18.06.2013

М. Мураўёў і паўстанне 1863 г.

Аб паўстанні 1863 г. я ўжо пісаў (пост пра «Мужыцкую праўду», пост «Каліноўскі як беларускі Чэ Гевара»). Некаторыя пытанні заставаліся яшчэ адкрытымі, і я вырашыў прысвяціць ім яшчэ адзін пост. Яшчэ раз хачу паўтарыць тое, што звычайна пішу: я палітычна нейтрален, жадання далучацца да лагера польскіх, беларускіх ці рускіх нацыяналістаў не маю. Але гатовы да навуковай дыскусіі з абмеркаваннем фактаў, а не іх палітычных інтэрпрытацый.

Таксама прызнаю, што матэрыялу гэтай распрацоўкі не хапае грунотоўнага падмацавання крыніцамі. Але праз блог я кідаю ідэю «ў масы», а кожны, хто хоча можа дадаць крыніцы якія падцвярджаюць ці аправяргаюць тое, што я напісаў. Тым не меней, я знайшоў, здаецца, адказы на свае пытанні, якія падняў у артыкуле пра «Мужыцкую праўду» ў тых крыніцах, што здолеў асіліць за 4 гадзіны ўважлівага чытання.

Асоба М. Мураўёва.

«– Пациент скорее мертв, чем жив
Пациент скорее жив, чем мертв
Пациент либо жив, либо мертв»
(Из экранизации «Буратино»)

***
«– Чаму маркі з фатаграфіяй Брэжнева перасталі выкарыстоўваць на пошце?
Адны яго надта старанна ліжуць, другія плююць не на той бок»
(З анекдота)

Партрэт М. Мураўёва, крыніца: http://www.stihi-xix-xx-vekov.ru/fotogalereya81.html

Успрыманне асобы Віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва гісторыкамі звычайна палярная. У. Гігін піша пра яго амаль «іканапісны» артыкул, спасылку на які можна знайсці ў рускай Вікіпедыі ў артыкуле "Польское восстание 1863 г". Многія савецкія і беларускія, а таксама польскія гісторыкі разглядаюць яго як недалёкага тырана. Каб не спрабаваць разважаць у стыле «праўда знаходзіцца па сярэдзіне, Мураўёў быў крыху святы, крыху тыран», я вырашыў адштурхнуцца ад яго апісання былым падначаленным. (1)

Калі чытаеш пра такую асобу, у галаву прыходзіць адна думка: дык гэта ж Сталін! І вось аналогія:

  • абодва жорстка расправіліся з ворагамі і выкаранілі ўсялякае непаслушэнства сваёй уладзе: пасля Мураўёва Польша ўжо не паўставала, пасля Сталіна не было ніякай сур'ёзнай апазіцыі савецкай уладзе ў СССР;
  • абодва паспяхова карысталіся і бізуном, і пернікам, дзе бачылі патрэбу;
  • абодва былі дужымі аналітыкамі і выдатнымі менеджэрамі: яны разумелі якіх людзей накіраваць на якую працу, што рабіць, каб дасягнуць патрэбнай мэты;
  • абодва кіравалі сістэмай практычна не пакідаючы кабінета;
  • абодва працавалі падчас на мяжы магчымасцяў працаздольнасці чалавека і прымушалі так працаваць сваіх падначаленных.

Перш за ўсё Мураўёў перакрыў фінансавы «кісларод» паўстанчым атрадам на Беларусі: ён абклаў пэўнымі зборамі польскае і прапольскае дваранства, і яны перасталі даваць грошы і харчаванне паўстанцам. Таксама сур'езная ўвага надзялялася пакаранню паўстанцаў і іх прыхільнікаў, вобыскам дваранскіх маёнткаў з канфіскацыяй складоў зброі, прывабліванню сялян і гараджан на бок царскага ўрада.

