З таго часу як 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прайшло шмат часу, і некалькі разоў у яе ўносілі змяненні і дапаўненні праз нацыянальны рэферэндум. 27 лютага 2022 года прайшоў яшчэ адзін такі рэферэндум.
Першыя прапановы распрацаваць новы Асноўны закон прагучалі яшчэ ў 2017-18 гг., але потым ідэя была адкладзена і яе зноў паднялі падчас летня-асенніх пратэстаў 2020 г. Тады ж пачаліся першыя спробы абмеркаванняў прадстаўнікоў спецыяльнай камісіі па распрацоўцы новай версіі Канстытуцыі РБ з працоўнымі калектывамі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў і калектыввамі навучэнцаў вну. У 2021 г. агучылі ідэю правядзення рэферэндума ў лютым 2021 г. і 27 снежня таго года апублікавалі праект змяненняў.
Абмеркаванні праекта і пажаданняў грамадзян працягваліся і далей. Некаторыя праўладныя грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі праводзілі дэбаты наконт змяненняў. У пэўных працоўных калектывах правялі фармальна: сабраліся, сфоткаліся і напісалі на сайце, што прайшло абмеркаванне і ўсе з усімі змяненнямі пагадзіліся. У адным вядомым мне выпадку замест абмеркавання канстытуцыйных змяненняў прадстаўнік улады прачытаў студэнтам вну лекцыю аб падзеях 2020 года ў стылі беларускага тэлебачання. Яшчэ ў адным выпадку працоўны калектыў запрасілі тэрмінова сабрацца і толькі на месцы патлумачылі навошта, але там абмеркаванне прайшло без эмоцый і па сутнасці пытання.
Такія напаміны віселі на інфармацыйных дошках ў некаторых дзяржаўных арганізацыях і установах адукацыі ў студзені 2022 г.
А БРСМ запусціў стыкеры для Тэлеграма ў падтрымку змяненняў. Пазней БРСМ разам з БДУІР запусціў прыкладанне для мабільных тэлефонаў, якое дапамагае знайсці свой участак для галасавання.
11 лютага ўжо развесілі па ўсім Мінску агітацыю прыйсці на рэферэндум і пазначылі будучыя выбарчыя ўчасткі. Пушкінская бібліятэка на вул. Гікалы ў Мінску.
Да камунальных жыровак далучалі запрашэнні на выбары. Мне таксама прыслалі папяровую жыроўку, нягледзячы на тое, што я даўно адмовіўся ад такіх на карысць версіі для электроннай пошты.
Запрашэнні на рэферэндум былі і на афішах, і ў метро.
На тыдні правядзення датэрміновага галасавання прыходзіла і СМС-рассылка з апрашэннем на падзею. Яшчэ ў грамадскім транспарце круцілі напамін пра плебесцыт паміж прыпынкамі на рускай і беларускай мовах. У метро ішлі ролікі "дзе ўсе?", сутнасць якіх была: чалавек/маці з сынам/маладая пара на рыбалцы/на Камароўскім рынку/у кіно здзіўляецца(юцца) адсутнасці людзей, якія ўсе пайшлі на галасаванне 27 лютага.
Газета "Вячэрні Мінск" адкрыта агітавала прагаласаваць "за" новую рэдакцыю Канстытуцыі РБ. Увогуле, ніякай агітацыі за старую Канстытуцыю я не заўважыў. Калі пачалося датэрміновае галасаванне, людзі, якія давалі інтэрв'ю дзяржСМІ, ніколі не казалі "я галасаваў(-ла) за змены" ці "супраць змен", а толькі намёкам: "прагаласаваў(-ла) за будучыню, развіццё і г.д"
Была актыўная агітацыя за байкот рэферэндума. Абодва варыянты не задавальнялі тых, хто пратэставаў у 2020 г. У нашым пад'ездзе па паштовых скрынях расклалі "Сумленную газету" -- самвыдат з крытыкай рэферэндума. Чаму яе кідалі ў сметніцу? Маю 2 версіі: многія пабаяліся браць дадому палітычную крамолу альбо разглядаюць тое, што яны не выпісваюць як непатрэбную рэкламу. Але наш дом хутчэй апалітычны, чым праўладны...
Па YouTube круцілі рэкламу заявы апазіцынага лідара ў эміграцыі Святланы Ціханоўскай, якая заклікала выразіць пратэст прыходам на выбарчыя ўчасткі 27.02 у 14:00 і псаваннем бюлеценяў крыжыкамі у абовух квадратах (і "за", і "супраць"). Крытыкі прыхільнікаў байкоту назвалі за гэта апошніх "крыжакамі", але мянушка не асабліва пайшла ў народ.
