11.06.2017

Алегу больш не наліваць! Апавяданне.

Ігар зайшоў у пакой свайго старэйшага брата Алега, які штосьці дзелавіта набіраў на камп'ютары.
– Алежак, дзе мой перфік? – запытаўся Ігар.
– Хвілінку, браток, зараз дапішу і пагамонім, – прамармытаў Алег, – а пакуль мяне не чапаць і не кантаваць.
– Во які дзелавар! – усміхнуўся брат
– Па-ча-кай! – крыху раздражнена адказаў Алег.
Ігару быў вельмі патрэбны перфаратар, і ён сеў на канапу па-ча-каць. Праз пару хвілін брат скончыў працу і разгарнуся да яго на камп'ютарным стуле:
– Ну што?
– Дзе мой перфік?
Алег задумаўся і адказаў:
– Здаецца, я яго пакінуў у гаражы. Так, у гаражы.
– Нічога, калі яго свіснуць адтуль?!
– Браце, прабач, іду за перфам. Адна нага тут, другая...
– ...У магіле, калі не прынясеш інструмент.
Алег выйшаў, а Ігар падышоў да камп'ютара. На экране была старонка сайта папулярнай псіхалогіі, мадэратарам якога быў Алег. Хвіліну таму Алег ад імя рэдакцыі сайта напісаў новае паведамленне: «Учора пабачыла свет другая кніга выбітнога беларускага псіхолага Алега Вясёлкіна "Будзь!". Прэзентацыя выдання адбудзецца...»
Ігар адышоў да акна і паглядзеў як яго брат таропка падышоў да гаража. Яшчэ год таму Алег са сваім дыпломам псіхолага напрасіўся працаваць да малодшага брата на рамонт кватэр і адначасова вечарамі пісаў свае опусы. Пасля таго як выдаў першую кнігу, вырашыў, што фізічная праца больш яму не падыходзіць. Кінуў Ігара аднаго круціцца на аб'екце ў самы разгар працы. Цяпер сядзіць за камп'ютарам і ездзіць на сімпозіумы ды сустрэчы. З аднаго боку Ігар быў рад, што брат раскруціў справу, якую любіў усё жыццё. З другога, штосьці змянілася ў Алега не ў той бок, а што – Ігар не мог зразумець.
Алег выйшаў з перфаратарам з гаража.
– Добра, што не ўкралі, – падумаў Ігар. А потым чамусьці праляцела думка:
– Алегу больш не наліваць!

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...