18.07.2015

Альтэрнатыўная служба

4 чэрвеня 2015 г. ў Беларусі быў прыняты закон "Аб альтэрнатыўнай службе". Новы закон дазваляе праходзіць грамадзянскую альтэрнатыўную службу (сельская і лясная гаспадарка, будоўля дарог і г.д.) практычна на роўных умовах з армейскай тым, каму рэлігійныя перакананні не дазваляюць служыць у арміі.


Рэклама альтэрнатыўнай службы ў мінскім метро.

Мне гэта цікава тым, што ў свой час даводзілася мець "контры" з ваенкаматам па гэтаму пытанню. Спачатку ў 1997 г. калі я паступаў у вну, а барысаўскі ваенкамат імкнуўся "абуць мяне ў боты". Пазней -- у 2002 г., калі я вучыўся на 5-м курсе, гэта быў ужо Першамайскі РВК Мінска. Праблема была не ў тым, што я жадаў "адкасіць" ад выканання свайго абавязку перад дзяржавай. Асаблівай боязі перад вайсковай службай у мяне, сына і ўнука ваенных, не было. Але было (як і ёсць) перакананне, што вучыцца ваяваць гэта зло. Я не пацыфіст у класічным разуменні гэтага слова. Хутчэй мая пазіцыя звязана з жаданнем захаваць нейтралітэт у канфліктах і супярэчнасцях краін і людзей. Яна ахоплівае не толькі нежаданне падтрымліваць узброенныя канфлікты, але і палітычную барацьбу. І караніцца гэта ў веры, што толькі Царства Бога здолее навесці парадак на зямлі.

Зразумела, хтосьці бачыць у такіх поглядах хімеру, але я не вяду рэлігійных спрэчак на старонках гэтага блога, а толькі тлумачу сваю матывацыю. І, дарэчы, не маю мэты навязаць сваю пазіцыю іншым людзям.

Дык вось у 2002 г. я ішоў у ваенкамат на Калініградскім завулку 16, атрымаўшы павестку ў дэканаце свайго гістарычнага факультэта БДПУ. Ішоў з загадзя падрыхтаванай заявай і спартыўнай злосцю. Некалькі маіх сябраў прызыўнога ўзросту, якім сумленне таксама не дазваляла вучыцца ваяваць, ужо знаходзіліся ў зацяглых разборках з сваімі ваенкаматамі. Ускосна я ведаў некалькі выпадкаў, калі за адмову служыць некалькі вернікаў атрымалі некалькі месяцаў турмы альбо "хіміі". Тэарэтычна, я меў права на альтэрнатыўную службу і збіраўся дабівацца яе. Практычна, адзінай альтэрнатывай, на якую згаджаліся ваенныя чыноўнікі, была служба у небаявых частках (чыгуначныя і будаўнічыя войскі). Мне "свеціла" стаць перакладчыкам ваеннай прэсы (так запісана ў маім ваенным білеце). Але справа была не ў нежаданні браць у рукі зброю (я нічога не маю супраць, напрыклад, палявання, як здабычы ежы) а ў нежаданні служыць у арміі ўвогуле. Таму альтэрнатывай для мяне было б прайсці грамадзянскую службу на карысць дзяржавы. Аб гэтым я напісаў заяву, якую падаў начальніку 2-га аддзялення (НА2) Першамайскага РВК Мінска.

Была яшчэ адна праблема: я тады быў выключаны з спісу вернікаў рэлігіі, якую вызнаю, за пэўны дрэнны ўчынак. Таму я не мог спаслацца на сваю прыналежнасць да пэўнай канфесіі і мусіў гаворыць пра свае ўласныя перакананні. Але канфесійная прыналежнасць мне б не асабліва і дапамагла, бо гаворка ўсё роўна ішла пра мае ўласныя перакананні.

Адразу НА2, здаецца, саракагадовы вусаты маёр, імя якога не памятаю, паспрабаваў "узяць мяне на понт" рознымі спосабамі.

-- Ты косіш! Ты ілжэц! Я ведаю, што рэлігія, якую ты лічыш сваёй, дазваляе служыць у арміі! -- крычаў ён на мяне.

Калі маёр пачаў на мяне крычаць, спачатку мне было крыху няёмка, але гэта пачуцце было толькі некалькі секунд. Я пачаў тлумачыць свае правы, спасылаючыся на Канстытуцыю і закон аб ваеннай службе. Маёр ізноў паспрабаваў "узяць мяне на понт":

-- Ну і ідзіце і цісніце на парламент, каб прыняў закон аб альтэрнатыўнай службе, а зараз яе няма. Хочаш, убірайся з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, каб не служыць.