Падчас датэрміновага галасавання іншагароднім студэнтам некаторых вну дазволілі ехаць дадому за тое, што яны прагаласуюць датэрмінова, некаторыя раз'ехаліся нават у сераду 24.02. (2-і дзень датэрміновага галасавання). У адной раённай бальніцы пад Мінскам супрацоўнікаў пабуджалі пайсці на выбары праз пагрозу звальнення. І ў адным інтэрнаце студэнтам вну неаднаразова нагадвалі пра рэфэрэндум, але без пагроз. Больш нічога негатыўнага ці пазітыўнага па-за межамі СМІ не чуў.
Перад рэферэндумам і падчас датэрміновага галасавання былі затрыманы некаторыя людзі, якія крытыкавалі мерапремства ці, па версіі следства, планавалі яго сарваць. Падрабязнасці гэтых эксцэсаў не маю. Часткова ўвага многіх беларусаў пераключылася на расійска-украінскую вайну, якая пачалася 24 лютага, прычым у баявых дзеяннях былі задзейнічаны і войскі РФ, якія да гэтага былі на вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Дзяржаўныя СМІ працягвалі трымаць тэмай №1 менавіта рэферэндум, а не баявыя дзеянні ва Ўкраіне.
27 лютага ў 14:00 на некаторых выбарчых участках сапраўды сабраліся чэргі пратэстоўцаў, якія пратэставалі супраць рэферэндума і вайны ва Ўкраіне. Прыкладна з 15:20 па 16:30 я быў у раёне двух выбарчых участкаў (СШ № 137 і СШ № 121) па сваіх справах (спачатку бегаў на стадыёне, потым хадзіў у магазін). Было спакойна. У СШ № 121 заходзілі і выходзілі па 1-2 чалавекі кожныя паўхвіліны, часам выходзілі невялікія кампаніі сяброў ці сем'і. У нейкі момант да школы наблізілася група міліцыянераў, пастаяла на школьным двары і пайшла кудысці. Унутры школы маглі быць чэргі, падобныя як ў жніўні 2020 г., але звонку народу амаль не было, бо калідоры там доўгія. Звычайна, хтосьці чакаў членаў сваёй сям'і. На тэрыторыю 137-й школы заходзілі толькі асобныя людзі, ды яшчэ пара мужыкоў у дзелавых касцюмах з бэджамі курылі ля школы, магчыма, члены выбарчай камісіі. Уздоўж безыменнай алеі ("Брадвей/алея Ціханоўскай) гулялі жыхары навакольных дамоў, бо надвор'е было добрым.
Тым часам у нашым квартале на праспекце у раёне аптэкі "Бераліна" (Незалежнасці, 143) ішла калона пратэстуючых. Там былі і затрыманні. Пратэставалі і побач з "Дана Молам". А ў цэнтры горада і ў іншых гарадах Беларусі на пратэст выйшла яшчэ больш народу. Як у 2020 г. сігналілі машыны, гучалі лозунгі, былі затрыманні. У Барысаве, і, мяркую, у іншых гарадах былі праблемы з мабільным інтэрнэтам, але ў мяне на Усходзе не глушылі, ва ўсялякім разе, я быў з тэлефонам, які працуе на 2G. МУС паведаміла пра 900 затрыманых на пратэстах па ўсёй краіне.
Наступным ранкам інфармацыя было аб'яўлена, што паводле папярэдніх дадзеных больш за 65% выбаршчыкаў зацвердзілі новую версію Канстытуцыі.
І тым жа ранкам Мінску пачалі масава знікаць прыкметы былога плебесцыту. Вось такі рэквізіт як кабінкі для галасавання (верагодна без шторак у якасці супрацькавіднай меры), сталы і нават дошку з запрашэннем на выбары вывозілі з Пушкінскай бібліятэкі.
3 сакавіка было аб'яўлена, што 82,86% ад прыняўшых удзел у рэферэндуме зацвердзілі новую рэдакцыю Асноўнага закону РБ. Гэта версія Канстытуцыі часткова пачала працаваць з 15 сакавіка бягучага 2022 года, але палажэнні пра ЎНС і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў будуць ўводзіць у жыццё на працягу года пасля прыняцця адпаведных законаў.