вторник, 18 июня 2019 г.

Курапаты

27 мая 2019 года я наведаў сумна вядомыя Курапаты - месца масавых растрэлаў. Афіцыйная версія сцвярджае, што тут знаходзяцца ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Неафіцыйная  - што тут гітлераўцы забівалі яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны.

 Калі я планаваў гэты візіт, лічыў што зраблю адно тлумачальнае відэа і пару дзясяткаў здымкаў, як я звычайна рабіў на іншых мемарыяльных могілках. Але на месцы вырашыў, што лепш буду рабіць толькі фотаздымкі пахаванняў, як раблю на звычайных могілках, хаця Курапаты з'яўляюцца менавіта мемарыялам, і сотні крыжоў стаяць, як правіла, не на магілах, а проста тут і там на тэрыторыі могілак.

Таксама я быў гатовы натыкнуцца на процідзеянне міліцыі, супрацоўнікаў Бараўлянскай спцыяльнай лясной гаспадаркі, адказнай за гэту тэрыторыю, апазіцыянераў, якія даглядаюць пахаванні, ці проста грамадзян з сіндромам вахцёра, але ніхто мне не замінаў фотаграфаваць мясцовасць. Тыя некалькі  чалавек, што ішлі туды-сюды ўздоўж асноўнай дарогі праз Курапаты, не звярнулі на мяне ўвагі.

 Як звычайна, фотаграфіі можна дэталёва разглядаць калі клікнуць па здымку. Амаль кожнае фота будзе суправаджацца каментарыям.

Уваход на могілкі


 Выходжу з боку ляснога масіва, які аддзяляе вул. Мірашнічэнкі ад МКАД іду праз падземны тунель пад аўтастрадай і адразу здымаю від на ўваход. Негледзячы на высокі плот, які ўсталявалі вакол Курапатаў у красавіку, брамы тут не зачыняюцца і патрапіць туды ў любы час - не праблема. Раней не было і плота. І гэта можа тлумачыць праблему вандалізма на гэтым месцы.


 Крыжы каля ўвахода стаяць рандомна. Рэдка дзе іх ставілі непасрэдна на брацкія магілы забітых тут людзей.
 Памятны знак: месца з'яўляецца мемарыялам ахварам сталінскіх рэпрэсій. Цікава, што версія аб ахвярах Халакосту на гэтым месцы, якую звычайна ў Беларусі папулярызуюць прыхільнікі "рускага свету", неасталіністы і некаторыя з настальгіруючых па СССР, не мае грунтоўнай базы доказаў. Асноўным аргументам служаць успаміны людзей, апублікаваныя ў газетах, успаміны, якія пачалі з'яўляцца толькі пасля таго, як праблему растрэлаў у Курапатах сталі вырашаць на дзяржаўным узроўні ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х гг. Акрамя наяўнасці большай колькасці доказаў на карысць сталінскіх рэпрэсій на гэтым месцы варта зазначыць, што асноўная частка беларускага парламенту у час правядзення некалькіх афіцыйных расследаванняў расстрэлаў у Курапатах складалася з савецкіх чыноўнікаў, якія зусім не былі зацікаўлены ў дыскрэдытацыі СССР, Сталіна і камуністаў. Таму я далей буду трымацца афіцыйнай версіі забойстваў у Курапатах.


 Памятны крыж з надпісам: "пакутнікам Беларусі"

 Крыж памяці паэта і перакладчыка Тодара Кляшторнага (1903-1937). Дарэчы бліжэй да цэнтра гэтых могілак ёсць яшчэ як мінімум адзін крыж у яго гонар.

 На камяні пад крыжом амаль зніклая выява іконы.

Дарога між крыжамі


 Крыху прайшоў уздоўж асноўнай дарогі  праз Курапаты. Людзі, якія шлі гэтай дарогай і трапляліся мне тым ранкам, выглядалі як тыя, хто альбо гуляе тут як у лесе, альбо спяшаецца па сваіх справах і скарачае дарогу. На іншых могілках такога не бачыў (але такіх можна сустрэць паўсюль). Уздоўж дарог стаяць мемарыяльныя крыжы, некаторыя з пазначэннем гарадоў Беларусі, ад імя якіх яны ўсталяваны.

