02.06.2017

Парвалі два баяны. Апавяданне.


Іван напіўся на народзінах шэфа і ледзь прыплёўся дамоў. Жонка і сын ужо спалі. Дапаўзці да ложка сіл не было, і Іван так і заснуў ў калідоры ў паліто і абутку.
Ноччу ён памёр, захлынуўшыся рвотай, і жонка знайшла яго толькі раніцай. Потым для яго сына Сцёпы многае было як у сне. Прыезд міліцыі, хуткай дапамогі, суседзі, якія выносілі труну і піхалі яе ў турыстычны «Ікарус», – менавіта так шэф яго таты зразумеў просьбу яго маці прыслаць аўтобус з арганізацыі. Труну паклалі на сядзенне з аднаго боку і паставілі на табурэтку з другога, а потым адзін з былых супрацоўнікаў Івана трымаў табурэтку з труной усю дарогу да роднай вёскі сцёпінага таты, дзе і мела адбыцца пахаванне.
Магчыма, Сцёпа канчаткова зразумеў, што таты больш няма, калі труну апусцілі ў магілу і сталі кідаць зямлю. Маці жартавала з вяскоўцамі, якія дапамагалі несці труну і капаць магілу. Потым пайшлі ў дом яго стрыечнага брата памінаць нябожчыка. Як толькі з'явілася нагода выйсці з-за стала, Сцёпа выйшаў на двор і стаў спрабаваць зразумець ці шкада яму тату ці не. На душы чамусьці была палёгка, і адначасова Сцёпа разумеў, што яму павінна было быць шкада тату. Проста таму, што так трэба. І Сцёпа стаў узгадваць што мог з жыцця свайго таты.

Калі Сцёпе было шэсць год, ён пачуў па радыё песню і пачаў яе распяваць:
– Храновы ліст, храновы ліст!
І тады ён упершыню атрымаў татаву аплявуху. Потым мама тлумачыла сыну, што ліст быў кляновы. А тата толькі кінуў:
– Хай ведае, як сябе паводзіць.
Узгадалася, як пайшлі з татам у грыбы, калі Сцёпе было ўжо дзесяць, але амаль увесь час тата крычаў, што сын нічога не разумее ў грыбах, што не можа нармальна зрэзаць грыб не пашкодзіўшы карані, што ў яго рукі растуць не з таго месца... Неяк непрыемны паход атрымаўся.

Потым узгадаў як пару год таму засталіся з татам адны ў нядзелю. Маці пайшла на рынак. Раптам у дзверы пазванілі дзве маладыя жанчыны, з тых, што разносяць рэлігійныя брашуры па пад'ездах. Тата каля паўгадзіны далікатна размаўляў з імі, узяў некалькі брашурак, пацалаваў кожнай руку на развітанне, а калі зачыніў дзверы, вылаяўся:
– Сектанткі, халера іх! – і кінуў брашуры ў сметніцу.
Праз хвіліну – зноў званок.
Іду-іду! – радасна адказаў тата, мабыць думаў, што жанчыны штосьці забыліся. На парозе стаяла мама.
– Гэта ты... – хмура адказаў ён.
Праз дзесяць хвілін з кухні неслася як тата распякаў маму:
– Карова! Не можаш яйкі купіць і не разбіць! Я працую як конь, а вы ўсе мяне не шкадуеце!

Быў прыемны успамін. Тата ніколі не правяраў дамашнія заданні Сцёпы. А мама толькі ўздыхала, калі Сцёпа прыносіў двойкі ў дзённіку. Толькі аднойчы, калі Сцёпа з аднакласнікам намаляваў геніталіі на нейкім плакаце, наклееным у актавай зале школы, тата прыходзіў у школу, ветліва пагаварыў з класнай і дырэктаркай, «адмазаў» сына ад пакарання, а калі выйшлі з кабінета дырэктара і сталі спускацца на першы паверх, спыніў Сцёпу і даў яму аплявуху. Не атрымалася з прыемным успамінам...

У хаце быў чуцен гоман падпіўшых гасцей, жарты і залівісты смех мамы. Вяртацца жадання не было. На двор выйшаў пакурыць вадзіцель «Ікаруса». Прапанаваў цыгарэту Сцёпе.
– Не, дзякуй, – адмовіўся хлопец.
– Колькі табе год?
– Пятнаццаць.
– Я ў твае гады ўжо курыў... Але ты правільна робіш, што не курыш. І гэта... Мае спачуванні. Твой тата быў файны мужык. Трымайся.
Вадзіцель моўчкі дакурыў і вярнуўся ў хату.

