четверг, 15 января 2015 г.

А суддзі хто?

Кожная дэмакратычная краіна дэмакратычна настолькі, насколькі можа сабе дазволіць. Кожная аўтарытарная ці таталітарная краіна таксама абмежавана ў сваіх магчымасцях кантраляваць жыццё сваіх грамадзян.
Так склалася, што Заходнюю Еўропу і ЗША разглядаюць як эталон дэмакратыі. Але звычайна моцная вайна і ці іншы выклік цывілізацыі можа прымусіць дзяржаву адмовіцца ад прынцыпаў дэмакратыі дзеля выжывання нацыі, а то і дзеля захавання пастаянных інтарэсаў.
Падчас Другой сусветнай вайны Трэці рэйх і СССР масава парушалі правы чалавека: захоп закладнікаў, знішчэнне ваеннапалонных, катаванні, масавыя растрэлы, канцлагеры, дэпартацыі па нацыянальнаму прызнаку. Пра ўсё гэта дастаткова добра напісана. Таму было б неаб'ектыўна пакінуць без увагі злоўжыванні ваеннага часу з боку краін, якія лічаць дэмакратычнымі. Паспрабуем зрабіць агульныя нататкі.
Францыя
У 1940 г. Францыя капітулявала перад Вермахтам і італьянскімі войскамі, але амбіцыёзным фюрэрам-дучэ не хапала не толькі жыццёвай прасторы, але і войскаў каб яе кантраляваць. Таму Францыя працягнула свае існаванне ў якасці дзяржавы-саюзніцы Гітлера з сталіцай у г. Вішы, з стратай некаторых тэрыторый на карысць захопнікаў (Германіі і  Італіі), але з захаваннем калоній. Большая частка насельніцтва краіны займалася сваім жыццём. Паліцыя "новай" Францыі дапамагала знішчаць яўрэяў і іншых недабранадзейных элементаў. Некаторыя паліцейскія нават зрабілі кар'еру пры нацыстах (за што потым заплацілі жыццём) Бізнесмены гандлялвалі з новым урадам і захопнікамі. Жрыцы кахання задавальналі патрэбы эсэсаўцаў. Толькі некаторыя французы далучыліся да руху Супраціўлення. Прычым з іх толькі частка -- ў форме ўзброенай партызанска-падпольнай барацьбы. Францыя таго часу добра нагадвала Ўкраіну пад акупацыяй нацыстаў у рамане "Бабій яр" А. Кузняцова.
Калі войскі анцігітлераўскай кааліцыі разам з арміяй дэ Голя адкрылі ў Францыі другі фронт летам 1944 г., а таксама разбілі немцаў, італьянцаў і алжырскіх французаў "вішысцкай" арміі калабарацыяністаў (апошнія, дарэчы, не асабліва і ваявалі з анцігітлераўскай кааліцыяй) ў Афрыцы. І пачалася помста.
Адна справа, калі смяротны прысуд выносілі людзям, якія мелі непасрэднае дачыненне да злачынстваў супраць зняволеных у лагерах ці супраць мірнага насельніцтва: паліцейскім з карных атрадаў, віна якіх была даказана, лагерным капо (крымінальным зняволеным, якіх ставілі адміністратарамі над палітычнымі вязнямі і вязнямі сумлення з правам катаваць і забіваць падначаленых), і іншым падобным асобам. Так быў растраляны былы паліцэйскі камісар Бютэ, які ўзначальваў службу бяспекі (Sùreté) падчас акупацыі, але ўвайшоў у гісторыю дзякуючы таму, што яшчэ да вайны ён прымусіў прызнацца ў забойстве старой гандляркі селяніна Фарынгуля, які ледзь пазбег гільяціны і толькі пасля вайны быў апраўданы. (1) (Як бачым, прызнанне як галоўны аргумент для абвінавачвання ў 1934 г. -- гэта рэалія не толькі СССР але і Францыі).
Але 1944 год стаў часам калі французы пачалі зводзіць рахункі з многімі, каго можна было абвінаваціць у калабарацыянізме з немцамі. Вешалі прастытутак, якія абслугоўвалі акупантаў, адпраўлялі ў турму бізнесменаў, якія прадавалі нацыстам свае тавары і паслугі. Адзін бізнесмен з Францыі, з якім я працаваў разам некаторы час таму, распавядаў мне выпадак, калі ўдзельнікі Супраціўлення выразалі ўсю сям'ю аднаго калабарацыяніста: яго самога, яго жонку, старую маці і яго сабаку. Яго дзецям пашанцавала, бо яны ў тую ноч гасцілі ў нейкага сваяка. А паліцейскаму , які вартаваў тую вёску, загадалі маўчаць.
У 2000 г. ў Мінскім БДПУ на лекцыі з курсу гісторыі Еўропы і Амерыкі Наўноўшага часу, прысвечанай пасляваеннай Францыі гісторык Іван Варывончык паведаміў, што 2 тысячы французаў былі пакараны смерцю за супрацоўніцтва з немцамі па суду і прыкладна ўдвая больш самасудам. Больш дакладных лічбаў не маю.
Увесь трагізм той эпохі, калі барацьба з захопнікамі добра адлюстраваны ў адным заходнім фільме пра каханне паміж францужанкай і афіцэрам СС. У апошняй сцэне гэтай кінастужкі на фоне паўстання ў Парыжы пры набліжэнні саюзнікаў да гераіні з нажом падыходзіць баец Супраціўлення і кажа:
-- Мая сястра памерла ў засценках закатаваная. У адрозненні ад яе ты памрэш хутка.
