10.01.2019

100 год БССР

Калі я пісаў пра святкаванне БНР 100, то заўважыў, што без тэгаў #100БНР і #БНР100 не было б хэштэга #БССР100. Аднак негледзячы на тое, што адзначэнне стагоддзя БССР выглядае, як адказ левых і ўрадавых сіл на святкаванне стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, адрозненняў паміж гэтымі святочнымі акцыямі хапае.

1. Святкаванне стагоддзя БНР было прывязана да пэўнай даты: 25 сакавіка; яна была кульмінацыяй. А святкаванне стагоддзя БССР ўяўляе сабой шэраг рознапланавых акцый і мерапрыемстваў, якія толькі часткова прывязаны да самога юбілею: 1 студзеня 2019 г., але пачынаюцца раней і цягнуцца пазней. Прычым сам юбілей кульмінацыяй не быў: можа таму, што прыпаў на Новы год.
2. Святкаванне БНР 100 прывязана да даты абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а дата БССР 100 -- гэта дзень абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь як часткі Расіі, з якой ССРБ (пазней БССР) выйшла толькі праз месяц. Таму прывязка менавіта гэтай даты да станаўлення беларускай дзяржаўнасці даволі спрэчна.
3. Цікаўнасць да святкавання стагоддзя ССРБ-БССР абмяжоўваецца пераважна камуністамі і сацыялістамі, частка з якіх падтрымлівае ўладу, а частка знаходзіцца ў апазіцыі. Для многіх урадавых структур гэта проста яшчэ адна падзея, якую можна "аптушыць" канцэртам, лекцыяй, інфармацыйнай гадзінай ці выставай. БНР 100 святкавалі людзі розных палітычных поглядаў.

Ну, цяпер, як гаворыцца ў старым анекдоце, будуць слайды. З маімі тлумачэннямі.

Такі малюнак з тэгам #БССР100 запусцілі беларускія левыя з 25 сакавіка 2018 г. Можна заўважыць надпісы беларускай мовай арфаграфіі часоў абвяшчэння БССР. Сам хэштег з'явіўся раней. Заўважаў паведамленні з ім, зробленыя ў лютым 2018 г.


А гэты транспарант павесілі ў снежні 2018 г на скрыжаванні вул. Акадэмічнай і пр. Незалежнасці ў Мінску. Яркасць колераў -- гэта мая апрацоўка ў FastStone. Здымак Андрэя Берастоўскага. Такія транспаранты маглі павесіць і на іншых магістральных праспектах горада. Здаецца, бачыў такі на пр. Пераможцаў.


Стэнд каля станцыі метро "Маскоўская" побач з "Беларусьфільмам" Канец снежня 2018 г. Здымак А. Берастоўскага
Гэта ўсё, што я знайшоў у Мінску наконт стагоддзя БССР.

Вось такі каляндар у электронным выглядзе бясплатна распаўсюджваюць беларускія левыя. Выява на красавік 2019 г.

Адзінае знойдзенае мной віншаванне са стагоддзем ССРБ/БССР у навагоднюю ноч 2019 г. Скрыншот у Facebook

29 снежня 2018 г. 2 прадстаўнікі КПРФ прыехалі ў мінскі музей Вялікай Айчыннай вайны на канцэрт прысвечаны стагоддзю ўтварэння Кампартыі Беларусі. Гэта была адна з падзей, да якой прывязалі стагоддзе БССР. Сярод іншых 100 год камсамолу, 101 Кастрычніцкай рэвалюцыі. Скрыншот УКантакце.

29 снежня 2018 г. Чавускі музей. Актывісты БРСМ, супрацоўнікі музея і пісьменнік Салаўцоў чытаюць лекцыі на тэму БССР 100. Скрыншот УКантакце.

Скрыншот Укантакце: серыя тэлеканала АНТ пра Васіля Быкава, як аднаго з выбітных дзячоў Савецкай Беларусі. Серыял "100 год БССР" (на рускай мове).

Серыя экскурсаў у гісторыю ўтварэння ССРБ/БССР ад БРСМ.

З гэтай жа серыі УКантакце з'явіўся скан тэкста тэлеграмы Сталіна 28.12.18 наконт планаў утварэння Савецкай Беларусі. Крыніца не высвятлена.


