четверг, 5 февраля 2015 г.

Самыя-самыя войны ЗША

Тэма знешніх войн ЗША варта асобнай кнігі. За стагоддзі свайго існавання Злучаныя Штаты паўдзельнічалі ў дзясятках войн і канфліктаў. Таму тут паспрабую зрабіць нататкі па самым-самым войнам, да якіх мелі дачыненне Штаты.
Для пачатку паўтаруся, што Вайна за незалежнасць 1775-83 гг. і Вайна з Вялікабрытаніяй за Канаду (Другая вайна за незалежнасць, Вайна містэра Мэдзісана) (1812-15 гг.) адносяцца да катэгорыі грамадзянскіх, бо ў ёй удзельнічалі жыхары Амерыкі -- індзейцы, белыя і чорныя, якія займалі альбо бок Брытанскай Кароны, альбо ўрада Злучаных Штатаў. Да гэтай катэгорыі можна аднесці і дапамогу канадскім паўстанцам у 1834 г. І, зразумела, Грамадзянская вайна 1861-65 гг. ніяк не пасуе да знешніх войн, бо практычна ніякага ўдзелу ў гэтай вайне замежныя дзяржавы не прыймалі (будоўлю караблёў для Поўдня ў Вялікабрытаніі і два рускіх ваенных карабля, што прастаялі падчас вайны ў партах Поўначы, да ўзброеннага ўзделу Брытаніі і Расіі ў гэтай вайне не аднясеш).
Самая малавядомая вайна: квазівайна з Францыяй 1797-1800 гг.
Пасля таго як французскі 60-тысячны корпус дапамог амерыканскім рэвалюцыянерам разбіць брытанскую армію, Францыя разглядала Злучаныя Штаты як свайго сатэліта. Адносіны да ЗША не змяніліся і пасля Вялікай французскай рэвалюцыі (1789 г.). У канцы 1790-х гг. Францыя завязла ў доўгім канфлікце з Вялікабрытаніяй і заклікала свайго саюзніка Амерыку дапамагчы ў барацьбе з брытанскім флотам. Трэба зазначыць, што і Брытанія не асабліва сур'ёзна ставілася да незалежнасці аддзяліўшыхся калоній і захоп амерыканскіх грамадзян для прымусовай службы ў флоце Брытаніі быў распаўсюджаны. Таксама нярэдкай была практыка спынення амерыканскіх караблёў для пошуку брытанскіх дэзертыраў, якія нярэдка такім чынам спрабавалі знайсці прытулак у ЗША. Але Штаты адмовіліся распачаць вайну з Брытаніяй (пазней падчас Другой вайны за незалежнасць, Амерыка прымусіла Брытанію шанаваць свой сувярэнітэт), а таксама выплаціць доўг Францыі з тлумачэннем: займалі ў Каралеўства Францыі, а не ў Французскай рэспублікі, таму плаціць не будзем.
У адказ ад 500 да 2000 амерыканскіх судоў былі захоплены французскімі каперамі ў Атлантыцы за некалькі год вайны. Гэта прымусліа Амерыку адрадзіць ваенны флот, які захапіў некалькі каперскіх і вызваліў некалькі сваіх гандлёвых караблёў. Адначасова брытанскі флот працягваў марскую вайну з французскім, і атрымалася, што былыя ворагі -- Брытанія і ЗША -- аб'ядналіся супраць Францыі, як супраць агульнага ворага. За што французы бароліся, на  тое і напароліся... Канфлікт скончыўся тым, што Французская рэспубліка плюнула на былога саюзніка і перастала з ім ваяваць (1).
У некаторай ступені квазівайну можна ўмоўна назваць  "вайной за незалежнасць ЗША 1.2", бо тэрмін "Другая вайна за незалежнасць" адносіцца да зусім іншай вайны, а гэты канфлікт прывёў да фактычнага прызнання незалежнасці Злучаных Штатаў Францыяй.
Самая карысная вайна: вайна з Мексікай 1845-48 гг.
