22.01.2016

Запаведны пароль, запаведны лагін...

-- Привет, а у тебя девушка есть?
-- Негоже Вам задавать такие вопросы незнакомому мужчине. Ваши родители Вам разрешают так общаться в Интернете?
-- Чиво?! Я думала, ты парень. Я уже большая, мне 16 лет.
Из переписки в чате

Я карыстаюся сацыяльнымі сеткамі прыкладна з другой паловы 2012 г. Да гэтага лічыў іх марнаваннем часу. Зараз лічу сродкам сувязі. Пра ролю сацыяльных сетак у жыцці сучасных еўрапейцаў, да якіх я адношу і беларусаў, напісана шмат, таму паўтарацца не буду. Толькі зраблю некалькі нататкаў, таго, што заўважыў.

Распаўсюджаны 2 сурацьлеглыя думкі: сацыяльныя сеткі робяць людзей разумней (і, наадварот, дурней). Я заўважыў, што гэта не зусім так. Сацыяльныя сеткі -- гэта сродак сувязі, як і Skype, Viber, Whatsup і звычайны тэлефон. Гэтым усім можна выкарыстацца, каб паглыбляць свае веды і эрудыцыю ці проста бавіць час, гаворачы ні аб чым. Чалавек робіцца разумней, калі чытае сур'ёзную літаратуру і разважае над яе зместам, калі задаецца пытаннямі і шукае на іх адказы і гатовы прызнацца (хоць самому сабе), што памыліўся. Сярод таго, што людзі выкладаюць у сацыяльныя сеткі, часам можна знаходзіць такую інфармацыю, але толькі часам. Большая частка людзей ва ўсім свеце думаць і разважаць не любіць, таму глыбіня пастоў у кожнай сетцы звычайна не істотная. Сур'ёзную інфармацыю лягчэй знаходзіць у інтэрнеце праз пошук у браўзеры (прычым гаворка ідзе не толькі пра адну першую старонку пошуку, часам трэба праглядзець сотні спасылак на 30-50 старонках) ці ў каталогах бібліятэк. Таму сацыяльныя сеткі ў гэтым плане не лепш за газеты і тэлебачанне.

Ёсць уяўленне, што рускамоўная (і беларускамоўная) аўдыторыя Фэйсбука (далей -- ФБ) крыху больш інтэлектуальна і ў большай ступені ліберальна, а карыстальнікі УКантакце (далей --УК) і Аднакласнікаў пераважна больш простыя людзі, якім бліжэй кансерватыўныя каштоўнасці. Так большасць маіх былых студэнтаў, якія глыбока вывучалі англійскую мову -- мае сябры ў ФБ, а мае былыя студэнты тэхнічных вну амаль усе пісалі мне праз УК. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне. УК займае значную частку рынка паслуг сацыяльных сетак у краінах былога СССР і гэты сайт многім вядомы больш за замежныя аналагі, такія як ФБ. А мае былыя студэнты-перакладчыкі і міжнароднікі проста не баяцца пасябраваць з кім-небудзь за мяжой, а то і шукаюць такую магчымасць, бо мовамі валодаюць. Тым не меньш, і на ФБ і УК значная частка таго, пра што пішуць пакуль пацвярджае тое, што казаў раней: думаць людзям цяжка. Як і весці здаровы лад жыцця ці займацца спортам -- гэта патрабуе намаганняў.

Яшчэ адна супярэчнасць, звязаная з сацсеткамі: або людзі больш чытаюць, або менш. Тут трэба зазначыць, што ў сетках звычана чытаюць "па дыяганалі" пасты альбо прагледжваюць ленты сяброў і гутараць з імі або праз галасавыя, або, часцей, праз тэкставыя паведамленні. Пры гэтым могуць прагледзіць і відэаролік ці паслухаць аўдыязапіс, але больш усё ж пішуць і чытаюць. Але калі любая фізічная актыўнасць карысна для здароўя, то цяжка сказаць, што чытанне шматлікіх пастоў аўтаматычна робіць чалавека разумней. Бо такое чытанне не суправаджаецца разважаннем, і чым прасцей і карацей думка, тым больш "лайкаў" яна збярэ. Таму людзі, якія выкарыстоўваюць свае старонкі і группы па асноўнаму прызначэнню сацсетак -- для бізнеса, пішуць свае пасты коратка і проста.

