23.12.2013

Два выбухі, якія спарадзілі ЗША

У 2013 г. горад Бостан у ЗША "праславілі" чэчэнскія тэрарысты. Але ў гісторыі гэтага горада адбылося і два зусім іншых "выбухі", якія прывялі да ўзнікнення краіны.
Бостанская бойня ці Інцыдэнт на Кінг Стрыт.
5 сакавіка 1770 г. адбыўся першы такі "выбух". Каралеўскія салдаты стралялі ў пратэставаўшых бостанцаў ля будынку мытні. 3 чалавека загінулі на месцы, 2 памерлі ад ран крыху пазней. Гэта падзея вядомая ў Злучаных Штатах як "Бостанская бойня", а ў Вялікабрытаніі пад назвай "Інцыдэнт на Кінг Стрыт", звычайна разглядаецца савецкімі і пост-савецкімі амерыканістамі як праява тыраніі да амерыканскіх каланістаў. Ёсць выключэнні: пісьменнік Аляксандр Бушкоў у першым выданні сваёй кнігі "Расія, якой не было" называе забітых бостанцаў хуліганамі. І не толькі ён.
Разгледзім прычыну такой розніцы. Пасля Сямігадовай вайны з французамі і індзейцамі, брытанскі ўрад ўвёў у сваіх амерыканскіх калоніях шэраг дадатковых падаткаў і адно істотнае абмежаванне: забарону засяляць новыя землі на захад ад Атлатыкі, дзе жылі індзейскія плямёны і французскія каланісты, якія падпарадкаваліся ўладзе Брытанскай кароны. У адказ -- пратэсты і незадаволеннасць каланістаў. Кароль адпраўляе войскі ў некаторыя гарады каб пазбегнуць магчымасці вулічных беспарадкаў і абараніць сваіх чыноўнікаў у амерыканскіх калоніях. Да каралеўскіх салдат ставяцца з кпінамі і здзекамі, асабліва ў сталіцы Масачусэтса Бостане. Час ад часу гэта прыводзіць да асобных сутычак, боек і нават забойств. Так многа шуму нарабіла забойства 11-гадовага хлопца Крыстафера Зайдэра супрацоўнікам бостанскай мытні. Газеты паведамлялі і аб іншых падобных падзеях, але наколькі праўдзівымі былі такія паведамленні судзіць цяжка. (1) Але ўвогуле каралеўская армія трымаецца чырвонаармейскага правіла "на правакацыі не паддавацца".
5 сакавіка 1770 г. натоўп сабраўся каля мытні Бостана, пасля таго як адбылася лаянка вартавога, які ахоўваў будынак мытні, з нейкім хлопчыкам і апошні атрымаў, паводле некаторых звестак, ад першага стрэльбай па галаве. На абарону вартавога падышоў атрад капітана Прэнстана. Праз некаторы час у салдат паляцелі каменні, снежкі і іншыя рэчы; адзін салдат быў збіт з ног. Расследаванне падзеі паказала, што капітан не аддаваў загад страляць у натоўп, але некаторыя салдаты далі некалькі залпаў па нападаўшым, што прывяло да ахвяр і пацярпелых.
Пасля гэтага салдаты і сам капітан былі арыштаваны, а восенню таго ж года іх судзілі ў Бостане як і чатырох удзельнікаў акцыі пратэсту. І вось некалькі цікавых фактаў.
1. Удзельнікі арганізацыі "Сыны свабоды", якая змагалася за аўтаномію амерыканскіх калоній (бо тады яшчэ не было гаворкі аб стварэнні сувярэнных дзаржаў ці адзінай дзяржавы ў Амерыцы), распачалі масавую інфармацыйную кампанію праз памфлеты і газетныя артыкулы. Мэта кампаніі - паказаць дзеянні брытанскіх вайскоўцаў як тыранію і апраўдаць пратэст бостанцаў як крык душы змораных падаткамі і абмежаваннямі сумленных грамадзян. Гэта кампанія дасягнула сваёй мэты: пакуль урадавыя чыноўнікі толькі рыхтавалі афіцыйную справаздачу аб адбыўшымся інцыдэнце, памфлеты "Сыноў свабоды" ўжо распаўсюджваліся ў Лондане (1). Менавіта гэта кампанія,  і магла стаць першай прычынай таго, што ў савецкіх і постсавецкіх падручніках па гісторыі  гэта падзея гісторыі аднабакова разглядаецца, як праява тыраніі брытанскага караля.