Я ізноў пачаў гнуць лінію, што маю права на "альтэрнатыўку" і што служба ў будаўнічым батальёне ці ў чыгуначных вайсках супярэчыць майму сумленню.

-- Мы напішам табе даведку, што ты псіх, потым не знойдзеш нармальную працу. -- яшчэ раз паспрабаваў наехаць НА2.

У гэты час адзін хлопец, які праходзіў вайсковую службу праз ваенную кафедру вну, зайшоў да яго падпісаць паперу, звязанную з тым, што яму давалі афіцэрскае званне.

-- Вось! Гэта я ўхваляю. -- сказаў маёр, звяртаючыся да мяне. Можа, лічыў, што мне павінна быць сорамна.

Наша размова не цягнулася доўга, але НА2 пад канец супакоіўся і прачытаў у маёй Бібліі думку з Кнігі Ісаі аб тым, што верныя Богу людзі не будуць вучыцца ваяваць. Нарэшце ён казаў:

-- Пройдзеце медкамісію і там будзем вырашаць, што з вамі рабіць.

Маю заяву падкалолі да справы і адзін хірург на медкамісіі будучы ў дрэнным настроі завёў са мной дыспут аб маёй пазіцыі, негледзячы на пратэсты іншыў прызыўнікоў. У мяне знайшлі скаліёз, які расставіў кропкі над "і". Мяне прызналі абмежавана годным для ваеннага часу і нягодным для мірнага. Аб гэтым я даведаўся праз некалькі год, за якія мяне ні разу не выклікалі павесткамі, і толькі начальства вну, дзе я працаваў выкладчыкам, патрабавала разабрацца з тым, чаму ў мяне, 27-гадовага мужыка, замест ваеннага білета прыпісное пасведчанне. Я сам пайшоў у свой Першамайскі ваенкамат і мне моўчкі выдалі ваенны білет у нейкім акенцы.

Некаторым іншым вернікам пашанцавала менш, але ў 2000-х быў выпадак калі за адмову служыць вернік атрымаў штраф у некалькі соцень долараў у эквіваленце, а кагосьці суд поўнасцю апраўдаў. Увогуле адсутнасць "альтэрнатыўкі" была праблемай і для ваенкаматчыкаў, бо яны не маглі паўнацэнна кваліфікаваць мужчын, якія з'яўляліся па павестцы як ухілістаў, бо яны прыходзілі адпаведна закону і патрабавалі альтэрнатыўную службу, якая была прадугледжана законам аб ваеннай службе, але якая не была распрацавана фактычна. Нярэдка, праблема вырашалася тым, што вернікам давалі адтэрміноўку ізноў і ізноў да 27 год, калі яны ўжо аўтаматычна пераходзілі ў запас.

Таму магу сказаць, што цудоўна, што гэту праблему паступова пачалі вырашаць. У мяне растуць сыны. Калі яны будуць трымацца тых жа каштоўнасцяў, што і я, то магчыма праблем у іх будзе меньш у прызыўным узросце. Хоць я разумею, што шмат чаго можа змяніцца ў гэтым плане за 10-15 год...

Таксама, добра, што альтэрнатыўная служба дае магчымасць мужчыне адчуць сваю годнасць. Час ад часу я сутыкаўся з пыхлівасцю некаторых вайскоўцаў: калі ты не служыў у арміі, ты не сапраўдны мужчына. Тут я зраблю лірычнае адступленне. Мой бацька, які прайшоў Афганістан, так не гаворыў. Бачыў я і мужнасць "таварышаў афіцэраў", якія пабаяліся нават міліцыю выклікаць, калі шпана біла вокны ў пад'ездзе іх дома. Ад бацькі і ад сваіх студэнтаў, якія служылі ці служаць, даведаўся шмат пра праблемы сучаснай арміі. Салдат кідаюць на будоўлі і сельскагаспадарчыя работы, яны фарбуюць траву ў зялёны колер перад прыездам высокага начальства, яны рамантуюць кватэры, будуюць дачы і нават выбіваюць дываны афіцэрам (праўда, зараз гэта практыка скарацілася). Афіцэры аб'ядаюць салдат у сталовай. Я магу прыводзіць яшчэ шмат доказаў таго, што сама сабой вайсковая служба не робіць з хлопца годнага мужчыну і што многае з таго, што робіцца ў сучаснай беларускай арміі, мала дапамагае мужчыне навучыцца абараняць сваю краіну. Але справа не ў гэтым. На медкамісіі са мной былі хлопцы, якія паміж сабой дзяліліся вопытам, як "адкасіць", як падмануць камісію. Калі вернікаў на прызывах бывае ў год некалькі дзясяткаў, то ўхілістаў -- некалькі соцень. Пры гэтым для ўхіліста няма праблемы браць падарунак на дзень абаронцы Бацькаўчыны ці гуляць у ваенныя гульні. І "альтэрнатыўка" дае магчымасць даказаць мужчыне, што ён не ўцякае ад цяжкасцяў.