Ад яго слоў Сцёпе яшчэ больш хацелася ўзгадаць штосьці харошае пра бацьку. Ён сапраўды доўга працаваў, дамоў прыходзіў позна. Піў рэдка. Маці ён ніколі не біў. Калі яна не так гатавала вячэру, ён мог крычаць на яе, біць талеркі ці дэманстратыўна выкінуць ежу ва ўнітаз, але руку на маму не паднімаў. Часам ён распавядаў сыну гісторыі са свайго вясковага юнацтва ці гуляў з ім у шахматы. Звычайна, калі Сцёпа гуляў з татам у шахматы, той рабіўся рахманым і не чапляўся да таго як ён сядзіць ці размаўляе.

З хаты данеслася музыка. Гралі на гітары песню, якую любіў напяваць тата, калі быў у добрым настроі. Потым нечакана запелі:
– Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались.
Потым зарагатаў мужчынскі голас, у адказ на які звонка засмяялася мама. Запелі яшчэ нейкія песні.

Сцёпа вырашыў вярнуцца. Але зноў сесці за стол не хацелася: рогат, моцны пах алкаголю, тытунёвы дым напаўнялі хату. Вадзіцель, ужо пад мухай узбуджана казаў татаву стрыечнаму брату Сяргею:
– А нябожчык быў во які мужык! – ён падняў угару вялікі палец і працягнуў. – Працаваў у нас больш за дванаццаць год. Сам нічога не рабіў і іншым не замінаў. За руку вітаўся з рабочымі. Выпіць з намі мог крыху. Баб кахаў у кабінеце, пакуль яны маладыя былі. Цяпер адну з іх паставяць замест яго...

Тут Сяргей заўважыў у калідоры Сцёпу і жэстам спыніўшы суразмоўцу, выйшаў да хлопца.
– Ты мо есці хочаш? Не? Тады ідзі, сынок, я табе пасцялю ложак у маім пакоі.
У Сяргея не было сваіх дзяцей, таму да кожнага хлопца ён так і звяртаўся – «сынок».

Ноччу Сцёпу разбудзілі галасы. У пакоі хтосьці знаходзіўся. У прывідаў ён не верыў. Але было крыху боязна пакуль ён не зразумеў, што гэта вадзіцель «Ікаруса» і адна з мясцовых кабет, што прыходзілі на пахаванне.
– Ну хлопец прачнецца... – мармытаў п'яным голасам вадзіцель.
– Пляваць! Хай вучыцца. – пярэчыла жанчына.
У адказ пачуўся храп. Вадзіцель паваліўся на падлогу і адразу заснуў.
Мацюгнуўшыся, жанчына выйшла і ў калідоры было чутна як яна дамаўлялася з другім татавым супрацоўнікам, які трымаў труну ўсю дарогу. Той зайшоў у пакой, абмацаў вадзіцеля, дастаў з яго кішэні ключы ад аўтобуса і выйшаў...

***
Мінула пятнаццаць год. Сцяпан Іванавіч у зале сваёй кватэры вёў цяжкую размову па мабільніку.
– Карына, вам трэба зразумець, што пераклад трэба было зрабіць сёння да 10 раніцы! А вы кажаце, што вам патрэбны яшчэ адзін дзень! Ужо чацвёрты раз вы падводзіце бюро. Добра, што кліенты яшчэ не адгукнуліся. Але калі мы будзем павінны даць ім зніжку як у мінулы раз, то гэта зніжка будзе з вашага ганарара!
У адказ дзяўчына-студэнтка штосьці тлумачыла пра сесію, стомленасць, недасып, але Сцяпан добра ведаў, што яна увесь дзень прагуляла са сваім хлопцам і выкладала фоткі ў сацыяльныя сеткі. Ведаў, бо сачыў за старонкай кожнага перакладчыка, які дадаўся ў групу яго бюро перакладаў у сацыяльных сетках.

Вярнуўшыся з залы ў дзіцячы пакой, Сцяпан Іванавіч зазірнуў праз плячо свайго сямігадовага сына Максіма ў яго чарнавы сшытак. Сын выводзіў літары, але яны скакалі ўздоўж радкоў быццам займаліся рытмікай.
– Ну як ты пішаш?! – раззлаваўся Сцяпан. – Зусім мяне не шкадуеш!
Вочы сына напоўніліся слязамі. Сцяпан Іванавіч узяў стул і сеў побач з Максімам.
– Прабач. Я разумею, што ты стараешся. У тваім узросце я рабіў больш памылак... Давай паспрабуем напісаць яшчэ раз?

Малюнак носіць ілюстратыўны характар

Поўны дапрацаваны цыкл апавяданняў "Гэта Беларусь, хлопча!" (PDF) Магчымы разыходжанні з тэкстам апавядання ў блогу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...