Польскі сектар і амерыканскі мемарыял


 Злева ад асноўнай дарогі некалькі магіл польскім грамадзянам, растраляным у Курапатах у 1937-41 гг. Гэты бела-чырвоны крыж пастаўлены ў гонар усіх палякаў, якія загінулі тут.

 Паколькі растраляных хавалі ў брацкіх магілах, на месцы якіх потым нярэдка саджалі дрэвы, то некаторыя дрэвы таксама зрабілі мемарыяламі.

 Вайсковец Уладзіслаў Хмара (злева) і дробны чыноўнік Адам Кулешевіч (справа), растраляныя ў 1940 г.
 Богуслаў Венжык студэнт марскога вучылішча Гдыні, які быў растраляны ў Мінску 17 лютага 1941 г. ва ўзросце 21 год.

 Надпіс на цэкліку: "Памяці жыхароў Заходняй Беларусі, закатаваных НКВД 1939-1940". Тут ужо не праводзіцца падзел паміж палякамі і беларусамі, якія патрапілі пад сталінскія чысткі пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Цікава, што ў Курапатах часцей выкарыстоўваецца рускамоўная абрэвіятура "НКВД" замест беларускай "НКУС" (ад слоў "Народны камісарыят унуртраных спраў").


 Разбіты мемарыяльны камень: падарунак амерыканскага народа беларускаму народу. Як я зазначаў, хапае людзей, якія ідуць на свядомы вандалізм у гэтым месцы, негледзячы на яго ахову дзяржавай. Часткова праблема звязана з палітызацыяй усяго, што звязана з Курапатамі. Для беларускіх апазіцыйных колаў гэта месца - сімвал барацьбы з амаль неабмежаванай уладай Прэзідэнта Беларусі. Тут праходзяць палітычныя акцыі. Таму для некаторых беларусаў, якія бліжэй па поглядах да "рускага свету" ці больш лаяльныя ўладзе, апазіцыя і ўсё, што звязана з ёй, гэта "здрада", "амерыканскія шпіёны" і тыя, хто могуць распачаць грамадзянскую вайну накшталт такой як на Данбасе. Таксама вандалізм можа быць справай рук радыкальных каляфутбольных нацыяналістаў (якія, дарэчы, пераважна не падтрымліваюць ні пуцінскую Расію, ні беларускую ўладу) ці проста хуліганаў, якія могуць лічыць, што вандалізм у дачыненні да аб'ектаў, звязаных з апазіцыяй, не такое небяспечнае злачынства, як біццё вітрын у магазінах ці нават пагром на звычайных могілках...

Бліжэй да цэнтра

Бліжэй да цэнтра стаяць крыжы памяці літаратарам і іншым дзеячам культуры.

 Яшчэ адзін крыж Т. Кляшторнаму

 Крыж памяці Міхася Чарота

 Беларускім святарам ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.


 Міхась Зарэцкі

 Алесь Дудар

 Далей ушанаваныя іншыя ахвяры рэпрэсій. Тут цэклік Сцяпану Сяргейчыку (1898-1937)

 Сільвановічы Пётр і Юры. Дарэчы, жалезныя крыжы тут сустракаюцца рэдка.

 Васілеўскія Антон (1868-1940), Баравік Марыя (1900-1951) Францішак (1908-1941). Цікава, ці была Баравік Марыя сапраўды пахавана тут у 1951 г., бо пасля вайны тут ужо не растрэльвалі і не хавалі. Магчыма, яе імя памылкова перанеслі з эпітафіі на іншых могілках...

 Помнік ад беларускіх іўдэяў ахвярам сталінскіх рэпрэсій розных веравызнанняў.