Яшчэ шмат чаго ў новым законе неясна. Асновай для замены вайсковай службы альтэрнатыўнай грамадзянскай будуць рэлігійныя перакананні. Але ці трэба будзе штосьці даказаць таму, хто выбірае алтэрнатыўную службу? Ці будуць яны таксама праходзіць прэсінг, як я і мае сябры (аднаму з якіх спрабавалі навязаць чыгуначныя войскі, якія быццам належаць не мінабароны, а міністэрству шляхоў зносін, а другому адшукалі ілжэсведкаў як ён быццам абяцаў, што будзе служыць у арміі). Для каго-небудзь гэта будзе бясплатным цыркам, а кагосьці такі прэсінг можа і зламаць як асобу. Таксама праблемай можа быць, калі альтэрнатыўная служба будзе арганізавана пад эгідай Праваслаўя ці Каталіцкай царквы -- бо большая частка вернікаў, якія адмаўляюцца ад армейскай службы, трымаюцца іншых веравызнанняў і не будуць працаваць на канфесіі, вучэнні якіх лічаць памылковымі. Для ваенных нярэдка ўсе вернікі на адзін твар, таму гэта можа быць праблемай.

І яшчэ адзін момант. Гэты закон ніяк не закранае выбар тых, хто абыякавы да рэлігіі. А тых, хто не жадае служыць і пры гэтым не мае рэлігійных перакананняў, я сустракаў шмат. Не кожны з іх класічны ўхіліст, які жадае узяць ад жыцця самае лепшае і аддаць, як мага менш. Магчыма, з цягам часу штосьці будзе зроблена і для такіх людзей. Калі ёсць выбар, то выпадковых людзей не на тым месцы робіцца менш.

Аднак я рад, што ёсць магчымасць для многіх маладых мужчын не паступацца сваім сумленнем. І я бачу ў гэтым, як і ў многіх іншых змяненнях, паступовы адыход беларускай дзяржавы ад савецкіх стэрэятыпаў. У якім накірунку пойдзе далейшае развіццё -- пакажа час.

***
На пачатак 2020 г. падзеі развіваліся не так аптымістычна, як я іх бачыў на момант напісання гэтага паведамлення. Многія вернікі насамрэч атрымалі права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу (АГС) і гэта можна толькі вітаць. Але некаторыя сутыкнуліся з дыскрымінацыяй з боку беларускай дзяржавы. У 2016 г. Віктар Каліна, які адмаўлялся ад армейскай службы па рэлігійных перакананнях, быў аштрафаваны на буйную суму грошай. Вярхоўны суд Беларусі пацвердзіў прыгавор. Прычына? Закон аб АГС яшчэ не ўступіў у сілу на момант прызыва В. Каліны ў армію. У 2019 г. Дзмітрый Мазоль, які раней прайшоў тэрміновую ваенную службу, а пазней стаў пацыфістам па рэлігійных перакананнях, быў закліканы на вайсковыя зборы і атрымаў адмову ад удзелу ў гэтых зборах ва ўсіх інстанцыях ад Пінскага ваенкамата да міністра абароны. Зараз ён судзіцца за права не праходзіць такія зборы. Прычына? Тым, хто прайшоў тэрміновую службу, не прадугледжана права мяняць перакананні.

Таму ў законе аб АГС застаюцца такія хібы:
* Адсутнасць права на альтэрнатыўную службу для людзей з рознымі поглядамі на рэлігію, а не толькі членам накірункаў пратэстантызму, вядомых пацыфісцкімі поглядамі (праваслаўны ці атэіст не мае права на АГС).
* Адсутнасць права мяняць перакананні: евангельскі хрысціянін можа выбраць ісці ў армію ці на АГС, але, калі атэіст адслужыў у арміі і пазней стаў, маўляў, Сведкам Іеговы, яму не прадугледжана вызваленне ад далейшых вайсковых збораў.

Спадзяюся, што законы Беларусі будуць далей мяняцца ў лепшы бок.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...