15.09.2013

Сяргей Шварц ці СССР у 2013 г.

Гэты матэрыял з'яўляецца часткай майго даследавання праблемы гістарычнай альтэрнатывы. Я напісаў яго ў жанры напаўфантастычнага апавядання, але па сутнасці гэта частка навуковай працы па альтэрнатыўнай гісторыі Расіі і СССР. (поўны тэкст даследчага артыкула пра гэта на англ. мове - тут) Усё, што напісана ніжэй магло, на мой погляд, адбыцца ў СССР, калі б яго не згубіла Галоснасць. Тым не меньш, кожны можна накрэмзаць каментар з уласнымі ўраджаннямі і паспрачацца змаімі дзікімі фантазіямі.

***
- Каб ты праваліўся, півош пракляты!
Гэта фраза разбудзіла Сяргея Шварца. Ён паглядзеў на мабільнік: ужо было 6:30. Да сямі можна было б і паваляцца, але суседзі не дадуць.
- Півош бязглузды, прапіў планшэт дачкі, каб цябе халера ўзяла! - даносілася праз сценку.
Сяргей вылез з ложка і паплёўся ў туалет, але там з планшэтам сядзеў яго сын Арсен.
- Здароў, тата!
- Здароў, ізноў у чатах сядзіш з самага ранку?
- Але. Без Сувязі некайфова.
- А я наадварот задаволены, што хоць яе прыкрылі.
- Ай што ты разумееш у каўбасных абрэзках.
- Табе колькі яек на патэльню біць? - адгукнуўся Сяргей з кухні.
- Як звычайна. Спорт патрабуе паліва.
Арсен вучыўся ў 11-м класе і хадзіў на трэнажоры. За гэта меў мянушку Арнольд Шварцнегер. Калі б не гэты планшэт з якім ён сядзеў кожую вольную хвілінку, можа б дабіўся б чаго лепшага ў жыцці, а не бадзяўся б у гараж штодзень як яго бацька, думаў Сяргей, але цяпер пасля таго як у 2012-м поўнасцю прыкрылі адзіную сацыяльную сетку СССР "На Сувязі", ён хоць кніжкі ў рукі бярэ.
Калісьці гэта Сувязь пачыналася як праект "сябар па перапісцы", для знаёмства падлеткаў з розных частак Саюза. Потым пачалося масавае знаёмства былых аднакласнікаў, аднакурснікаў і каля 20 мільёнаў жыхароў СССР мелі старонку ў "На Сувязі". Праблемы ўзніклі, калі дысідэнты пачалі ствараць свае суполкі і тэмы. КДБ альбо іх выдяляў, альбо ставараў свае, пасля чаго ішлі арышты тых, хто павёўся. Вось урэшце і зачынілі ўвогуле: савецкаму грамадзяніну хопіць і электроннай пошты.
Праўда аднойчы Арсен з сябрам падглядзелі як сакратар абкама абдымаўся з іх дырэктрысай, знялі відэа на мабільнік і выклалі ў "На Сувязі". Было каля тысячы праглядаў, але праблемы былі толькі ў дырэктрысы, якая пераехала ў іншы горад, ды таго партыйца: развод з жонкай, паніжэнне па службе. Плюс сына адправілі ў Афганістан...
Калі б не гэты Афган... Сяргей час ад часу шкадаваў, што сын расце такім здаровым: вось забяруць у армію, а той Афган ужо 40 тысяч такіх хлопцаў у цынкавых трунах вярнуў. Калі ў верасні 2001 года душманы здолелі захапіць пасажырскія самалёты і пратараніць імі будынак КДБ на Лубянцы і Крэмль, генсек Сутулаў аб'явіў, што савецкі народ будзе весці вайну да апошняга маджахеда, забітага апошняй куляй у грамадскім туалеце. Псля гэтага час ад часу хадзілі чуткі, што ў розных гарадах СССР душманы ўзрывалі жылыя дамы, стралялі ваенных, міліцыянераў і партыйцаў.
Праз дзесяць гадоў вайна дакацілася і да іх горада -- Мінска: душманы заклалі бомбу ў метро. Улады спачатку прыкрылі інфармацыю аб гэтым, але потым арганізавалі збор сродкам пацярпелым і сем'ям загінуўшых праз Сувязь.
У свой час многія афганцы, як бежанцы, пераехалі на ПМЖ ў Саюз і рассеяліся па краіне. Пасля 2001 года кожны савецкі чалавек ведаў слова "Аль-Каіда". І горш за ўсё было тое, што гэта арганізацыя пусціла свае карані ў краіне, і за выбухамі і стрэламі нярэдка стаялі не афганскія бежанцы, а ўзбекі, грузіны, азербайджанцы і нават рускія.
