Ізноў крыху пра тэму музыкі і песен. Аднак у гэты раз гаворка не столькі пра тое, што прынята называць песнямі з куплетамі і прыпевамі. Хутчэй гэта кароткія рсапевы, якія, як модна зараз казаць, сталі "віруснымі". Прычым папулярнасць менавіта гэтых напеваў стала нечаканай.
Касіў Ясь канюшыну
Псеўдафальклорная песня "Касіў Ясь канюшыну", якую гурт "Песняры" ўпершыню выканаў у 1971 г., мела сваю аудыторыю прыхільнікаў. Музыка песні ўяўляла сабой незвычайнае спалучэнне народнай мелодыі і элементы чагосьці, як заўважалі некаторыя музычныя эксперты, "рокэнрольнага". Словы добра ўпісваліся ў савецкі стэрэатып беларускага: нешта сялянскае і крыху забаўнае. І гумару для тых, хто разумеў тэкст песні, хапала. Таму пэўная папулярнасць "Яся з канюшынай" ахоплівала ўсю Краіну Саветаў. А гэты момант стаў крокам да наступнага моманту славы.
У 1973 г. частка кампазіцыі патрапіла ў 6-ы выпуск мультфільма "Ну, пачакай!". Фрагмент з гэтай часткай прыведзены ў відэа:
Паколькі мультсерыял быў мегапапулярным, "Касіў Ясь канюшыну" напявалі яшчэ многія гады. З'явіліся і шматлікія перапеўкі. Так у маім класе печынскай школы ў 1990-х пелі на руска-беларускай трасянцы пра дзяўчыну, якая спаражнялася ў жыта і папрасіла Яся прынесці ёй "бумажку" (менавіта так, не "паперку"), а ён прынёс ёй "кусок кардону". Пры гэтым мае аднакласнікі лічылі творчасць "Песняроў" калгаснай, то бок нізкаякаснай.У час інтэрнэт-мемаў эпізод з волкам на камбайне ў пагоні за зайцам пад "Касіў Ясь" стаў выкарыстоўвацца, каб перадаць з гумарам нейкія сучасныя рэаліі, напрыклад, блакіроўку розных сэрвісаў Раскамнаглядам у Расіі. І гэта "мемагоннасць" стала яшчэ адным узлётам папулярнасці "Яся". Аднак песню не спяваюць ва ўсіх падрабязнасцях: толькі тыя радкі, што ўвайшлі ў "Ну, пачакай!"
Дарэчны рэкламны ход фірмы "Модум"
У 2000 г. па заказу фирмы "Модум" быў зроблены кароткі ролік з распевам: "С Рождеством и Новым годом поздравляет фирма "Модум", поздравляет фирма "Модум"".
З таго часу ужо чвэрць стагоддзя ролік з'яўляецца свайго кшталту калядна-навагоднім хітом. Прычым не кожны беларус ведае чым дакладна займаецца кампанія "Модум", але для многіх сам віншавальны распеў стаў часткай перанавагодняй атмасферы.***
Я перабіраў у розных крыніцах і ўласнай памяці іншыя беларускія песні і распевы, якія сталі бы нечакана папулярнымі, але ўсе хіты перажывалі свае ўзлеты і падзенні. Таму прапаную чытачам пашырыць гэты спіс :)
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.