Зараз у Беларусі пачынаецца халодны сезон. Час узгадаць свае кароткія вандроўкі ў 2021-22 гг. Толькі пара з іх была спробай адпачынку з сям'ёй ў кавідны час. Астатнія паездкі былі па справах.
Дукора
Мы з жонкай і дзецьмі наведалі вёску Дукора і Дукорскі маёнтак 29 ліпеня 2021 г.
Ад Мінска менш гадзіны на маршрутцы і адносна недорага ехаць. Але трэба быць аматарам пешых шпацыраў, каб дабірацца туды пешшу ад аўтобуснага прыпынку Дукора. Спачатку па Мінскай вуліцы да галоўнай плошчы аграгарадка, потым адтуль па Смілавічскай вуліцы, якая плаўна пераходзіць ў трасу Р69 да павароту на маёнтак і яшчэ 700 м. Усяго каля 4-5 км насустрач аўто па абочыне ў спякоту ці дождж, што і было з намі. Але можна даехаць на сваёй машыне на паркоўку маёнтка без спартыўных намаганняў.
Краявід у цэнтральнай частцы вёскі Дукора.
Перакулены дом дае цікавыя адчуванні. Там можа закружыцца галава ад таго што стаіш на столі і ўсё вакол дагары нагамі. У мяне, праўда было адчуванне, што мяне моцна цягне да зямлі
Ёсць месцы для актыўнага адпачынку: цір для стральбы з лука, дзве канатныя дарогі, адну з якіх штурмуе мой старэйшы сын Данік
Таксама можна пакатацца на кані, якога па плошчы водзіць школьнік-старшакласнік. Ёсць магчымасць пакатацца і ў адкрытай калясцы па маёнтку. Мы выбралі каня і мае дзеці пабывалі вершнікамі на 5 хвілін :)
З пасіўных забаў ёсць выстава рэтра-аўтамабіляў і матацыклаў і заапарк. Рэтра-машыны знаходзяцца па навесам і гэта было дарэчна, бо там мы перачакалі дождж.
Драўляны сярэднявечны гарадок. Цікавая штука, але гільяціна ў ім выклікае ў мяне як гісторыка ўсмешку, бо гэта як смартфон з надпісам made in USSR.
Яшчэ там ёсць музей з рарытэтамі эпох Сярэднявечча, Новага часу і часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама там ёсць макет усяго маёнтка.
Від на майстэрні маёнтка і край паркоўкі за яго межамі.
Назад ішлі тым жа шляхам, што і туды. Дзеці вырашылі сфоткацца з каровай на бяспечнай адлегласці. Вяртанне ў Мінск вечарам у нас было ў перапоўненай маршрутцы, але не прыйшлося доўга яе чакаць пад дажджом на прыпынку.
За дахамі катэджна-сядзібных дамоў можна разгледзіць бараўлянскія хмарачосы, асабліва, калі клікнуць на фота і павялічыць яго. Але нагадаю, што афіцыйна і Бараўляны, і Лясны -- гэта вёскі пад Мінскам, а не горад-спадарожнік беларускай сталіцы.
Каля пешаходнага пераходу зрабілі з бетону адначасова і нейкі варыянт ліўневай каналізацыі і штучную няроўнасць, мабыць каб не паркавалі тут аўтамабілі.
Каля скрыжавання дарог Н-9037 і Р-40 на вуліцы Бярозавы гай ёсць такія каляровыя двухпавярховыя дамы.
А ў мінскім напрамку трасы Р-40 можна заўважыць як праваслаўная царква схавалася сярод сучасных жылых шматпавярховых дамоў. Цікава, ці яе пабудавалі ўжо спасярод двароў, ці будаўніцтва новых дамоў адцяніла яе?
Докшыцы
У раёне цэнтральнай плошчы гарадка крыху больш крэятыву: бяседка з купалам у форме паўсферы зямнога шара, інсталяцыя ў выглядзе пабітых гарлачоў, ліхтары, стылізаваныя пад старыну, і тыповыя адміністратыўныя будынкі.
Побач з райвыканкамам Докшыцкага раёну ёсць фантан. Я сфоткаў яго ў непрацоўны сезон, але ў цёплы час ён працуе і выглядае куды больш прывабна :)
Побач з мясцовым рынкам стаіць такое "сардэчка" для збору пластыка на перапрацоўку. Добра, што такія штукі распаўсюджваюцца па Беларусі!
