26.05.2020

З бібліятэкі У. Ермалаева. Частка 2

Працягваю тэму кніг з бібліятэкі паэта і гісторыка Уладзіміра Ермалаева (1933-2014). У мінулы раз я рабіў асноўны акцэнт на ўласных беларускамоўны паэтычных творах аўтара, абмінуўшы ўвагай яго метадычныя распрацоўкі на рускай мове. У гэты раз гаворка пойдзе пра кнігі, у якіх рабіў свае заўвагі Ермалаеў. А таксама пра некаторыя творы Фёдара Рудовіча з кнігі «Эскалоп па бартэры».


У. Ермалаеў на шаржы А. Каршакевіча

Чытач з асадкай

Ермалаеў-паэт не пахаваў у сабе Ермалаева-навукоўца. Гэта з майго боку ні дакор, ні хвала, а канстатацыя фактаў. Таму кнігі «Анталогія беларускай эпіграмы» і «Анталогія беларускай пародыі» былі для яго матэрыялам для вывучэння, дзе ён крэмзаў заўвагі, правіў чужы тэкст ці абводзіў нейкую думку. Таксама адзначу, што кнігі, якія яму падарылі Рудовіч, Малец і Ліпскі (іх фота ў папярэднім паведамленні), Ермалаеў не крэмзаў, а вось дзве анталогіі без надпісаў прысвячэння ад аўтараў ён размалёўваў без праблем.

Кніга 2000 г.


На старонках 12 і 13 Ермалаеў вылучыў афарызмы «А прахвосту няма посту» і «Не дастаў па каню, дык хоць па аглоблях». Мабыць спадабалася і ўзяў на заўвагу...

На  старонцы 21 ён вылучыў верш:

Ой, купіў сабе штаны,
Не дам ніякай рады:
Я зашыю спераду,
Яны рвуцца ззаду.
Ды яшчэ адзін вершык на 18+ пра мешчаніна са Смаргоні, які атрымаў траўму ў далікатным месцы...


На старонцы 104 пад увагу літаратара патрапіла слова «пенсасховішча», але цяжка сказаць ці спадабаўся яму гэты неалагізм або не.


А на с.111 Уладзімір Фаміч размашыста абвёў верш пра бараду Міколы Мятліцкага. Верагодна, гэта значыць «нешта ў гэтым ёсць, потым пагледзім уважлівей».



Гэта кніга (2001 г.) пачынаецца з двух артыкулаў у калянавуковым стылі пра пародыю як анр: «Парода пародый» складальніка кнігі Анатоля Кудласевіча і «Слова парадысту. Парадыйнаму будынку быць!» Івана Мальца.


У абодвух артыкулах, якія былі свайго роду прадмовай, амаль кожная старонка падкрэслена. Ермалаеў не проста чытаў, а вывучаў працу сваіх калег-парадаыстаў і звяртаў увагу на абгрунтаванне значнасці жанру пародыі.


«Слаба» так ацаніў Уладзімір Фаміч фразу «яна плыла» ў вершы «Умелыя пальцы» Паўла Марцыновіча (с.36-37) напісаным як пародыя на рускамоўны верш Анатоля Аўруціна.


А ў вершы Георгія Юрчанкі «Шчодрасць вуснаў» (с.41-42, пародыя на творчасць  Міколы Антаноўскага) Ермалаеў заўважыў стык двух «с» у фразе «увесь свет», верагодна, як недахоп, недаробку калегі. Дарэчы, на с. 35 у вершы «Мары аб Кальвары» Міхаіла Скоблы (пародыя на творчасць Славаміра Адамовіча) у радку «Я б у любой кампаніі закіс» крытык Ермалаеў вылучыў першыя тры літары як адно непрыстойнае слова. У савецкі час ён мог бы стаць цэнзарам, у якога б вучыліся тыя, хто забараняў вершы за слова «жнец» па прычыне таго, што яно магло «непрыстойна рыфмавацца».


А на с. 264 у вершы «Безбароды дзед» Анатоля Зэкава праўкі: «як нЕ круці» заменена на «як нІ круці», і апошняму радку «І заняцца ўсур'ёз мне барадой» Ермалаеў прапанаваў альтэрнатыву: «Каб усур'ёз заняцца барадой».

