23.04.2017

Дэнамінацыя ў Беларусі. Заканчэнне

Тэма дэнамінацыі 2016 года ахоплівае ўжо трэці і, думаю, апошні пост. Раней я апісаў даволі падрабязна першы месяц пасля дэнамінацыі і першыя 6 месяцаў суіснавання старых і новых грошай. Цяпер будзе лагічна завяршыць гэтай назіранне цягам амаль год. Паспрабую зрабіць гэта кароткімі замалёўкамі.

Старыя грошы – пераважна старублёўкі, эквівалентныя новай 1 кап., – накіраваліся ў масавым парадку ў празрыстыя скрыні для ахвяраванняў на розныя патрэбы (як правіла, патрэбы Беларускай праваслаўнай царквы) у першыя дні і тыдні пасля Новага года, калі старыя грошы перасталі прымаць у магазінах. Паколькі старыя грошы можна здаваць у банк і мяняць на новыя, то думаю або магазіны, або царкоўныя служыцелі проста здалі іх у банк. Праз пару месяцаў старыя грошы ў гэтых скрынях пачалі знікаць. Адну скрыню са старой 500-рублёўкай атрымалася сфатаграфаваць у магазіне «Суседзі» на вул. Каліноўскага, 66А гэтай вясной. У магазіне «Востраў чысціні» на пр. Незалежнасці 143/2 нядаўна бачыў скрыню ад дзіцячага хоспіса, дзе ляжала старая 1000 (10 новых кап.).

Старыя 500 руб у царкоўнай скрыні. Магазін "Суседзі" (Каліноўскага 66а) Мінск, красавік 2017 г. Чырвоная стрэлка паказвае на купюру.

Людзі сталі часцей губляць грошы – пра што я пісаў. Але высветлілася, што даволі шмат паважаных небедных мінчан не цураюцца падняць з зямлі кінутую капейку. Дарэчы я знайшоў на вуліцы кінутыя 300 старых рублёў і падчас аднаго з візітаў у банк памяняў іх на капейкі. Можа выглядае як дурасць, але гэта магчыма звязана з тым, што я рос у беднай сям'і і нават зараз часам жыву капейка ў капейку. Пры гэтым я неяк інстынктыўна не падбіраю манеты з наміналам 5 ці больш капеек, бо заўсёды прамільгне думка: раптам хто шукае такія грошы і плача?

Цікава, што нацыянальны кансерватызм беларусаў прымушае амаль усіх іх далей карыстацца катэгорыямі старых грошай («гэта каштуе 500 (тысяч), а я зарабляю 5 (мільёнаў) 300» замест «гэта каштуе 50, а я зарабляю 530»). Мабыць таму я і цягнуў з напісаннем гэтай апошняй часткі працы пра дэнамінацыю – ўсё чакаў, калі ж людзі пераключацца на новыя грошы. Праўда, цяпер, праз некалькі месяцаў малыя сумы сталі часцей і часцей называць правільна не толькі прадавачкі: 3.50, 11.20, 4 рублі... Магчыма, часткова людзям цяжка пераключыцца яшчэ і таму, што ў гэты раз інфляцыя ўжо не ляціць так хутка, як раней. Нават долар здаў пазіцыі з 2 руб. да 1.87 на момант напісання гэтых радкоў і гэта цягнецца ўжо некаторы час.

Калі гаворыць пра курсы валют далей, то там даволі цікавы трэнд. Цэны пішуць нібыта старымі грошамі (напрыклад, 1.875) але насамрэч кропка аддзяляе рублі ад капеек, а трэцяя лічба пасля кропкі – гэта дзясятая частка капейкі. Гэта трэцяя лічба мае значэнне толькі калі купляеш ці прадаеш больш за 10 долараў ці еўра і выбіраеш цэны, але за меншую суму ў Мінску мала што можна купіць.

Нарэшце яшчэ адзін элемент майго працоўнага жыцця, дзе зніклі старыя грошы. Доўгі час я здаваў справаздачу адной кампаніі, з якой супрацоўнічаю як перакладчык, у старых грошах, бо інакш экселеўская формула акругляла мой заробак у большы ці меншы бок. Я неаднаразова спрабаваў вырашыць гэта пытанне і нарэшце, проста плюнуў на магчымасць атрымоўваць ганарар з дакладнасцю да капейкі, тым больш, што сістэма акругляла і на маю карысць...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...