25.11.2013

Пытанні над ланцугамі або рабства ў ЗША

У розных варыяцыях мне даводзілася чуць такі выпадак. У адзін пакой у інтэрнаце селяць двух студэнтаў рускага і афрыканца. Пры знаёмстве рускі просіць свайго новага суседа: "Заві мяне проста: гаспадар". І чорны хлопец доўга з'яўляецца аб'ектам кпінаў за спіной, і шчыра называе гаспадаром суседа па пакою не разумеючы значэння слова.
У гісторыі рабства ў ЗША вясёлага значна меньш. Але беларуская амерыканістыка не абавязана ісці ў фарватары савецкай школы, якая разглядала гісторыю рабства Паўночнай Амерыкі толькі праз эмоцыі. Ніхто не здолее зразумець як цяжка быць рабом, акрамя таго, хто ім быў. Але асэнсаваць гісторыю амерыканскага рабства можна толькі на "халодную" галаву. Я не быў рабом, таму не магу адэкватна перадаць усю трэгедыю той эпохі, але спадзяюся, што буду здольны "зафарбаваць" некаторыя "белыя плямы" беларускай амерыканістыкі. Работа гісторыка пачынаецца з пытанняў. Разгледзім некалькі недакладнасцяў, што пакінула сучасным беларускім гісторыкам савецкая школа вывучэння гісторыі ЗША, у выглядзе пытанняў і адказаў.
Ці былі ўсе рабы чорнымі?
Не. Асноўная маса рабоў была з Афрыкі, але далёка не ўсе. Першапачаткова рабамі рабілі палонных індзейцаў. Калі ў 1675 г. індзейцы поўдня Новай Англіі паўсталі супраць белых і былі разбіты, некалькі соцень палонных паўстанцаў зрабілі рабамі (1). Але тут былі нюансы. Індзеец мог лёгка збегчы, бо нават для варожых плямёнаў ён быў бліжэй за "бледнатварых братоў" і мясцовасць ён ведаў лепш за белых. Для чорнаскурых рабоў амерыканскі кантынент быў чужым, збегчы было цяжка: мясцовасць не вельмі знаёмая, колер скуры можа выдаць, вакол свабодныя людзі - белыя і індзейцы, -- для якіх чорныя былі чужымі. Таму чорныя рабы сталі асноўным кантынгентам нявольнікаў на плантацыяй.
Былі таксама асобныя жоўтыя рабы і дзеці змешаных шлюбаў (негроідна-мангалоідных, еўрапеідна-індзейскіх і інш.) паміж рабамі. Не сакрэт і, што рабаўладальнікі не толькі куплялі новых рабоў на нявольнічых рынках, але і ўступалі ў палавыя адносіны з рабынямі, у тым ліку і дзеля павялічэння колькасці працоўных рук на плантацыях.
Таксама не ўсе рабы, якіх прывозілі з Афрыкі былі негроіднай расы. Звычайна трафікінг эпохі Новага часу быў такім. Некаторыя плямёны Заходняй Афрыкі захоплівалі ворага ў палон (звычайна цэлыя сем'і), прадавалі еўрпайскім гандлярам оптам, а тыя везлі жывы тавар у амерыканскія калоніі і прадавалі яго на спецыяльных рынках і аўкцыёнах. Таму сярод патрапіўшых у рукі трафікёраў людзей маглі быць таксама арабы, насяляўшыя Паўночную Афрыку, і прадстаўнікі змешаных шлюбаў.
На лекцыях па гісторыі ЗША ў БДПУ ім. М.Танка у пачатку 2000-х мой выкладчык гісторыі Заходняй Еўропы і Амерыкі па прозвішчу Тупік аднойчы ўзгадаў, што акрамя чорных рабоў плантатары мелі таксама і белых. Я зацікавіўся і задаў яму сам-насам некалькі дадатковых пытанняў. Ад яго я даведаўся, што гаворка была не пра літаральных рабоў, а пра людзей, якія адпрацоўвалі пазыку і праз пэўны тэрмін працы ў рабскіх умовах атрымоўвалі свабоду. Паколькі гэты выкладчык быў адзінай крыніцай такой інфармацыі, я пакідаю яе без далейшага абмеркавання як магчымую. У рэшце рэшт у каланіяльны перыяд гісторыі ЗША ў некаторых калоніях існавалі элементы феадалізма.
