16.06.2022

Самыя незвычайныя выбары


Тэме прэзідэнцкіх выбараў я думаў прысвяціць адзін невялікі ролік на сваім канале ў YouTube і размясціць спасылку на яго ў папярэднім пасце пра выбары. Але гэта мерапрыемства насыціла беларускае павольнае жыццё падзеямі.

Я не пісаў на гэту тэму часткова па прычыне страсцяў вакол яе. Такія падзеі лепш бачны на адлегласці, таму я вырашыў не весці апісанне адразу, як з кавідам ці Еўрапейскімі гульнямі.

Як і раней, у такіх «балючых» пытаннях я трымаюся прынцыпу: пісаць тое, што бачыў, і тое, ў чым упэўнены, а таксама захоўваць нейтралітэт. Я не драўляны, і ў мяне таксама ёсць свае пачуцці, але для гісторыі значэнне маюць розныя дробязі нейтральнага назіральніка, а не эмоцыі аўтара.

Калі не пазначана інакш, здымкі і скрыншоты рабіў я сам. На іх якасць уплывала тое, што многія з іх я рабіў хутка, трымаючы тэлефон так, каб людзі не ведалі, што я іх здымаю. Мяркую, што многія былі б не супраць такой фіксацыі гісторыі, але я не хадзіў у майцы з надпісам «Я раблю фоткі для гісторыі». І ў гэты раз я не перакладаю на беларускую тое, што пачуў ад людзей у гэты час, каб чытачы маглі максімальна пагрузіцца ў атмасферу маіх мемуараў.

«Кандыдаты ў кандыдаты»

Першыя страсці вакол выбараў пачаліся, калі ў канцы студзеня прадстаўнікі розных апазіцыйных партый вырашылі вылучыць адзінага кандыдата і правесці для гэтага «праймерыз». Справа заціхла разам з наплывам пандэміі.

А сапраўдная барацьба пачалася пасля гэтага паведамлення ў Facebook старшыні праўлення «Белагазпрамбанка» Віктара Бабарыкі 12 мая 2020 г.


Хутка з'явіліся яшчэ два харызматычныя кандыдаты: былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала і блогер Сяргей Ціханоўскі, які не мог вылучацца сваю кандыдатуру па прычыне судзімасці, але стаў кіраўніком штаба сваёй жонкі Святланы. Нечакана хутка сабраліся ініцыятыўныя групы падтрымкі трох кандыдатаў, а на збор подпісаў часам стаялі доўгія чэргі.

29 мая ў Гродне, калі С. Ціханоўскі збіраў подпісы ў падтрымку сваёй жонкі, ён і яшчэ 12 чалавек былі затрыманы падчас бойкі, якая ўзнікла пры нявысветленых абставінах і падчас якой нехта стукнуў міліцыянера. З таго часу абвінавачванні супраць гомельскага блогера мяняліся, і нарэшце яго асудзілі на 18 год турмы.

18 чэрвеня В. Бабарыка і яго сын Эдуард былі затрыманыя за пытанні па эканамічнай дзейнасці «Белгазпрамбанка» і таксама не пакідалі краты з таго часу. 30 чэрвеня было аб'яўлена, што В. Цапкала, па версіі Цэнтральнай выбарчай камісіі, не набраў дастаткова подпісаў для ўдзелу ў выбарах і быў зняты з «кандыдатаў ў кандыдаты». 14 ліпеня Бабарыке таксама было адмоўлена ва ўдзелу ў выбарах па прычыне неадпаведнасцяў у дэкларацыі аб даходах. У 2021 г. Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 год калоніі.

В. Цапкала, С. Ціханоўская і М. Калеснікава заяўляюць аб аб'яднанні штабоў

16 ліпеня нечакана для ўсіх штабы Бабарыкі і Цапкалы (які пакінуў Беларусь) аб'ядналі свае намаганні, каб падтрымаць Святлану Ціханоўскую, і ўтварылася трыа харызматычных жанчын: Марыі Калеснікавай (штаб Бабарыкі), Веранікі Цапкалы і С. Ціханоўскай. Два іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты – Ганна Канапацкая і Дзмітрый Чэрэчэнь не атрымалі такой маштабнай падтрымкі.

У падтрымку Ціханоўскай ці хутчэй супраць пераабрання Лукашэнкі узнік стыхійны рух «Сумленныя людзі», была створана платформа «Голас» для альтэрнатыўнага падліку галасоў.

Не абыйшлася без казусаў кампанія збору подпісаў за пераабранне прэзідэнта Лукашэнкі. Так каля ГЦ «Дана Мол» 5 чэрвеня падчас збору подпісаў за А.Р. Лукашэнку актывісты БРСМ спрачаліся з журналістам Радыё «Свабода» аб тым колькі яму заплацілі. Нехта нават задаў такое пытанне і М. Ордзе, кіраўніку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які апынуўся там як арганізатар збору подпісаў за кіраўніка дзяржавы. Праз інтэрнэт актывістаў хутка знайшлі, нягледзячы на іх маскі, і пагражалі ў сацыяльных сетках.

