Калі я пісаў пра сацыяльныя сеткі 5 год таму, я ўзгадаў шмат нюансаў, якія амаль не патрабавалі ўдакладненняў увесь гэты час. Але тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, і выкліканыя ім змяненні ў грамадстве ствараюць неабходнасць пісаць далей.
Познія 2010-я і частка 2020-х сталі эпохай месенджараў. У Беларусі ў 2020 г. адбыўся выбух папулярнасці месенджара Telegram (ТГ), дзе карыстальнікі могуць ставараць групы, чаты і каналы для розных мэтаў. Часткова гэта звязана з верай, што гэты сэрвіс не выдае дадзеныя карыстальнікаў іншым людзям і арганізацыям. Сакрэтныя чаты ў ТГ сапраўды маюць скразное шыфраванне, але асабістыя дадзеныя карыстальнікаў тэлеграм-каналаў не настолькі абароненыя, як у гэта вераць. Таксама інфармацыя аб тым як распараджаюцца дадзенымі карыстальнікаў кампаніі-ўладальнікі сацыяльных сетак і месенджараў застаецца таямніцай. Акрамя ТГ-каналаў папулярны групавыя чаты ў месенджарах Viber, Skype i WhatsApp.
Вось толькі некалькі прыкладаў як месенджары сталі неад'емнай часткай паўсядзённага жыцця:
Падручнік беларускай мовы для 5 класа: заданне, дзе трэба тэлефонную перапіску аформіць у адпаведнасці з правіламі пастаноўкі знакаў прыпынку.
Рэклама выставы на гарадской афішы
Версія "Рэвізора" Гогаля, дзе дыялогі аформлены ў стылістыцы месенджара.
Можна ўзгадаць і кнігі, дзе частка інфармацыі -- гэта перапіска ў каментарыях сацыяльных сетак з дэбатамі (вось прыклад апублікаванай кнігі). Калі частка беларусаў святкавала
БССР100, у форме пастоў стужкі сацыяльных сетак
энтузіясты публікавалі архіўную інфармацыю.
Яшчэ адзін момант: сацыяльныя сеткі і месенджары знішчылі манаполію СМІ ў перадачы інфармацыі і фарміраванню светапогляду насельніцтва. Ва ўмовах Беларусі гэта стала вылілася ў тое, што ў 2010-х многія дзяржаўныя СМІ сталі жыць у нейкай рэзервацыі знікаючай аўдыторыі лаяльных чытачоў, слухачоў і гледачоў, і даводзіць праз іх пазіцыю дзяржаўных органаў да шырокіх колаў насельніцтва стала нерэальна. Магу памыляцца, але ў мяне такое ўражанне...
Таксама СМІ сутыкаюцца з выклікам свабоднай крытыкі свайго кантэнту праз каментарыі ў сацсетках. Ан-лайн рэсурсы ў Беларусі маюць некаторы кантроль над каментарыямі, бо да гэтага іх абавязвае дзяржава. Аднак сацыяльныя сеткі нівеліруюць гэты кантроль, бо там больш адчування ананімнасці. Вось прыклад:
Дзяржаўная газета "Заря" публікуе ў сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы тэкст артыкула, дзе ідзе палеміка з крытыкай аднаго з недзяржаўных СМІ...
...а ў першым каментарыі чытач лагічна паказвае хібы афіцыйнага абвяржэння.
Магу зазначыць, што і сама наяўнасць шматлікіх ТГ-каналаў, блогаў, старонак і груп у сацыяльных сетках разам з лёгкасцю стварэння інфармацыі з дапамогай смартфона кідае выклік СМІ, бо папулярнасць альтэрнатыўнага кантэнта прымушае іх рэагаваць на паведамленні каналаў ці блогаў, прыдаючы ім яшчэ больш папулярнасці. Раней пазбегнуць асвятлення нейкіх пытанняў было лягчэй. У выніку беларускія СМІ ўсё больш робяцца падобнымі на фармат блогаў і маюць свае каналы ў ТГ і старонкі ў сацыяльных сетках.
У Фэйсбуку з пачатку 2020-х з'явіліся функцыя абвяржэння фейкаў. Вось так яна працуе на наступных прыкладах:
Пост у ФБ па расійска-ўкранскаму ўзброеннаму канфлікту 2022 г. атрымаў такі цэтлік.А гэты непрыглядны фотакалаж мае ілжывую інфармацыю: фота сына прэзідэнта Эстоніі з'яўляецца фейкавым і распаўсюджваецца для распальвання нянявісці.
Таксама 2020-2021 гг. сталі часам віртуальных баёў паміж рознымі палітычнымі поглядамі ў Telegram-каналах.
Захоп пратэстнага ТГ-чата Лошыцы (Мінск) праўладнымі хакерамі. Люты 2021 г.