Ці супярэчыў інстытут рабства Дэкларацыі незалежнасці ЗША?
Дэкларацыя незалежнасці была прынята Другім Кантынентальным Кангрэсам 13 англійскіх калоній Паўночнай Амерыкі для апраўдання рэвалюцыі. Асноўная ідэя – не роўнасць усіх людзей на свеце, а права мяняць дзяржаўную уладу, якая не задавальняе патрэбам народа. Пра парушэнні і злоўжыванні брытанскага караля і адмову прызнаваць яго уладу ў 13 амерыканскіх калоніях і была напісана гэта Дэкларацыя (2). Адна фраза гэтага дакумента выклікала непаразуменні рабаўладальнікаў і барацьбітоў за адмену рабства: "Мы зыходзім з той відавочнай праўды, што ўсе людзі створаны роўнымі, надзелены Тварцом пэўнымі неад’емнымі правамі , да ліку якіх адносяцца жыццё, свабода, імкненне да шчасця."(3). Я думаю, што ў гэтай фразе галоўнымі словамі былі "створаны роўнымі". Многія накірункі хрысціянства і філасофскай думкі той эпохі змяшчалі вучэнне аб першапачатковай роўнасці людзей, роўнасці перад Богам ці першапачатковых роўных магчымасцях для кожнага. А кожны чалавек пры гэтым карыстаецца сваімі магчымасцямі па-рознаму і ў выніку хтосьці робіцца багатым, а хтосьці бедным, адні краіны пераўтвараюцца ў магутныя імперыі, другія робяцца іх калоніямі. Гэта можна параўнаць з прыватызацыяй 1990-х. у Расіі: усе грамадзяне атрымалі ваўчэры, але ў рэшце рэшт найбольш спрытныя сталі алігархамі, а астатнія збяднелі. Тамумагчымы такі ход думак: чорныя людзі і маглі быць створаны роўнымі белым у філасофскім сэнсе Дэкларацыі, але на працягу стагоддзяў гісторыі так няўдала распарадзіліся сваім правам, што белыя, як больш паспяховыя матэрыяльна і навукова-тэхнічна, набылі права распараджацца іх жыццём. А, калі сур'ёзна, то ніхто з рабаўладальнікаў не цікавіўся рэлігіяй і філасофіяй настолькі, каб разважаць аб магчымасці чорных быць роўнымі белым і аб неабходнасці вызвалення рабоў. Гэта было з'явай, якая вайшла ў жыццё Поўдня ЗША з эпохі стварэння калоній разам з англійскай мовай і Англіканскай царквой. Так спрадвеку было і навошта гэта мяняць? - разважалі белыя гаспадары.
Што сабой уяўляў абаліцыянізм?
Абаліцыянізм уяўляў сабой рух за адмену рабства ва ўсіх ЗША. Савецкая гістарычная школа прадстаўляе абаліцыяністаў у выключна пазізтыўным святле. Але трэба памятаць што рух быў разнастайным, ахопліваў многія невялікія арганізацыі з рознымі дакладнымі мэтамі і сродкамі іх дасягнення. Некаторыя абаліцыяністы не лічылі чорных рабоў роўнымі беламу чалавеку па інтэлекту і прытрымліваліся думкі, што іх лепш за усё было б вярнуць у Афрыку, як дзікіх звяроў. Акрамя сапраўды высакародных энтузіястаў (сярод якіх былі і беглыя рабы і прадстаўнікі некаторых накірункаў пратэстантызму, якія лічылі рабства грахом), думаю, былі і тыя, хто зарабляў на гэтым грошы, бо трафікінг рабоў на волю ў паўночныя штаты ЗША патрабаваў некаторай сувязі кантрабандысцкімі каналамі і арганізаванай злачыннасцю. На гэты момант у мяне няма доказаў гэтаму, але сучасная практыка перавозкі нелегалаў з Афрыкі ў Еўропу рэдка абыходзіцца без платных пасрэднікаў. Не думаю, што без такіх прафесіяналаў маглі заўсёды абыйсціся абаліцыяністы.