Цікава і тое, што падчас кіравання М. Мураўёва былі спробы пэўнай папулярызацыі беларускай мовы (альбо гаворкі) як дыялекта рускай і як процівагі польскай мове і культуры. Гэта цікава не толькі таму, што Мураўёва многія малююць як русіфікатара і шавініста, але і таму, што К. Каліноўскі таксама спрабаваў пісаць адозвы («Мужыцкую праўду») да сялян на сумесі беларускіх і польскіх слоў. Такім чынам беларуская мова была ў некаторай ступені разменнай картай у палітычнай барацьбе. Аднак, як я ўжо пісаў, у 2-й палове ХІХ ст беларускую і ўкраінскую мову не ўспрымалі сур'ёзна як мову літаратурную, на якой можна весці справаводства, перекладаць сусветных класікаў, пісаць навуковыя працы (гл. пост «Яшчэ раз аб беларускай мове»). Тут можна крыўдзіцца, можна смяяцца, але час даказаў, што і беларуская і ўкраінская мовы «выраслі» ў літаратурныя і не менш вялікія і магутныя, чым руская і польская. Адмаўляць унёсак Янкі Купалы, Васіля Быкава, Лёсі Ўкраінкі, Івана Франкі ў сусветную культуру проста бессэнсоўна. Таго ж Васіля Быкава мне даводзілася чытаць у англійскім перакладзе, а калі ён памёр, расійскі палітолаг М. Сванідзе назваў яго адным з найвялікшых пісьменнікаў ХХ ст... Як бы ні ставіліся К. Каліноўскі і М. Мураўёў да мовы, на якой размаўлялі малапісьменныя сяляне, пэўны ўнёсак у развіццё гэтай мовы ўнеслі яны абодва.

І ў эканамічным сэнсе пасля паражэння паўстання 1863 г. зажылі беларускія сяляне лепей, асабліва на захадзе сучаснай Рэспублікі Беларусь, дзе ім давалі зямлю, канфіскаваную ў паўстанцаў, хатнюю жывёлу за кожнага пераданнага ўладам паўстанца ці таго, хто ім дапамагаў.

Яшчэ для сялян гэта была магчымасць адпомсціць дваранам за паншчыну, прыгоннае права, чынш, пакаранне бізуном, за гарэмы з прыгонных сялянак, за стральбу па жаночым ягадзіцам дробнымі кулямі, за жорскае пакаранне ўдзельнікаў сялянскіх паўстанняў... (Гэта падобна на тое, як у расійскім серыяле «Вяртанне Мухтара» следчы Шчэпкін кідае неанацыста ў следчы ізалятар да гастарбайтараў і тлумачыць апошнім, якога госця ім прывёў, а ахоўніка просіць не перашкаджаць ім шумець ноччу).

Маральны кодэкс Мураўёва.

У.Гігін прадстаўляе віленскага генерал-губернатара як чалавека высокай маралі, але дазволю сабе з гэтым не згадзіцца. Хутчэй за ўсё гэта быў чалавек справы. Для яго дасягненне мэты было важней за іншае. Князь Імярэценскі, які ўвогуле станоўча характарызаваў М. Мураўёва, прызнаваў, што апошні любіў толькі выканаўцаў, але не цярпеў тых, хто меў сваю думку (1). Гэтага аднаго дастаткова, каб німб святасці зваліўся з яго галавы і разбіўся аб каменную падлогу рэальнасці. Далёка не ўсе нестандартныя людзі, якіх пры Мураўёве звальнялі з дзяржаўных пасад у Паўночна-Заходнім крае (так тады афіцыйна называлася Беларусь), былі пагрозай для Расійскай імперыі, як і не ва ўсіх сітуацыях чыноўнік-выканаўца дзейнічае лепей за «крэатыўшчыка».

Аднойчы да М.Мураўёва прыйшла маладзенькая дваранка, бацька і брат якой былі асуджаны на смерць за ўдзел у паўстанні. Па яе словах, Мураўёў прапанаваў ёй інтымныя адносіны ў абмен на жыццё асуджаных членаў сям'і. Яна адмовілася і ён адказаў, што іх смерць будзе на яе сумленні. (Шкада, я згубіў дзе ў інтэрнэце я прачытаў аб гэтай гісторыі, і забыў імя той дзяўчыны).