Акупацыя прынесла Францыі тое ж, што і Беларусі. Былі спаленыя сёлы і гарады (Арадур), былі людзі, якія спрабавалі зрабіць кар'еру на крыві, была настаўніца, якая прасіла непакорную вучаніцу, што адна адмаўлялася казаць "Хайль Гітлер" ва ўсім класе адной з эльзаскіх школ:
-- Ты не кажы "Хайль Гітлер", калі не можаш, а проста ўскінь руку разам з усімі і варушы губамі.
Адным словам быў вялікі пласт людзей, якія спрабавалі выжыць падчас вайны. Як справядліва заўважыў Март Нут, "асуджаць ці апраўдваць калабарацыянізм -- гэта значыць вучыць, як паміраць... Разглядаючы яго выключна з ацэначных пазіцый мы рызыкуем ужываць яго як абразлівы ярлык." (2).
Супраціўленцы былі ў меньшасці, і ў іх былі свае прычыны помсціць. Але адна справа -- забіць салдата варожай арміі ў баю, другая -- суседа, які напаіў гэтага салдата малаком. Адна справа -- растрэл камісара паліцыі, які адпраўляў яўрэйскія сем'і ў крэматорый, прычым пасля судовага разбіральніцтва, другая -- самасуд над яго жонкай, дзецьмі і дамашнімі жывёламі.
Вялікабрытанія
Падчас Другой сустветнай вайны на Брытанскіх астравах панавала жорсткія абмежаванні свабоды слова, сходу і сумлення. Правяралася асабістая перапіска жыхароў, якія выклікалі падазрэнні паліцыі ці ўлады. Было не заўсёды легка атрымаць дазвол на правядзенне мірных сходаў і справа была не толькі ў гітлераўскіх бомбах, якія сыпаліся на гарады туманнага Альбіёна. Проста краіну ахапіў патрыятызм. У той форме, калі той, хто не падтрымлівае агульную лінію, разглядаецца як патэнцыяльны вораг.
Брытанскія мужчыны, якім розныя прычыны не дазвалялі ісці ў армію нярэдка мелі адзін шлях -- у турму. Зразумела не на многія гады, звычайна на некалькі месяцаў, але часам гэта значыла здзекі над імі з боку турэмнай адміністрацыі. Згодна некаторым звесткам усяго 5800 вязняў сумлення правялі ў брытанскіх турмах ад некалькіх месяцаў да года (3). У той жа крыніцы робіцца такое параўнанне безпадстаўных арыштаў мірных грамадзян, якія мела месца ў розных гарадах краіны: "З дапамогай вайны брытанскі ўрад зрабіў амаль тое ж, што германскі ўрад зрабіў без вайны" (4).
У 1940 г. быў забаронены Брытанскі саюз фашыстаў, шэраг яго ўдзельнікаў быў затрыманы, а сам яго лідар сэр Освальд Мослі і яго жонка Дыяна разам з 11-месячным сынам былі адпраўлены ў турму, дзе іх вызвалілі толькі ў 1943 г. калі здароўе О. Мослі значна пагоршылася. Нельга сказаць, што Мослі не было за што саджаць, калі згадаць не зусім мірныя акцыі брытанскіх фашыстаў у 1930-х гг. Нельга казаць і што адносіны да яго дзейнасці з боку брытанскай улады былі адназначна негатыўныя: яго арганізацыя была забаронена толькі ў ліпені 1940 г. (Другая сусветная пачалася ў верасні 1939 г.), яму праз некаторы час дазволілі жыць у турме разам з жонкай і маленькім сынам, гатаваць ежу і прымаць сяброў. Але ліквідацыя партыі Мослі была толькі аднім з прыкладаў прэвентыўных акцый супраць тых, хто мог быць патэнцыяльна небяспечным для краіны падчас вайны з ворагам. Я не бяруся судзіць гэта з пункту гледжання маралі, бо палітыка, як і буйны бізнес, маралі не церпіць. Але калі камуністычны СССР, фашысцкая Італія, нацысцкая Германія і франкісцкая Іспанія не без падставы лічацца таталітарнымі дзяржавамі, то Вялікабрытанію 1939-1945 гг. было б сумленным назваць краінай мягкага аўтарытарызму, бо ўсё вышэй згаданае да дэмакратыі дачынення не мае.
Асобнымі тэмамі для непрадузятага даследавання можа стаць праблема рабаўніцтва ў Германіі войскамі саюзнікаў -- французамі, брытанцамі і амерыканцамі, а таксама перадача шэрагу ваеннапалонных і бежанцаў з тэрыторыі Заходняй Еўропы пад юрысдыкцыю СССР і Югаславіі. А пра ізаляцыю немцаў, італьянцаў, японцаў і карэйцаў, як патэнцыяльна небяспечных імігрантаў у 1942-45 гг. на тэрыторыі ЗША і Канады варта напісаць асобную кнігу.
Зноскі:
(1) Гісторыя сфабрыкаванай справы камісара Бютэ супраць селяніна Фарынгуля апісана ў зборніку апавяданняў на падставе дасье крымінальных спраў: Jacaues Antoine. Les nouveaux dossiers extraordinqires de Pierre Bellemare. Выданне: Librarie Arthème Fayard, год выдання: 1977. Назва апавядання: Le mauvais temps, le bon suspect et le vilain commissaire старонкі: 305-317 з 733.
(2) Март Нут. Калабарацыянізм. // Спадчына №4, 1996 г., сс.210-218 (пераклад А. Крукоўскага), с. 218.
(3) Jehovah's Witnesses Yearbook. 1973, p. 124
(4) Jehovah's Witnesses Yearbook. 1973, p. 126

Комментариев нет:

Отправить комментарий