Цікава, што падобная тактыка выкарыстоўвалася і падчас укранскай рэвалюцыі снежня 2013- лютага 2014 г., калі ў сацыяльных сетках распаўсюджвалі фатаграфіі пабітых міліцыяй украінскіх апазіцыянераў з подпісам "хіба Вам іх не шкада?". Пасля такога эмацыянальнага ўздзеяння многія лічаць усе дзеянні такіх пацярпелых апраўданымі, таксама пасля гэтага не шкада і забітых і параненых міліцыянераў.
2. Адзін з "Сыноў свабоды", кузен яе лідара Самюэля Адамса і будучы прэзідэнт ЗША Джон Адамс быў адвакатам страляўшых вайскоўцаў (гаворачы савецкай тэрміналогіяй  "з дазволу партыі"). Падчас судовага разбіральніцтва ён, згодна некаторых звестак, заявіў, што калі салдаты абараняліся ад "пярэстай хеўры дзёрзкіх хлапцоў, неграў і мулатаў, ірландскіх каталіцкіх свінняў і чужаземнай матрасні", то яны нявінаваты. (цыт. па: 1). Ідэя палітычнай карэктнасці амерыканскім палітыкам была яшчэ незнаёма, таму не трэба судзіць Адамса з пазіцыі сучаснага разумення дэмакратыі. Галоўнае тут іншае: будучыя амерыканскія рэвалюцыянеры самі разумелі, што забітыя бостанцы ніякімі ахвярамі тыраніі не былі. Што з другога боку не замінала ім (у тым ліку і Джону Адамсу) штогод ушаноўваць памяць забітых бостанцаў і весці ў гэты дзень анцібрытанскую агітацыю. Як бы то не было, але апраўдалі практычна усіх падсудных па справе аб інцыдэнце на Кінг Стрыт, акрамя двух салдат, прысуджаных да кляймення вялікага пальца. Апраўдалі і бостанскіх "забіяк".
3. Падзея 5 сакавіка 1770 г. выклікала такі значны рэзананс і ў калоніях, і ў метраполіі, што урад Вялікабрытаніі адмяніў усе свае падаткі, зборы і абмежаванні акрамя невялікага чайнага падатку і забароны засяляць новыя землі. Чайны падатак - як сімвал права метраполіі на падаткаабкладанне калоній, а забарона засяляць новыя землі ў заходнім напрамку захавалася каб прадухіліць новыя войны паміж трымя групамі падданых Кароны: французамі (якія ўжо мелі свае ўладанні на Кантыненце), індзейцамі (якіх немагчыма было далей зганяць з іх гістарычных зямель) і англійскімі каланістамі (у якіх ужо было 13 калоній з некаторай ступенню самакіравання).
Пасля такой рэакцыі караля і парламента на гэту падзею напруджанасць паміж калоніямі і метраполіяй у некаторай ступені сціхла на тры гады, як аб гэтым сведчаць сучасныя амерыканскія гісторыкі (3). Толькі "Сыны свабоды" вялі маштабную інфармацыйную вайну супраць чайнага падатку. Вось як аб гэтым піша даследчык Рэй Рафаэл: "Лідары супраціўлення паднялі новую хвалю негатыўнай прапаганды, якая патурала дрэнным адносінам да ўсяго замежнага: чай Ост-Індыйскай кампаніі шчыльна ўпакоўвалі ў скрыні, трамбуючы голымі нагамі кітайцаў, і там кішэлі кітайскія блохі. У сваю чаргу многія каланісты  кляліся абараняць амерыканскі бізнес ад замежнай канкурэнцыі, нават калі гэты бізнес быў кантрабандай. Сцеражыцеся тавараў з Кітая, купляйце амерыканскае, вайна шкодным рэчывам, далоў карпарацыі — ўсе гэтыя ідэі, як і блізкая ім і больш вядомая "ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва" — ўзмацнялі рэакцыю на парламенцкі Закон аб чае 1773 г." (2)  А вось як выказаўся а-ля Генадзь Анішчанка бостанскі доктар Томас Янг: "Я кінуў піць чай, калі ён стаў палітычнай атрутай, і  мае цела стала дужэй і здаравей. Чай я замяніў кветкамі рамонкаў." (цыт па: 2)
Слова "ўзмацнялі" -- паняцце адноснае, бо большасць амерыканскіх каланістаў не турбаваліся наконт чайнага падатку.  Але яшчэ адна паздея ў Бостане стала іскрай, запаліўшай полымя рэвалюцыі.
