Гэта апошні пост пра мінулыя дзясяцігоддзі, які я пішу тут, і прычына даволі банальная: у адрэзку 1971-1980 гг. на маё жыццё выпадаюць толькі 2 апошнія гады. А праект, у рамках якога я ўжо апісаў 80-я, 90-я, 2000-я, 2010-я і планую таксама ахапіць першую палову 2020-х гг., перш за усё гэта мае назіранні і мемуары, а не праца з успамінамі і дакументамі.
Тэхнічна я магу прывязаць сюды магчымы невыразны ўспамін для захавання хоць-якой мемуарнасці: з маёй памяці дзяцінства ёсць момант, калі я злез з ложка, надзеў тапачкі і кудысці накіраваўся ісці. Чамусьці ў больш свядомым дзцінстве быў абсалютна ўпэўнены, што мне было тады 2 гады. Гэта магчыма, бо ў мяне ёсць больш дакладныя ўспаміны пра падзеі, што адбыліся са мной, калі мне было 3-4 гады, і гэтыя ўспаміны пацвярджалі іншыя людзі. Значыць, можна дапусціць, што некаторыя моманты з 1970-х я магу памятаць і маю маральнае права прывязаць гэты пост да ланцуга апісанняў дзясяцігоддзяў гісторыі Беларусі :)
Карыкатура на хіпі ў беларускім гумарыстычным часопісе 1970-х гг., знодзеная на прасторах інтэрнэта.
11 жніўня 1971 г. хіпі ў Гродна нечакана заявілі пра сябе і паспрабавалі правесці дэманстрацыю пратэсту ў адказ на пераследаванне іх субкультуры ў СССР. У акцыі ўдзельнічалі не толькі хіпі з горада, але і іх таварышы з Вільнюса, Таліна, Ленінграда і Мастоў. Групамі па некалькі дзясяткаў чалавек яны прайшлі з плакатамі па некалькіх вуліцах Гродна, каб сабрацца на Савецкай плошчы, але міліцыя і КДБ хутка пачала затрымліваць удзельнікаў мерапрыемства і запіхіваць у аўтобусы, схаваныя ў прылеглых да плошчы дварах (такую тактыку выкарыстоўваюць не толькі сучасныя беларускія сілавікі). Далей у залежнасці ад паводзін затрыманых іх або везлі за межы горада і выпускалі або, пры супраціўленні, прымусова стрыглі ім доўгія валасы і рвалі вопратку. Пазней частка ўдзельнікаў была звольнена з работы або адлічана з навучальных устаноў.
Хоць афіцыйна пра гэту падзею вырашылі не паведамляць грамадзянам Саюза, журналісты і пісьменнікі БССР пачалі весці элементы інфармацыйнай вайны з хіпі. І карыкатура вышэй таму сціплы прыклад. З гэтага вынікае, што пратэст хіпі мог выклікаць сур'ёзную занепакоенасць з боку партыйных чыноўнікаў не толькі БССР, але і Масквы.
1965-80 гг. можна было назваць эпохай Машэрава. Самы доўгавечнік срод кіраўнікоў БССР увашоў у гісторыю як камуністычны лідар, спрабаваўшы выкарыстоўваць элементы тэхнакратыі, не выходзячы за рамкі склаўшыхся савецкіх камуністычных традыцый. На яго кіраванне прышоўся росквіт індустрыльнага развіцця пасляваеннай Беларусі і актыўнае ўключэнне спецыялістаў (у тым ліку беспартыйных) у прыняцце рашэнняў на месцах. З другога боку, з падачы Машэрава было асушэнне балот Палесся, якое нанесла шкоду экалогіі рэгіёна. Працягвалася палітыка русіфікацыі, якая выразілася ў скарачэнні колькасці сярэдняга навучання на беларускай мове і пашырэнні ролі рускай мовы ў справаводстве.
Неадназначна і дзейнасць Машэрава для сталіцы Беларусі. Па яго рашэнні была знішчана частка гістарычнай забудовы ў раёне вуліцы Няміга. Але пры ім Мінск атрымаў статус горада-героя 26 чэрвеня 1974 г. Таксама пры Машэраве ў 1977 г. пачалося будаўніцтва мінскага метро.
Гібель Машэрава ў аўтакатастрофе пад Мінскам у 1980 г. паказала, што для многіх беларусаў ён быў народным лідарам, бо на ўсім шляху руху яго пахавальнага картэжа стаяла незвычайна шмат людзей, нягледзячы на дождж, а арганізатары пахавання баяліся, што ў натоўпе пачнецца цісканіна. Машэраў быў чалавекам сваёй сістэмы, але пры гэтым запомніўся імкненнем дапамагаць людзям, чым відавочна заваяваў папулярнасць на фоне розных партыйных чыноўнікаў, для якіх фармалізм меў большае значэнне, чым вынік працы.