Свае творы ў гэтай кнізе Ермалаеў асадкай не крэмзаў. Гэта не Бальзак, які шмат разоў перапісваў свае старонкі. Верагодна, Уладзімір Фаміч проста лічыў, што зрабіў усё, што мог у гэтай сітуацыі.

Гэтыя праўкі і падкрэсліванні паэт хутчэй за ўсё рабіў праз некаторы час ад таго моманту, як ён атрымаў чэкі ў будаўнічых магазінах ад 14 ліпеня 2006 года. Відавочна, Ермалаеў рабіў рамонт, а чэкі ад набытых будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваў як закладкі ў «Анталогіі беларускай пародыі» на с. 222-223, 340-341, (дзе ён заклаў для сабе цыкл пародый «Вясёлая касавіца» (пародыі на «Касіў Ясь канюшыну»)). На с. 102-103 і 110-111 Уладзімір Фаміч зрабіў закладкі з кавалкаў газеты... Не, я не сцвярджаю, што ён крэмзаў кнігу 2001 года не раней, чым у другой палове 2006 г. Гэта можна было зрабіць і раней, і пазней. Магчыма, гэты парадыст і вучоны вяртаўся да кнігі зноў і зноў, як і я сам рабіў, калі рыхтаваў аналіз творчасці Смялоўскага.

А цяпер звярну ўвагу чытачоў на яшчэ аднаго таленавітага пісьменніка-гумарыста.

Фёдар Рудовіч. Эскалоп па бартэры


Фёдар Адамавіч Рудовіч вядомы як аўтар кніг «Эскалоп па бартэры» (2006) і «Юшка з сазанаў» (2007), якія складаюцца з кароткіх гумарыстычных апавяданняў, напісаных пераважна ў 1980-1990-я гг. Многае са збору «Эскалоп па бартэры», кнігі, якую аўтар падарыў паэту Ермалаеву, уяўляе сабой літаратурную апрацоўку «барадатых» жартаў, баек ці анекдотаў і кароткіх гісторый вачыма рыбалова, паляўнічага ці інжынера. Можа здацца, што такая творчасць паказвае нізкі ўзровень таленту Рудовіча, але і Ермалаеў апрацоўваў анекдоты ў апавяданні. Для параўнання: калі не разбіраць дэталі, то паэму В. Ярафеева «Масква-Петушкі» можна было б разглядаць як бяссувязную і бяссэнсоўную гамонку алкаша, але па асаблівасцях гэтага твору літаратурныя спецыялісты абаранілі не адну дысертацыю.

Фота Ф.А. Рудовіча з кнігі

Ф.А. Рудовіч паходзіць з вёскі Дрэбск Лунінецкага раёна ў заходнім Палессі, і ён працаваў як у галіне літаратуры ды журналістыкі, так і якасці нейкага тэхнічнага спецыяліста на заводзе. Гэта усё паўплывала на спецыфіку яго беларускамоўнай прозы. Тут і падрабязнасці рыбалоўна-паляўнічага жыцця, і каляровае апісанне вясковай прыроды, і перадача асаблівасцяў заводскага жыцця «знутры». У яго слоўніку сустракаюцца і русізмы, і паланізмы, і даволі цікавыя беларускія выразы ды прымаўкі. Нарэшце, мяне як гісторыка «Эскалоп» прывабіў менавіта яскравым і рэалістычным апісаннем жыцця БССР часоў Перабудовы і незалежнай Беларусі «ліхіх 90-х».

У апавяданнях Рудовіча кідаюцца ў вочы русізмы: «хішчала», «хароняць», «к піву» (замест «да піва») «саабшчаць», «строіць» (будаваць), «пераводзіць» (у сэнсе «перакладаць»). Гэта не столькі мінус, колькі асаблівасць мовы пісьменніка. Бальзак таксама ўсё жыццё пісаў з памылкамі, калі верыць яго біёграфу Стэфану Цвейгу. Зазначу, што часам аўтар адмыслова дадаваў русізмы ў мову некаторых сваіх персанажаў для каларыту, бо смела карыстаўся і літаратурнымі беларускімі адпаведнікамі.

Паколькі жыццё Заходняй Беларусі «за палякамі» нанесла свой адбітак на мову заходніх палешукоў, ад якіх адносіцца і Рудовіч, адзначым некалькі паланізмаў у яго творах: «віват на сто лят», «мажная кабета», «кампутар», «сто пендзесёнц».