Бостанскае чаяпіцце альбо знішчэнне чаю і невыносныя законы
16 снежня 1773 г. Самюэль Адамс, кіраўнік "Сыноў свабоды" і некалькі дзясяткаў бостанцаў узышлі на караблі Ост-Індыйскай кампаніі у парту горада, каб выразіць свой пратэст супраць увозу таннага чаю у калонію. Не ўсе падрабязнасці гэтай акцыі і намераў яе ўдзельнікаў зразумелы, але яны скончылася тым, што людзі Адамса выкінулі чай у мора. Спачатку гэта падзея была вядома пад назвамі "акцыя супраць чаю" і "знішчэнне чаю", потым увайшла ў гісторыю як бостанскае чаяпіцце.
У адказ на скаргу Кампаніі брытанскі ўрад патрабаваў ад адміністрацыі Бостана пакараць хуліганаў і выплаціць кампенсацыю за знішчаны тавар. Патрабаванне падмацовалася некалькімі законамі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай "невыносных" (Intolerable Acts). Паміж амаль кожным з гэтых законаў існуе пэўны прамежак часу, што сведчыць аб тым, што метраполія чакала ад Бостана і Калоніі Масачусэцкага заліва выканання распараджэння адносна знішчальнікаў чаю і асабліва кампенсацыі. Таксама гэтыя законы не былі абсалютна "драконаўскімі" і зусім невыноснымі, як па зместу, так і па абмежаванаму тэрміну дзеяння. Судзіце самі.
Першы закон -- "Бостанскі партовы акт" (The Boston Port Act) (прыняты 31.03.1774 і пачаў дзейнічаць 1.06.1774) -- аб'яўляў поўную марскую блакаду порта Бостана да выплаты кампенсацыі Ост-Індыйскай кампаніі і пэўных тарыфных збораў у бюджэт метраполіі. Таксама гэтым законам адміністрацыя калоніі пераводзілася ў горад Салем, а галоўны порт калоніі пераносіўся ў Марблхэд. Другі закон -- "Масачусэцкі ўрадавы акт" (The Massachusetts Government Act) (прын. 20.05.1774, дзейніч. з 1.07.1774) -- адмяняў выбарнасць членаў выканаўчага савета калоніі і іншых чыноўнікаў і функцыянераў калоніі і перадаваў права іх прызначэння каралю, губернатару, і віцэ-губернатару. У рамках ажыццяўлення гэтага закона губернатар правінцыі Масачусэцкага заліва распусціў правінцыяльны сход у кастрычніку 1774 г. "Акт ажыццяўлення правасуддзя" (The Administration of Justice Act), прыняты 20 мая 1774 г. на тры гады  і пачынаў дзейнічаць 1 чэрвеня 1774 г., дазваляў перанос судовага разбіральніцтва за тэрыторыю Калоніі Масачусэцкага заліва -- ў іншую калонію ці  ў Брытанію па справах аб абвінавачваннях супраць урадавых чыноўнікаў метраполіі ў выпадку калі ёсць падазрэнні, што суд прысяжных будзе прадузята ставіцца да абвінавачанных. Спектр такіх абвінавачванняў быў невялікі і быў даволі добрым напамінам аб Бостанскай бойне: за межы Калоніі выносілася разбіральніцтва па абвінавачванню ў злачынстве, за якое належыць смяротны прысуд і якое здзейсніў дзяржслужачы падчас удзелу ў супраціўленні грамадскім хваляванням. (Іншымі словамі, калі салдаты страляюць у натоўп, які кідае ў іх каменні, іх судзяць у Джорджыі ці Ёркшыры, а калі тыя ж салдаты згвалцілі і забілі нейкіх бостанскіх дзяўчат і таму ёсць сур'ёзныя доказы, іх будуць судзіць у межах Калоніі. Таксама, і калі тыя ж самыя салдаты ўкралі на салемскім кірмашы піражкі, іх таксама не будуць нікуды з Масачусэтса вывозіць для ажыццяўлення правасуддзя.) Пры гэтым сведкі і іншыя ўдзельнікі працэсу ехалі на новае месца разбіральніцтва за дзяржаўны кошт. Яшчэ адзін закон "Кватэравальны акт" (The Quartering Act) (прын. 2.06.1774 як новая рэдакцыя адпаведнага закона 1765 г. тэрмінам дзеяння да 24.03.1776) дазваляў размяшчэнне вайскоўцаў у свабодных жылых / нежылых пабудовах (пустых дамах, харчэўнях, гасцініцах, пабудовах для жывёлы ці гаспадарчага інвентара) непасрэдным рашэннем губернатара той ці іншай амерыканскай калоніі на працягу 24-х гадзін пасля ўзнікнення такой патрэбы пры адсутнасці вайсковай казармы альбо