Тэхаская рэвалюцыя прывяла да аддзялення Тэхаса ад Мескікі ў якасці незалежнай рэспублікі, але лакальны канфлікт з тэхаскімі сепаратыстамі перарос ў вайну паміж Злучанымі Штатамі і Мексікай. У гэтай вайне мексіканская армія не толькі не здолела адваяваць землі Тэхаса, але і згубіла каля 2/3 сваёй тэрыторыі. Для Мексікі выбар прызнаць ці не прызнаць анэксію быў чыста тэарэтычны: сталіца краіны Мехіка была занята амерыканскай арміяй, і нязгода з пераможцам магла б каштаваць мексіканцам незалежнасці. Іншымі словамі мір з ЗША для Мексікі быў тым жа, што і Брэсцкі мір 1918 г. для Савецкай Расіі з розніцай у тым, што пасля гэтага Мексіка назаўжды засталася палітычна залежнай ад ЗША дзяржавай і да гэтага часу пытанне аб вяртанні Тэхаса, Каліфорніі, Нью-Мексіка нават не паднімаецца на сур'езным узроўні.
А вось ЗША засталіся "ў шакаладзе" ад гэтай анэксіі, бо хутка пачалося развіццё і засваенне новых зямель. Спачатку гэтаму спрыяла каліфарнійская "залатая ліхаманка" 1848-49 гг. Гэта праўда, што пасля "залатой ліхаманкі" некаторыя паселішчы пераўтварыліся ў гарады-прывіды, але многія перасяленцы заснавалі больш стабільныя пасяленні, а падчас Рэканструкцыі Поўдня 1860-70-х гг. у рэгіён сталі актыўна ўкладаць грошы прамысловыя і фінансавыя варацілы Поўначы, што прывяло да развіцця інфраструктуры і бізнеса новых зямель. У выніку такія штаты як Тэхас і Каліфорнія адносяцца да адных з найбагацейшых тэрыторый ЗША. Без гэтай перамогі ЗША наўрадці сталі б моцнай каланіяльнай дзяржавай у канцы ХІХ ст і адным з сусветных лідараў у другой палове ХХ ст.
Самая працяглая вайна для ЗША: Карэйская вайна.
Той факт, што карэйская вайна скончылася ў 1953 г. і фактычна ішла тры гады, не ставіць пад пытанне тое, што я пішу. Карэйская вайна афіцыйна не скончылася, бо ў 1953 г. варагуючыя бакі падпісалі толькі перамір'е. Пасля гэтага час ад часу адбываліся сутычкі паміж арміямі КНДР і Рэспублікі Карэя, ў кожнай з якіх гінулі ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў вайскоўцаў з абодвух бакоў. Гэта закранула і амерыканскі кантынгент. Так у  1968 г. ў сутычках з паўночнымі карэйцамі загінулі і былі паранены каля 100 амерыканскіх ваенных згодна артыкула выдання Look (2).
Няма сэнсу зараз апавядаць тут падрабязнасці той вайны, бо гэта патрабуе асобнай кнігі, але некалькі цікавых фактаў варта зазначыць. Амерыканцы ваявалі ў Карэі не самі па сабе, як хаўруснікі пааўднёвых карэйцаў, а пад эгідай ААН. Пра ўдзел вайскоўцаў з іншых краін-членаў ААН гаворыцца рэдка па дзвюм прычынам: страты амерыканскага кантынгента стаяць наступнымі пасля страт карэйскага народа і кітайцаў, ваяваўшых за Поўнач, а другая прычына ў тым, што войскі ААН выкарыстоўвалі супраць паўночных карэйцаў зброю масавага знішчэння, што не вельмі пасуе да іміджу "блакітных касак". Цікавым з'яўляецца і факт удзелу ў вайне супраць "блакітных касак" пілотаў з СССР і кітайскай сухапутнай арміі, а гэтыя дзве краіны былі членамі ААН і сярод заснавальнікаў гэтай міжнароднай суполкі.
Таксама гэта вайна, згодна шэрагу звестак, спарадзіла фразу "прамыванне мазгоў" (brainwashing). Справа была ў тым, што з некаторымі амерыканскімі ваеннапалоннымі паўночныя карэйцы праводзілі доўгія палітгутаркі і здолелі зрабіць з іх перакананых камуністаў. Калі гэтых вайскоўцаў потым адпусцілі з палону, яны так і засталіся з камуністычнымі перакананнямі. І для апісання метадаў паўночных карэйцаў (якімі дарэчы і кітайскія камуністы апрацоўвалі замежных палітвязняў) у англійскай мове з'явіўся тэрмін brainwashing. Каб захаваць аб'ектыўнасць трэба дадаць, што такімі метадамі карэйскія камуністы карысталіся пераважна з тымі асобамі, якіх планавалі адпусціць зваротна на капіталістычны Захад; многіх іншых чужаземцаў, пераважна мірных жыхароў, паўночнакарэйскія салдаты або расстрэльвалі на месцы, або трымалі ў цяжкіх умовах у канцлагерах. Паўднёвакарэйскія салдаты таксама праводзілі масавыя расстрэлы падазроных і катаванні палонных, але гэта сумныя рэаліі грамадзянскай вайны такой жа як і іспанская 1936-39 гг., фінская 1918-22 гг., біяфрская вайна канца 1960-х гг. у Нігерыі ці цяперашняя вайна на Данбасе...