Абаліцыяністы вялі і інфармацыйную вайну з рабаўладальнікамі. Прыкладам такой вайны можна назваць раман "Хаціна дзядзі Тома", дзе многія здзекі над рабамі былі перабольшаны, каб узбудзіць нянавісць да рабаўладальнікаў. (Дарэчы крыху больш аб'ектыўна адносіны паміж рабамі і іх гаспадарамі апісаны ў рамане "Знесеныя ветрам"). У адказ на "Хаціну" рабаўладальнікі напісалі некалькі кніг з аправяржэннем, але нянавісць да рабства ўжо ахапіла многіх амерыканцаў. Пра здзекі гаворка пойдзе далей, але асноўнай зброяй абаліцыяністаў было накаліць страсці і прымушаць Кангрэс прыймаць тыя ці іншыя рашэнні. У сваю чаргу рабаўладальнікі прыбягалі да самасуду і тэрору супраць абаліцыяністаў, бо законы дазвалялі арыштоўваць толькі тых абаліцыяністаў, якія былі схоплены за спробамі дапамагчы рабам бегчы на волю, прычым толькі на тэрыторыі штатаў, якія дазвалялі рабства.
Дарэчы, дзейнасць абаліцыяністаў была даволі эфектыўнай, бо з аднаго боку, Кангрэс ЗША пад ціскам гэтага руху прыняў шэраг законаў, якія абмяжоўвалі распаўсюджанне рабства і гандаль людзьмі, з другога, з дапамогай абаліцыяністаў дзясяткі тысяч рабоў збеглі на поўнач ЗША і ў Канаду і атрымалі свабоду.
Якімі былі ўмовы жыцця рабоў Поўдня ЗША?
Рабству няма апраўдання. Але ў гістарычных апісаннях побыту рабоў падчас многа перабольшванняў. Самы жорсткі стасунак да нявольнікаў з Афрыкі быў на караблях гандляроў людзьмі. І гэты стасунак не змяніўся за апошнія стагоддзі. Для трафікёраў гэтыя людзі былі не больш чым аптовы тавар. Таму жаншчыны і дзеці рабіліся ахвярамі гвалту ўсёй карабельнай каманды на палубе, а мужчыны тым часам паміралі ў труме з-за недахопу паветра, вады і ежы. Калі ўвоз нявольнікаў з Афрыкі забаранілі і ён стаў нелегальным, нярэдка трафікёры тапілі ўсіх рабоў жывымі ў моры скаваных аднім ланцугом пры набліжэнні патрульнага карабля.
Але жыццё ў гаспадара было крыху іншым. Гаспадар разумеў, што раб - гэта яго інвестыцыя, яго капітал. Таксама ён разумеў, што за празмерна жорсткі стасунак раб можа адрэзаць яму галаву пакуль ён спіць ці падкласці атруту ў ежу, ці падпаліць маёнтак, а то і падняць паўстанне. Таму фізічныя здзекі і забойствы рабоў не маглі носіць масавы характар.
Аматары прыгожай паловы чалавецтва таксама будуць расчараваны. Зразумела, афрыканскія жаншчыны такія ж прыгожыя, як і беларускія і ўвогуле іншыя жаншчыны свету. Але не трэба рабіць з усіх рабаўладальнікаў палавых гігантаў. Па-першае, большасць з іх былі жанатымі мужчынамі хрысціянскага веравызнання. Мужчын, якім жонкі дазвалялі б свабодна забаўляцца з каханкамі, на свеце не шмат. Практычна ўсе варыянты пратэстантызму, якіх трымаліся рабаўладальнікі Поўдня, дазвалялі развод за чужаложства. Таму сэксуальная эксплуатацыя нявольніц не магла быць масавай, хоць і мела некаторую распаўсюджанасць. Акрамя таго, гэта не заўсёды быў гвалт. Жыццё - складаная рэч, і ў кожным народзе бываюць жаншчыны (як і мужчыны) гатовыя гандляваць сваёй прыгажосцю. У цяжкіх умовах іх колькасць узрастае. І ў кожнага буйнога землеўладальніка знаходзілася хоць некалькі жаншчын, якія былі гатовы на ўсё. Тым не меньш, выпадкаў, калі гаспадар прымушаў рабыню да палавой сувязі ці гвалціў яе, хапала.
