30.06.2026

А заўтра была спецаперацыя...

 

24 лютага 2022 г. армія Расіі распачала маштабныя баявыя дзеянні на украінскай тэрыторыі. Пры гэтым ракетна-бомбавыя абстрэлы і наземны наступ ажыццяўляўся і з тэрыторыі Беларусі войскамі РФ, якія раней увайшлі ў РБ на сумесныя вучэнні з беларускай арміяй. Узброеныя сілы Беларусі не прынялі ўдзелу ў гэтым канфлікце, нягледзячы на чуткі аб магчымым удзеле. Тым не менш, гэты ўзброены канфлікт закрануў Беларусь у некалькіх напрамках.

10 змен ў Беларусі пасля 24.02.2022 г.

1) На тэрыторыі «Сінявокай» актыўна пачалі дзейнічаць расійскія вайскоўцы, карыстаючыся аэрадромамі, чыгункай, дарогамі, паліўна-энэргетычнымі рэсурсамі, баяпрыпасамі Беларусі. У беларускіх бальніцах і шпіталях актыўна лячылі параненых расійскіх вайскоўцаў падчас спробы наступу на Кіеў у лютым-сакавіку 2022 г. Таксама ў гэты ж час сюды перапраўлялі некаторых украінцаў, затрыманых расійскімі ваярамі ці іх саюзнікамі з ЛДНР. Пазней, згодна розных супярэчлівых звестак, беларуская армія перадала частку сваіх баяпрыпасаў і тэхнікі Расіі, а некаторыя беларускія прадпрыемствы пачалі вырабляць прадукцыю па заказам расійскай арміі. З 15 верасня 2022 г. для трэніровак на беларускіх палігонах прыехалі яшчэ некалькі тысяч расійскіх вайскоўцаў.

Паведамленне ў ТГ-канале Мінабароны РБ аб прыбыцці расійскіх ваенных 15.09.2022 г.

2) Частка бежанцаў карысталася тэрыторыяй РБ у якасці транзіту ў краіны ЕС. Яшчэ некаторыя наўпрост пераехалі ў Беларусь. Але калі вярнуцца ва Украіну праз мяжу з Расіяй праблематычна, то вярнуцца з Беларусі ва Украіну пасля адыходу расійскіх войскаў ад Кіева і Чарнігава стала магчымым і гэтым шанцам вярнуцца на Радзіму карысталіся як бежанцы, якія перасяліліся ў РФ ці РБ добраахвотна, так і прымусовыя перасяленцы, якім дазволілі паехаць з тэрыторый, кантраляваных Расіяй, толькі ў РФ ці РБ. У асобных выпадках бежанцаў з Украіны не пускалі цягніком у Беларусь з тэрыторыі Расіі, і тыя мусілі пераходзіць мяжу пешшу.

3) РБ атрымала дадатковыя эканамічныя санкцыі ад краін Еўропы і Амерыкі, як суагрэсар разам з РФ. Гэта адбілася на росце цэн і часовым дэфіцыце офіснай паперы і ўпакоўкі «Тэтра Пак». Таксама знікненне шэрагу замежных брэндаў, у тым ліку «Макдональдса», які ў 2022 г. адзначыў сваё 30-годдзе ў Беларусі, можа быць прама і часткова звязана з дачыненнем РБ да падзей ва Украіне.

4) На тэрыторыі Украіны загінулі некалькі грамадзян Беларусі, у тым ліку не менш за мінімум 16 з добраахвотнікаў палка ім. К. Каліноўскага і іншых фарміраванняў з беларусаў, якія жылі ва Украіне як палітэмігранты. Былі неафіцыйныя звесткі пра страты і сярод людзей з Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі у складзе арміі РФ ці апалчэння ЛДНР. Адзін беларус-удзельнік расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Рэдут» патрапіў у палон да украінцаў.

5) У Беларусі яшчэ больш раскалолася грамадства на прыхільнікаў Расіі і тых, хто сімпатызуе Украіне. Пры гэтым, калі ў 2014-15 гг. падобны раскол быў на ўзроўні лаянак у сацсетках, які паступова заціхаў разам з актыўнасцю вайны на Данбасе, то цяпер людзі перайшлі да канкрэтных дзеянняў. На чыгунцы антываенныя актывісты знішчылі шэраг рэлейных шафаў, а затрыманне некаторых падазроных у «рэйкавай вайне» скончылася раненнем 2 чалавек.

