27.03.2015

Загарніце мне Аляску, калі ласка!

«Людзям патрэбна тое, што Вам не патрэбна» -- гэта дэвіз аднаго з сайтаў для прыватных і камерцыйных аб'яў. Цікава, што прыкладна тое ж самае справядліва і да палітыкі куплі зямель у Паўночнай Амерыцы Злучанымі Штатамі. Пры гэтым гаворка ідзе не пра набыццё зямель сіламі прыватнай асобы ці нават калоніі або штата – такім чынам у індзейцаў набылі востраў Манхэтэн (Нью-Ёрк), а у рускіх каланістаў – Форт-Рос (Каліфорнія). Гаворка пойдзе пра некалькі сітуацый, калі Злучаныя Штаты куплялі землі іншых дзяржаў.



Купля Луізіяны 1803 г.
Адразу падкрэслім, што гэта тэрыторыя значна выходзіць за межы сучаснага штата Луізіяна. Таксама адзначым, што ў розныя перыяды гісторыі Луізіяна, заснаваная французамі і названая так у гонар французскага караля Людовіка XIV (Louis XIV), належыла не толькі Францыі, але і Іспаніі. З 1800 г. гэта была ізноў французская калонія. Але на 1803 г. гэта была слабазаселеная еўрапейскімі каланістамі прастора ва ўладаннях напалеонаўскай Францыі.
Напалеон Банапарт вёў барацьбу за панаванне ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы. Акрамя таго, Францыя знаходзілася ў стане доўгай грамадзянскай вайны і пастаяннага канфлікту з большасцю сваіх еўрапейскіх суседзяў з пачатку Рэвалюцыі 1789 г. Розныя даследчыкі называюць розныя лічбы, але яны згодны, што за гэты час пастаянныя войны забралі жыццё больш чым 1 млн французаў. Адначасова пачалася партызанская барацьба за незалежнасць ад метраполіі ў некаторых амерыканскіх калоніях Францыі. У такіх умовах утрымаць Луізіяну, на якую з цікавасцю глядзелі Вялікабрытанія, Іспанія і ЗША, было праблематычна. І ідэя прадаць ЗША Луізіяну прыйшлася французам да спадобы.
Прадстаўнікі двух урадаў дамовіліся ў Парыжы аб перадачы гэтай калоніі ЗША ў абмен на 15 млн долараў аблігацыямі, . Дамоўленасць замацавалі дагаворам падпісаным 30 красавіка 1803 г (1). Паводле дагавора французская армія павінна была пакінуць Луізіяну на працягу трох месяцаў. Пры гэтым ЗША выкупалі землі спачатку ў французаў, а потым за прыкладна такую ж суму – ў індзейцаў, якія пражывалі на той тэрыторыі. Цікавым момантам з'яўляецца і тое, што у тэксце дагавора выкарыстоўваліся як грыгарыянскі каляндар, так і каляндар Французскай рэспублікі. Так апошні – дзясяты – артыкул дагавора завяршаўся фразай: «Заключана ў Парыжы ў дзясяты дзень месяца фларэаля адзінаццатага года Французскай рэспублікі або 30 красавіка 1803 г.».