«Колькі вам заплацілі?» пытаюцца праўладныя моладзевыя актывісты кіраўніка ФПБ і арганізатара подпісаў за дзеючага прэзідэнта М. Орду. Верагодна, прынялі яго за апазіцыйнага дзеяча

Некаторыя казусы, звязаныя з падробкай подпісаў на вылучэнне супрацоўнікаў выбарчых камісій, з выбракоўкай подпісаў за «кандыдатаў ў кандыдаты» Бабарыку і Цапкалу апублікаваў партал TUT.BY (ліквідаваны 18 мая 2021 г і пазней прызнаны экстрэмісцкім рэсурсам у Беларусі). Пытанні дакладнасці ці недакладнасці прыведзенай там інфармацыі пакідаю тым, хто будзе даследаваць апублікаваныя гэтым парталам матэрыялы.

У чэрвені на аўтобусным прыпынку ў мяне завязалася размова з падпіўшым пажылым мужыком з Лагойска. Я не пачынаў палітычных размоў, але ён нечакана сказаў:

– Я ніколі не хадзіў на выбары, а ў гэты раз прыйду і прагаласую супраць Лукашэнкі. За каго заўгодна толькі не за яго!

І яшчэ некаторы час развіваў думку аб тым, як яму абрыдла цяперашняя ўлада...

Пасля таго як тры апазіцыйныя штабы аб'ядналіся, па краіне пракацілася серыя агітацыйных мітынгаў, прычым яны збіралі шмат людзей не толькі ў буйных, але і ў невялікіх гарадах, нягледзячы на пандэмію. Падобны ўсплёск палітычнай актыўнасці ў правінцыі назіраўся ў 2017 г., падчас акцый супраць падаткаў на «дармаедаў».

Адчуванне навальніцы

А у нас стрелял спецназ. А у вас?

А у нас был водомет. Вот

Папулярны рэмейк на верш С. Міхалкова

Як толькі ў першыя дні жніўня з'яўляліся стэнды для інфармацыі па кандыдатам ў прэзідэнты, на іх хутка пачалі з'яўляцца ўлёткі платформы «Голас» і ініцыятывы «Сумленныя людзі». Каля магазіна «Суседзі» (Каліноўскага 66а) такія ўлёткі моўчкі клеіла пара сярэдняга ўзросту. Ім ніхто не замінаў, але ўлёткі хутка сарвалі.

Мы з жонкай глядзелі нейкі серыял па YouTube і ў якасці рэкламы там высковала інфармацыя пра платформу «Голас». Паколькі глядзелі мы фільм на тэлевізары, такая рэклама на экране рабіла адчуванне, што мы знаходзімся ў нейкай іншай Беларусі. 

Хутка ўлёткі «Голаса» з'явіліся каля ўваходу ў магазін на Каліноўскага 72...
... і ў нашым пад'ездзе.

Калі ішлі датэрміновыя выбары, з боку нашай школы, дзе было некалькі участкаў, час ад часу ішлі невялікія кампаніі бабулек. Гэта было 5 жніўня.

– А за кого вы голосовали? – пытаецца адна.

– Секрет фирмы, – адказвае другая і хіхікае.


На безыменнай пешаходнай алеі, якую ў кастрычніку пратэстуючыя назвалі бульварам Ціханоўскай, гулялі мамы з дзецьмі, парачкі і пажылыя. Ад уваходу ў Дзіцячую акадэмію да СШ 137 стаялі новы дызайнерскія лавачкі. Спачатку я думаў, што гэта новыя творы цесляра Сяргея, які ўпрыгожвае Усходы 1 і 2. Потым падумалася, што гэта жэст мясцовай адміністрацыі перад выбарамі. Можа яно так і было, але кожную лаўку ўсталявала пэўная структура Першамайскага раёна, ад пажарнікаў да камунальшчыкаў.

Поўны і дужы мужчына на 40+ у джынсах і дзелавой кашулі падышоў да адной парачкі, што сядзела на новай лаўцы, і спытаў:

– Нравится лавочка? Моя работа!

– Спасибо!

Мы з дзецьмі гулялі ў футбол на маленькім поле, часам яны бегалі ў школу піць. На ганку школы сядзелі назіральнікі і пыталіся ў людзей, якія выходзілі, ці з выбараў тыя ідуць.

Піўны і закусачны кіёскі каля СШ 121 г. Мінска. Стаялі тут падчас выбараў у жніўні 2020 г.

Назіральнікі на ганку гэтай школы. У кадр патрапіў мой малодшы сын, які забег папіць. 5 жніўня 2020 г.

Калі ўчасткі зачыніліся, туды яшчэ прыйшла адна бабуля (на фота) з вінаватым голасам:

– Вот, пришла проголосовать.

– Школа закрыта, приходите завтра – суха адказаў вахцёр.

На наступны дзень, калі мы праходзілі каля «Суседзяў», мой Данік заўважыў вандалізм на інфармацыйным стэндзе:

– Тата, глядзі, Лукашэнку парвалі!

– Яго партрэт, – удакладняю.

Насамрэч, на плакаце з усімі кандыдатамі на адным фота хтосьці выдраў партрэт Лукашэнкі. Яшчэ ўчора ўсё было цэлым.

