04.05.2019

Уладзімір Смялоўскі. Тарфянік і лірык

10 год таму 4 мая 2009 г. у кардыялагічным аддзяленні 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска памёр Уладзімір Смялоўскі, пра якога я пісаў раней як пра пісьменніка і пра вучонага.

З моманту напісання першага паведамлення пра У.Е. Смялоўскага мне атрымалася сабраць дадатковую інфармацыю ў некалькіх месцах.

Па «Смялоўскіх» месцах.

Магчымасці не дазволілі мне з'ездзіць у Саматэвічы і іншыя месцы па-за межамі Мінска, дзе жыў і працаваў Уладзімір Емяльянавіч, але ў межах сталіцы я пабываў у некаторых месцах, звязаных з яго жыццём, а таксама творчай і даследчай дзейнасцю.



Рэстаран «Настальгія», вуліца Іванаўская, 43. Люты 2018 г. За час, калі Смялоўскі пісаў пра яго вершы і хадзіў сюды рэстаран змяніў назву і, здаецца, больш не працуе. Фотаграфіі Андрэя Берастоўскага.

6-я бальніца Мінска, дзе ў 2000 г. правёў некалькі месяцаў Уладзімір Смялоўскі. Калі судзіць па яго паэме «Когда случается беда», прысвечанай гэтай падзеі яго жыцця, ён хварэў на гепатыт і ледзь не памёр. Смерць Смялоўскага ў 2000 г. паставіла б крыж на яго творчасці, якая да 2005 г. была вядома толькі яго сябрам і сваякам. Фота з сайта minsknews.by.



Дом, дзе ў камунальнай кватэры жыла сям'я Смялоўскіх, пасля пераезду ў Мінск. Вуліца Карла Маркса, 25 Фота: студзень 2019 г. Андрэя Берастоўскага.

Дом, дзе жыў Смялоўскі, калі пачаў публікаваць свае вершы, мемуары і прозу ў 2005-2006 г. Праспект Незалежнасці 183, побач з «Альфа-радыё». Фота: канец сакавіка 2018 г. Андрэя Берастоўскага.

Гімназія «Альтэрнатыва», якой прысвяціў верш і апавяданне У.Е. Смялоўскі. Фота 2016 г. з сайта Анлайнер. (Зараз гэта прыватны навучальны комплекс).

Нажаль, нічога не атрымалася пакуль знайсці пра торфадаследчы інстытут, у якім працаваў Уладзімір Емяльянавіч.

Апошняе, што я даведаўся пра забытага паэта – гэта яго «адрас» на Каладзішчанскіх могілках: 111 сектар, 10 рад, 1 месца, згодна звестак прадстаўніка адміністрацыі гэтых могілак. Праўда, я быў там летам 2018 года па іншых справах і не знайшоў яе па гэтым адрасе. Магчыма, паспрабую яшчэ раз...

Апошняя кніга мемуараў

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, мне атрымалася знайсці яшчэ адну кнігу Смялоўскага як мемуарыста: «Учительская династия» (Минск: Юнипак, 2007 – 76 с). Кніга пабудавана ў выглядзе некалькіх асобных апавяданняў аб жыцці розных сваякоў і блізкіх Уладзіміра Ямельянавіча, якія працавалі настаўнікамі. У цішы чытальнай залы мне атрымалася ўважліва азнаёміцца з гэтай працай і зрабіць нататкі.


На с. 6 аўтар піша, як дваранка Марыя Бабрыкіна з Мінска пайшла замуж за Трафіма Сямёнава (узгаданага ў вершы «Родина» збор «Ностальгия») і паехала з ім у Саматэвічы Магілёўскай губерніі. З гэтай сям'і пайшлі сем'і Смялоўскіх, Залатоўскіх і Багамут.