калі казарма не магла змясціць усіх вайскоўцаў. Прычына новай рэдакцыі закона была звязана з тым, што раней губернатару было цяжка атрымаць дазвол ад мясцовай каланіяльнай адміністрацыі на размяшчэнне вайскоўцаў па-за межамі казармы. Нарэшце, "Квебекскі акт" (The Quebec Act), які часам адносяць да групы невыносных законаў (прын. 7.10.1774) крыху пашыраў граніцы правінцыі Квебек, ўводзіў там французскі грамадзянскі кодэкс, аб'яўляў свабоду веравызнання на яе тэрыторыі і змяшчаў новую версію прысягі каралю-пратэстанту, якая была больш паліткарэктнай для яго падданых-каталікоў. (4)
Такі кароткі агляд невыносных законаў дае зразумець наступнае:
1. Першыя тры законы былі прынцыпова звязаны з жаданнем метраполіі пакараць удзельнікаў хуліганскай акцыі і закраналі толькі адну з 13 калоній;
2. Першы, трэці і чацвёрты законы былі часовымі непапулярнымі мерамі, свайго роду зваротам брытанскага парламента да адміністрацыі калоній "навядзіце ў сябе парадак і мы адменім гэтыя законы";
3. Кватэравальны акт з аднаго боку крыху спрасціў сітуацыю, а з другога боку цікава, а якія праблемы ўзнікнуць у звычайнага жыхара амерыканскай калоніі ад гэтых змяненняў калі гаворка вядзецца пра магчымасць сяліць ваенных толькі ў тыя памяшканні, дзе ніхто не жыве? А вось уплывовым людзям амерыканскіх калоній гэты акт вельмі не падабаўся, бо пазбаўляў іх некаторых' механізмаў уздзеяння на губернатараў. (Дарэчы я быў сведкам таго як лектар курсу гісторыі ЗША ад амерыканскага пасольства Дональд Уізэнхант, які чытаў лекцыі студэнтам-міжнароднікам БДУ ў першым сяместры 2004-05 навучальнага года, сцвярджаў, што гэтыя вайскоўцы цалкам складаліся з гэсенскіх наймітаў (немцаў), якія не размаўлялі па англійску і якіх сялілі ў прыватныя дамы каланістаў. Але, паўтаруся, гэта перабольшванне сітуацыі: вайскоўцаў не дазвалялі кватараваць у населеныя жылыя памяшканні, і немцы не складалі большасць каралеўскай арміі ў Амерыцы);
4. Квебекскі акт ніяк не закранаў жыццё 13 англамоўных калоній, але сярод палітычнай эліты каланістаў хадзілі ідэі, што гэты акт можа стаць пачаткам збліжэння караля з былымі ворагамі (французамі Квебека) супраць англамоўных каланістаў. (Дарэчы аналагічныя спробы караля Вялікабрытаніі пашырыць правы брытанскіх каталікоў выклікалі г.зв. "горданаўскія бунты" незадаволенных пратэстантаў -- адзін з выпадкаў у гісторыі калі кіраўнік дзяржавы з'яўляецца больш прагрэсіўным за сваіх падданых).
Джон Адамс напісаў пасля акцыі супраць чаю свайму сябру Джэймсу Ўорэну: "Жэрабя кінута, Народ перайшоў Раку і знішчыў за сабой Мост: мінулым Вечарам Тры Карабля з Чаям былі разгружаны ў Бухту. Гэта найвялікшая падзея з таго Часу, як пачалося Процістаянне з Брытаніяй. Веліч гэтага зачароўвае мяне" (цыт. па 2). І ён быў адзін з тых нямногіх, хто правільна спрагназавалі далёкія наступствы гэтай акцыі. Многія прыхільнікі пашырэння аўтаноміі амерыканскіх калоній і нават іх незалежнасці ад метраполіі разглядалі падзеі снежня 1773 г. як хуліганства, якое не мае нічога агульнага з высакароднай справай барацьбы за права калоній шырока ўдзельнічаць у прыняцці законаў, якія датычыліся іх жыцця. Рэакцыю калоній можна выразіць фразай "А нас за што пакаралі?" Урад Брытаніі чакаў, што калоніі аб'яднаюцца супраць людзей Адамса альбо будуць стаяць убаку ад праблем Бостана і Масачусэтса, але атрымалася, што калоніі аб'ядналіся супраць нявыносных законаў. Пры гэтым яны не былі за знішчальнікаў чаю. Рэакцыя каланіяльнай палітычнай эліты на нявыносныя законы была падобна на рэакцыю расійскай інтэлігенцыі на пакаранне "Пусі Раёт"за хуліганскае набажэнства: мы па-рознаму ставімся да іх учынку, але не згодны з прысудам па гэтай справе.