Праўладны ТГ-канал "Жоўтыя слівы" здзекуецца з таго, што на акцыю пратэста ў канцы мая 2021 г. у Мінску выйшлі толькі 9 чалавек. Для кантрасту гэты канал прыводзіць праўладную акцыю ў г. Жодзіна, дзе маршам прайшло каля 20 чалавек, частка з якіх была апранута ў спартыўную форму курсантаў МУС. Папярэджанне: на дадзеным канале ёсць заклікі да нянавісці па сацыяльнай прыкмеце і ненарматыўная лексіка! Скрыншот прыведзены ў ілюстратыўных мэтах як частка даследвання па гісторыі Беларусі 21 ст. і не мае мэты папулярызацыі дадзенага канала!
Дыскусія паміж функцыянерамі афіцыйнага прафсаюза адной вну і студэнтамі-пратэстоўцамі.
Дзейнасць папулярных ТГ-каналы (у дадзеных выпадках 2 прызнаныя экстрэмісцкімі ў РБ поўнасцю ці часткова) суправаджаецца з'яўленнем "хейтэрскіх" каналаў. Два прыклады вышэй адлюстроўваюць тэндэнцыю: канал з крытыкай пэўнага іншага канала робяць з падобнай назвай і напаўняюць разборам хібаў крытыкуемага канала ці яго аўтара(ў), звычайна, без якой-небудзь іншай павесткі. Папярэджанне: скрыншоты зроблены з каналаў, дзе сустракаецца мова нянавісці, ненарматыўная лексіка (у канале справа), тэорыі змовы наконт covid-19 (канал злева). Скрыншоты прыведзены ў ілюстратыўных мэтах як частка даследвання па гісторыі Беларусі 21 ст. і не мае мэты папулярызацыі ні дадзеных каналаў ні каналаў, крытыкуемых гэтымі каналамі і прызнаных экстрэмісцкімі ў РБ!
Яшчэ сацыяльныя сеткі сталі месцам, дзе можна стварыць ілюзію поспеху і казачнага жыцця. Людзі выкладаюць фота і відэа свайго адпачынку ці маёмасці, нярэдка з элементамі падману: сфоткацца на недарагім чарнаморскім курорце з пальмамі і малпамі быццам пабываў на экзатычным востраве ці з дапамогай фотамантажу зрабіць сэлфі на фоне Эйфелевай вежы дзеля павышэння сваёй папулярнасці ў сацсетках стала чымсьці нармальным, нават калі ўсе там разумеюць, што фотка "ліпавая". Звычайнай справай бывае даведацца са стужкі, маўляў, Фейсбука, што ў сябра з'явілася новая дзяўчына, а сяброўка выйшла замуж, і праз некаторы час выпадкова даведацца, што сябра ажаніўся на зусім іншай дзяўчыне, а сяброўка фоткаецца толькі з дзіцём, якога выхоўвае адна, бо пра развод і расставанні людзі пішуць рэдка. Сустракаў выраз "інстаграмная сям'я", у якога могуць быць 2 значэнні: 1) шчаслівая і паспяховая сям'я; 2) сям'я, якая мае выгляд адсутнасці праблем, калі судзіць па фотках у Інстаграме, але пры гэтым іх мае насамрэч. Такім чынам, сацыяльныя сеткі ўсё радзей робяцца аналагам асабістага дзённіка і часцей робяцца месцам, дзе можна стварыць ілюзію поспеху, дасягненняў і шчасця.
На гэтым фоне псіхолагі нават адзначаюць старую праблему на новы лад: людзі бачаць стужку навін ад сваіх сяброў і ім здаецца, што толькі сябры жывуць сапраўды цікавым і шчаслівым жыццём, а яны самі жывуць у нейкай шэрасці і панурай паўсядзённасці. І гэта падводзіць да, бадай, галоўнага, што трэба ведаць пра сацыяльныя сеткі і месенджары: гэта толькі частка жыцця, важная, як сямейны альбом ці тэлефонны нататнік, але далёка не галоўная. Падабайкі і ўвага ан-лайн могуць быць прыемнымі, але не замяняюць рэальных адносін, рэальнага жыцця, якое немагчыма поўнасцю адлюстраваць інстаграмнымі фоткамі. Таксама, вучыцца радавацца чужым поспехам і знаходзіць добрае і цікавае ў панурай паўсядзённасці -- гэта нялёгкая навука, але вартая намаганняў.
Нарэшце сацсеткі сталі папулярным сродкам усталявання кантактаў з людзьмі. Вясной 2022 года стаў сведкам такой размовы ў адным мінскім двары паміж маладымі аўтамабілістамі: мужчынам і дзяўчынай.
-- Девушка, добрый день! Можно ваш Инстаграм?
-- Добрый день. Извините, но я замужем.
-- Ничего страшного. Извините. Хорошего дня!