Ці робяць сацыяльныя сеткі людзей бліжэй адно да аднаго? І так, і не. З аднаго боку гэта моцны сродак сувязі, лепшы за многае іншае. Можна перадаць сваю думку мільёнам людзей за некалькі дзён ці нават гадзін. Можна размаўляць у чаце з вядомымі пісьменнікамі, зоркамі эстрады, навукоўцамі, бізнесменамі і палітыкамі. Можна мець сотні ці тысячы "сяброў", "блізкіх сяброў" і "знаёмых". Але бліжэй людзі не сталі. Як і далей. У буйных гарадах, такіх як Мінск, людзі менш знаходзяць часу на спакойныя разважлівыя размовы з іншымі людзьмі, чым у маленькіх гарадах і сёлах. Інтэрнет у гэтым плане мала што мяняе. Калі ў чалавека здараецца бяда, сацыяльныя сеткі толькі паскараюць перадачу навіны аб гэтым, яго сябрам, сваякам і знаёмым. Але гэта не значыць, што яны абавязкова адгукнуцца. Быў зарэгістраваны выпадак, калі жанчына напісала ў сваім апошнім пасце у папулярнай сетцы, што не хоча жыць. Пасля гэта праз кароткі час яна скончыла жыццё самагубствам. Ніхто з тысяч яе віртуальных сяброў не адгукнуўся на яе просьбу аб дапамозе.

Таксама сацыяльныя сеткі падчас звязваюць з рэвалюцыямі. Сапраўды, калі ў пэўнай краіне назрэла рэвалюцыйная сітуацыя, то сацыяльныя сеткі могуць быць выкарыстаны ў якасці агітацыйнага рупара рэвалюцыянераў. Але гісторыя паказвае, што рэвалюцыі адбываліся і ў той час, калі сацыяльных сетак не было, а таксама і што рэвалюцыя можа праваліцца, калі рэвалюцыйная сітуацыя не назрэла (напрыклад, спроба перанесці "арабскую вясну" ў Азербайджан, краіны Персідскага заліва і Кітай не прывяла там да сапраўдных рэвалюцый). Таму наяўнасць ці адсутнасць сацыяльных сетак не самае важнае для рэвалюцыянераў і контр-рэвалюцыянераў (бо і апошнія ў такіх сітуацыях актыўна карыстаюцца сацсеткамі для палітычнай барацьбы). Напэўна, асноўнае змяненне ў палітычную барацьбу сацыяльныя сеткі ўнеслі тым, што палегчылі магчымасць інтрыгаваць з захаваннем інкогніта (праз правакацыйныя групы і старонкі, праз стварэнне адным чалавекам шматлікіх уліковых запісаў, якія быццам вядуць зусім розныя людзі і г.д.)