Стэнд каля магазіна «Суседзі» 5 жніўня 2020 г., яшчэ не разгромлены.

8 жніўня вечарам праспект Незалежнасці ўжо гудзеў: вадзіцелі сігналілі ў знак пратэсту. Было адчуванне напружанасці.

9 жніўня прыкладна ў 11:30 пачаў знікаць стацыянарны і мабільны інтэрнэт. Прычым не зусім ён знік: час ад часу можна было прабіцца ў сацыяльныя сеткі праз мабільны інтэрнэт, але ў сярэдзіне дня нішто з сацсетак і мэсэнджараў ужо не працавала, як і недзяржаўныя СМІ. Амаль без збояў працавалі сайты дзяржСМІ і дзяржструктур, напрыклад, sb.by. Мае дзеці, пазбаўленыя YouTube, глядзелі фільмы па jw.org, сайце, які працаваў амаль без збояў. Крыху працавала мабільная версія тут бая але толькі праз Android. Дарэчы, аплата карткай у магазіне працавала добра.

Удзень я хадзіў у магазін і бачыў натоўп людзей у нашу школу (фота). Вечарам іх ужо было шмат. Відавочна, што ўнутры будынка былі такія чэргі, якіх даўно не бывала падчас выбараў.

Людзі каля школы 121 вечарам 9 жніўня 2020 г.

З маімі дзецьмі і мной у футбол у той вечар гуляў адзін ветлівы хлопчык, бацькі якога прыйшлі з Маяка Мінска галасаваць. У нейкі момант адзін мужчына з натоўпу галасуючых і прагаласоваўшых уключыў на мабільніку «Перамен» і крыкнуў п'яным голасам:

– Перемен, бл...!

Наш юны партнёр па футболу падняў угару руку з белым бранзалетам – тагачасным сімвалам пратэсту – і казаў, не губляючы кантролю над мячом:

– Перемен! Хватит Лукашенко царствовать! Мои родители сейчас проголосуют за Тихановскую! А вы уже ходили на выборы?

Я коратка патлумачыў хлопцу чаму не хаджу на выбары ўсё жыццё. Ён кіўнуў: разумею.

П'яны выбаршчык яшчэ пару разоў уключаў «Перамен» на мабіле, прычым гэта была не песня, а скарочаны рынгтон. Пазней я чуў гэты яго рынгтон каля поўначы. Потым з крыкам «Жыве Беларусь!» ён і яго кампанія пайшлі са школьнага двара. Яго ніхто не чапаў і ён нікога не чапаў. Больш у той дзень ля нашай школы нічога не было. Толькі група людзей чакала вынікаў падліку галасавання. Міліцыі не было бачна, мабыць яна ў школе была. З праспекта нёсся гул клаксанаў. Гэты гул быў яшчэ чутны некалькі тыдняў. Цікава, што Ціханоўская прагаласавала ў суседняй школе ў той дзень, але аб гэтым я даведаўся са СМІ.

З выбарчых участкаў ідзе мноства людзей, сярод іх і той п'яны прыхільнік змен. 


Людзі чакаюць каля 121-й школы калі падлічаць галасы. У юнака на веласіпедзе бачны белы бранзалет. 9 жніўня 2020 года.

Ноччу жонка, якой не спалося, падзялілася, што пасля выбараў у горадзе быў разгон пратэстаў. Але ў нашым ціхім квартале толькі часам чуліся выкрыкі палітычных лозунгаў і гудкі клаксонаў.

На наступны дзень, 10 жніўня, было ціха да вечара. А гадзін у сем вечара зноў пачалі гудзець машыны. Любчык зноў выцягнуў мяне на футбол, але вырашылі гуляць на пляцоўцы недалёка ад дома. Пакуль мы гулялі міма нас прайшло шэсце з 9-10 чалавек з БЧБ-сцягам.

– Жы-ве Бе-ла-русь! выгукнулі яны.

У адказ ім прагучалі апладысменты з некалькіх балконаў. Іх віталі і мамы з маленькімі дзеткамі на суседняй дзіцячай пляуоўцы, а адна з іх казала: 

– Вот бы с ними сейчас пойти!

10 жніўня ўдзень ужо было немагчыма не заўважыць палітыку вакол сябе. Іду з магазіна, сустракаю сябра дзяцінства. Ён, моцна п'яны, ледзь пазнаў мяне:

–Андрюха? Ты видишь, что делается (мат)? Я вчера (мат) девушку вывозил... Я таксист (мат). Менты ее (мат) щитом о бордюр! Я подобрал ее... Она мне в дочери годится... Ей 19 лет... Весь салон в крови был... Я ее повез домой бесплатно по навигатору, а улицы (мат) перекрыты. Так я у гаеров (ДАІ) спрашиваю как ехать так они хоть по-человечески показали как выехать оттуда. Теперь (мат) бухаю, чтобы это забыть.

Вечарам мае дзеці зацікавілася сабачкам адной пажылой пары, пакуль яны гулялі з ім, пачалі гудзець машыны і гаспадыня сабачкі трывожна зазначыла:

– Надо идти... вчера сын вечером с работы возращался, на «Пушкинской» ему пересаживаться надо было: а там сами знаете что и транспорт не ходит. Только в 3 часа ночи вернулся домой: пешком шел.