Найбольш цяжкім у жыцці рабоў была праца на плантацыях. Поўдзень ЗША быў экспацёрам цукру, тытуню і бавоўны. У 1830-х гг. гадоўля бавоўны ў паўднёвых штатах стала такой масавай, што склалася ўзаемазалежная сістэма "бавоўна-рабы" (cotton-slave system). З гатага часу гаспадары сталі ставіць усё больш жорсткія нарматывы па збору бавоўны рабам, і тых, хто не мог "выканаць план", нярэдка білі бізуном ці катавалі.
Яшчэ адно злачынства, якое рабілі белыя гаспадары - рознічны продаж рабоў. Продаж у розніцу заўсёды больш прыбыльны, чым аптовы, а рабоў не лічылі за людзей і прадавалі па-асобку мужа і жонку, маці і дачку, бацьку і сына. Колькі пры гэтым было зламана лёсаў, колькі сямей ніколі не ўз'ядналіся, не можа падлічыць аніводзін гісторык.
Трэба зазначыць, што не ўсе былыя рабы, што збеглі на Поўнач атрымоўвалі належную дапамогу ад абаліцыяністаў для адаптацыі і сацыялізацыі ў свабодным грамадстве. Не ўсе мелі магчымасць уладкавацца на работу, умовы жыцця рабочых на фабрыках і заводах (незалежна ад расы) былі ў той час блізкімі да рабскіх, не ўсе скарысталіся свабодай належным чынам, бо некаторыя апускаліся да злачынстваў. Таксама адносіны да чорных перасяленцаў з боку белага насельніцтва Поўначы было неадназначным, што выявілася падчас Нью-Ёркскага паўстання 1863 г. белых гараджан, калі ў выніку пагромаў былі забіты дзясяткі цёмнаскурых.
Ці вялася Грамадзянская вайна 1861-65 гг. за адмену рабства?
На самой справе гэта вайна вялася за захаванне адзінства краіны. Яна пачалася, калі некалькі рабаўладальніцкіх штатаў аб'явілі аб сваім выхадзе з складу ЗША і аб стварэнні Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі. Іншыя рабаўладальніцкія штаты захавалі вернасць прэзідэнту Лінкальну. Цікава, што ў федэральнай акрузе Калумбія, дзе знаходзіцца сталіца ЗША Вашынгтон, таксама існавала рабства. Толькі ў 1850 г., як частка кампраміснага плана сенатара Клэя, у федэральнай акрузе забаранілі куплю-продаж рабоў, але не валоданне імі.
Таму вайна з Поўднем вялася за аднаўленне канстытуцыйнага парадку і вызваленне рабоў не было яе мэтай.
Ці было адменена рабства ў 1863 г.?
Абмежаванне рабства і гандлю рабамі пачалося задоўга да гэтага. Зразумела, былі гаспадары, якія адпускалі рабоў на волю праз пэўны тэрмін працы на плантацыях (свайго роду стымул плённа працаваць) або па іншых прычынах. Але першыя палітычныя спробы вызвалення рабоў мелі месца падчас Амерыканскай рэвалюцыі. Некаторыя брытанскія губернатары абяцалі свабоду чорным рабам за службу ў брытанскай каралеўскай арміі, якая ваявала супраць войска Вашынгтона. І такім чынам рабы рабіліся контр-рэвалюцыянерамі, а іх гаспадары - рэвалюцыянерамі.
Другі моцны ўдар па рабству нанеслі абаліцыяністы, якія прымусілі ўрад ЗША забараніць экспарт афрыканскіх нявольнікаў у 1808 г. Тады рабоў на плантацыі Поўдня сталі прывозіць альбо легальна з Паўднёвай Амерыкі, альбо кантрабандай з Афрыкі (вось тады і пачалі трафікёры тапіць жывы тавар скаваны аднім ланцугом).
Пракламацыя А. Лінкальна аб вызваленні нявольнікаў (The Emancipation Proclamation), прынятая ў 1863 г., мела істотныя абмежаванні. Мае сэнс прывесці цалкам гэты невялікі дакумент ў беларускім перакладзе (4):
"Паколькі ў дваццаць другі дзень верасня, у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шесцьдзясят другім Прэзідэнт выдаў пракламацыю, у якой, акрамя іншага, было наступнае, а менавіта:
Што ў першы дзень студзеня у год ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шэсцьдзясят трэцім усе асобы, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў у любым Штаце ці пэўнай частцы Штату, дзе насельніцтва будзе знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, павінны быць з гэтага часу і назаўжды свабоднымі; а Выканаўчы Ўрад Злучаных Штатаў, у тым ліку кіраўніцтва узброеных сіл і флоту, прызнае і абароніць свабоду такіх асоб і не будзе прадпрымаць аніякіх дзеянняў супраць намаганняў такіх асоб, якія яны могуць рабіць каб тая свабода ажыццявілася.