Фота сям'і Сямёнавых 1912 г. з кнігі «Настаўніцкая дынастыя»

Дочкі Сямёнавых Зінаіда, Вера і Сафія сталі настаўніцамі. Сафія пайшла замуж за Емяльяна Смялоўскага, які прыехаў працаваць пракурорам. (с. 9)

Аўтар нарадзіўся ў гэтай сям'і і вучыўся ў сваёй маці ў школе г. Ветка. Яго аднакласніцай была Ніна Лявонаўна Сняжкова, якая пазней працавала намеснікам старшыні Савміна БССР і параіла У.Е. Смялоўскаму напісаць кнігу пра гэту настаўніцкую дынастыю. (с. 11)

З гэтага моманту па с. 15 кніга ў многім паўтарае сюжэт іншага апавядання Смялоўскага: «Ильин день»: Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР ў 1939 г. Емяльяна Смялоўскага камандзіруюць у г. Воранава (Гродн. вобл.) на пасаду раённага пракурора. Сям'я пракурора едзе за татам. Калі пачынаецца Вялікая Айчынная вайна, Е. Смялоўскага мабілізуюць, а яго жонка і дзеці, атрымаўшы пропуск мясцовага бургамістра, бягуць у Саматэвічы.

На с. 15 цікавая для мяне, як гісторыка, заўвага Уладзіміра Емяльянавіча:

«В этом военном водовороте многие люди совершали самые разные ошибки. И это вовсе не значит, что они были предателями. Так, например, София Трофимовна (яго мама – А.Б.) всю жизнь с благодарностью вспоминала обоих бургомистров – Лагоду и Старовойтова.»

На с. 16 аўтар піша як у Саматэвічах дзейнічаў гарнізон з паліцаяў і палонных чырвонаармейцаў, якія на маршах спявалі «Школа красных лейтенантов» за адсутнасцю іншых маршавых песень і неразуменнем слоў нямецкімі камандзірамі.

На с. 17-18 Смялоўскі пацвярджае свае катаванні ў паліцэйскім пастарунку, апісанныя ў «Ілліным дні», а на с.20-22 паўтарае сваё апісанне вынішчэння саматэвічскіх яўрэяў, з некалькімі важнымі дэталямі: ён сам не бачыў расстрэлу, а толькі тое, як яўрэяў вялі ў лес невялікімі групамі і чуў плач, стрэлы і нават просьбу хлопчыка карніку дазволіць яму быць расстраляным разам з ботам, які не здымаўся з нагі. Таксама сцэна ў «Ілліным дні» забойства маленькага сына Хаіма Альштулера (прозвішча Смялоўскі дакладна не памятаў – А. Б.), які быў напалову яўрэям, з'яўляецца мастацкай апрацоўкай таго, што У. Смялоўскі даведаўся ад валаснога пісара: афіцэр, які адказваў за знішчэнне яўрэяў, адправіў запыт праз паліцаяў наконт таго што рабіць з паўкроўкам і праз тры гадзіны атрымаў загад: забіць і гэта дзіця, што і было зроблена. (с. 21)

З 1945 г. мемуары Смялоўскага, дакладней яго ўспаміны пра сваю маці як настаўніцу, ўжо носяць не храналагічны характар. Ён ўзгадвае, што яго бацька Емяльян вярнуўся з вайны, сям'я пераехала ў Мінск і жыла ў камунальнай кватэры на вуліцы К. Маркса, 25 (с. 27); але ў 1947 г. Емяльян памёр у 1-й гарадской бальніцы Мінска і быў пахаваны на мінскіх Вайсковых могілках. (с.23) Я не занатаваў прычыну смерці, але, здаецца, гэта быў рак печані. Цікава, што ў 2000 г. печань ледзь не стане прычынай смерці самога аўтара гэтай кнігі, а памёр ён нарэшце ў 2009 г. ад праблем з сэрцам ў той жа самай бальніцы, што і яго тата, толькі, мяркую, ў іншым аддзяленні.

Далей успаміны аўтара вяртаюцца да яго маці Сафіі. 17 жніўня 1964 г. яна атрымала званне «Заслужаны настаўнік школы БССР» (с. 25), а ў 1978 г. памерла і была пахавана на Паўночных могілках.

Сафія Трафімаўна Смялоўская. Фота з кнігі «Настаўніцкая дынастыя»

Далей аўтар піша пра сваю сястру Эвеліну Залатоўскую (якой прысвечаны адмысловы верш ў зборы «Настальгія») і некаторых іншых сваякоў па лініі Сямёнавых і Багамут. Думаю, што не мае сэнсу рабіць кароткі пераказ усёй кнігі тут. Таму спынюся на яшчэ некалькіх прынцыповых момантах кнігі.

На с. 34 У.Е. Смялоўскі пацвярджае, што быў на прымусовых работах у Германіі падчас вайны (аб гэтым ён падрабязна пісаў у «Ілліным дні»).