Ноччу да нас данесліся гукі аўтаматных чэргаў і выбухі светлашумавых гранат. Мае сыны гэта чулі, і іх гэта хутчэй зацікавіла, чым напужала. Патлумачыў ім, што ў страляюць далёка, а, калі будуць страляць у нашым двары, то пойдзем спаць у ванну, бо там нас кулі і гранаты не возьмуць. Гэта, здаецца стралялі на «Спектры», дзе разганялі людзей, якія спрабавалі перакрыць дарогу, а ў наступную ноч да мяне данесліся такія ж гукі з «Рыгі», дзе была спроба абараніць барыкады ад АМАПаўцаў. Чамусьці памяць адносіла ў Печы, дзе чуць страляніну з начных палігонаў было звычайнай з'явай дзяцінства.

ГЦ «Спектр», каля якога будавалі барыкады пасля выбараў, стаялі ланцугі салідарнасці ў канцы жніўня, а позняй восенню пачаліся рэгулярныя сустрэчы праўладных актывістаў, якія віталі АМАП з дзяржаўнымі сцягамі.

На наступны дзень на міні-рынку «Верас» кіпеў стары: 

– У меня 3 инфаркта было, но я пойду подложить пластикард под (груба, «ягадзіцы») омоновцев! Это они в шлеме такие, а если без шлема в городе встретить и монтировкой по голове?!

Пазней там адна каларытная пажылая прадаўшчыца праводзіла «палітінфармацыю» для сябровак:

– А эці целевізары, как амоны, праўду казаць не будуць.

Вечарам таго дня трэба было схадзіць па даведкі для школы ў дзіцячую паліклініку. Адна жанчына ў чарзе плакала, што яе малады сын знік невядома куды. Пазней я даведаўся, што былі і іншыя заплаканыя маці. Калі мы з жонкай вялі дзяцей з паліклінікі дамоў на новых дызайнерскіх лаўках сядзела маладая кампанія. Як раз яны разыходзіліся, калі мы праходзілі міма, і я пачуў варыянт развітання, які пазней набыў некаторую папулярнасць сярод маладых:

– Ну чё, до встречи в РОВД...

– Иди ты на...

А 12 жніўня пачаўся новы віток пратэстаў...

Новы віток пратэстаў і іх затуханне

Каму свае выплакаць раны?

Дажджу падарыць усе слёзы.

Множыцца спіс затрыманых.

У спісе – лёсы... лёсы...

Спіс затрыманых. Аўтар невядомы.

12 жніўня жанчыны пачалі выходзіць на пратэст супраць насілля, які хутка набраў маштабную падтрымку. Спачатку сімвалам гэтага мірнага супраціву быў белы колер, потым галоўным сімвалам прыхільнікаў змен стаў традыцыйны беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Гэты сцяг, вядомы таксама як БЧБ, сталі актыўна выкарыстоўваць шырокія кругі людзей розных поглядаў у параўнанні з тым, што да жніўня 2020 г. ім карысталіся пераважна кансерватыўныя беларускамоўныя беларускія апазіцыянеры. На кароткі час выраб БЧБ нават стаў прыбытковым бізнесам. Дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг таксама выкарыстоўвалі на акцыях пратэсту, але са з'явай праўладных мітынгаў і аўтапрабегаў яго паступова перасталі выкарыстоўваць прыхільнікі змен. У асобных выпадках пратэстуючыя зрывалі дзяржаўны сцяг з будынкаў і знішчалі. 

З 13 па прыкладна 20-21 жніўня прыхільнікі дзеючай улады былі ў нейкай разгубленасці. З дзяржаўных СМІ выходзілі супрацоўнікі. Zviazda.by апублікавала нейтральны артыкул пра пратэстны мітынг 16 жніўня. Пазней яго выдалілі. «Камсамольская праўда ў Беларусі» выпусціла нумар з крытыкай сілавікоў і ўлады. За гэта ў абодвух выданнях змянілі кіраўніцтва. Дзесьці 18 жніўня вядучы аднаго з FM радыё перадаў прывітанне мірным пратэстуючым і паставіў ім «харошую песню».

Радыё «Сталіца» поўнасцю пазбавілася журналістаў. Большасць звольнілася ў знак пратэсту. Да верасня там круцілі інтэрв'ю, запісаныя раней. Пазней месца журналістаў занялі іншыя людзі, многія без вопыту работы ў гэтай сферы.

Sb.by яшчэ трымалася свайго курсу, але крытыкавала пратэст стрымана. На сваёй старонцы ў ok.ru гэта газета мусіла часова адключыць каментарыі з-за наплыву крытыкі і абвінавачванняў.

Сайты БРСМ і Белай Русі чамусьці не працавалі да 20 жніўня. Але потым адразу пачалі сыпаць праклёны ў адрас пратэстуючых.

Кіраўніцтва некалькіх ВНУ заявіла, што іх установы па-за палітыкай, у адным выпадку нават абяцалі не звальняць выкладчыкаў, якія ўдзельнічалі ў мірным пратэсце.