Самая ганебная для ЗША вайна: В'етнамская вайна 1960-1975 гг.
У гісторыі ЗША вайна ў Індакітаі нанесла адбітак, які можна параўнаць толькі з удзелам ЗША ў карэйскай, Першай і Другой сусветных войнах. Перш за ўсё па колькасці амерыканцаў, якія загінулі ў Індакітаі, хоць трэба адзначыць, што Карэйская вайна вялася больш інтэнсіўна: яна забрала за тры гады прыкладна столькі ж жыццяў, што і в'етнамская за няпоўныя 15. Другі адбітак у тым, што В'етнам раскалоў амерыканскае грамадства і зрабіў ЗША імідж агрэсара ў вачах міжнароднай суполкі. Як і ў Карэі, ЗША ваявалі не самі па сабе, а разам з сваімі натаўскімі і далёкаазіяцкімі хаўруснікамі. Таксама як і ў Карэі амерыканцы масава выкарыстовалі зброю масавага знішчэння супраць партызан руху В'ет-Конг. Напрыклад, палівалі з самалётаў джунглі дэфаліянтамі (каб ападала лісце), а потым бамбілі месцы знаходжання партызан. Актыўна бамбілі і камуністычны Паўночны В'етнам, супрацьпаветраныя сілы якога збівалі амерыканскую авіяцыю савецкімі ракетамі.
Амерыка праводзіла агрэсіўныя войны і пасля В'етнама, але менавіта в'етнамская вайна стала самай ганебнай. На мой погляд тут можна вылучыць тры прычыны. 1. Доўгая працягласць вайны. Акупацыя Грэнады, 2 бамбардзіроўкі Лівіі,  Другая іракская вайна не цягнуліся так доўга і таму не выклікалі столь працяглы рэзананс у ЗША і за іх межамі. (Падобным чынам агрэсія СССР у Венгрыі 1956 г. і Чэхаславакіі 1968 г. не выклікалі столькі абурэння міжнароднай супольнасці, як Афганская вайна 1979-89 гг.) 2. Вайна прынесла ЗША цяжкія страты чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў і скончылася поўным паражэннем: увесь В'етнам, а таксама Лаос і Кампучыя сталі камуністычнымі дзяржавамі, прычым у 1979 г. В'етнам, які быў саюзнікам СССР, выбіў з Кампучыі прыхільнікаў Пол Пота, які быў бліжэй па арыентацыі да Кітая -- канкурэнта СССР за кантроль над сацыялістычнымі краінамі, і такім чынам увесь Індакітай, калі не лічыць Тайланд, увайшоў у сферу савецкага ўплыву. 3. Амерыка перажывала ўнутраны крызіс усе 1960-я гг., і в'етнамская вайна толькі дадала да спякоты незадаволеннасці амерыканскага грамадства.