Што Урад, у першы дзень студзеня вышэй азначанага пракламацыяй году, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, ў якіх людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, пры факце, што пэўны Штат ці яго жыхары будуць на гэты дзень, сумленным чынам, прадстаўлены ў Кангрэсе Злучаных Штатаў членамі, абранымі большасцю прызначаных выбаршчыкаў такога Штату, і што не будзе прадстаулена грунтовага доказу супраць гэтага Штату, будзе лічыць дастатковым сведчаннем , што гэты Штат і яго насельніцтва ня ўдзельнічаюць у паўстанні супраць Злучаных Штатаў.”
Цяпер, такім чынам я Аўраам Лінкальн, Прэзідэнт Злучаных Штатаў на падставе ускладзенай на мяне улады Галоўнакамандуючага Арміі і Флоту Злучаных Штатаў у час узброенага паўстання супраць улады Злучаных Штатаў і як адпаведную і неабходную меру ваеннага часу для падушэння гэтага паўстання, у першы дзень студзеня у годзе нашага Госпада адна тысяча васемсот шэсцьдзясят трэцім, у згодзе з маей мэтай загадваю абвясціць аб гэтым публічна на працягу ста дзён, пачынаючы з першага вышэйазначанага дню, вызначыць Штаты і часткі Штатаў дзе людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, а менавіта:
Арканзас, Тэхас, Луізіана (акрамя акруг Сейнт Бернард, Плэкмаінз, Джеферсан, Сейнт Джон, Сейнт Чарлз, Сейнт Джеймс Эсешн, Эсампшн, Тэрбон, Лафурш, Сейнт Мэры, Сейнт Марцін і Арлеан, у тым ліку Новы Арлеан), Місісіпі, Алабама, Фларыда, Джорджыя, Паўдневая Караліна, Паўночная Караліна і Вірджынія (акрамя сарака дзевяці графств, азначаных як Заходняя Вірджынія, а таксама графств Берклі, Экомэк, Нортхэмптан, Элізабэт Сіці, Ёрк, Прынсэс Энн і Норфалк, у тым ліку гарады Норфалк і Портсмут [)] -- тэрыторыі, на якія пакуль не распаўсюджвалася дзеянне гэтай пракламацыі.
І, на падставе сваей ўлады, а таксама дзеля дасягнення вышэй азначанай мэты, я абвяшчаю ўсіх асоб, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў на тэрыторыі азначаных Штатаў і частак Штатаў, з гэтага часу вольнымі, а Выканаўчаму Ўраду Злучаных Штатаў, уключая кіраўніцтва Арміі і Флоту загадваю прызнаваць і абараняць свабоду гэтых асоб. (вылучэнне маё - А.Б.)
Пры гэтым я загадваю асобам, якіх я аб’явіў свабоднымі, устрымлівацца ад усіх форм насілля, за выключэннем неабходнай самаабароны; і я рэкамендую ім ва ўсіх абставінах, калі ім дазволяць, сумленна працаваць за дапушчальную аплату.
І яшчэ я аб’яўляю, што тыя з гэтых асоб, якія адпавядаюць неабходным умовам, будуць прыняты да узброенай армейскай службы на карысць Злучаных Штатаў ва ўмацаваных гарнізонах, вайсковых размяшчэннях, на баявых пастах і ў іншых мястах, а таксама на вайсковых водных транспартных сродках.
А на гэты акт, які можна шчыра лічыць актам правасуддзя, які падцвярджаецца Канстытуцыяй і выкліканы неабходнасцю ваеннага становішча, я заклікаю разважлівае меркаванне чалавецтва і літасць Усемагутнага Бога.
Падцвярджаю гэты дакумент уласным подпісам і дзяржаўнай пячаццю Злучаных Штатаў.
Складзена ў горадзе Вашынгтоне, у першы дзень студзеня у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шэсцьдзясят трэцім, а ад абвяшчэння Незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі восемдзесят семым.