Адзін бізнесмен, які актыўна выступаў у падтрымку прэзідэнта, заявіў, што ён асуджае насілле ў любой праяве, пад любым сцягам. Пазней ён зноў эмацыйна выказаў падтрымку прэзідэнта і тых, хто «навёў парадак».

Блогеры з апанентаў пратэсту з пачатку рабілі відэа з невялікай стрыманасцю за выключэннем самых пажылых. Да іх знаёмстваў паміж сабой на праўладных мерапрыемствах і ў інтэрнэце і потым да драблення на варожыя групкі яшчэ было далёка.

У спальных раёнах розных гарадоў вечарамі стаяла святочная атмасфера. Суседзі разам праводзілі час у двары, нягледзячы на пандэмію. На адной з такіх вечарын у Новай Баравой (вёска Копішча ля Мінска) жанчына ў двары крыкнула: 

– Нас 97! (працэнтаў)

– Воистину 97! – пракрычаў з акна дома ў адказ нейкі мужык.

На вуліцах машыны сігналілі ўжо рэдка. Магло нават здавацца, што пратэсты скончыліся, але іх удзельнікі збіраліся кожны дзень.

З 13 жніўня рабочыя розных заводаў спрабавалі арганізаваць забастоўку, але масавай яна ніколі не стала.

З гэтага часу пратэст стаў паступова сціхаць за выключэннем усплёскаў 23 верасня, калі прайшла інаўгурацыя прэзідэнта, 25-26 кастрычніка, калі была аб'яўлена спроба яшчэ адной агульнанацыянальнай забастоўкі і ў сярэдзіне лістапада пасля гібелі Р. Бандарэнкі.



На фота: атмасфера 15 жніўня 2020 на Усходзе 1 і каля метро «Усход»:, хлопец гуляе з БЧБ-сцягам на плячах, стаіць ланцуг салідарнасці ля праспекта з боку ГЦ «Дана Мол».

16 жніўня 2020 года, пакуль я алічбоўваў архіў свайго дзеда, у Мінску адбылася кульмінацыя мірных пратэстаў. На плошчы Незалежнасці салдаты МУС апусцілі шчыты перад натоўпам і дзяўчаты кінуліся іх абдымаць і дарыць ім кветкі. Каля стэлы побач з музеем Вялікай айчыннай вайны сабралася рэкордная для ўсёй гісторыі Беларусі колькасць удзельнікаў мітынгу. Па дадзеных міліцыі гэта было крыху больш за 40000 чалавек, а апазіцыйныя крыніцы называюць лічбы ў 120000-200000. Як чалавек, які лічыў людзей на масавых мерапрыемствах, скажу, што бліжэй да праўды лічба МУС, але, калі палічыць ўсіх, хто ў той дзень выйшаў на вуліцы на мітынгі, шэсці і ланцугі салідарнасці, то па Мінску лічба можа быць ля 100000 і яшчэ дзясяткі тысяч у іншых гарадах і нават вёсках Беларусі. Па словах відавочнікаў, некаторыя ўдзельнікі проста не маглі прайсці да стэлы, бо ад плошчы Перамогі натоўп у тым кірунку быў велізарны. Для справядлівасці дадам, што ў той жа дзень раніцай быў першы мітынг у падтрымку Лукашэнкі на плошчы Незалежнасці. Некаторыя СМІ называлі лічбу 67000 удзельнікаў гэтага мерапрыемства, але па фатаграфіях і відэа бачна, што там было не больш за 5-6 тыс. Ды і сама плошча Незалежнасці не можа змясціць больш за 10000 чалавек.

У той вечар жонка гуляла з дзецьмі ў нас на раёне, там таксама праходзіла пратэстная дзейнасць і мой малодшы сын падзяліўся ўражаннямі:

– Яны намалявалі на дарозе бел-чырвона-белы сцяг и повесили на забор какую-то штуку в знак протеста!

З надыходам верасня ўжо не было ветлівых і разгубленых чыноўнікаў і сілавікоў. Але людзі свабодна хадзілі па горадзе з пратэстнай сімволікай, прычым менавіта БЧБ сцяг і герб «Пагоня» поўнасцю замянілі белыя бранзалеты. Нярэдка машыны сігналілі ў падтрымку пешаходаў, што гулялі з традыцыйным беларускім сцягам.

1 верасня 2020 г. малады чалавек ідзе са сцягам на плячах уздоўж праспекта каля 1-й бальніцы. Вадзіцелі яму сігналяць у знак падтрымкі. А яшчэ дзень ці два таму там ішла невялікая дэманстрацыя выкладчыкаў вну супраць міліцэйскага гвалту

Канец жніўня і пачатак верасня стаў часам інфармацыйна-псіхалагічнай атакі на школьных настаўнікаў. Як раз мой малодшы сын пайшоў у 1-ы клас і педагогі баяліся праводзіць патрыятычныя цырымоніі ці казаць пра прэзідэнта на ўрачыстай лінейцы. Гімн уключылі раптоўна без папярэджання (раней, калі ішоў у 1-ы клас мой старэйшы сын, гімн аб'явілі ўрачыста) і кнігу, якую дораць першакласнікам ад імя прэзідэнта, раздалі дзецям без каментарыяў у класе пасля лінейкі (старэйшаму сыну давалі як падарунак ад Галавы дзяржавы). За мерапрыемствам назіралі 2 міліцыянеры ў парадных кашулях; раней міліцыі на такіх падзеях не было.