З пункту гледжання банальнай эрудыцыі не кожны індывідуум будзе сцвярджаць, што так усё і было. Калі б амаль 70-гадовы губернатар быў б, выбачайце, палавым гігантам і бабнікам, то да рэпутацыі вешальніка і ката (крыху пазней аб тым насколькі яна была апраўдана яшчэ вернемся) злыя языкі дадалі б яшчэ мянушку: Мураўёў-бабнік. Таму вось што магло быць на самой справе:

  1. нічога не было, жанчына прасіла жыццё родным, Мураўёў адмовіўся і яна абгаварыла яго;
  2. жанчына сама прапанавала сэкс за свабоду, Мураўёў адмовіўся і яна абгаварыла яго;
  3. Мураўёў сапраўды прапанаваў такі натуральны абмен (але ён таксама чалавек, і нават людзі з высокімі маральнымі прынцыпамі могуць паддацца спакусе зрабіць тое, што лічаць дрэнным);
  4. Мураўёў сапраўды прапанаваў інтымную сувязь дваранке, ведаючы (бо такі чалавек проста не мог не быць першакласным псіхолагам) што яна адмовіцца і будзе ў шоке; гэтым ён мог паказаць, што, як яе дваранскае сумленне не дазваляе ёй апусціцца да ўзроўня жанчыны легкіх паводзін, так і яго пачуццё абавязку не дае яму права пакінуць жывымі людзей, якіх ён лічыць небяспечнымі ворагамі Бацькаўшчыны. Як гавораць французы, noblesse oblige.

Але Бог ім суддзя... Толькі не гожа сумленнаму гісторыку ляпіць такім асобам, як Мурўёў німбы святога ці рогі чорта. Цяпер прапаную паглядзець з кім гэты «вешальнік» змагаўся як з ворагамі.

Паўстанцы: рамантыкі, разбойнікі, рэвалюцыянеры.

Каб зразумець лепей сітуацыю, ў якой адбылося паўстанне 1863 г. трэба зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю. З 1485 г. Польша і Вялікае Княства Літоўскае Рускае і Жамойдскае (землі Беларусі, Украіны і часткі Расіі) былі ў складзе саюзнай дзяржавы: адзін і той жа чалавек быў і польскім каралём і вялікім князем ВКЛ. З гэтага моманту пачалося апалячванне дваран (шырокага пласта насельніцтва Княства, якое больш вядома пад назвай «шляхта»). Увесь гэты час ішла барацьба за рускія (больш правільна было б назваць «усходнеславянскія») землі з Вялікім Княствам Маскоўскім. Важна памятаць, што ў гэты час ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці была яшчэ ў стадыі зараджэння. Рускі селянін з-пад Пскова разумеў мову рускага селяніна з-пад Смаленска, але для абодвух радзімай было месца, дзе яны жылі і працавалі. А шляхта мяняла сваіх манархаў, калі было трэба і пераходзіла да канкурэнтаў, прычым разам з землямі і сялянамі. У такіх умовах два манарха: цар Вялікія, Малыя і Белыя Русі і кароль польскі, вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойдскі разумелі, што двум рускім манархам на адной зямле няма месца. І рознымі спосабамі спрабавалі знішчыць дзяржаву-канкурэнта. Акрамя войнаў былі дынастычныя шлюбы, інтрыгі, спробы перацягнуць праваслаўнае насельніцтва ВКЛ ва ўніяцтва (праваслаўныя абрады пры падпарадкаванні святарства Рымскаму папе)... Сітуацыя канчаткова пераламілася падчас Лівонскай вайны паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам з аднаго боку і Маскоўскім княствам з другога. Калі ўзнікла пагроза заваявання ВКЛ, гэта дзяржава ўвайшла ў склад федэрацыі з Польшчай. Гэта адбылося ў 1569 г. Пасля гэтага ўсё больш шляхцічаў, якія нараджалася на сучасных беларускіх землях лічылі сябе палякамі і размаўлялі па-польску. Прапаную пралістаць факсімільнае выданне 2-томніка «Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации»: фатакопіі польскіх, лацінскіх, французскіх, нямецкіх кніг – і аніводнай на рускай (маю на ўвазе мову Ф.Скарыны, а не А. Пушкіна).

