29.06.2020

Мінскае метро

Гэты праект быў у задуме яшчэ з канца 1960-х, але толькі 3 мая 1977 г. пачалося будаўніцтва першай лініі мінскага метрапалітэна ўздоўж Ленінскага праспекта (цяпер - пр. Незалежнасці).

Трохі гісторыі

Спачатку метро цягнулася ад станцыі "Інстытут Культуры" да станцыі "Маскоўская" і было ўрачыста адчынена 29 чэрвеня 1984 г.

Першы рэйс мінскага метро. Фота з інтэрнэта.

30 чэрвеня метро пачало працаваць у звычайным рэжыме. Я памятаю як мы з дзедам ездзілі на ім з горада да "Маскоўскай", там на прыпынку каля "Беларусфільма" сядалі на тралейбус №1 ці нейкі аўтобус і ехалі некалькі прыпыкаў дадому, бо станцыя метро "Усход" адчынілася пасажырам толькі у снежні 1986 г.

Урачыстае адкрыццё станцыі "Усход" 26 снежня 1986 г. Фота з інтэрнэта

31 снежня 1990 г. была адкрыта 2-я лінія метро ад "Фрузенскай" да "Трактарнага завода" з перасадкай на "Кастрычніцкай/Купалаўскай" у цэнтры горада. З таго часу першую лінію сталі называць "Маскоўскай" або "сіняй", па колеру на карце, а другую -- "Аўтазаводскай" або "чырвонай. У сакавіку 1991 паміж "Купалаўскай" і "Пралетарскай" адкрылі "Першамайскую", якая, у адрозненне ад астатніх станцый, мела чыгуначнае палатно ў цэнтры, а платформы па баках. Хадзілі жарты, што "Першамайская" раздзяляе закаханых.

Станцыя "Першамайская". Крыніца фота: Вікіпедыя

У 1995 г. на 2-й лініі з'явіліся станцыі "Маладзёжная" і "Пушкінская", у 1997 г. -- "Партызанская" і "Аўтазаводская"  у 2001 г. -- "Магілёўская" і ў 2005 г. -- "Спартыўная", "Кунцаўшчына" і "Каменная горка". У 2007 г на 1-й лініі дабудавалі станцыі "Барысаўскі тракт" і "Уручча" (у апошнім выпадку яшчэ і знайшлі маманта), у 2012 пабудавалі станцыі "Грушаўка", "Міхалова" і "Пятроўшчына і ў 2014 г. першую лінію скончылі станцыяй "Малінаўка". Такім чынам, 2 лініі метро звязалі горад з чатырох куткоў. Дарэчы, на станцыях, пабудаваных у сярэдзіне 2000-х, ёсць элементы безбар'ернага асяроддзя, у тым ліку ліфты для інвалідаў. На астатніх станцыях калясачнікам дапамагаюць ахоўнікі станцыі.

Успаміны пра Уручча, у тым ліку і пра метро. Відэа А. Берастоўскага

Зараз ідзе будаўніцтва 3-й "зялёнай" лініі мінскага метрапалітэна, якая хутка мае быць уведзена ў эксплуатацыю.

Цікавыя моманты з гісторыі метро

* Станцыя "Плошча Леніна" у 1992-2003 гг. аб'яўлалася як "Плошча Незалежнасці". Цяпер статус-кво такі: станцыя носіць імя Леніна, а сама плошча застаецца плошчай Незалежнасці.
* На ст.ст. "Кастрычніцкая", "Плошча Леніна" і "Няміга" ёсць мемарыялы ахвярам некалькіх трагічных падзей.
* У 90-я былі спробы красці мармуровыя пліты з выхадаў са станцый метро ці пісаць маркерам графіці ўнутры. Потым вандалаў прымушалі плаціць за замену пліт і цяпер вандалізм у метро бывае ў форме наклейкі стыкераў.
* За савецкім часам праход праз турнікеты ажыццяўляўся з дапамогай 5-капеечнай манеты. У вестыбюлях нават былі аўтаматы для разменьвання манет. Пасля распаду СССР, замест манет сталі кідаць пласмасавыя жэтоны, якімі карыстаюцца і цяпер, а праязныя білеты змянілі свой выгляд з картонных картак на пластыкавыя радыёкарткі.
* Падчас акцый пратэсту, найбліжэйшыя да месца іх правядзення станцыі могуць зачыняць.
* Часам за жэтонамі і праязнымі бывае "хапун". Ячшэ пенсіянеры на станцыях каля спальных раёнаў могуць рабіць хапун бясплатных газет у вестыбюле метро.
* У знешнім вестыбюле многіх станцый нярэдка шмат легальнага і нелегальнага гандлю, жабракоў і музыкаў (дарэчы апошнія выступаюць часцей за ўсё легальна).
* На платформе станцыі "Пятроўшчына" праводзілі канцэрт ў 2019 г.