Настаўнікі праходзілі мясцовы інструктаж на выпадак правакацый. Адна падзялілася са мной тым, што даведалася:

– Нам казалі: калі вам замест кветак на першае верасня прынясуць пахавальны вянок, трэба яго ўзяць, падзякаваць і адказаць «Нам як раз такі патрэбны для школьнага музея».

Трэба зазначыць, што «тролінг» настаўнікаў не быў масавым. Але некалькі месяцаў запар на дзяцей амаль не ціснулі з праўладным патрыятычным выхаваннем. 

Была яшчэ спроба адазваць дэпутатаў Нацыянальнага сходу, але яна нічым не скончылася, акрамя некалькіх сустрэч асобных дэпутатаў з выбаршчыкамі сваёй акругі. І ў выніку пратэстоўцы правялі ўвосень віртуальныя парламенцкія выбары на платформе «Сход».

У пачатку верасня я быў перакладчыкам на вяселлі беларускі з брытанцам. Пакуль чакалі жаніха і нявесту госці жартавалі. Адзін з іх, у белай футболцы, запытаўся:

– А когда будем кричать «Жыве Беларусь!»?

Усе зарагаталі, а адна жанчына падтрымала хвалю рогату і кажа гарэзніку ў футболцы:

– А хочешь я тебя в пузо поцелую? Или нет, просто помадой по твоей футболке проведу?

Тады з такіх рэчаў яшчэ смяяліся. 

Ланцуг салідарнасці каля Факультэта міжнародных адносін БДУ вечарам 11 верасня 2020 г. Увогуле студэнты БДУ, БДУІР і БНТУ значна праявілі сябе падчас пратэстаў, а студгарадок БДУ і 4-ы корпус БДУІР сталі месцам рэгулярных акцый і арыштаў. Многія, хто былі ў тым месцах, адчувалі рэальны стрэс ад напружанай атмасферы.

Ланцуг салідарнасці 30 верасня 2020 г паміж метро «Усход» і ГЦ «Дана Мол»

Пазней, з цягам павелічэння адказнасці за любую форму пратэсту, людзі ўсё часцей спрабавалі трымацца далей ад усяго каляпалітычнага.

Так у цёплы перыяд восені некалькі дзясяткаў студэнтаў і выкладчыкаў БДУІР сядзелі на прыступках 4 корпуса сваёй вну (вул. Гікалы, 9) у знак пратэсту падчас вялікага перапынку. Я праходзіў той дарогай і пачуў як 2 курцы, якія былі там побач, напужаліся наяўнасці палітычнай акцыі і адзін з іх кажа другому:

– Надо валить отсюда!

Што яны і зрабілі.

26 кастрычніка ў аўтобусе, дзе я ехаў вечарам, нехта крычаў у трубку мабільніка:

– Да не в Гаагу его надо, а расстрелять! Именно расстрелять!!!

Усе ў аўтобусе сядзелі ціха і выглядалі напружана.

Улёткі з заклікам удзельнічаць у нацыянальнай забастоўцы 26 кастрычніка ў нашым пад'ездзе.

Жнівень і потым восень 2020 года сталі таксама часам з'яўлення новых народных тапонімаў у Мінску і, як мінімум, аднаго па-за межамі сталіцы (вадамётны завулак ў Брэсце). Так у Мінску ўзніклі плошча Перамен (двор Перамен, плошча Ды-джэяў перамен), плошча Марыі Калеснікавай на вуліцы Калеснікава, плошча Праўды на пр. Газеты «Праўда», плошча Сцяга, сквер Ніны Багінскай, а безыменны бульвар на Усходзе 1, які ляжыць паміж школамі і дзіцячымі садамі, назвалі бульварам Святланы Ціханоўскай (магчыма па прычыне таго, што яна галасавала ў мясцовай СШ № 137. Раней некаторыя старажылы Ўсхода называлі яго Брадвеем. Цікава і што цэтлікі для назваў новых тапонімаў рабілі пераважна на паперы, а не пластыку і на рускай, а не беларускай мове.

Стыкер на ліхтарным слупе пазначае безыменную алею як бульвар Ціханоўскай. Некалькі такіх правіселі ўздоўж алеі каля тыдня ў сярэдзіне кастрычніка 2020 г. Фота 12.10.2020 г.

Пратэсты пайшлі на спад пасля таго, як удзел у іх стаў разглядацца як крымінальная дзейнасць а не хуліганства з 15 лістапада. З таго часу яны праводзіліся ў фармаце дваровых сустрэч, а з пачатку 2021 г. увогуле сталі праходзіць невялікімі групамі і кароткі час.

Падчас апытанкі на пэўным форуме ў інтэрнэце за каго плануюць галасаваць беларусы толькі 3% удзельнікаў заявілі, што аддадуць голас за дзеючага прэзідэнта. Вядома, што гэты форум не прадстаўляе рэальныя лічбы прыхільнікаў Лукашэнкі, але з таго часу гэта лічба стала сімвалам пратэсту. Фота 5 жніўня 2020 года, Усход 1, Мінск.