Каб захаваць аб'ектыўнасць, трэба сказаць некалькі слоў пра парушэнні правоў чалавека амерыканцамі падчас в'етнамскай вайны. Шырока вядома пра спаленне вёсак з мірнымі жыхарамі ў Паўднёвым В'етнаме, накшалт Сонгмі. Але за жорсткасцю да мірных жыхароў з боку амерыканцаў стаяць рэаліі партызанскай вайны. Аналагічныя метады зачысткі мясцовасці выкарыстоўваліся савецкай арміяй у Афганістане, расійскай у Чэчне, іспанскімі рэспубліканцамі падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі і, зразумела, калабарацыяністамі гітлераўцаў у Беларусі. Амерыканцы бераглі сваіх салдат і наносілі шмат прэвентыўных  удараў па магчымым месцам знаходжання "гукаў" (так яны зняважліва называлі в'етнамскіх партызан). Калі я вучыўся ў вну, спецыяліст па гісторыі ўсходніх цывілізацый, прозвішча якога я не памятаю, распавядаў на лекцыі, што падчас Другой сусветнай амерыканцы доўга вялі артпадрыхтоўку перад высадкай на нейкі японскі востраў. Японцы асцярожна пакінулі востраў пад ударамі штатаўскай артылерыі, а амерыканскія гарматы яшчэ тры дні білі па востраву да таго як туды ступіла нага першага марпеха. У такіх умовах страты мірнага насельніцтва бываюць велічэзнымі. І справа тут не столькі ў гуманнасці да амерыканскага салдата, дзеля жыцця якога можна было спаліць в'етнамскую вёску разам з жыхарамі, сколькі ў тым, што армія ЗША была дарагая, і смерць за кожнага забітага салдата абыходзілася дзяржбюджэту ў добры грошык. І не трэба забываць, што кожная труна, пакрытая зорнапаласатым сцягам, што прыбывала ў ЗША -- гэта новы вугалёк у полымя незадаволеннасці ўрадам (бо дэмакратыю адмяніць было цяжка і паціху пахаваць забітага хлопца ў безыменнай магіле дзе-небудзь на задворках алабамскай вёскі было праблематычна).
Таксама савецкая публіцыстыка (напрыклад Юрый Дзеругін "Кантракт з смерцю") рабіла пэўны акцэнт на расавых разборках унутры амерыканскага кантынгента ў В'етнаме. Хочацца тут дадаць аб'ектыўнасці. Дзедаўшчына прысутнічае ў рознай ступені амаль у кожнай арміі свету. Напрыклад у Рускай імператарскай арміі малодшыя кадэты маглі вымяраць плошчу казармы запалкамі пад ціскам старэйшых таварышчаў. Таму у арміі ЗША хапала боек паміж "дзядамі" і "духамі". Падчас бою з гэтак званымі "гукамі" мог мець месца "фрэгінг": калі найбольш лютага афіцэра забіваў ручной асколачнай гранатай (frag, скарочана ад fragmentation grenade) салдат, якога той дапёк здзекамі. І расізм у ЗША як "белы" так і "чорны" абвастрыўся менавіта ў 1960-х гг. -- падчас в'етнамскай вайны, таму не дзіва, што белыя афіцэры не лічылі благім паставіць чорнага радавога ў першы рад патрульнага атрада, што давала афраамерыканцу "перавагу" быць забітым сярод першых. І ўрэшце армія ЗША таго часу складалася пераважна з хлопцаў з бедных класаў, якія ўчора былі шпаной, а сёння былі апрануты ў ваенную форму. Зразумела такія хутка знаходзілі нагоду зачапіцца да салдаціка, які адрозніваўся ад іх колерам скуры ці таўшчынёй біцэпсаў. А калі ў такога салдаціка знаходзіліся сябрукі, пачыналася бойка "сценка на сценку". Ці мае сэнс казаць, што падобнага дзіва хапае ў сучаснай беларускай арміі ці, напрыклад, армянскай або турэцкай?
І нарэшце адбітак В'етнам зрабіў не толькі на палітычнае жыццё ў ЗША, але і на культуру: маса кніг, фільмаў, сярод якіх "Апакаліпсіс сёння", які ўнёс у гаворку амерыканцаў кінацытату "люблю пах напалма раніцай" (нешта накшалт распаўсюджаных савецкіх кінацытат "альбо я вяду яе ў ЗАГС, альбо яна вядзе мяне да пракурора" ці "танчаць усе!"). Цікава, што в'етнамскія матывы знайшлі сваё адлюстраванне ў сэрыяле "Санта-Барбара", дыснееўскім мульціку "Аладзін", і не меньш чым адным з дэтэктываў Чэйза. Таксама вайна ў В'етнаме дала новае значэнне слову "гук": раней так зняважліва называлі карэйцаў, і ветэраны карэйскай вайны, што апынуліся ў В'етнаме, прыляпілі яго да "в'етконгаўцаў". Цікава, што аналагічны момант быў з трансфармацыяй слова "дух" у былым СССР: "душман" (цюркскае "вораг") -- "дух", як афганскі партызан, -- "дух", як чэчэнскі сепаратыст.
Самая незразумелая вайна: Другая іракская 2013 г.
У былым СССР распаўсюджана думка, што ЗША заваявалі Ірак, каб хлябнуць таннай нафты альбо зрабіць нейкі хаос у сусветнай эканоміцы. Але я знайшоў больш аргументаў супраць гэтага, чым за.