Барацьба за славянскія землі паміж Польшчай і Расіяй працягваліся, і ў канцы ХVІІІ ст ўсе беларускія і ўкраінскія землі ўвайшлі ў склад Расіі. У 1794 г. падчас спробы Тадэўша Касцюшкі адваяваць незалежнасць Польшчы ад намаганняў Расіі, Прусіі і Аўстрыі, рускія войскі на чале з Суворавым штурмавалі Варшаву і некаторыя салдаты неслі паміраючых польскіх немаўлят на штыках. Пасля такога для палякаў рускія проста не маглі не быць акупантамі.

Пасля Напалеонаўскіх войнаў Польшча ўвайшла ў склад Расіі як аўтаномія, а рускі імператар стаў адначасова і польскім царом. Зразумела, што немаўлят на штыках ніхто дараваць не збіраўся. У 1830-31 адбылося паўстанне польскай шляхты ў Польшчы і на Беларусі. Паўстанне было падаўлена. Аднак пасля паражэння ў Крымскай вайне 1853-56 гг., калі супраць Расіі на баку Турцыі выступілі Вялікабрытанія і Францыя, а таксама пасля адмены ў Расіі прыгоннага права на ўмовах, якія не задавальнялі сялян ўзнікла новая магчымасць узяць рэванш.

У 1862 г. пачаліся масавыя хваляванні ў Польшчы: дэманстрацыі пратэсту, рабаўніцтва праваслаўных церкваў і манастыроў, бойкі з рускімі вайскоўцамі. У 1863 г. гэтыя хваляванні перараслі ў арганізаванае паўстанне. Атрады шляхты хутка дабраліся да Беларусі, дзе да іх пачалі далучацца прадстаўнікі мясцовай шляхты, гімназісты, некаторыя рускія афіцэры і некаторыя сяляне.

Калі я вывучаў гэта паўстанне ў школе і вну, мне здавалася, што гэта была вайна роўных сіл, калі паўстанцы адкінулі рускіх на ўсход Беларусі і ўводзілі новыя парадкі на адбітых у рускіх землях, а потым царская армія ізноў адкінула іх у Польшчу. Але насамрэч польскія паўстанцы вялі барацьбу з дужэйшым ворагам: рэгулярнай рускай арміяй. Аб рэкрутах сёння гавораць пераважна ў негатыўным сэнсе. Але, як сын і ўнук армейскіх афіцэраў маю права не згадзіцца. Прызыўнік служыць у арміі 1-3 гады, за гэты час ён не столькі вучыцца ваяваць у рэальных баявых дзеяннях, сколькі выбівае дываны ў афіцэраў, будуе ім дачы, косіць і нават фарбуе ў зялёны колер траву... Нават тое, чаму ён навучыўся за гэты тэрмін ён забывае як страшны сон, бо потым ужо ніколі не вяртаецца ў войска (ёсць вайсковыя зборы, але яны толькі дапамагаюць не забыць як выглядае аўтамат). А рэкрут служыць 15-25 гадоў. За гэты час ён пастаянна ваюе з туркамі, іранцамі, чэчэнцамі, падаўляе паўстанні сялян, праходзіць праз пакаранне палкамі. Таму адзіная магчымасць дасягнуць якога-небудзь поспеху для паўстанцаў была партызанска-тэрарыстычная вайна. Многае ў тым паўстанні нагадвае сучасную барацьбу чэчэнцаў за незалежнасць ад Расіі.

Невялічкія атрады паўстанцаў блукалі па лясах і атакавалі атрады рускай арміі, ці нападалі на сялян. Тым часам тэрарысты забівалі асобных чыноўнікаў, некаторых праваслаўных святароў і рускіх афіцэраў. Мясцовае дваранства і каталіцкае духавенства дапамагала атрадам паўстанцаў грошамі, харчаваннем, зброяй і вопраткай. Большасць рабілі гэта дабраахвотна, але выбар быў даволі тэарэтычны: калі адна памешчыца адмовілася фінансава дапамагчы паўстанцам, яны яе павесілі ў яе ўласным маёнтку (не ведаю толькі ці гвалцілі перад гэтым, ці не).

Маральны воблік адраджэнца Рэчы Паспалітай.