СМС-паведамленне ад аператара А1 пра кампенсацыю абмежавання мабільнага інтэрнэта ў дні маштабных пратэстаў.


СМС-паведамленне ад міліцыі заахвочвае паведамляць пра людзей, якія карыстаюцца пратэстнай сімволікай. Восень 2020 г.

Яшчэ адзін цікавы факт: многія маршы таго часу мелі сваю назву. 16 жніўня прайшоў «Марш свабоды», 23 жніўня – «Марш новай Беларусі», 30 жніўня – «Марш міра і незалежнасці», 6 верасня – «Марш адзінства», 13 верасня – «Марш герояў», 19 верасня «Бліскучы марш» (адзіны з рэгулярных суботніх жаночых маршаў, які атрымаў назву), 20 верасня – «Марш справядлівасці», 27 верасня – «Марш 97 %. Генеральны наступ», 4 кастрычніка – «Марш вызвалення палітвязняў», 5 кастрычніка – «Марш мудрасці» (рэгулярны марш пенсіянераў, які праходзіў па панядзелках да снежня 2020 г. і потым яшчэ раз быў паўтораны некалькімі пенсіянерамі Мінска ў 2021 г.), 11 кастрычніка – «Марш гонару», 18 кастрычніка – «Партызанскі марш», 25 кастрычніка – «Народны ўльтыматум» (прысвечаны аб'яўленай на 26.10.2020 нацыянальнай забастоўцы), 1 лістапада – «Марш супраць тэрору», 8 лістапада – «Марш народаўладдзя», 15 лістапада – «Марш смелых», 16 лістапада – «Марш жалобы» (марш пенсіянераў, прысвечаны памяці Рамана Бандарэнкі), 22 лістапада – «Марш супраць фашызма», 29 лістапада – «Марш суседзяў» (назва звязана з пераходам тактыкі ад агульнагарадскіх да дваровых маршаў), 6 снежня – «Марш волі», 13 снежня – «Марш народнага абвінавачвання», 20 снежня – «Марш народнага трыбунала», 27 снежня – «Марш геліевых шарыкаў» (удзельнікі не выходзілі на вуліцу, а толькі запусцілі з вокнаў паветраныя шарыкі).

У 2021 годзе былі асобныя спробы праводзіць маршы групамі да 10 чалавек на працягу некалькіх хвілін, але хваля масавых мірных пратэстаў ужо сціхла. Пратэсты працягваліся пераважна ў ідэйным вандалізме (лозунгі і сцягі на сценах, знішчэнне чыгуначнай інфраструктуры і асобныя атакі з дронаў на аб'екты ўнутраных войскаў), кібератаках на сайты і рэсурсы дзяржструктур (у тым ліку і злівах асабістых дадзеных чыноўнікаў, людзей, якія тэлефанавалі пра пратэсты ў міліцыю, і праўладных актывістаў у публічны доступ) і ананімных фотасэсіях з пратэстнай сімволікай.

Новая хваля пратэстаў, не такая маштабная і доўгая, адбылася неўзабаве пасля таго, як 24 лютага 2022 года Расія распачала баявыя дзеянні ва Украіне, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Але гэта стала ўжо новым этапам гісторыі.

Новыя фарматы лаяльнасці, ратацыя кадраў і «вайна сцягаў і лозунгаў»

Многія праявы лаяльнасці ў гэты час былі фактычна перайманнем метадаў пратэстоўцаў: у адказ на велапрабегі летам і асобныя машыны з БЧБ-сцягам ў Мінску лаялісты ўлады праводзілі аўтапрабегі, замест дваровых чаяпіццяў пратэстных двароў праходзілі чаяпіцці ў вайсковых частках МУС РБ, ланцугі салідарнасці ўдзельнікаў пратэсту сталі натхненнем сустрэч прыхільнікаў вітання АМАПаўцаў на пешаходнай зоне ля ГЦ «Спектр». З гэтага перажылі 2020 год рэгулярныя мітынгі ля «Спектра», санкцыянаваныя на 50 чалавек, і аўтапрабегі. Апошнія нячаста сустракаюцца ў Мінску. Праўда, увосень 2020 г. бачыў адзін такі на пр. Незалежнасці. Ехала каля 15 легкавых машын з музыкай і дзяржаўнымі сцягамі, а таксама са сцягам кампартыі Беларусі. Ніхто ніяк не рэагаваў на іх, толькі адзін прахожы падышоў да дарогі, нешта крычаў ім і круціў пальцам ля скроні.

Яшчэ дзве з'явы гэтага часу: «вайна сцягаў», якая пачалася з верасня 2020 г...


Назіранні наконт «вайны сцягаў» у 2020-2021 гг. на відэа

БЧБ са стужачак у адным з двароў на пр. Машэрава ў Мінску. Верасень 2020 г.

БЧБ на балконе. Восень 2020 г.