Эканамічнай карысці ад захопу іракскай нафты было мала. У мяне аднойчы была доўгая ан-лайн дыскусія з апалагетамі ідэі "вайны за іракскую нафту", але ніхто мне не адказаў на пытанне, які быў сэнс пачынаць дарагую вайну, губіць 3 тыс. амерыканскіх салдат, сем'ям якіх трэба было таксама плаціць, псаваць імідж звышдзяржавы, калі з Хусейнам можна было дамовіцца. Ва ўсялякім разе можна было дапамагчы заняць месца крутога дыктатара свайму чалавеку, можна было забіць толькі Садама... і нафта разам з інфраструктурай, моцнай арміяй, парадкам на вуліцах ужо пераходзіць у праамерыканскі лагер.
Распаўсюджаная ідэя дэстабілізацыі сусветнай эканомікі праз вайну з Іракам таксама не ўлічвае некаторыя дэталі. Дэстабілізацыя сусветнай эканомікі перш за ўсё шкодна для саміх ЗША. Бо ад гэтага ўзбагацяцца толькі некаторыя кампаніі, напрыклад тыя што працуюць на мінабароны і некаторыя інжынерныя арганізацыі, што аднаўлялі інфраструктуру Ірака пасля вайны. Але калі б ад кіраванага хаосу пацярпелі такія эканамічныя гіганты як Расія, ЕС ці нават Турцыя, якая прэтэндуе на ролю рэгіянальнай дзяржавы, то наступствы былі б шкодныя для бльшасці іншых суб'ектаў гаспадаркі Амерыкі ды і для існавання саміх ЗША. Уявіце сабе, што ў Расіі ў выніку абвала эканомікі і палітычных хваляванняў і рэвалюцый да ўлады прыходзяць радыкалы, якія праводзяць у жыццё лозунг "Расія для рускіх". Што будзе, калі ў іх узнікне жаданне скінуць атамную бомбу на мужчынскі туалет у Белым доме? Гэта праўда, што моцныя дзяржавы не могуць не быць канкурэнтамі, але на ўрад ЗША працуе дастаткова экспертаў, якія здольны падлічыць і патлумачыць гарачым галовам у Кангрэсе ці Мінабароны, што будзе, калі кагосьці бамбіць без вострай неабходнасці.
Што да ідэі насаджэння амерыканскай мадэлі, то амерыканскі ўрад не вельмі цікавяць правы чалавека, калі яны парушаюцца краінай-саюзніцай ЗША. Таму жыццё іракскіх курдаў альбо становішча палітзняволеных не было б галаўным болем Злучаных Штатаў, калі б Хусейн ці яшчэ які-небудзь лаяльны Амерыцы дыктатар слухаўся дзядзю Сэма ў больш прынцыповых пытаннях. І калі б ЗША жадалі бамбіць Ірак за правы іракцаў, то чаму не пачалі з Саудаўскай Аравіі, дзе правы чалавека парушаюцца ў значна больш жорсткай ступені?
У сваёй прамове да нацыі аб аб'яўленні вайны Іраку Джордж Буш мал. заявіў: "Наша краіна ідзе на гэтую вайну неахвотна, але нашы мэты зразумелыя. Народ Злучаных Штатаў, а таксама і нашы сябры і хаўруснікі не будуць чакаць літасці ад злачыннага рэжыма, які пагражае выкарыстаннем зброі масавага знішчэння. Мы сустрэнем гэту пагрозу зараз з арміяй, авіяцыяй, флотам, берагавой аховай і марской пяхотай, каб потым не прыйшлося сустракаць яе з арміяй пажарных, паліцыі і медыкаў на вуліцах нашых гарадоў." У гэтым я бачу некаторае тлумачэнне прычын амерыканскай агрэсіі: Амерыка баялася паўтарэння тэрактаў 11 верасня 2001 г.