Негледзячы на тое, што амерыканская грамадская думка з ХІХ ст. па сённяшні дзень разглядае "Чаяпіцце" як патрыятычны акт, некаторыя грамадзяне ЗША застаюцца на пазіцыі, што хуліганства не можа быць прыкладам патрыятычных паводзін. Так у адным міжнародным перыядычным выданні ў жніўні 1974 г. быў надрукаваны артыкул пра падлеткавы вандалізм у ЗША і за іх межамі. У гэтым артыкуле прыводзілася цытата з рэпартажу "Эд'юкейшн Ю-Эс-Эй" (Education USA): "Бостанскае чаяпіцце нярэдка падаецца навучэнцам як "патрыятычны ўчынак", пакаранне брытанцам за непамерны чайны падатак. Але ж тое, што адбылося было чыстым вандалізмам, зробленым рукамі дарослых людзей" (5).
Акрамя таго, варта не забываць, што самы невыносны закон -- аб блакадзе порта Бостана -- не асабліва адчуваўся жыхарамі горада, бо пасля яго ўвядзення астатнія 12 калоній пачалі масава адпраўляць пацярпелым бостанцам гуманітарную дапамогу, так што кіраўніцтва горада, згодна некаторым даным, заявіла, што Бостан можа стаць жытніцай Амерыкі, калі закон не будзе адменены (6).
Пасля прыняцця невыносных законаўпра чай ужо гаворкі не было, але палітычныя актывісты англійскіх калоній Атлантычнага ўзбярэжжа збіраліся на Першы і Другі Кантынентальны Кангрэсы, дзе выпрацоўвалі розныя варыянты дамовіцца з метраполіяй і дабіцца адмены гэтых законаў. Кароль і Парламент не жадалі саступаць, і пачаліся баі паміж каралеўскай арміяй і апаўчэннем каланістаў, якія перайшлі ў Рэвалюцыю.
Значэнне "Бойні" і "Чаяпіцця" ў гісторыі.
Бывае ў сямейным жыцці, што жонка хоча даказаць сваю думку мужу тым, што, напрыклад, б'е талеркі з сервіза, які яму падарыла яго маці, а потым дэманстратыўна адмаўляецца прыбраць друзачкі. Муж помсціць ёй тым, што прадае яе норкавую футру, потым жонка помсціць чым-небудзь яшчэ і праз некаторы час узаемных шкод адносіны паміж гэтымі людзьмі складаюцца такімі, што ўжо не мае значэнне хто пачаў сварку і хто яе падхапіў, а ёсць толькі нянавісць, развод і жыццё па-асобку.
Нешта падобнае было і з падзеямі ў Бостане ў канцы 18-га стагоддзя і іх наступствамі. Калі ўзнік крызіс, які спарадзіла Бостанская бойня, знайшлося дастаткова разумных людзей, здольных прыняць адэкватныя рашэнні і прадухіліць грамадзянскую вайну. Калі людзі С. Адамса выкінулі чай у мора, рашэнні прыймаліся па абодва бакі Атлантыкі ўжо не самыя мудрыя.
Трэба таксама патлумачыць яшчэ адну рэч. Кароль Георг ІІІ не быў вар'ятам альбо тыранам у звычайным разуменні гэтага слова. Ён меў асабістыя сімпатыі да кансерватараў, але дазваляў прыход да ўлады прэм'ер-міністраў з ліку лібералаў. Ён некалькі разоў меў сур'езныя праблемы з псіхікай, але пры гэтым такія хваробы не цягнуліся доўга. У 1770 г. ён цараваў ужо 10 гадоў, а ў 1773 г. - 13 адпаведна таму нельга казаць, што яму зусім не хапала палітычнай сталасці кіраўніка дзяржавы. Многія законы, прынятыя ў эпоху яго царавання, былі спробамі лібералізацыі і дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця Брытаніі. Таму нельга казць, што кароль быў неразумным салдафонам, як яго спрабуюць паказаць некаторыя гісторыкі, ў тым ліку і ў Беларусі. І нарэшце, ўлада караля ўжо была істотна абмежавана паўнамоцтвамі Парламента, і кароль не мог несці адзін усю адказнасць за палітычныя пралікі ў адносінах да амерыканскіх калоній.