Бяда не прыходзіць адна, і ў процівагу Аль-Каідзе ўзнікла падпольная суполка "Славяне", якая стала помсціць усім неславянам СССР за тэрарыстаў. Праўда, як забівалі яны рэдка каго, то і міліцыя глядзела на іх скрозь пальцы.
Не, добра, што Арсен -- культурыст, падумаў Сяргей. У мінулым годзе два такіх "славяніна" наляцелі на яго, што ён яўрэй, а Арсен раскідаў іх як шчанюкоў. Потым іх затрымала міліцыя, тыя парні былі дэмбелямі-"афганцамі". Думка, што яго сын перамог двух здаровых мужыкоў, напоўніла бацькоўскае сэрца пачуццём гонару.
Бацька і сын моўчкі елі яечню і пілі каву. Потым Арсен скокнуў на турнік, а Сяргей стаў збірацца ў гараж, дзе была яго кустарная майстэрня: ён шыў і рамантаваў вопратку і абутак.
- Тат, - раптам узгадаў Арсен - сёння мне трэба здаць пяць рублёў.
- Ізноў у фонд абароны міру?
- Не, на рамонт класа.
Сяргей, моўчкі дастаў пяцірублёўку і паклаў на мадэм у прыхожай.
- Тат, ну ты як надумаў мець свой сайт? Я магу па блату зрабіць на бясплатным хосцінгу.
- Ай, Арсен, я баюся, што прыкрыюць мяне праз той сайт.
- Чаму? Ужо больш за дваццаць гадоў мінула як Сутулаў дазволіў рамеснікам працаваць на сябе, ды яшчэ і падпёр думку савецкай канстытуцыяй. Падаткі ты плаціш, працуеш спраўна. Не хапае толькі рэкламы.
- Ды к даю ж штомесяц у газету.
- Ад той газеты толькі ў сарціры карысць. Усе нармальныя людзі шукаюць праз інтэрнет. Вось забабахаем сайт і на машыну заробім.
- Ат, як твая класная даведалася, што тата -- саматужнік, дык цяпер не адчэпіцца: то здай грошы на харчаванне, то на рамонт класа, то на кампартыю Паўночнай Карэі... Хіба я друкую тыя грошы? Ды яшчэ і мясцовыя партыйцы з міліцыяй лаўчацца ў мяне бясплатна падшыцца-падрамантавацца.
- Дык грошы з іх бяры!
- Возьмеш з іх... Дадуць, потым дагоняць і яшчэ раз дадуць. Ты не ведаеш, што такое мець сваю справу ў нашай савдэпіі.
Тут Сяргей спыніўся. Сын закрануў балючы мазоль. Трэба сачыць каб не наплясці языком, бо праз мабільнікі можна падслухаць. Ведаў праз плёткі, што так "паляцелі" два дысідэнта, што пілі разам, лаялі Сутулава, афганскую вайну, і адзін нават ляпнуў, што тэракт з самалётамі быў справай рук КДБ. Аднаго звольнілі з пасады і выслалі з горада, а другога адправілі ў псіхушку.
Арсен, зразумеў думкі бацькі і ляпнуў яго па плячы:
- Добра, зляплю табе той сайт, а калі што -- дык выдалім яго. Ты ў мяне класны, толькі не даганяешь жыцця.
І дадаў голасам Сутулава:
- У наш час перадавых тэхналогій, асобныя таварышы не разумеюць які ўплыў мае камп'ютар на прагрэсіўнае чалавецтва. Праз актыўнае ўжыванне інтэрнэт-прасторы, мы набліжаем нашу, светлую камунстычную будучыню.
Сяргей усміхнуўся і палез у антрэсоль за цвікамі на абутак. Нечакана ён знайшоў там маленькую флешку.
- Ты ізноў?! - насунуўся ён на сына, - ізноў флешка з голымі бабамі?
- Не, тата, я абяцаў, можаш уключыць эвээмку ў сваім пакоі  і праверыць.
- А што гэта? Самвыдат?
- Але, толькі па спорту. Дапаможнік па каратэ-до. Дзякуючы яму я тады "славянам" даў у соплі.
- А чаго ў самвыдаце? Што нармальна спампаваць нельга?
- Каратэ-до ў СССР пакуль забаронена. А бокс ці самбо -лухта. Вось каратэ - гэта рэч!
Сяргей зірнуў на мабільнік: трэба было спяшацца ў гараж.
- Ну прабач, што наехаў. Сам ведаеш: у восьмым класе "прыма з фільтрам", у дзявятым -- флешка з бабамі... У труну загоніш. Да вечара! І, гэта самае, нават і не думай сачкаваць першы ўрок!