Я ўжо пісаў, што не закідываю брудам салдатскія магілы. Але я даволі далёк ад думкі, што ўсё паўстанцы змагаліся за радзіму, за Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. (гэта быў год, калі Польшчу пачалі дзяліць як торт суседнія дзяржавы). Кожная рэвалюцыя – гэта не толькі магчымасць скончыць жыццё на шыбенніцы ці ля сценкі, што і здарылася з 128 паўстанцамі, але і магчымасць зрабіць бліскучую кар'еру ў выніку перамогі.

Калі вы працуеце ў камп'ютарнай фірме 5 гадоў і вам не даюць пасаду загадчыка аддзела, вы можаце перайсці ў маладую фірму канкурэнтаў, дзе як раз месца загадчыка аддзела яшчэ вакантна. Але калі вы будзеце сядзець і чакаць, якая фірма пераможа, на вакантную пасаду прыйдзе хтосьці іншы, а вы будзеце яшчэ 5 гадоў чакаць павышэння.

Так было з некаторымі рускімі афіцэрамі. Пакуль яны стануць маёрамі і палкоўнікамі ў рускай арміі пройдуць гады. А тут рэвалюцыя... Была-не была, і яны паспрабавалі выцягнуць шчаслівы латэрэйны білет. А ў пачатку паўстання яшчэ не было вядома, хто пераможа, бо і чэчэнцы ў 1996 г. прымусілі Расію падпісаць Хасав'юртаўскі мір.

Былі і рамантыкі, якія шукалі прыгод. Асабліва сярод гімназістаў. Іх выкарыстоўвалі як тэрарыстаў у гарадах і як маладых ваяроў у лясных атрадах. Дарэчы іх лёс быў не такі ўжо цяжкі: людзі Мураўёва не каралі смерцю няпоўналетніх. Нярэдка і проста адпраўлялі ў высылку. ( Аб высылке яшчэ скажу нешта далей).

Былі людзі, адданыя справе рэвалюцыі. Яны былі гатовы забіваць і рызыкаваць сваім жыццём дзеля перамогі рэвалюцыі. Яны ішлі на эшафот як героі, гатовыя прыняць пакуты і смерць за сваё разуменне справядлівасці. У адрозненні ад тых, хто адлучыўся да паўстання дзеля бонусаў ці «за кампанію», такія людзі не прасілі следчых дараваць ім жыццё і ні аб чым не шкадавалі. Напэўна такім чалавекам быў К. Каліноўскі.

Таксама падчас кожнай рэвалюцыі, як мухі на мёд, злятаюцца ўсе магчымыя крымінальныя элементы. Яны могуць далучацца да «палітычных» партызанскіх атрадаў ці фарміраваць свае. Ім няма справы да рэвалюцыі і Рэчы Паспалітай. Але яны бачаць магчымасць рабаваць. Потым вайна ўсё спіша.

Дарэчы і сярод ахвяр паўстання, думаю, што не памылюся, былі спробы штосьці спісаць на вайну. Ёсць цікавае апісанне, як у 1862 г. палякі разрабавалі праваслаўны манастыр пад Брэстам. Забралі грошы некалькі соцень рублёў (грошы нямалыя ў ХІХ ст). Але... аб рабаўніцтве вядома з пераказаў манаха гэтага манастыра. (2) Не думаю, што палякаў зусім не было, але наконт колькасці грошаў у мяне застаюцца пытанні. Да таго ж згодна гэтай самай інфармацыі, палякі нікога не забілі, нават не пабілі – забралі грошы прымусам, спыніўшы набажэнства, і пакінулі манастыр. Ці пайшлі гэтыя грошы на рэвалюцыю, ці на віно і жаншчын – невядома. Але многія сяляне і чыноўнікі заплацілі рэвалюцыянерам жыццём ці здароўем, якія падчас не вернеш.