Я не ведаю дакладна, ці мелі дачыненне спецслужбы ЗША да тэрактаў у Вашынгтоне і Нью-Ёрку 11 верасня 2001 г. Магу толькі сказаць, што ў сусветнай гісторыі былі  прыклады такіх сітуацый. Адзін толькі Гітлер двойчы карыстаўся такім метадам, каб апраўдаць сваю агрэсію да Польшы і краін Бенілюкса. Але версіі аб выкарыстанні выбуховых рэчываў у самалётах, што пратаранілі вежы Гандлёвага цэнтра ці ў саміх вежах, як і версіі аб выбары месца і часу для тэракта з мэтай забіць як мага меньш карэнных амерыканцаў, не вытрымліваюць сур'ёзнай крытыткі. Усё такія маніпуляцыі выдаюць спецслужбы, бо патрабуюць удзелу надта вялікай колькасці людзей, кожны з якіх можа патэнцыяльна стаць здраднікам. Таму магчымы ўдзел нейкіх спецслужб ЗША мог быць у "вядзенні" рэальных тэрарыстаў з наступным дазволам ажыццявіць сваю справу, але "пад каўпаком" а-ля Мюлер. Альбо тэракт маглі зрабіць двайныя агенты, якія праводзілі лінію амерыканскіх спецслужб у Аль-Каідзе (Памятаеце, як у фільме "Месца сустрэчы змяніць нельга" следчы Шарапаў заманіў банду ў міліцэйскую пастку?)
Калі мае гіпотэзы (на якіх я не настойваю) верны, мы наўрадці дачакаемся адкрыцця нейкіх архіваў, што іх падцвердзяць: як я ўжо пісаў, у такіх выпадках ніякай дакументацыі не вядзецца і ўдзельнічае мінімум людзей (4). Таму можна засяродзіцца на тым, што няважна, хто накіраваў самалёты ў вежы-блізняты, важна, што гэта дало ЗША карт-бланш для агрэсіўных прэвентыўных дзеянняў. Спачатку быў Афганістан. Потым і Ірак.
На Факультэце міжнародных адносін БДУ у сярэдзіне 2000-х гг. выкладаў адзін амерыканскі прафесар, імя і прозвішча якога я забыў. Як раз у той час у Беларусі паказвалі фільм "911 па Фарэнгейту" і некаторыя з студэнтаў распачалі з прафесарам дыскусію пасля пары пра гэты фільм. Памятаю, што ён назваў прэзідэнта Буша ідэалістам. Прафесар лічыў, што Буш шчыра распачаў вайну з Іракам, каб вызваліць іракскі народ ад тыраніі Хусейна.
Магчыма Буш і сапраўды шчыра верыў у місію амерыканцаў насаджаць дэмакратыю, але ўлада прэзідэнта ЗША абмежавана Кангрэсам, які можна было пераканаць толькі аргументамі аб магчымасці нанясення Хусейнам удараў па ЗША. Ці верыў Дж. Буш, што Хусейн сапраўды можа закідаць ЗША зброяй масавага знішчэння, ці толькі прыкрываўся гэтай ідэяй перад Кангрэсам і народам Амерыкі -- не ведаю. Але такая прычына напасці на краіну, армію якой снабжалі амерыканскай зброяй яшчэ падчас ірана-іракскай вайны ў 1980-х гг., мае больш сэнсу, чым прымітыўная спроба захапіць нафту сілай зброі.
Другая іракская вайна наклала свой адбітак на ваенную справу ЗША. Па-першае, яна выкрыла праблематычнасць выкарыстання некаторых высокіх тэхналогій у пустыні. Па-другое, пасля яе амерыканцы пачалі выкарыстоўваць прынцып No foot on the ground ("На зямлю ні нагой") у падобных аперацыяй у Лівіі і Сірыі: наносіць авіяўдары з завоблачных вышынь, нядасягальных для ворага, а наземныя аперацыі весці сіламі мясцовых партызан ці паўстанцаў. Таксама гэта была першая вайна пасля 1945 г., ў якой удзельнічалі японскія сілы самаабароны (зразумела на баку ЗША).
Спасылкі:
(1) С.В. Иванов. Американские фрегаты 1794-1826 гг. Доступ: http://coollib.com/b/269222
(2) The New War in Korea // Look, October 15, 1968 цыт па: Nations "Pulling Apart" // Awake! January 22, 1969 Vol. L, No 2, p. 6
(3) Дж. У. Буш: “Мы ідзем у Ірак з павагай да яго грамадзян, да іх вялікай цывілізацыі і да іх рэлігійных перакананняў” пер. А. Берастоўскага // Сайт "Историческая правда". Доступ: http://www.istpravda.ru/bel/research/5820/
(4) А. Берастоўскі. Тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 г. // Сайт "Минск старый и новый". Доступ: http://minsk-old-new.com/minsk-3482-be.htm

Комментариев нет:

Отправить комментарий