакурснікі нават не чулі пра гэтую спробу зняць серыял.
Другая спроба — "Зумеры", інтэрактыўны серыял пра абстрактную магілёўскую школу, зняты ў 2025 г. Атрымалася 10 серый па 15 хвілін з болей-меней прадуманым сюжэтам і канцэрт на 2 гадзіны з удзельнікамі шоў як 11-я серыя. Фільм утрымлівае вялікую колькасць схаванай рэкламы, чым нагадвае папулярны ў 2000-х гг. расійскі фільм "Не нарадзіся прыгожай". Мне цяжка судзіць наколькі гэта можа быць цікава пакаленню саміх зумераў (1995-2010-я гг.), як і цяжка судзіць працу акцёраў, рэжысёра і аператараў, але магу адзначыць, што ён пра простыя рэчы: патрэбу моладзі самарэалізавацца, сябраваць, кахаць, шукаць сябе, улазіць у авантуры... Патрыятычныя элементы, якімі прасякнута ўсё беларускае кіно 2020-х, у "Зумерах" (у адрозненні ад "Класнай") не выглядаюць карыкатурна, хутчэй уплецены ў сюжэт як прыхаваная рэклама: дзяржаўны сцяг у кадры, здымкі з трактарам у полі, пазітыўны вобраз хлопца, які марыць стаць міліцыянерам, дзяўчына раскрывае свой вобраз у нацыянальнай вопротцы... Мабыць самы карыкатурны элемент фільма — празмернасць сленгу ў мове школьнікаў; у жыцці не сустракаў каб яго было столькі.
Гэты пост плануе развівацца, бо за кадрам засталіся яшчэ некалькі кінапрац, якія варта было б паглядзець і апісаць.
Гл. таксама: Два фильма о врачах






Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.