10.10.2014

Рукі даяркі

Прыкладна ў пачатку 2008 г. я быў ва Ўздзенскім раёне. Там я і адна мая знаёмая наведалі яе знаёмую -- даярку з мясцовай фермы. Выпадкова я даведаўся, што гэта жаншчына ходзіць кожны дзень па чатыры разы да сваіх кароў. Пры гэтым які-небудзь адпачынак, нават выхадны дзень не прадугледжаны. Дарога на ферму і з фермы займае пэўны не зусім маленькі час і ў перапынках паміж візітаў у свой "офіс" жаншчына завіхаецца па хаце і дагдядае сваіх дзяцей. Зарплата яе складала 200 000 руб у месяц. (Я, як школьны настаўнік англійскай, зарабляў ў два разы больш, ды яшчэ меў дадатковыя заробак ў адным вну).
Калі мы сядзелі за яе кухонным сталом, я заўважыў па руках той даяркі наступствы яе прафесіянальнай хваробы: артрыт. Праца на адным месцы ў неспрыяльных умовах дала свае вынікі на руках той жаншчыны.
Скардзіцца на жыццё я лічу бяссэнсоўным. Каб зрабіць спрыяльныя ўмовы і годную зарплату для тых, хто дае краіне малако, масла, сыр і экспартную валюту, трэба падняць эканоміку да адпаведнага ўзроўню. І многае працуе супраць цяперашняй беларускай эканомікі. Таму праца даяркі пакуль не можа быць прэстыжнай, здаровай і матэрыяльна забяспечанай. Наадварот, пасля сустрэчы з той жаншчынай я яшчэ раз заўважыў наколькі важна даражыць тым, што маеш. Маеш зарплату ў 3 млн? Радуйся, што не 2. Маеш нізкую пенсію? Памятай, што ў Кітаі яе мала каму даюць увогуле, і ў Беларусі такое таксама магчыма пры пэўным раскладзе. На старонцы "Еўраньюс" УКантакце паднімалі пытанне: "Ці дазваляецца ў вашай краіне збіранне грыбоў у лесе?" -- значыць, можна карыстацца такой магчымасцю і памятаць, што ёсць краіны, дзе гэта абмежавана ці недазволена...
На развітанне мы з маёй знаёмай паціснулі артрытную руку той даяркі і пайшлі далей па сваіх справах. Часам я думаю, што лепш я б тады не паціснуў, а пацалаваў руку той жаншчыны. Але хутчэй за ўсё я б прымусіў яе сароміцца, калі б дазволіў сабе такі жэст (бо для многіх жаншчын гэта ўсё роўна як, калі б мужчына стаяў перад ёй на каленях). Як бы яно не было, але знаёмства з яе рукамі дало мне магчымасць убачыць людзей, якім сапраўды цяжка жыць, і якія не скардзяцца на сваю долю, як больш забяспечаныя беларусы. Час ад часу я бачыў на розных мерапрыемствах, як сытыя і добра апранутыя мужчыны цалуюць дагледжаныя ручкі фотамадэляў, артыстак, мастачак, настаўніц, а каму б з іх прыйшло ў галаву пацалаваць артрытную руку немаладой і не вельмі прыгожай даяркі? Ёсць у гэтым нейкая несправядлівасць, як не круці...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...