Яшчэ адзін значны пласт удзельнікаў. Значная колькасць польскіх і апалячаных дваран, як кажуць англічане «сядзелі на плоце» (were sitting on the fence) альбо чакалі, хто пераможа. Іх пазіцыя нагадвае фразу персанажа з «Залатога цяля» Ільфа і Пятрова «а 200 рублёў могуць выратаваць гіганта думкі?». Яны былі гатовы плаціць паўстанцам грошамі, харчаваннем, магчымасцю хаваць зброю ў маёнтку, але ў атрады не ішлі. Давалі магчымасць заначаваць у сваіх палацах і дамах, але ў лесе не начавалі. Не ведаю, ці знаходзіліся паненкі, якія былі гатовы задаволіць усе натуральныя патрэбы паўстанцаў, але на вайне, як і ў мірных умовах, такіх заўсёды хапае. Калі людзі Мураўёва каралі смерцю паўстанцаў і высылалі недабранадзейных асоб у Сібір, на Каўказ і ў Сярэднюю Азію, мясцовае дваранства практычна нічога не рабіла, каб іх ратаваць. Калі была аб'яўлена частковая амністыя, такія дваране, як і падчас папярэдніх польскіх паўстанняў, былі гатовы сведчыць аб свай адданасці польскаму цару і расійскаму імператару Аляксандру ІІ.

Асобы стасунак у Расіі да дваран.

Каб зразумець як ставіліся ў Расіі да паўстаўшых дваран і чаму трэба ведаць адно слова: «блат». Расійская імперыя была класавай дзяржавай, галоўным класам у ёй былі дваране. Таму сяляніна ці небагатага гараджаніна можна было секчы паліцейскім, салдаты маглі быць забіты палкамі да смерці, а дзекабрыстам і паўстаўшым палякам многае сыходзіла з рук. Напрыклад, кіраўніка паўстання 1794 г. Т. Касцюшку расійскі імператар Павел І вызваліў з турмы, польскіе дваране, якія ваявалі за Напалеона, пісалі цару Аляксандру І пакаянныя адрасы («прызнаю сваю памылку, ляжачага не б'юць»).

Высылка ў Сібір для двараніна азначала наступнае:

а) ён едзе з усёй сваёй сям'ёй і світай на новае месца: Сібір, Урал, Каўказ;
б) ён едзе адзін, але жыве як дамашні настаўнік у сям'і мясцовага заможнага двараніна;
в) ён служыць афіцэрам рускай арміі на Каўказе ці ў Сярэдняй Азіі, хоць і «гарачая кропка», але пра жыццё рускага афіцэра гл. Лермантава «Герой нашага часу»;
г) ён працуе пісарам, настаўнікам ці дробным чыноўнікам у Сібіры ці на Ўрале;
д) ён вядзе бізнес па здабычы золата ў Сібіры;
е) у асобных выпадках дваранін служыць салдатам у войску ці ў арыштантцкіх ротах разам з крымінальнымі (вось у такіх выпадках ён мог сапраўды капаць руду ці рубіць лес, але і тады, як і больш позні сталінскі час, была магчымасць адкупіцца ад работ грошамі, якія свабодна слалі сваякі з Польшчы ці Беларусі ці сваім інтэлектам). (3)

Да 1863 г. паўстаўшых дваран чакала пятля шыбенніцы (для самых актыўных), высылка ў Сібір (з ГУЛАГам не блытаць) ці нічога, калі яны сваечасова каяліся і прасілі прабачэння ў цара. М. Мураўёў, як і кожны іншы чалавек справы, не разумеў блата і змагаўся з ім. 128 рэвалюцыянераў – камандзіры партызанскіх атрадаў, арганізатары і выканаўцы тэрактаў, асобы, віна якіх у забойствах мірнага насельніцтва была даказана падчас расследавання – былі пакараны смерцю, сярод іх нават каталіцкія святары, што было на мяжы блюзнерства для каталікоў. Некаторыя з асуджаных на смерць былі ўпэўненыя, што іх «адмажуць» іх да таго моманту, калі ўзышлі на эшафот. Хітры Мураўёў не ішоў на канфлікт з заступнікамі паўстанцаў і распараджаўся хутчэй пакараць асуджаных, а потым адпісаць, што прашэнне аб памілаванні прыйшло позна (а на самой справе праляжала на стале генерал-губернатара)