Прэзідэнт: АЎРААМ ЛІНКАЛЬН
УІЛЛ’ЯМ Х С’ЮАРД, дзяржаўны сакратар"
Такім чынам вызваленне распаўсюджвалася на рабоў толькі там, дзе яшчэ дзейнічала ўлада Канфедэрацыі і законы Лінкальна не прызнавалі. Рабоў вызвалялі па меры прасоўвання на мяцежны Поўдзень федэральнай арміі. Гэта была рэпрэсіўная мера супраць канфедэратаў, а не акт гуманізму да нявольнікаў. Але там, дзе ўладу Лінкальна прызнавалі, інстытут рабства заставаўся некарнутым. Цяжка сказаць сколькі "бізуноў" атрымалі рабы на вернай ураду ЗША тэрыторыі, сколькі жаншчын і дзяўчат паспелі згвалціць іх белыя гаспадары з 1 студзеня 1863 г. да поўнай адмены рабства. Але думаю, што гаспадары па абедзве лініі фронту ў асноўнай масе сваёй ужо імкнуліся паводзіць сябе як мага больш карэктна да рабоў, бо разумелі, што адмена рабства па ўсёй краіне - гэта пытанне часу і нявольнікі маглі за ўсё адпомсціць і ім самім, і іх нашчадкам.
Поўнасцю рабства ў ЗША адмянілі 6 снежня 1865 г., калі Кангрэс ратыфікаваў 13-ю папраўку да Канстытуцыі краіны. Вось яе тэкст (3):
"Раздзел 1. Рабства і прымусовая праца за выключэннем формы пакарання за злачынства, калі прычаснаць абвінавачанага да яго даказана, павінна быць забаронена як на ўсей тэрыторыі Злучаных Штатаў, так і ў кожным месцы, якое знаходзіцца пад юрысдыкцыяй ЗША.
Раздзел 2. Кангрэс павінен прыняць адпаведныя законы, каб ажыццявіць гэту пастанову."
Якімі былі наступствы ўзнікнення рабства і яго адмены для ЗША?
Адмена рабства з аднаго боку паклала канец несвабодзе перамяшкання і іншым абмежаванням, якія мае раб. Але праз некаторы час пасля завяршэння вайны былыя белыя гаспадары пачалі сістэматычна помсціць сваім былым рабам. Расавая сегрэгацыя, суды Лінча, прадузятае судовае разбіральніцтва калі, напрыклад, белы насільнік чорнай дзяўчыны атрымоўваў меньшы тэрмін турэмнага зняволення, чым чорны насільнік белай дзяўчыны. Усё гэта было рэаліямі наступнай сотні гадоў пасля вызвалення рабоў. Былыя чорныя нявольнікі таксама помсцілі белым як умелі, і Амерыка пацярпела пэўныя страты ў выніку дзейнасці такіх тэрарыстычных груп як "Чорныя пантеры".
Грамадства ЗША не было гатова яшчэ ўспрымаць неадукаваных людзей і людзей нееўрапейскага паходжання як роўных сабе. Таму індзейцаў перасталі ўспрымаць як дзікароў толькі ў другой палове ХХ ст. Таму бедныя амерыканцы доўгі час змагаліся за роўныя правы з багатымі. Па той жа прычыне жаншчыны доўгі час разглядаліся як асобы, якім непатрэбна мець роўныя правы з мужчынамі. На гэтым фоне можна зразумець, што вызваленыя чорныя рабы не былі патрэбны сваім вызваліцелям у якасці суграмадзян.
Калі ў пачатку 1990-х гг. рускія скінхэды праводзілі пікет ля амерыканскага пасольства ў Маскве, яны крычалі: "Расія - для рускіх, Амерыка - для белых, неграў - у джунглі!". Падобная палітыка мелася на ўвазе, калі частку былых цёмнаскурых рабоў перасялілі ў Афрыку ў спецыяльна створаную для іх краіну - Ліберыю. Тым не меньш, выселіць усіх былых нявольнікаў было немагчыма, бо Поўдзень ЗША меў патрэбу ў рабочых руках, а белых імігрантаў не хапала. Таму большасць былых рабоў засталася працаваць на сваіх былых гаспадароў толькі ўжо ў якасці наёмных сельскагаспадарчых рабочых.