2-павярховая гасцініца "Докшыцы". Можа звонку выглядае не вельмі, але які там сэрвіс я не ведаю, бо мне туды не было трэба :)
Тыя, хто думаюць, што ў горадзе на 6-7 тысяч чалавек можна знайсці толькі магазіны вясковага тыпу, могуць здзівіцца, што вядомыя беларускія сеткі "Віталюр", "Суседзі", "Еўраопт" і, як на гэтым фота, "Востраў чысціні" з 2010-х ідуць у малыя гарады і пасёлкі са сваім сучасным абсталяваннем, добрым выбарам тавараў і сістэмай зніжак.
Каля магазіна "Уют" стаіць веласіпед, а побач у кадр трапляе аўтамабіль. Дарогі ў будні позні ранак і апоўдні паўпустыя ў цэнтры гарадка, але веласіпед і аўтамабіль застаюцца галоўнымі транспартнымі сродкамі тут.
Большасць вулічных надпісаў на дамах сядзібнай забудовы, як гэты на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Чарняхоўскага, робяцца на рускай мове. Часткова гэта спадчына эпохі савецкай русіфікацыі, часткова можа быць элементам "правінцыяльнай культурнасці": калі правінцыялы імкнуцца размаўляць і пісаць па-руску, каб паказаць сваю высокую адукаванасць і памылкова лічаць беларускую мову вясковай. Дарэчы маладыя даксічане (жыхары Докшыц) размаўляюць па-руску чыста, а пажылыя гавораць па-руску з элементамі трасянкі. Але гэта толькі тыя некалькі чалавек, з якімі я меў справу за 2 гадзіны знаходжання ў горадзе.
Здаецца, ў Мінску ўжо адмаўляюцца ад масіўных каменных сметніц, а ў правінцыяльных гарадах іх можна сустрэць
Сучасны дом на 6 паверхаў з дваром, поўным машын, нават у сярэдзіне працоўнага дня. Новыя дамы робяць Докшыцы больш падобным на буйныя гарады Беларусі.
Вось такі краявід вакол гарадской аўтастанцыі. Дарэчы, недалёк ад агульнагарадскіх могілак побач са станцыяй, ёсць яшчэ яўрэйскія могілкі.
Аўтобус №3 едзе па вуліцах горада. Усяго па горадзе ходзяць 11 маршрутаў, калі пакінуць без увагі міжгароднія. Ёсць і чыгуначныя шляхі зносін.
Як і ў многіх невялікіх гарадах Беларусі, аўтамабіль і веласіпед -- асноўныя сродкі перамяшкання пасля аўтобусаў.
На скрыжаванні недалёк ад райвыканкама захаваліся старыя 1- і 2-павярховыя дамы. Значная частка забудовы вул. Леніна і Маскоўскай -- гэта ХІХ - пач. ХХ ст.
Самы цікавы пешаходны пераход, які я бачыў. Знак паставілі прама за загароджай. Здаецца, гэта раён плошчы 17 верасня.
Мост на вул. Леніна цераз канал, які звязвае азёры Вялікае і Кагальнае, і русалка на фоне газаправоду.
А насупраць райвыканкама ўжо вытанчанае мастацтва спалучаецца з сучасным горадам. Побач з ліхтарамі, зробленымі пад старажытнасць і помнікам "нулявы кіламетр" стаяць супермаркеты з абсталяваннем сталічнага ўзроўню і будынкі вядомых беларускіх кампаній.
Паркоўска за гасцініцай "Арбіта" ля набярэжнай Кагальнага возера. Адна з машын - гэта таксі. Нават, калі горад невялікі і там толькі 17,6 тыс. жыхароў, таксісту ёсць што рабіць.
У Мінску хамаватым кліентам пагражаюць адміністратыўкай, а ў Глыбокім пабуджаюць усміхацца крэатыўным чынам :)
Усім, хто лічаць правінцыю тэхнічна адсталай, шах і мат! Касы самаабслугоўвання ў гіпермаркеце "Еўраопт" каля "Арбіты" і выканкама. У Мінску я карыстаўся такімі ў "Кароне".
На даляглядзе канструкцыя з гаршкамі пад кветкі, падобная на кола агляду. Дарэчы ў маім мінскім мікрараёне была такая ж штука, толькі падобная на Эфелеву вежу.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.