Я не хачу сказаць, што Амерыканская рэвалюцыя была абсалютным злом, а ўрад Брытаніі быў нявіннай ахвярай. Калі б тыя 13 калоній, аддзяліўшыхся ад Вялікабрытаніі, засталіся з метраполіяй і дачаліся б "цывілізаванага разводу" як Канада і Аўстралія, не было б не толькі крывавай вайны за незалежнасць, але і многіх з'яў прагрэса, якія сталі магчымымі толькі ў Злучаных Штатах. Але праблема ў тым, што пры разгляданні падзеяў, што мелі месца напярэдадні Амерыканскай рэвалюцыі, многія гісторыкі малююць іх схематычна і бездэталёва: англійскі кароль прыгнятаў жыхароў сваіх калоній, пры гэтым растраляў акцыю пратэсту няшчасных каланістаў у Бостане, а, калі яны знішчылі брытанскі чай, яшчэ больш пачаў іх прыгнятаць і давёў іх да вайны за незалежнасць. У такі варыянт добра пасуюць тэрміны "бойня" і "чаяпіцце", якія сталі міжнароднымі назвамі адпаведных падзеяў.
На вялікі жаль, такі варыянт разглядання гісторыі ўзнікнення ЗША не пакідае месца ўсебаковасці і аб'екыўнасці. Ці можна выкарыстоўваць тэрмін "бойня", калі загінула толькі 5 чалавек? Ці былі яны нявіннымі ахвярамі, калі іх таварышы збівалі з ног салдат каменнямі і ўдарамі дубінак? Ці можна разглядаць акт вандалізму супраць тавару камерцыйнай кампаніі, якая не лезла ў палітыку, як вясёлае чаяпіцце ці вечарыну? Ці можна прызнаць нявыносным акт аб пашырэнні правоў каталікоў Квебека, які ніяк не абмяжоўваў жыццё 13 англійскіх калоній? Ці прызнаў б сёняшні ўрад ЗША легітымнасць і справядлівасць такіх акцый як напад на вайскоўцаў 5 сакавіка 1770 г. і Бостанскае чаяпіцце, калі б яны паўтарыліся ў сучасных Злучаных Штатах і супраць сучасных уладаў краіны?
Кожны чалавек мае права на аб'ектыўную інфармацыю. У тым ліку і на беларускай мове. Гэта права ставіць перад беларускай амерыканістыкай сурёзную задачу: закрыць "белыя плямы" гісторыі ЗША, якія засталіся ў спадчыну ад савецкай гістарычнай школы і культасветработнікаў пасольства Злучаных Штатаў. Спадзяюся, што часткова гэта ўжо атрымалася.
Спасылкі:
(1) Бостонская бойня// Сайт CABAL's Core. Рэжым доступу: http://cabal-ussr.livejournal.com/8000.html дата доступу: 21.12.2013.
(2) Рэй Рафаэл. Выкрыццё міфаў пра Бостанскае чаяпіцце // Сайт Гістарычная праўда. Рэжым доступу: https://www.istpravda.ru/bel/research/4287/ дата доступу: 21.12.2013.
(3) An Outline of American History. Published by US Information Agency, p.66
(4) Поўны тэкст кожнага з невыносных законаў у арыгінале можна знайсці на сайце Yale Law School. Lilian Goldman Law Library. The Avalon Project. Documents in Law, History and Diplomacy. Рэжым доступу: Boston Port Act: http://avalon.law.yale.edu/18th_century/boston_port_act.asp ; Massachusetts Government Act: http://avalon.law.yale.edu/18th_century/mass_gov_act.asp ; Administration of Justice Act: http://avalon.law.yale.edu/18th_century/admin_of_justice_act.asp ; Quartering Act: http://avalon.law.yale.edu/18th_century/quartering_act_1774.asp ; Quebec Act: http://avalon.law.yale.edu/18th_century/quebec_act_1774.asp дата доступу: 23.12.2013.
(5) Coping with the Rising Tide of Vandalism // Awake! August 22, 1974, vol 55, No 16 , pp. 4-5
(6) Boston Port Bill // The Encyclopedia Americana (1920). Рэжым доступу: https://en.wikisource.org/wiki/The_Encyclopedia_Americana_(1920)/Boston_Port_Bill дата доступу: 23.12.2013.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...