- Усё будзе ахрусценна!
Сяргей таропка крочыў у сваю майстэрню. Пачаўся звычайны асенні дождж з ветрам, прымусіўшы саматужніка дастаць парасон-аўтамат.
Толькі б сын дапетрыў не забыць свой парасон, падумаў ён.
Гараж здавала яму адна бабуля за сярэднюю цану, пасля таго як яе муж памёр, а яго машыну яна прадала на запчасткі. На гаражы Сяргей прыладзіў цэклік з надпісам "ВОПРАТКА, АБУТАК" і рэжымам яго работы. Звычайна ен прыходзіў задоўга да дзевяці, каб пазавіхацца з нейкім заказам ці падмазаць свае машыны. Ён любіў працаваць адзін. І цяпер, калі яму пераваліла за сорак пяць, Сяргей добра разумеў, што калі такія саматужныя артэлі забароняць як пры Хрушчове, ці раннім Сутулаве, ён не здолее вярнуцца ў які-небудзь калектыў, дзе да яго будуць чапляцца жанчыны і дзе пачнуць гуляць плёткі пра яго яўрэйскі твар.
Каб весялей было працаваць рамеснік уставіў навушнікі ў мабільнік і ўключыў радыё. Потым паставіў яго на громкую сувязь і гукі музыкі напоўнілі гараж. На хвалі "Актыўная" чыталі рэп пра камсамол, звычайна Сяргею было ўсё роўна, якая музыка грала, бо была патрэбна толькі як фон, але рэп ён неяк асабліва не любіў і пераключыў на хвалю "Гама-радыё". Тут яго ўвагу прыцягнуў бас патрыярха Аляксандра. Цікава, хто б даў папу выступаць па радыё, маўляў, гадоў дваццаць пяць таму? І што такое 1025-годдзе хрышчэння Русі? Сяргей Шварц, якога атэізм і рэлігія звычайна не цікавілі, памятаў, тым не менш, што тысячагоддзе таго хрышчэння адзначалася зусім сціпла, а тут праваслаўны патрыярх на ўсю краіну гаворыць аб адметнай ролі СССР у дасягеннні міра ва ўсім свеце, аб сімфоніі царквы і савецкай улады, аб тым, што Хрыстос быў першым камуністам. Глядзіш, хутка гэты Сутулаў дазволіць вернікам набываць партбілет. А то і сам у царкву пойдзе.
Калі Сутулаў у васьмідзясятых распачаў сваю перабудову, Анатоль Шварц, дзед Сяргея казаў яму:
- Вось убачыш, зараз гэтаму чалавеку ўсе рады, а будзе як пры Хрушчове: пагуляе ў рэформы і звядзе краіну есці гарохавы хлеб.
Але ж, дазволіў саматужнікам працаваць на сябе. Толькі ад тых падаткаў, ды розных начальнікаў... Лепш не дазваляў: працаваў б ціха на знаёмых, ды гора б не ведаў.
Сяргей паставіў электрачайнік і дастаў пачак "Ролтану". Пасля таго як у 2000-м яго жонка памерла ад лейкіміі, ён так і не навучыўся спраўна гатаваць. Раней яго турбавалі думкі, каб ажаніцца ізноў, але гэта столькі клопату, і сын невядома як паставіцца. Былі выпадковыя сувязі, але Сяргей хутка зразумеў іх тупіковасць і бяссэнсоўнасць. І неўзабаве, ён перастаў думаць пра жанчын. Ужо больш за год ён іх не сніў.
Нечакана яго думкі спыніла бутэлька. Так, звычайная зялёная піўная бутэлька, што прыляцела невядома адкуль і ляпнулася аб асфальт ля ўвахода. Некаторыя друзачкі заляцелі ў гараж. Саматужнік выскачыў і ўбачыў як уцякаюць два хлапцы гадоў дванаццаці. Здаецца, проста прагульшчыкі і хуліганы, а не "славяне", падумаў з палёгкай Сяргей.
Паглядзеўшы  на зялёныя друзачкі, ён ўздыхнуў і пачаў прыбіраць іх у сметніцу: можна было б проста адшпурнуць іх з дарогі на газон,але там іх можа ўбачыць кліент ды яшчэ падумае, што гэта майстар п'е піва і б'е бутэлькі.