6) Ёсць неправераныя звесткі пра некалькі ДТЗ на беларускіх дарогах з удзелам вайскоўцаў РФ, у якіх загінулі ці пацярпелі цывільныя грамадзяне РБ і пра магчымы гвалт расійскіх салдат над дзяўчынай у Мазыры. І ёсць часткова пацверджаная інфармацыя пра падзенне ракеты з рускага самалёта без ахвяр і пацярпелых і адну авіякатастрофу, дзе пацярпелі расійскія ваенныя пілоты на тэрыторыі Беларусі. Гэтыя звесткі я не магу ні абвергнуць, ні пацвердзіць, але, калі штосьці з гэтага праўда, то гэта таксама ўскосныя наступствы баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны. Акрамя таго магчыма мела месца дыверсія на аэрадрому «Зябраўка» (Гомель) у жніўні 2022 г., дзе знаходзілася авіяцыя РФ, з боку украінцаў.

7) У краінах Еўропы былі выпадкі нападу на беларусаў і іх машыны з нагоды помсты за Украіну; у выніку нападаў былі пацярпелыя і, як мінімум, адзін забіты беларус.

8) Дзяржаўныя і праўладныя СМІ Беларусі практычна поўнасцю растварыліся ў пазіцыі расійскіх дзяржСМІ ў пытаннях расійска-украінскага канфлікту. Бадай, адзіныя значныя адрозненні паміж СМІ дзвюх дзяржаў стала большая колькасць крытыкі ў адрас Польшчы з боку беларускіх журналістаў, чым расійскіх, і сціплае асвятленне ролі Беларусі ў расійскай спецаперацыі беларускімі СМІ. Рух чырвона-зялёных блогераў таксама зліўся з прыхільнікамі «рускага свету», дзе ідэі вялікай усходнеславянскай рускамоўнай дзяржавы аб'ядналі камуністаў (адмовіўшыхся ад ідэй ленінізму, якія грунтуюцца на класавай, а не нацыянальнай салідарнасці), прыхільнікаў адраджэння расійскай імперыі і людзей з настальгіяй па СССР. Калі раней можна было казаць пра некаторую самастойнасць і самабытнасць кожнай з гэтых груп, у тым ліку і ў плане адносін да ўлады ў Беларусі (некаторыя прарасійскія актывісты выступалі супраць Лукашэнкі ў 2020 г.), то цяпер мне цяжка ўявіць вяртанне камуністаў РБ на пазіцыі інтэрнацыяналізму ці шчырую падтрымку беларускага прэзідэнта чырвона-зялёнымі блогерамі ў выпадку яго гіпатэтычнага канфлікту з Расіяй.

9) Міграцыя расіян і наплыў турыстаў з РФ. Пасля маштабных санкцый супраць Расіі многія расіяне пачалі рабіць шопінг-туры ў буйныя беларускія гарады з прычыны адносна невысокіх цэн і наяўнасці дэфіцытных брэндаў. Сярод іншага гэта прывяло да таго, што расіяне раскупілі адносна недарагія старыя аўтамабілі і грамадзянам Беларусі стала цяжэй купіць бюджэтную мадэль машыны. Таксама ў Расію час ад часу вывозілі харчовыя тавары ў такіх колькасцях, што яны часова знікалі ў пэўных магазінах Беларусі. Пасля аб'яўлення мабілізацыі ў Расіі ў РБ з'ехала шмат мужчын, якія спрабавалі тут схавацца ці скарыстацца тэрыторыяй Беларусі як транзітам у іншыя краіны. Дзеля справядлівасці зазначу, што беглі расіяне куды толькі маглі, не толькі ў Беларусь.