Фёдар Адамавіч актыўна карыстаўся словамі і выразамі, што хадзілі ў 80-90-я гг., а цяпер амаль зышлі ў гісторыю: «бартэр» (натуральны абмен), «ахламон» (чую гэты абразлівы выраз толькі ад старых савецкай закалкі – А.Б.), «працэс пайшоў» (вядомы афарызм Гарбачова). Яго героі могуць ужываць звароты да адной і той жа асобы «таварыш» і «спадар», што было характэрна для першых гадоў пасля распаду СССР, калі па інерцыі яшчэ маглі назваць таварышам, але спрабавалі ўжываць новы варыянт «спадар», які, праўда, не вельмі прыжыўся.

Былі ў Рудовіча свае неалагізмы, якія я не сустракаў у іншых аўтараў: «самапіска» (шарыкавая асадка), «накамісарыліся» (у сэнсе «уволю ці празмерна доўга знаходзіліся пры ўладзе (пра партыйных кіраўнікоў)), «дапешкаваць» (дайсці пешшу) (апошнія два прыклады з апавядання «Лужок»).

Афарызмы і перлы твораў Рудовіча, некаторыя з якіх выдатна перадаюць каларыт 90-х:

Гісторыя, як маці, яна рада кожнаму дзіцяці (прадмова)
Цю-цю на Варкуцю. (Усё ёсць!)
Нечага блытаць Гогаля з Гегелем, а кабель з кабялём. (Рыбалка на канарах)
Зараз якраз пасяўная кампанія, як пачалі зноў пісаць у нашых дзяржаўных газетах. (Гарэм у агародзе)
Куды вам, беларусам, без нашага рускага брата – нізашто змарнееце! (Прэмія)
Сядзім у бюро, ад нечага рабіць лясы точым. (Прэмія)
Ходзяць тут усялякія, пасля тлустасць малака ў кароў прападае. (Лужок)
Чужая яечня – не вечна. (Лужок)
«Мэрсэдэс»! О-ох, усё-такі прыемна гучыць гэта слова. Ну ўсё роўна як «кветачка» альбо «шакаладка», каханая ці, скажам, «зарплата» (Шчаслівы чалавек)

Самыя «крутыя» творы з «Эскалопу» з пункту гледжання гісторыка

Прагнаў праз сканер некаторыя цікавыя мне як гісторыку творы з гэтай кнігі. Прашу прабачэння, калі не ўсё добра атрымалася :) і спадзяюся, што ўладары аўтарскіх правоў не палічаць гэтыя сканы за спакушенне на сваю ўласнасць.



Паляўнічае







На першы погляд, проста твор з элементамі фантастыкі, але галоўная ідэя тут пра самадурства партыйных чыноўнікаў у СССР



Змена эпох, з аднаго боку, і цікавы сінанімічны рад, з другога. Добрае валоданне сінонімамі сустракаецца у многіх творах Рудовіча



Вось гэта добра перадае як працавалі многія беларускія заводы ў пачатку 90-х



А вось як мёртвым жалезам стаялі камп'ютары ў розных НДІ



Мова моладзі канца 80-х. Цікава, а ці не з уласнага сямейнага альбому браў фоткі аўтар да сваіх твораў?


Настальгія бывае смешнай

***
Ф. Рудовіч стаў для мяне свайго кшталту «Мелхіседэкам»: ён увайшоў у публічную прастору як аўтар дзвюх кніг, даступных у Нацыянальнай бібліятэцы, і знік з яе без слядоў. Ва ўсялякім разе, я ўважліва шукаў інфармацыю аб ім у інтэрнэце і не знайшоў нічога пакуль. Калі У. Смялоўскі неяк адзначыўся публічна ў розных сферах (патэнты, навуковыя кнігі, старонкі на сайтах для паэтаў і пісьменнікаў) то Рудовіч рабіў больш сціплую, але не менш важную працу. Напэўна, абмежаванасць маіх звестак пра Фёдара Адамавіча пры наяўнасці твораў, вартых разгляду, прывяла мяне да думкі напісаць пра яго у рамках даследавання бібліятэкі яго калегі па пяру або самапіскі :).

Магчыма, у будучым мне патрапяць у рукі іншыя творы з бібліятэкі Уладзіміра Ермалаева, пра якія варта будзе напісаць. Тады гэты пост атрымае свой працяг.

Таксама: Сучасныя беларускія казкі і вершы на аўдыя

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...