Крыніца фота: https://citydog.by/post/zaden-metro-orchestra/
Трагедыі і здарэнні

Звычайна з метрапалітэнам беларускай сталіцы нічога сур'ёзнага не адбываецца. Бываюць збоі ў працы цягнікоў. Часам чалавек можа ўпасці ці кінуцца пад цягнік. У асобных выпадках станцыі "Усход" і "Парк Чалюскінцаў" залівала вадой падчас залевы (напр., летам 2013 г). З сур'ёзных здарэнняў можна вылучыць тры: трагедыя на "Нямізе" (1999), калі людзі патапталі адно аднаго ў вестыбюле станцыі, ратуючыся ад ліўня, тэракт на станцыі "Кастрычніцкая" ў 2011 г. і забастоўка метро летам 1995 г., калі некалькі дзён метрапалітэн не працаваў зусім.


Дробныя здарэнні ў мінскім метро на відэа А. Берастоўскага

Падрыхтоўка 3-й лініі

Вясной 2020 г на станцыі "Плошча Леніна" сталі рабіць пераход на 3-ю лінію метро. На фота адна з дзвюх металічных агароджаў на платформе, за якімі ідзе спуск на зялёную лінію. Дарэчы, дадатковая станцыя каля Дома Ўрада, як частка плана эвакуацыі беларускага ўрада ў экстрэннай сітуацыі, існавала ўжо даўно, магчыма, калі запусцілі першую лінію. Пра сакрэтную лінію мінскага метро больш нічога не ведаю, можа таму і добра сплю :). Але справа ў тым, што рыхтаваць дадатковую станцыю пад станцыяй "Плошча Леніна" было не цяжка, бо яна ўжо была.



Насупраць выхада ў бок чыгуначнага вакзала таксама перагароджаны закуток, які вёў у тэхнічныя памяшканні. Магчыма, гэта таксама звязана з 3-й лініяй, якую актыўна будуюць за чыгуначным вакзалам.


10 кастрычніка з аднаго з пераходаў на 3-ю лінію знялі "саркафаг", але саму лінію плануюць запусціць 7 лістапада ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як бачым, спусціцца яшчэ нельга, але фоткаць можна.
Пераход з "Фрунзенскай" на "Юбілейную плошчу" 22.10.2020. Фота з ТГ-канала "Работаем с Пушкиным".




На "Плошчы Леніна" 30 кастрычніка 2020 г.

7 лістапада 4 станцыі 3-й лініі метро ("Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Ф. Багушэвіча" і "Юбілейная плошча") адчынілі для пасажыраў у гонар чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Планавалі запусціць усю лінію 3 ліпеня (Дзень Незалежнасці). Можа мела б сэнс пачакаць да Новага года ці 8 сакавіка, калі ўжо вырашылі да пэўнага свята прымеркаваць завяршэнне працы? Ну, буду спадзявацца, што там усё дарабілі як трэба...

Паход на 3-ю лінію

24 лютага 2021 г. атрымалася пакатацца на цягніках 3-й лініі і сфатаграфаваць некаторыя адметнасці Зялёналужскай галінкі метрапалітэна.

Выхад на платформу станцыі "Вакзальная" з пераходу з "Плошчы Леніна". Дарэчы. Уваход на "Вакзальную" ідзе толькі з боку насупраць выхада з "Ленінскай" ў бок Прывакзальнай плошчы, а спуск на самой платформе - толькі для выхада з "Вакзальнай".