Тым, хто не быў забіты ў баю ці пакараны смерцю дасталася няпрывабная доля: іх землі аддавалі сялянам, а іх саміх адпраўлялі ў высылку. Сяляне не былі «сацыяльна блізкімі» расійскага ўрада, дваране ўвогуле лічылі іх быдлам. Слова «мужык» было абразлівым. Нават і ў сучасным беларускім грамадстве: чалавека, які працуе сваімі рукамі і якога цікавяць пераважна фізічныя патрэбы, а не вабяць кнігі, жывапіс і тэатр лічаць няпаўнацэнным у параўнанні з інтэлектуалам. І пры гэтым некаторыя інтэлектуалы лічаць, што лепш за такога «мужыка» разумеюць яго патрэбы і турботы і што маюць права вырашаць яго лёс... Але гэта ўжо іншая тэма. Зямля сялянам у царскай Расіі – гэта як палітычныя зняволенныя, якім дазволілі біць і забіваць крымінальных у савецкім ГУЛАГе; гэта як армейскія «духі», якіх паставілі вышэй за «дзядоў»; гэта як вучні, якім дырэктар школы дазволіў пляваць у твар непакорнай настаўніцы.

Гэта быў пачатак самазнішчэння сістэмы самадзяржаўя. Менавіта ў гэты час, падчас кіравання Аляксандра ІІ, Расія магла паступова стаць дэмакратычнай дзяржавай, накшалт Швецыі ці Даніі. Рэформы, якія ён праводзіў вялі да гэтага. Але яго спыніла смерць

Менавіта ламаючы стэрэятыпы, якія ляжалі ў аснове расійскага абсалютызму, генерал-губернатар Мураўёў выканаў сваю задачу: пасля яго русіфікацыя і дэпаланізацыя Беларусі пайшла поўным ходам, а палякі здолелі адрадзіць незалежную дзяржаву толькі пасля распаду Расійскай імперыі. Праўда высланныя на катаргу палякі паднялі яшчэ адно паўстанне ў 1866 г., але Мураўёва там ужо не было.

М. Мураўёў не зламаў сістэму дваранскага «блата»; каб не ламаць яе зусім, а зламаць - значыць паставіць ідэалогію Імперыі да гары нагамі) і  каб хутчэй скочыць барацьбу з паўстаннем ён нават правёў частковую амністыю ўдзельнікам партызанскіх атрадаў, якія склалі зброю дабраахвотна (як у Чэчне!). Не мог ён і зрабіць горкім жыццё тых, каго адправіў у высылку.

Яшчэ раз пра апошніх: для дваран высылка не была раем, але жылі яны лепш за высланых сялян (у матэрыяльным сэнсе). І свабоды ў іх было дастаткова. Хіба толькі клімат не заўсёды быў спрыяльны і на радзіму паехаць не маглі. Некаторыя пакутавалі ад разлукі з роднымі, але для кагосьці гэта было... Не лезу ў чужую брудную бялізну і пра эротыку прынцыпова не пішу. Проста думаю, што як сярод дзекабрыстаў, так і сярод высланых паўстанцаў хапала мужчын, якім не хапала жаночых пяшчот і яны вырашалі гэтую праблему рознымі шляхамі. Пра гэта спасылаючыся на крыніцы пісаў Аляксандр Бушкоў («Кровь и миражи гвардейского столетия»). Але Бог ім суддзя...

***

У 2006 г. мне даводзілася пабываць у Польшчы. Гасціннасць палякаў, сярод якіх хапае бедных пенсіянераў, мяне ўрадзіла. Калі я і мая жонка з мноствам падарункаў садзіліся ў аўтобус, каб вяртацца ў Белпрусь, сям'я палякаў, у якой мы жылі, плакала ад смуты. Я шчаслівы, што ёсць рэчы, якія могуць рабіць блізкімі сябрамі простага паляка і простага рускага. І хай палітыкі рознага кшалту і каляфутбольныя хуліганы грызуцца паміж сабой і далей, мне, рускаму, не забыць шчырай гасціннасці простых палякаў.

Крыніцы:

  1. Князь Николай Имеретинский. Воспоминания о графе Муравьеве.
  2. Л. Омельянский. Нападение повстанцев на Яблочинский православный монастырь в 1862 г.
  3. Виктория Сливовская. Польская Сибирь – Мифы и действительность// Новая Польша


Большасць крыніц (у тым ліку іншых, але за выключэннем 3-й) даступны ў бібліяграфіі артыкула рускай Вікіпедыі «Польское восстание 1863 г.»

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...