четверг, 6 апреля 2017 г.

3 сустрэчы. Апавяданне

Пачынаю серыю сваіх мастацкіх апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!". Усе персанажы і падзеі выдуманы. Магчымае супадзенне выпадковае.

Тры сустрэчы

Сяргей і яго чатырохгадовы сын Віталік зайшлі ў аўтобус. Святлана ўбачыла маленькага хлопчыка і падхапілася.
- Сядай хутчэй на маё месца, дружа!
- Дык ён ўжо павінен саступаць іншым месца... - запярэчыў бацька.
- Не, не, не! Хай падрасце і тады будзе саступаць, - катэгарычна заявіла жанчына, і Віталік задаволена сеў на нагрэтае месца і стаў глядзець у акно. Тата паціснуў плячыма.
Ногі Святланы балелі, пасля васьмі гадзін працы ў цырульні, але яе думкі круціліся вакол таго, што прыгатаваць на вячэру для дачкі і мужа ў гэты раз.

Чатырнаццацігадовы Віталь з камфортам плюхнуўся на месца ля акна і праз хвіліну ён ужо перайшоў на новы ўзровень сваёй мабільнай гульні. З таго часу, як яго бацька памёр ад рака ён моцна захапіўся камп'ютарнымі гульнямі і амаль увесь вольны час не адрываўся ад мабільніка.
Зайшла Святлана. Яе ногі балелі як ніколі раней. Цяпер ёй прыходзілася працаваць кожны дзень па 10 гадзін, каб дапамагчы дачцэ паступіць у вну. Акрамя таго, з таго часу, як муж пакінуў яе і пераехаў да бацькоў у Расію, яна пачала курыць больш, чым раней. Здаецца, гэта пачало адбівацца і на нагах.
Аўтобус быў поўны і ніхто не жадаў саступаць.
- Джэнтльменаў няма, - падумала Святлана, але нічога ўслых не сказала.
Нарэшце Віталь падняўся не адрываючы вачэй ад тэлефона. Набліжаўся яго прыпынак. І вось Святлана села.

Мікрааўтобус інтэрнэт-дастаўкі нарэшце пад'ехаў да дома, куды трэба было прывезці заказ. Але адзіная дарога да патрэбнага пад'езда была перагароджана натоўпам людзей. Іх было, мабыць, чалавек трыццаць і яны стаялі ля першага пад'езда.
- Мабыць, сход таварыства ўласнікаў, - падумаў дваццацічатырохгадовы Віталь і ўжо хацеў пасігналіць, каб натоўп прапусціў яго машыну. І тут заўважыў недалёка ад сябе на паркоўцы чорны аўтамабіль рытуальных паслуг.
Зразумеўшы, што яго не прапусцяць, Віталь стаў спрабаваць прыпаркавацца, але месца было толькі за 50 метраў ад дома. Уздыхнушы, ён дастаў дзве вялікія сумкі з прадуктамі і пайшоў так хутка як мог да патрэбнага пад'езда. Гэты адрас быў адным з самых праблемных. Дзед-інвалід, які там жыў, ліха карыстаўся Сецівам, і даволі часта скардзіўся на заказы з яго магазіна. Калі Віталь спазніцца больш, чым на пяць хвілін, дзед напіша скаргу на сайт кампаніі, і са сваёй сціплай зарплаты экспедытара Віталь зноў заплаціць штраф.
- Адно тое добра, што начальства амаль не бачу і нарэшце пазбавіўся залежнасці ад гаджэтаў, бо ўвесь час за рулём, - суцяшаў сябе Віталь, цягнуўшы пудовыя сумкі.
Ён абмінуў натоўп праз дзіцячую пляцоўку адкуль зніклі ўсе мамы з дзеткамі, як толькі перад пад'ездам Святланы стаў збірацца натоўп суседзяў і знаёмых развітацца з ёй.
Святлана ляжала ў труне, што стаяла на дзвюх табурэтках пасярэдзіне дарогі. Побач з ёй стаяла яе дачка, дваццацігадовая дзяўчына ў чорным, дзелавітага выгляду хлопец такога ж узросту, які трымаў яе пад руку, і стары праваслаўны святар, які толькі скончыў чытаць малітвы. Хлопец сунуў яму тры дваццаткі і пытальна паглядзеў у вочы свяшчэннаслужыцеля. Той лёгка кіўнуў: дастаткова. І дадаў:
- Мужайцеся, дачка мая. Ваша маці памерла як раз перад Сёмухай. Значыць Госпад забраў яе да сябе як праведніцу. Хваліце Бога за яго літасць.
А ў гэты час чырвоны ад поту Віталь ужо стаяў на парозе дзедавай кватэры і тлумачыў:
- Ну, не вінаваты я! Форс-мажор. Хіба не ведаеце, што як раз зараз хаваюць нейкую дурніцу з першага пад'езда?
Цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" ў PDF

Комментариев нет:

Отправить комментарий