Неўзабаве, з'явілася кліентка, нейкая багата апранутая жаншчына, гадоў пяцідзясяці. Заказала пашыць джынсавы касцюм ад "Армані" для дачкі з сваёй тканіны. Справа знаёмая. Сяргей Шварц шыў і "Адыдас", і "Х'юга Бос". Ды й не ён адзін так зарабляў: амаль усё фірменнае адзенне ў СССР рабілі ў такіх гаражах. Сяргей навучыўся падрабляць "фірму", спампаваўшы некалькі самвыдатаўскіх часопісаў на гэту тэму. І цяпер толькі спецыяліст можа даказаць, што гэта не "Армані". Вось так бацькі дураць дзяцей, падумаў Шварц і ўзяўся за работу.
Больш за дзень заказаў не было, але і гэты не даў яму сумаваць.
Было ўжо даволі позна, сын напэўна ізноў з камп'ютарам бавіцца замест дамашняга задання. І саматужнік пачаў збірацца дадому. Перад  выхадам пераключыў радыё ў мабільніку на мінігарнітуру і ўставіў навушнікі ў вушы. Калі ён ішоў па цёмнай сцежцы ад гаража, нечакана адчуў моцны боль: хтосьці стукнуў яго па галаве. Адразу яшчэ адзін удар збіў яго з ног. Тры невядомыя, амаль небачныя ў цемры хлапцы пачалі моўчкі біць яго нагамі. Раптам рэзкі боль у жываце: здаецца, гэта быў нож.
- Канай, жыдзюга! Цалуй рускую зямлю!
Хтосьці з гэтых нападаўшых абмацаў кішэні Сяргея, дастаў мабільнік і кашалёк. Сім-карта з мабільніка ляпнулася на твар параненага яўрэя.
- Ну Лысік, залік ты здаў, - сказаў адзін "славянін", ляпнуўшы другога па плячы, - пайшлі адсвяткуем твой дэбют.
- А жыдзяра?
- Сканае праз гадзінку. Тут у такі час ніхто не ходзіць. І міліцыі да яго справы не будзе: фірмача кончылі, а не сакратара райкама.
Калі Сяргей зразумеў, што яны ўшлі, ён паспрабаваў падняцца, але здаецца адна нага была пераламанай.
Вось і ўсё, цяпер сканае як той сабака пад плотам, думаў ён. І пашанцавала мне нарадзіцца яўрэям у СССР. Ніколі не адчуваў сябе яўрэям, і імя яму далі рускае і ў сына такое ж. Хіба ён душман ці калі ў палітыку лез? А вось, як у тым жарту, б'юць не па пашпарту, а па твару.
Крычаць не мела сэнсу. Хто яго пачуе? Хіба толькі тыя "славяне".
Раптам ён пачуў, што па суседняй асфальтавай сцежцы крочыць жанчына на абцасах.
- Дапамажыце! -выгукнуў ён.
А адказ абцасы застукалі часцей і гучалі ўсё цішэй ды цішэй.
Праз хвіліну ці две - яшчэ два - мужчына і жанчына, напэўна муж і жонка.
- Я не мог сказаць ёй каб мне далі пасаду загадчыка аддзела, як ты не разумееш. Можа заўтра пашанцуе, вінавата і таропка казаў мужчына.
- Ад цябе карысці,  - ядавіта адказала жанчына, як ад...
- Дапамажыце! Таварышы! Мяне хуліганы паранілі!
У адказ спрэчка:
- Руслан, не лезь не ў сваю справу!
- Ада, можа хоць "Хуткую" набяру...
- Табе ахвота даваць паказанні ў міліцыі? Хочаш каб цябе знайшлі бандзюгі? Хочаш зрабіць мяне ўдавой?
- Чалавек памірае...
- Пайшлі, можа ён п'яны ці сам бандыт.
Галасы заціхлі. Раптам думка стрэльнула як токам: тэлефон у гаражы!
Так, на пачатку тыдня ён пашыў файныя боты знаёмаму інжынеру з "Інтэграла", які рабіў сучасныя мабільнікі з сэнсарным экранам. Некаторыя збіраў і прадаваў "налева". Вось і абмяняў боты на мабілу, каб зрабіць сюрпрыз сыну. А сімка яго -- вось яна, валяецца. Толькі б дапаўзці да гаража.
Сяргей штурхаўся здаровай нагой і чапляўся рукамі за дарогу. Ён поўз і думаў: што будзе з сынам і хто выканае заказ, калі ён памрэ. Неяк дапоўз да дзвярэй, здолеў падняцца і адчыніць іх.
Далей усё было як быццам у сне: быццам гэта не ён намацаў тэлефон у шуфлядцы, уставіў сімку, увёў пін-код, пазваніў у "Хуткую дапамогу". Было толькі адчуванне холаду і бяссілле. Праз нейкі туман у вушах, як пасля добрай чаркі, Сяргей Шварц адчуў гук сірэны. Потым была цішыня...

Андрэй Берастоўскі
Верасень 2013 г

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...