Анэксія Фларыды 1810-19 гг.
У 18-пач. 19 стст. Фларыда была спрэчнай тэрыторыяй, накшалт Крыма ў пач 21 ст. У розны час яна належыла розным метраполіям і ў 1779 г. Іспанія скарысталася Амерыканскай рэвалюцыяй, каб увесці войскі ў Фларыду. Вялікабрытанія ужо звязала сябе вайной супраць рэвалюцыйнай арміі каланістаў, Францыі, якая актыўна дапамагала рэвалюцыянерам, і Галандыі. Вайна з Іспаніяй у гэтых умовах не магла ісці досыць актыўна і брытанскі леў праглынуў анэксію Фларыды іспанцамі.
У 1810 г. ЗША актыўна цікавіліся магчымасцю пашырыць свае ўладанні і як раз Іспанія пачала губляць сваю каланіяльную імперыю. Скарыстаўшыся момантам Злучаныя Штаты ўвялі сваю армію ў Заходнюю Фларыду, якая межавала з Луізіянай. Іспанская армія здолела утрымаць толькі частку гэтай тэрыторыі – акругу Мабіл паміж рэкамі Перл і Пердыда. Але ў 1812 г. калі Іспанія падтрымала бок Вялікабрытаніі падчас Англа-амерыканскай вайны 1812-14 гг. армія ЗША заняла і акругу Мабіл.
У лютым 1819 г. ЗША і Іспанія заключылі Дагавор Адамса-Оніса сутнасць якога была ў наступным: іспанская армія на паўвоставе Фларыда не магла стрымаць мясцовых індзейцаў ад рэйдаў на тэрыторыю ЗША, у выніку армія ЗША сама рабіла рэгулярныя рэйды ва Усходнюю Фларыду і адначасова накапілася фінансавых прэтэнзій грамадзян ЗША да Іспанскай кароны ў сувязі з індзейскімі рэйдамі на 5,5 млн долараў. У выніку Іспанія мусіла бясплатна перадаць ЗША Паўвостраў, свае прэтэнзіі на Аляску і Арэгон і ўзяць на сябе абавязак выплаціць кошт прэтэнзій амерыканскім грамадзянам. Таксама Дагавор Адамса-Оніса замацоўваў за ЗША права на ўжо набытыя землі Заходняй Фларыды і невялічкай часткі Новай Іспаніі (будучай Мексікі). Пасля гэтых набыткаў Злучаныя Штаты абяцалі не прэтэндаваць на іншыя ўладанні Іспаніі ў Амерыцы.
Цікава, што праз гады, у 1898 гг. Злучаныя Штаты падтрымалі паўстанні на Кубе і Філіпінах супраць іспанскага ўладарства і распачалі вайну з Іспаніяй. Пасля перамогі над Іспаніяй, Штаты дазволілі існаванне на Кубе нейкай васальнай дзяржаўнасці, а Філіпіны забралі сабе ў якасці калоніі, прычым з таго часу армія ЗША стала ваяваць з былымі саюзнікамі – партызанскімі атрадамі філіпінскіх сепаратыстаў. Але нагодай парушэння былой дамоўленасці не чапаць іспанскія тэрыторыі сталі дзве падзеі. Пачнем з другой: падчас вайны з кубінскімі сепаратыстамі па нейкай прычыне загінулі амерыканскія маракі карабля «Мэн», што і стала падставай для вайны з Іспаніяй. А першая падзея адбылася ў 1823 г. падчас выступлення прэзідэнта Джэймса Манро, які аб'явіў, што калі еўрапейскія краіны паспрабуюць вярнуць Іспаніі яе згубленыя калоніі, ЗША будуць абараняць сувярэнітэт маладых лацінаамерыканскіх дзяржаў, як уласны. Гэта заява ўвайшла ў гісторыю як дактрына Манро 1. Таму з аднаго боку амерыканскія джэнтльмены далі слова і забралі яго, з другога боку да гэтага вялі вышэй згаданыя палітычныя змены.