Але рабства пакінула не толькі чорны след у гісторыі ЗША. Культура паўдневых штатаў значна ўзбагацілася ўнёскам самых розных народаў Афрыкі, якія апынуліся на адніх і тых жа плантацыях. Таксама афраамерыканцы пашырылі лексікон англійскай мовы сваіх гаспадароў. Існуе напаўанекдатычны выпадак, калі вядучы аднаго тэлешоў назваў брытанскую каралеву брудным словам bitch, якое з'яўляецца вельмі абразлівым для жаншчыны. І, калі на яго падалі ў суд, ён быў апраўданы, бо даказаў, што слэнг цёмнаскурых жыхароў Гарлема даў гэтаму слову супрацьлеглае значэнне - "найлепшая сяброўка".
Зноскі
(1) An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.20
(2) Цікавы факт: 5 ліпеня 1776 г. на другі дзень пасля падпісання Дэкларацыі незалежнасці некаторымі дэлегатамі Кангрэса была складзена "Петыцыя аліўкавай галінкі" - прашэнне да караля ад імя Кангрэса аб спыненні вайны з яго амерыканскімі падданымі. 8 ліпеня Кангрэс адаслаў Петыцыю каралю (але кароль з ёй не пагадзіўся і вырашыў пакараць рэвалюцыянераў сілай зброі) і ў гэты ж самы дзень Дэкларацыю незалежнасці пачалі публічна абвяшчаць у некаторых гарадах Амерыкі. Бел. пераклад Петыцыі даступны ў Вікіпедыі. Рэжым доступу: be.wikipedia.org/wiki/Петыцыя_аліўкавай_галінкі Дата доступу: 25.11.2013.
(3) Дэкларацыя незалежнасці ЗША. Бел. пераклад Т. Верашчакі і інш. Апублікавана на сайце Historiapure, рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-17 Дата доступу: 25.11.2013. Таксама даступна ў благасферы, поўнасцю цытуецца ў артыкуле А Берастоўскага "Барацьба за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній: першы закон дыялектыкі", рэжым доступу: http://berastouski.blogspot.com/2013/08/blog-post_13.html Дата доступу: 25.11.2013.
(4) Пракламацыя 1863 г. аб вызваленні нявольнікаў А. Лінкальна. Бел. пераклад А. Берастоўскага. Апублікавана на сайце Historiapure, рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-10 Дата доступу: 20.11.2013.
(5) Папраўкі да Канстытуцыі Злучаных Штатаў Амерыкі. Бел. пераклад Т. Пятровіч і А. Берастоўскага. Апублікавана на сайце Historiapure, рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-27 Дата доступу: 20.11.2013.

3 комментария:

  1. З невялікімі скарачэннямі і праўкамі апублікавана "Гістарычнай праўдай" пад назвай "Да гісторыі рабства ў ЗША". Рэжым доступу: http://www.istpravda.ru/bel/research/6401/

    ОтветитьУдалить
  2. Цікавая дадатковая цытата а-ля Сяргей Дарэнка: "негру самай прыродай наканавана становішча раба. Ён моцны і дужы на працы; але прырода, якая дала яму гэту сілу, адмовіла яму як у здольнасці кіраваць, так і ў жаданні працаваць... І тая ж прырода... дала яму гаспадара, каб прымушаць яго да працы, зрабіць з яго ў тых кліматычных умовах, для якіх ён створаны, карыснага слугу як для самога сябе, так і для гаспадара... не будзе ніякая нясправядлівасці пакінуць негра ў становішчы, у якое паставіла яго прырода..."
    Прамова прыхільніка рабства О'Конора на мітынгу 19 снежня 1859 г. ў Нью-Ёрку. Надрукавана New-York Daily Tribune 20 снежня 1859 г. с. 7-8 цыт па: Маркс К.Капитал. Критика политической экономии. Под ред. Ф. Энгельса. т.3, кн. 1 М., Политиздат, 1978, с. 424

    ОтветитьУдалить
  3. У 1844 г. адбыўся раскол у Метадысцкай царкве ЗША па пытанню адносінаў да рабства, у 1845 аналагічны раскол адбыўся у амерыканскіх баптыстаў, а пасля пачатку вайны ў 1861 раскол адбыўся ў прэвітэрыян. Racial Issue Shake "Bible Belt" Churches // Awake! February 22, 1973 Vol. LIV No 4, p.4

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...