Аднак росквіт прамысловага развіцця не значыў росту дабрабыту жыхароў БССР. Дэфіцыт і нізкія рэальныя даходы насельніцтва былі праблемай усёй савецкай эканамічнай сістэмы. Быў такі жарт: "Доўгая, зялёная, пахне каўбасой. Што гэта? Электрычка з Масквы!". Аднак мне вядома і пра каўбасныя рэйды з Рэчыцы ў Мінск, і пра паездкі з Беларусі рачным транспартам ва Украіну за каўбасой. Таму ўспаміны многіх беларусаў, якія з настальгіяй узгадваюць 70-я, служаць толькі добрым прыкладам таго, як выбарча працуе памяць чалавека.
Так атрымалася, што на 1971-80 гг. у БССР адбылося незвычайна шмат катастроф са значнымі чалавечымі ахвярамі.
Дзясяцігоддзе пачалося моцным выбухам на мінскім радыёзаводзе ў 1972 г., які забраў жыццё ад 103 да 143 чалавек і раненнем яшчэ больш за сотню.
Гэта здарэнне стала не толькі адным з самых маштабных у гісторыі Беларусі, але і адным з самых вядомых. Гэту інфармацыю не сталі схоўваць ад насельніцтва і я чуў пра яе яшчэ дзіцём у 1980-х гг.
У 1977 г. адбылася чыгуначная катастрофа пад Мінскам, якая пазбавіла жыцця 22 чалавекі (яшчэ 82 атрымалі траўмы). Распаўсюджана думка, што гэта была найбуйнейшая чыгуначная катастрофа ў гісторыі Беларусі, але ў 1919 г. была яшчэ адна больш маштабная. Пра здарэнне на чыгунцы газеты тады пісалі мала, больш інфармацыі ішло па "сарафанным радыё".
Яшчэ адно маштабнае ДТЗ адбылося ў 1980 г. у Мінску на Запарожскай плошчы. Бензавоз перакуліўся на дарозе, іскра запаліла праліты бензін, і людзі, якія знаходзіліся там, дзе было праліта паліва, у тым ліку большасць пасажыраў і кіроўца аўтобуса № 62 згарэлі жыўцом. Загінула 23 чалавекі. Пра гэта здарэнне не распаўсюджвалася афіцыйная інфармацыя, але я чуў пра яе ад свайго дзеда ў канцы 80-х як пра пажар на Круглай плошчы, прычым дэталі былі даволі блізкія да праўды.
На 70-я прыйшлося і некалькі не такіх маштабных авіякатастроф у беларускім небе. Але чуў я толькі пра адно здарэнне: у 1980 г. падчас авіяшоў над Баравой пад Мінскам пілот невялікага самалёта не справіўся з кіраваннем і загінуў пры падзенні крылатай машыны. Дакументальных пацверджанняў таму ў адкрытым доступе я пакуль не сустрэў, але чуў гісторыю ў амаль аднолькавых дэталях ад двух незнаёмых паміж сабой пажылых людзей.
***
Гэты перыяд гісторыі адзначыўся іншымі момантамі, якія пакінулі свой адбітак на гісторыі Беларусі і побыце беларусаў.
Кубік Рубіка, які і ў нашы дні не забыты, быў распрацаваны ў 1974 г. Эрнё Рубікам.
Пластыкавыя сумкі-пакеты, якія ў 90-я пацяснілі сумкі з тканіны, з'явіліся ў 70-я ў СССР і мець такую сумку з фірменным лагатыпам было вельмі крута.
Таксама ў 1980 г. у Маскве адбыліся 2 падзеі, закрануўшыя БССР і беларусаў: Алімпіяда-80 і смерць У. Высоцкага. У той час хадзіў жарт: "Брэжнеў - гэта дробны палітычны дзеяч эпохі Высоцкага". Апальны паэт і спявак меў неверагодную папулярнасць у Саюзе, і яго смерць закранула больш людзей, чым гібель Цоя праз яшчэ 10 год.
А ў 1979 г. СССР увёў войскі ў Афганістан. Гэта падзея закранула і маю сям'ю, бо мой бацька двойчы пабываў там у наступным дзясяцігоддзі. Але яму пашанцавала вярнуцца жывым і здаровым, а некалькі соцень беларусаў вярнуліся адтуль у цынкавых трунах. З таго часу ўзнікла сацыяльная група удзельнікаў той вайны, вядомая як "афганцы". Але узнікненне і нават пэўны уплыў руху "афганцаў" (як і чарнобыльцаў) на падзеі ў Беларусі адносяцца ўжо да канца 80-х і 90-х гадоў.
Таксама ў гэты час яшчэ гулялі ў штандар і квач, а з таго часу гэтыя гульні амаль забытыя.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.