«Круты» Ўокер і купля Гадсэна.
Перад Мексікай у ЗША не было ніякіх абавязкаў, таму адваяванне значнай часткі мексіканскай зямлі ў 1840-х гг. не было парушэннем дамовы з Іспаніяй. Пасля ўваходу Тэхаса ў склад ЗША і далучэння іншых зямель паміж Каліфарнійскім паўвостравам і Тэхасам заставаўся яшчэ адзін значны кавалак зямлі, які не дазваляў пабудаваць чыгунку і іншыя камунікацыі паміж тымі часткамі тэрыторыі Штатаў, што «навісалі» над тэрыторыяй Мексікі.
У лістападзе 1853 г. адзін амерыканскі авантурыст па прозвішчу Ўокер з атрадам 45 такіх жа авантурыстаў зрабіў рэйд на Каліфарнійскі паўвостраў і стварыў там часовую «нарудную рэспубліку» Санора. Праз некалькі месяцаў ён мусіў збегчы ў ЗША. Але ў гэты час ад урада ЗША мексіканскаму ўраду паступіла прапанова прадаць Злучаным Штатам выступ паміж Каліфорніяй і Тэхасам. Цяжка сказаць ці быў рэйд «крутога» Ўокера ў мексіканскую Каліфорнію часткай планаў ЗША або выключна прыватнай акцыяй (бо гэта тэрыторыя была Дзікім Захадам, дзе амаль не дзейнічалі пісаныя законы і кожны мог зрабіць падобны рабаўнічы рэйд, прыкладна да 1880- гг.), але ён стаў яшчэ аднім доказам таго, што Мексіка не магла належным чынам абараняць сваю незалежнасць і меньшым ліхам было згубіць частку сваёй тэрыторыі, чым быць поўнасцю праглынутай ЗША. У выніку Мексіка аддала 120 тыс. кв. км сваёй зямлі за 10 млн долараў па дагавору 30 снежня 1853 г. У гісторыю гэта аперацыя ўвайшла як «купля Гадсэна».

Купля Аляскі 1867 г.
Ізноў ідэя купляць непатрэбныя іншым землі была ўзгадана ў 1867 г. Гэта самая вядомая для жыхароў былога СССР сдзелка па продажы зямлі Злучаным Штатам – продаж Аляскі. Цікава, што цяпер больш папулярна ідэя, што Аляску прадаваць ЗША было не трэба. Асабліва пасля таго, як там у 1890-х гг. знайшлі золата. Расійская група «Любэ» нават абвінавачвае ў продажы Аляскі імператрыцу Кацярыну ІІ, якая ў 1867 г. мела жалезнае алібі: ўжо дзясяткі год як знаходзілася ў магіле. Пра выкуп Аляскі ў ЗША для заснавання там свабоднай ад бальшавікоў Расіі быў зняты авантурны фільм «Аляску, сэр!».
Але ў час продажу і многія дзясяцігоддзі пасля яго панавала ідэя, што гэта Расія «наварылася» за кошт ЗША. Вось як аб гэтым піша гісторык-правацэнтрыст С.Г. Пушкароў: «... пустынная паўночна-заходняя частка Амерыканскага матэрыка, паўвостаў Аляска, была продана ў 1867 г. Паўночна-Амерыканскім Злучаным Штатам (за 7 мільёнаў долараў, прычым многія амерыканцы лічылі, што яна таго не варта)»(3). Далей Пушкароў піша пра поспехі расійскай каланізацыі Сярэдняй Азіі і Далёкага Ўсходу.
І сапраўды трымаць Рускую Амерыку для Расійскай Імперыі стала накладна. Продаж гэтага кавалка зямлі развязаў Расіі рукі для экспансіі ў Кітай і Сярэднюю Азію.
У ЗША сапраўды многія лічылі куплю Аляскі марнаваннем 7,2 млн долараў золатам. Клімат непрывабны. Тэрыторыя аддзелена Канадай ад асноўнай часткі Злучаных Штатаў. Амаль ніякай сувязі з важнымі гандлёвымі шляхамі зносін. Нават пасля залатой ліхаманкі 1890-х гг. Аляска засталася малазаселеным і слабаразвітым рэгіёнам ЗША.
Цікавы некаторыя факты, звязаныя з дагаворам па продажу Аляскі (3). У тэксце дакумента, які дарэчы быў складзены на англійскай і французскай мовах – апошняя для рускіх, рускі імператар назван імператарам усіх Расій (магчыма па прычыне яго тытула цара «Вялікія, Малыя і Белыя Русі»). Таксама ніякіх варожых дзеянняў да рускіх каланістаў амерыканцы не планавалі. Дагавор гарантаваў усім цывілізаваным жыхрам Аляскі, якія вырашылі застацца, пасля адыходу рускай арміі («у зручны для яе час» (Артыкул VI)) і адміністрацыі, правы і свабоды грамадзян ЗША. На прыняцце рашэнне пакінуць Аляску ці застацца яе цывілізаваным жыхарам адводзілася 3 гады. Індзейцаў і алеутаў чакала наступнае «Нецывілізаваныя плямёны мусяць падпарадкоўвацца законам і пастановам, якія Злучаныя Штаты могуць прыймаць адносна плямёнаў абарыгенаў сваёй краіны» (Артыкул ІІІ).
Дагавор быў падпісаны 30 сакавіка 1867 г. і пэўны час перапрацоўваўся. А 18 кастрычніка таго ж года ў г. Наваархангельск, які цяпер вядомы як Сітка, прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы Аляскі і шэрагу астравоў пад юрысдыкцыю ЗША.