 Галкоўскія Іосіф і Антон былі растраляны ў 1937 г. з розніцай у некалькі тыдняў...

 Нарэйка Антон Карлавіч

 Юркевіч Франц Іванавіч (1897-1938)

 Валахановіч Адам Сцяпанавіч (1884-1937). Як і на многіх цэкліках пазначана: "растраляны".

 Эйсмант Пётр (1893-1937)

 На эпітафіі Аляксандра Аўгустайціса 1-га сакратара камсамола Беларусі, пазначана не толькі дата растрэлу, але і год рэабілітацыі (1954).

 Якаў Астроўскі (1889-1938)


 Настаўніца Сафія Георгіеўна Аніхоўская-Маева (1902-1938)

 Міхаіла Кірпічніка растралялі ў 1938, а рэабілітавалі ў 1960 г.

Рабаў Фёдар Андрэевіч (1889-1938) з Бярозаўкі Бярэзінскага раёна...

У цэнтры

 Выходжу на свайго роду "цэнтральную плошчу" мемарыяла.

 Помнік і крыжы

 Цэклік аб тым, што Курапаты з'яўляюцца гісторыка-культурай каштоўнасцю.

Цытата з біблейскай кнігі Ісаі 1:18 на камяні.

Яшчэ адзін цэклік, які пазначае гістарычную ролю Курапатаў.

Помнік ахвярам рэпрэсій зблізу

Крыж памяці гісторыка Вацлава Ластоўскага

 Крыж памяці Адама Наркевіча з дэталямі асуджэння на смерць і рэабілітацыі.

 Канстанцін Балкоўскі
 Уладзімір Цвірко (Гадзіцкі) (злева) і Віктар Пятровіч (справа)


Углыб лесу

 Паступова ад цэнтральных мемарыялаў іду направа ўглыб лесу. Чым далей у лес у напрамак дарогі, якая ідзе паралельна МКАД ад запраўкі, тым менш крыжоў.

 Бліжэй да плота можна яшчэ бачыць крыжы ўздоўж дарогі.

 Вяртаюся назад і бачу драбіну, кінутую ў хмызняку. Верагодна, з яе дапамогай да высокіх крыжоў правязваюць рушнікі ў колерах традыцыйнага бел-чырвона-белага сцяга.

 Крыж, імправізаваны з бярвенняў.

 Крыж памяці пісьменніка Цішкі Гартнага (вядомага таксама як палітык Зміцер Жылуновіч).

Зноў па левы бок дарогі

Муж і жонка Камаровы, Рыгор і Агафья,  з вёскі Голені Магілёўскай вобласці, растраляныя ў 1937-39 гг.
 Аграном калгаса Мітрафан Канановіч (1904-37)

 Міхаіл Карлавіч Насевіч

 Рэдкі крыж, усталяваны непасрэдна на брацкай магіле. Тут пахаваныя 373 чалавекі.

 Гэты крыж не абавязкова зламаны вандаламі, ён мог і струхнець.

 Яршоў Іван Фёдаравіч (1899-1938). Растраляны ў Слуцку, а не тут. Але менавіта ў Курапатах яму пастаўлены мемарыяльны крыж.

 Яшчэ адзін паламаны крыж...

 Крыж з надпісам "ад грэка-католікаў г. Баранавічы".

 Фатаграфірую асноўную дарогу праз Курапаты з боку МКАД.


 Фёдар Бадроў растраляны ў 1938 г і рэабілітаваны ў 1961 г.

 Від на МКАД. Раней уздоўж МКАД стаялі высокія крыжы, але 4 красавіка 2019 г. пасля публічнага асуджэння усталяваных тут крыжоў Прэзідэнтам Беларусі, Бараўлянскі лесгас знёс некалькі дзясяткаў крыжоў з боку кальцавой аўтастрады і абнёс усю тэрыторыю плотам. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю як "крыжалом", але на шчасце не скончылася сутычкамі з апазіцыянерамі, якія пратэстуюць супраць дзейнасці суседняга рэстарана. У той дзень і некалькі дзён пасля крыжалома СМІ абмяркоўвалі гэтую падзею, і даволі многія публічныя людзі, якія не раздзяюць погляды беларускай апазіцыі, асудзілі дзеянні мясцовай улады. Цікава, што ў абарону лесгаса выступілі некаторыя актывісты Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата дзяржаўныя СМІ і некалькі блогераў з ліку прыхільнікаў "рускага свету".