Выхад з цягніка на платформу толькі праз спецыяльныя шчыткі бяспекі са светлаагукавым апавяшчэннем. На 1-й і 2-й лініях такіх няма і людзі падаюць (ці часам кідаюцца) пад цягнікі некалькі разоў штогод.

Карта маршрута больш тэхналагічна, чым на першых дзвюх лініях.

Сам цягнік не  дзеліцца на вагоны і ўяўляе сабой маналіт. Дарэчы, хоць я катаўся ў прамежку 14:30-15:00, пасажыраў на зялёнай лініі небагата і ў гадзіны пік.

Схема ліній метрапалітэна 3-й лініі выглядае так

А сядзенні у некаторых месцах можна падняць

Калі адчыняюцца/зачыняюцца дзверы вагона, уключаецца чырвоная лямпачка і падаецца гукавы сігнал. На шчытках таксама ёсць светалагукавы сігнал. Таму людзі з парушэннем зроку могуць "бачыць" калі заходзіць/выходзіць.

На платформе станцыі "Плошча Францішка Багушэвіча". На фота бачна як набліжацца поезд у бок "Кавальскай слабады". Пры павялічэнні фота можна ўбачыць, што перад набліжэннем саставу лямпы шчыткоў падаюць "хваляй" светлавы сігнал ў бок руху цягніка.




Пераход з "Фрунзенскай" на "Юбілейную  плошчу" ў стылі савецкіх фантастычных фільмаў. Гэта і папярэднія 3 фота зроблены 29.07.2023 г.


Платформа станцыі "Квальская слабада" (канцавая).



Платформа станцыі "Плошча Ф. Багушэвіча" з розных ракусаў.


Станцыя "Юбілейная плошча" (канцавая) і пераход на "Фрунзенскую" 2-й лініі.

Эскалатар на выхад у горад на "Юбілейнай". Гэта фота зроблена пазней: 16 чэрвеня 2021 г., калі я катаў дзяцей па 3-й лініі (з захаваннем супрацькавідных мер, зразумела).

А вось так выглядае пераход з "Вакзальнай" на "Плошчу Леніна" 1-й лініі.

На фота - калідор, а за кадрам справа - такі ж толькі назад на "Вакзальную".
Далей па калідоры можна праехаць на гарызантальных эскалатарах, а можна ісці самому ўздоўж танеля.

І вось мы пад платформай "Плошчы Леніна".

Эскалатар не працуе. Прычым, здаецца, ні дня не працаваў. Абноўлена: летам 2021 г. эскалатар запусцілі на выхад, але не на ўваход.

Далей застаецца падняцца на платформу сіняй лініі.

Дарэчы, на ўсіх новых станцыях ёсць элементы безбар'ернага асяроддзя, але многае яшчэ трэба дапрацаваць...

Від на ўваход на станцыю "Кавальская слабада". Верасень 2021 г.

Дарэчы, у канцы верасня 2021 г. давялося скарыстацца 3-яй лініяй метро, калі спяшаўся дадому. Прыйшлося доўга чакаць цягнік, каб праехаць адну станцыю. Хоць гэта было ў абедзены час, а не ў гадзіну пік, пакуль зялёная лінія метро носіць больш дэкаратыўны, чым практычны характар...
Будоўля Зяленалужскай лініі на поўдні Мінска. Жнівень 2022 г.

Музей мінскага метро

На станцыі "Магілёўская" (канцавая чырвонай лініі ў бок Шабаноў) ёсць музей мінскага метро. Наведванне бясплатна, але толькі групамі ад 5 чалавек, толькі ў буднія дні. Знаходзіцца на ўзроўні кас увахода. Працуе з восені 2015 года. Ёсць цікавыя элементы гісторыі сталічнага метрапалітэна.

Від экспазіцыі згодна ПроБеларусь

Аўтаматычны манетаразменнік. Да ўвядзення жэтонаў туды кідалі манеты 10, 20 ці 50 савецкіх капеек у слот справа і ў ніжні паддон высыпаліся пяцікапеечныя манеты: праезд на метро. Крыніца фота: ПроБеларусь

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...