КанадаНаша
Гэта былі не адзіныя сітуацыі, калі да ЗША адыходзілі землі, якія краіна набывала без актыўных баявых дзеянняў. Так у 1818 г. Вялікабрытаніяі ЗША «раўнялі» канадскую граніцу З таго часу яна ад Скалістых гор да Ляснога возерах азёр ідзе роўна па 49-й паралелі. Частка зямлі перайшла да Канады, частка да ЗША. Пры гэтым тэрытарыяльны абмене ЗША аддалі меньш зямлі, чым атрымалі. Ніякіх праблем з масавым перасяленнем народаў пры гэтым у вялікую гісторыю не ўвайшло. Арэгон (ізноў гэта тэрыторыя не толькі ўласна сучаснага штата Арэгон, але і некалькіх іншых паўночна-заходніх штатаў) стаў сумесным уладаннем Вялікабрытаніі і ЗША. Некаторыя тэрытарыяльныя спрэчкі з Брытаніяй прывялі да таго, што яна саступіла Злучаным Штатам Арэгон і некаторыя іншыя землі ў два этапа: ў 1842 і 1846 гг. Пазней, у 1872 г. ЗША адсудзілі праз міжнародны арбітраж ў Вялікабрытаніі астравы Сан-Хуан. Былі яшчэ некаторыя межаванні на граніцы паміж Аляскай і Канадай, але праглынуць поўнасцю малазаселеную Канаду ЗША так ніколі і не здолелі.

***
У гэтай гісторыі мяне асабліва цікавіць пытанне гістарычнай альтэрнатывы. Што было б з ЗША, калі б яны не набылі ўсе гэтыя землі? Сумленна кажучы, ЗША маглі б абыйсціся без Фларыды і Аляскі. Таксама купля Гадсдэна не была самым прынцыповым набыткам. Але купля Луізіяны павялічыла тэрыторыю ЗША ўдвая і дала ім кантроль над важнымі воднатранспартнымі рэсурсамі. Менавіта тут пачынаецца шлях ЗША да сусветнага лідарства. Другім падобным крокам стала заваяванне мексіканскіх зямель і «ТехасНаш», з той розніцай, што ў гэтых выпадках нельга ў поўным сэнсе прымяніць прымаўку money talks («усё вырашаюць грошы») 3. Без Луізіянскай куплі і мексіканскіх зямель ЗША былі б такой жа па магутнасці дзяржавай як і яе цяперашнія суседзі.
Гэта эпоха таксама паказала, што еўрапейскія дзяржавы не ўспрымалі свае калоніі, як частку Радзімы, хоць падчас і сцвярджалі адваротнае, бо Радзіму, як вядома, не прадаюць...