На с. 41 ён піша пра яшчэ аднаго адметнага настаўніка са свайго роду: Сяргея Трафімавіча Сямёнава (?-1924), які працаваў у Саматэвічах і вучыў некалькіх вядомых беларусаў: Івана Ветрава (міністр юстыцыі БССР ў 1940-х гг) Аркадзя Куляшова (вядомы паэт) і будучага акадэміка Грашчанкова.

С.Т. Сямёнаў. Фота з кнігі «Настаўніцкая дынастыя»

На с. 55-63 ідзе апавяданне пра Вольгу Дзеркачову, дырэктара прыватнай гімназіі «Альтэрнатыва». Кім яна прыходзіцца Смялоўскаму я не ведаю, але яна пісала рэцэнзію яго збора вершаў «Настальгія». Цікава, што тут на с. 55 Смялоўскі яшчэ раз, як і ў апавяданні «Іллін дзень» выказаў сваё асуджэнне сталінскіх рэпрэсій і калектывізацыі. А на с. 63 апублікаваны верш 2006 г., які не патрапіў у «Настальгію», але стыль якога выдае, што яго аўтар – сам У. Смялоўскі:

Как метеор стремительна,
В действиях решительна,
В мыслях рассудительна
И просто восхитительна.
Талантливый организатор --
Коллектив таком собрать!
Прогрессивный реформатор
И заботливая мать.
Добра, строга, но не сердита,
Крепко держит все в руках.
Вечно голова забита
Заботой об учениках.
И повсюду успевает,
То в налоги, то в РОНО.
По сто комиссий принимает
За год. Так то вот оно!
Ею созданному диву
Мы сегодня шлем привет.
Коллектив «Альтернативы»
Отмечает десять лет.
В заключенье, одним словом,
Стих, друзья закончу свой --
Назову Вам это слово:
Эта женщина -- герой!
А теперь спрошу Вас, братцы,
Кому подходит это слово?
Несложно, право догадаться --
Это -- Ольга Деркачева.

Тарфянік, лірык і грамадзянін

Цяжка бывае даказваць значнасць нейкай асобы ў гісторыі, калі ты робіш гэта першым. Зразумела, як паэт Смялоўскі часам не вельмі сябруе з рытмам, але ён падымаў у сваёй паэзіі і прозе пытанні, важныя для гісторыі Беларусі. Як тарфянік ён не зрабіў рэвалюцыі ў торфанарыхтоўках, што не адмаўляе яго даследчых і практычных дасягненняў. Ён быў прыхільнікам уваходу Беларусі ў склад Расіі і пісаў па-руску, але менавіта ў Беларусі гэты чалавек ажыццяўляў сваю дзейнасць, як тарфянік і пра гэту краіну ён пісаў. Ці быў б ён сёння радыкальным русафілам-сталіністам і ўкраінафобам, як многія яго равеснікі з пакалення тэлегледачоў? Малаверагодна, бо ў сваіх творах У. Смялоўскі пазбягаў катэгарычнасці і асуджаў сталінскія рэпрэсіі, як чалавек, які бачыў іх на ўласныя вочы і быў жанаты на дачцэ ворагаў народа.

Самае галоўнае – гэты чалавек стаў аўтарам важных успамінаў. Ён аб'ектыўна пісаў пра Заходнюю Беларусь 1939-41 гг, як чалавек, які там пабываў, а гэта тэма ў гістарыяграфіі Беларусі толькі пачынае распрацоўвацца. Ён пісаў пра сваіх шматлікіх сваякоў і знаёмых, якія зрабілі свой унёсак у развіццё Беларусі, і пра якіх не пісалі іншыя. Ён ўзгадаў палонных немцаў ў гісторыі пасляваеннай Беларусі, а гэта тэма – амаль табу для гісторыкаў. Ён падрабязна апісаў партызанскі рух у ваколіцах Саматэвічаў і генацыд мясцовых яўрэяў. Калі я выпадкова сустрэўся з гэтым «фізікам і лірыкам» і пазнаёміўся з яго творчасцю, я не разумеў значэння гэтай сустрэчы. Цяпер я ўдзячны Богу, што меў гонар з ім «перасекчыся» і што крыху дапамог іншым зразумець значэнне Смялоўскага не толькі як тарфяніка і бацькі вялікага сямейства, але і аўтара вершаў, казак і важных для гісторыі ўспамінаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...