#БРСМ #МолодежьМстиславщины #БССР100-лет Единый день информирования для учащихся в рамках "Образование БССР": от истории к современности». Педагог – организатор, классные руководители провели в оздоровительном лагере с дневным пребыванием в период зимних каникул мероприятий, посвященных 100-летию со дня образования Белорусской Советской Социалистической Республики среди учащихся ГУО "Гимназия г.Мстиславя"
А гэта ўжо мая копія з паста  ад 3 студзеня 2019 г. Укантакце і Аднакласніках. Тэкст аднолькавы, нават памылка ў слове "Мстиславля" захавалася нязменнай.

Акрамя гэтага, у Ленінскай бібліятэцы Гомеля праходзіць кніжная выстава з 8.01 па 8.02.2019, прысвечаная стагоддзю БССР і анеалагічная выстава з 2.01 па 2.02 праходзіць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Можна ўзгадаць і акцыю ускладання кветак на магілу аднаго з першых лідараў Савецкай Беларусі Чарвякова на Вайсковых могілках мінскімі камуністамі 4.01.2019. Нарэшце ёсць мінімум 2 адмысловыя групы ў сацсетках святкавання БССР 100: "ССРБ100 | Первая республика день за днём" Укантакце, (створана 7 студзеня 2019) і "БССР100" ў Аднакласніках (створана 7 красавіка 2018 г., на 10 студзеня 2019 там 2 ўдзельнікі і 4 запісы, апошні -- ад 12 красавіка). Калі старт-ап у Аднакласніках заціх задоўга да 1 студзеня 2019 г, то група ССРБ100 нядрэнна раскруцілася: практычна штодзень з'яўляюцца пасты з серыі "гісторыя без купюр", прысвечаныя першым месяцам існавання Савецкай Беларусі. Гэтыя заўвагі прывязаны да гістарычных матэрыялаў і сайта https://ssrb100.info/ іх праглядаюць ад некалькі дзясяткаў да некалькіх соцень карыстальнікаў УКантакце... Гэтая ж група мае свой канал у Telegram.

Можна яшчэ ўзгадаць пра акцыю "Зроблена ў Беларусі", сутнасць якой у тым, каб рабіць сэлфі на фоне аб'ектаў, звязаных с гісторыяй БССР. Гэта сваеасблівы адказ левых на акцыю "Сэлфі незалежнасці", прысвечаную святкаванню БНР 100...

***
Як бачым, калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя структуры, то ёсць тэндэнцыя "аптушыць" мерапрыемствы згодна інструкцыям вышэйшых інстанцый. У левых партый больш энтузіязма, магчыма праз хэштэгі і акцыі ў сацыяльных сетках яны імкнуцца пашырыць свой уплыў на маладое пакаленне. Аднак, я не думаю, што само карыстанне сацсеткамі як сродкам масавай інфармацыі робіць пазіцыю "бацькоў" прывабней пакаленню іх "дзяцей". Часткова, гэта звязана з тым, што беларуская моладзь пераважна мае іншыя каштоўнасці і погляды, чым іх бацькі. Таксама магла мець месца памылковая думка, што вывучэнне гісторыі развівае патрыятызм, значыць, знаёмства з фактамі гісторыі БНР і БССР дапаможа карыстальнікам сацсетак стаць патрыётамі Беларусі ў большай ступені.

Аднак у святкавання стагоддзяў БНР і БССР ёсць адна важная адметнасць. Гэтыя падзеі далі нагоду разважаць над фактамі беларускай гісторыі. І нават калі прыхільнікі аднаго лагера імкнуліся ігнараваць свята другога, ім прыйшлося мець некаторую палеміку праз электронныя рэсурсы, і самыя розныя людзі, звычайна абыякавыя да гісторыі, звярнулі ўвагу на падзеі мінулага сваёй краіны.

Дадаткова:

Раніцай 1 студзеня 2019 года я прагуляўся па сваім мікрараёне Усход-1 і зрабіў некалькі нататкаў на відэа. Сярод іншага я паднімаў пытанне: Ці святкавалі жыхары нашага мікрараёна стагодддзе БССР у навагоднюю ноч?

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...