Зноскі:
1 – Вось вытрымка выступлення прэзідэнта ЗША Дж. Манро, якую лічаць Дактрынай Манро:
Па прапанове ўрада Расійскай імперыі, якая была зроблена праз прадстаўніка рускага імператара ў нашай краіне, ўсе неабходныя паўнамоцтвы былі дадзены нашаму паслу ў Санкт-Пецярбургу для правядзення перамоў аб вызначэнні правоў і інтарэсаў абедзвюх дзяржаў на паўночна-заходнім узбярэжжы амерыканскага кантынента. Падобная прапанова была зроблена Яго Імператарскай Вялікасцю і ўраду Вялікабрытаніі, які прыняў яе. Кіраўніцтву Злучаных Штатаў да спадобы такая праява дружалюбнасці і ўсе, хто кіруе нашай краінай, даражаць прыязнымі адносінамі з Імператарам Расіі і гатовы рабіць усё магчымае, каб паміж урадамі Расіі і ЗША расло ўзаемаразуменне. Гэта сітуацыя спарадзіла шэраг спрэчак, і, ў той ступені, ў якой закранаюцца правы і інтарэсы ЗША, ўзнікае неабходнасць распрацаваць прынцыпы, якія недазволяць ніякія новыя спробы еўрапейскіх дзяржаў каланізаваць землі амерыканскага кантынента, якія сталі незалежнымі дзяржавамі...
На пачатку апошняга ўрадавага паседжання, былі зроблены значныя намаганні кіраўніцтва Іспаніі і Партугаліі палепшыць жыццё людзей у сваіх дзяржавах, але гэтыя намаганні рабіліся з надзвычайнай умеранасцю. Няма патребы казаць, што і вынікі такіх намаганняў былі далёка не такімі, якіх чакалі. Мы з цікаўнасцю назіралі за падзеямі ў гэтай частцы свету, з якой у нас настолькі сціслыя сувязі, ў тым ліку і паходжанне нашага народу. Грамадзяне Злучаных Штатаў усім сэрцам раздзяляюць пачуцці да ідэалаў шчасця і свабоды брацкіх народаў па той бок Атлантыкі. Што датычыцца войн, якія вядуць краіны Еўропы, мы не жадаем умяшацца ў іх, і такое ўмяшанне супярэчыла б нашым палітычным прынцыпам. Толькі калі парушаюцца нашы правы ці ёсць пагроза іх парушэння, мы вымушаны прыняць абарончыя меры. Мы маем відавочную сувязь з узнікшым ў нашым паўшар'і рухам, і кожны прагрэсіўны і непрадузяты наглядач разумее гэтую сувязь. Палітычная сістэма краін Свяшчэннага Саюза можа мець значные адрозненні ад палітычнай сістэмы дзяржаў Амерыкі. Наша сістэма дзяржкіравання адрозніваецца ад краін Саюза, і мы заплацілі за яе абарону вялікай крывёй і многімі стратамі; да таго ж найбольш адукаваныя з грамадзян дапрацавалі гэтую сістэму да стану сталасці, і мы карыстаемся з яе нябывалым раней дабрабытам; таму наша краіна не можа адмовіцца ад яе. У сувязі з гэтым мы ўдзячны дзяржавам Саюза за добрыя і шчырыя адносіны з нашай краінай, але якую-небудзь спроб гэтых дзяржаў пашырыць сферу дзеяння іх сістэмы дзяржкіравання ў гэтым паўшар'і мы будзем раглядаць як пагрозу міру і бяспеке Злучаных Штатаў. Мы не спрабуем умяшацца ў жыццё зямель, якія цяпер застаюцца калоніямі ці залежнымі тэрыторыямі краін Еўропы. Але ўрады краін, якія аб'явілі аб сваёй незалежнасці і захавалі яе, і незалежнасць якіх мы па добраму разважанню і з чыстым сумленнем прызналі, на наш погляд, не могуць быць аб'ектам якога-небудзь прыгнёту ці кантролю з боку якіх-небудзь еўрапейскіх дзяржаў за выключэннем сітуацый, калі гэтыя амерыканскія краіны праяўляюць варожасць да Злучаных Штатаў. Падчас вайны паміж гэтымі дзяржавамі і Іспаніяй мы аб'явілі нейтралітэт, калі прызналі іх незалежнасць, і мы імкнемся захаваць нейтральную пазіцыю, калі нічога не зменіцца і кампетэнтныя супрацоўнікі ўрада ЗША не вырашаць ажыццявіць змяненні неабходныя для бяспекі краіны.