 Выхад на дарогу ў бок МКАД

Далей у бок рэстарана і запраўкі асноўная дарога дзеліцца на дзве. Адная вядзе да аўтобуснага прыпынку "АЗС" на МКАД. Другая - на аўтастраду, паралельную МКАД. На гэтым крыжы цэклік ахвярам сталінскіх рэпрэсій Антону Каліновічу (1897-1937) з вёскі Слабодка і Васілю Цыпянкову (1864-1930) з вёскі Стары Шклоў (абедзве вёскі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці). Магчыма, В. Цыпянкова растралялі і пахавалі ў іншым месцы, бо ў Курапатах стралялі пераважна ў 1937-1941 гг.

 Кандрат Серада (1891-1942) асуджаны за антысавецкую агітацыю. Што такога зрабіў К. Серада я дакладна не ведаю, але пад антысавецкую агітацыю можна было аднесці што хочаш, як з разуменнем экстрэмізму ў крымінальным праве сучаснай Расіі. Цікава іншае: смерць за "антысаветчыну" у 1942 г. не магла мець месца ў Курапатах. Паўтаруся: доказаў таго, што тут стралялі гітлераўскія калабарацыяністы не было знойдзена пасля неаданаразовых эксгумацый і дзяржаўных расследванняў. Па-другое, немцы за крытыку савецкай улады не каралі смерцю. З гэтага вынікае, што К. Серада загінуў у іншым месцы, а ў Курапатах ушанаваны, як і І. Яршоў, і некаторыя іншыя ахвяры сталінскіх рэпрэсій: без прывязкі да абавязковага знаходжання пэўнага чалавека ў гэтых брацкіх магілах.

 Справа ад крыжа К. Серады на фота - крыж Сяргея Серады, паэта і перакладчыка Сяргея Дарожнага (1909-1943)

 Дарога на выхад з могілак ў бок МКАД, аўтобуснага прыпынку і вёскі Цна. Справа на фота - рэстаран "Поедем поедим".

 Такі знак-напамін стаіць на кожным уваходзе на Курапаты.

Другая дарога

 Іду ўздоўж другой дарогі ад развілкі. Цяпер крыжы трапляюцца прысвечаныя ахвярам сталінізму без канкрэтных імёнаў.

 Від на  "Поедем поедим" з боку могілак.

 Крыж памяці растраляных 29 кастрычніка 1937 г. ва ўнутранай турме НКУС.


 Знак Бараўлянскага спецлесгаса і яшчэ адзін мемарыял ахварам 1937-41 гг.

Каля рэстарана

 Рэстаран  "Поедем поедим" планавалі пабудаваць як "Бульбаш-холл" яшчэ ў 2017 г. Але праблема ўзнікла ў тым, што праект захапіў пэўную частку ахоўнай зоны вакол Курапатаў. Завязаўся працяглы канфлікт з палітычнымі актывістамі. Даходзіла да боек паміж актывістамі, будаўнікамі і нават каляфутбольнымі фанатамі. Нарэшце, кампанія адмовілася ад ідэі будаўніцтва забаўляльнага комплексу побач з месцам масавых растрэлаў. Але ў 2018 г. рэстаран з некаторай забаўляльнай інфраструктурай пачаў працаваць пад іншай назвай з дапамогай іншых інвестараў. З таго часу тут рэгулярна дзяжураць некалькі актывістаў розных апазіцыйных партый і просяць кліентаў рэстарана не карыстацца яго паслугамі. Часам бываюць сутычкі з наведвальнікамі і міліцыяй.

