понедельник, 10 июня 2013 г.

Печы: гісторыя, ўспаміны і сучаснасць. Вандроўка з сынам

Тут я жыў з 1988 па 1996 г...
Тэарэтычна пгт Печынскі альбо проста Печы не існуе, а ёсць вул. Сярэбрэннікава ў г. Барысаве. Калісьці гэта быў закрыты ваенны гарадок. Калі мой бацька, армейскі афіцэр, (ўжо былы) прыехаў сюды служіць у 1988 г.  праезд у ваенны гарадок быў магчымы толькі праз КПП, а гарадок быў агароджаны каменнай сцяной. Але ўжо на маёй памяці ў пачатку 1990-х гг. праз КПП праходзілі без праблем, сцяна ў розных мястах была зламана і патрапіць у гарадок нейкаму дыверсанту было не цяжка.



Уваход у Печы. 2013 г.

Сёння ваенны гарадок крок за крокам пусцее, але на яго месцы будуюцца новыя барысаўскія жылыя дамы.



Вось "інжынерка", на якой калісьці практыкаваліся салдаты і вучні мясцовай школы (фізпадрыхтоўка і ваенная падрыхтоўка).

Вось на гэтай вайсковай параднай трыбуне ў пачатку 1990-х вісеў герб "Пагоня"

А побач з ёй савецкая чырвоная зорка. Дыялектыка-с.

Вось гэты падлесак быў месцам дзе калісьці салдаты праходзілі элементы баявой падрыхтоўкі, і нават здымалі вучэбнае кіно пра маральна-псіхалагічную падрыхтоўку салдат.


Мы з маім старэйшым сынам Данікам на "інжынерке"

Вось ў гэтым пад'ездзе такая гісторыя. Канец 1980-х гг. Я і яшчэ адзін хлопец былі відавочцамі таго як мясцовая шпана біла вокны пад'езда (правы рад) збягаючы з 5-га паверху на першы. І потым доўга шумела на вуліцы. А паны, пардон, таварышы афіцэры, якія жылі ў доме нават міліцыю не выклікалі. Так што натаўскія танкі тут не прарвуцца...

Гэта сметніца была калісьці месцам, куды адзін раз у дзень заязджала спецмашына з кантэйнерам. І жонкі паноў-афіцэраў спяшаліся несці да яе смецці. Аднойчы мы нават дзвер выбілі, каб паспець вынесці смецце. А ў пачатку 2000-х яе часта палілі, нам з маім братам гэта нагадвала сметніцу Ге-Хіном у старажытным Ерусаліме, ад чаго ўзнікла назва "геенна вогненная". Так што калісьці гэта месца было гееннай.



Будынкі сталінскай эпохі. 1935-36 гг.


Сярэдняя школа №7, заснавана ў 1936 г. (бо, калі ў 1996 г. я яе скончыў, святкавалася яе 60-годдзе). Будынак поўнасцю перароблены.

На гэтай пляцоўцы праводзілі школьны кірмаш. Вучні прадавалі розныя рэчы з дому, а грошы ішлі ў класны фонд. Праўда, частку грошай забіралі сабе дзеці-гандляры і мясцовыя хуліганы.

Дарэчы ў гэтай школе у канцы 1980-х гг. пісалі чарніламі (потым перайшлі на шарыкавыя асадкі). Нярэдка хуліганчыкі білі чарнільныя бутэлькі аб сцены, і на адной такой запляманай чарніламі сцяне хтосьці пакінуў пажаданне, як здаецца, прэзідэнту СССР Гарбачову "Хочу курить, Михаил Сергеевич".
Памятаю і як пасля распаду СССР у школьным двары палілі выявы галубоў - сімвал міру, з якімі вучні хадзілі на першамайскія дэманстрацыі, як у пачатку 1990-х на сцене актавай залы, дзе крыху раней рабілі прасавецкія патрыятычныя мерапрыемствы, выступалі перад вучнямі прапаведнікі адной пратэстантскай царквы. Дарэчы, ў сучаснай Беларусі такое дазваляецца толькі праваслаўным святарам.

У гэтым магазіне ў канцы 1980-х гг. я стаяў у даўжэйшых чэргах за малаком (дарэчы малако гэта так піць было нельга, яго залівалі ў бідоны і дома кіпяцілі), а таксама іншымі прадуктамі харчавання

На гэтым стадыёне разведчыкі-вайскоўцы рабілі шоў накшалт нападу на аб'ект, рукапашнай бойкі і г.д. Сёння ад стадыёна амаль нічога не засталося.

Помнік В.І. Леніну ля былога Дома Афіцэраў. У Беларусі помнікі Леніну не бурылі нават у першай палове 1990-х гг., але партрэтам і бюстам дасталася больш. Памятаю, як у адзін такі партрэт школьнікі шпурлялі трорвугольную лінейку як бумеранг.

Дом культуры. Былы Дом Афіцэраў.


Унутры ДК. Не ведаў, што ў г. Барысава ёсць свой сцяг.

Алея герояў дывізіі. Хто цікавіцца ваеннай гісторыяй, можа правесці тут больш грунтоўную фотасесію.


Слава героям артылерыстам можа быць не вечнай...

Вось гэты будынак дзіцячага саду - таксама даволі старая забудова

І гэта забудова таксама старая, толькі яе гаспадарчае прызначэнне дакладна не ведаю.

Вось што значыць літаральна сядзець на шыі ў дзеда...

Развітанне з паўстанкам.

Дадому, ў Мінск!

Вандроўка адбылася 8. 06.13.


1 комментарий:

  1. Ха-ха. Точно! Было такое: Хочу курить, Михаил Сергеевич. Я мимо это надписи мусор ходил выносить, в 16-м доме жил. Прям из детской памяти фраза всплыла.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.