Таксама не трэба перабольшваць ролю сацыяльных сетак у барацьбе за абсалютную свабоду слова. Яна і без гэтага вялікая. Сапраўды, калі тэлебачанне, радыё і друкаваная перыёдыка могуць быць кантраляваны зацікаўленымі асобамі (спонсары, дзяржава), то кантраляваць свабоду слова ў сацыяльных сетках практычна немагчыма. Нават, калі чалавек альбо арганізацыя абмяжоўвае магчымасць пракаментаваць свае пасты на ленце (а ў пэўных умовах гэта можа значыць і палеміку з аправяржэннем паста) усё роўна гэтыя пасты могуць аправяргацца ў іншым месцы той жа сацыяльнай сеткі, і карыстальнікі могуць лёгка параўноўваць факты і аргументы. Тым не менш, сацыяльныя сеткі -- гэта камерцыйны праект. Калі пасты на пэўнай ленце супярэчаць інтарэсам яе ўладальнікаў, мадэратары іх выдаляць без праблем. Гэта зусім не абавязкова бывае звязана з палітыкай. Некалькі год таму УК вынес папярэджанне у свой час жанчыне, якая на сваёй ленце ўпарта і аргументавана змагалася з пэўнымі тэндэнцыямі традыцыйнай медыцыны, давала бясплатныя кансультацыі, пазбаўляла ўрачоў магчымасці "ўцюхаць" пэўныя лекі цяжарным жанчынам (хто думае, што бясплатная медыцына не мае ніякіх камерцыйных сувязяў з фармакалогіяй, хай падумае яшчэ раз) і на яе паскардзіліся адміністрацыі сайта. У выніку ёй вынеслі ўльтыматум: будзеш далей пісаць пра медыцыну - заблакіруем тваю старонку. І вось тут з'яўляецца супярэчанне свабоды слова. З аднаго боку практычна адсутнічае кантроль над распаўсюджаннем парнаграфіі, кожны ўдзельнік можа выкласць экстрэмісцкі матэрыял ці лаяцца матам, непаўналетнія абсалютна неабаронены перад педафіламі... З другога, як паказвае прыклад вышэй, абсалютна законныя рэчы могуць быць выдалены пры наяўнасці скаргі на дзейнасць іх аўтара. Так, Аднакласнікі заблакіравалі мае спробы апублікваць спасылку на медыцынска-публіцыстычны артыкул аднаго блогера... Іншымі словамі, у сацсетках дзейнічаюць не законы, а "паняцці".

Яшчэ адно абмежаванне свабоды слова ў сацыяльных сетках -- самацэнзура: чалавеку падчас няёмка пісаць ці "лайкаць" тое, што будзе не падабацца яго віртуальным сябрам. Так удзельнік віртуальных груп, члены, якіх лічаць усіх цыган злодзеямі, можа любіць слухаць цыганскія песні, але публічна паказаць гэта будзе сароміцца.

Яшчэ распаўсюджаны міф, што сацыяльныя сеткі -- гэта доля маладых людзей, як і Інтэрнет увогуле. Насамрэч многія людзі сярэдняга ўзросту і пэўная частка пенсіянераў робяць тое ж, што і маладыя людзі: пішуць пра сваё жыццё, "лайкаюць" запісы і фоткі сяброў і... нярэдка пакутуюць ад залежнасці ад гаджэтаў. Справа ў тым, што камп'ютарная тэхніка робіцца ўсё больш даступнай простаму карыстальніку (я памятаю як у сярэдзіне 1990-х я яшчэ вучыў інфарматыку на савецкіх "Нямігах" і для мяне, тады 16-гадовага юнака, гэта быў цёмны лес, а цяпер мой 6-гадовы сын лёгка карыстаецца браўзерам планшэта для пошуку неабходных яму рэсурсаў). Плюс сталыя людзі часта жадаюць паказаць, што яшчэ не старыя і кідаюць выклік гаджэтам...

Усеагульнае захапленне сацыяльнымі сеткамі нагадвае моду другой паловы ХХ ст на транзістарныя радыёпрыёмнікі (дзеля атрымання такіх гаджэтаў некаторыя індзійскія мужыкі нават згаджаліся на стэрылізацыю), буйныя касетныя магнітафоны, якія юнакі звычайна насілі з сабой на плячах, і нават першыя мабільнікі 2000-х, гаспадары якіх з вялікай годнасцю даставалі іх з кішэняў каб сказаць "Алё". Усё гэта зараз смешна, таму магчыма, што сацыяльныя сеткі аднойчы стануць часткай гісторыі. Прычым, я кажу пра моду на іх, а не пра іх наяўнасць, бо захаваліся ж у ХХІ ст такія вынаходніцтвы мінулага, як гарадскі тэлефон, радыё і тэлевізар.

1 комментарий:

  1. Напэўна дадам пару слоў пра Аднакласнікі: гэта сайт пераважна для тых, каму за.... і аўдыторыя там больш схільная доўгі час штосьці абмяркоўваць і пра нешта спрачацца, прычым нярэдка павярхоўна.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...