10) Падрыхтоўка беларускай арміі да магчымай мабілізацыі. З пачатку баявых дзеянняў ва Украіне актывізавалі фарміраванні тэрытарыяльнай абароны. А ўвосень 2022 г. пачалі кампанію па зверцы дадзеных ваеннаабавязаных (у маім выпадку мне проста патэлефанавалі з ваенна-ўліковага стала арганізацыі, на якую я працую і ўдакладнілі адрас і дамашні тэлефон). Таксама пачаліся праблемы з адмовай у праходжанні грамадзянскай альтэрнатыўнай службы па рэлігійных перакананнях замест тэрміновай вайсковай.

Размовы на вуліцах і не толькі

Адразу пасля пачатку баявых дзеянняў у лютым і пачатку сакавіка, беларусы актыўна абмяркоўвалі новую гарачую кропку.

***

– Не, ты пачакай, у Расіі яшчэ ёсць 400 тысяч рэзервістаў... – гарачыўся ў офісе адзін інжынер, спрабуючы нешта даказаць сваім калегам.

***

– Яны бамбілі Марыупаль, Харкаў цяпер бамбяць... – тлумачыла камусьці па мабільніку адна пажылая кабета.

***

– Так, дзеці, слухаем уважліва, – аўтарытэтна заяўляў на занятку ў школе беларускі вайсковец, прызначаны працаваць ваенруком – наша армія ў баявых дзеяннях ва Украіне не удзельнічае. Зразумелі? Я сам ездзіў у вайсковыя часткі і ўсё правяраў. Усе войскі на месцы. І там ідзе не вайна, а спецаперацыя. Спец-а-пе-ра-цыя!

***

Два хлопцы пасварыліся між сабой:

– Табе твая мама сказала, што ва Украіне фашысты!

– А табе твой тата сказаў, што фашыстаў там няма!

– Не, я сам там быў і размаўляў з мясцовымі хлопчыкам. Той казаў, што гэта прапаганда, што іх абзываюць фашыстамі. Можа, гэтага хлопчыка ўжо забілі...

***

– Ды што ты мне кажаш! – са злосцю казала адна кабета другой падчас нейкай офіснай спрэчкі, – Мы нармальна ездзілі ў Закарпацце. І патлумачылі ім, што мы беларусы...

***

– Падтрымліваць гэту спецаперацыю неяк стрыкотна, – заўважыў адзін малады чалавек у нейкай бытавой размове.

***

– Тут, у Мінску, першае, што заўважаеш, – гэта цішыня ў небе. Мы ў Гомелі кожны дзень адчувалі стрэс ад шуму ваенных самалётаў, – дзялілася ўражаннямі адна жанчына з іншай у бальніцы. Падобныя думкі выказвала адна жыхарка Мазыра.

***

У жаночым праўладным чаце Тэлеграм прагучала думка: «... і нават зараз падтрымліваю С(пецыяльную) В(аенную) А(перацыю), але я супраць рускасветнасці».


Пазней яшчэ адна хваля абмеркаванняў гэтай тэмы паднялася пасля пачатку частковай мабілізацыі ў Расіі. Але абмяркоўвалі яе людзі ўжо асцярожней.

Ужо напры канцы года на вуліцы да мяне падышоў малады чалавек з туркменскай знешнасцю і пачаў прасіць:

– Разумееце, я не жабрак. Я збег з Расіі ад мабілізацыі. Магу пашпарт паказаць. Мне патрэбны грошы на памперсы дзіцяці.

– Не магу вам дапамагчы, – адказваю я.

– Я магу вам навушнікі прадаць амаль новыя, – мужчына дастаў каробачку з кішэні.

– Выбачайце, я сам на мялі, – адказаў я і пайшоў далей. Дарэчы, нягледзячы на тое, што расіяне актыўна беглі ад мабілізацыі ў Беларусь, я практычна іх не сустракаў у Мінску, і, зразумела, не факт, што гэты малады чалавек сапраўды казаў мне праўду.

Іншыя змены

З таго часу, як пачаліся ваенныя дзеянні, у рэсурсах інтэрнэта рэгулярна рэкламуецца заклік да беларусаў не ўдзельнічаць у канфлікце на баку Расіі. А сацсеткі Facebook i Twitter пазначаюць старонкі некаторых беларускіх і расійскіх дзяржСМІ надпісам «СМІ, якое поўнасцю ці часткова кантралюецца ўрадам Беларусі (Расіі)» з тлумачэннем, што інфармацыя з гэтых крыніц можа не быць аб'ектыўнай. Тое ж самае тычыцца спасылак на сайты гэтых СМІ у пастах карыстальнікаў. Аднак падобным чынам YouTube пазначае і СМІ іншых дзяржаў, напрыклад, брытанскія дзяржаўныя медыя. Сустракаецца і рэклама расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер».