Апошнія падзеі ў Іспаніі і Партугаліі служаць доказам, што ў Еўропе пакуль неспакойна. Тое, што еўрапейскія саюзныя дзяржавы знайшлі неабходным ажыццявіць узброенае ўмяшанне ва ўнутранныя справы Іспаніі, з'яўляецца доказам нестабільнасці ў рэгіёне. Але да якой ступені будзе ажыццяўляцца такое ўмяшанне - гэта пытанне турбуе кожную незалежную краіну, форма дзяржаўнасці якой адрозніваецца ад формы дзяржаўнага ладу краін Саюза, нават калі такая краіна знаходзіцца далёка і, безумоўна, сярод такіх краін не ў апошнюю чаргу трэба назваць Злучаныя Штаты. Наша палітыка ў дачыненні да Еўропы, якой мы трымаемся з таго часу як у ёй пачаліся войны, што доўгі час траслі і турбавалі рэгіён, застаецца, тым не меньш, нязменнай: устрымлівацца ад умяшання ва ўнутранныя справы еўрапейскіх дзяржаў, прызнаваць легітымнасць кожнага еўрапейскага ўрада, які дзейнічае дэ-факта, развіваць прыязныя адносіны з гэтым урадам і захоўваць гэтыя адносіны праз чэсны і нязменны палітычны курс, задавальняючы справядлівыя просьбы кожнай такой дзяржавы ва ўсіх магчымых выпадках і не дазваляючы ніякай шкоды анікому. Але відавочна, што становішча ў абедзвюх Амерыках адрозніваецца ў значнай ступені ад еўрапейскага. Немагчыма, каб краіны-члены Свяшчэннага Саюза распаўсюджвалі сваю палітычную сістэму ў Паўночнай ці Паўднёвай Амерыкі і пры гэтым не неслі пагрозу міру і шчасцю нашай краіны; неверагодна і што нашы паўднёвыя браты, пакінутыя без знешняй падтрымкі, згадзяцца на такія перамены дабраахвотна. Таксама немагчыма каб мы абыякава ўспрынялі такую інтэрвенцыю ў якой-небудзь праяве. Калі параўнаць сілы і рэсурсы Іспаніі і гэтых новых незалежных дзяржаў, а таксама калі прыняць да ўвагі вялікую адлегласць паміж імі, зразумела, што Іспанія аніколі не здолее пакарыць іх. Пры гэтым Злучаныя Штаты застаюцца вернымі свайму палітычнаму курсу: даць магчымаць абодвум бакам самастойна вырашаць іх праблемы і спадзявацца, што іншыя дзяржавы будуць праводзіць такую ж палітыку..."
2 – Звычайна прынята гаворыць пра 13 першых штатаў ЗША, але іх было ўжо 14 з 4 сакавіка 1791 г. калі Рэспубліка Вермонт стала штатам ЗША.
3 – Мексіка атрымала ад ЗША кампенсацыю за землі Тэхаса, Каліфорніі і Нью-Мексіка, якія адыйшлі да ЗША ў 1845-48 гг., у памеры 15 млн долараў з скасаванем некаторых іншых фінансавых прэтэнзій паўночнай суседкі.

Крыніцы і літаратура:
(1) Louisiana Purchase Treaty Between the United States of America and the French Republic // Сайт Avalon Project. Доступ: http://avalon.law.yale.edu/19th_century/louis1.asp
(2) Treaty concerning the Cession of the Russian Possessions in North America by his Majesty the Emperor of all the Russias to the United States of America // Сайт Avalon Project. Доступ: http://avalon.law.yale.edu/19th_century/treatywi.asp
(3) С.Г. Пушкарев. Обзор русской истории. Самара, 1993, с 344


Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...