Пахавальныя традыцыі і цырымоніі -- частка гісторыі, хоць пра яе звычайна не любяць ні размаўляць, ні пісаць. Магчыма з гэтай прычыны было цяжка знайсці дакладныя адказы на некаторыя пытанні, якія я ставіў, рыхтуючы гэты пост, і зусім немагчыма на пэўныя іншыя.
У рамках праекта "Каб не забыць" я не стаўлю мэтай даць экспертнае апісанне гісторыі пахавальных традыцый ці рытуальнай справы, бо асноўны акцэнт раблю на ўласныя ўспаміны. Часткова я апісваў некаторыя вясковыя пахавальныя традыцыі тут.
У Мінску арганізацыяй пахаванняў з 10 ліпеня 1944 г. займалася пахавальнае бюро Мінгаркамгаса, ператворае ў Кантору пахавальнага абслугоўвання (1964 г.) і нарэшце, Спецыялізаваны камбінат камунальнаг-бытавога абслугоўвання (Спецкамбінат КБА) (1971 г.) У 1971 г. таксама пачало дзейнічаць прадпрыемства на вул. Альшэўскага, 12, дзе і выраблялі рытуальныя прыналежнасці і прадавалі іх і аказвалі іншыя паслугі. Верагодна, тут і з'явілася першая ў сталіцы рытуальная зала.
Да 1960-70-х гг. пахаванні праводзіліся без асаблівых патрабаванняў да іх правядзення, але з гэтага часу з'явіліся пэўныя рысы, па якіх няцяжка было заўважыць, што побач вось-вось пачнецца (ці ідзе) пахавальная цырымонія.
Катафалкі
У Мінску ў 1980-я гг. у якасці катафалкаў выкарастоўвалі такія аўтобусы ПАЗ 651/652, звычайна белага ці часцей (як мне здаецца) жоўтага колеру з абавязковай чорнай паласой. Труну загружалі праз дзверы, якія падымаліся ўгару сзаду, на палазы. Такімі карысталіся да 2000-х гг. Фота з інтэрнэту.
У 2000-х гг. сталі выкарыстоўваць такія спецыялізаваныя мікраўатобусы. Прычым, з часам, сталі выкарыстоўваць не толькі чорныя аўтамабілі, але заўсёды з сімволікай адпаведнай кампаніі. Фота А. Берастоўскага.
Крэматорый
Адзіны крэматорый у Беларусі пачаў працаваць 1 жніўня 1986 г. Ён знаходзіцца па-за межамі Мінска каля Паўночных могілак і абслугоўвае не толькі Рэспубліку Беларусь, але і Калініградскую вобласць Расіі. У ХХІ ст. крэмацыя складае прыкладна палову пахаванняў у Беларусі.
Рознае
* У савецкія часы аркестр быў нярэдкім суправаджэннем пахавальнай цырымоніі, як спробы выцесніць рэлігійныя абрады свецкімі. Часцей за ўсё гралі жалобны марш Шапэна. Мяне ў 1980-х раптоўныя гукі такой музыкі пужалі, як і самі цырымоніі; мая мама казала, што яе ў дзяцінстве таксама гэта пужала, калі яна з бацькамі жыла ў прыватным доме недалёк ад могілак. Аднак гэта здавалася нейкім неад'емным атрыбутам развітання з памерлым. Цікава, што ў Пячах я сустракаў выпадкі пахаванняў без музыкі яшчэ ў 1980-х гг., хоць тады гэта быў закрыты ваенны гарадок. А ў 1990-я пахавальны аркестр стаў рэдкасцю.
* У 1990-я пахаванні паводле рэлігійных цырымоній вярнуліся ў шырокі ўжытак. Нават у тых жа Пячах вайскоўцаў пачалі хаваць са святарамі. Аднойчы ў крэматорыі я нават сутыкнуўся з выпадкам разборкі паміж двума праваслаўнымі святарамі, адзін з якіх відавочна, пераблытаў рытуальную залу і пазней камусьці тлумачыў па тэлефоне:
-- Я тут зайшоў кадзілам памахаць у залу, а туды заходзіць іншы (святар -- А.Б.) і кажа: што ты тут робіш, гэта маё месца, ідзі адсюль...
* У 2018 г. сям'я пазаканфесіяналаў з паганскімі стараславянскімі поглядамі крэміравала ў сваім двары сваю трагічна загінуўшую маленькую дачку і развеяла яе прах. Цырымонія выклікала непаразуменне не толькі вяскоўцаў-суседзяў, але і пракуратуры, бо не адпавядала заканадаўча прынятым у краіне спосабам пахавання: пахаванне труны ці урны ў магілу або урны ў калумбарый. Сям'ю аштрафавалі, а закон аб пахаванні зрабілі больш строгім. (Дарэчы, падобны выпадак у Эстоніі ў 2021 г. выклікаў куды больш мяккую рэакцыю мясцовых чыноўнікаў). Калі адзін з маіх сяброў падзяліўся, што хацеў, каб жонка пасля яго смерці развеяла яго прах, я адгаварыў яго ад гэтай задумы, каб не падстаўляць жонку пад штраф і матанне нерваў. Пазней яго крэміравалі і пахавалі ў калумбарыі, яго смерць была моцным ударам для яго жонкі, таму я рады, што ён змяніў апошнюю волю так, каб не ствараць ёй дадатковых праблем.
* Яшчэ ў 2000-х было нармальным развітвацца з памерлымі на дварэ ці дома, пры гэтым сябры сям'і выносілі труну. Але ў 2010-х гэтыя з'явы амаль зніклі. Труны носяць грузчыкі рытуальных кампаній, а развітанні праводзяць у рытуальных залах. У сваю чаргу гэта таксама можа ствараць праблемы: так на мінскай вул. Матусевіча жыхары суседніх дамоў выступілі супраць адкрыцця рытуальнай крамы з залай развітання, што спрадзіла доўгае разбіральніцтва.
2026 г.





Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.