Зазначу, што хваляванні вакол Курапатаў былі не толькі ў апошні час. Яшчэ ў 1988 г. гісторык і апазіцыйны палітык Зянон Пазняк арганізаваў шэсце з Мінска ў Курапаты, якое міліцыя спрабавала разагнаць слезатачывым газам. А ў пачатку 2000-х гг. палітычныя актывісты процідзейнічалі пашырэнню МКАД, бо падчас будаўніцтва гэтай дарогі ў савецкі час былі зрунаваны некаторыя курапацкія магілы. Зазначу яшчэ раз адну думку: добра, што падчас усіх канфліктаў вакол гэтага месца масавых растрэлаў ніхто не загінуў.

 Трэба зазаначыць, што адлегласць паміж рэстаранам і ўласна агароджанай тэрыторыяй пахаванняў значная, таму магчымае закрыццё "Поедем поедим" непазбежна падыме пытанне што рабіць з іншымі аб'ектамі, якія знаходзяцца недалёк ад месцаў пахавання і на тэрыторыі якіх патэнцыяльна могуць адбывацца святочныя мерапрыемствы. Гаворка не толькі пра рэстараны і кафе, але і жылыя дамы, якія аддзяляе толькі дарога ад такіх могілак як Цна, Масюкоўшчына і Чарнігаўскія. Калі я абмярковаў такія пытанні з пэўнымі актывістамі, чуў у адказ пра ўнікальнасць Курапатаў, як сімвала памяці ахварам сталінскіх рэпрэсій. Але я асабіста лічу, што трагэдыі на іншых могілках Мінска таксама вартыя шанавання памяці, незалежна ад таго забіў чалавека афіцэр НКУС, нямецкі паліцай ці маньяк. Таму, для мяне пытанне пакуль адкрытае...


 Плот рэстарана іспісаны надпісам "кабак НКВД закрыт"

 Уваход у рэстаран, дзе дзяжураць палітычныя актывісты. Я быў тут каля 10.00, а актывісты прыходзяць раннім вечарам у летні час.
А ці пайшоў б я ў гэты рэстаран? Па ўласным жаданні - не. Я напісаў вышэй, што не лічу наяўнасць рэстарана побач з могілкамі абсалютным злом. Але я паважаю пачуцці тых, хто бачыць у гэтым абразу памяці растраляных і дапускаю для сябе наведаць гэта месца толькі ў якасці перакладчыка, калі мой прафесійны абавазак патрабуе суправаджаць кліентаў туды, куды яны вырашылі пайсці.

 Чамусьці кідаецца ў вочы сацыяльная рэклама. Сапраўды, праблема распаду сям'і закранае і тых, хто прыходзіць у рэстаран, каб напіцца ці адпачыць, і тых, хто абараняе памяць аб сталінскхі рэпрэсіях, і тых, хто проста праходзіць гэтай дарогай ці едзе па МКАД... На даляглядзе бачны блакітны казырок падземнага пераходу, праз які я вяртаюся ў Мінск.

Па другі бок МКАД стаіць яшчэ адзін камень з крыжом у напамін пра Курапаты. Тут я згадаў, як давялося працаваць з адным чыноўнікам, які распавядаў мне, што жыў недалёк ад Курапатаў і нярэдка па маладосці ў 19070-х гг хадзіў туды на шашлыкі, бо не ведаў, што гэта за месца. Падчас свайго наведвання месца сталінскіх растрэлаў я слядоў вогнішчаў не сустракаў, але бачыў шматлікія прызнакі таго, што людзі не забываюць тых, хто загінуў падчас рэпрэсій. Спадзяюся, што гэта месца ў вачах шырокіх колаў грамадства паступова перастане ўспрымацца як пляцоўка апазіцыйных акцый, бо памяць аб сталінскіх рэпрэсіях не можа быць спадчынай толькі палітычных партый.

Усе здымкі зроблены гісторыкам Андрэям Берастоўскім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.