Стыкеры на старым гаражы



БЧБ у незвычайных формах і месцах


Сімвалы трыа «Цапкала-Калеснікава-Ціханоўская» «сардэчка-вікторыя-кулак» на трансфарматарнай падстанцыі

Стыкер на гаражы выглядае як праўладны, але мае пратэстны змест


Барацьба з БЧБ-сімволікай у дварах Усхода 1

БЧБ на балконе

Дзяржаўны сцяг на аўтазаку. Тады, у кастрычніку 2020 г., вадзіцелі сігналілі гэтай міліцэйскай машыне, верагодна, у знак пратэсту.

БЧБ-камбінацыі ў той час рабілі на самых розных рэчах, у тым ліку пластыкавых аднаразовых пластыкавых шклянках, якія потым людзі проста выкідвалі

Барацьба з БЧБ на сцяне трансфарматарнай падстанцыі, Усход 1; цікава, што з маладзёжнай графіці злева ніхто не ваюе; пазней на гэтым месцы быў пратэстны мурал «бабулька з народам» (бабулька вяжа БЧБ-шалік), таксама ліквідаваны камунальнымі службамі. У рамках барацьбы з БЧБ знішчылі і Эфелеву вежу нашага квартала.

Формай пратэсту бывала і бялізна на балконе ў БЧБ-камбінацыі альбо белы аркуш паперы на акне. Часам за такія рэчы затрымлівалі і людзей, якія выпадкова вешалі бялізну па схеме БЧБ. У некалькіх выпадках невядомыя білі вокны, за якімі знаходзіласч пратэстная сімволіка. Сустракаў выпадкі, калі пратэстныя сімвалы клеілі на машыны іншых людзей, каб стварыць ім праблемы з ДАІ.

Яшчэ варыянт бабрацьбы з БЧБ між станцыяй метро «Барыстаўскі тракт» і Ўсходнімі могілкамі

Пратэстны стыкер на трансфарматарнай падстанцыі. Усход 1

і рух «чырвона-зялёных» блогераў, які са снежня 2020 г. па май 2021 г. перажыў свой росквіт і потым распаўся на варожыя адно аднаму групы.

Лета-восень 2020 года стала часам ратацыі кадраў у многіх сферах. Напрыклад, з выдавецтва «Звязда», радыё «Сталіца» і Белтэлерадыёкампаніі звольніліся многія супрацоўнікі. Нярэдка на іх месца прыходзілі людзі без адпаведнай адукацыі і падрыхтоўкі (дызайнер у ролі вядучага на радыё, напрыклад). З аднаго боку, гэта дало шанец засвоіць новую прафесію адным, з другога, зачыніла дзверы ў прафесію другім. У 2021-22 гг па розных сферах дзейнасці пракацілася хваля звальненняў удзельнікаў і прыхільнікаў пратэсту. Праўда, некаторых студэнтаў, адлічаных за пратэсты, аднавілі ў ВНУ на наступны навучальны год. Таксама студэнты і курсанты атрымалі рэальную практыку за гэты час. Курсанты МУС мусілі ахоўваць аб'екты і стаяць у ачапленні падчас пратэстаў, а студэнты-медыкі неаданаразова працавалі ў якасці дактароў падчас самых моцных хваляў пандэміі. Зразумела, ратацыя кадраў не магла не знізіць якасць працы адпаведных арганізацый, але ў сферы культуры гэта заўважылі толькі некаторыя, а ў сферы вытворчасці ратацыя не была такой маштабнай.

Кадравы голад спарадзіў недахоп людзей, якія могуць даваць інтэрв'ю дзяржСМІ. Таму не дзіва, што адна і тая ж асоба можа ўдзельнічаць у нейкім апытанні як журналіст ці блогер, а ў іншай сітуацыі да той жа самай асобы звяртаюцца як да праваабаронцы. І гэта не абавязкова хлусня. Дзмітрый Белякоў, напрыклад, з'яўляецца і праўладным блогерам (праект «Інфаспецназ»), і членам кампартыі Беларусі, і пазаштатным карэспандэнтам некаторых віртуальных СМІ арыентацыі «рускага свету», і ініцыятарам стварэння прарасійскай партыі ў РБ (яе не зарэгістравалі), і стваральнікам праекта «Сістэмная праваабарона», і ўдзельнікам праўладных аўтапрабегаў, і спецыялістам па адносінах з КНР, і, нарэшце, бацькам двух дзяцей. Але раней істотныя рэгаліі чалавека СМІ пазначалі адразу, а з 2020 года адзін і той жа чалавек выступаў ужо то, як «палітолаг», то як «вірусолаг». Мяркую, прычына ў тым, што шмат спецыялістаў так ці інакш сталі непажаданымі для дзяржСМІ, а выпадковы прахожы не заўсёды скажа ў мікрафон тое, што патрабуе рэдакцыйная палітыка.

Яшчэ 3 моманты, якія сталі рэхам пратэстаў 2020 года ў пачатку 2020-х, – гэта адмова ад урачыстых шэсцяў на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці (за выключэннем некаторых гарадоў), забарона традыцыйных апазіцыйных святаў і мерапрыемстваў (Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях і Дзяды) і ўвядзенне Дня народнага адзінства.

2020 – 2022 гг.

Іншыя выбары на маёй памяці

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...