Стужка навінаў ад браузера «Майкрасофт» і ад Яндэкса адрозніваюцца падачай інфармацыі аб украінскіх падзеях. Яндэкс поўнасцю падтрымлівае дзеянні Расіі, што стварае пэўны кантраст з англамоўнымі навінамі.
Рэклама «Вагнера» УКантакце

Таксама расійская спецаперацыя спарадзіла хвалю шырокага выкарыстання абсцэнтнай лексікі (мата) у беларускіх і украінскіх СМІ, што раней здавалася малаверагодным. Часткова гэта было звязана з кірункам, у які накіраваў рускі ваенны карабель украінскі пагранічнік з вострава Змяіны пад Адэсай.

Прыхільнікі «рускага свету» актыўна пазначаюць сябе літарамі Z i V на вопратцы, у сацыяльных сетках, на аўтамабілях. Гэта ў дадатак да георгіеўскіх стужак і расійскага нацыянальнага трыкалору. У некаторых выпадках апаненты рускага свету пішуць на іх скаргі ў розныя інстанцыі ці зліваюць іх асабістыя дадзеныя ў публічную прастору. Першае звычайна прыводзіць да адпісак, другое можа выклікаць боязь носьбітаў прарасійскай сімволікі ці іх родных падвергнуцца фізічнаму нападу ці маральнаму ціску. Выпадкі агрэсіі да прарасійскіх актывістаў пакуль мне не вядомы.

Яшчэ людзі сталі яшчэ больш асцярожнымі ў выказванні меркаванняў, бо за крытыку расійскай спецаперацыі і падтрымку Украіны можна атрымаць крымінальнае пакаранне. Нават выкарыстанне украінскай нацыянальнай сімволікі (ці яе колераў), у тым ліку і самімі украінцамі, можа разглядацца як парушэнне закону. У той жа час не забараняецца выражаць падтрымку Расіі і не пераследуецца выказваць абразы украінскай мовы ці культуры.

Прыхільнікі «рускага свету» правялі некалькі мірных акцый у Мінску і Гомелі ў падтрымку Расіі. Акцыі былі дазволены, але на самую маштабную 30 красавіка 2022 года прыйшло каля 50 чалавек, а на іншыя значна менш. Таксама СМІ Беларусі не праводзілі маштабнага асвятлення такіх акцый як значных падзей. Пры гэтым жанчына, якая завяла ці то спрэчку, ці то лаянку з удзельнікамі шэсця 30 красавіка, была затрымана і пакарана. Наступная падобная акцыя прайшла 18 верасня 2022 г без здарэнняў і на яе прыйшлі таксама некалькі дзясяткаў чалавек.


Акцыя ў падтрымку Расіі 30.04.2022

Акцыя ў падтрымку Расіі 18.09.2022

Крыху прарасійскай блогасферы і СМІ Беларусі

Мае магчымасці параўноваць праўкраінскія,  прарасійскія і нейтральныя медыя Беларусі на цяперашні час абмежаваныя законамі. Практычна ўсе медыя, якія падтрымліваюць Украіну, забаронены ў Беларусі па абвінавачванні ў экстрэмісцкай дзейнасці. Нейтральныя наўпрост ігнаруюць тэму. Таму застаюцца толькі прарасійскія СМІ і блогеры. Варта памятаць, што яны не прадстаўляюць увесь народ і з'яўляюцца праявай журналістыкі думак. Публікую скрыны з гэтых крыніц выключна з даследча-інфарматыўных пабуджэнняў.




Інфармацыя з ТГ-канала sb.by

Палітолаг Шпакоўскі ў сваім ТГ-канале




Палітолаг Дзермант у сваім ТГ-канале
Пост можа працягваць папаўняцца па меры апрацоўкі новай інфармацыі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць